Найбольш цікавыя творы айца Ігната Кульчынскага паўсталі падчас яго працы ў Рыме ў 1727-1735 гадах. Гэты перыяд можна назваць часам станаўлення яго як даследчыка: тэолага і гісторыка.

Малады святар сутыкнуўся з праблемай амаль поўнага няведання пра “рускую Царкву” – Уніяцкую Царкву Вялікага Княства Літоўскага – у заходнім грамадстве. Два творы, якія былі напісаныя святаром у гэты час - “Specimen Ecclesiae Ruthenicae…” (Ідэал Рускай Царквы...), выдадзены ў Рыме ў 1733 годзе, і выдадзены тамсама ў наступным годзе “Appendix ad Specimen Ecclesiae Ruthenicae…” (Дадатак...) сталіся вынікам некалькіх гадоў працы ў базыльянскіх архівах Вечнага Гораду.

 

 


Праца “Specimen Ecclesiae Ruthenicae...” даследаваная найменш. Яна напісана на лацінскай мове і складаецца з трох частак. Першая – жыццярысы святых “рускай Царквы”, другая – каляндар, трэцяя – пералік мітрапалітаў Кіеўскіх. Некаторыя даследчыкі дастаткова крытычна адзываюцца пра яе, бо яна абапіраецца на нешматлікія і малакрытычных крыніцы, сярод якіх найважнейшая – “Acta Sanctorum” езуіта Папеброха, які жыў у XVII стагоддзі. Аднак усе аддаюць ёй належнае як першай спробе сінтэтычнага прадстаўлення жыцця Уніяцкай Царквы Вялікага княства Літоўскага.

Сам факт напісання кнігі на лацінскай мове раскрывае адзін з арыенціраў Уніяцкай Царквы – заходні. Айцец Ігнат Кульчынскі імкнецца паказаць заходняму чытачу вобраз Царквы, якая мае сваю гісторыю, сучаснасць, сваіх святых. У жыццярысах некаторых святых даследчык дае свае пераклады на лацінскую мову прысвечаных ім літургічных тэкстаў. Тым самым аўтар дапаўняе недахоп гістарычных крыніц пра святых і набліжае заходняму чытачу ўсходнюю гімнаграфію.

Каго айцец Ігнат называе “уласнымі святымі рускай Царквы”? Іх можна падзяліць на некалькі груп.

У першую ўваходзяць святыя Кіеўскай Царквы. Гэта святыя дамангольскай Русі, такія, як князь Уладзімір, княгіня Вольга, браты Барыс і Глеб (імя якога, дарэчы, аўтар піша ва ўкраінскай транскрыпцыі “Гліб” (Hlib)). Асноўную частку гэтай групы складаюць святыя з Кіева-Пячэрскага Пацерыка. Гэта, напрыклад, святыя Лаўрэн, Прохар, Эразм, Эўстахій, заснавальнікі Кіева-Пячэрскай лаўры Антон і Хвядос ды іншыя. Як вядома, лаўра не прыняла Унію і была апорай антыўнійных сіл. Чаму ж тады манах-базыльянін так шануе гэтых святых? Адказам можа быць жыццярыс святога Антона, заснавальніка манастыра, якога айцец Ігнат Кульчынскі называе першым рускім манахам, які прыняў рэгулу “святога айца нашага Базыля Вялікага”, і, такім чынам, святыя Кіева-Пячэрскія манахі для аўтара “Specimen Ecclesiae Ruthenicae...” – гэта папярэднікі сучасных яму базыльянаў.

Наступная група “рускіх” святых – гэта святыя, якія нарадзіліся альбо дзейнічалі ў балканскіх краінах: Сербіі, Балгарыі, Маравіі. Гэта, у першую чаргу, настаўнікі славянаў Кірыл і Мятод, а таксама такія святыя як Ян Рыльскі, Сімяон, біскуп Сербскі, Арсеній, архібіскуп Сербскі, Параскева Тырнаўская. Апошнюю ён змяшчае ў лік “чатырох Параскеваў альбо Праксэдаў, як іх называюць рускія”. Дзьве з іх – святыя першых стагоддзяў хрысціянства, а чацвёртая – святая Параскева Полацкая. Група балканскіх святых нешматлікая, што сведчыць пра слабы кантакт з гэтымі краінамі. Толькі найбольш шанаваныя святыя трапілі ва ўніяцкі каляндар.

У трэцюю групу можна аб’яднаць святых, якія паходзілі з Маскоўскай дзяржавы. Гэта дастаткова шматлікая група, у яе ўваходзяць такія святыя як Яўхім і Дзіянісій Суздальскія, Стэфан Пермскі, Ісая і Лявонцій Растоўскія, князь Чарнігаўскі Міхаіл і яго баярын Фёдар, Саввацій Салавецкі, Сергій Раданежскі і іншыя. Некаторыя маскоўскія святыя трапілі ў пералік базыльянскага манаха праз заходніх аўтараў, з “Acta sanctorum” Папеброха. Прысутнасць гэтых святых у календары Уніяцкай Царквы сведчыць пра тое, што, нягледзячы на крывавыя войны паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай, на пераслед уніяцтва на беларускіх землях з боку расійскіх войскаў у XVII і XVIII стагоддзях (напрыклад, забойства Пятром І пяці манахаў-базыльянаў у Полацку ў 1705 годзе), Уніяцкая Царквы Вялікага Княства Літоўскага адчувала духовую сувязь з Царквой Маскоўскай дзяржавы.

Апошняя, вельмі важная група – гэта беларускія святыя. Айцец І.Кульчынскі ўзгадвае Еўфрасінню Полацкую, трох Віленскіх мучанікаў (Антонія, Яна і Эўстахія), Мяркурыя Смаленскага, а таксама ўласных уніяцкіх святых – Параскеву Полацкую і Язафата Кунцэвіча. Жыццярысы гэтых святых невялікія (за выключэннем жыццярысу Параскевы Полацкай, якая асабліва шанавалася ўніятамі, бо памерла ў Рыме). Узгадваючы Язафата Кунцэвіча, які на той час не быў яшчэ прызнаны святым, а толькі блаславёным, айцец Ігнат Кульчынскі адсылае чытача да іншых твораў: біскупа Сушы і свайго ўласнага “Il Diaspro prodigioso...”, у якім таксама пісаў пра Язафата. У апісаннях жыцця беларускіх святых базыльянін не заўсёды карыстаецца аўтэнтычнымі гістарычнымі крыніцамі, і, нажаль, таксама спасылаецца на Папеброха.

 

 “Appendix…” даследчыкі спадчыны айца Кульчынскага лічаць больш каштоўным чым сам “Specimen…”. “Appendix…” з’яўляецца зборам крыніц, якія, на думку аўтара, важныя для заходняга чытача, што хоча зразумець спадчыну Ўсходняй Еўропы. У ім аўтар змясціў некаторыя дакументы, знойдзеныя ў бібліятэцы сваёй рэзідэнцыі пры царкве святых Сергія і Вакха ў Рыме і, магчыма, у архіве Кангрэгацыі Прапаганды Веры.

Крыніцы, змешчаныя ў “Appendix…” можна падзяліць на 2 групы: літургічныя і гістарычныя. Да літургічных трэба аднесці так званыя “Афіцыі” (па-славянску: службы з Мінэі) святога князя Уладзіміра, а таксама святых Барыса і Глеба. Багаслужбовыя тэксты ўсходняй Царквы вучоны бызыльянін пераклаў на лацінскую мову. Як вядома, богаслужбовыя тэксты утрымліваюць не толькі багаслоўскія, але і гістарычныя звесткі. Такім чынам, праз змяшчэнне службаў да святога Ўладзіміра і святых Барыса і Глеба айцец Ігнат Кульчынскі імкнуўся даць заходняму чытачу ўяўленне пра пачаткі хрысціянства на рускіх землях.

Да літургічных крыніц можна аднесці таксама жыцці святых, якія не ўвайшлі ў працу “Specimen…”, і таму айцец І. Кульчынскі змяшчае іх у “Appendix…”. Гэта жыцці святога апостала Андрэя, які лічыцца апосталам Русі, і святой мучаніцы Параскевы, якая загінула падчас пераследу імператара Дэаклетыяна і вельмі шанавалася на Русі.

Наступная літургічная крыніца ў “Appendix…” - гэта “Маленне да блаславёнага Язафата Кунцэвіча”. Гэта паэтычны твор, які ўслаўляе жыццё і цноты блаславёнага Язафата. У загалоўку пазначана, што апублікаваны ён 12 верасня 1624 году ў рымскім калегіюме айцоў езуітаў навучэнцам грэцкай калегіі Фамой Ксеніцэпулам.

Важнай літургічнай крыніцай у дадатку з’яўляецца каляндар. У “Specimen…” айцец Кульчынскі змяшчае літургічны каляндар Уніяцкай Царквы. У “Appendix…” аўтар прыводзіць каляндар Маскоўскай Царквы, карыстаючыся як крыніцай працай езуіта Папеброха.

Гістарычныя крыніцы, якія падае а. Ігнат Кульчынскі, ахопліваюць шырокі спектр матэрыялаў розных гістарычных перыядаў. Напачатку аўтар змяшчае помнікі старажытнай юрыдычнай думкі – законы кіеўскіх князёў Уладзіміра, Яраслава і Васіля Дмітрыевіча, якія датычаць размежавання кампетэнцый царкоўных і свецкіх судоў, а таксама дастасавання грэцкага Номаканону да рускай рэчаіснасці. Айцец І. Кульчынскі прыводзіць дакументы царкоўных сінодаў, якія лічыў найважнейшымі для станаўлення Царквы Вялікага княства Літоўскага: Кіеўскага (1260) - прыняў шэраг пастановаў, накіраваных на рэфармаванне святарства; Навагарадскага, які праходзіў у 1415 альбо 1417, калі князь Вітаўт імкнуўся да стварэння ў Вялікім Княстве Літоўскім незалежнай ад Масквы праваслаўнай мітраполіі; Кобрынскага (1629), што прывёў да аднаўлення Уніяцкай Царквы ў Вялікім княстве Літоўскім.

Наступны блок гістарычных матэрыялаў, якія прыводзіць айцец Ігнат Кульчынскі, гэта дакументы, звязаныя з мучаніцкай смерцю і беатыфікацыяй полацкага архібіскупа Язафата Кунцэвіча. Першым змешчаны ліст мітрапаліта Язэпа Вельяміна Руцкага да Папы Урбана VIII, у якім мітрапаліт распавядае пра мучаніцкую смерць архібіскупа і просіць распачаць працэс далучэння яго да ліку блаславёных. Гэты ліст напісаны 31 снежня 1623 году, менш чым праз два месяцы пасля смерці Язафата. Змяшчае а.І. Кульчынскі таксама ліст мітрапаліта Руцкага да кардынала Актавіо Бандіно, прэфекта кангрэгацыі прапаганды веры, да якога Руцкі звяртаецца за падтрымкай. Далей прыводзіць шэраг лістоў: Папы Урбана VIII да караля Жыгімонта ІІІ, рымскіх кардыналаў да нунцыя ў Польшчы і да ўніяцкіх біскупаў, іх адказы і г.д. Усе лісты напісаныя ў першыя паўгады пасля забойства Язафата Кунцэвіча і таму з’яўляюцца каштоўным гістарычным матэрыялам і для сённяшніх даследчыкаў.

Да гістарычнай часткі працы трэба аднесці і храналогію “вялікіх князёў рускіх або маскоўскіх”. Яна ўтрымлівае не толькі гістарычныя звесткі, але і легенды. Так, паходжанне маскавітаў а.І. Кульчынскі выводзіць ад Масоха, нашчадка Яфета, які ўзгадваецца ў кнізе Быццё (Быц. 10, 2). Першай у спісе вялікіх князёў вучоны базыльянін узгадвае Тамірыс (альбо Тамір) - царыцу скіфаў, якая ваявала з персідскім царом Кірам. Увогуле, маскавітаў айцец Ігнат Кульчынскі лічыць нашчадкамі старажытных скіфаў і сарматаў, пра якіх пісалі Герадот, Ксенафонт, Пталемей і іншыя антычныя гісторыкі. Пачынаючы ад княгіні Вольгі і да імператрыцы Ганны Іванаўны, сучаснікам якой быў а.І. Кульчынскі, храналогія даволі дакладная.

Сярод гістарычных дакументаў, змешчаных у “Appendix” варта ўзгадаць таксама дадатак да спісу мітрапалітаў усёй Русі. У працы “Specimen” а.І. Кульчынскі прыводзіць спіс, які належыў да кіеўскай традыцыі, а ў “Appendix” -  адрозненні ў спісе маскоўскай традыцыі.

Падсумоўваючы гэтае невялікае даследванне, можна сказаць, што Уніяцкая Царква ў творах а.І. Кульчынскага – гэта рэлігійная супольнасць, якая шукае сваю тоеснасць у новых гістарычных умовах – эпосе Асветніцтва. З аднаго боку, Царква імкнецца наблізіцца да заходняй культуры і прадставіць сябе заходнім хрысціянам. З другога боку, Уніяцкая Царква захоўвае свядомасць прыналежнасці да ўсходняй галіны хрысціянства, хоць гэтая еднасць у той перыяд з’яўляецца больш духоўнай, чым юрыдычнай. Найважнейшая тэндэнцыя, якая прасочваецца ў творах а.І.Кульчынскага, –усведамленне ўласнай адметнасці і ад захаду – Рыма-Каталіцкай Царквы, і ад усходу – Праваслаўнай Царквы Маскоўскай дзяржавы. Як прыклад - помнік гістарычнай думкі Уніяцкай Царквы ХVIII стагоддзя зборнік “Appendix ad Specimen Ecclesiae Ruthenicae…”. Праз сваю працу гісторыка і выдаўца вучоны базыльянін хацеў зрабіць даступнай для заходніх інтэлектуаў гісторыю, літургічнае і адміністратыўнае жыццё Царквы Вялікага княства Літоўскага, прыклады святых. У “Appendix…” можна заўважыць як сярэднявечныя тэндэнцыі (калі аўтар выводзіць гісторыю сучасных яму народаў ад біблійных персанажаў і герояў прац старажытных гісторыкаў), так і тэндэнцыі, характэрныя для Новага часу (збор і выданне гістарычных дакументаў і літургічных тэкстаў). Айцец Ігнат Кульчынскі спрабаваў асэнсаваць месца сваёй Царквы ў гісторыі. Уніяцкую Царкву Вялікага княства Літоўскага ён бачыў сапраўднай пераемніцай Царквы часоў Кіеўскай Русі. У дыялогу паміж Заходняй Еўропай і Маскоўскай дзяржавай Уніяцкую Царкву а.І. Кульчынскі бачыў у ролі пасярэдніцы паміж дзвюма культурамі, якая перадае веды пра Маскоўскую дзяржаву на захад.



айцец Андрэй Крот, Гародня

Scroll to top