Адзін з маіх варшаўскіх знаёмых сказаў пра Гродна наступнае: прывабны горад, асабліва калі яго знесці і пабудаваць нанава. Можна ў адказ на такія выкавзанні схапіцца за свае валасы ці за валасы знаёмага, і троху іх пацягаць, але можна майго сябра і зразумець. Для мяне Гродна вельмі прыгожы, бо я яго ведаю.
Аднак, для кагосьці, хто не ведае яго, можа падацца, што ён такі ці сякі, ці сапраўды варты зносу. У выніку гістарычных узрушэнняў, Гродна найбольш з іншых гарадоў страціў свой знешні твар. Сюды прыходзілі людзі і плюхалі ў горад вапнай з вялікага чану. Гродна як фрэска, пакрытая тоўстым слоем паціны, чужой ад самага пачатку. Сёння прыходзяць людзі, якія хацелі б зняць паціну і паказаць свету праўдзівае яго аблічча, але сёння таксама цяжка зрабіць гэта як і калісьці.
Бяру дарожку з вакзала і калыхаючыся на надзьмутых колах, выязджаю вуліцаю Ажэшкі. Пад нумарам 17-тым стаіць дом Элізы. Справа і злева міргаюць час ад часу характэрныя каменныя домікі, у якіх Тызенгаўз сяліў прывезеных з-за мяжы майстроў для сваіх фабрык. Але ўражанне зусім іншае. Што тут шмат казаць. Ні з аповесці Ажэшкі, а з якога-небудзь Неміровіча-Данчанкі. Гэта царква цудатворная, карункавы драўляны плот, аб’ёмы камяніцаў у казённым стылі, зеляніна і скверы ў расейскім гусце, былая “Швейцарская даліна” Рэпніна, другая царква на права за мастом... “Город-крепость”, у любы момант можа з’явіцца белы “китель” афіцэра, пагоны, лакіраваныя боты (ээх! тащит ментик на базар, видно гродненский гусар…) Звощик, дзе твая дуга? А? – Няма дугі, ёсць кракаўскі хамут, які такжа не падыходзіць да Гродна, як і да формы транспарта і яго надзьмутых колаў.
У былым палацы Максімовіча зараз знаходзіцца павятовае староства і незлічоная колькасць іншых службаў, чырвоныя шыльдачкі з назвамі якіх робяць фасад пярэстым.
Гродна было не толькі цэнтрам губерніі, а таксама крэпасцю. Ці варта здзіўляцца, што невялікі, слабы горад, напалову заселены яўрэямі, дак грунтоўна ўдалося замазаць расейскім лакам?
Не. Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Як няма дзіўнага ў добрым намеры варшавяніна перабудаваць горад нанава, калі гляджу на яго едучы з вакзала вуліцай Ажэшкі.
У былым палацы Максімовіча зараз знаходзіцца павятовае староства і незлічоная колькасць іншых службаў, чырвоныя шыльдачкі з назвамі якіх робяць фасад пярэстым
У дадзены час святкуецца другі дзень праваслаўнага Ражства; уваходжу ў царкву і нахіляю галаву, але ніхто на мяне не глядзіць. Царква перапоўнена. Натоўп людзей, абразы святых, золата, ладан і свечы, а з хора плыве песня. – Гродна налічвае больш чым 7 тысяч праваслаўных і 21 тысячу каталікоў. З гэтым трэба лічыццца. Сядзіба праваслаўнага япіскапа знаходзіцца ў былым палацу падстольніка гр. Валіцкага. – Мой варшаўскі сябра вельмі слаба абазнаны ў гэтых пытаннях.
З іншага боку ён не можа не бачыць, як на “казённы” лак “губернаторского” города накладаюць тоўстыя “афіцыйныя” фарбы павятовага горада. Гэта не спрыяе распазнаванню духа Гродна. – Нядаўна кіраўнік музея Ядкоўскі падчас вызвалення ад цэглы адной з касцёльных нішаў знайшоў там пакінутую рыцарскую кальчугу. Бог ведае колькі стагоддзяў яна праляжала ў гэтых мурах, але захавалася выдатна. І зараз Гродна, як гэтая кальчуга: сімвал слаўнага мінулага; проста ўсё заключана ў свае муры. Не перабудоўваць яго трэба, а толькі ачысціць ад лаку!
Гонар Гродна – гэта замак. Такога замка ня мае Вільня. З’яўляюся прыхільнікам гэтага замка, захапляюся яго размяшчэннем, прыгажосцю інтэр’ера, брамы і маста, але шчыра кажучы, знешнія муры з шэрагам роўных вокнаў пад плоскім дахам могуць не азанаёмленага ўвесці ў зман. Было тут “офицерское собрание”, затым казармы. Зараз казармы і шпіталь займаюць яшчэ адзін замак, размешчаны побач, замак караля Станіслава Аўгуста. – Будкі вартаўнікоў паўсюль аднолькавыя. Перамалёўваюцца толькі рознакаляровыя палосы. Насамрэч, калі добра зажмурыць вочы, а ў гэты час з вокнаў глядзяць галовы салдатаў, да і пасля вайны аднолькава гладка стрыжаныя, усё роўна немагчыма ўбачыць сапраўдны Гродна. – Толькі зараз, з цяжкасцямі, мазалямі і з вялікай колькасцю працы вяртаецца знешні выгляд, а галоўнае тое, што дзякуючы гэтаму ж войску. Замак Вітаўта, замак караля Стэфана Баторыя парадуецца, калі ў плыні Нёмана убачыць ізноў уласнае адлюстраванне...
Іду да брамы і мінаю вельмі прыгожую яўрэйку, якая раставіла трохі ножкі, каб зручна стаяць, размаўляючы з сваім каханкам. Абодва маладыя і маюць капялюшы нейкай варшаўскай школы; прыходзяць сюды, каб абдымацца, таму што тут прыгожа, а размаўляюць такой беззаганнай польскай мовай, якой найлепшыя ў Гродне адвакаты Фірстэнберг ці Лобман гавораць на судовых працэсах, баронячы яўрэяў.
Знаходжуся на прыгожай набярэжнай, якой ня мае таксама Вільня. Яна бяжыць уздоўж Нёмана каля самой вады. Рака плыве, таму што у гэтым годзе маем вельмі дзіўную зіму, у студзені свеціць сонца, і так цёпла, што расшпільваю футра. З вясновым крумканнем разлятаюцца вароны і ляцяць да Каложы, кружацца над самым старым храмам у Літве. З захаду вее ветрык. – Прыгожы, рослы хлапец стаіць на беразе, углядаецца блакітнымі вачыма ў глыбіню. Увесь у падраных на шматкі лахманах. Праз плячо вісяць два мяшкі бульбы. Каля яго нязграбная дзеўка, таксама абарваная і з мехам бульбы. Стомленыя ці задуменныя? Дзеўчына гаворыць паволі:
- От, кабы нам лодку мець, тады да самай хаты Нёманам..
Хлопец трасе галавой і глядзіць на прыгожыя назвы лодак: “Закапянка”, “Чайка”, “Крыся”. Сумняваюся, што ён умее чытаць.
Мінаю іх. Вытанчаная жанчынка цягне дзіцячую каляску і сочыць за старэйшым сыночкам, які відаць збіраецца забрацца на вялікую гару вялікіх руін вялікага князя Вітаўта. – Жанчына носіць добрую імітацыю жрэбакаў.
- Владку, Владачка, хадзі зараз жа да мамулі!
Там, дзе ўпадае Гараднічанка, збіліся хаты, адна пад другой, як у ластаўчыных гнёздах, жывуць рыбакі. Бедныя дамы. Далей вядзе вуліца адпаведнай назвы, а менавіта: Рыбацкая. Два хлапчукі, радыя паветру студзеньскай вясны, жвава крочаць па пагорку берага. Іх не пужае ўсплёск Нёмана. За імі сустракаю жанчыну, якая задыхаючыся выбегла з хаты ў летняй сукенцы. Можа пад ёй няма нічога? Бяжыць злосная, левай рукою прытрымліваючы раскалыханыя грудзі і лямантуе:
- Вітка! Вітка! Халера, падла, антыхрыст! Вазьмі бутэльку!
Паслала яго за газай... Так на набярэжнай сустракаю тры Гродна. Чацвёртае маю тут пад рукою на Хмельнай, Сладовай ці Кармеліцкай, абшарпанае гета. Яўрэйскія дзеці верашчаць над бруднымі сцёкавымі жалабамі.
Вяртаюся. Хачу яшчэ раз прайсціся па цудоўнай лесвіцы, якая манументальна зніжаецца да ракі, пад аркамі замкавага маста, паміж дзвюма гарамі, двума гістарычнымі замкамі, якія злучаюць відочным знакам старажытную гісторыю Літвы з гісторыяй двух народаў аж да падзелаў і падзення. Вялікая шыльда, прыбітая да палкі, псуе лінію атачэння. Хтосьці, хто хацеў выслужыцца перад сучаснай Польшай, напісаў на ёй: “набярэжная імя Браніслава Перацкага”.
Навошта? Ці магла велічыня імя паважанага мін. Перацкага быць пакрыўджанай, калі б не быў названы ў гонар яго імя, нічым не звязаны з ім раён Гродна?
Ідучы ад гэтай табліцы, уваходжу назад у павятовы горад Гродна, Беластоцкага ваяводства. – Іду на абед у “Royal” на вул. Гараднічанскай. Афішы абяцаюць на вечар значныя забавы: “Мастацкія выступленні the Martin, фенаменальныя акрабаты на роварах. Танцавальны дуэт Эні і Канстанты (хі, хі, што за Лондан!). Выдатная танцорка Зофія Макоўска (гэта хіба Варшава?). Налепшы джазавы гурт Aronson – Berezowski (нарэшце Гродна!)” – А ежу даюць кепскую. А кошт страваў... варшаўскі. Затое якая зала! Шырыня скляпенняў не ўступае Сенатарскай у замку Баторыя. Афіцыянты амаль у смокінгах, кожнаму госцю мяняюць абрус. Няхай жа спадарства, прыязджаючае з Варшавы, маюць дасканалую ілюзію сталіцы!
Агнём і нажом. Хрысціянін, які забіў
Гродзенскія настроі адлюстроўваюцца ў судзе. Выпадкова прыехаў і зноў патрапіў на “яўрэйскі працэс”. Справа пра забойства Мойжэша Ліпскага. Памятаю гэтае імя, некалькі разоў узгадвалася падчас судовага разбіральніцтва пра гродзенскія беспарадкі. Ліпскі з’яўляецца адным са звёнаў доўгага ланцуга ўзаемных і крывавых непаразуменняў. Ліпскі загінуў ад рукі хрысціяніна, як Кушча, як ахвяра марцінканскага забойства загінула ад рук яўрэяў. Аднак старшыня суда судзя Грыневіч не імкнуўся да талмудычнай палемікі, тым не менш гісторыя надта характэрная.
24 жніўня Вацлаў Дымпер разам з Янам Цвятковым вярталіся з танцаў, з адной з распаўсюджаных танцавальных школаў. Былі і выпілі. На вуліцы зачапілі двух яўрэяў, альбо яўрэі іх зачапілі. Прывяло гэта да бойкі. Яўрэі пачалі уцякаць, а хрысціяне гналіся за імі. Але яўрэі першыя дабраліся да паліцэйскага. Стратэгічная сітуацыя кардынальна змянілася: цяпер хрысціяне уцякалі, яўрэі з паліцэскім даганялі. У любым выпадку нармальная сітуацыя для вулічных адносінаў. Але невядома адкуль, раптам з’явіўся вялікі натоўп яўрэяў? Натоўп яўрэяў гнаў двух хрысціянскіх хлапцоў па пустых вуліцах начнога Гродна.
Шчыра кажучы, я не поўнасцю ўпэўнены, што там было далей. Мабыць, Мойжэш Ліпскі з самымі нявіннымі намерамі перайшоў дарогу уцекачу Дымперу, перайшоўшы на другі ходнік. Дымпер з хуткасцю накінуўся на праходзячага і задаў яму страшны ўдар нажом у шыю.
Можэш Ліпскі не жывы, а Дымпер сеў на лаву абвінавачаных. Бароніць яго вядомы па вялікім судовым працэсе адв. Сасноўскі, грамадзянскі іск падтрымлівае адв. Фірстэнберг.
Адвакат Фірстэнберг з’яўляецца адным з найлепшых адвакатаў і адным з выдатных красамоўцаў. Акрамя гэтага ён – выхраст. Але гэты факт не перашкаджае яму, час ад часу аддаваць свой талент у ахвяру абароны яўрэйскіх спраў у судзе.
Адвакат Сасноўскі, баронячы забойцу, справядліва спаслаўся на агульны настрой горада, на факт панічнага рэфлексу аднога чалавека, які ўцякаў ад варожага натоўпу. Натоўп яўрэяў. Дзе? – у Гродне. А што казаў камісар Нэўман на папярэднім судзе пра арганізаваныя яўрэйскія бойкі... Прасіў назначыць Нэўмана сведкам. – Але суддзя Грынкевіч ужо не хоча чуць увогуле пра яўрэйскія справы. – Забіў, таму павінен быць пакараны. І Вацлаў Дымпер пакараны на 6 гадоў турмы, у сувязі з змякчаючымі абставінамі, якія таксама выявіў пракурор Крыштонь.
Так скончыліся слуханні паміж Вацлавам Дымперам і Мойжэшам Ліпскім, але, на жаль, не скончыліся праблемы паміж хрысціянскімі і яўрэйскімі жыхарамі Гродна.
Дзве цырульні
На рагу вуліц Ажэшкі і Дамініканскай вечарам светла як у вялікім горадзе. Збоку бяжыць уніз завулак Віленскі, цёмны як падвал і ніколі не вядома, што ў ім адбываецца. У адрозненні ад гэтага, тут уверсе размешчаны гатэль “Гандлёвы”, далей ідзе кінатэатр, які блішчыць шматлікімі лямпачкамі, затым рэстаран і гатэль “Еўрапейскі”. Гэта “гродзенская Міцкевіча”, цэнтр, bon-ton, corso і процьма яўрэяў. – Учора адзін з віленскіх яўрэяў спытаў у мяне, ці праўда, што ў Гродне яўрэі баяцца выходзіць з дамоў? Але дзе там! Кажу яму: толькі яўрэі выходзяць. Ціснуцца і няветліва сябе паводзяць, а таксама гучна размаўляюць, што характэрна для іх расы.
Ужо позна, я хацеў бы пайсці ў тэатр, таму павінен пагаліцца. Настрой у Гродне такі, што шукаю хрысціянскую ўстанову. Вядома, яна была зачынена звонку і зачынена знутры. Спадары працаўнікі адпачываюць. Ха, цяжка, паварочваю на вуліцу Найдуса і заходжу да цырульніка яўрэя:
- Паважаны спадар! - шургаціць крэслам. – Я вас ужо галіў.
Мяне не кранула яго памяць. Гэта рытарычная фраза. Так ён казаў бы, калі б я галіўся першы раз у жыцці. – Пасля сканчэння:
- Колькі?
- Сорак для вас.
Аднак, у наступны раз я галіўся ў хрысціянскай установе. Спадарства поўныя годнасці як у Варшаве. Моўчкі выконваюць сваю павіннасць.
- Колькі?
- Семдзесят. – Коратка.
Не сказаў бы, каб такая разбежка коштаў паступова вяла мяне да байкоту яўрэйскіх прадпрымальнікаў... На жаль, так паўсюдна. Ці ня так у Вільні?
“Не трымаем віленскіх газет”
Кавярня “Еўрапейская”, гэта як наш „Штраль”. Заходжу туды штораніцы, каб з’есці сняданне. Кавярня “Еўрапейская” у Гродне з’яўляецца класічным адлюстраваннем “пануючага” Гродна, такога знешняга і вельмі сучаснага.
На стэндах шматлікія газеты. Бачу „Gazetę Polską” (Польскую газету), „Polskę Zbrojną” (Узброенную Польшу), „I.K.C.”, „Kurjer Poranny” (Ранішні кур’ер) і г.д. Штотыднёвыя газеты, увогуле кавярня забяспечана часопісамі. Прашу якую-небудзь віленскую газету.
- Не трымаем.
З Гродна да Варшавы 266 км, да Вільні 157 км...
“Не трымаем!” і баста. Нічога ня зробіш. Мяжа ад Нарава перанеслася на Мерачанку. Гэта называецца: спадарства, рэгіяналізм у практыцы! Гродна аддзяліўся ад Вільні... Вось забягае ў кавярню мужчына ў кацялку і ганарліва крычыць паміж столікамі:
- Спадар Ф. (эф!), вам Варшава хоча патэлефанаваць! Зараз!
- Што з Варшавы? – пытае спадар “эф” з прытворнай абыякавасцю.
- Я ведаю!? Ідзіце ў кантору, ідзіце да тэлефона, ідзіце Варшава тэлефануе!
Столькі шуму, столькі крыку, столькі гонару ў голасе, затое вам Варшава тэлефануе!
Праслаўленне рэстарана
Прызнаюся, што раздражняюць людзі такога тыпу. Засланяюся ад іх мясцовым „Dzieńnikiem Kresowym” (“Штодзённікам Крэсовым”), вельмі добрая лакальная мутацыя нейкага лодзскага выдання. Рэдактарам “Штодзённіка” з’яўляецца Карульскі, чалавек з сапраўдным тэмпераментам журналіста. Але што мяне здзіўляе, адкуль у рэдактарскай частцы мог узяцца вялікі артыкул, прысвечаны... рэстарану „Royal”, напісаны смешна і наіўна. „Royal” – гэта начное кабарэ. Аднак, аўтар распавядае, што гэта “ніякі не tingel” і падае яго як “таварыская пляцоўка”... Спачатку я прыпісаў гэты артыкул да тыпова правінцыйных памкненняў і змоваў, але аказалася, што я памыліўся.
Гродна жыве пад знакам яўрэйскай справы. Рэстаран „Royal” байкатуецца яўрэямі. Таму яго хваляць у польскай газеце.
Але кавярня “Еўрапейская” у яе ж ходзяць яўрэі? – хвілінку, зараз усё вытлумачым, да самага падпалу сінагогі.
Зварот купцоў
Гэтаж перад самымі святамі, Таварыства польскіх купцоў у Гродне зрабіла заяву перад пакупнікамі. Аб’ява была вытрымана ў спакойным тоне, але яе сэнс быў у тым, каб “Панове Кліенты” набывалі толькі ў хрысціянскіх крамах”. – “Штодзённік Крэсовы” размясціў гэтую аб’яву, а пазней з уласнай ініцыятывы дадаў спіс хрысціянскіх фірмаў.
Вось такім чынам нарадзіўся новы скандал!
Спадар Беразоўскі (у Гродне шмат Беразоўскіх), рэдактар „Grodner Moment” прааналізаваў ніжэйшыя пункты аб’явы:
“Жадаем, каб Гродна адмовілася ад чужых абуральных рысаў не звязаных з яго вялікай гісторыяй.
Грамадзяне! Калі збіраешся зрабіць хаця бы самую малую пакупку, падумай, што Гродна гэта гістарычны польскі горад і такім мусіць быць у будучыні.
З гэтым заклікам да хуткіх дзеянняў звяртаемся асабліва па прычыне надыходзячага свята Божага Нараджэння, калі гандлёвы рух з дня на дзень набірае сілу, і калі ў інтарэсах усіх хрысціян-палякаў, каб грошы з польскіх рук заставаліся ў польскай уласнасці”.
Яўрэі байкатуюць
Беразоўскі палічыў іх выказваннямі, якія сведчаць пра тэндэнцыі байкоту таварыства купцоў і... ды перадрукаваў спіс хрысціянскіх фірмаў з “Штодзённіка Крэсовага”! У гэтых фірмах значыць ня варта набываць – яўрэям. А потым яўрэі абвясцілі байкот хрысціянскім фірмам.
Таварыства купцоў убачыла правакацыю з боку яўрэйскага выдання. Напісала “цвёрды” адказ, як гэта назвала адна з польскіх газет. – Вайна сапраўды разгарэлася.
Яўрэі заўважна перасталі хадзіць у рэстаран „Royal”... у кавярню “Еўрапейскую”. Трэба прызнаць іх плюсам, што здаўна вядома, іх салідарнасць больш вялікая і арганізацыя больш эфектыўная, таму яўрэйскі байкот хрысціянскіх фірм для Гродна з’яўляецца небяспечным.
Існуюць дзве версіі. Адна з іх сцвярджае, што паўстаў сакрэтны яўрэйскі камітэт байкоту, які адправіў двух “агентаў” да ўладальніка кавярні “Еўрапейская”, каб той скасаваў праз яўрэйскую газету сваю фірму са спіса, абвешчанага “Штодзённікам Крэсовым”. – Другая версія проста распавядае, што ўладальнік спалохаўся яўрэйскага байкоту кавярні і сам пабег у рэдакцыю „Grodner Moment” і дабраахвотна адмовіўся ад салідарнасці з рэштай хрысціянскіх фірм.
І яўрэі ізноў наведваюць кавярню.
Гэта ўсё справы малога, прывінцыяльнага жыцця, але адначасова гэта справы вялікай праблемы сумеснага жыцця двух народаў, двух рас, а паводле дзіўнага супадзення, горад, які даў літаратуры постаць “Меера Езафовіча”, сёння стаў цэнтрам, вогнішчам, крыніцай, патокам які лье антысемітызм на амаль усю Рэч Паспалітую!
Война працягваецца.
Злачынства у навагоднюю ноч
У навагоднюю ноч, калі знешні, прадстаўнічы Гродна падымаў келіхі раскошы ў публічных залах пад папяровымі гірляндамі рэстарана, сярод прыцягальных кабарэ, фордансэрак, вяселля, танцаў і джаза – нейкія гродзенцы, апранутыя ў шэрае аддзенне, шлі за Нёманам і “над Нёманам”, па прадмесцю з бутэлькамі нафты.
Яны накіравалі свае крокі ў бок старажытнай яўрэйскай сінагогі, узведзенай у XVIII-тым стагоддзі. Несумненна, гэта было вялікае злачынства, абкласці старажытны будынак анучамі, прапітаныя нафтай, а пазней гэтыя анучы падпаліць! Але што ж ... цёмны народ.
Сінагога пачала гарэць, але пажар у час заўважылі і своечасова пагасілі. Мне казалі толькі, што згарэлі нейкія старыя кнігі ці дакументы.
Падпал сінагогі распаліў яшчэ больш узаемную нянавісць. – Следства не выявіла вінаватых да гэтага часу.
Адначасова стараста запрасіў на размову два пасварыўшыхся купецкія бакі і як мог спрабаваў іх пагадзіць. Афіцыяльна працягнулі адзін аднаму рукі. Але неафіцыйна?
Вайна працягваецца.
Сонечныя зайчыкі на замкавым паркеце
Не хацеў бы паўтараць старыя рэчы, вядомыя са шматлікіх друкаваных пуцяводникащ, але гісторыя Гродна залатой ніткай пераплятае сённяшні горад, сказаў бы, што з’яўляецца яго самай вялікай славутасцю. Як калісьці малое мястэчка канцэнтравалася вакол замка, каб яго бараніў, так і сёння навокал замка канцэнтруецца горад, каб яго бараніў.
Адзінаццаць стагоддзяў адгрываў ролю ў гісторыі, граў аж да сёняшняга сусветнага крызісу, падчас якога адсутнасць неабходных сродкаў тармазіць развіццё самых цікавых нашых археалагічных прац. Таму з глыбокай павагай трэба падкрэсліць ініцыятывы ген. Бербецкага, які ў 1925 г. перадаў частку замка на карысць Дзяржаўнаму музею, а ў 1928 г. ген. Літвіновіча, які ажыццявіў стварэнне замкавага камітэта. Але не было грошай. Дзяржаўных сродкаў не хапала. Тады з добраахвотных унёскаў афіцэрскага і падафіцэрскага корпусаў сабрана сума, якая нарэшце дазволіла пачаць працы ў 1931 г. у большых маштабах. Юзаф Ядко[ўскі] становіцца дырэктарам музея і куратарам замка.
Калі зараз, праз гады, я зайшоў на замкавы двор, кінуў вокам у бок Нёмана, то мімаволі ўсклікнуў: “Што гэта за агіднасць!” – Бачу драўляныя, задбаныя адрыны, крытыя бляхай з вокнамі для комінаў, сходы, якія праводзяць уніз і інш. Ніколі не дапускаў, што моцныя пабудовы, якія прыняў спачатку за жыллё, з’яўляюцца часовымі драўлянымі будынкамі, якія ахоўваюць руіны і працы, што праводзяцца ў іх. - У сваю чаргу я здзіўлены. Калі я памятаю дзве-тры падпоркі, якія трымаюць віленскія руіны Замкавай гары, ці пакінуты на волю лёсу Троцкі замак, то тут здзіўляе клапатлівасць, з якой ахоўваецца ад дажджа, ад атмасферных дзеянняў кожная цэгла і камень. Праведзена каналізацыя праз амаль вертыкальную сцяну гары! Пракапаны свідравіны, сцёкі і т.п.
Вясной 1932 г. на тэрыторыі Старога замка выяўлены захаваныя рэшкі даўніх пабудоў часоў ранняга сярэднявечча. – Ядкоўскі сцвярджае, што выказванне “на старым смецці” знаходзіць тут сваё практычнае пацверджанне. На замкавай гары ляжаць так ці іначай слаі розных перыядаў чалавечага жыцця адзін на другім, адзін на другім. Праз панаванне нарманаў, варага-рускіх удзельных князёў, язычнікаў-ліцьвінаў і літоўскіх вялікіх князёў да пазнейшых каралёў і ўрэшце да нашых часоў. Разбураўся, гарэў, знішчаўся, сюды прыходзілі новыя людзі і новыя часы, а на паверхні “старога смецця”, старых руінаў будаваліся новыя святыні, абаронныя валы, муры, церамы і інш.
- Калі надыходзілі ваенныя катастрофы – кажа кусташ Ядкоўскі, - якія суправаджаліся пажарамі, хутчэй за ўсё тады не прыбіралі пажарышча, а наадварот хутка ўзносілі новыя будынкі і, дзякуючы толькі гэтым акалічнасцям, маглі захавацца розныя кухонныя адходы і рэшткі штодзённай працы на раннегістарычным гродзенскім гарадзішчы, а таксама розныя прадметы, нават высокаякаснае срэбра (грыўна ці злітак), не лічачы шматлікіх кавалкаў шкляных бранзалетаў, пацеркаў, кавалкаў металічных бранзалет і фібулаў, грэбняў – галоўнае ўсё ў слаях (з бакавых агаленняў), якія паходзяць з IX-XI ст.ст. Захавалася нават кравецкая майстэрня XII-XIII стст. з шматлікімі кавалкамі скуры, ножыкамі і каменным “капытам” (аналогія не вядома). У больш глыбокіх слаях выяўлены мужскі абутак, які нагадвае той, што да сёняшняга дня носяць гуралі (вельмі падобны на лапці) і жаночы абутак з перфараваным малюнкам.
Хапае тут шкляных, касцяных і нават з бярозавай кары так зв. касцей для гульні, а таксама шарыкаў з камяню, якія служылі, напэўна, для гульні.
З дзіцячых цацак заслугоўвае ўвагі драўляны меч, зроблены па ўзоры нарманскага.
Вышэй раскопак, за прыгожа ўладкаваным дваром узносіцца каралеўскі замак, які кароль Стэфан Баторы перабудаваў з абароннага ў жылы.
Я не з’яўляюся ні спецыялістам па гісторыі, ні па гісторыі мастацтва, ні этнографам, а таксама не меў шмат часу каб праглядзець замкавыя калекцыі. Перабягаў з адной залі ў другую, з бібліятэк да вітрынаў, знізу ўверх і зноў лесвіцай на другі паверх, глядзеў на абсалютна дасканалыя лініі скляпенняў, упадзін, нішаў, хадзіў вельмі прыгожым калідорам паміж дзвума шэрагамі старых ніш для стральбы. Не хачу рабіць нікому рэкламу, але прызнаюся, што з кожным крокам усё больш паважаў самаадданую працу кусташа Ядкоўскага. Калі б я быў спецыялістам, тады мог бы пакрытыкаваць, што нешта не з’яўляецца дакладным, а гэтае, сумнеўнае з навуковага пункту бачання. Але адкуль я магу гэта ведаць. У першую чаргу я бачыў гігантычнасць выкананай працы. На працягу некалькі гадоў: рамонт, рэстаўрацыя знешняга выгляду, аднаўленне дэталяў. Нават малюнкі дзвераў, стыль крэслаў, арнамент кожнага ключа, ваконныя рамы, кафля – гэтае ўсё вынік даследаванняў і цяжкай працы аднаго чалавека! Такім чынам аднаўляюць пакой за пакоем, залю за заляй, адраджаецца дух старога замка. А калекцыі!
Ужо ў гэты час, тое што ёсць, з’яўляецца вельмі багатым матэрыялам, вялікім укладам у даследаванні мінулага нашага края. Абразы, мэбля, нумізматыка, зброя, дакументы, этнаграфічныя калекцыі. Сярод іх ёсць рэчы адзінкавыя для ўсёй Польшчы, а можа адзінкавыя і для Еўропы. А новыя і новыя прадметы ўсё яшчэ прыходзяць.
Са сцяны глядзіць на мяне копія каралеўскага партрэта. Стэфан Баторы. Ідзем далей каля цудоўнейшага сакратэра Станіслава Аўгуста. Цішыня, сёння ў замку ніхто не жыве. Што за дзіўная разьба дзвераў?
- Царскія вароты вясковай царквы, выкананыя з... саломы. – Не хачу верыць сваім вачам! – Так, гэта напэўна адзіны твор у свеце.
Выдатная калекцыя тканін і народных строяў. Так калісьці апраналіся людзі з гродзенскай зямлі, а пазней апраналіся так, а затым ужо толькі аднолькава, пакуль... Чым далей ў мінулае, тым строі былі больш прыгожыя. Паступова рабіліся больш шэрымі, прасцейшымі і дашлі да пакрою і колеру сучаснай сермягі.
Вялікодныя пісанкі. Для параўнання некалькі курпёўскіх і закапанскіх. Гродзенскія на шмат прыгажэйшыя ад гэтых слаўных, як па колеру так і па малюнкам.
А гэта з знаёмых, вядомых у свой час раскопак у Рыбішках пад Вільняй: ляжаць у вітрыне доўгія, бясформенныя сліткі срэбра. Старадаўнія “літоўскія грыўны”.
Сцены замка тоўстыя. Вокны высока размешчаны і маюць падвойны падаконнік. Пераходзім у Ягелонскую залю. Сонца проста выглянула з-за малочных аблокаў, пераскочыла праз вокны і лягло паласой на паркеце, адзінае натыкнуўшыся на місюрку кальчугі. Некалькі кальчуг вісіць на стойках. Усе паходзяць з нашага краю. На бакавой сцяне меч з крыжацкіх часоў, выкананы ў Гродне. Іншыя мячы больш старыя. Нацягнутыя пергамінты.
Цудоўная сеймавая заля. Першы раз сейм тут гучаў у 1678 г., а пазней збіраўся кожны трэці год пад скіпетрам ліцьвіна, за выключэннем канвакацыйных, элекцыйных і каранацыйных. Але менавіта тут у 1793 г. адбыўся “маўклівы” сейм, зацвярджаючы другі падзел.
Сёння ціха ў замку. Нашыя крокі адбіваюцца рэхам, але замак не будзяць. Ён спіць сваім сном і добрым, і дрэнным, гонарам і ганьбой.
Унізе ў адной залі стаяць вялікія скрыні, поўныя крохкіх абалонак, дробязёў, кавалкаў начынняў, вазаў, гліняных рэзанатараў, кафлі, наканечнікаў стрэлаў, частак бранзалет, масы выкапаных прадметаў з гістарычных слаёў замкавай гары. Увесь гэты матэрыял падлягае падзелу, перабіраецца, падбіраецца, склейваецца, аднаўлаецца па-новаму.
- Але гэта і лютая праца!
- Так, так.
За працу трэба плаціць. Пытаю кусташа: “Ці бярэце каго з моладзі для дапамогі?”
- Як гэта?
- Вучняў з якой-небудзь школы...
- Эээ! – махнуў рукой. - Гэта іх нудзіць.
На наступны дзень задаў тое самае пытанне іншаму кусташу, іншага музея. Прыродазнаўчага. Той таксама адзін і сам адзін выконвае ўсе працы ад кансервацыі і стварэннія пудзілаў да каталагізацыі і бухгалтэрыі ўключна.
- Сучасная моладзь! Вокны біць, скандалы, спорт і кіно. Што ім да навуковых даследаванняў! Прырода? Гэта не для іх... – Пакруціў сумна вус Жыўна.
Але пазней распавяду, што бачыў на другім канцы горада.
Супрацоўнік з завулка – У святле старой жырандолі.
Як у кожным горадзе, так і ў Гродне, вуліцы носяць розныя імёны. Ёсць вуліца доктара Цеханавецкага і доктара Бянецкага. Вуліца Гофмайстра. Ёсць вуліцы Найдуса, Нохіма і Пэрэца. Былы прэзідэнт Злучаных Штатаў, напэўна, не ведае, што ў гонар яго назвалі вуліцу Гувера.
У другім ад замка канцы горада, каля нумара 40 па вуліцы Ажэшкі ідзе у бок вуліца Ліёнская (Liońska), назва якой выразна напісана на шыльдзе. Ці ад французскага горада Ліён (Lyon), які пішыцца пра у? Я не спытаў у магістраце, чым залужыўся перад Гродна гэты аддалены горад, што суседнічае проста з вуліцай Ажэшкі? У любым выпадку вуліца такая ёсць, а ў яе перспектыве бачна шыльда, прыбітая да будынка: “Гарадскі музей прыроды”.
Сам калісьці быў прыродазнаўцам і таму спяшаюся аднавіць успаміны праз пах нафталіна і застылае маўчанне пудзілаў. – Ізноў натыкаюся на ціхую, сказаў бы пладавітую, працу адзінкі, не вядомай шырока, аднак заслужанай. Трэба прайсці калідор, пазней дзве залі, затым канцылярыю і там, пад нізкай лямпай з ланцэтам у руцэ сядзіць Станіслаў Жыўна і прэпарыруе жывёл. – Музей у прапорцыі да горада з’яўляецца вялікім і цікавым. Несумнеўна, уяўляе сабою асаблівасць Гродна, а гісторыя яго стварэння досыць арыгінальная.
Гарадзенец Жыўна эміграваў у 1908 г. у Амерыку, дзе ў пошуках хлеба займаўся рознымі працамі, пакуль у канцы, як у нас кажуць „oparł się” у універсітэце Уэслі у штаце Канэкцікут, на пасадзе прэпаратара пад кіраўніцтвам праф. Вуда.
У 1924 годзе Жыўна вярнуўся ў родны горад, дзе спачатку пасяліўся ў свайго бацькі, не ведаючы яшчэ ці ўвогуле будзе і ў якіх умовах зможа працягваць далей свае прыродазнаўчыя зацікаўленні. Аднак, калекцыі, прывезеныя Жыўнай у краіну, у хуткім часе здолелі выклікаць зацікаўленасць.
Пад уплывам меркаванняў асобаў, якія аглядалі калекцыі і згодна з ацэнкай захавальніка Дзяржаўнага музея ў Гродне Ю. Ядкоўскага атрымалася зацікавіць гэтай справай гарадскую раду, якая накіравала спаваздаўчую камісію з мэтай даследаваць калекцыі і разгледзець пытанне аб іх значэнні і выкарыстанні. У выніку даследавання і працы гарадской рады па гэтай справе была прынята пастанова 29 ліпеня 1924 года, паводле якой горад Гродна прыняў калекцыі Станіслава Жыўны, ахвяраваныя ім, ва ўласнасць і пастанавіў стварыць Гарадскі прыродазнаўчы музей, прыняты статут новастворанай установы, запраектаваны радцам Ежы Цытажыньскім, а Станіслава Жыўну, у знак прызнання яго заслуг, пажыццёва прызначылі на пасаду кусташа (захавальніка) новастворанага музея.
Дзякучы прафесійнай кваліфікацыі кіраўніка музея Жыўны, калекцыі музея можна было дапаўняць свежым матэрыялам, які быў прэпарыраваны ў майстэрні музея. Для заахвочвання прыватных ахвярадаўцаў да перадачы прыродных экзэмпляраў у музей было вырашана, што асобам, якія бескарысна перадалі экспанаты ў музей, выдаецца на спецыяльнай паперы падзяка, і іх прозвішчы запісваюцца ў асобную кнігу ахвярадаўцаў.
У першыя гады існавання музея дзяржаўная калекцыя папаўнялася пераважна шляхам дароў і прэпараваннем у майстэрні музея.
Перш за ўсё трэба падкрэсліць шчодрае ахвяраванне спадара інжынера Адама Дзержаноўскага, заўзятага арнітолага, які перад сусветнай вайной на працягу шэрагу гадоў калекцыянаваў вадаплаўных птушак з усяго свету і сабраў добрую калекцыю, якая, аднак, у час вайны часткова была знішчана. Інж. Дзержаноўскі вельмі зацікавіўся новаствораным музеем і пастаянна браў актыўны ўдзел у працы камітэту. Жадаючы спрычыніцца да развіцця музея, інж. Дзержаноўскі ахвяраваў ацалелую частку сваіх збораў у колькасці 107 экзэмпляраў птушак, а таксама некалькі грунтоўных працаў па арніталогіі, закладаючы асновы пад музейную бібліятэку.
У гэтым жа годзе музей атрымаў каштоўны падарунак ад Марыі Вэнжык-Відаўскай у постаці багатай мінералагічнай і петраграфічнай калекцыі, што паходзіць пераважна з Урала і Сібіры, якая была сабраная мужам ахвярадаўцы. Адначасова ў 1927 годзе барон Станг, які жыве ў Рызе, ахвяраваў гораду частку сваёй калекцыі экзатычных жукоў.
Акрамя гэтага, камітэт музея закупіў у гандлёвых фірмаў і прэпаратараў рэдкія прыклады фаўны края. Такім чынам на працягу 1927 года музей узбагаціўся экзэмплярамі атрыманымі і прэпараванымі сіламі музея – гэта 21 млекакормячы, 81 птушка, 204 матылёў, 1556 іншых насякомых, 51 птушыных яйкаў, 61 мінерал і 250 акамянеласцяў.
У гэтым жа 1927 г. здарылася нязвычайная падзея, рыбакі злавілі 2 ліпеня ў Нёмане каля Гродна асятра. На жаль, камітэту музея не ўдалося атрымаць скуру гэтага стварэння для прэпаравання і музей мае ў сваёй калекцыі толькі фотаздымак гэтага гіганта.
У 1928 годзе музей значна павялічыўся. У маі гэтага году дзякуючы старанням камітэта музея міравым судом у Гродна была перададзена ў музейныя зборы скура бабра, забітага браканьерамі на беразе Нёмана паміж тартакам Панямунь і гарадзкім вадаправодам.
У кастрычніку гэтага ж года Караль Кірст, беластоцкі ваявода, узбагаціў калекцыю каштоўным ахвяраваннем у постаці рысі, якая была забіта ў Беластоцкім павеце.
У снежні 1928 году таксама варта адзначыць набыццё каштоўнага экзэмпляра, дара ад Міхала Чарноцкага, памешчыка Пружанскага пав. і ганаровага судзі Акружнога суда ў Гродне, які падараваў у калекцыю музея, адкапаны ім чэрап зубра. Чэрап стаў тэмай перапіскі з праф. Мальсбургем з Дублянаў, які на падставе памераў і фотаздымкаў устанавіў, што гэта чэрап дэлювіальнага Bison priscus або пазнейшага Bison bonassus europeus vel recens.
Сёння, у 1936 г., музей уражвае.
Гродзенскі тэатр
Гродзенскі тэатр належыць да особнага радзелу. Не таму, што гродзенскі тэатр не ўяўляе арганічнага сумеснага разам з горадам фактара, а таму што можа ён проста перарастае кампетэнцыю тэатра і ператвараецца ў культурнае асяроддзе ў агульным і шырокім для Гродна дыяпазоне.
- Наведваце Гродна? – А вы былі ўжо у тэатры?
Гродзенскі тэатр выконвае яшчэ адно важнае заданне: аб’ядноўвае ўвесь Гродна. Ці некалькі тых “Гроднаў”, так этнічна неаднолькавых як і розных псіхалагічна. У тэатр у Гродне ходзяць усе: гарадская інтэлегенцыя, памешчыкі з ваколіцаў, чыноўнікі, вайскоўцы, хрысціянскае прадмесце на галёрцы і нярэдка ў першым шэрагу яўрэйскія сліўкі са свабодных прафесій і з купцоў. Адзіным выключэннем з’яўляецца яўрэйская працоўная і беспрацоўная моладзь, як бы гэта сказаць... “Makabi” – наведваць польскі тэатр не хоча, у той час як запаўняе жаргонныя (на ідзіш) прадстаўленні, што выконваюцца раз на тыдзень.
Тое, што сказаў пра шырокае значэнне гродзенскага тэатра, з’яўляецца яшчэ ў тым дзіўным, што тэатр падбірае рэпертуар зусім не паводле масавага густу: „Królewski Jedynak” (“Каралеўскае адзінае дзіця”), „Święty Płomień” (“Святы агонь”)”, „Стэфан Баторы”, „Хам” Ажэшкі; „Dom otwarty” (“Адкрыты дом”), „Крык”, „Proboszcz wśród bogaczy” (“Пробашч сярод багачоў”). У Гродне не ідуць ані модныя шлягеры варшаўскіх аўтараў, ані яшчэ маднейшыя камуністычных аўтараў. Але ў глядацкай залі поўна...
Тэатр у Гродне ўзнёс Тызенгаўз. Пазней яго перарабілі і зрабілі сучасным. Але да сённяшняга дня са столі звісае прыгожы жырандоль з шкляных гут Тызенгаўза. Тэатр нагадвае наш у Ратушы, толькі ён нашмат прыгажэйшы, утульны і зручны.
У срэднім тры разы на месяц ставяцца прэм’еры. Працы шмат. Тэатр абслугоўвае адначасова Беласток, Сувалкі, Аўгустуў і іншыя меншыя гарады. У Гродне атрымоўвае бясплатна ад горада памяшканне, святло і абагрэў. Акрамя гэтага 250 злотых за прэм’еру. А траціць? – Бачыў арыгінальную парчу, дамаскін, атлас, сацін, шоўк, з якіх шыюць касцюмы, ствараюць дэкарацыі. На мой погляд, наклад завялікі ў адносінах да сцэнічанага эфекту. Можна было б, канешне, таннейшым коштам, але такія амбіцыі ў дырэктара.
Дырэктарам з’яўляецца Градніцкі, чалавек не стары, але стары актор. За сабою мае шмат гадоў сцэны і тэатральнага досведу. Дапамагае яму ў працы артур Хорваз, літаратурны кіраўнік. Рэжысура ляжыць у руках дырэктара, або рэжысіруе таксама вядомы ў Вільні актор Ворбордт, ці Арлінскі і Збароўскі.
У гродзенскай трупе выступае знакаміты актор Такарскі. З жанчын: Буткевічуўна, Гярсон, Брахоцкая, Лапушанская, Тумоўская, Міллярова. З мужчын: Загмундовіч, Прайс, Алендзкі, Лянтоўскі, Ліпскі, Дзяконьскі, Дамброўскі. Дэкаратарам з’яўляецца Ст. Грабчык. Разам дзесьці 20 асобаў мастацкага калектыву і 22 асобы тэхнічнага персаналу. Прыбытак дзеліцца на тры часткі: 50 прац. атрымоўваюць акторы, паводле індывідульнага разлічэння, 25 прац. тэхнічны персанал і 25 прац. дырэктар, што значыць сам тэатр, таму бо з гэтай сумы аплочваюцца ўсе выдаткі на кошт дзейнасці тэатра.
Кошты наступныя: прэм’еры ад 35 грошы да 2 зл. 5 гр. Звычайна: ад 25 гр. да 1 зл. 90 гр. Акрамя гэтага ўведзены прадстаўленні за так зв. “злоты”. Усе месцы на партэры каштуюць 1 зл. Хто набудзе першы!
На такім прадстаўленні я быў. Паказвалі французскі твор, трохі ўжо паношаны, але добрая перобка аповесці Клямента Вантэля “Пробашч сярод багачоў”. Паказвалі яе ужо раз чатырнаццаты... У Гродне, прашу запомніць гэта! І што ж? Поўны камплект. Як журналіст, загадзя карыстаючыся з усіх прывілеяў у тэатры, атрымаў дастаўленае крэсла. – А прызнаюся, што забыў пра сваю ролю халоднага крытыка і пляскаў брава разам з глядацкай заляй. Такі Арлінскі, напрыклад. Выдатны! - Брава, брава і брава.
У залі бачыў жыхароў Гродна. Быў і суддзя Грынкевіч з яўрэйскага працэсу і шмат сведкаў як і тых, хто сведчыў на карысць хрысціян, так і тых, хто на карысць сваіх аднаверцаў яўрэяў. Гродзенскія мяшчане, афіцэры і жаўнеры. Некалькі чыноўнікаў, троху студэнтаў і вялікі шэры натоўп. На мой погляд гэта вялікі поспех тэатра, што змог у сваіх гістарычных мурах аб’яднаць і гуртаваць усе нацыянальныя слаі і дзве расы.
Прадстаўленне скончылася позна. Калі натоўп гледачоў распаўзаўся ў цемры вулачак дахаты, у горад прышла начная цішыня, а на шырокі Нёман падалі водсветы ліхтароў, таксама такіх жа рэдкіх, як і ў нас над Вяллёй.
***
Гродна злеплена з той самай гліны, што і Вільня, усё нас да гэтага часу аб’ядноўвала, а дзеліць толькі 150 кіламетраў дарогі. Шкада, што гэтыя дарогі пачынаюць разыходзіцца, што хтосьці сістэматычна развязвае вузел, які стагоддзямі звязваў нашу супольную гісторыю.
Мацкевіч Юзаф (1902 - 1985) – польскі публіцыст і пісьменнік, адзін з найбольш вядомых аўтарах міжваеннага дваццацігоддзя. У 1923 – 1939 гг. працаваў у віленскай газеце “Слова”, выдаванай ягоным братам Станіславам. Вядомы быў сваёй крытыкай дзеянняў польскіх уладаў у сферы сацыяльнай і нацыянальнай палітыкі на Усходніх Крэсах, вылучаўся вялікім рэгіянальным патрыятызмам. У 1938 г. выдаў кнігу рэпартажаў са “Слова” пад назвай “Бунт ройстаў (тваняў)”, якая выклікала масу водгукаў як у польскай так і ў беларускай прэсе. Нарыс друкаваўся ў газеце “Słowo”, 1936, Nr 15, 17, 18, 19
-
Катэгорыя: Гродна 1920-1944
-
Апублікавана 09 Снежань 2016
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической