Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей быў створаны дзякуючы намаганням сапраўднага прафесіянала музейнай справы – Юзафа Ядкоўскага (1890-1950). У 20-30-я гады ХХ ст. музей меў назву Muzeum w Grodnie (Państwowy Muzeum w Grodnie) – Музей у Гродне (Дзяржаўны музей у Гродне).
Музей стаў адметнай часткай культурнага жыцця горада і істотна ўплываў на свядомасць мясцовых жыхароў. Ён фарміраваў гістарычныя ўяўленні гараджан у адпаведнасці з пэўнымі навуковымі і ідэалагічнымі канцэпцыямі. Юзаф Ядкоўскі як дырэктар музея павінен быў стаць апорай польскай ідэалогіі на "крэсах усходніх". Але ён, як сапраўдны даследчык, разумеў адметнасць культуры Гродзеншчыны, дзе з даўніх часоў жылі побач розныя народы, якія стваралі непаўторнасць гісторыі і культуры рэгіёну. Таму дзейнасць музея, дзякуючы намаганням Ю.Ядкоўскага, не мела выключна прапольскай арыентацыі, а была накіравана на даследаванне гісторыі і культуры прадстаўнікоў розных народаў, якія жылі ў гэтым краі.
У артыкуле разглядаецца першы перыяд існавання музея, калі ён толькі пачынаў сваю дзейнасць: фарміраваў фондавыя калекцыі, ствараў першыя пастаянныя экспазіцыі, арганізоўваў выстаўкі, выдаваў справаздачы аб выніках працы, археалагічных даследаваннях і публікаваў навуковыя артыкулы, рабіў захады па пераводу і ўладкаванню музея ў Старым замку.
31 кастрычніка 1918 г. урадам Польшчы быў прыняты дэкрэт па апецы над помнікамі. Паводле яго на месцах ствараліся камісіі апекі над помнікамі.
На пасяджэнні кіраўнікоў акруг і шэфаў секцыі Грамадзянскага кіраўніцтва Усходніх зямель 22 студзеня 1920 г. была прынята пастанова аб арганізацыі нагляду над гістарычнымі помнікамі (у першую чаргу нерухомымі помнікамі). На падставе гэтага рашэння ў Гродне пры павятовым кіраўніцтве была створана Камісія апекі над помнікамі мастацтва і культуры.
Арганізацыйны сход, які адбыўся 12 сакавіка 1920 г. па ініцыятыве гродзенскага старасты Казіміра Рагалевіча, зацвердзіў склад Камісіі. У яе ўвайшлі інжынер В.Герман, мастак Ю.Ванатоўскі, архіварыус былога губернскага архіва А.Гедройц, скульптар Ю.Вільк, нумізмат Л.Вільконскі. Кіраўніком і сакратаром камісіі быў прызначаны гісторык мастацтва і археолаг Ю.Ядкоўскі. Для Камісіі быў вызначаны бюджэт на 6 месяцаў, які склаў 120 тыс. марак польскіх, і асобна 20 тысяч выдзялялася на арганізацыю бюро Камісіі.
Камісія часова была размешчана ў будынку былога губернскага архіва. Сябры Камісіі прынялі рашэнне, паводле якога планавалася пераехаць у той будынак, дзе размесціцца гарадскі музей. Стварэнне музея было адной з галоўных задач Камісіі. Самым лепшым месцам для такой установы з’яўляўся, бясспрэчна, Стары замак.
Камісія апекі над помнікамі мастацтва і культуры занялася пошукам і зборам помнікаў культуры і гісторыі, акрамя гэтага на яе лёг цяжар аховы і рэстаўрацыі помнікаў. У сакавіку 1920 г. Камісія разглядала, напрыклад, пытанне даследавання царквы былога базыльянскага жаночага манастыра, якая была пашкоджана ў 1915 г.
Камісія вяла нагляд і за помнікамі ў павеце. Так, 17 сакавіка 1920 г. начальнік ІІІ раёна Гродзенскага павета паведамляў Камісіі аб помніках у Камянецкай гміне: – абяліску каля маёнтка Аляшэвічы і старым памежным слупе на граніцы павета.
Фонд будучага музея пастаянна павялічваўся. Камісіі з розных мясцін прывозілі старажытныя кнігі і рэчы. Ёй былі перададзены калекцыі педагагічнага музея (мінералагічная, геалагічная і арніталагічная), прывілей караля Аўгуста ІІІ цэху гродзенскіх рыбакоў, старадаўні вялікі жалезны ключ, які захоўваўся ў скарбонцы павятовай касы ў Гродне. Камісія вяла пошук старадаўніх кніг і дакументаў, прымала захады для набыцця часткі бібліятэкі дамініканскага кляштара, якая знаходзілася ў канцылярыі парафіі Фарнага касцёла. Ю.Ядкоўскі ў пошуках старадрукаў наведваў кнігарні горада. Былі выпадкі, калі ён знаходзіў старадаўнія дакументы, якія выкарыстоўвалі як абгортачную паперу. У выніку вялікая колькасць дакументаў, рукапісаў і кніг была перададзена Камісіі. 16 чэрвеня 1920 г. на некалькіх фурманках у будынак староства, дзе са згоды старасты К.Рагалевіча Камісія атрымала пад музейны збор чатыры пакоі (90, с.15), прывезлі звязкі дакументаў і кніг, якія знайшлі ў гродзенскіх крамах. Сярод набыткаў было шмат каштоўных выданняў з гродзенскіх езуіцкай і дамініканскай бібліятэк.
Праца Камісіі перарвалася ў ліпені 1920 г., калі падчас савецка-польскай вайны ў Гродна ўвайшоў 3-ці конны корпус Чырвонай Арміі. Напярэдадні самыя каштоўныя зборы Камісіі былі змешчаны ў дзесяць вялікіх скрыняў і вывезены Ю.Ядкоўскім, В.Германам і намеснікам гродзенскага старасты Я.Нітаслаўскім на станцыю Ласосна. 19 ліпеня ў тры гадзіны дня, калі савецкія войскі ўжо ўвайшлі ў горад, музейныя зборы былі эвакуіраваны ў г. Влацлавэк.
У Гродне быў створаны павятовы ВРК, пры якім дзейнічаў аддзел народнай адукацыі. У склад апошняга ўваходзіў культурна-асветніцкі аддзел, які 29 ліпеня выдаў распараджэнне, ў адным з параграфаў якога быў зварот да ўсіх асоб, якія маюць звесткі аб помніках мастацтва і старажытнасці, такіх як карціны, вазы, статуэткі, фарфор і г. д., паведаміць аб іх у сакратарыят. Асобам, якія жадаюць прапанаваць свае паслугі ў арганізацыі народнага музея, трэба было зарэгістравацца ў сакратарыяце па вул. Гарохавай у доме Гелера з 10 да 2-х гадзін па "савецкім часе". Па сутнасці, быў зроблены захад па зборы матэрыялаў для будучага музея. Кіравала гэтай працай секцыя выяўленчага мастацтва на чале з Н.Гардонам.
16 жніўня 1920 г. Н.Гардон падаў заяву ў аддзел культасветы з просьбай дазволіць паездку па павету з мэтай рэгістрацыі і прыняцця мер па ахове помнікаў мастацтва і старажытнасцей, якія засталіся ў маёнтках, пакінутых гаспадарамі
31 ліпеня аддзел народнай асветы звяртаўся да жыллёвага аддзела ВРК аб перадачы пад Народны мастацкі музей дома князя Чацвярцінскага па вул. Садовай, 20. Гэты зварот не быў задаволены, таму 5 жніўня загадчык секцыі аховы помнікаў даўніны зноў звяртаўся да загадчыка культасвета аб выдзяленні памяшкання пад музей. 16 жніўня музею быў перададзены дом Гелера па вул.Гарохавай, 4 (цяпер вул.Сацыялістычная). Частка камплектуемага фонду была размешчана ў публічнай бібліятэцы. Невядома, як выглядала экспазіцыя гэтага музея, ці ўвогуле яна была створана, таму што ўжо ў верасні ў горадзе былі польскія войскі.
Дом па вул. Гарохавай быў заняты польскімі афіцэрамі. Праз нейкі час зборы савецкага музея зніклі. Ю.Ядкоўскі вёў палеміку ў газеце “Echo Grodzienskie” аб гэтым марадзёрстве. Ён лічыў, што няважна, хто збіраў гэтыя каштоўнасці, галоўнае, што яны былі сведкамі гісторыі краю. Толькі частка прадметаў была знойдзена на даху дома па вул. Гарохавай. У ліпені 1921 г. з Влацлавека вярнуліся эвакуіраваныя калекцыі.
У тым жа 1921 г. Камісія апекі над помнікамі мастацтва і культуры аднаўляе сваю дзейнасць. Адзінай крыніцай паступлення фінансавых сродкаў для працы Камісіі стала Выстава помнікаў краю і старога Гродна (аўтары Ю.Ядкоўскі, Л.Вільконскі), якая была адчынена 18 верасня і працавала да 4 снежня 1921 года. Для выставы былі атрыманы каштоўныя матэрыялы з павету ад розных асоб: срэбныя манеты XV-XVI стст., партрэты паэта Нямцэвіча і яго бацькі ад Зоф’і Урсын-Нямцэвіч з Князевіч, шафа вуглавая М.К.Агінскага, слуцкі пояс, партрэт Т.Касцюшкі. Шэраг прадметаў прадставілі для выставы сябры Камісіі. 6 верасня выставу наведаў кіраўнік дзяржавы Юзаф Пілсудскі.
Гэта быў першы экспазіцыйны праект будучага музея. Каталога выставы мы не маем, але дакладна, што гэта быў выдатны збор каштоўных прадметаў. Да сённяшняга дня ў музеі знаходзіцца шэраг прадметаў, якія экспанаваліся на гэтай выставе, а потым перайшлі ў музейны фонд.
"Выстава помнікаў краю і старога Гродна" была адзінай выставай, арганізаванай Камісіяй за ўвесь перыяд яе дзейнасці. На жаль, яна не дала вялікіх фінансавых сродкаў. У выніку адсутнасць належнага фінансавання стала прычынай замаруджвання дзейнасці Камісіі, сябры якой сталі рэдка збірацца. Не спрыяла яе дзейнасці і сцвярджэнне недасведчанага кансерватара П.Слядзеўскага аб тым, што Камісія ўвогуле незаконна існуе. П.Слядзеўскі сцвярджаў, што дэкрэт аб апецы над помнікамі, які быў прыняты ў 1918 г., на Гродзенскі павет не распаўсюджваецца. Сітуацыю праясніў прыезд у Гродна прадстаўніка Міністэрства веравызнання і публічнай асветы.
13 чэрвеня 1922 г. у будынку староства адбылося пасяджэнне Камісіі апекі над помнікамі мастацтва і культуры, на якім прысутнічалі сябры Камісіі, прадстаўнікі Дэпартамента мастацтва, Аддзела помнікаў і музеяў, Аддзела дзяржаўных архіваў Міністэрства веравызнання і публічнай асветы і іншых дзяржаўных устаноў. На ім было прынята рашэнне аб утварэнні на аснове збораў Камісіі Дзяржаўнага музея пры Гродзенскім старостве. Дзейнасць музея распаўсюджвалася ў асноўным на Гродзенскі, Ваўкавыскі, Сакольскі, Беластоцкі, Бельскі, Аўгустоўскі, Сувалкаўскі і Сейненскі паветы. Музей атрымаў памяшканне ў будынку староства (сучаны адрас – вул. Ажэшка, 3). Кіраўніком музея быў прызначаны Ю.Ядкоўскі.
Справа арганізацыі дзейнасці музея амаль цалкам лягла на плечы Ю.Ядкоўскага, таму што ў пратаколе аб стварэнні музея былі ўказаны толькі пасады дырэктара і дазорцы. Дарэчы, у адных дакументах пасада Ю.Ядкоўскага пазначаецца як "дырэктар музея", у іншых – "кусташ" (захавальнік музея).
Дзякуючы грашовай дапамозе гродзенскага старасты К.Рагалевіча, а таксама субсідыі Дэпартамента мастацтва і крэдытам Аддзела мастацтва і культуры Беластоцкага ваяводства, ў памяшканнях, прызначаных для музея, быў праведзены рамонт. Урачыстае адкрыццё музея адбылося 9 снежня 1922 года з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства веравызнання і публічнай асветы, гродзенскага старасты і сяброў Камісіі.
Экспазіцыя музея размясцілася ў тых жа пакоях, якія раней займала Камісія. Экспазіцыйная мэбля для музея была заказана і выканана ў гродзенскай школе рамёстваў. Для наведвальнікаў зборы музея сталі даступнымі ў студзені 1923 г.
Памяшканні музея былі вельмі малымі і не маглі змясціць больш за 25 наведвальнікаў. Па гэтай прычыне экскурсійныя групы часта чакалі сваёй чаргі на вуліцы, да таго ж падлога ў памяшканнях трымалася на гнілых бэльках.
Музей быў адчынены для агляду толькі ў суботу і нядзелю з 11 да 15 гадзін. Тым не менш за 161 рабочы дзень у 1923 годзе музей наведаў 2651 чалавек, а ў 1924 годзе – 2038 чалавек.
Нягледзячы на нязручныя ўмовы працы, вядомасць музея расла. Аб ім пісалі не толькі мясцовыя газеты, але і агульнапольскія. “Ужо некалькі гадоў як у Гродне адчынены музей, – пісаў "Літаратурна-навуковы кур’ер" у 1925 г. – Ён утрымлівае багатыя зборы помнікаў і матэрыялаў, якія адносяцца да гісторыі ўсёй Гродзеншчыны. Заснавальнікам і кусташам музея з’яўляецца Юзаф Ядкоўскі, вялікадушны дар якога ў выглядзе каштоўных і шматлікіх збораў стаў асновай музея.”
Што вядома аб заснавальніку музея? Юзаф Ядкоўскі нарадзіўся 20 снежня 1890 года ў Гродне. Паходзіў са старажытнага шляхецкага роду Ядкоўскіх, каталіцкага па веравызнанні, які вядомы ў ВКЛ з канца XV ст. Радавое гняздо – ваколіца Ёдкавічы ў Гродзенскім павеце. Ядкоўскія належалі да герба “Ляліва”. У выніку хуткага разгалінавання род Ядкоўскіх у Гродзенскім павеце збяднеў, здрабнеў і згубіў палітычнае значэнне ў краіне. Больш таго, пасля падзелаў Рэчы Паспалітай частка прадстаўнікоў роду не змагла пацвердзіць сваё шляхецтва і была запісана ў саслоўе мяшчан. Відаць, продкі Ю.Ядкоўскага належалі да апошніх.
Яго бацька, таксама Юзаф, кіраваў сталярнымі майстэрнямі Упраўлення акруговых пошт і тэлеграфа. Маці, Зоф’я, паходзіла з Занеўскіх. Ядкоўскія мелі пяцёра дзяцей. Юзаф быў старэйшым. Сям’я жыла ў двухпавярховым доме № 16 па вул. Паштовай, які цалкам належаў бацьку. У доме размяшчалася прадуктовая крама, гадзіннікавая і сталярная майстэрні. Апошняя належала бацьку Ю.Ядкоўскага. На жаль, дом не захаваўся. Ён быў знесены падчас узвядзення будынка аблвыканкама ў 1966 годзе.
Ужо ў юнацкія гады Юзаф пачаў цікавіцца гісторыяй. Разам з сябрамі выязджаў у вандроўкі па ваколіцах Гродна. Ён наведваў Ружаны, Адэльск, Верхаўляны, Новы Двор, Альшанку, Хадароўку, Кузніцу, Сухаволю, Радзівонавічы, Папялуўку і іншыя мясціны, аб чым сведчаць нататкі аб вандроўках, пачынаючы з 1907 г. У гэтых мясцінах малады даследчык знаёміўся з помнікамі архітэктуры. Захаваліся запісы Ю.Ядкоўскага на рускай мове пра праваслаўныя помнікі ў Гродне – Пакроўскі сабор, Раства-Багародзіцкі манастыр. Гэта не магло не ўплываць на будучага даследчыка Панямоння, асобу, якая паважае ўсе культуры, а праз сваю працу прапагандуе мультыкультуралізм.
Значны ўплыў на станаўленне асобы Ю.Ядкоўскага аказалі яго выкладчыкі з Гродзенскай мужчынскай класічнай гімназіі. Яго настаўнікам быў вядомы гісторык Е.Ф.Арлоўскі, які падтрымліваў вучня ў яго захапленні гісторыяй краю. Пазней, ацэньваючы ўнёсак Е.Ф.Арлоўскага ў вывучэнне гісторыі Гродзеншчыны, Ю.Ядкоўскі справядліва падкрэсліваў самы галоўны недахоп прац гісторыка – недастатковае веданне польскай мовы, а таму выкарыстанне абмежаванай колькасці гістарычных крыніц. Але менавіта ад настаўніка будучы даследчык атрымаў добрыя веды па гісторыі горада. Ён дазваляў найбольш таленавітым гімназістам чытаць выданні са збору дамініканскага кляштара, якія знаходзіліся ў бібліятэцы гімназіі. Сярод такіх вучняў былі Уладзіслаў Талочка і Юзаф Ядкоўскі.
Добра знаёмы быў Ю.Ядкоўскі з Элізай Ажэшка. Ён наведваў курсы, якія праводзіла пісьменніца, карыстаўся кнігамі з яе бібліятэкі. Яна дапамагла Ю.Ядкоўскаму ўладкавацца ў Варшаве, калі ў гімназіі ў яго пачаліся праблемы з-за польскіх патрыятычных настрояў і ўдзелу ў дзейнасці ППС. Там юнак і атрымаў сярэднюю адукацыю.
Яшчэ ў Гродзенскай гімназіі Ю.Ядкоўскі пасябраваў з У.Талочкам, будучым беларускім рэлігійным дзеячам і гісторыкам.
У.Талочка адным з першых у Вільні пачаў публічна ўжываць беларускую мову ў набажэнствах, публікаваў матэрыялы гістарычнай тэматыкі. У 1920-я гады падвяргаўся ўціску польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі. У музеі захоўваецца яго перапіска з Ю.Ядкоўскім па некаторых гістарычных пытаннях.
У гады вучобы ў гімназіі Ю.Ядкоўскі наладзіў добрыя сувязі з айцом Мікалаем Дзікоўскім, святаром Сафійскага сабора, дзе захоўваліся старадрукі XVI ст. Ён з захапленнем знаёміўся са старадаўнімі кірылічнымі выданнямі, пашыраў свае веды па гісторыі праваслаўя на Гродзеншчыне. Гэта паўплывала на яго навуковыя зацікаўленасці, пацвярджэннем можа служыць навуковая праца пра праваслаўныя абарончыя храмы.
Творчыя сувязі Ю.Ядкоўскі падтрымліваў з сябрам Гродзенскага царкоўна-археалагічнага камітэта Уладзімірам Манасеінам, які займаўся ваеннай гісторыяй. Ён праводзіў раскопкі на Замкавай гары, падчас якіх быў закладзены невялікі шурф і было знойдзена некалькі сярэднявечных манет. Адну з гэтых манет – дэнар У.Манасеін аддаў Ю.Ядкоўскаму. У музеі захоўваецца кніга з аўтографам гэтага даследчыка.
У Варшаве, пасля завяршэння вучобы, Ю.Ядкоўскі працаваў спачатку ў Археалагічным музеі, затым у Таварыстве аховы помнікаў, пазнаёміўся з шэрагам вядомых асоб, з якімі склаліся добрыя адносіны: мастаком Ф.Рушчыцам, археолагам В.Шукевічам, прафесарам Э.Маеўскім, археолагам З.Глогерам і інш.
Пачаўшы даследчыцкую працу ў музеях Пецярбурга і Масквы, Ю.Ядкоўскі напісаў першы артыкул у галіне музеязнаўства пра польскія гарматы ў зборах Артылерыйскага музея ў Пецярбурзе. Трэба адзначыць, што Ю.Ядкоўскаму было тады толькі 18 гадоў, а ён ужо выдаў на той час восем навуковых артыкулаў.
Напэўна, не выпадкова ён едзе вучыцца ў Маскву, а не ў Кракаў, як меркаваў раней. Выбар на карысць Масквы быў зроблены свядома, таму што маскоўскія бібліятэкі, музеі і архівы былі больш багатымі на матэрыялы па гісторыі Гродзеншчыны ў параўнанні з кракаўскімі.
Ю.Ядкоўскі з дзяцінства захапляўся маляваннем. У Маскве ён заканчвае мастацкую школу, там жа паступае ў Імператарскі Археалагічны інстытут. Падчас вучобы асаблівую цікавасць у яго выклікаюць гісторыя мастацтва сярэднявечча, нумізматыка. Пасля заканчэння інстытута ў 1912 годзе атрымлівае званне вучонага археолага і працу лабаранта ў інстытуце. У хуткім часе ён быў абраны сапраўдным членам Археалагічнага інстытута, абараніў дысертацыю “Літоўская грыўна”, але невядома, ці надрукаваў яе, таму што пачалася Першая сусветная вайна.
Ю.Ядкоўскі працуе ў музеі імя Румянцава, дзе складае інвентары польскіх каштоўнасцей, якія ўтрымліваюцца ў музейных зборах Масквы, і піша на гэту тэму працу. Пазней яму спатрэбяцца гэтыя веды. Так у 1931 годзе дзякуючы Ю.Ядкоўскаму быў вернуты ў Гродна з Масквы бюст Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які раней знаходзіўся ў дамініканскім кляштары.
У 1910 – 1914 гг. Ю.Ядкоўскі супрацоўнічаў з рознымі навуковымі таварыствамі, у тым ліку з Маскоўскім археалагічным таварыствам. Ён займаўся арганізацыяй з’ездаў расійскіх археолагаў, прымаў удзел у XV з’ездзе ў 1911 г. у Ноўгарадзе, дапамагаў П.С.Уваравай у арганізацыі XVI з’езда ў Пскове, які не адбыўся з-за пачатку вайны.
У гэты перыяд Ю.Ядкоўскі накіроўваўся ад імя таварыства ў Віленскую, Гродзенскую і Мінскую губерні як дзяржаўны кансерватар. У межах выканання службовых абавязкаў ён планаваў займацца даследаваннямі і рэканструкцыяй замкаў у Троках, Медніках, Лідзе, Крэва і Міры. На старонках часопісаў “Древности” і “Русское слово” ён змяшчаў артыкулы, прысвечаныя абарончай архітэктуры ў “заходніх” губернях: Сынковіцкай царкве, цэрквам ў Супраслі і Маламажэйкаве, замкам ў Міры і Троках і інш.
Ю.Ядкоўскі, займаючы пасаду кансерватара, шмат зрабіў для захавання помнікаў гісторыі і культуры. У функцыі кансерватара ўваходзіў пошук помнікаў, іх кансервацыя, ахова. Згодна з прадпісаннямі для кансерватараў, Ю.Ядкоўскі, як прадстаўнік расійскага Археалагічнага інстытута, павінен быў збіраць усё самае каштоўнае з названых зямель у расійскія музеі. У сваю чаргу як чалавек, які нарадзіўся ў гэтай мясцовасці, ён імкнуўся ўсімі спосабамі захаваць каштоўныя прадметы ў мясцовых зборах.
Дзякуючы яго намаганням удалося ўратаваць каштоўны іканастас XVII ст. у царкве Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы ў Супраслі і касцёл з фрэскамі Лукаша Губля ў Гарадзішчы Пінскага павета. Калі ў 1910 годзе ў супрасльскай царкве вырашылі замяніць стары ўніяцкі іканастас, супраць гэтага выступіла П.С.Уварава і скіравала пратэст у Сінод. Ю.Ядкоўскі быў дэлегаваны ад інстытута з мэтай фіксавання памераў і выгляду іканастаса. Што да гарадзішчанскага касцёла, то мясцовыя ўлады меркавалі разабраць яго на цэглу, але, дзякуючы Ю.Ядкоўскаму, гэта справа дайшла нават да Сената. У выніку помнік захавалі.
Падчас працы ў расійскіх установах Ю.Ядкоўскі перапісваўся з практыкуючымі польскімі археолагамі, сярод якіх быў Вандалін Шукевіч, даследчык літоўска-беларускага памежжа. Захаваліся лісты Ю.Ядкоўскага да В.Шукевіча, у якіх ён распавядае аб планах працы ў Вільні. У сваю чаргу В.Шукевіч запрашаў яго прыняць удзел у археалагічных даследаваннях помніка каменнага веку каля в.Нача. Другі археолаг – Ю.Талька-Грынцэвіч – клікаў на раскопкі каля вёскі Ланкішкі (абодва помнікі знаходзяцца на тэрыторыі сучаснага Воранаўскага раёна).
Самастойныя археалагічныя даследаванні Ю.Ядкоўскі праводзіў у Ваўкавыску, Мігаве, Вялікай Бераставіцы, Суражы. У 1914 г. у вёсцы Бершты Гродзенскага павета Ю.Ядкоўскі знайшоў некалькі стаянак, раскапаў могілкі – так званы “Магільны рог”. Грошы на даследаванні атрымліваў не толькі ад Маскоўскага таварыства. Так на паездку ў Бершты ён атрымаў сродкі з польскай касы імя Мяноўскага ў Варшаве, якая займалася фінансаваннем навуковых прац.
Трывалыя творчыя кантакты склаліся ў Ю.Ядкоўскага з многімі вядомымі навукоўцамі з Вільні. Сярод іх былі Пётр Слядзеўскі, гісторык мастацтва, знаўца віленскага барока; Луцыян Узенбла, даследчык гісторыі старой Вільні; Вацлаў Гізберт-Студніцкі, дырэктар віленскага архіва; Тадэвуш Урублеўскі, вядомы адвакат, які цікавіўся гісторыяй масонаў у ВКЛ і Польшчы; Мечыслаў Ліманоўскі, тэатральны крытык і адначасова прафесар геаграфіі, будучы абаронца Ю.Ядкоўскага па выніках археалагічных прац у Гродне.
Кандыдатура Ю.Ядкоўскага на пасаду кусташа мастацкага музея была прапанавана П.С.Уваравай, кіраўніком Маскоўскага археалагічнага таварыства, і міністрам асветы Л.А.Касо. Аднак гэту пасаду яму атрымаць не ўдалося, таму што расійскія ўлады не жадалі прымаць на ўплывовыя пасады палякаў і католікаў. Адмовіць Ю.Ядкоўскаму не маглі з-за пратэкцыі названых вядомых асоб, але прапанавалі ўмовы, пры якіх працаваць было немагчыма (вельмі нізкі заробак).
У 1914 г. пачалася Першая сусветная вайна. Вядома, што ў верасні 1914 года Ю.Ядкоўскі быў у Гродне. У лісце да В.Шукевіча ён піша: “У Гродне ўмовы зусім іншыя: зусім няма цукру, солі і белага хлеба. Соль чорная ў кавалках [...]. Рух у Гродне вялікі, але не ў сувязі з жыццём [...], а ў сувязі з цікавымі этнаграфічнымі матэрыяламі, якія Гродна ад пачатку не бачыла [...].. Маю намер застацца і запісацца ў Чырвоны крыж [...]. Нават як санітар вырашыў жывым не аддавацца ў рукі прусакам [...]” . Ён сапраўды застаўся ў Гродне і працаваў санітарам у шпіталі, прымаў удзел у баях з нямецкай арміяй на Мазурскіх азёрах.
Пра лёс Ю.Ядкоўскага ў 1916-1919 гг. вельмі мала вядома. У 1919 г. ён стаў кіраўніком Бюро апекі над помнікамі мастацтва і культуры ў Гродне, якое дзейнічала ад грамадзянскага Упраўлення ўсходніх зямель.
У 1920 годзе служыў уланам дывізіі польскага войска, прымаў удзел у баях з бальшавікамі. Пасля дэмабілізацыі атрымаў пасаду кансерватара Беластоцкага ваяводства, адначасова займаў пасаду кіраўніка Аддзела мастацтва і культуры пры ваяводстве.
У гэты час Ю.Ядкоўскі піша адну з найбольш вядомых прац па гісторыі Гродна. Ідэя напісання такой кнігі ўзнікла яшчэ ў часы знаходжання ў Маскве. Кніга была падрыхтавана ў 1920 годзе, але доўга ішлі пошукі сродкаў на друкаванне. У выніку Ядкоўскі атрымаў грошы ад дэпартамента мастацтва Міністэрства рэлігіі і публічнай асветы і выдаў сваю працу ў віленскай друкарні пры кнігарні Ю.Завадскага ў 1923 г. Дэпартамент выдаў даследчыку ганарар – каля 3 млн. 800 тыс. марак, на якія Ю.Ядкоўскі змог заказаць сабе толькі касцюм і фрак.
Манаграфія “Гродна” складалася з дзвюх частак. Першая была прысвечана гісторыі горада ад старажытнасці да часоў, сучасных даследчыку. Другая частка апавядала пра помнікі архітэктуры: замкі, палацы, цэрквы і касцёлы. У кнізе былі змешчаны фатаграфіі і замалёўкі самога аўтара, здымкі вядомага фатографа Яна Булгака і гродзенскага фатографа Лейбы Гельгора.
У працы Ю.Ядкоўскі ўказвае на старажытнасць Гродна, які, па яго меркаванні, паходзіць з XI ст. Але ён не згаджаецца з думкай аб тым, што ўпамінанне аб горадзе ў 1127 г. мае адносіны да Гродна. Пазней, пасля археалагічных адкрыццяў на Замкавай гары, гэта дата стане пачаткам летапіснага Гродна, а Ю.Ядкоўскі ўвойдзе ў гісторыю як даследчык, які практычна даказаў старажытнасць горада Гродна.
Упершыню быў надрукаваны ў кнізе герб горада з выявай аленя Св. Губерта, пададзена яго гісторыя і апісанне. Выклікала цікавасць гіпотэза даследчыка аб смерці Св. Казіміра ў Гродне, аб чым раней не пісалі.
Як чалавек актыўнай грамадскай пазіцыі, Ю.Ядкоўскі хваляваўся за тагачасныя змены ў гістарычным абліччы горада. Напрыклад, ён піша, што “расійскія ўлады імкнуліся забыць старадаўнія назвы вуліц, але і апошнім часам горад перажывае перыяд хворага маньяцтва ў дачыненні да назваў вуліц”.
Асобную частку кнігі складае гісторыя помнікаў Гродна. Першай апісваецца гісторыя праваслаўнай царквы Св. Барыса і Глеба. Вядома, што Ю.Ядкоўскі звярнуў увагу на праваслаўную царкву па прычыне яе старажытнасці, але сам факт адлюстравання ў першую чаргу праваслаўнага помніка, а не каталіцкага, даказвае шырокі погляд даследчыка на гісторыю малой Радзімы.
Археалагічныя раскопкі, якія праводзіў Ю.Ядкоўскі на Замкавай гары ў Гродне, выклікалі вялікі рэзананс не толькі сярод спецыялістаў, але і сярод грамадскасці. Не ўсе ставіліся адназначна да методыкі прац даследчыка, якая была жорстка раскрытыкавана ў навуковых археалагічных колах. Ю.Ядкоўскі быў зняты з пасады кіраўніка прац на Замкавай гары. У выніку пасля 1 ліпеня 1937 г. даследчык назаўсёды пакідае Гродна, пераязджае ў Варшаву.
Перад ад’ездам Ю.Ядкоўскі бярэ шлюб з Галінай Баброўскай, дачкой палкоўніка, кіраўніка інстутыта фізічнага выхавання ў Гродне. Шлюб яны бралі ў Вільні ў капліцы Вострабрамскай Божай Маці, вянчаў іх сябра Ю.Ядкоўскага – ксёндз У.Талочка.
З 1937 г. Ю.Ядкоўскі працаваў у мастацкіх зборах Варшаўскага замка. З гэтага часу ён цалкам прысвяціў сябе польскай нумізматыцы. Калі пачалася Другая сусветная вайна, Ю.Ядкоўскі, як і большасць палякаў, апынуўся без працы. Адзінай крыніцай існавання стаў продаж асабістых рэчаў. У канцы 1940 г. удалося ўладкавацца на сціплую пасаду эксперта па продажы старых манет. У гэты час пагоршылася здароўе, якое і раней не было добрым. З-за хваробы Ю.Ядкоўскі страціў працу. У чэрвені 1941 г. у яго нарадзілася дачка Эльжбета-Зоф’я.
У ліпені 1941 года Ю.Ядкоўскі атрымаў працу ў адной з варшаўскіх фірмаў – пасаду кіраўніка аддзела рэстаўрацыі старой мэблі. Адначасова ён супрацоўнічаў з Нацыянальным музеем, дапамагаў ратаваць каштоўныя прадметы ад вывазу ў Германію. Пасля вайны, у маі 1945 г., атрымаў пасаду кусташа Нумізматычнага кабінета ў Варшаўскім музеі, які быў дашчэнту разрабаваны ў вайну. На гэтай пасадзе ён быў да канца сваіх дзён. Ю.Ядкоўскі, які з’яўляўся вядомым знаўцам] сярэднявечнай польскай нумізматыкі, польска-літоўскіх манет, манетнай тэхнікі і нумізматычнай літаратуры, аднавіў дзейнасць Варшаўскага нумізматычнага таварыства.
Але самай важнай справай жыцця Ю.Ядкоўскага стала стварэнне гродзенскага музея, дзе ён здолеў увасобіць сваё бачанне шматграннай гісторыі Гродзеншчыны.
Асновай фондаў музея сталі зборы Камісіі апекі над помнікамі мастацтва і культуры. У іх склад увайшла таксама калекцыя Ю.Ядкоўскага. Многія прадметы былі падораны прыватнымі асобамі, якія збіралі старажытныя рэчы. Аб іх імёнах і дарэннях, а таксама аб прадметах, якія браліся на дэпазіт (на часовае экспанаванне), можна даведацца са справаздач музея. Сярод ахвярадаўцаў былі не толькі прыватныя асобы, але і кляштары францысканцаў і назарэцянак, камендатура паліцыі, магістраты Гродна і Крынак, Таварыства сяброў навук і Дзяржаўны архіў у Вільні, музеі Львова, Варшавы, Кракава.
Жыхары Гродзеншчыны перадавалі музею ўласныя зборы. Адным з пастаянных ахвярадаўцаў быў былы сябра Камісіі апекі над помнікамі – Лявон Вільконскі; цікавыя рэчы, якія належалі сям’і Нямцэвічаў, перадала Зоф’я Урсын-Нямцэвіч з Князевіч; уладальнік палаца ў Свяцку Юзаф Гурскі падарыў музею 113 дакументаў XVI – XVIII стст. па гісторыі Сапоцкінскага краю; Вітольд Урублеўскі перадаў медаль, які атрымаў у гродзенскай гімназіі ў 1862 годзе. Культавыя прадметы перадавалі святары прыходаў. Сярод іх – ксяндзы У.Талочка з Вільні, В.Баневіч з Гожы, Г.Сабалеўскі з Уснаша, В.Сарасек з Вялікай Бераставіцы.
Зразумела, што і сам кусташ музея Ю.Ядкоўскі пастаянна папаўняў фонды за кошт сваіх збораў. Ён перадаў музею калекцыю папяровых грошай часоў Т.Касцюшкі, герцагства Варшаўскага і Каралеўства Польскага, манеты XVIII – пачатку XIX ст., 10 гродзенскіх паясоў, 48 драгічынскіх пломбаў.
Аб тым, як збіраў фонды музея Ю.Ядкоўскі, вельмі маляўніча пісала газета “Dziennik Kresowy”. Калі Ю.Ядкоўскі адрамантаваў будынак музея, “тады ён пачаў “ствараць” свой музей. Але як! Апрануў старую адзежу і пачаў вандроўку па паддашшах, крамках, і нават па сметніках… Так, сапраўды! На сметніку дзесьці каля Гродна знайшоў старую карціну Готліба […] Цяжэй за ўсё было з крамкамі. Ідзе сабе Ядкоўскі завулкам Гродна, глядзіць, а тут нейкая яўрэйка загортвае масла ў цудоўную графічную выяву з кнігі, том бясцэннай старой гісторыі выяўленчага мастацтва. Яўрэйка не хоча прадаваць альбом, бо … не знойдзе нідзе “такой добрай паперы” для загортвання масла. Пасля доўгага гандлю, просьбаў і пагроз том быў набыты”.
Збіранне фондаў музея Ю.Ядкоўскі падпарадкоўваў сваёй канцэпцыі гісторыі Гродзеншчыны. Абавязкова ў фонды траплялі карціны, мастацкія вырабы заходнееўрапейскіх майстроў, бо, вядома, гэтыя прадметы былі вартымі ўвагі любога музея. Разам з тым робіцца акцэнт на збіранні прадметаў культуры і гісторыі Гродзеншчыны, каб можна было ўбачыць яе багацце і разнастайнасць. Сёння, дзякуючы даваенным зборам, гродзенскі музей мае шмат выдатных экспанатаў. Напрыклад, уніяцкія царскія вароты XVIII ст., якія былі знойдзены на паддашшы Барыса-Глебскага манастыра. Яны з’ўляюцца прыкладам творчасці мясцовых майстроў – як мастакоў, бо на варотах змешчаны жывапісныя выявы архангела Гаўрыіла, Маці Божай і чатырох евангелістаў, так і майстроў па саломапляценню. У даваенным музеі царскія вароты адлюстроўвалі ўніяцкую мастацкую культуру.
Ю.Ядкоўскі імкнуўся сфарміраваць музейны кнігазбор з рэдкіх выданняў. Дзякуючы яго старанням і настойлівасці, ў музей трапілі кнігі з Гродзенскай публічнай бібліятэкі, якая існавала ў горадзе ў другой палове ХІХ ст., кнігі з уладальніцкім подпісам ксяндза Гінтаўта – пробашча бернардзінскага касцёла ў Гродне, кнігі з бібліятэкі гродзенскіх кармелітаў, кнігі з пячаткамі бібліятэкі 81-га палка гродзенскіх стралкоў імя Стэфана Баторыя, бібліятэкі Цяцерскіх, частка кнігазбору Казіміра Контрыма – публіцыста, бібліятэкара і сакратара Віленскага ўніверсітэта. Шмат цікавых кніг перадалі школы, музеі іншых гарадоў, выдавецтвы, навуковыя ўстановы. Найбольш каштоўная частка кнігазбору паходзіць з бібліятэкі гродзенскіх дамініканцаў, куды трапіла бібліятэка гродзенскіх езуітаў. На пачатку ХІХ ст. кнігазбор дамініканцаў налічваў 10.000 альбо 15.000 тамоў тэалагічных і свецкіх кніг XVI – XVIII стст. і рукапісаў. Гэта была адна з найбуйнейшых бібліятэк Літвы і Беларусі. Пасля завірух 1920 г. Ю.Ядкоўскаму ўдалося выратаваць толькі 905 тамоў старадрукаў . Большасць з іх была ў пергаментных вокладках. Усе яны пазначаны экслібрысамі бібліятэкі гродзенскіх даміканцаў.
Значнай падзеяй у гісторыі кнігазбору музея было ахвяраванне ў 1927 годзе Мартай Красіньскай каля 10 тысяч тамоў кніг XVI – XIX стст., у большасці па гісторыі наднёманскага краю, зямель Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай. На ўсіх кнігах стаіць штамп “З бібліятэкі Вандаліна Пуслоўскага і Марты Красіньскай”. Кнігазбор В.Пуслоўскага (гісторыка, нумізмата, археолага) з Косава ў складзе пасагу яго дачкі Марты патрапіў у маёнтак Свіслач. Дачка папоўніла бібліятэку. Ю.Ядкоўскі, прымаючы гэты дар, планаваў пасля адпаведнай апрацоўкі надаць кнігазбору музея назву “Бібліятэка імя Вандаліна Пуслоўскага і Марты Красіньскай”. Дарэчы, гэта назва была надрукавана на картках каталога бібліятэкі музея міжваеннага часу. Багаты збор навуковай бібліятэкі музея дазволіў стварыць у 1991 годзе аддзел рэдкай кнігі і старадрукаў.
У канцы 1922 года пачала фарміравацца калекцыя дакументаў. Значную колькасць матэрыялаў для папаўнення яе сабраў сам Ю.Ядкоўскі. Вялікая колькасць дакументаў XVI – XVIII стст., якія цяпер захоўваюцца ў гэтай калекцыі музея, паходзіць з тых часоў.
Ю.Ядкоўскі займаўся камплектаваннем тэматычнай калекцыі, звязанай з пісьменніцай Элізай Ажэшка. Музей на працягу 1922 – 1937 гг. набыў для яе больш за 300 прадметаў. Гэтыя матэрыялы траплялі ў музей рознымі шляхамі. Так фатаздымак айчыма пісьменніцы, Канстанцыя Відацкага, быў падараваны Урублеўскай. Фатаздымак Э.Ажэшка з сяброўкай і вучаніцай Марыяй Абрэмскай з’явіўся дзякуючы самой М.Абрэмскай. У спадара Цытажынскага былі набыты матэрыялы з аўтографамі пісьменніцы, а таксама адметны гербарны альбом, складзены яе рукамі. Па просьбе Ю.Ядкоўскага Таварыства Элізы Ажэшка ў Варшаве перадало ў фонды музея рукапіс славутага рамана “Над Нёманам”, візітоўку з аўтографам, фотаздымкі, засушаныя кветкі і 99 паштовых марак з выявай пісьменніцы. На жаль, многія з гэтых каштоўных матэрыялаў былі страчаны, у тым ліку рукапіс рамана.
Ю.Ядкоўскі быў сапраўдным музейным супрацоўнікам і не мог абысці ўвагай творы народнага мастацтва. На другі год дзейнасці музея ўжо быў створаны аддзел народнага мастацтва “з улікам народных промыслаў”. Асабліва трэба падкрэсліць ролю Ю.Ядкоўскага ў першаадкрыцці высокай мастацкай вартасці гродзенскіх падвойных дываноў, вядомым збіральнікам і даследчыкам якіх на працягу амаль дваццаці гадоў ён быў. Упершыню ён дае апісанне дываноў у працы “Народны промысел у Сакольскім павеце”, плануе прадставіць іх на выставе народнага мастацтва ў Беластоку. Цяпер калекцыя гродзенскіх дываноў, якую сабраў Ю.Ядкоўскі, захоўваецца ў Музеі Падляшша ў Беластоку.
Сярод вырабаў ганчароў найбольшую цікавасць для Ю.Ядкоўскага ўяўляла поразаўская чорназадымленая кераміка. Па запісах, якія захаваліся, вызначаны 31 прадмет з даваеннай калекцыі поразаўскай керамікі. Гэта ў большасці вырабы ўтылітарнага прызначэння. Таксама ў калекцыі былі прадстаўлены мініяцюрныя сувенірныя і цацачныя вырабы для турыстаў. На адным з гаршчочкаў (КП-7829) ёсць надпіс “Poplawski” – прозвішча аднаго з патомных поразаўскіх ганчароў. Там жа, ў Поразаве, Ю.Ядкоўскі зрабіў фотаздымак А.Паплаўскага каля печы для абпалу глінянага посуду.
Важнай часткай музейнага фонду сталі матэрыялы, якія былі знойдзены падчас археалагічных даследаванняў, якія праводзіліся ў Гродне і на Гродзеншчыне. Па сённяшні дзень яны захоўваюцца ў складзе найбуйнейшай калекцыі музея – археалагічнай.
Музей не можа існаваць без музейнай экспазіцыі, таму што яна з’яўляецца “вызначальнай формай існавання музея, якая адлюстроўваецца ў мэтанакіраванай прэзентацыі музейных прадметаў”. Першая экспазіцыя Музея ў Гродне была адкрыта ў снежні 1922 года. Агульнае ўяўленне аб ёй можна зрабіць, дзякуючы невялікаму даведніку і некалькім фотаздымкам у выданні “Muzeum w Grodnie” (1923 г.).
Экспазіцыя размяшчалася ў трох залах, а пачыналася яшчэ на лесвічнай пляцоўцы, дзе былі змешчаны жалезныя крыжы (усяго 5) з касцёла дамініканскага кляштара ў Гродне, які быў разабраны ў XIX ст., і малыя жалезныя крыжыкі са старых прыдарожных крыжоў з ваколіц Гродна. Экспазіцыянер (Ю.Ядкоўскі) размясціў іх у самым пачатку экспазіцыі з мэтай стварэння ў наведвальнікаў вобраза, які атаясамліваецца са знакам крыжа – вобраза храма, храма культуры.
Насценны роспіс гэтага памяшкання быў зроблены паводле гравюры М.Цюндта 1568 г. і прадстаўляў від на Стары замак і вялікакняжацкі, пазней каралеўскі палац (Domus Regia), які знаходзіўся на месцы сучаснага Новага замка. Напэўна, Ю.Ядкоўскі не толькі меў намер паказаць самую старую выяву Гродна, але спадзяваўся паўплываць на думкі наведвальнікаў. У даведніку ён піша: “Каб сталі вартымі ўвагі пакоі, дзе калісьці на Старым Замку ў Гродне чуўся голас вялікага Баторыя, дзе часта ён бываў і скончыў жыццё, у тым сеймавым domocilium Яна ІІІ, – трэба, каб грамадства прыйшло на дапамогу ў працах, задуманых музеем, важнасць якіх, напэўна, залішне падкрэсліваць”.
У першым калідоры знаходзілася карціна (палатно, алей) часоў Яна Казіміра, якая прадстаўляла алегорыю “Танец смерці”, магчыма, пэндзля Францішка Лякшыцкага, бернардзінца (нар. у Кракаве, пам. у Гродне ў 1668 г.). У другім калідоры – план Гродна 1797 года, афішы гродзенскага тэатра 1806 года, выявы рэлігійнага зместу, палотны з выявамі невядомых асоб у даспехах сярэдзіны XVII ст., магчыма, пэндзля Ваньковіча.
Залы не мелі назваў, у даведніку яны пазначаюцца нумарамі. У першай зале былі змешчаны археалагічныя знаходкі мясцовага паходжання, якія былі перададзены Ю.Ядкоўскім і Л.Вільконскім з Навагрудка, рэшткі кафлі з замкаў у Троках і Міры, збор народных паясоў з ваколіц Гродна (Друскенікі, Мерач, Новы Двор, Ліпск, Ружанысток) і Беластока (Карыцін), старадаўнія бісерныя вырабы (XVIIІ – пач. XIX ст.), народныя пісанкі. У гэтай жа зале размяшчаліся помнікі рэлігійнага жывапісу: "П’ета" – фламандскай школы (кан. XVI – пач. XIX ст.), “Спакуса Св. Антонія” Давіда Тэнерса (XVII ст.), “Нараджэнне Хрыста” – італьянскай школы (XVI ст.), “Св. Ганна Трыадзіная” (другая пал. XVIII ст.), “Укрыжаванне” (XVI ст.), “Каранаванне Маці Божай” – пэндзля Яна Шрэйтэня, віленскага мастака (першая пал. XVII ст.), “Зняцце з крыжа” (XVII ст.), “Св. Сямейства” (адзін твор з подпісам “Hilarius Chojecki… ord. praed” ці дамініканец, XVII ст.), абраз “Pasaviensis” (разьба па дрэве, роспіс), які датуецца канцом XVII – першай пал. XVIII ст. Тут жа быў прадстаўлены дакумент, выдадзены магістратам г. Гродна ў 1575 годзе, які быў замацаваны пячаткай з выявай гарадскога герба (алень Св. Губерта).
У другой зале ў вітрынах экспанаваліся друкаваныя кнігі і рукапісы XV – XVIІ стст. Заслугоўвалі ўвагі наступныя экспанаты: Біблія, якая была першым выданнем на польскай мове (Кракаў, 1561г.), мела шматлікія гравюры; некалькі супрасльскіх і гродзенскіх выданняў; “Zwierciadło na rozchody y przychody w koronie y z korony” надрукаванае ў 1623 г. у Кракаве, прывілеі з уласнаручнымі подпісамі каралёў Уладзіслава IV, Аўгуста ІІ і Аўгуста ІІІ.
У гэтай зале таксама экспанаваліся партрэты караля Яна ІІІ Сабескага, Кшыштофа Весялоўскага, маршалка надворнага ВКЛ, яго жонкі Аляксандры з Сабескіх і іх прыёмнай дачкі Грызельды Вадынскай, фундатараў кляштара брыгітак (1642 г) у Гродне; паэта Ю.У.Нямцэвіча (1791 г.) і яго бацькі; Яўстахія Курча, падкаморыя гарадзенскага, фундатара кляштара францысканцаў (1635 г.) у Гродне, і яго жонкі Эўфразыны; маршалка Ляхніцкага пэндзля мастака часоў Станіслава Аўгуста – Ю.Х.Лампега; Станіслава Юндзіла, маршалка Гродзенскага павета і інш. Былі прадстаўлены дзве карціны галандскай школы XVII ст. і адна з найбольш характэрных прац заўчасна памёрлага таленавітага кракаўскага мастака Маўрыцыя Готліба (1856 – 1879) – “Заручыны”.
Сярод экспанатаў былі вуглавая шафа, аздобленая манаграмай М.К.Агінскага, жалезны скарбовы куфар з датай “Roku 1718” і замком, механізм якога займаў усё века (з маёнтка Гожа Гродзенскага павета); насценныя падсвечнікі сярэдзіны XVIII ст. (дар ксяндза Г.Сабалеўскага з Уснаша Гродзенскага павета); узоры парчы XVIII ст.
У вялікай вітрыне трэцяй залы былі прадстаўлены нумізматычныя зборы, старадаўняе шкло і кераміка. Заслугоўвалі ўвагі два шкляныя келіхі з раслінным арнаментам, якія паходзілі з мануфактуры Тызенгаўза ў Гродне, пячатка паэта Ю.Урсын-Нямцэвіча з ручкай у выглядзе арла (кан. XVIII ст.), залататканы слуцкі пояс, спражка ад рыцарскага пояса, дзве пячаткі нацыянальных рэвалюцыйных камітэтаў часоў паўстання 1863 года, памятны медаль і мадэль, выкананыя скульптарам С.Левандоўскім з нагоды заняцця Вільні і Гродна ў 1919 г., якія былі набыты за кошт сродкаў, сабраных магістратам г. Гродна.
Асобна знаходзіліся ў экспазіцыі вышыўкі XVII ст. з кляштара брыгітак у Гродне; арнат першай паловы XVIІ ст., вышыты золатам, срэбрам і жэмчугам; а таксама насценны каляндар XVII ст., план Гродна 1825 года, кальчуга і місюрка XVI ст., марціра пач. XVIII ст. Над вялікай вітрынай вісеў каваны ажурны ліхтар, аздоблены каляровымі шкельцамі (XVIIІ ст.). У асобнай шафе былі прадстаўлены выданні XV – XVIII стст., якія паходзілі з бібліятэкі дамініканскай гімназіі ў Гродне.
-
Катэгорыя: Гродна 1920-1944
-
Апублікавана 13 Сакавік 2015
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической