Чамусці часцей за ўсё, калі ў чарговы раз даведваешся пра смерць знаёмых, першая думка якая прыходзіць у галаву: “Не паспеў”. Гэтак і зараз, калі вечарам на заснежаным прыстанку па дарозе да хаты пачуў - “А ты ў курсе, што памёр Скрабоцкі”, адразу зразумеў – “Спазніўся!”
Я мала ведаў спадара Яўгеніюша. Усе нашыя сустрэчы магчыма пералічыць на пальцах адной рукі - яны адбываліся, часцей за ўсё, у будынку “Саюза Палякаў”, у якім ён спаўняў ролю рэдактара мясцовага часопіса. Адзін раз – гэтак даўно, што зараз цяжка ўзгадаць, заходзіў да яго да хаты. Куды часцей бачыў нейкія артыкулы, каментары, допісы ці то ягонага аўтарства, ці напісаныя пры ягоным удзеле. Іншым разам прыходзілася чуць ягонае імя ў гутарцы з людзьмі з атачэння розных гарадзенкіх польскіх устаноў. Гутаркі гэтыя былі розныя...
Яуген Скрабоцкі – гэта той чалавек, які зрабіў шмат у даследванні мінуўшчына нашага краю, але яшчэ больш паспеў назапасіць – недапісанага, недаробленага. Дастаткова было кароткай сустрэчы з ім, каб адчуць, якія каштоўныя веды ён трымае пры сабе, якімі фаткамі, дакументамі, здымкамі, кнігамі валодае. Што-нешта выходзіла на старонках “Magazyna Polskiego”. Я да гэтага часу памятаю, як некалькі дзён запар перапісваю фантастычныя – як мне здаваліся, звесткі з мясцовага архіва па крымінальнай справе Сергіюша Пясецкага – той самай, што скончылася вязніцай і ў выніку – дзіўнай і яскравай з’явай у польскай літаратуры. Звесткі былі, як гавораць “сенсацыяй”. Аднак, як гэта здараецца калі-некалі, варта мне было скончыць справу, як амаль наступнага дня ў рукі выпадкова патрапіў чарговы нумар “Magazyna...”, у якім тыя ж дакументы былі ўжо надрукаваны рукою пана рэдактара, а я са сваімі нататкамі – спазніўся.
Тады я зусім не шкадаваў – няма чаго. Зараз, калі я зноў спазніўся – на гэты раз завітаць і паразмаўляць, шкада надзвычайна. Таксама, як калісці не хапіла часу для апошняй сустрэчы з тым жа Валерам Задалёй. Ведаю ж – узрост, хвароба, аднак, неяк неёмка прыходзіць да чалавека, турбаваць яго без асаблівай прычыны. Бо нагода заўсёды адна – пачуць нешта новае для сабе, даведацца пра падзеі ды асобы, якія іншым амаль невядомыя. Ці варта гэтае таго?
Апошнія гады імя пана Яўгеніюша неяк сыйшло ў цень, галоўным чынам у сувязі з ягонай хваробай, аднак і з тымі выпадкамі, якія адбываюцца вакол мясцовага польскага асяродка. Магчыма, што я памыляюся, але, здаецца, і ягоны сыход для большасці прайшоў незаўважаным.
І ўся ж такі, няхай гэтыя радкі будуць данінай апошняй павагі для чалавека і гісторыка, якім быў спадар Яўгеніюш...
Jendrus
-
Катэгорыя: Жыццё горада
-
Апублікавана 17 Люты 2010
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической