Зімой 1863 года на землях Польшчы, Літвы і Беларусі пачалося нацыянальна-вызваленчае паўстанне. Беларусы, палякі, габрэі, літоўцы пры падтрымцы дэмакратычна настроеных колаў рускага грамадства злучыліся ў адзіным парыве змагання супраць царскага самаўладства, а з вуснаў аднаго з правадыроў паўстання – Кастуся Каліноўскага, упершыню прагучала ідэя суверэнітэту беларускага (“мужыцкага”) народа са сваім уласным войскам і беларускай школай у межах федэрацыі свабодных народаў Беларусі, Літвы і Польшчы.

Гродзенцы прынялі актыўны ўдзел у падзеях паўстання 1863-1864 гадоў. Яшчэ ў 1862 годзе была ўтворана Гродзенская Рэвалюцыйная Арганізацыя, у якую ўвайшлі Валеры Урублеўскі, Фелікс Ражанскі, Ідэльфонс Мілевіч, Станіслаў Сангін і многія іншыя. Напярэдадні паўстання і падчас яго неаднаразова наведваў наш горад і Кастусь Каліноўскі.
Яшчэ ў канцы 1980-х гг. кіраўніцтва Гродна і тагачаснай БССР прыняло рашэнне аб ушанаванні памяці правадыра паўстання К. Каліноўскага шляхам устаноўкі помніка яму на адной з плошчаў горада. Для ўстаноўкі помніка нават было выбрана месца – пляцоўка каля дома Прафсаюзаў па вуліцы Савецкай.
На жаль, вось ужо больш за дваццаць гадоў гэты праект чакае рэалізацыі. Сёння, калі мы святкуем 150-гадовы юбілей нацыянальна-вызваленчага паўстання, помнік Кастусю Каліноўскаму ўсё ж такі павінен з’явіцца ў нашым горадзе. Гэта будзе не толькі актам гістарычнай справядлівасці, але і паспрыяе фарміраванню станоўчага іміджа нашага горада як месца, дзе шануюць і зберагаюць гістарычную памяць, дадасць Гродна турыстычнай прывабнасці.

 

1.    Дом Фукса, цяпер крама “Оптыка” (вул. Савецкая №7). Тут на кватэры Ідэльфонса Мілевіча адбываліся сустрэчы ўдзельнікаў Гродзенскай Рэвалюцыйнай Арганізацыі, якія наведваў Кастусь Каліноўскі. Тут жылі “у адных сенях” Сільвестровіч, начальнік Гродзенскага павета, а пазней ваяводскі і Геніўш, начальнік рэвалюцыйнага бюро. Яшчэ адзін жыхар – Талочка Адольф Іванавіч, памочнік ваяводскага Э. Заблоцкага. Тут таксама была аптэка Л. Каліноўскага, магчыма сваяка Кастуся Каліноўскага (раней аптэка належала Л. Дзічкоўскаму, які таксама прыняў удзел у паўстанні). У аптэцы Л. Каліноўскага працавалі аптэкарскія вучні С. Куроўскі, А. Дзмітрыеў, В. Барціцкі, І. Эйслер, якія прынялі ўдзел у сутычцы з царскімі войскамі на чыгуначнай станцыі Гродна.   


2.    Былая мужчынская гімназія (вул. Савецкая №6). Гродзенскія гімназісты прымалі актыўны ўдзел у паўстанні і ў рэвалюцыйным руху няпэрэдадні паўстання. Так яшчэ ў 1861 г. некалькі гімназістаў былі звольнены за спяванне патрыятычных гімнаў. Пасля таго як у пачатку сакавіка 1863 г. шмат гімназістаў (вядома пра 24 чалавек) прыняло ўдзел у няўдалай выправе чыгункай з Гродна, царскія ўлады паставілі ў гімназіі вайсковы каравул з афіцэра і дзесяці салдат. Раней у гімназіі навучаліся наступныя ўдзельнікі паўстання: браты Баляслаў і Эразм Заблоцкія, Уладзіслаў Жалкоўскі, Жыгімонт Урублеўскі, Юзаф Руткоўскі. 

 

 


3.    Дом і гатэль Севярына Ромера (вул. Савецкая №23). Месца сустрэч Кастуся Каліноўскага з удзельнкамі гродзенскай арганізацыі. Севярын Мікалай Ромер (8 мая 1820 – 2 кастрычніка 1885) і яго жонка Тэадора актыўна дапамагалі паўстанцам. У красавіку ці маі (па новаму стылю) 1863 г. адбыўся сход чальцоў гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі па раскладцы падаткаў на памешчыкаў пад кіраўніцтвам С. Солтана. Спачатку сабраліся ў нумары Юндзіла, які тут жыў: Солтан, Камінскі, Багатка, князь Чацвярцінскі, Э. Заблоцкі. Юндзіл здаў сабраныя 3000 руб. срэбрам ваяводскаму касіру Багатцы, Мілевіч схадзіў у сваю кватэру і прынёс 10 нумар газеты “Рух”. Потым у другім нумары снедалі. За сталом сядзелі, акрамя вышэй названых: Мілевіч, Каліноўскі, Ромер, Рэдых, Вайсятыч, Дашкевіч, Сільвестровіч. Прачыталі ўсім інструкцыі чальцоў арганізацыі і 10 нумар газеты “Рух”. Жонка С. Ромера Тэадора кіравала жаночай арганізацыяй, збірала сродкі і медыкаментаў для паўстанцаў. С. Ромер быў высланы ў Томскую губерню, ягоная жонка ў Казнскую, аднак паехала за мужам. Жылі яны ў Табольску, адкуль праз шмат гадоў вярнуліся на радзіму. Пахаваны С. Ромер у мястэчку Лішкава на тэрыторыі Літвы. Гатэль Ромера, канфіскаваны і праданы ўладамі, хаця і называўся “Маскоўскі”, аднак сярод гродзенцаў яго доўга называлі “гатэлем Ромера”, або “гатэлем паўстанцаў”. 

 


4.    Былы акруговы шпіталь (вул. Ажэшкі №9). Шпіталь быў перабудаваны напрыканцы 1850-х гг. з былога бровара баніфратараў. Тут працаваў Іосіф Іванавіч Маркевіч, зборшчык падаткаў для Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі. І.І.Маркевіч нарадзіўся ў 1834 г. у маёнтку Шчанова Навагрудскага павета. Вучыўся ў Віленскай гімназіі і Маскоўскім універсітэце. У 1858 – 1860 гг. працаваў лекарам у Маскве, пасля пераехаў у Гродна. Актыўна працаваў у сферы паляпшэння аховы здароўя для жыхароў Гродна. Напярэдадні і ў час паўстання збіраў у мясцовых памешчыкаў сродкі на карысць паўстанцаў. Быў арыштаваны ў сакавіку 1863 г. і высланы ў Пермскую губерню. Працаваў лекарам на залатых рудніках на Урале. З 1868 г. жыў у Варшаве, працаваў лекарам, актыўна займаўся музыкай. Дапамог стаць мастаком і кампазітарам Мікалоёсу Канстанцінасу Чурлёнісу. Памёр у 1923 г. у Варшаве. Ягоны сын перадаў у Гродна альбом з фотаздымкамі людзей, якія мелі дачыненне да ўдзелу ў паўстанні 1863 г.  


5.    Дамы Элізы Ажэшкі і Абрэмбскіх па вуліцы Ажэшкі №17 і №19. Э. Ажэшка, будучая пісьменніца-дэмакратка, актыўна дапамагала паўстанцам. Жывучы на Палессі разам са сваім мужам Пятром Ажэшкам яна прымала ў сябе атрад Рамуальда Траўгута – будучага дыктатара паўстання. Яе другі муж – Станіслаў Нагорскі, таксама знаходзіўся пад падазрэннем у супрацоўніцтве з паўстанцамі. 10 верасня 1863 г. царскія ўлады праводзілі вобыск. Размешчаны непадалёк трохпавярховы дом №19 быў пабудаваны на зямлі Э.Ажэшкі ў канцы ХІХ ст. сям’ёй Абрэмбскіх. Лёс Абрэмбскіх – тыповы для гродзенскай шляхты, якая падтрымала паўстанне. Любамір Абрэмбскі працаваў дзяржаўным чыноўнікам, працаваў у губернскай палаце дзяржаўных маёмасцей. Падчас паўстання стаў касірам гродзенскай арганізацыі. У яго на кварэты адбывалі сустрэчы паўстанцаў. Арыштаваны царскімі ўладамі быў выяланы ў Сібір і вярнуўся адтуль толькі ў 1878 годзе. Увесь гэты час сям’я ягоная жыла ў вялікай нястачы. Э. Ажэшка пісала пра сына М. Абрэмбскага Максімільяна наступнае: “Калі ягоны бацька, таксама чыноўнік, які займаў досыць высокую пасаду, накіраваўся ў падарожжа, з якога вярнуўся толькі праз 15 гадоў, засталася адна ягоная жонка, жанчына маладая, распешчаная з трыма дзецьмі без ніякіх сродкаў. Найстарэйшы сын быў тады ў 1-й класе і маці яго з 2-й класы забрала. Трынаццацігадовы хлопец ад 8 гадзін раніцы да 10 гадзін вечара пішучы зарабляў за гэта 2, пасля 3,4, 5 рублёў штомесяц і ўтрымліваў сям’ю, а пасля працы насіў яшчэ ваду з ракі, дровы, і усё гэта ў брудным завулку на хлебе і вадзе толькі… У дадатак да ягонай галавы прыплялося імкненне да ведаў.” Пасля вяртання з Сібіры Л.Абрэмбскі стаў блізкім сябрам пісьменніцы, ездзіў разам з ёй у Міневічы.  “Вярнуўся з Сібіры без сродкаў, сіл для працы і аднаго вока. Другое таксама бачыць вельмі слаба. Ён ужо амаль сляпы і аслеп бы цалкам, каб не знайшоў нас і мы яму не з’эканомілі сілаў на астатнія гады жыцця. Гэты чалавек – досыць высокі калісці чыноўнік… да нас прытуліўся. У горадзе ён толькі начуе ў сына, ўвесь час праводзіць у нас,” – пісала пра гэтага паўстанца пісьменніца. Памёр Л. Абрэмбскі ў 1894 г. Э. Ажэшка сама склала эпітафію, якая выбітая на яго магіле: “Сэрцам чыстым і мужным кахаў зямлю і людзей, шанаваў справядлівасць і служыў няшчасцю. Няхай спачывае ў Богу, чые законы выконваў”. Апрача Л. Абрэмбскага на старых гродзенскіх могілках па вуліцы Антонава пахаваны яшчэ некалькі ўдзельнікаў паўстання 1863 г. Сярод іх Эдвард Сасуліч (Засуліч), гродзенскі чыноўнік, абвінавачаны ў дапамозе паўстанцам; удзельнікі паўстання Уладыслаў Календа і Адам Баяроўскі. На могілках ёсць таксама некалькі пахаванняў каталіцкіх святароў, што дапамагалі паўстанцам або былі ў іх шэрагах: ксёндз Шымборскі з парафіі Ставы Брэсцкага павета, пружанскі пробашч Клеменс Гансеўскі, пробашч гродзенскага пабернардынскага касцёла Вінцэнт Янушкевіч а таксама Клеменс Мараўскі, настаяцель парафіі Турасль на Беласточчыне. Апошні актыўна ўдзельнічаў у паўстанні, быў прыгавораны да васьмігадовай катаргі і памёр незадоўга да выезду з горада ў 1865 годзе.  Яшчэ адным сябрам Э.Ажэшкі з ліку былых паўстанцаў быў Ян Каменскі (Камінскі), былы гродзенскі памешчык, акруговы, а пасля павятовы паўстанцкі начальнік Гродзенскага павета. “Рыцар з брыльянтавай душой”, - як яго называла Э. Ажэшка, вярнуўся ў Гродна пасля многіх гадоў блукання ў Сібіры і памёр у красавіку 1896 года.   

 


6.    Памятная шыльда на чыгуначным вакзале. 2 сакавіка (па старому стылю) 1863 года тут адбыўся бой паміж царскім войскам і паўстанцкім атрадам, які павінен быў выехаць з Гродна ў бок Парэчча. Паўстанцы, а гэты былі пераважна гродзенскія гімназісты, першапачаткова планавалі прызначыць пунктам збора маёнтак Гожа, аднак пасля выбралі чыгунку. Атрад быў заўважаны ваенным патрулём Калужскага палка, які падняў трывогу і салдаты атакавалі цягнік з паўстанцамі. Машыніст Вінтэр адчапіў вагоны з паўстанцамі ад цягніка і з’ехаць з горада ўдалося толькі начальніку станцыі Гродна Кульчыцкаму (пасля памёр ад ран) і яшчэ 6 – 8 паўстанцам. Рэшту паўстанцаў салдаты рассеялі, параніўшы двух з іх. У наступныя дні ў горадзе было затрымана яшчэ не менш сарака шасці паўстанцаў.


7.    Месца былога млына па вуліцы Васілька №3. У 1863 г. тут стаяў інтэрнат Прушынскага, так званыя “агульныя кватэры”, дзе жылі гродзенскія гімназісты, якімі апекаваўся выкладчык гімназіі Палятоўскі. Менавіта тут складаўся план выхаду паўстанцкага атрада з Гродна. Яшчэ ў 1920-х гг. удзельнік гэтых падзей Ільдэфонс Клюкоўскі расказваў Юзафу Ядкоўскаму аб тым, што былі два плана дзеянняў – або пасля Вялікадня 1863 г. выйсці з горада невялікімі групамі і сфарміраваўшыся на вёсцы (магчыма ў маёнтку Гожа), далучыцца да атрада Нарбута; або паспрабаваць як мага хутчэй выехаць з горада пры дапамозе чыгункі. На рэалізацыі апошняга варыянта настойваў 20-гадовы гімназіст Аляксандар Букраба і яго падтымала большасць вучняў.  


8.    Былы езуіцкі калегіум, цяпер турма. Будынкі былога езуіцкага калегіўма часткова выкарыстоўваліся царскімі ўладамі як турма з канца 18 ст. У 1820-х гг. непадалёк быў пабудаваны спецыяльны “турэмны замак” спецыяльна для ўтрымання вязняў. Пасля пачатку паўстання ўлады забралі забудову калегіўма ў Фарнага касцёла і прыстасавалі яго для вязняў. З чэрвеня 1863 па жнівень 1865 гг. у гродзенскай турме ўтрымлівалі толькі ўдзельнікаў паўстання. Усе крымінальныя знявольныя былі пераведзены ў былы кармеліцкі кляштар. У будынку былога калегіўма ўтрымлівалі вязняў а таксама з чэрвеня 1863 па кастрычнік 1864 гг. размяшчалася вайскова-судовая і следчая камісія. У турэмным замку ў асобных камерах утрылівалі правадыроў паўстання. У турме ў той час знаходзілася да 200 чалавек пастаянна і штогод праходзіла да 700 перасыльных арыштантаў – удзельнікаў паўстання, якіх накіроўвалі ў іншыя турмы або на катаргу. Напрыклад у ліпені-жніўні 1864 г. у турме адначасова знаходзілася да 380 зняволеных. Умовы ў турме былі вельмі цяжкія – вокны камер не былі зашклёныя, печы амаль не тапіліся, адсутнічалі драўляныя падлогі.
У астрозе сядзелі наступныя асобы з кіраўніцтва паўстаннем: Абрэмскі Людамір, касір рэвалюцыйнай арганізацыі Гродзенскага ваяводства; Ромер Севярын, рэвалюцыйны касір і рэферэнт казны Гродзенскага павета; Рэдых Емельян Восіпавіч, Індурскі акруговы начальнік; Сільвестровіч Станіслаў Янавіч, начальнік Гродзенскага павета, з чэрвеня 1863 г. ваяводскі на 4 павета – Гродзенскі, Сакольскі, Ваўкавыскі і Слонімскі; Цэханоўскі Целесцін Міхайлавіч, у сакавіку (ці студзені) – ліпені 1863 г. быў паўстанцкім начальнікам Гродна; Ягалкоўскі Захарый Купрыянавіч, акруговы начальнік Слонімскага павета.


9.    Аптэка Адамовіча каля Фарнага касцёла. Правізарам у аптэцы працаваў шляхціц з Аўгустоўскага павета Адольф Іванавіч Шмідт. У сакавіку 1863 г. ён падрыхтаваў для паўстанцаў паходную аптэку, якая была захоплена войскамі пад час сутычкі на гродзенскай чыгуначнай станцыі. А.І. Шмідт сцвяржаў, што рыхтаваў лекі па “просьбе невядомай асобы”, аднак быў прызнаны ўдзельнікам паўстання і прыгавораны да высылкі ў Томскую губерню.

 


10.    Памятная шыльда братам Урублеўскім у Фарным касцёле. Зыгмунт Урублеўскі (1845 – 1888), студэнт Кіеўскага ўніверсітэта, працаваў паўстанцкім сакратаром, перапісваў і захоўваў дакументы. Быў высланы ў Сібір у салдаты. Пасля жыў у Кракаве, дзе стаў адным з самых знакамітых фізікаў таго часу (першы здабыў вадкі азот і вадкі кіслатод).

 


11.    Былы кляштар кармелітаў, цяпер “Прыёрбанк”. Кляштар кармелітаў быў зачынены царскімі ўладамі ў 40-х гг. ХІХ ст. Пазней тут размяшчаліся казармы гродзенскага гарнізоннага батальёна. Аднак вольных памяшканняў хапала і летам 1863 г. сюды з гродзенскай турмы перавялі ўсіх крымінальных злачынцаў, месцы якіх у турме занялі ўдзельнікі паўстання. Але і ў былым кармеліцкім кляштары ўтрымліваліся асобы, якія падчас паўстання пацярпелі ад рэпрэсій. Напрыклад тут знаходзіліся жанчыны і дзеці з спаленай войскамі шляхецкай ваколіцы Шчукі (знаходзілася пад Скідзелем), якія чакалі высылкі ў аддаленыя губерні Расійскай імперыі. Пад следствам тут сядзелі і ўдзельнікі паўстання Адам Баяроўскі і Конрад Дашкевіч. Умовы знаходжання ў закінутым кляштары для пазбаўленых маёмасці людзей былі вельмі складаныя. У чэрвені 1864 г. у будынку правалілася столя, амаль не атапліваліся печы. 


12.    Казармы над Нёманам (цяпер Беларускі інстытут правазнаўства). Гэты палацавы комплекс быў прыстасаваны пад казармы напрыканцы 1850-х гг. Тут размяшчаліся расійскія вайсковыя часткі, які ўдзельнічалі ў падаўленні паўстання. Але сярод расійскіх салдат і афіцэраў было даволі шмат тых, хто спачуваў паўстанцам, разумеючы, што царызм вядзе супраць паняволеных народаў былой Рэчы Паспалітай несправядлівую вайну. Сёння вядомыя прозвішчы больш чым трохсот расійскіх афіцэраў, салдат і казакоў, якія перайшлі на бок паўстанцаў і ваявалі ў іх шэрагах. Дэмакратычная арганізацыя – “Камітэт рускіх афцэраў у Польшчы” выдавала і распаўсюджвала сярод рускіх войскаў адозвы з заклікамі не змагацца супраць паўстанцаў. Так у гродзенскіх казармах напярэдадні і ў час паўстання распаўсюджваліся наступныя выданні: “Расійскім войскам у Польшчы” і “Што трэба рабіць войску”. “Вы не рускі народ абараняеце ў Польшчы, –  гаварылася ў адной з такіх адозваў. – Рускі народ не просіць вас аб гэтым… Вы ў Польшчы абараняеце несправядлівае царскае прыцязанне”. 


13.    Памятны знак Валерыю Урублеўскаму на доме №32 па вуліцы Урублеўскага. Прысвечана памяці В. Урублеўскага (1836 – 1908) – удзельніка паўстання 1863 года, пазнейшага генерала Парыжскай Камуны. Валерый Урублеўскі быў бліжэйшым паплечнікам Кастуся Каліноўскага, у пачатку паўстання ён сфарміраваў атрад з навучэнцаў лясной школы ў Саколцы, кіраўніком якой ён быў. Удзельнічаў у многіх баях з царскімі войскамі. Пасля падаўлення паўстання жыў у Францыі, у 1871 г. далучыўся па Парыжскай камуны, стаў яе генералам. Менавіта ён разам з К. Каліноўскім і Ф. Ражанскім выдаваў і пісаў беларускія рэвалюцыйныя песні і газету “Мужыцкая праўда”. 

 

 


14.    Крыж на ўездзе ў былую вёску Грандзічы. У 1862 годзе на гэтым месцы стаяла скульптура святога Яна, каля якой у канцы лета мяшчанін Мікалай Таўрэль знайшоў другі нумар газеты “Мужыцкая праўда”. Газету чыталі жыхары Грандзіч Юзаф Воўк і Антон Яроцкі. У канцы кастрычніка 1862 г. выданне трапіла ў рукі царскіх чыноўнікаў, якія арганізавалі раследаванне, каб адшукаць вінаватых у яго распаўсюдзе. 


15.    Гродзенскі Стары Замак. На працягу ўсяго ХІХ ст. Стары Замак быў вайсковай тэрыторыяй, доступ на якую мелі толькі расійскія жаўнеры і афіцэры. У час паўстання царскія ўлады арганізавалі на Старым Замку месца зняволення для ўдзельнікаў паўстання. Паўстанец Юзаф Ягмінт успамінаў: “Мяне і яшчэ некаторых перавялі на замак, які называўся так таму, што ў ім некалі жыў кароль Стэфан Баторый, а пасля і Панятоўскі, апошні польскі кароль. З гэтага замка звычайна высылалі або вызвалялі… Нашае ўнутранае жыццё на замку хаця і не было вясёлым, але не было і сумным. Мы карысталіся там большай свабодай. Нельга толькі было выходзіць за межы замка. Нам давалі, апрача таго, кнігі, часопісы і даручалі разныя прац. Па вечарах мы збіраліся ў кучкі і спявалі розныя патрыятычныя песні”. Стары Замак заставаўся вайсковым абшарам да 1920-х гг., калі ўся яго тэрыторыя была перададзена музею. У якасці месца ўтрымання для паўстанцаў у гэтыя час выкарыстоўваўся і так званы “летні шпіталь” расійскай арміі, які размяшчаўся ў былых каралеўскіх канюшнях каля харальнай сінагогі па вул. Вялікая Траецкая.


16.    Плошча Тызенгаўза №2. Былое гродзенскае губернскае праўленне. Тут працавалі ўдзельнікі паўстання Эразм Заблоцкі, Адам Баяроўскі і іншыя. У гэтым жа будынку знаходзілася губернская друкарня, дзе друкаваліся афіцыйныя “Гродзенскія губернскія ведамасці”. Рэдактар газеты Ян Антоніевіч Штарк падазраваўся ўладамі ў друкаванні “Мужыцкай праўды”. 


17.    Пабернардзінскі кляштар (вул. Парыжскай Камуны, 1). У 1853 г. кляштар быў зачынены ўладай. Жылыя карпусы здавалі пад жыллё. Тут жыў Руткоўскі Юзэф Юзэфавіч, начальнік Гродна пасля арышта Ц. Цеханоўскага, а таксама сам Целестын Цеханоўскі.

Scroll to top