Маляўнічая даліна Котры яшчэ ў раньнім сераднявеччы прыцягвала людзей сяліцца ня яе багатых землях. Першымі нам знанымі пасяленцамі былі літоўскія плямёны, аб чым сьведчыць балцкая этымалёгія назвы ракі.

Ад ХІ ст. берагі Котры асвойваюць славяне, якія ўкліньваюцца між літоўцамі, прадзіраючыся ўглыб, ажно да Берштанскага возера. Сёньня гэтыя ваколіцы прывабліваюць гарадзенцаў гожасьцю сваіх прыродных кшталтаў. Насычаная мінуўшчына рэгіёну зьяўляецца ўсё больш пільнай увагі прадметам гістарычных і краязнаўчых дасьледваньняў.

 
 

Вёска Котра, сёньня амаль прадмесьце Скідзеля. У верасьні 1915 тутака вядуцца моцныя супрацьстаяньні між адступаючай расейскай арміяй і надыходзячымі авангардамі нямецкіх войскаў. Адным з галоўных стратэгічных аб’ектаў баёў зьяўляецца чыгуначны мост праз Котру, непадалёку якога паўсталі могілкі. У міжваенныя гады немцы прыяжджалі сюды, каб прывесьці ў парадак могілкі, былі адлітыя новыя бэтонныя надмагільныя табліцы. Пазьней, ужо пры незалежнай Беларусі, могілкі былі новаўпарадкаваныя. І сёньня за могілкамі даглядаюць, скошаная трава, акуратныя таблічкі, на якіх і зараз можна прачытаць імёны загінулых нямецкіх жаўнераў.

 
 

Маёнтак Кашубінцы. У 18 ст. належаў езуітам, потым Храбтовічам і Данкевічам. Блаўдзевічамі каля 1870 г. у вернутым пасьля канфіскацыі за ўдзел ў паўстаньні маёнтку была збудаваная драўляная сядзіба з чатырохслуповым ганкам і з гаспадарчымі пабудовамі – тыповы выгляд сярэднепамеснай шляхецкай сядзібы таго часу. Вакол быў закладзены пэйзажны парк, у якім знаходзілася “зялёная альтанка” ў выглядзе пасаджаных па квадраце старых ліпаў з пакладзенай у цэнтры яшчэ ў часы езуітаў мэмарыяльнай плітой.

Сёньня ў сядзібе жывуць некалькі сем’яў. Будынак пакуль знаходзіцца ў досыць неблагім выглядзе. Захаваліся ліпавыя і дубовыя алеі і ставы, хоць і занядбаным стане, але амаль непарушаныя.

 
 
 
 
 

Драўляны барочны касьцёл у Кашубінцах быў збудаваны місіяй езуітаў у сярэдзіне 18 ст. Касьцёл знаходзіцца фактычна сярод мора праваслаўных вёсак даліны Котры; бліжэйшыя каталіцкія аколіцы Абуховічы, Талочкі ляжаць у некалькіх кілямэтрах на захад. На паўднёвай сьцяне касьцёла можна пабачыць рэшткі сонечнага гадзіньніка.

Навокал касьцёла могілкі. Адным з найбольш цікавых пахаваньняў зьяўляецца склеп сям’і Выганоўскіх, разрабаваны вандаламі...

Некалькі дзясяткаў мэтраў ад касьцёла стаіць выкладзеная недзе на мяжы 19-20 ст. з чырвонай цэглы плябанія. Дакладны год збудаваньня цяжка адразу высьветліць – лічбы на франтоне на жаль пазьбіваныя...

 

Вёска Галавачы. Мураваная праваслаўная царква была збудавана ў 1870 г. Храм – яскравы прыклад “народных” цэркваў, калі пасьля задушэньня паўстаньня склікаліся народныя сходы, на якіх вырашалася зьбіраць зь сялянаў складкі на будаўніцтва храма.

 

Фальварак Задуб’е. Зараз у межах мястэчка Азёры. Нэаклясыцыстычны будынак сядзібы аточаны рэшткамі парка знаходзіцца непадалёку возера Рыбніца. Зараз будынак у закінутым стане.

 

Возера Белае.

 

Вёска Новая Руда ляжыць між Антвозерам і Дзервяніскім. Навокал старажытная Гарадзенская пушча. Драўляны касьцёл збудаваны перад самай Другой Сьвятовай вайной у так званым мадэрновым “закапянскім” стылі. У брэжнеўскія часы касьцёл як і многія храмы быў забраны пад склад. У перабудову вернуты вернікам. Касьцёлам апякаюцца рэдэмптарысты.

 

Вёска Глушнева ляжыць па берагох возера Вераўскога. Далей на поўнач цераз стары палігон ужо Летува. Яшчэ нядаўна тут знаходзіўся пост памежнікаў. Але памежная зона пасунулася. Закінуты пост стаіць зараз відмам на краю вёскі.

Scroll to top