Прызнаюся шчыра, што хаця я і вельмі люблю вершы, аднак ніколі не быў аматарам творчасці паэтаў, якія жылі ў БССР у міжваенныя гады. Занадта моцную аскоміну набілі бясконцыя хваласпевы шчасліваму жыццю беларускіх працоўных пад кіраўніцтвам партыі, якіх досыць яшчэ было ў мае часы ў школьнай праграме.
Куды больш падабаліся творы нашых, заходнебеларускіх паэтаў: задзірыста-самаўпэўненыя вершы Валянціна Таўлая, суровыя, але адначасова вельмі светлыя радкі маладога Максіма Танка, сумна-меланхалічная лірыка Хведара Ільяшэвіча… Чаму так? Ды таму, што верш, асабліва напісаны ў нейкі важны гістарычны перыяд, для мяне заўсёды адлюстраванне эпохі. Нават калі аўтар гаворыць аб прыгажосці вясновай ночы ці прызнаецца ў каханні дзяўчыне, ён найперш гаворыць пра свой час. І гаварыць гэта ён павінен шчыра. А пра якую шчырасць можна гаварыць,калі праслаўляеш «правадыра», які загнаў твой народ у калгасы, знішчыў лепшых яго прадстаўнікоў і ўжо трымае пісталет каля тваёй галавы?!
Так было да той пары, пакуль мне ў рукі мне не трапіла выдадзеная колькі год таму выдавецтвам «Мастацкая літаратура» кніга вершаў рэпрэсаваных беларускіх паэтаў «Сярэбраныя галасы. Душа мая тужлівая…» Творы, змешчаныя ў гэтай кнізе, сталі адкрыццём, сваеасаблівымі дзвярыма ў душы людзей, якія ў падаўляючай большасці пайшлі з жыцця ледзь-ледзь дажыўшы да трыццаці год.
Аказваецца за класікамі ўздымалася магутнае пакаленне творцаў, якія не проста ішлі «ў рожкі са старымі» і ўсхвалялі савецкі лад. Галоўнымі матывамі іх творчасці было апісанне пачуццяў чалавека, яго адносін з іншымі людзмі, прыродай і часам. І што асабліва дзіўна, паміж аптымістычнымі прапагандысцкімі радкамі амаль скрозь адчуваецца нейкае прарочае ўсведамленне кароткага і надта трагічнага шляху іх аўтараў. Сапраўдны сярэбраны век беларускай літаратуры!
Гартаючы старонкі кнігі, патрапіў на радкі рэпрэсаванага мінскага паэта Міхася Багуна, якія ўжо даводзілася чытаць, але не на папяровых старонках:
Прыду дамоў і срэбную
Матулю абніму…
Яна кашулю зрэбную
Там латае камусь…
З сваёй усмешкай-казкаю
Павернецца ка мне
І скажа
Гэтак ласкава:
- Страсі, Міхаська, снег:
Што, мусіць, зноў
Са сходу ты,
Сыночак мой, ідзеш?
Глядзі, бо сход, мой залаты,
К дабру ня прывядзе!
Недзе ў другой палове дзевяностых, пад час наведвання старых гродзенскіх могілак, Алесь Пятровіч Госцеў паказаў мне адну вельмі цікавую магілу. На адваротным баку помніка быў прымацаваны медальён са здымкам маладога хлопца, на пярэднім баку - здымак інтэлегентнага выгляду старой жанчыны з надпісам пад ім: «Блошкіна Вера Ефімаўна. 1873 – 1963. «Прыду дамоў і срэбную матулю абдыму» сыны Міхась Багун і Мікалай Пабедзін».
Выходзіла, што ў магіле пахавана маці вядомага паэта, а чалавек на здымку на адваротным баку помніка – уласна сам Міхась Багун. Аднак цела паэта ў магіле ягонай матулі няма. Гэтая магіла сімвалічная, каб разам з памяцю пра маці можна было ўшанаваць памяць брата, магілы якога проста не існуе. Знакаміты беларускі паэт Масей Сяднёў пакінуў нам згадку аб смерці Міхася Багуна ў сваіх успамінах аб лёсах беларускіх паэтаў: «Пад гукі «Як умру, то поховайтэ» на руках Звонака і Мікуліча памёр малады беларускі паэт Міхась Багун.
Было гэта ў студзені 1938 г. у Марыінску Новасібірскай вобласці. Арыштаваных трымалі ў нейкай «ліцейцы», дзе па сценах сцякалі чыстыя кроплі вады (на вуліцы было – 45 па Цэльсію а ў «ліцейцы» сотні і сотні людзей)».
З таго моманту, калі гродзенскія краязнаўцы Алесь Госцеў і Уладзімір Васілевіч адшукалі гэтую магілу, прамінула добрых пятнаццаць год. Размовы з гродзенскімі старажыламі, літаратуразнаўцамі, а таксама пошукі ў Гродне людзей з прозвішчамі Блошкін і Пабедзін нічога не далі. Магчыма, нехта з сталіцы валодае інфармацыяй аб тым, як маці рэпрэсаванага паэта аказалася ў наднёманскім горадзе і як прайшлі яе апошнія гады?
Матуля паэта пражыла дзевяноста гадоў. Яна дачакалася рэабілітацыі свайго «залатога» Міхаські, якому, як і любая маці для свайго дзіця, зычыла толькі вялікага-вялікага жыццёвага шчасця. Так не адбылося, але ад словаў на помніку і ад твару жанчыны з сярэбранымі валасамі вее такой цеплынёй, што можна з перакананасцю сцвердзіць – гарадзенцы будуць ушаноўваць памяць маці Міхася Багуна ня менш, чым памяць маці класіка беларускай літаратуры – Максіма Багадановіча, пахаванай зусім недалёка ад магілы Веры Яфімаўны Блошкінай.
Міхась Багун
Ціхія ночы
Вясна і ноч…
Такая ноч,
Якіх пад месяцам нямнога,
Цячэ пахучае віно
Над атуманенай дарогай.
І грудзі п’юць вясновы пах
Кілішкам радасці і волі,
І месяц, выплыўшы на дах,
Ў кудлатай сіні засваволіў.
Вясна і ноч…
Растуць у палёх
Сляпыя крыллі летуценняў,
А ў далях свецяцца,
Як лёд,
Азёр люстраных светацені.
-
Катэгорыя: Гародня ўчора
-
Апублікавана 25 Верасень 2016
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической