Другая ціхаакіянская эскадра складалася з больш чым 30 баявых караблёў, некалькіх транспартаў, буксіраў і плавучай майстэрні. Выправіўшыся ў далёкі шлях на падмогу асаджанаму Порт-Артуру ў кастрычніку 1904 г., яна на працягу 220 сутак ішла праз тры акіяна.
Працяг. Пачатак тут: Гродзенцы ў марскіх бітвах руска-японскай вайны. Частка 1 Гродна ў руска-японскай вайне. Частка 1 Гродна ў руска-японскай вайне. Частка 2
|
Эскадра пад камандаваннем віцэ-адмірала З.П. Ражэственскага абагнула мыс Добрай Надзеі, стаяла тры месяцы на Мадагаскары (там у порце Носсі-Бэ цяпер вісіць памятная дошка), затым праз Малакскі праліў пасунулася ва Уладзівасток (Порт-Артур да таго часу ўжо паў).
Раніцай 14-га траўня караблі ўвайшлі ў Цусімскі праліў, які раздзяляе японскі востраў Хансю і Карэю. Там іх чакаў праціўнік, які быў не нашмат больш сільны з пункту гледжання тэхнікі, але, што важнее, больш арганізаваны і спрактыкаваны.
Першым у 13 гадзін 55 хвілін дня адкрыў агонь рускі флагман – эскадраны браняносец «Князь Сувораў» – адзін з чатырох наймацнейшых рускіх караблёў.
У той час, як наша эскадра пачала перастройвацца з паходнага строю ў баявы (у адну калону), японцы таксама адкрылі агонь – трапны, энергічны і метадычны – канцэнтруючы яго на рускіх галаўных караблях. На іх, заваленых вуглём і маючых шмат дрэва на борце, пачаліся пажары. Першым выйшаў са строю галаўны карабель левай калоны – браняносец «Аслябя» і праз паўтары гадзіны затануў носам уніз. Сярод загінуўшых членаў каманды было 47 беларусаў (22 – з Мінскай губерні, 14 – з Магілёўскай, 5 – з Віцебскай і 6 – з Гродзенскай). А ўсяго загінулі 515 чалавек.
Услед за ім згубіў кіраванне і галаўны карабель правай калоны – флагманскі браняносец «Князь Сувораў». На ім пачаліся пажары, і ён таксама выйшаў са строю. Да 17-ці гадзін 30 хвілін ён быў весь ахоплены полымем і меў значны крэн. Адмірал Ражэственскі, які знаходзіўся на ім, быў цяжка паранены ў галаву яшчэ ў самым пачатку бою і ў напаўпрытомным стане, па ініцыятыве чыноў штабу, перавезены на мінаносец «Буйны». «Сувораў» патануў толькі ў 19 гадзін пасля двух тарпедных атак, стаячы самотна ў баку ад бою, з моцным крэнам і ахутаны дымам ад пажару. На ім загінулі 63 беларусы (25 – з Мінскай, 20 – з Магілёўскай, 12 – з Віцебскай і 6 – з Гродзенскай губерняў). Усяго загінулі 925 чалавек.
Камандаванне абедзвюх эскадраў перайшло да контр-адмірала Небагатава, але кіраваць боем было ўжо нельга. Баявога строю не існавала. Нашыя караблі гарэлі і танулі пад градам непрыяцельскіх снарадаў. Каля 19-ці гадзін вечара, перакуліўшыся сваімі кілямі дагары і зіхацеючы імі ў промнях адыходзячага сонца, загінулі браняносцы «Імператар Александар III» і «Барадзіно». З 867 чалавек каманды першага карабля ніхто не выратаваўся і ніхто не ведае, што на ім тварылася. На ім загінулі таксама 63 беларусаы (22 магілеўчаніна, 13 мінчан, 12 віцяблян і 16 гродзенцаў).
З каманды «Барадзіно» выраватаўся цудам марсавы Сямён Юшчын. Сярод ягоных 837 баявых сяброў былі 89 беларусаў: 30 – з Магілёўскай, 28 – з Мінскай, 23 – з Віцебскай, 8 – з Гродзенскай губерні. Яны складалі больш за 10 % асабістага складу браняносца, і гэта пры тым, што камплектаваліся караблі з ўсёй неабдымнай «шостай часткі сушы».
Знішчэнне гэтых трох караблёў азначала крах эскадры. Японцы спынілі бой.
Ноччу тарпеднымі атакамі былі падбіты браняносцы «Сісой Вялікі» (загінулі 8 беларусаў). Загінуў таксама браняносец «Наварын» (34 беларусы), сярод іх гродзенцы.
На крэйсеры «Адмірал Нахімаў», які патануў, таксама не вытрымаўшы напору вады ад тарпеднай прабоіны, загінулі адзін ці тры беларусы (па розных крыніцах – розныя дадзеныя). Магчыма, што сярод іх быў Саўчук Мікалай Аляксееў з Серпавецкай воласці Кобрынскага павета. На крэйсеры «Уладзімір Манамах» – два беларусы, на транспарце «Камчатка» – 23 беларусы. Гродзенцаў сярод іх не аказалася.
Шмат з гэтых караблёў загінулі на наступны дзень, змагаючыся самотна з пераўзыходзячымі сіламі. Так загінулі браняносец берагавой абароны «Адмірал Ушакоў» (6 беларусаў), крэйсер «Дзмітрый Данскі». Загінулі 3 беларусы, сярод іх – гродзенцы.
На крэйсеры «Святлана» загінулі 18 беларусаў, сярод іх Філіпчук Антон Кляменцьеў з в. Пагарэльцы Аляксандраўскай воласці Пружанскага павета. Гэтыя караблі прарываліся ва Уладзівасток, былі заспетыя японцамі і пасля бою затоплены ці то непрыяцельскім агнём, ці то самімі камандзірамі. Але ўсе яны праявілі цуд мужнасці.
Да раніцы 15-га траўня пад кіраўніцтвам адмірала Небагатава засталіся ўсяго толькі адзін крэйсер «Ізумруд» і чатыры браняносцы: вельмі моцна пабіты перад гэтым «Арол» (загінулі 3 беларусы, сярод іх – 2 гродзенцы):
Ён уяўляў толькі груду скаверканага жалеза. Другія браняносцы пацярпелі значна менш: «Імператар Мікалай І», «Генерал-адмірал Апраксін» (магчыма, на ім загінуў матрос Жук Данііл Сямёнаў са Слонімскага павета) і «Адмірал Сенявін» (апошні зусім не пацярпеў).
Астатнія ўцалелыя караблі паасобку прарываліся ці ва Уладзівасток, ці ў нейтральныя порты. Так, крэйсеры «Алег» (загінуў – 1 беларус), «Аўрора» (на знакамітым караблі служылі: камендор Дзяніс Цытко – вельмі цяжка паранены і цяжка паранены матрос 2-й ступені сігнальшчык Рыгор Пагур з Гродзенскай губерні, плюс некалькі іх землякоў). Гэтыя караблі пад камандаваннем контр-адмірала Энквіста пайшлі ў Манілу і там раззбройіліся.
Заспеты японцамі быў мінаносец «Бядовы», на які з-за порчы машын «Буйнага» быў перададзены адмірал Ражэственскі. Мінаносец здаўся без бою і быў адведзены ў японскі порт Сасеба. Дарэчы, пры здачы мінаносца высветлілася, што на ім няма белага сцяга. Тады менавіта наш зямляк – мічман Цярэнцій Аляксандравіч О’Брыен дэ Лясы (нягледзячы на прозвішча – з Гродна) прапанаваў падняць абрус з афіцэрскага стала ў кают-кампаніі.
На досвітку 15-га траўня з караблёў атрада Небагатава заўважылі дымкі на гарызонце. Спачатку падумалі, што гэта караблі, якія адсталі. Каля 8 гадзін раніцы высветлілася, што «дымкі» – гэта японцы. Яны адкрылі агонь першымі. На працягу 10 хвілін «Мікалай І» атрымаў 6 прабоін. Нашы караблі не адказвалі – іх гарматы былі небаяздольныя на той надта вялікай адлегласці, таму Небагатаў здаўся.
Тыя лічбы, што паказаны ў нашым даследванні, гавораць толькі аб забітых, а колькі нашых людзей выратавалася – невядома. На жаль, сухія спісы прозвішчаў замоўчваюць, як праявілі сябе беларусы ў баі, але, думаю, не будзе памылкай сказаць, што цалкам дастойна. Яны выконвалі свой абавязак да канца.
Як бачна з марскіх баявых марціралогаў, больш за іншых з паветаў Гродзенскай губерні згубіў забітымі Кобрынскі – 14 маракоў, за ім Слонімскі – 13, далей Брэсцкі і Сакольскі – па 10, Ваўкавыскі і Бельскі – па 7, Пружанскі – 5, Гродзенскі – 4. Яшчэ два маракі па крыніцах праходзяць, як выхадцы з нашай губерні, але назвы паветаў даны некарэктныя. Відавочна, што недзе памылка, але дзе – сказаць цяпер цяжка.
Апошняя цікавая акалічнасць – калі чытач быў назіральным, дык заўважыў, што выніковыя лічбы не дапасоўваюцца да пачатковых дадзеных аб прызывах. Магчыма, гэта звязана з тым, што першая табліца ўтрымлівае памылку (гэта праблема крыніцы), але цалкам можа быць, што некаторыя гродзенцы з запасных пайшлі на вайну дабраахвотна (даволі значная частка экіпажаў Другой ціхаакіянскай эскадры камплектавалася менавіта з «запаснікоў»). Тэарэтычна, гэта мог быць і прымусовы набор, хаця ў беларускіх губернях мабілізацыя і не прадугледжвалася.
Сцяпан Стурэйка. З кнігі "Беларускія губерні ў руска-японскай вайне 1904-1905 гг."
Працяг:
Гродзенцы ў сухапутных бітвах руска-японскай вайны
-
Катэгорыя: Расійская імперыя
-
Апублікавана 28 Сакавік 2014
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической