Мікалай Марцінчык – гэта напоўзабытая постаць у гісторыі беларускага руху. Маючы адукацыю лекара, ён далучыўся да нацыянальнага змагання ў міжваенны час. Ягоны жыццёвы лёс быў надзвычай складаным, бо давялося перажыць пераслед і рэпрэсіі не толькі з боку польскіх, але і савецкіх уладаў. На жаль, і па сённяшні дзень у гістарыяграфіі адсутнічаюць грунтоўныя публікацыі, прысвечаныя яго асобе. Паспрабую часткова запоўніць гэты прабел.

Мікалай Міхайлавіч нарадзіўся 16 снежня 1901 г. у вёсцы Кубельнікі Гродзенскага ўезду ў сялянскай сям’і. У 1915 – 1919 гг. разам з бацькамі знаходзіўся ў эвакуацыі ў Расіі. Закончыў 5 класаў гімназіі ў г. Чыстопалі Казанскай губ., а пасля вяртання на Радзіму паспяхова працягваў навучанне ў Гродзенскай руска-польскай гімназіі. Менавіта ў Гродне, дзе пэўны час існавала Беларуская гімназія, ён пазнаёміўся з дзеячамі беларускага руху. Ужо ў гэты час адрозніваўся адукаванасцю, пэўнымі літаратурнымі здольнасцямі і тым, што быў свядомым беларусам.

 

У 1921 г. М.Марцінчык стаў студэнтам медыцынскага факультэта Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні. Апроч вучобы, ён актыўна працаваў у беларускім руху, узначальваў Беларускі студэнцкі саюз, а з 1922 г. рэдагаваў часопіс “Студэнцкая думка”. З 1923 г. супрацоўнічаў з газетамі “Голас беларуса” і “Сялянская праўда”, якія выдаваліся Беларускім пасольскім клубам. Адначасна студэнт Марцінчык займаўся таксама дабрачыннай дзейнасцю, як сябра, а пазней як намеснік кіраўніка Беларускага таварыства помачы пацярпеўшым ад вайны.

 

Мікалай Марцінчык таксама ўваходзіў у склад віленскага Беларускага нацыянальнага камітэта. Як сябра Прэзідыума, ён прымаў непасрэдны ўдзел у каардынацыі дзейнасці беларускіх партый і арганізацый з 1921 па 1938 г. 

Але найбольш значнай пляцоўкай ягонай дзейнасці стала Таварыства беларускай школы (ТБШ). Напачатку М.Марцінчык на грамадскіх пачатках дапамагаў весці перапіску і справаводства ў сакратарыяце Таварыства. Шмат увагі ён надаваў перапісцы з сялянамі, якія патрабавалі ад польскіх уладаў адкрыцця беларускіх школ. Па даручэнню Управы ТБШ ён часта выязджаў з Вільні дзеля падтрымкі сялянскіх патрабаванняў.  

 

У 1925 г. студэнт Марцінчык быў абраны сакратаром, а праз год – сябрам Галоўнай управы Таварыства. Ён непасрэдна прычыніўся да таго, што ў 1927 г. у Заходняй Беларусі дзейнічала ўжо 12 акруговых управаў ТБШ. 

 

Грамадская дзейнасць Мікалая Марцінчыка непазбежна набыла палітычную афарбоўку. На старонках беларускага перыядычнага друку ён адстойваў права беларусаў мець школы на роднай мове (падпісваўся крыптанімамі М.М. альбо М.), уваходзіў у склад рэдкалегій органаў друку ТБШ, шэрагу літаратурных і навукова-папулярных выданняў (“Наш палетак”, “Бюлетэнь ТБШ” ды інш.), спрыяў стварэнню гурткоў ТБШ, беларускіх клубаў і бібліятэк у вёсках.  

 

Ёсць звесткі пра кантакты М.Марцінчыка з арганізацыямі КПЗБ, якія выкарыстоўвалі ТБШ для легальных формаў сваёй дзейнасці . Аднак, адзін з кіраўнікоў КПЗБ Мікалай Арэхва не здолеў даць адназначнага адказу на пытанне наконт сяброўства М.Марцінчыка ў партыі: “Был ли Мартинчик Н.М. членом КПЗБ утверждать не могу, но и не отрицаю, потому что не знаю. Но хочу сказать, что в данном случае это абсолютно не существенно, потому что ТБШ была культурно-просветительской легальной организацией и, как таковая,  представляла собой большую ценность для КПЗБ. Несомненно, одно, что Мартинчик Н.М. сочувствовал КПЗБ и активно способствовал усилению её влияния в этой организации”.

 

У свае студэнцкія гады М.Марцінчык прыняў актыўны ўдзел у стварэнні Беларускай сялянска-работніцкай Грамады. Як прадстаўнік беларускага друку, ён удзельнічаў ва ўстаноўчай канферэнцыі па яе стварэнню (Гданьск, 1925). Пры яго ўдзеле Грамада стала пасольскім клубам . М.Марцінчык меў сяброўскі білет № 5. Ужо згаданы М.Арэхва, лічыў яго адным з кіраўнікоў Грамады . Дакладна вядома, што ён працаваў у рэдакцыях газетаў Грамады (“Беларуская Ніва”, “Народная справа” і “Наша справа”). Адначасна ўваходзіў у Назіральную раду Беларускага кааператыўнага банка.

 

Пасля заканчэння універсітэта ў 1927 г. малады лекар быў пакінуты ардынатарам у педыятрычнай клініцы, дзе як студэнт вывучаў дзіцячыя хваробы пад кіраўніцтвам прафесара В.Ясіньскага. Гэта была важная, але не галоўная праца, бо ў гэты ж час па заданню Галоўнай управы ТБШ ён быў накіраваны ў віленскую Беларускую гімназію ў якасці інспектара, а таксама выкладчыка анатоміі і гігіены. Дарэчы, у гэтай гімназіі вучыўся яго малодшы брат Іван, які належаў да КСМЗБ . М.Марцінчык спрабаваў абараняць гімназію ад прэтэнзій польскай адміністрацыі і паліцыі. 

 

 

Малады лекар таксама меў прыватную практыку, якая давала добры заробак. За дзень сваёй працы ён мог набыць... карову. Заробленых грошай цалкам хапала для задавальнення ўласных патрэбаў. Ва ўспамінах ён пісаў, што заўсёды выдатна апранаўся. І не толькі дзеля падтрымання іміджа добрага лекара. Дарагое адзенне часта дапамагала пазбегнуць паліцэйскай увагі. Тым больш, што пад моднай вопраткай хаваўся спецыяльную камізэльку для пераносу дакументаў.

 

Свой заробак ён выкарыстоўваў таксама на дабрачынныя мэты. М.Марцінчык дапамагаў розным беларускім культурна-асветніцкім арганізацыям, але ў першую чаргу Таварыству беларускай школы. Вядома, што ён таксама неаднаразова аплачваў усе выдаткі, звязаныя з канцэртаміславутага спявака Міколы Забэйды-Суміцкага .  

У 1927 – 1928 гг. падчас выбараў у Сейм менавіта кватэра маладога лекара сталася сапраўдным штабам усёй беларускай выбарчай кампаніі. Паліцыя так і не здолела яго знайсці. Разам з Ігнатам Дварчаніным ён рэдагаваў газеты “Наша праца”, “Думка працы” ды інш. Актыўнасць падчас выбараў паспрыяла абранню ў Сейм 5 беларускіх паслоў, якія ўтварылі Беларускі пасольскі клуб “Змаганне”. 

   

Двойчы (1927 і 1930 гг.) яго самога выстаўлялі кандыдатам ў паслы Сейма. Польская паліцыя сачыла за ім. Двойчы ён арыштоўваўся і некалькі месяцаў правёў у Лукішскай турме. У 1927 г. быў арыштаваны па справе Грамады, а ў кастрычніку 1930 г. па абвінавачванню ў прыналежнасці да камуністычнай арганізацыі. У зняволенні М.Марцінчык пачаў пісаць п’есу, але далей першага акту справа не пайшла . У траўні 1931 г. быў выпушчаны пад залог, а ў снежні 1932 г. справа наогул была спыненая па прычыне недастатковых улік .  

 

Пасля адмовы на прапанову Радаслава Астроўскага пра палітычнае супрацоўніцтва Мікалай Марцінчык быў звольнены з гімназіі, дырэктарам якой якраз і быў вядомы дзеяч паланафільскага крыла беларускага руху. Улады Віленскага ваяводства таксама спрабавалі звольніць яго з педыятрычнай клінікі Універсітэта Стэфана Баторыя, аднак універсітэт меў аўтаномію, а кіраўнік клінікі В.Ясіньскі адмовіўся яго звальняць.  

 

Між тым кіраўнікі КП(б)Б і КПЗБ пасля адмовы ад курса на ўзброенае паўстанне вырашылі максімальна палітызаваць дзейнасць легальных беларускіх арганізацый культурна-асветніцкага і эканамічнага накірункаў. У выніку за перыяд з 1928 па ліпень 1930 г. польскімі ўладамі былі зачыненыя 6 Акруговых управаў ТБШ і каля 300-т гурткоў. Пасля чарговага “пагрому” 1932 г. засталіся толькі дзве Акруговыя ўправы (Беласток і Косава) і каля 150 гурткоў . Рэпрэсіі закранулі таксама іншыя грамадскія арганізацыі.

 

Праціўнікі гэтай камуністычнай палітызацыі, да якіх належаў і Мікалай Марцінчык, лічылі, што захаваць ТБШ можна толькі працягваючы культурна-асветніцкую дзейнасць, як і патрабаваў Статут арганізацыі. Кіраўнікі КПЗБ расцанілі такую пазіцыю як “здраду інтарэсаў беларускага працоўнага народу”.  У адной з рэзалюцый ЦК (1934) сцвярджалася, што сябры Галоўнай управы Рыгор Шырма, Мікалай Марцінчык, Фёдар Сцяцкевіч ды іншыя “агенты польскай паліцыі” імкнуцца звесці ТБШ з “шляху нацыянальна-вызваленчай барацьбы” і падпарадкаваць Таварыства “беларускаму нацыянал-фашызму” . 

 

Орган КПЗБ “Чырвоны сьцяг” абвінавачваў кіраўнікоў ТБШ у імкненні “адцягнуць народ ад барацьбы”. Газета патрабавала выгнання з арганізацыі “здраднікаў Марцінчыка, Шырму, Сцяцкевіча, Кізевіча ды іх кампаньёнаў” . Іншая камуністычная гзета “Асва” пагражала “укусамі” “панам Луцкевічам і Марцінчыкам, Шырмам і Астроўскім, Клімовічам і Станкевічам”. 

 

У 1932 г. польскія ўлады выслалі Марцінчыка з Вільні як “нядобранадзейнага” без права вяртання. Ён вырашыў пераехаць бліжэй да бацькоў. У верасні ён быў прыняты на вакантную пасаду сельскага лекара ў мястэчка Ялоўка Ваўкавыскага пав. Як вопытны лекар і грамадскі дзеяч, Марцінчык хутка стаў аўтарытэтнай і паважанай асобай у мястэчку і наваколлі. Нягледзячы на занятасць на працы, ён працягваў супрацоўніцтва з ТБШ, падтрымліваў і абараняў яго мясцовых актывістаў.

 

У лістападзе 1932 г. Галоўная ўправа даручыла намесніку кіраўніка ТБШ Мікалаю Марцінчыку правядзенне чарговага з’езду Беластоцкай акруговай арганізацыі. На той момант гэта была апошняя акруговая арганізацыя ТБШ, якую таксама імкнуліся зачыніць польскія ўлады. Ва ўспамінах М.Марцінчык згадваў вельмі напружаную сітуацыю ў Беластоку, куды з Вільні быў пераведзены начальнікам паліцыі Высакіньскі, які добра арыентаваўся ў справах ТБШ. Ягонай мэтаю было закрыццё Акруговай управы . 

Ужо падчас адкрыцця з’езду (20 лістапада) Высакіньскі пачаў задаваць правакацыйныя пытанні, каб знайсці нагоду для яго забароны. Аднак, Мікалай Марцінчык здолеў пераканаць дэлегатаў жорстка прытрымлівацца праграмы з’езду і абмяркоўваць толькі тыя пытанні, якія не супярэчылі Статуту ТБШ. У выніку з’езд прайшоў даволі паспяхова. Напрыканцы яго ўдзельнікі праспявалі неафіцыйны беларускі гімн “Ад веку мы спалі”. Увечары для дэлегатаў быў паказаны спектакль “Птушка шчасця”, выступіў хор . 

Праз год да Заходняй Беларусі дакаціліся водгукі сталінскіх рэпрэсій супраць беларускай інтэлігенцыі ў БССР. Увосень 1933 г. камуністы распачалі кампанію па “выкрыццю” Галоўнай управы ТБШ. Цікава, што гэта цалкам супадала з пажаданнямі польскіх палітыкаў нацыяналістычнага лагеру. 

 

Крытыка з боку камуністаў непасрэдна датычыла М.Марцінчыка, які нібыта “няправільна правёў з’езд у Беластоку”. Камуністы абвінавачвалі яго ды іншых сяброў Управы, якія ўдзельнічалі ў працы з’езду, у тым, што яны вядуць ТБШ шляхам апалітычнасці і супрацоўніцтва з паліцыяй. Найбольш рэзка выступала рэдакцыя “Беларускай газеты”, якая была неафіцыйным органам КПЗБ. Нехта “Тэбэшовец”, скажаючы факты, пісаў, што заклік М.Марцінчыка на пачатку з’езду не выходзіць за рамкі Статута арганізацыі, быў не перасцярогай, а рэзалюцыяй, што гэтым заклікам Марцінчык нібыта прызнаваў, што асобныя гурткі вядуць працу з парушэннем Статуту і г.д. 

Аргументы камуністам падкідваў таксама польскі друк. У снежаньскім нумары часопіса “Sprawynarodowościowe” за 1932 г. у адным з артыкулаў беспадстаўна сцвярджалася, што рэзалюцыя Беластоцкага з’езду ТБШ асудзіла выступленні беларускага насельніцтва супраць улады, а таксама ўсе “палітычныя і статутныя адхіленні ў дзейнасці гурткоў” . 

На паседжанні Галоўнай управы 15 студзеня 1934 г. адзначалася, што тэкст выступу М.Марцінчыка не захаваўся, бо ён не быў рэзалюцыяй і не трапіў у пратакол. 

Мікалай Марцінчык пратэставаў, і рэдакцыя “Беларускай газеты” пагадзілася змясціць на сваіх старонках фрагмент ягонага ліста, у якім беларускі дзеяч называў хлуснёй сцвярджэнне, што ён нібыта заклікаў ТБШ да супрацоўніцтва з “паланізацыйнымі арганізацыямі”. Аднак, і пасля гэтага камуністы працягвалі абвінавачваць яго і ўсю Галоўную ўправу ў тым, што яны нібыта праводзяць палітыку накіраваную супраць народных мас. 

  

На з’ездзе ў Беластоку не абмяркоўвалася фінансавая справаздача Акруговай управы, бо пытанне не было падрыхтаванае. У сувязі з гэтым у камуністычным друку з’явіліся абвінавачванні былога старшыні Акруговай управы В.Лукашыка ў фінансавых злоўжываннях. Таксама сцвярджалася датычнасць да іх Мікалая Марцінчыка...

Нягледзячы на рэзкія нападкі і хлусню палітычных апанентаў, М.Марцінчык працягваў працаваць у ТБШ, і ў вялікай ступені менавіта дзякуючы яго вытрымцы Акруговая арганізацыя ТБШ у Беластоку пратрымалася яшчэ два гады.  

 

У красавіку 1934 г. М.Марцінчык узначаліў сельскі шпіталь у мястэчку Нараўка каля Гайнаўкі. Апроч яго ў штаце была акушэрка, тры медыцынскія сястры і санітарка. Насельніцтва добра прыняло ветлівага і кваліфікаванага лекара.  

  

Адначасна лекар працягваў грамадскую дзейнасць. Нават знаходзячыся пад наглядам паліцыі, ён наведваў па справах ТБШ Вільню і Варшаву. На чарговым, ужо нелегальным з’езде ТБШ у 1934 г. Марцінчык ізноў быў абраны сябрам Галоўнай управы. Ён працягваў асветніцкую дзейнасць да закрыцця ТБШ у 1936 г.

  

Увосень 1939 г. савецкія войскі занялі Заходнюю Беларусь, якая была далучаная да СССР. Мікалай Марцінчык па-ранейшаму заставаўся і працаваў лекарам у Нараўцы.  

У чэрвені 1941 г., калі Чырвоная армія адступала пад ударамі нямецкіх войскаў, пад апекай нараўскага лекара апынулася каля 150 параненых чырвонаармейцаў. Медыцынскія сёстры пакінулі шпіталь. Раненых, якіх прыйшлося размясціць у будынку Сельскага савета і Народнага дому, даглядалі толькі М.Марцінчык, акушэрка і санітарка. Колішняму спецыялісту па дзіцячых хваробах давялося перакваліфікавацца ў вайсковага хірурга. Абавязкі аперацыйнай сястры выконвала акушэрка Кацярына Іванаўна, якая пасля вайны стала жонкай М.Марцінчыка. На працягу некалькіх тыдняў ішла барацьба за жыццё салдат, і лекары перамаглі. Памерла толькі 8 цяжкапараненых...

 

Нямецкі гарнізон у Нараўцы быў невялікім і складаўся пераважна з салдатаў сталага ўзросту, якія спачатку ніяк не ўмешваліся ў працу лекараў. Большасць раненых пасля выздараўлення без перашкодаў пакідалі мястэчка, некаторыя схаваліся ў Белавежскай пушчы, сталі партызанамі. 

 

Сярод нямецкіх афіцэраў узнікла падазрэнне, што Марцінчык працягвае аказваць ім медыцынскую дапамогу, але доказы адсутнічалі. Аднак, было прынятае рашэнне зачыніць шпіталь. Пасля непрацяглага арышту Мікалаю Марцінчыку дазволілі пераехаць у мястэчка Белавежу і адчыніць там амбулаторыю для прыватнай медыцынскай практыкі . 

У 1944 г. пасля вызвалення Заходняй Беларусі М.М.Марцінчык з жонкай пераехаў у Гродна. У верасні ён быў прыняты лекарам-ардынатарам у дзіцячы шпіталь і адначасна прызначаны старэйшым інспектарам Гарадскога аддзела здравааховы па дзіцячым установам. Яму таксама прыйшлося выкладаць фармакалогію ў фармацэўтычнай школе. У лістападзе 1944 г. М.Марцінчык стаў галоўным лекарам гарадскога інфекцыйнага шпіталя .Па прычыне вострага дэфіцыту лекараў ён па сумяшчальніцтву працуе педыятрам у абласной паліклініцы, а таксама лекара санітарнай авіяцыі. 

 

У службовай характарыстыцы ад 20 верасня 1946 г. адзначалася: “Доктор Мартинчик принял больницу в запущенном состоянии и в короткий срок привел ее в надлежащий порядок, как в хозяйственном отношении, так и в медицинском обслуживании. Тов. Мартинчик хороший педиатр, внимательный врач, знает хорошо свое дело. Кроме этого неплохо знает рентгенологию. К работе относится добросовестно, хороший организатор, энергичный работник. Вполне соответствует занимаемой должности главного врача и специалиста-педиатра”.Дакумент падпісаў загадчык Аддзела здравааховы Гродзенскага аблвыканкаму Л.Чарвінскі .

 

Да Мікалая Марцінчыка як да лекара высокай кваліфікацыі звярталіся таксама многія наменклатурныя партыйныя і савецкія работнікі горада і вобласці. З першым сакратаром Гродзенскага абкама партыі Пятром Калініным, які ведаў пра тое, што М.Марцінчык падчас вайны дапамагаў партызанам, у лекара склаліся нават сяброўскі адносіны. Верагодна, гэта не ўсім падабалася...

 

29 жніўня 1948 г. Мікалай Марцінчык быў арыштаваны супрацоўнікамі НКУС на падставе даносу. Ён стаўся ахвярай паталагічнай падазронасці. Следства па яго справе працягвалася да сакавіка 1949 г. Допыты праводзіліся спачатку ў Гродне, потым – у Мінску. У якасці матэрыялаў абвінавачвання следчыя выкарыстоўвалі інфармацыю пра падзеі 30-х гг. 

 

Кацярына Марцінчык дамаглася прыёму ў міністра дзяржбяспекі БССР Цанавы. Ён параіў жонцы арыштаванага “ворага” выехаць у Польшчу да сваякоў. Кацярына Іванаўна ў адказ выказала жаданне ў выпадку асуджэння мужа падзяліць яго лёс, як некалі гэта зрабілі жонкі дзекабрыстаў. Цанава з усмешкай заўважыў, што яны былі жонкамі князёў і памешчыкаў.   

 

Ва ўмовах тагачаснага палітычнага тэрору М.М.Марцінчыку было прад’яўлена абвінавачванне ў тым, што ён з’яўляўся “агентам нацыянал-фашызму”, справаў звесці ТБШ з шляху рэвалюцыйнай барацьбы, супрацоўнічаў з польскімі ўладамі. Аднак, следчыя не дабіліся ад Марцінчыка ні прызнання сваёй віны, ні паказанняў на іншых людзей. Ён меў гонар і мужнасць, і не прасіў літасці. 

 

Пастановай Асобнай нарады пры НКУС 12 сакавіка 1949 г. ён быў асуджаны на 10 гадоў. На той час прысуд быў вельмі мяккім. Ён даваў надзею выжыць у сталінскім ГУЛАГу, тым больш што М.Марцінчык быў лекарам. 

 

Пасля прысуду ў Марцінчыкаў канфіскавалі ўсю маёмасць. Пакінулі толькі стол, два крэслы і ложак, на якім сядзела старая маці арыштаванага. Адзін з пакояў заняў супрацоўнік НКУС, якога з цяжкасцю ўсё ж атрымалася адтуль выселіць. Потым падсялілі загадчыка Абласнога аддзелу здравааховы, якому спатрэбіліся ўжо два пакоі. У апошнім і жыла сям’я рэпрэсаванага з шасці чалавек, у т.л. двух малых дзетак. Прычым малодшы сын Мікалай нарадзіўся раней часу якраз у момант арышту бацькі. Лекар-акушэр П.Церашкоў не пабаяўся прыняць роды ў прысутнасці супрацоўнікаў НКУС. Іншы лекар В.Скачэўскі з Ваўкавыску, з якім Марцінчык сябраваў яшчэ з даваенных часоў, неаднаразова аказваў яго сям’і матэрыяльную дапамогу. 

 

М.М.Марцінчыка для адбыцця пакарання накіравалі ў Варкуту ў папраўча-працоўны лагер “Ж” № 175/67, дзе зняволеныя працавалі пераважна ў шахтах і на лесапавале. Але Мікалай Міхайлавіч пазбег гэтых працаў. Ва ўмовах вострага дэфіцыту медыцынскага персаналу яго прызначылі турэмным лекарам. Ён працаваў тэрапеўтам, а з 1951 г. – педыятрам. Лекаваў не толькі зняволеных, але і мясцовае насельніцтва. Сачыў за санітарнай сітуацыяй у лагеры. Праявіў сябе з найлепшага боку, меў некалі падзякаў ад адміністрацыі лагера. 

 

Пасля смерці Сталіна ў М.Марцінчык, як і ў соцень тысяч іншых ахвяраў палітычнага тэрору, з’явілася надзея на аднаўленне законнасці і перагляд іх судовых справаў. Былі створаныя спецыяльныя камісіі, які, аднак, працавалі вельмі марудна. Тым не менш 31 кастрычніка 1955 г. М.М.Марцінчык быў датэрмінова вызвалены. Аднак, пытанне пра яго віну засталося адкрытым. Вярнуўшыся ў Гродна, у снежні 1955 г. ён звярнуўся са скаргай на неабгрунтаванасць прысуду і пакарання ў Савет міністраў СССР. Адказу не атрымаў...

 

Пасля вызвалення пачалася няпростая адаптацыя былога “ворага народа” да нармальнага жыцця. Сітуацыя ўскладнялася тым, што не адбылася яго поўная рэабілітацыя. Мікалая Марцінчыка атачала сцяна недаверу і падазронасці. З цяжкасцю ён дабіўся вяртання кватэры, але ўзніклі праблемы з працаўладкаваннем. Марцінчык звярнуўся ў Абласны аддзел здравааховы, на што адзін з ягоных кіраўнікоў шматзначна заўважыў, што “ўсё ведае пра яго!” Мікалай Міхайлавіч мог разлічваць толькі на такую пасаду, не звязаную з шырокімі кантактамі з людзьмі. 18 лютага 1956 г. ён, нарэшце, атрымаў накірунак на працу лекарам-педыятрам ў Гродзенскі дом дзіцяці.  

 

Дзеля поўнага аднаўлення ў грамадзянскіх правах М.Марцінчык ў лютым 1956 г. накіраваў скаргу ў Генеральную пракуратуру СССР. Толькі пасля гэтага і першая і другая скаргі былі перасланыя “для праверкі і вырашэння па сутнасці” ў Пракуратуру Беларускай вайсковай акругі. Але ў Мінску не спяшаліся з іх разглядам. 

 

Канчатковае рашэнне было прынятае толькі 26 снежня 1956 г., і яно было на карысць Марцінчыка: “Дело Мартинчика Николая Михайловича пересмотрено военным трибуналом Белорусского военного округа 25 декабря 1956 г.  Постановление Особого Совещания от 12 марта 1949 г. в отношении Мартинчика Николая Михайловича отменено и дело за отсутствием состава преступления прекращено. Зам. председателя военного трибунала Белорусского военного округа полковник юстиции Тутаев”.

На жаль, за злачынства ў адносінах да М.Марцінчыка ніхто не панёс адказнасці. Захоўваецца ў сакрэце таксама прозвішча даносчыка.

 

Аднак, публічна агучваць гэтую рэабілітацыю ўлады не збіраліся. У лепшы бок змянілася стаўленне да Марцінчыка толькі ў органах і ўстановах здравааховы. Пасля рэабілітацыі вопытнага лекара-рэнтгенолага прыначаюць загадчыкам адпаведнага аддзялення Гродзенскага абласнога клінічнага шпіталя (1959). Адміністрацыя, калегі і пацыенты ставіліся да яго з вялікай пашанай. На гэтай пасадзе Мікалай Міхайлавіч працаваў да выхаду на пенсію ў 1965 г. 

На жаль, сёння ў калектыве гэтага шпіталя мала хто ведае і памятае пра М.М.Марцінчыка, яго гераічны і трагічны лёс. 

 

Імя і заслугі Мікалая Марцінчыка доўга час замоўчваліся і не атрымалі належнага асвятлення і ацэнкі ў гісторыі Беларусі. Некаторыя літаратары і навукоўцы нават не ведалі пра яго рэабілітацыю. Уладзімір Калеснік у 1965 г. у “дакументальна-мастацкай” “Аповесці пра Таўлая” паўтарыў несправядлівыя абвінавачванні дзеячаў КПЗБ па адрасу Марцінчыка. Гэта было прадстаўлена ў форме дыскусіі супрацоўнікаў рэдакцыі “Беларускай газеты” В.Таўлая і А.Зубовіча. Самому Марцінчыку, які супрацоўнічаў з гэтай газетай, аўтар чамусьці не даў слова. Між тым на яе старонках у свой час друкавалася і праўдзівая інфармацыя пра з’езд ТБШ у Беластоку .

 

У 1973 г. прафесар В.Бржэскі пры падтрымцы адміністрацыі Гродзенскага медыцынскага інстытута (рэктар прафесар Д.Маслакоў) паспрабаваў вярнуць з забыцця імя М.М.Марцінчыка. У Інстытут гісторыі партыі пры ЦК КПБ быў накіраваны запыт пра “рэвалюцыйную дзейнасць” М.М.Марцінчыка ў Заходняй Беларусі (да 1939 г.) з спасылкай на дакументы. Аднак, намеснік дырэктара Інстытута С.Пачанін паведаміў, што Партыйны архіў такіх звестак не мае, а іншыя матэрыялы “не являются основанием для выдачи справок”. 

 

Прафесар Уладзімір Ладысеў у манаграфіі, прысвечанай КПЗБ (1976) не толькі паўтарыў абвінавачванні Галоўнай управы ТБШ як “агентуры нацыянал-фашызму”, але да таго ж заявіў, што сябры Управы Марцінчык, Лукашык ды іншыя нібыта выдаткоўвалі грошы ТБШ на асабістыя патрэбы . Пазней ён прызнаў памылковасць “левацка-сектанцкага” стаўлення КПЗБ да іншых палітычных партый і грамадскіх арганізацый, але пытанне пра “прысваенне” грошай ТБШ пакінуў адкрытым .

Даведаўшыся пра гэтыя абвінавачванні, цяжка хворы Мікалай Міхайлавіч у 1980 г. быў вымушаны звярнуцца з заявай у ЦК КПБ. У тыя часы гэта быў рашучы ўчынак. Але М.Марцінчык быў гатовы абараняць сваё добрае імя, тым больш, што ён ніколі не меў адносінаў да фінансавай палітыкі ТБШ і вельмі часта з уласных сродкаў аказваў дапамогу арганізацыі.

У разглядзе заявы М.М.Марцінчыка, верагодна, прыняў удзел Мікалай Арэхва. Менавіта ён у 1980 г. павіншаваў былога дзеяча ТБШ з святам 1 траўня і пры гэтым паведаміў, што “права вырашылася на яго карысць”. 

 

Аднак, афіцыйнага адказу з ЦК КПБ М.Марцінчык не дачакаўся. Замест гэтага яго наведаў прадстаўнік Гродзенскага абкама КПБ, які ў вуснай форме прызнаў абгрунтаванасць заявы і прынёс прабачэнне. Да ведама шырокай грамадскасці гэтае прабачэнне не дайшло... 

Мікалай Марцінчык памёр 23 траўня 1980 г. Пахаваны на могілках вёскі Алекшыцы. 

Імя і заслугі лекара-падвіжніка і патрыёта Беларусі сталі вяртацца з забыцця толькі ў перыяд “перабудовы”. У Энцыклапедыі гісторыі Беларусі была апублікаваная яго кароткая біяграфія , а ў перыядычным друку з’явілася некалькі артыкулаў . Аднак, Мікалай Міхайлавіч Марцінчык заслугоўвае значна большай увагі нашчадкаў...

 

 

Scroll to top