Калі нехта жадае пазбавіцца ад вельмі яму несімпатычнай асобы, – пісала на пачатак 1920-х гадоў адна з гарадзенскіх газет, – дык няхай смела адпраўляе яе ў Гродна.... Мы амаль упэўнены – гэтым ён дасягне сваёй мэты... Хаджэнне па нашым тратуарам адносіцца да рэчаў вельмі небяспечных для жыцця.

Той жа, хто здолее без здарэнняў прайсці па галоўным вуліцам Ажэшка і Дамініканскай, можа смела аднесці сабе да шчасліўчыкаў…”. Уздагон газета прыводзіла гісторыю пра пэўную паню Амелію, якая прыехала ў Гродна з мэтаю пазнаёміцца з яе гістарычнымі помнікамі. Аднак, на пераправе яна паслізнулася і праз паламаныя поручні… трапіла наўпрост на пакрыты лёдам Нёман. Што праўда, з самой жанчынай нічога не сталася, аднак, пасля падобнага здарэння яна адмовілася заставацца ў горадзе на даўжэйшы час. “Добрае ж уражанне будзе ў свеце пра Гродна? – Задавалася рытарычным пытаннем газета, пасля чаго падвозіла выснову. – Нездарма, напэўна, нават некаторыя еўрапейскія дыпламаты за мяжой лічаць, што яно ляжыць далёка ў глыб Расіі”.

 


Падобнае атаясамленне заняпаду гарадской гаспадаркі з прыналежнасцю да іншага культурнага тыпа сталася характэрнай прыкметай міжваеннага Гродна. Упершыню ў гісторыі горада быў рэалізаваны праект па свядомым стварэнні пэўнай культурна-эстэтычнай мадэлі, якая б адпавядала нацыянальна-дзяржаўнай прыналежнасці. Фактычна, барацьба за мадэрнізацыю Гродна сталася ўласна змаганнем за польскі “Grodna”.

Стварэнне польскай мадэлі горада на фоне шматкультурнага, поліэтнічнага і вельмі сацыяльна стракатага Гродна адбывалася паступова. Значную ролю ў гэтых пераўтварэннях меў адыграць будаўнічы аддзел гродзенскага магістрата. Першапачаткова ён быў пры тэхнічным аддзеле, але разам з развіццём гарадской гаспадаркі быў выдзелены ў асобную адміністратыўную адзінку. Аддзел займаўся правядзеннем будаўнічых прац, зацвярджэннем праектаў, выдачай дазволаў на будоўлю, утрыманнем бетоннага завода ў горадзе, рэгуляцыяй гарадскіх вуліц і плошчаў ды аховай помнікаў архітэктуры.

 


Як мы ўжо не аднойчы адзначалі, самі змены ў аблічы горада былі прасякнуты глыбокім сімвалізмам. Гарадзенская газета “Czyn Młodych” у артыкуле “Напамін аб сумным мінулым” адзначала з задавальненнем: “З кожным днём знікае адна за другой “расейская” камяніца з вуліц Гродна. Горад набывае зусім іншы выгляд. Знікае напамін пра сумнае мінулае. Аднак, мы добра ўсведамляем, што разам з выглядам камяніц, на жаль, не знікаюць і не змяняюцца ўсе сляды па часах “вешальнікаў”…”. Эклектыка часоў Расійскай імперыі, як, напрыклад, пажарная каланча ў цэнтры горада, зараз успрымалася, як нешта чужое для Гродна. Нават, Юзаф Ядкоўскі, адзін з вялікіх аматараў гродзенскай старажытнасці, пісаў: “Калі б знайшоўся нехта, хто б меў уладу і сродкі, як Мусаліні ў Рыме, дзе руйнуюцца цэлыя кварталы прыгожых домікаў, з тым, каб вярнуць страчаную спадчыну былога Рыма, з цэнтральнай плошчы Гродна адчыніліся б цудоўныя перспектывы”.

Паступова горад набывае рысы тыповага “крэсовага” горада. Своеасаблівай прыкметай польскага Гродна становіцца архітэктурны стыль канструктывізм. Цікава, што яшчэ сябра таварыства аматараў горада Гродна (Towаrzystwo miłosników m. Grodno), ветэрынарны лекар Вінцэнты Леановіч на адным з паседжанняў таварыства выступіў з ідэяй выпрацаваць пэўны тып будоўлі, які б адпавядаў рысам і гістарычнаму тыпу самаго горада, дзеля ягонай разбудовы ў недалёкім будучым. Яшчэ адной новай з’яваю стала комплекснае будаўніцтва жылых кварталаў па сацыяльна-прафесійнай прыкмеце. За дастаткова кароткі час паўстаюць новыя раёны для вайсковых, чыноўнікаў, настаўнікаў, а, нават, беспрацоўных! Адначасова, адбываліся змены ў характары самаго жытла. Сярод іншага, гарадская рада разглядала пытанне пра будаўніцтва чатырох жылых дамоў на трыццаць кватэр кожны па праекту гарадскога архітэктара Яна Захажэўскага па вул. Нова-Артылерыйскай. Кватэры планаваліся адна- і двухпакаёвыя, з прыбіральняй, кухняй і ваннай. У выніку, у Гродна адбываецца сапраўдны “будаўнічы бум”. Хрысціянская фракцыя гарадской рады нават была вымушана выступіць з асобнай інтэрпеляцыяй адносна таго, што гарадскія будаўнічыя службы занялі пад працы усе мясцовыя скверы ў цэнтры горада.

Разам з ростам горада з’яўляліся і новыя патрэбнасці. Пашырэнне колькасці аўтамабіляў ды з’яўленне грамадскага аўтатранспарту ў горадзе выклікалі патрэбу ў вызначэнні месцаў аўтастаянак. Адначасова з модаю на лецішча магістратам быў створаны камітэт па арганізацыі Таварыства загарадных агародаў (Komitet Organizacyjny T-wa Ogródków Działkowych). Гродзенскі стараста звярнуўся да магістрата з патрабаваннем вызначыць і падрыхтаваць пляж на Нёмане. Была нават створана асобная камісія па пытанні пераносу гарадскіх могілак!

Яшчэ адной прыкметай часоў Расійскай імперыі была адсутнасць гарадской каналізацыі. “Гродна зялёны – але смярдзіць” – адна з найбольш распаўсюджаных прымавак таго часу. Часткова, аднак, гэтая праблема вырашалася коштам вялікіх прадпрыемстваў. У выніку, за два гады было пакладзена больш за пяць тысяч км розных каналізацыйных каналаў. Сам пачатак карыстання гарадской каналізацыяй быў прызначаны на 1 студзеня 1937 г.

Асабліва цікавымі, і не толькі з пункту гледжання развіцця гарадской прасторы, выглядаюць гісторыя футбольнага стадыёна яўрэйскага спартовага таварыства “Макабі” ды справа пераносу г.зв. Рыбнага рынка. Пытанне аб выдзяленні плошчы пад спартовую пляцоўку для розных грамадскіх таварыстваў Гродна абмяркоўвалася на паседжанні магістрата яшчэ ў красавіку 1927 г., пад час планавання гарадскога бюджэту. Яшчэ тады высветлілася некалькі галоўных напрамкаў – гэта фінансаванне праз гарадскі бюджэт таварыства “Макабі”, ці падтрымка Камітэта фізічнага выхавання, якому Магістрат вызначыў, між іншым, велатрэк пры вул. Станіславоўскай. Віцэ-прэзідэнт Гродна Стэфан Цыдзік наогул высунуў прапанову, каб у сувязі з адсутнасцю свабодных пляцаў, прыватным таварыствам іх не выдзяляць, а ўсе ўжо існуючыя дазволы – адклікаць. У выніку Магістрат зацвердзіў перадаць таварыству “Макабі” пляцоўку пад стадыён каля кафлярні Станіславова (“Пся Горка” - ?) і адначасова захаваць у бюджэце квоту ў 2802 злотых на ўтрыманне трэка для Камітэта фізічнага выхавання.

 

 

Тады ў ліпені 1930 г. “Makabi” звярнулася да Магістрата з просьбаю аб набыцці зямельнага ўчастка па вуліцы Ажэшка. Магістрат просьбу падтрымаў. Таварыства выкарыстала гэты надзел пад дзіцячую пляцоўку, плануючы ў будучым збудаваць тут футбольны стадыён. Супраць гэтага выступіў пробашч праваслаўнага кафедральнага сабора, які знаходзіўся побач, маючы на ўвазе, што спартовыя мерапрыемствы будуць перашкаджаць службе. Хаця Магістрат царкоўную скаргу і адхіліў, аднак само Таварыства вырашыла шукаць іншае месца пад стадыён. Першапачаткова горад прапанаваў яму пляц каля г.зв. “Паляўнічай горкі”, аднак “Makabi” вымушана было адмовіцца, патлумачыўшы гэта не адпаведнаю формаю самога месца. Наступным быў участак па вул. Нарутовіча – на месцы, дзе было запланавана раней будова гарадской школы. Пасля чарговай змены, новае месца пад стадыён было вызначана па Грандзіцкай шашы насупраць Калоніі паштовых служачых. Дамова, аднак, не была зацверджана Беластоцкім ужэндам ваяводскім па прычыне, як адзначалася, фінансавай немэтазгоднасці. На 1937 г. спартовая пляцоўка яўрэйскага спартова-гімнастычнага таварыства “Макабі” знаходзілася ў двары г.зв. “Батарувкі”. (характэрна, што яшчэ ў жніўні 1927 г. Гарадская Рада адхіліла зварот Польскай Мацежы школьнай адносна перадачы ёй спартовага пляца, які знаходзіўся ва ўладанні клуба “Cresovia”, па той прычыне, што дзеля гэтага не было ніякіх падстаў).

Галоўная спрэчка вакол пераносу Рыбнага рынка на вул. Вызвалення побач з г.зв. Мясным рынкам тычылася суадносін паміж эстэтычным выглядам ды санітарнымі нормамі – з аднаго боку, ды эканамічнымі інтарэсамі часткі мясцовага насельніцтва – з іншага. Яшчэ ў 1928 г. на паседжанні Гарадской Рады прагучалі словы аб патрэбе будаўніцтва маста на Каложу ды Завершчызну, праект якога распрацоўваўся яшчэ пад час расійскай рэгуляцыі горада. Яўрэйскія Радныя – Троп-Крынскі, Гітлер – згаджаючыся з патрэбаю паляпшэння ўмоваў гандлю, прапаноўвалі зрабіць навесы на старым месцы. На рукі Гарадской Рады быў перададзены Мемарыял, падпісаны 136 гандлярамі ды навакольнымі жыхарамі, якія выступалі супраць пераносу Рыбнага рынка. На гэта віцэ-прэзідэнт К.Лашкевіч адзначыў, што: “Гэтыя некалькі дзясяткаў подпісаў супраць пераносу рынка разам з подпісамі членаў іх сямей не ў стане затрымаць развіццё горада і перашкодзіць у ягоным добраўпарадкаванні...”. У выніку, аднак, Рада большасцю галасоў падтрымала рашэнне пра будоўлю навесаў на старым месцы (дарэчы, на 1938 г. Гарадская Рада запланавала “урэгуляванне” яшчэ аднаго – Грандзіцкага рынка).

 

 

Прыярытэты ў развіцці Гродна, зазвычай, высвятляліся пад час дэбатаў вакол гарадскога бюджэту. Гэтак, пад час абмеркавання бюджэтных выдаткаў на 1928-1929 гг. было вырашана павялічыць фінансаванне на рамонт мастоў па вул. Віленскай і Рэзніцкай, “splantowanie pochyłości” па вул. Падгорнай і каля Пажарнай каланчы, правядзенне памераў гарадскіх тэрыторый (выдаткі павінны былі складаць 20 тысяч злотых – амаль трэцяя частка ад усіх г.зв. “надзвычайных” выдаткаў), рамонт тратуараў па вул. Дамініканскай, будаўніцтва навесаў на Рыбным рынку ды ўпарадкаванне пляжа. Скарацілі затое выдаткі на будову маста над ручаём Юрыдыка па вул. Крэсовая-Пушкінская, укладанне новых брукаў па вул. Кашаровай ды на ўскрайку горада.

Выступаючы пры абмеркаванні пытання пра паляпшэнне гарадскіх фінансаў прэзідэнт Р. Савіцкі меў сказаць: “...Калі ж гаворка ідзе пра горад Гродна, дык знаходзіцца ён у вельмі цяжкім становішчы. Магчымасці нашага бюджэту з’яўляюцца нязмерна меньшымі за рэальныя патрэбы. Мы маем 43,34% незабрукаваных і неўпарадкаваных вуліц ды 54,4% рынкавых пляцаў. У высокай ступені адчуваем недахоп школьных будынкаў, а цяснота шпітальных памяшканняў пры існуючым наплыве гэтак вялікая, што хворых прыходзіцца часамі класці ўпрост на калідорах. Стан гандлёвых пляцаў кепскі, а на будоўлю няхай і сціплага гандлёвага павільёна горад не мае ніякіх фондаў. Велізарная існуе патрэба ў лазні-купальні. Распачатая будова каналізацыі і разбудова водаправоду ідзе далей усё больш павольна з прычыны выдзялення на наступны будаўнічы перыяд меньшых квотаў... На будаўніцтва жытла ў Краёвым гаспадарчым банку ў Гродна не прызначaна ніякіх крэдытаў. Яшчэ больш гэты стан ускладняе абавязак ўладкавання беспрацоўных – каля 3200 чалавек."

 


Затое, пад час дыскусіі над гарадскім бюджэтам у сярэдзіне 1930-х г. адным з галоўных пытанняў, фактычна, стала будова Doma Strzelca (гэтая, яшчэ не паўсталая ўстанова, ужо насіла на той момант імя генерала Рыдз-Сміглы). У маі 1935 г. Рамуальд Палуян прапанаваў асігнаваць запланаваны крэдыт на будоўлю Дома ў памеры 33 тыс. злотых на пагашэнне гарадскога дэфіцыту. Сярод выступаючых, якія аспрэчвалі заяву прадстаўніка гарадзенскай хадэцыі, быў і прэзідэнт Гродна Віктар Міскы. Ён падкрэсліў, што крэдыт на “Dom Strzelca” мае дачыненне да выхавання будучых абаронцаў айчыны, таму нельга разглядаць гэтае пытанне выключна ўтылітарна. Акрамя таго, “Dom Strzelca” мае супрацьгазавы прытулак –на 550 асобаў коштам 40 тысяч злотых, а на самаўрадзе таксама ляжыць абавязак падрыхтаваць насельніцтва да падобнай небяспекі.

У маі 1936 г. пад час абмеркавання бюджэту радны Рамуальд Палуян прапанаваў выкрасліць субсідыю ў памеры 5 тыс. злотых на будоўлю “Doma Strzelca”, а замест гэтага асігнаваць гэтую суму на дапамогу найбольш беднай часткі жыхароў. У адказ радны Канстанцін Тaрлікоўскі (Terlikowski) выказаў вялікі жаль, з якім прыходзіцца чуць прапанову папярэдняга выступоўцы. “У той час, - дадаў ён, - навокал і паўсюль чутно лязг зброі, а суседнія краіны ўзмацняюцца кожным коштам, мы таксама павінны быць падрыхтаваны. Наша моладзь павінны быць прыстасавана да абароны краю, і справа гэтая павінна стаць першаснай патрэбай кожнага грамадзяніна. У момант, калі складкі на будоўлю “Doma Strzelca” прыходзяць з усіх бакоў вайсковага вокруга, тым больш сярод дабрачынцаў ня можа не быць Гродна, у якім гэты дом будуецца... Сучасны гэты будынак стане сапраўдным упрыгожваннем горада”...!

Паступова з вырашэннем галоўных праблемаў у развіцці гарадской прасторы, паўстае пытанне яе “эстэтызацыі”. У бюджэце Гродна на 1931 г. прадугледжвалася 150 злотых на ўзнагароду за найлепшае ўпрыгожванне дома кветкамі. У канцы 1936 г. Гарадская Рада пастанавіла асігнаваць 1.200 злотых на рамонт гадзінніка на фарным касцёле, які не працаваў з часоў вайны (некаторыя з частак механізма наогул зніклі, а самім рамонтам павінна была заняцца фірма “Mięsowicz” з Кросна). Падобныя захады набывалі асаблівую актуальнасць напярэдадні візіту ў горад кіраўніцтва краіны. У сувязі з краёвай выставай у Познані і прыездам замежных гасцей, якія маглі адведаць і іншыя гарады, Беластоцкі ваявода ў маі 1929 г. разаслаў цыркуляр да старастваў – у тым ліку і ў Гродна, у якім загадваў прывесці ўсе дамы і плоты ўздоўж шашэйных і чыгуначных дарог да “эстэтычнага выгляду”: фасады памаляваць фарбаю ці пабяліць, а плоты – “фарбаю неяскравага колеру”. На маючы адбыцца візіт прэзідэнта ў Гродна ў канцы кастрычніка 1929 г. на рагу вуліц Брыгіцкай і плошчы Баторага была пабудавана спецыяльная святочная брама, якая абыйшлася гораду ў 361, 31 злоты. 13 мая 1930 г., у сувязі з маючым адбыцца візітам прэзідэнта Польшчы, Магістрат Гродна вырашыў тэрмінова пералажыць брукаванку па вул. Маставой, Брыгіцкай, Ажэшка, плошчы Баторыя, Ласасянскай, Дамініканскай, ды правесці рамонтныя працы па вул. Назарацянскай, Баніфратэрскай, Бернардынскай і завулку да галоўнай Сінагогі. Акрамя таго, прадугледжваўся рамонт фасадаў Ратушы, Магістрата ды г.зв. Старых казармаў. Так як прэзідэнт меўся спыніцца на старым замку, Магістрат вырашыў выдзеліць дадатковыя 5 тысяч злотых (з агульнага рахунка на 28 тысяч) на яго рамонт.

У сувязі з гэтым гродзенская газета „Wieczorny kurier Grodzieński”, адзначаючы вялікія змены ў лепшы бок, якія адбыліся з нагоды святкавання юбілея Баторага, жалілася: “шкада толькі, што Гродна было сядзібаю толькі аднаго караля – у сувязі з чым у нас каралеўскія святы адбываюцца не так часта, інакш мы таксама маглі б стаць падобнымі да сталічных гарадоў”.

Гэтыя вонкавыя змены не пакідалі абыякавымі знешняга назіральніка. Гэтак, Казімір Лечыцкі, вярнуўшыся з адкрыцця помніка Э. Ажэшка і які не бачыў Гродна апошнія шэсць год, з захапленнем і, нават, залішнім патасам пісаў ў віленскім “Słowіе”: “...Змены вялікія, якія выклікаюць здзіўленне. Прыбыло шмат школаў, арганізацый, крамак, таварыстваў ды кнігарняў. Асфальту яшчэ няма, але тратуары ўжо адбудаваны. Рэгулюецца бераг Нёмана, на месцы якога ствараецца сімпатычны бульвар, у будучым – упрыгожванне ўсяго горада. Ад ваенных руінаў не засталося ні сляда, а горад жа калісьці некалькі разоў бачыў крывавыя баталіі. Вялікага дастатку няма, аднак і бядоты таксама. Яшчэ шмат працы, каналізацыя, асфальт, больш старанная апека над помнікамі гісторыі, і горад, які гэткім цудоўным чынам месціцца на беразе Нёмана, прыцягне да сабе тлумы турыстаў, едучых у Вільню, ды адпачываючых у Друскеніках”.

Былі, аднак, і выключэнні. Пад час паседжання 13 снежня 1928 г. радны Ян Падвінскі выступіў з пратэстам супраць правядзення прэзідыумам Магістрата рамонту ўнутры будынка Магістрата. “Хаця гарадскі бюджэт, - адзначыў радны, - не прадугледжваў выдаткаў на грунтоўнейшыя ўнутраныя пераробкі будынка Магістрата, тым ня меньш прэзідыум Магістрата самавольна пад уплывам пана Віцэ-прэзідэнта, маральна неадказнага перад Гарадской Радай па той прычыне, што ён ёю не быў абраны, загадаў грунтоўную пераробку будынка Магістрата коштам некалькі тысяч злотых. Тым больш дзіўна, што віцэ-прэзідэнт, нібыта адкрыта ігнаруючы раду, арганізаваў рамонт амаль што ў тайне ад усіх...”.

Паступова, аднак, “эстэтызацыя” ператвараецца ў галоўны элемент гарадскога жыцця. У маі 1938 г. надкамісар гродзенскай паліцыі В. Нагорскі загадаў прыбраць з платоў у горадзе і павеце калючы дрот “як мага ў больш кароткі час”.  Асобна прыйшлося дамаўляцца з чыгуначнымі, вайсковымі ўладамі, самаўрадам (не былі зняты агароджы з некаторых прыватных участкаў, пры школцы садовых дрэваў ды участку насупраць шпіталя па вул. Рэзніцкай, па вул. Грандзіцкай № 18, вул. Віленскай насупраць дамоў № 16 ды 18, на ўчастках Ю. Макароўскай па вул. Каложа № 5 ды П. Хадароўскага па вул. Рыбацкай № 10).

Запланаваныя інвестыцыі на 1937-1938 г. прадугледжвалі будоўлю лазні з крытым басейнам над Гараднічанкай па вул. Ажэшка за праваслаўным саборам; разбудову гарадскога шпіталя па вул. Рэзніцкай; упарадкаванне Скідзельскай плошчы... Газета “Głos Polski” наракала, пры гэтым, на дыспрапорцыі: “Дзіўна гэта выглядае: над Нёманам плітка тратуара ідзе на кіламетры, а на доўгай і не найгоршай вуліцы (гаворка пра Артылерыйскую. – А.Ч. ) ...людзі ўвесь час тонуць у балоце”.

Вынікам падобнай “гвалтоўнай эстэтызацыі”, якая канчаткова павінна была ператварыць Гродна ў польскі горад, стаўся загад гарадзенскіх уладаў змяніць па ўсяму гораду старыя навесы ды брамы на аднолькавыя “штахеціны”. Вось як красамоўна апісвае наступствы гэтага карэспандэнт віленскага “Słowa”: “...Тое, што Гродна зараз выглядае быццам бы пасля вялікага землятрусу, асаблівай сенсацыяй напэўна не з’яўляецца. На вуліцы Пілсудскага ляжаць яшчэ па агародах ды дварах паваленыя плоты. Шэрыя стаўпы брамаў, маляваныя на нябескі колер гуртом павырываныя дошкі, знятыя з навесаў падвоі (?). ...На вуліцы Ганчарнай тое ж самае. На Пераца, на Ажэшка, на Грандзіцкай, на Вітальдовай.

Гэтак я збіраўся пісаць, калі адразу пасля прыезду хадзіў тымі вулачкамі. Аднак, пасля некалькіх гадзін я пераканаўся, што па ўсіх вуліцах Гродна пануе гэты самы дзіўны раздор, нагадваючы болей сцэны вялікай перабудовы пасля пажару, пасля вайсковага набегу, рэвалюцыі ды іншых жыццёвых патрасенняў.

Вырваныя стаўні ляжаць альбо стаяць на тратуары. Вокны на ноч латаюцца дошкамі ды дыктам. На галоўнай вуліцы Дамініканскай не засталося ніводнай уваходнай дзьверы ў камяніцах. Тырчаць толькі вялікія завесы, што шмат гадоў таму сюды ўмуравалі, каб падтрымаць цяжкія масіўныя брамы. Бо гэткім быў спрадвечны стыль і характар Гродна. – За справаю чыноўнікаў гарадзенскага магістрата характар гэты на караню адменены! З гэтага дня ўсё павінна быць іначай. Паўсюль маюць быць лёгкія, тонкія штахеты. І ў новых дамах, і ў расійскага тыпу “дачах”, і ў сучасных вілах, і ў кляштарных мурах, і ў камяніцах былога касцёла св. Духа

Сам аўтар прыйшоў да нечаканай высновы: “Не ведаю, ці існуе іншы такі горад у Польшчы, на якім ўсе добрыя і кепскія бакі вымушанай эстэтызацыі адбіваюцца гэтак пластычна, як Гродна. …У Гродна у сам раз пасавалі да старых мураў цяжкія, масіўныя брамы. Можна іх было стылізаваць, як стылізуюць пры рэканструкцыі гістарычныя помнікі, аднак нельга гэтыя помнікі нішчыць! Гарады славяцца не толькі асобнымі гістарычнымі аб’ектамі, яны самі ў сабе могуць уяўляць гістарычны помнік, адлюстроўваючы характар, асаблівасці архітэктуры, традыцыю. Гэткім горадам з’яўляецца Гродна”.

Паўстала дастаткова парадаксальная сітуацыя. За міжваенны час Гродна паспеў вельмі моцна змяніцца, і гэтыя змены шмат у чым павінны былі замацаваць менавіта “польскі характар” горада. Аднак, па сутнасці, гэта быў усе той жа самы Гродна, што і дваццаць год назад. Па сапраўднаму сваё аблічча Гродна змяніў толькі ў выніку той катастрофы, якой для яго стала Другая Сусветная вайна.

Каб у гэтым пераканацца, дастаткова глянуць на замалёўку “Co słychać w Grodnie?” карэспандэнта віленскага “Słowa”, які пісаў у маі 1939 г.: “Ёсць у Гродна вуліца Пясковая. Невядома чаму яна так называецца, так як пяску на ёй не відаць і яна сама – брукаваная, што, напэўна, было зроблена яшчэ за часаў караля Стэфана Баторага, ці можа на яго павітанне. Пліткі-брукаванкі на гэтай вуліцы, гэта ўжо не “кашачыя лбы”, але сапраўдныя лбы тыгра. Камяні выступаюць адзін над другім, што і не праедзіш. Там жа, дзе іх наогул няма, яміны сягаюць у глыбіну на паўметра. Не так даўно прыгожым чынам выбрукавалі ў Гродна галоўную вуліцу, а таму ёсць надзея, што і на гэтую Пясковую прыйдзе калісьці чарга. Можа так атрымацца, што паселіцца на ёй пэўны гарадскі радца, альбо нейкі іншы гарадскі чыноўнік, намочыць там ў калужані нагу. Ніхто не ў стане прадбачыць шляхі Прадназначэння! А пакуль што, няшчасны той падарожны, што памылкова заехаў на Пясковую на сваім аўтамабілі. Ты можа і вернешся, але аўто застанецца там напэўна”.

Андрэй Чарнякевіч

Scroll to top