Кароткая гісторыя малавядомага драўлянага шэдэўра ў ваколіцах Гродна. Яе час амаль палічаны і хутка гэты будынак будзе знесены.
Гісторыкам, якія некаторы час таму прасілі ўнесці гэты будынак у спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Аднак атрымалі адмову. Цяпер жыхары з будынка які належыць агракамбінату "Скідзельскі", патроху адсяляюцца.
Шляхецкая ваколіца Бракава вядома з пачатку 18 ст. У 1793 г. згадваецца як “Ваколіца Бракава Гажкоўскіх”. Самі Гажкоўскія (Gorzkowscy) у Бракаве ў той час не жылі, а былі прапісаныя ў недалёкай ваколіцы Стэцкі (Фердынанд Гажкоўскі з жонкай Багумілай і двума дзецьмі). У 1870 і 1905 г. Бракава фігуруе як фальварак у Лашанскай воласці Гродзенскага ўезда, які належаў Гажкоўскім. Па перапісе 1921 г. у Бракаве жылі 9 жанчын і 7 мужчын (з іх 11 католікаў і 5 праваслаўных). У маёнтку было 2 жылыя будынкі і ніводнай гаспадарчай пабудовы (магчыма, згарэлі падчас Першай сусветнай вайны). У 1923 г. маёнткам Бракава валодаў Уладзіслаў Гажкоўскі. Маёнтак складаўся з 68 дзесяцін ворнай зямлі і 11 дзесяцін пасбішча (у сумесным валоданні з Ганнай Ядкоўскай). Сядзібны дом узведзены ў канцы 1920-х гг. Уладзіславам Гажкоўскім у для сваёй сям’і. Быў акружаны гаспадарчымі пабудовамі, дзе між іншым трымалі паўлінаў. Пасля 1939 г. у будынку жыве адразу некалькі сем’яў. Сёння ўваходзіць у межы вёскі Свіслач.
Комплекс сядзібны Бракава. 1920-я гг. Жылы драўляны будынак у закапанскім стылі і мураваны дом для прыслугі.
Месцазнаходжанне, дакладны адрас комплекса.
Гродзенская вобласць, Гродзенскі раён, Свіслацкі сельсавет, вёска Свіслач, вул. Лясная, 5.
Мастацкая каштоўнасць і сучасны стан, аналогіі.
Пабудаваны ў 1920-х гг. Панская сядзіба.
Архітэктурны стыль –Закапанскі ці Дварковы.
Корпус 1
Будынак жылы двухпавярховы, драўляны, збудаваны зрубам на мураваным цокалі, крыжападобны ў плане. Цокаль будынка – непатынкаваны, збудаваны з бутавай часанай муроўкі, а верхняя крайма – з жоўтае цэглы, пастаўленай старчма.
Сіметрычны галоўны фасад з цэнтральным рызалітам, які завяршаецца трохкутным шчытом, кансольна вынесеным за плашчыню сцяны з абапіраннем на шэсць фігурна абцясаных квадратных слупоў, што ўтварае падабенства лоджыі ці балкона. Першы паверх рызаліта прарэзаны простакутным дзвярным празорам галоўнага ўваходу з бетоннымі паўкольнымі ў плане прыступкамі з бетоннымі жа нізкімі прафіляванымі агародкамі перад ім. Перад галоўным уваходам маецца драўляная вяранда, над якой раней, імаверна, размяшчаўся драўляны балкон. Вяранда прарэзаная простакутнымі ваконнымі і двярнымі празорамі. Другі паверх рызаліта прарэзаны параю сіметрычных простакутных з простымі ліштвамі ваконных празораў, можна меркаваць, па цэнтры маецца простакутны дзвюхстворкавы дзвярны празор. Трэці паверх рызаліта прарэзаны сіметрычна размешчанымі простакутнымі ваконным і дзвярным празорамі з простымі ліштвамі, маецца простая агароджа з поруча, што мацуецца на шэсць фігурна абцясаных квадратных слупоў. Шчыт над рызалітам гарызантальна ашаляваны, прарэзаны паўцыркульным празорам і мае дэкаратыўны элемент у выглядзе сонца, што ўзыходзіць. Сцены паабапал рызаліта прарэзаныя аднолькавымі шырокімі ваконнымі празорамі з простымі ліштвамі.
Сіметрычны дваравы фасад прарэзаны простакутнымі ваконнымі празорамі з простымі беленымі ліштвамі, завяршаецца высокім дахам з прычолкам, шчыт прычолка прарэзаны паўцыркульным празорам, дэкараваны плоскім карнізам па верхняе крайме шчыта. Плашчыня схілу даха пад прычолкам мае па цэнтры шырокую люкарну на ўсю шырыню ніжняе краймы шчыта прычолка з простакутнай сценкаю, прарэзанаю двума простакутнымі з простымі ліштвамі вокнам. Паабапал люкарны, але на розных спадах даха, маюцца дзве непатынкаваныя з жоўтае цэглы вельмі высокія пячныя трубы.
Несіметрычны бакавы фасад, што знаходзіцца леваруч ад галоўнага, мае выступ з правага боку з вуглавым простакутным у плане балконам. Дах над выступам і балконам – агульны, з прычолкам, прычым балкон трымаецца на трох фігурна абцясаных слупох, а частка даха над балконам – на чатырох такіх жа. Першы паверх фасада прарэзаны параю дзвярных празораў з фрамугамі, а таксама шырокімі ваконнымі празорамі – усе з простымі ліштвамі. Левы двярны празор – з разнымі філёнкамі. Таксама маецца зусім невялікі і без ліштваў квадратны ваконны празор на сцяне ля балкона. Перад левай часткаю фасада маецца простакутны ў плане бетонны невысокі ганак з бетоннымі жа прыступкамі з боку дваравога фасада. Другі паверх прарэзаны простакутнымі дзвярным празорам выхаду на балкон і шырокім ваконным празорам у правай частцы – усе з простымі ліштвамі. Шчыт прычолка вертыкальна ашаляваны і прарэаны кольным празорам.
Несіметрычны бакавы фасад, што знаходзіцца праваруч ад галоўнага, мае выступ з левага боку, дах на выступам – з прычолкам. Першы паверх фасада прарэзаны дзвярнымі з фрамугамі і шырокімі ваконнымі празорамі – усе з простымі ліштвамі. Перад праваю часткаю фасада маецца простакутны ў плане бетонны невысокі ганак з бетоннымі жа прыступкамі з боку дваравога фасада. Другі паверх прарэзаны шырокімі ваконнымі празорамі з простымі ліштвамі. Шчыт прычолка вертыкальна ашаляваны і прарэаны кольным празорам.
Злом плашчыняў даха, што вынесены на драўляных кансольных з фігурна абцясанымі канцамі бэльках, дазваляе сцвярджаць пра ўжыванне сыстэмы кабылак па мурлаце ў канструкцыі яго кроквенай сыстэмы, захаваліся цагляныя непатынкаваныя з жоўтае цэглы пячныя трубы, выведзеныя на вільчак і ня толькі. Вільчак, што злучае бакавыя фасады – вышэйшы за вільчак, што лучыць фасады галоўны і дваравы.
Плашчыні сценаў будынка ўяўляюць сабою неашаляваныя непабеленыя і непафарбаваныя паверхні зруба з таксама неашаляванымі і ніяк не дэкараванымі рагамі, рубленымі ў чашку, то бок з выступаючымі канцамі бярвенняў. Беленыя ліштвы празораў на фоне фасадаў у колеры цёмнага дрэва стваралі кантрастную гульню колераў, тады, як пластыка непабеленых фігурных слупоў ініцыявала гульню светлаценю і ўсе разам растаўлялі акцэнты ў архітэктурнае кампазыцыі.
Корпус 2
Будынак жылы мураваны аднапавярховы, простакутны ў плане, завершаны двухспадным дахам з цаглянаю непатынкаванаю пячной трубой на вільчаку даха. Сцены патынкаваныя, пабеленыя, прарэзаныя простакутнымі ваконнымі і двярнымі празорамі без ліштваў.
Абодва карпусы разам складаюць цэльны комплекс, дзе корпус 1 грае асноўную, а корпус 2 – дапаможную ансамблевую ролі.
Унікальнасць ансамблю надае:
Па-першае, нетыповае для Закапанскага стылю рашэнне корпуса 1, які рэпрэзэнтуе з аднаго боку гібрыд згаданага Закапанскага стылю з мясцовымі традыцыямі драўлянае архітэктуры, для якой, для прыкладу, былі ўласцівыя вуглы ў чашку насуперак нямецкім вуглам стылю Дварковага і шырэй, драўлянай архітэктуры заходнебеларускага рэгіёну;
Па-другое, нетыповае гібрыднае рашэнне пералічаных у папярэднім абзацы асаблівасцяў з фігурнымі (паўкольнымі) ў плане мураванымі прыступкамі, больш уласцівымі для стылістыкі Барако ці Неабарако;
Таксама цікавае аб’яднанне ў вадным ансамблі драўлянай і мураванай пабудоваў, дзе мураваная грае другасную ролю перад драўлянай, але не наадварот.
-
Катэгорыя: Праблемы захавання спадчыны
-
Апублікавана 24 Ліпень 2015
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической