Руска-японская вайна 1904–1905 гг. была вынікам барацьбы двух імперый – Расійскай і Японскай за сферы ўплыву ў Кітаі і на ўсім Далёкім Усходзе наогул. Існуе тэорыя, што любая імперыя можа існаваць толькі за кошт перманентнага пашырэння тэрыторыі, захопаў новых крыніц сыравіны.

Да гэтай вайны абедзве дзяржавы рыхтаваліся некалькі гадоў. Падрыхтоўка вялася на ўсіх узроўнях: знешнепалітычным, вайсковым, эканамічным. Як высветлілася ноччу 26-га студзеня 1904 г., японскія палітыкі і вайскоўцы аказаліся куды спрытнейшымі за расійскіх: у гэты дзень у выніку нечаканай атакі на расійскую ваенна-марскую крэпасць Порт-Артур, расійскі ваенна-марскі флот згубіў адразу тры буйныя караблі, якія часова выйшлі са строю.

27-га студзеня 1904 г., у аўторак, быў выдадзены Найвышэйшы (гэта значыць царскі) маніфест, які абвяшчаў, што намесніку Яго Імператарскай Вялікасці на Далёкім Усходзе загадалі «вооруженною силою ответить на вызов Японии». У маніфесце гаварылася, што «были приложены все усилия для упрочения спокойствия на Д. Востоке», і што «в сих миролюбивых целях изъявлено было согласие на предложенный японским правительством пересмотр существующих между обеими империями соглашений по корейским делам», але Японія, «не выждав даже получения последних ответных предложений» нашага ўрада, парвала дыпламатычныя зносіны з Расіяй і пачала ўзброеныя дзеянні.

Тэарэтычна, сродкі сувязі дазвалялі атрымаць гэты тэкст у Гродна адразу ж пасля публікацыі, але чамусьці звесткі аб першай рэакцыі жыхароў зафіксаваны ў «Гродзенскіх епархіяльных ведамасцях» толькі 30-га студзеня, калі уладыка гродзенскі Ніканор (Каменскі) (1847–1910) правёў у кафедральным саборы (так званая, Фара Вітаўта) першае «молебствие Господу Богу о ниспослании победы Российскому христолюбивому воинству». Гаворка аб вайне ў прамовах архіпастыра працягнулася 1-га лютага, тады ж быў праведзены першы збор ахвяраванняў.

31-га снежаня і 1-га лютага адбыліся прыкладна такія ж па змесце малебны ў касцёлах і галоўнай сінагозе.


Гарнізонны сабор


Горад быў узрушаны гэтым нечаканым для простых людзей паведамленнем. Ніхто не разумеў, як патрэбна на яго рэагаваць. Афіцыйныя газеты супакойвалі жыхароў шапказакідальніцкімі артыкуламі, маўляў Японія – маленькая, а ўсе японцы – гэта жоўтатварыя малпы.

Плакат Расія супраць Японіі

Толькі 2-га лютага, у аўторак, у свята Срэцення Гасподняга ў Гарнізоннай царкве адбылося ўрачыстае чытанне маніфеста, пасля чаго ізноў была праведзена служба аб падараванні перамогі рускай зброі. На імшу прыбыў выконваючы справы губернатара Віктар Дмітрыевіч Лішын, камандзір 2-га армейскага корпуса Іван Максімавіч Павалоцкі, загадчыкі асобных аддзелаў ваеннага і грамадзянскага ведамстваў, настаўнікі і вучні ўсіх навучальных устаноў горада, усё мясцовае чынавенства «и масса народа». Выйдучы да імшы, уладыка блаславіў віцэ-старшыню дамскага камітэту Чырвонага Крыжа В. М. Лішыну і загадчыка канцылярыяй Гродзенскай губерні Г. Н. Тараноўскага на збор ахвяраванняў. Вынікам сталі сабраныя адразу 151 рубель і 40 капеек.

Тым часам на плошчы перад саборам былі пастроены лепшыя часткі гродзенскага гарнізона. Перад пачаткам вайны ў Гродна базаваліся 101-шы пяхотны Пермскі, 102-гі пяхотны Вятскі, 103-ці пяхотны Петразаводскі, 171-шы пяхотны Кобрынскі палкі, 26-ая артылерыйская брыгада. Яны і ўтваралі гарнізон горада. Салдаты хавалі сваё хваляванне пад маскамі бравурнасці, ведалі, што прывялі іх сюды для таго, каб даць наказ «на ратныя подзвігі» на чужыне. Побач са сваімі сябрамі стаялі і зайздросцілі ім салдаты, якіх пакуль што пакідалі ў Гродна. Нехта спачуваў.

Распрануўшыся пасля імшы, Ніканор у мантыі выйшаў да людзей і папрасіў увесці ў сабор увесь асабісты састаў сфарміраванага з чыноў 2-га армейскага корпусу батальёна 1-га Усходне-Сібірскага стралковага палка, які адпраўляўся на Далёкі Усход. Калі батальён начале з камандаваннем і афіцэрамі ўвайшоў унутар, уладыка звярнуўся да салдатаў з кароткай прамовай, блаславіў іх іконай Серафіма Сароўскага, якую перадаў камандаванню, а потым уласна раздаў усім ніжэйшым чынам і афіцэрам срэбраныя пазалочаныя крыжыкі. Салдаты разам праспявалі «Спаси, Господи, люди твоя».

Праз некалькі хвілін на Саборнай плошчы (гэта цяпер частка Савецкай плошчы) адбыўся парад усяго саставу гродзенскага гарнізона. Як адзначала прэсса: «Бравый вид и стройность движущихся многочисленных войск, проходивших улицы с хорами военной музыки, вызывали со стороны массы собравшихся горожан шумные овации и громогласное «Ура!».

 

Рускія войскі ідуць на фронт


Але не ўсе, далёка не ўсе жыхары горада радаваліся параду, не ўсе нават жадалі салдатам перамогі. Шмат хто з гродзенцаў меў патаемную надзею на тое, што Расія прайграе, выбухне рэвалюцыя і імперыі не стане, а з ёю не стане нацыянальнага прыгнёту, будуць прызнаны грамадзянскія правы насельніцтва незалежна ад маёмаснага ці родавага паказчыка.


Паседжанне гарадской думы


У гэты ж дзень, у 3 гадзіны адбылося надзвычайнае паседжанне гродзенскай гарадской думы, якое скончылася прыняццем пастановы: «Па праслухоўванні ў кафедральным саборы малебна на здароўе Яго Імператарскай Вялікасці Гасудара Імператара ды ўсяго царскага дома, гарадская дума сабралася на надзвычайнае паседжанне для абмеркавання некаторых пытанняў у сувязі з апошнімі падзеямі на Далёкім Усходзе.

Далучаючыся да пачуццяў, выкліканых маніфестам Я. І. В. ва ўсёй Расіі, на падставе падзей на Далёкім Усходзе, гродзенская гарадская дума на сваім надзвычайным паседжанні 2-га лютага бягучага года пастанавіла: павергнуць да стапоў свайго ўсеміласцівейшага манарха вернаподданіцкія пачуцці ўсяго насельніцтва г. Гродна ў гатоўнасці яго ахвяраваць жыццём і сваім здабыткам у славу і гонар горача любімага Гасудара і дарагой Айчыны. Для ўзнаўлення сродкаў Расійскага таварыства Чырвонага Крыжу ў яго дзейнасці, адпусціць яму з гарадскіх сродкаў 1000 рублёў, асобна ад гэтага з тых жа сродкаў вылучыць 3000 рублёў у асобы фонд на выпадак неабходнасці аказання дапамогі пацярпелым на вайне і іх сем’ям, пераважна з жыхароў г. Гродна».

На тым жа паседжанні абмяркоўвалася пытанне аб фарміраванні перадавога батальёна войскаў 2-га вайсковага корпуса, адпраўляемага для баявых патрэб на Далёкі Усход. У выніку выйшла наступная пастанова: «Гродзенская гарадская дума ў складзе 25-ці членаў і дэпутата духоўнага ведамства, напоўненая глыбокай павагай і найлепшымі намерамі, адпраўляе на Далёкі Усход пяхотны батальён, складзены з войскаў 2-га армейскага корпусу ў колькасці 877 чалавек для прыняцця ўдзелу ў абароне нашай дарагой Айчыны, на экстранным паседжанні 2-га лютага бягучага года пастанавіла: 1) блаславіць батальён абразом Выратавальніка; 2) забяспечыць ніжэйшых чыноў на дарогу пірагамі па аднаму на чалавека, а таксама двума пудамі гарбаты, 22-ма пудамі цукру і 5,5 пудамі тытуню. Патрэбныя на гэта траты ў суме 500 рублёў аднесці на сумы запаснога капітала, якога пасля асігнавання ў час бягучага паседжання 4000 рублёў на патрэбы Чырвонага Крыжа, маецца ў наяўнасці 16 554 рубля і 56 капеек...».


Народны ўздым


Нягледзячы на супярэчлівасць апошніх падзей, для моладзі провады салдат нашага гарнізону і патрыятычная істэрыя з’явіліся рэдкай у павольным жыцці губернскага горада падставай для самавыражэння.

 

Развітанне з рускімі жаўнерамі


Увечары таго ж дня ў горадзе адбылася сапраўдная маніфестацыя, ды нават і не адна. У натоўп узрушаных людзей улілося больш за тысячу гараджан. Наперадзе крочылі гімназісты, якія неслі перад сабою партрэты цара Мікалая ІІ і дзяржаўныя сцягі. Людзі ўсе разам спявалі «Божа, цара барані» і раз-пораз крычалі «Ура!». Некалькі разоў калонна спынялася ля цэркваў, урадавых устаноў і дамоў, дзе жылі найбольш вядомыя чыноўнікі і вайскоўцы. Насупраць    хаты віцэ-губернатара В.Д. Лішына маніфестанты спыняліся два разы. Кожны раз Лішын выходзіў да іх. Натоўп абступаў яго, падхопліваў, і з громкімі «Ура!» людзі падкідвалі віцэ-губернатара на руках.

Начальнік 26-ай дывізіі, насупраць кватэры якога сабралася ўжо новая маніфестацыя, загадаў далучыць да дэманстрантаў ваенны аркестр 102-га Вятскага палка. Да 11-ці гадзін вечара натоўп дасягнуў агромністых памераў. Ішлі гімназісты, рабочыя, рамеснікі і інш.

У 11 гадзін яны падышлі да гарадскога тэатра, у якім у гэты час быў спектакль. Хутка сярод людзей распаўсюджваліся тэксты вечаровых тэлеграм з апісаннем падрабязнасцяў бітвы каля Порт-Артура і пры Чамульпа. Настрой у публікі быў надзвычайна ўзнёслы. Як раз у гэты час у тэатр, падымаючы высока над сабою выявы цара Мікалая II, уварваліся пярэднія шэрагі маніфестантаў. Усе ўзняліся, аркестр зайграў гімн, артысты выйшлі на сцэну і спявалі разам з усімі, потым ізноў крычалі «Ура!». Гімн праспявалі яшчэ некалькі разоў. Перарваны перформанс павінен быў зацягнуцца далёка за поўнач, таму артысты скарацілі аперэту на адно дзеянне, але за падзеямі на сцэне ўсё роўна ніхто не сачыў. Дэманстранты стаміліся толькі каля 12-ці гадзін ночы і амаль усе разыйшліся


Дабрачынны канцэрт


Праз тры тыдні, 24-га лютага ў зале гродзенскага «Благородного собрания», што на сённяшняй плошчы Тызенгаўза, спявачкай Долінай (хто ведае, можа бабуля), салісткай Яго Імператарскай Вялікасці, быў дадзены канцэрт на карысць Чырвонага Крыжа. Спяванне Долінай песні на гібель «Варага» выклікала новую маніфестацыю: выканаўцу заставілі тры разы паўтарыць песню, якую публіка ўсе тры разы слухала стоячы. Напрыканцы ўсе праспявалі дзяржаўны гімн. Натоўп моладзі пасля канцэрту ішоў па вуліцы без шапак і спяваў гімн. Чырвоны Крыж атрымаў 362 рубля, а Доліна – 240.

Мабыць таму ўзрушыліся ў чарговы раз людзі, што ўжо разнеслася па горадзе вестка пра гродзенца Антона Дубоўскага, які служыў матросам на «Варагу» і, адпаведна, прыняў удзел у знакамітым баі. Асабліва ганарыўся за Антона ягоны брат Балеслаў, пераплётчык Гродзенскай губернскай друкарні.

 

Рускія артылерысты


Увогуле гродзенцы досыць актыўна наведвалі падобныя дабрачынныя канцэрты (акрамя вялікай карысці гэта яшчэ было і вельмі модна), жыва цікавіліся тым, што адбывалася на Усходзе, перажывалі за сваіх сяброў, гаворка аб якіх пойдзе ніжэй.

Ужо ў восьмым нумары «Гродзенскіх губернскіх ведамасцей» за 1904 г. надрукавалі аб’яву з прапановай да падпіскі на тэлеграмы Расійскага тэлеграфнага агенцтва аб бягучых ваенных падзеях, якія выходзілі 2–3 разы на дзень і дастаўляліся на дом. У гэтых бюлетэнях у сціслай форме перадаваўся ход ваенных дзеянняў, распавядалася аб подзвігах герояў, дзякуючы чаму беларусы заўсёды мелі рацыю.

З цягам часу такімі ж ваеннымі бюлетэнямі забяспечылі ўсе кавярні і бістро, на што Апякунства па народнай цвярозасці патраціла 370 рублёў. Цікавая рэч: побач з аб’явай аб тэлеграмах на старонцы газеты змяшчалася рэклама «Гематоген» ад доктара Гоммеля (засцерагайцеся падробак)». Гэта было першае з'яўленне папулярнага аптэчнага прадукта.


Провады гарнізона


Вышэй мы ўжо апісвалі першае ўрачыстае адпраўленне часткі гарнізона на Далёкі Усход. Далей пацягнуліся провады за провадамі.

Наступны ад’езд адбыўся 13-га чэрвеня 1904 г., у нядзелю. Яго праасвяшчэнства Ніканор адслужыў літургію ў кафедральным саборы. У заканчэнні літургіі быў адслужаны малебен са словамі наказу з прычыны адыхода на Далёкі Усход 5-ай, 6-ай, 7-ай і 8-ай батарэй 26-ай артылерыйскай брыгады, прычым уладыкаю было сказана чуллівае слова, пасля чаго архіпастыр блаславіў гаспод начальнікаў і ніжэйшых чыноў адыходзячых батарэй крыжыкамі ад свайго імя і святымі абразамі Божай Маці ад імя Гродзенскага Сафійскага праваслаўнага брацтва. На гэтай службе прысутнічалі: камандзір 2-га корпуса генерал І.М. Павалоцкі і начальнікі асобных вайсковых часткаў, загадчык Я. В. Двара камергер начальнік губерні М.М. Асаргін і прадстаўнікі грамадзянскіх устаноў Гродна. Па заканчэнні царкоўнай урачыстасці ў тыне сабора быў праведзены развод чатырох батарэй, якія выпраўляліся ў дарогу. Затым у памяшканні летняй сталоўкі 101-га пяхотнага Пермскага палка адыходзячым батарэям было прапанавана снеданне ад гродзенскага гарнізона, на якім сярод іншых прысутнічалі ўладыка і частка духавенства горада, В.Д. Лішын, а таксама гарадскі галава І.С. Міхальскі як прадстаўнік ад горада.

25-га чэрвеня, у пятніцу, яго праасвяшчэнства, з дапамогай айца кафедральнага протаіерэя Н. Дзікоўскага, святароў айцоў П. Дзядзевіча, М. Таварына і А. Адамовіча, на ваеннай платформе гродзенскага вакзалу адслужылі чарговы малебен са словамі наказу на дарогу для 3-яй і 4-ай батарэй той жа 26-ай артбрыгады. Вайскоўцам быў выданы абраз Выратавальніка, а таксама раздадзены крыжыкі ад імя Сафійскага брацтва. Такія ж прыкладна ўрачыстыя провады паўтарыліся 4-га ліпеня на тым жа месцы.

 

Разгрузка войскаў


Дарэчы, яшчэ адна цікавая акалічнасць, звязаная з ваенна-палявой поштай. Родныя і сябры салдат і афіцэраў маглі адпраўляць ім лісты на ўсход бясплатна. Адно толькі: на канвертах нельга было пісаць адрас (нават калі б яго тут ведалі), патрэбна было ўказаць імя, імя па бацьку, прозвішча, званне і вайсковую частку адрасата, і ён абавязкова атрымаў бы ліст, толькі са спазненнем у некалькі месяцаў.

У адным з нумароў «Губернскіх ведамасцей» з’явіўся заклік набываць тут і адсылаць салдатам «акуляры-кансервы» – так называлі тады сонечныя акуляры. Сонца ў Маньчжурыі летам вельмі яркае.

Пра дзейнасць салдат у баявых абставінах можна даведацца з надпісаў на мемарыяльных дошках у Пакроўскім саборы ў Гродна, з кароткіх узгадванняў у манаграфіях аб вайне. Ляаян, Вафангоу, Мукдэн – найбольш гучныя назвы баёў, у якіх прыймалі ўдзел нашы землякі.

Сцяпан Стурэйка. З кнігі "Беларускія губерні ў руска-японскай вайне 1904-1905 гг."

Працяг тут: Гродна ў руска-японскай вайне. Частка 2

Гродзенцы ў марскіх бітвах руска-японскай вайны. Частка 1

Гродзенцы ў марскіх бітвах руска-японскай вайны. Частка 2

Гродзенцы ў сухапутных бітвах руска-японскай вайны

 

 

Плакат часоў вайны

 Японскія войскі

Рускія ў Манчжурыі

Японскія афіцэры

Першыя баі

Scroll to top