Многімі сваімі сынамі можа ганарыцца наша Радзіма. Але, бадай, найбольш знаны з іх ва ўсім сьвеце Андрэй Тадэвуш Банавэнтура Касьцюшка. У 1796 г. памерла Кацярына ІІ. Яе сын Павал І люта ненавідзеў сваю маці. Гэта паспрыяла таму, што ён вызваліў з няволі з Петрапаўлаўскай цьвердзі ў Санкт-Пецярбургу Тадэвуша Касьцюшку і многіх яго сяброў-паўстанцаў.
У народзе засталася такая легенда пра гэту падзею. Павал І умоваю вызваленьня паставіў прынясеньне прысягі яму на вернасьць. Тадэвуш Касьцюшка папрасіў часу падумаць, а сам зьвярнуўся да сяброў на волі, каб прывезьлі яму зямлі з Радзімы. Прывезеную зямлю ён засыпаў у свае боты, надзеў іх і сказаў перадаць цару, што гатовы прысягаць. З’явіўся Павал І са сьвітаю. Касьцюшка ўстаў і, прыклаўшы руку да сэрца, сказаў: «Клянуся быць да сьмерці верным той зямлі, на якой стаю». Павал І так расчуліўся, што ня толькі вызваліў Тадэвуша Касьцюшку з няволі, але вярнуў яму яго баявую шаблю, падарыў паліто з свайго пляча і дазволіў выехаць з Расеі. Былі вызвалены многія сябры Тадэвуша Касьцюшкі і многія вернуты з высылкі ў Сібір. Тадэвуш Касьцюшка выехаў у Злучаныя Штаты на сваю другую Радзіму. Але ці мог ён быць спакойным, калі Радзіма была ў няволі? Падарыўшы царскае паліто свайму сябру Томасу Джэферсану, ён вяртаецца ў Эўропу. Дарэчы, скульптура Томаса Джэферсана ў яго мемарыяле ў Вашынгтоне выканана ў гэтым паліто, падараваным Тадэвушам Касьцюшкам. Двойчы сустракаецца Тадэвуш Касьцюшка з Аляксандрам І, двойчы звяртаецца з праектам адраджэньня Вялікага Княства Літоўскага да Аляксандра І Міхал Клеафас Агінскі, але цар, хоць і абяцаў павялічыць Царства Польскае аж да Дзьвіны, насамрэч выкарыстоўваў гэтыя перамовы толькі для націску на Аўстрыю і Прусію. Праўда, сустрэчы не прайшлі дарэмна. Аляксандр І аб'явіў амністыю паўстанцам і дазволіў вярнуцца на Радзіму з асабістай зброяй. Запрашаў Тадэвуша Касьцюшку на размову і Напалеон. Але патрабаваньні Тадэвуша Касьцюшкі былі цьвёрдымі: адраджэньне незалежнай Рэчы Паспалітай і вызваленьне сялян ад прыгону. Яго погляды запісаў і выдаў у Парыжы ў выглядзе ананімнай брашуры «Ці палякі могуць здабыцца на незалежнасьць?» яго сакратар Юзаф Паўлікоўскі. Тадэвуш Касьцюшка ўпэўнены, што адраджэньне незалежнасьці Радзімы магчыма толькі пры ўмове з’яднаньня ўсяго народу. Таму ён не стаў на бок ні Аляксандра І ні Напалеона. Але многія спадзяваліся на Напалеона, таму на яго баку ваявала 24 000 беларускіх жаўнераў-столькі пасьпеў узброіць Часовы Ўрад Вялікага Княства Літоўскага. А ў Расейскую армію з 1796 па 1812 гг. было рэкрутавана 199 000 беларускіх жаўнераў. Так што вайна 1812 г. для беларусаў была грамадзянскай.
Упершыню Касьцюшка прыехаў у Швэйцарыю ў траўні 1815 года, падчас яго паездкі ў Вену. Ён правёў ноч з 8 па 9 траўня ў гасьцініцы "Дэ ла Couronne" ("Krone" - цяпер).
Іл.1. Гасьцініца "Дэ ла Couronne" на вуліцы Hauptgasse 64 у Салюры
Цяпер на левым баку ад уваходу ў гатэль разьмешчана маленькая табліца з надпісам: "У траўні 1815 тут жыў Т. Касьцюшка / 1746-1817 / польскі змагар за мір і філянтроп ".
Іл.2. Табліца з надпісам: "У траўні 1815 тут жыў Т. Касьцюшка / 1746-1817 / польскі змагар за мір і філянтроп " на гасьцініцы "Дэ ла Couronne" у Салюры
8 ліпеня 1815 г. Тадэвуш Касьцюшка пасяліўся ў Швэйцарыі настала ў горадзе Салюры ((Solothurn, Soleure) ля падножжа паўночных ланцугоў Юры. Тут у доме Ксаверыя Зэльтнера, брата парыскага сябра Кіраўніка, ён правёў астатнія гады жыцьця.
Іл.3. Дом Зэльтнераў у Салюры (стан з 1865 г.) па вуліцы Гужэльнгасэ 12 (Gurzelngasse 12), у якім у гадах 1815-1817 жыў і памёр Тадэвуш Касьцюшка
Было яму 69 гадоў. Прыняты з ушанаваньнямі кантанальнай радай, акружаны добразычлівасьцю ў сям'і Зэльтнераў, паўсюднай сымпатыяй i павагай жыхароў чатырохтысячнага ў той час горада, Касьцюшка вядзе актыўнае жыцьцё. Справы незалежнасьці і свабоды чалавека, якім ён прысьвяціў усё сваё жыцьцё заставаліся яму блізкімі. Ён перапісваецца з Томасам Джэферсанам-амерыканскім прэзыдэнтам 1801-1809 гг., зь якім лучылі яго ідэі вольнасьці і свабоды, піша да старога сябра Адама Чартарыскага-дарадцы Аляксандра І у польскіх справах, каб стараўся рэалізаваць хоць якія рэформы на карысьць роднага краю. Перад усім хвалявала аўтара Паланецкага Ўнівэрсала становішча сялян. “Выбачайце, сама толькі вольнасьць не дае селяніну і яго сям’і выжываньня. Абавязаны ён зарабіць на жыцьцё ці працай, ці рамяством або промыслам, ці, маючы ўласную зямлю, што ёсьць найкарысьнейшым для краю, інакш зробяцца з іх злачынцы”.
Іл.4. Тадэвуш Касьцюшка (партрэт мастака T. R. Renagle 1817 г.) – Музэй у Салюры.
Касьцюшка стаў добрым сябрам сям’і Зэльтнераў. Маладзенькай дачцэ гаспадара ён даваў урокі гісторыі і геаграфіі. Скора жыхары, ня толькі горада, але і навакольных вёсак, прывыклі да постаці пана ў цёмна-сіняй тужурцы, без узнагарод, якіх Тадэвуш Касьцюшка ніколі не насіў, але зімой і летам з ружаю ў бутаньерцы вярхом на малым чорным коніку з клічкаю Добры. Бо што дзень а 10 гадзіне раніцы выяжджаў ён на прагулянку да вёсак ля падножжа Юры. Прывязаўшы каня ля плоту, часта размаўляў з вяскоўцамі аб іх жыцьці, працы, заробках і, калі спатыкаў бяду, дапамагаў грашыма. Калі дазнаваўся аб хваробе ў беднай сям’і, дапамагаў не толькі матэрыяльна, пасылаючы ежу і лякарства, але наведваў асабіста , каб падтрымаць добрым словам.
Любіў заехаць да падножжа гары Вейсенстэйн (Weissenstein), дамінуючай над горадам, дзе былі каменяломні. Таксама вельмі любіў шпацыры да Валуна Вэнгі-швэйцарскага героя родам з Салюры. Адгэтуль ён мог назіраць прыгожы захад сонца над Альпамі, якое апошнімі праменямі залаціла зялёную даліну Аары. Аднойчы ўбачылі яго там сяляне, што зьбіралі сухое дрэва ў лесе. Калі на наступны дзень Касьцюшка прыйшоў на любімае месца, то ўбачыў там акуратна зробленую лавачку. Неўзабаве конь Добры стаў вядомым на ўсю Швэйцарыю. Тадэвуш Касьцюшка спыняў Добрага каля кожнага жабрака, каб даць міластыню. Конь настолькі да гэтага прызвычаіўся, што сам прыпыняўся, убачыўшы жабрака. І новы гаспадар яшчэ доўга меў клопаты з гэтай прывычкай Добрага. Швэйцарскі паэт Ц.Л. Хартман (C.L.Hartmann) склаў аб ім верш, а Юліус Славацкі, пачуўшы ў Жэнэве гісторыю аб Добрым, пераказаў яе ў лісьце да маці.
Іл.5. Вуліца ў Салюры, якую з вакна свайго пакоя бачыў Тадэвуш Касьцюшка
У траўні 1816 Тадэвуш Касьцюшка зрабіў падарожжа ў Эйвэрдон (Yverdon) над возера Нэухатэль (Neuchatel) наведаць інстытут Песталоці і сустрэцца з яго заснавальнікам. У размове з Іаганам Генрыхам Песталоці ён з сумам казаў, што быў бы шчасьлівы, каб на яго Радзіме падобныя школы адкрывалі. Наведаў таксама сельскагаспадарчую школу для сялянскіх дзяцей у Гофвілі каля Бэрна. Асталіся ўспаміны аднаго са сьведкаў таго падарожжа: “…назіраў з узьнёслым сэрцам , якія чулыя і глыбокія ўражаньні прысутнасьць гэтага шаноўнага старца чыніла на пачуцьці моладзі, якая з раскошай насычала цікавыя вочы выглядам такой рэдкай з’явы ў нашые часы, прыпамінаючай ім слаўных старадаўніх герояў”.
Іл.6. Касьцюшка ў Салюры, карціна Walentego E. Radzikowskiego
Летам гэтага ж года Тадэвуш Касьцюшка яшчэ зрабіў разам з сябрамі і сям’ёй Зэльтнераў падарожжа на поўдзень і цэнтар Швэйцарыі ды над Леман (Leman).З даўніх знаёмых наведаў Касьцюшку генэрал Пашкоўскі, які напісаў для нас яго біяграфію, адну з нямногіх, напісаную сучасьнікамі Касьцюшкі. Напэўна нешта прадчуваючы, Тадэвуш Касьцюшка ўпарадкаваў сваё завяшчаньне, распараджаючыся сваёй уласнасьцю ў Сяхновічах. “Чуючы глыбока, што падданства супярэчыць праву натуры і шчасьцю народаў, заяўляю гэтым, што адмяняю яго зусім і на вечныя часы ў маім маёнтку Сяхновічы, у ваяводзтве Брэсцка-Літоўскім паложаным, так у імя ўласнае, як і прышлых яго ўладальнікаў. Прызнаю такім чынам жыхароў вёскі да маёнтка гэтага належных за вольных грамадзян і неабмежаваных ні ў чым уладальнікаў уласнай зямлі. Звальняю іх ад усякіх без выключэньня данін, паншчыны і павіннасьцей асабістых(…). Заклікаю іх толькі, каб для дабра ўласнага і краю стараліся аб адкрыцьці школ і пашырэньні асьветы(…).Салюра 2 красавіка 1817г.”.
1 кастрычніка 1817г. Касьцюшка цяжка захварэў. Тагачасная мэдыцына назвала яго хваробу нэрвоваю гарачкаю. Праз два тыдня 15 кастрычніка ён памёр. Сьмерць Тадэвуша Касьцюшкі выклікала глыбокае ўражаньне ва ўсёй Эўропе і ў Злучаных Штатах Амэрыкі. У сваім завяшчаньні Касьцюшка прасіў, каб пахаваньне яго было як найбольш скромным, а труну каб несьлі шэсьць беднякоў з Салюры.
Пасьля сьмерці Тадэвуша Касьцюшкі яго цела было забальзамавана. Выдаленыя ўнутраныя органы Францішак Ксавэры Зэльтнер пахаваў на могілках у Зухвілі i паставіў сьціплы помнік - трохступенны шасьцігранны пастамэнт, увенчаны шарам з пазалочаным крыжам i промнямі сонца. У 1844 г. помнік аздобілі мэдальёнам з выявай Кіраўніка, які быў выкананы францускім скульптарам П'ерам Жанам Давідам д'Анжэрам.
Іл.7. Помнік у Зухвілі
Сваё сэрца Тадэвуш Касьцюшка ахвяраваў Эміліі Зэльтнер, хрэсьніцы, вучаніцы i любіміцы Кіраўніка. Урна з сэрцам захоўвалася ў малой каплічцы ў садзе каля вілы сям'і Марасіні ў Вэзіі недалёка ад Пугана.
Іл.8. Урна, у якой захоўвалася сэрца Касьцюшкі
11 красавіка 1818 году гроб з целам Касьцюшкі быў перавезены ў Кракаў і 23 чэрвеня пахаваны ў склепе кафэдральнага сабора на Вавэлю паміж каралём Янам Сабецкім і князем Юзафам Панятоўскім.
Іл.9. Вавэль - склеп Сьвятога Леанарда – гроб Тадэвуша Касьцюшкі
Сэрца Тадэвуша Касьцюшкі знаходзіцца ў нішы Каралеўскага замка ў Варшаве.
Іл.10. Урна з сэрцам Тадэвуша Касьцюшкі ў Каралеўскім замку ў Варшаве
У паэтычным творы Карнеля Ўейскага (Kornel Ujejski) “Пахаваньне Касьцюшкі” сяляне, якія праводзяць яго ў апошні шлях, разьвітваюцца з Кіраўніком паўстанцаў такімі словамі:
”Спачываеш ты ў сяброўстве каралёў і паноў у сабалях.
Лепей табе было б з намі ляжаць у зялёных палях!
На зялёным чыстым полі, на зялёнай паляне,
Дзе вітаў бы цябе ўсход сонца і птушак сьпяваньне.
Ў сьпякоту тваёй магіле цень далі бы Татры,
З добрай весткай ад Радзімы прыляталі б ветры”.(пер. Л.К.).
Песьні аб Тадэвушу Касьцюшку і касінерах у некаторых месцах сьпявалі праз цэлы 19 век.
27 верасьня 1936 году ў Салюры ў доме, дзе жыў і памёр Тадэвуш Касьцюшка, адкрыўся музэй, дзе ёсьць "пакой Касьцюшкі".
Сярод памятных рэчаў, зьвязаных з асобай Кіраўніка, неабходна назваць "Каталёг Касьцюшкоўскай калекцыі, якая знаходзіцца ў Нацыянальным музэі ў Рапэрсвілі".
У музэі знаходзіліся таксама табакерка ca слановай косьці, шахматы, партфэль i 112 іншых рэчаў Касьцюшкі, якія былі забясьпечаны афіцыйным пасьведчаньнем ідэнтычнасьці. Сярод ix былі прадметы, якія зрабіў Касьцюшка сваімі рукамі: цукерніца, ліхтар, попельніца. У Салюры захавалася грабніца, дзе ён першапачаткова быў пахаваны. Жыве сваім жыцьцём вуліца, якую бачыў штодзень Тадэвуш Касьцюшка з вокнаў свайго жыльля ў Салюры.
У 1865 г. у Салюры на будынку па вул. Гужэльнгасэ 12, дзе жыў i памёр герой чатырох дзяржаў на двух кантынэнтах, была зьмешчана памятная дошка з гербамі Польшчы, ВКЛ (Беларусі) і Русі (Украіны). Яна выканана маладой жанчынай-скульптарам з Салюры спадарыняй Хэдвіг Полюгер.
PS. 15 кастрычніка 2017 г. з нагоды 200-гадовай гадавіны са дня сьмерці Тадэвуш Касьцюшкі ў Салюры адбудзецца ўрачыстае адкрыцьцё помніка. Тэхнічныя дадзеныя помніка Статуя з бронзы вагай 250 кг. Вышыня статуі — 2 метра. Статуя будзе разьмешчана на мармуровай падлозе вышынёй 30 см. Побач з помнікам будуць усталяваны інфармацыйныя шыльды на трох мовах (беларускай, нямецкай і польскай). Месца ўсталяваньня Швэйцарыя, г. Салюра (CH-4500 Solothurn), стары горад (канкрэтнае месца ўдакладняецца)
-
Катэгорыя: Гародня ўчора
-
Апублікавана 15 Сакавік 2017
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической