Нішто так добра не характарызуе маральныя якасці чалавека, як яго адносіны да слабейшага, хворага, бездапаможнага. Кожны разумее, што дапамагаць трапіўшаму ў бяду добра і шляхетна, але толькі некаторыя народы ўзвялі міласэрнасць на ўзровень рэлігійнага закона.
Вельмі сваеасаблівае разуменне дабрачыннасці ў прыхільнікаў іўдаізму. Бадай што галоўнай мэтай гэтай рэлігіі з'яўляецца дасягненне справядлівасці у адносінах чалавека з Богам, прыродай, іншай асобай, самім сабой. Таму вельмі паказальна, што іўрыцкае слова "цдака", якое значыць "справядлівасць", перакладаецца таксама як "дабрачыннасць". Для іўдзея займацца дабрачыннасцю - азначае не проста паступаць добра, але і справядліва. Той, хто не падае жабраку, парушае рэлігійны закон, таму што Талмуд загадвае кожнаму верніку штогод аддаваць 1/10 прыбытку на карысць бедным. Калі ён ахвяруе менш, то абыходзіцца несправядліва з беднымі, калі ж аддае больш за 1/10, то паступае нядобра з уласнай сям'ёй.
І нават на фоне стаўлення да дабрачыннасці як да рэлігійнай нормы ў яўрэйскім асяроддзі вылучаліся людзі, пра міласэрнасць якіх хадзілі легенды. Адзін з такіх праведнікаў жыў у мінулым стагоддзі ў Гародні. Уласная сям'я рэба Нохума Каплана, ці, як яго ласкава называлі, рэбэ Нохумке, жыла вельмі бедна. Пасада сінагагальнага служкі пры малітоўным доме прыносіла зусім мала грошай. І тым не менш наш герой ніколі не забываў, што заўсёды знойдуцца людзі, якім у гэтую хвіліну яшчэ цяжэй. Таму за яго абедзенным сталом заўсёды можна было ўбачыць жабракоў, салдат з яўрэяў альбо вучняў, якія дзеля вучобы ў ешыбоце ці талмуд-торы пакінулі бацькоўскі дах і трапілі ў галечу. Расказвалі, што ён пачаў займацца дабрачыннасцю яшчэ ў юнацкія гады, калі яму было толькі 13 год. Таму, набыўшы на жыццёвай дарозе немалы вопыт, ён зразумеў, што лепшы спосаб дапамагчы чалавеку - гэта даць яму шанц самому выбрацца з бяды, і імкнуўся падтрымліваць чалавека ў пачынанні ўласнай справы, каб таму не прыходзілася больш шукаць дапамогі.
Раніца рэба Н. Каплана пачыналася з набажэнства і лекцый па гісторыі ды практыцы іўдаізму, якія ён чытаў у трох школах. Паснедаўшы, ён пачынаў сваю любімую справу - абыходзіў горад, збіраючы ахвяраванні для бедных. Не аднойчы бывала, што ў яго палатняны мяшэчак кідалі грошы і хрысціяне: усе былі ўпэўнены, што сродкі пойдуць на добрыя справы. І сам ён ніколі не адмаўляў у дапамозе людзям іншага веравызнання.
Асабліва цяжкім станавіўся яго мяшэчак у пятніцу, напярэдадні шабату, калі ўвесь яўрэйскі квартал рыхтаваўся да наступлення свята. Апрануты ў святочнае адзенне, Н. Каплан абыходзіў яўрэйскія вулачкі і папярэджваў, што самы час адкласці справы і пачынаць святкаваць. Дык вось, аднойчы, праходзячы па Школьнай вуліцы, ён пагрукаў у вакенца прыпазніўшагася беднага рамесніка. Сказаўшы яму, што пара ўжо закончыць працу, наш знаёмы рушыў далей, але пачуў злосныя словы, кінутыя яму ў спіну жонкай бедняка: "У яго ўжо шабат, а мне няма на што нават набыць свечку!". У тую ж хвіліну ён вярнуўся назад, зноў паўтарыў: "Шабат!" і, кінуўшы ў вакенца купюру, знік.
Шабат - гэта рэлігійнае свята, сустракаць якое трэба ў сям'і, выконваючы шматлікія абрады. Ведаючы, што многія з салдат-яўрэяў, якія служылі ў Гародні, не маюць магчымасці выканаць прадпісаныя іўдаізмам тры суботнія трапезы, Н. Каплан узяў на сябе складаную місію размеркавання салдат па сем'ях іх аднаверцаў. Казалі, што адзін заможны яўрэй кожны раз на прапанову Н. Каплана запрасіць да сябе ў шабат салдата адказваў, што ў яго вячэрае бедны сваяк. Дабрачынца здагадваўся, што міфічны сваяк - толькі адгаворка сквапнага суседа, і вырашыў яго правучыць. Вечарам перад святам Н. Каплан прыйшоў да яго і папрасіў дазволу правесці святочную вячэру ў яго сям'і. Чалавек ўзрадваўся, бо прымаць праведніка ў сваім доме на свята - вялікі гонар, але здзіўлена запытаўся: "Чаму шаноўны рэб не хоча ў такі дзень раздзяліць трапезу з ўласнай сям'ёй?". - "Маеце рацыю, так будзе лепш, але я пакіну вам замену," - адказаў той і правёў у хату некалькі салдат. Пасаромлены яўрэй больш ніколі не адмаўляўся ад гасцей на шабат.
Аднойчы вечарам Н. Каплан апынуўся ў заможным яўрэйскім доме. Ішла буйная гульня ў карты, і на стале ляжаў ужо вялікі пачак грошаў. Нечакана для прысутных са словамі: "Панове, я выйграў!”, - ён згроб грошы ў свой мяшэчак для ахвяраванняў. Маладыя людзі не толькі не абразіліся, але дадалі яшчэ значную суму, дзякуючы, што ён напомніў ім ісціну: у шчасці заўсёды памятай пра тых, хто зараз у нястачы.
Тым, хто пытаўся, дзе ён знаходзіць сілы ўвесь час працаваць для іншых, рэб Нохум адказваў: “Калі вы былі б упэўнены, што калі пойдзеце ў лаўку, то не застанецеся ў пройгрышы, ці не пакінулі б вы абед, каб бегчы туды? Так і я не хачу згубіць барыш, бо дабрачыннасць - мой гандаль”.
13 кастрычніка 1897 года на 68 годзе жыцця рэба Нохума Каплана не стала. Чалавек, які збіраў ад 100 да 150 рублёў у тыдзень (вялікія на той час грошы) на дабрачыннасць, пакінуў сваю жонку і дзяцей у галечы, таму што сам, ледзь зводзячы канцы з канцамі, лічыў сябе не ў праве пакарыстацца хоць капейкай з грамадскіх сродкаў. Шануючы яго добрыя справы, грамадства назбірала 3 000 рублёў на дапамогу сям'і памерлага. 15 000 чалавек праводзіла Н. Каплана ў апошні шлях. Яны называлі яго цадзікам (праведнікам) і святым, бо нават іншаверцы лічылі, што калі ён дакранецца да хворага, то той паправіцца. Чалавек адыйшоў, але памяць пра яго засталася ў апавяданнях і ў назве вуліцы, якая стала насіць яго імя.
Другім напрамкам дабрачыннасці ў гарадзенскім яўрэйскім грамадстве была дапамога бедным, старым і сіратам. З гэтай дзейнасцю было звязана імя шырока вядомага сваімі добрымі справамі купца першай гільдзіі Беньяміна Гешэлевіча Ашкеназі. У 1857 годзе ён узначаліў, працаваўшы ў Гародні на грамадскія сродкі, шпіталь для бедных яўрэяў, дзе прымалі таксама старых і жабракоў. Да 1857 года за працай гэтай установы сачылі А.Канэль, 3.Эпштэйн і І.Броўда. Яны дрэнна спраўляліся са сваімі абавязкамі, бо, нягледзячы на выдзяленне кагалам 2125 рублёў, шпіталь "прыйшоў у поўны заняпад. Дакумент сцвярждае, што нават урач з "мясцовага ваеннага шпіталя ад двух ужо месяцаў наведванні спыніў”. У гэты цяжкі момант Б.Г.Ашкеназі займае адразу дзве грамадскія пасады загадчыка лячэбніцы і касіра.
Першай жа справай новага загадчыка было паляпшэнне ўмоў жыцця для хворых і старых яўрэяў. Стары будынак быў цесны і знаходзіўся ў дрэнным стане, таму ў 1867 годзе была набыта зямля на Татарскай вуліцы, 26 чэрвеня 1868 года закладзены фундамент, першы камень у які паклаў князь Крапоткін. Стары будынак таксама не прапаў дарма - тут размясцілі яўрэйскі прытулак (1870), якім апекаваўся кравец Залман. У гэтай установе жылі і вучыліся 80 яўрэйскіх дзяцей. Вось апісанне новага будынку яўрэйскага шпіталя: "Наш яўрэйскі шпіталь знаходзіцца на адкрытай маляўнічай мясцовасці, вылучаецца добрым паветрам і здавальняючымі гігіенічнымі ўмовамі. Сам будынак шпіталя наўрад ці не лепшы ў горадзе па свайму ўладкаванню і даволі прыгожай унутранай аздобе”. Ашкеназі прыйшлося ўзяць на сябе вырашэнне ўсіх праблем шпіталя, галоўная з якіх - недастатковае фінансаванне - не дазваляла запрасіць настала ўрача. Астатнія 12 членаў Савета не хваляваліся аб гэтым.
Б.Г.Ашкеназі прыйшоў да высновы: каб наладзіць дабрачынную працу ў абшчыне, неабходна стварыць пастаянны орган. Дабрачынны камітэт, які складаўся з 12 членаў, пачаў збор сродкаў для бедных. Для гэтага ў кожнай сінагозе і малітоўнай школе былі прызначаны два чалавекі, якія раз у месяц вялі збор ахвяраванняў з прыхаджан. Яўрэйскія жабракі збіраліся на Школьным двары і атрымлівалі з рук грамадскага рабіна і чатырох членаў Камітэта дапамогу, памер якой залежаў ад колькасці сям'і, узросту і стану здароўя таго, хто звяртаўся за падтрымкай. У студзені і лютым 1869 года адбыліся дзве раздачы, на якія сабраліся 275 чалавек, і было аддана 230 рублёў.
Летам 1871 года ў Гародні пачалася эпідэмія халеры. Ашкеназі "па ўказу Яго Імператарскай Вялікасці з губернскага праўлення" бярэ на сябе апякунства над халерным аддзяленнем, якое было створана ў будынку Старога замка. Працягваецца і асноўная праца Ашкеназі ў шпіталі: у 1877 годзе тут створаны 5 ложкаў для хворых і параненых салдат. У 1787 годзе была адчынена багадзельня для 20 старых яўрэяў. У руках Ашкеназі знаходзіўся таксама збор для іерусалімскай абшчыны. Гэты своеасаблівы падатак збіраўся на масла для нязгаснай лампады ў іерусалімскай сінагозе, падтрымкі яўрэйскіх абшчын у Палесціне і старых, якія хацелі дажыць свае апошнія дні на Святой зямлі.
28 траўня 1887 года быў зацвержданы Статут гарадзенскага яўрэйскага шпіталя. У гэтым дакуменце зафіксаваны крыніцы фінансавання: скрыначны збор, даходы па завяшчанню А.Лебедзева, грошы ад пацыентаў. Існаваў таксама пункт, згодна з якім бясплатныя медыцынскія парады маглі атрымліваць хворыя беднякі, якія не трапілі ў шпіталь. 6 снежня 1893 года Беньямін Гешэлевіч Ашкеназі памёр. За час сваёй шматгадовай адданай працы ён быў узнагароджаны залатым і срэбраным медалямі на Станіславаўскай стужцы. На пасяджэнні Савета гарадзенскага яўрэйскага шпіталя 10 снежня 1894 года прагучала нямала добрых слоў пра гэтага чалавека. Пажадаўшы захаваць памяць аб Б.Г.Ашкеназі, прысутныя вырашылі заказаць партрэт дабрачынцы для канторы гэтай установы.
У канцы XIX стагоддзя яўрэйская лячэбніца пашырылася. Калі на 1880 год тут было 40 хворых, то на 1898 год - 60 хворых, 2 урачы i 2 фельчара, то на 1901 год - 56-81 хворых. У 1898 годзе заснавана яўрэйскае таварыства аказання дапамогі бедным хворым. Сябры таварыства збіраліся запрашаць на свае сродкі дахаты да хворых урачоў, дапамагаць харчамі, медыкаментамі, грашыма. Арганізацыя магла адчыняць грамадскія сталоўкі, шпіталі, танныя кватэры.
Як адзначалася ўжо вышэй, вялікае значэнне ў рэлігійным рытуале іўдзеяў мае чытанне святых тэкстаў. У сувязі з гэтым асабліва важным лічыўся яшчэ адзін напрамак дабрачыннасці - дапамога навучэнцам. У 1906 годзе было створана Таварыства папячэння над беднымі вучнямі-яўрэямі горада Гародні “Навука і прызванне”. У яго статуце былі азначаны асноўныя напрамкі дзейнасці: 1) адкрыццё дзіцячых садкоў, інтэрнатаў, сталовак, танных кватэр, аплата падручнікаў; 2) выплата грашовай дапамогі; 3) забеспячэнне немаёмасных вучняў кватэрамі, вопраткай і ежай. У 1907 годзе Таварыства фінансавала навучанне 7 яўряэў, у 1910 годзе назбірала на набыццё падручнікаў 37 рублёў 78 капеек, а ў 1912 годзе - 31 рубель 50 капеек. Настаўнікам было выплачана адпаведна 395 і 420 рублёў.
У 1907 годзе ў Кіеве пачало працу Таварыства дапамогі яўрэйскім настаўнікам і меламедам горада Кіева і мяжы яўрэйскай аселасці. Праз два гады яго аддзяленне было адчынена ў нашым горадзе. Акрамя маральнай і юрыдычнай падтрымкі беспрацоўных, сірат і ўдоў настаўнікаў, аказвалася медыцынская дапамога. У час канікул працавалі педагагічныя курсы, выдаваліся часопісы, арганізоўваліся чытанні на школьныя тэмы. У нашым горадзе філіял Таварыства дапамогі яўрэйскім настаўнікам узначаліў А.М.Канштам. У 1910 годзе ў Гародні Таварыства адчыніла бібліятэку ў будынку талмудторы. Яна налічвала 227 тамоў па методыцы, дыдактыцы, педагогіцы, псіхалогіі, логіцы, кнігі па гісторыі, часопісы і даведнікі. На канец 1911 года ў гарадзенскім філіяле Таварыства было 63 сябры, на канец 1912 года - 66. Вось тэмы некаторых лекцый, якія правяла гэтая арганізацыя ў нашым горадзе: "Пра класную дысцыпліну", "Пра пакаранні", "Пра метады навучання першапачатковай грамаце", "Пра летнія настаўніцкія курсы".
У 1914 годзе "першыя дамы" гарадзенскага яўрэйскага грамадства (жонкі ўрачоў Т.Я.Хазан і Е.Б.Гаўхман, жонка грамадскага рабіна Ф.А.Гальперн) заснавалі Таварыства дапамогі яўрэйкам-вучаніцам гімназій. На пачатку ХХ стагоддзя колькасць дабрачынных таварыстваў Гародні павялічылася. Гэта былі сярод іншых: таварыства дапамогі падаючым (падтрымка бедных сем'яў); забеспячэння дровамі і іншымі прадметамі першай неабходнасці беднага насельніцтва Гародні; дапамогі бедным яўрэям; дапамогі бедным яўрэям Занёманскага фарштата г.Гародні; бедным яўрэйскім дзецям; таварыства аматараў яўрэйскай мовы і яўрэйскіх дзіцячых калоній.
Такой была даўнішняя яўрэйская Гародня. Старэйшае пакаленне гарадзенцаў яшчэ памятае гаманлівых яўрэйскіх гаспадынь на кірмашы, маленькія акуратныя крамкі, дзе можна было набыць усё-усё, плач і спеў яўрэйскай скрыпкі. І калі Вы папытаеце ў сваёй бабулі, то, можа, пачуеце па сакрэту, як яна разам з іншымі праваслаўнымі і каталіцкімі дзецьмі "за польскім часам" бегала ў суботу па яўрэйскіх вулачках і атрымлівала ад святочна апранутых яўрэяк грошык за распальванне свечкі. Дзеці розных народаў і вер раслі побач і марылі пра цудоўную будучыню. Дваццатае стагоддзе толькі пачыналася...
-
Катэгорыя: Content - Belarusian
-
Апублікавана 16 Ліпень 2025
Апошняе
- Вольга Сабалеўская. Спрадвечныя іншаземцы. Частка 7. ГАРАДЗЕНСКІЯ ДАБРАЧЫНЦЫ
- Вольга Сабалеўская. Спрадвечныя іншаземцы. Частка 6. ШЛЯХ ДА ВЕДАЎ
- Вольга Сабалеўская. Спрадвечныя іншаземцы. Частка 5. РЭЛІГІЙНАЕ ЖЫЦЦЁ ГАРАДЗЕНСКІХ ЯЎРЭЯЎ
- Вольга Сабалеўская. Спрадвечныя іншаземцы. Частка 4. ПОБЫТ ГАРАДЗЕНСКАГА ЯЎРЭЙСКАГА КВАРТАЛА
- Вольга Сабалеўская. Спрадвечныя іншаземцы. Частка 3. У ВІХУРЫ ПАЛІТЫЧНЫХ ПАДЗЕЙ
- Вольга Сабалеўская. Спрадвечныя іншаземцы. Частка 2. ГАРАДЗЕНСКАЯ “ТАЛМУДЫЧНАЯ РЭСПУБЛІКА” І ЯЕ НАСЕЛЬНІЦТВА
- Вольга Сабалеўская. Спрадвечныя іншаземцы. Частка 1.
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год