У гісторыкаў, якія займаюцца соцыятапаграфіяй Гродна эпохі новага часу, нярэдка можна прачытаць сцверджанне, што ў другой палове XVII – XVIII ст. на тэрыторыі нашага горада вельмі моцна павялічваецца колькасць зямельных участкаў, якія належалі шляхце. Войны гэтага часу не спрыялі развіццю гарадоў, рамяства і пераўтварэнню мяшчанства Вялікага княства Літоўскага ў моцную супольнасць. У выпадку Гродна такая сітуацыя дапаўнялася таксама і тым, што наш горад стаў сеймавым і да гарадскіх пляцаў рэзка вырасла цікавасць магнатаў і буйной шляхты, якія хацелі мець уласную нерухомасць на перыяд сеймавых пасяджэнняў.
Адным з найбольш прывабных месцаў для будовы палацаў стаў нёманскі Падол – сучасная вуліца Падольная, а ў больш шырокім разуменні – правы бераг Нёмана ад замкавых узвышшаў прыкладна да могілак па вул. Антонава. Да пачатку ХХ ст. ператрывалі тры палацы, а на сённяшні дзень застаўся толькі адзін, ды і тое ў перабудаваным да непазнавальнасці выглядзе. Раскажам пра іх сёння (01 план 1795 г., паказаць і бровар Тызенгаўза).
Палац Пшэздзецкіх, лазня Камінскага. Знаходзіўся на месцы Цэнтральнай ратавальнай станцыі (Маставая № 56). (02 здымак пачатку ХХ ст.) Узведзены ў сяр. XVIII ст. каля перавозу (пераправы праз Нёман). У 1753 г. тут стаяў мураваны палац з афіцынай і стайняй, які належаў літоўскаму рэферэндару Антонію Пшэздзецкаму. Будынак адзначаны на плане 1798 г. як “дом Пшэздзецкага”. У пачатку ХІХ ст. будынак апынуўся ў разбураным стане, магчыма ў выніку пажару. У 1828 г. “двухпавярховы мураваны будынак над Нёманам” належаў стацкаму саветніку Свечыну. Як вынікае з апісання, пад будынкам меліся скляпеністыя падвалы, а на даху “5000 штук годных даховак”. У аглядзе 1833 г. указвалася на неабходнасць “разабраць або парамантаваць” пабудову. У 1848 г. былым палацам валодаў Герман (праўдападобна былы ратнік магістрата Карл Герман). Ёсць падставы меркаваць, што ў пач. 1860-х гг. будынак быў прыстасаваны пад лазню, якой валодаў нехта з прадстаўнікоў шляхецкага роду Ромераў. Згодна з фотаздымкам 1861 г. будынак уяўляў сабой двухпавярховы мураваны аб’ём без даху. Вядома, што да 1884 г. будынак лазні набыў Тэафіл Камінскі. Недзе паміж 1861 і 1884 гг. быў перабудаваны другі паверх, які ўладальнік прыстасаваў для мужчынскай лазні, а першы – для жаночай. Тут мелася некалькі памяшканняў: распранальня, мыльня, парылка, ванны. Побач быў узведзены жылы дом і кузня. У 1907 г. нерухомасць належала, праўдападобна, Лявіцкаму. Лазня працавала да пачатку Першай сусветнай вайны. (03 пачатак ХХ ст. і Мараускага таксама) У паўразбураным стане будынак прастаяў да 1920-х гг., а пасля быў разабраны.
Зусім недалёка ад вышэйзгаданага аб’екта знаходзіўся палац Мараўскага. Узведзены паміж 1783 і 1793 гг. (04 1920-я гг) Размяшчаўся на месцы будынка Дзяржэнерганагляда (Маставая № 41) і побач з ім. У 1688 г. на гэтым месцы стаяў мураваны дом гетмана Пацея. У 1745 г. нерухомасць прададзена княгіняй Чартарыйскай вялікаму літоўскаму падскарбію Юрыю Дэдлафу Флемінгу. Затым яе набылі Чартарыйскія. У 1783 г. пляц набыў генерал-лейтэнант войск ВКЛ Ігнацый Фелікс Мараўскі (1744-1790), які і ўзвёў палац. Будынак уяўляў сабой вялікі двухпавярховы п-падобны ў плане аб’ём (з боку Нёмана за кошт цокаля паверхаў было тры) з высокім вальмавым дахам. Першы паверх быў мураваны, а другі – драўляны, усе вонкавыя сцены былі патынкаваны. Па цэнтры фасаднай часткі меўся аркавы праезд. Аб вонкавым выглядзе будынка можна даведацца дзякуючы абмернаму малюнку і планау, які быў зроблены ў 1818 г. Мараўскі быў звычайным шляхціцам, які ажаніўся на Тэафіліі Канстанцыі Радзівіл, дачцэ Міхала Радзівіла Рыбанькі. Іх сын, палкоўнік Кароль Мараўскі, адзначыўся ў бітвах з Расіяй у 1792 г.
У пач. ХІХ ст. “поморавское здание” было прыстасавана спачатку пад казармы, а пасля пад вайсковы шпіталь (“полковой лазарет”) і лазню. Акрамя таго, тут размяшчаліся: палкавая канцылярыя, цэхгаўз, музычная і барабанная школа для вайскоўцаў, швальня і “сапожня”, пякарня, майстэрні для плотнікаў, слесароў і маляроў, а таксама “шмухлярня”. Усё гэта негатыўна паўплывала на стан будынка і ён паступова прыходзіў у заняпад. Так, салдаты “ва ўсіх пакоях у сцены загнаны калкі для развешвання салдацкага рыштунку”, а ў швальні “дзьверы выкарыстоўваліся замест сталоў”. У 1826 г. з боку “кармеліцкага агароду” быў умацаваны падмурак сцяны, які “пагражаў падзеннем”. Захаваўся падрабязны інвентар будынка за 1833 г. Згодна з аглядамі губернскага архітэктара, якія былі зроблены ў 1834 г., дах будынка моцна працякаў, з-за чаго ў некаторых месцах прагніла столь і паабвальваўся тынк са сцен. Акрамя таго, пасля моцнай паводкі і разліву Нёмана ў 1829 г. сцены будынка ў некаторых месцах моцна патрэскаліся з-за прасядання падмуркаў. У сувязі з гэтым, у сяр. ХІХ ст. будынак на 2/3 разабралі, была пакінута толькі яго ўсходняя частка. Вядома, што ў 1859 г. ён быў ужо разабраны, паколькі рабочыя, якія капалі падмуркі "па-Мураўскага дома" вынялі з зямлі камяні аб’ёмам “2 куб. сажени". На месцы фасаднай часткі былога палаца ўзведзены двухпавярховы будынак казармаў – “Муравские казармы” (зруйнаваны падчас Другой сусветнай вайны) (05 – 1941 гг.). Рэшткі былога палаца на жаль былі знесены ў 2006 г. Да гэтага там знаходзіліся гаспадарчыя памяшканні былога тэкстыльнага камбіната.
На сённяшні дзень ацалеў толькі будынак па адрасе Завадская № 2 – палац Сапегаў, палац Агінскага над Нёманам, піўзавод Кунца, гродзенскі піўзавод. Пабудаваны ён у XVII ст. Перабудаваны ў 1877 г. Уключае пабудовы рознага часу (захаваліся рэшткі пілястраў з характэрнымі для стылю барока элементамі). Комплекс арганізаваны вакол унутранага двара. Рознавялікія аб’ёмы маюць плоскасныя фасады. Прамавугольныя і лучковыя аконныя праёмы дэкараваны броўкамі, клінчатымі перамычкамі. Сцены крапаваны лапаткамі, міжпаверхавымі цягамі, арнаментам спрошчанага геаметрычнага малюнка. Падвальныя памяшканні перакрыты буйнымі цыліндрычнымі скляпеннямі.
Галоўнай дамінантай гэтага гарадскога раёна лічыўся палац Сапегаў. Як сведчаць матэрыялы архіва гэтага роду, у 1530 г. кароль Жыгімонт пацвердзіў віцебскаму ваяводу Івану Сапегу набыццё нерухомай маёмасці, у прыватнасці “палацаў над Нёманам” у Гродне. З 1555 г. паходзіць згадка аб тым, што Астафій Валовіч, які “мел дворец Сапеженьский [...] на сей стороне Немна от места Городенского”, абмяняў гэтую нерухомасць на палац войта Пятра Шаматулы. Сучасны ж будынак мог часткова існаваць ужо ў 1680-м г. як палац князёў Сапегаў. Бадай што ўпершыню гэты аб’ект згадваецца ў якасці гістарычнага помніка Ю. Ядкоўскім, які ў сваім пуцяводніку па Гродне называе яго “палацам князёў Сапегаў”, які “цяпер з’яўляецца піўзаводам Марголіса”.
На гравюрах Цюндта-Адельгаузера (1567) і Макоўскага (1600 г.) у раёне гродзенскага Падола знаходзіцца ў асноўным драўляная забудова (06, 07). З каменных збудаванняў бачныя толькі царква Чэснага Крыжа і яшчэ адзін невялікі храм-ратонда. Упершыню звесткі аб цікавым нас будынку з'яўляюцца ў пачатку XVIII ст. Па-першае, гэта некалькі расійскіх і шведскіх планаў, па-другое малюнак Гродна, фотакопія якога захавалася ў інстытуце мастацтваў Польскай Акадэміі Навук. Малюнак па ўсіх ўскосных дадзеных адносіцца да пачатку XVIII ст. (08)
З гэтых матэрыялаў мы можам зрабіць выснову, што палац (або дом) Агінскага ўяўляў сабою прамавугольны ў плане двухпавярховы будынак з высокім дахам і вежамі па кутах. Магчыма вежаў было нават чатыры, тут трэба праводзіць раскопкі, але нядаўна адшуканы малюнак Юзафа Пешкі паказвае, што па стане на 1803 г. іх заставалася яшчэ як мінімум дзве (09). Такая планіроўка характэрная для комплексаў, пабудаваных у XVII ст. Палац не раз перабудоўваўся.
Першыя пісьмовыя згадкі пра будынак палаца адносяцца таксама да пачатку XVIII ст. У 1706 г. палац належаў трокскаму ваяводзе Юзафу Агінскаму. Дадзеныя 50-х - 70-х гг. XVIII ст. сведчаць аб тым, што палац належаў польнаму літоўскаму пісару, будучаму вялікаму гетману літоўскаму Міхалу Казіміру Агінскаму. У 1779 г. уладанне набыў гродзенскі маршалак Казімір Вольмер, а 1789 г. уладальнікам палаца стаў літоўскі канцлер Аляксандр Сапега. У 1801 г. палац купіў граф Міхаіл Дзяконскі але прадаў гораду ў 1832 г. пад памяшканні казармаў. Аднак для казармаў будынак аказаўся нязручным, таму з дазволу губернскага праўлення будынак быў прададзены малодшаму бургамістру Івану Казацкаму (Яну Касацкаму). У 1834 г. нерухомасць набыў бургамістр Адрыян Харын, але ў 1838 г. прадаў Ромеру. (10, 11 будынак у 1860-я гг.).
Не будзем расказваць пра гісторыю гэтага будынка ўжо як піўзавода, адначым толькі, што як відаць з матэрыялаў, якія захаваліся ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Гродне, асноўныя працы па ператварэнні былога палаца ў піваварны завод Іосіф Кунц праводзіў у 1870-х гг. Тады да будынка палаца з заходняга боку было дабудавана варачнае аддзяленне, а таксама быў перабудаваны будынак з скляпамі.
Для ўяўлення пра гісторыю пераабсталявання будынка былога палаца ў піўзавод цікавы малюнак з “Памятнай кніжкі Гродзенскай губерні”, датаваны 1880 г. На ім мы бачым яшчэ практычна не змененае ўнутранае будынак палаца з высокім дахам і прыбудаванага да яго незадоўга да гэтага варачных аддзяленне. Адсюль вынікае, што дах палаца была паніжаная і аб'яднаная з дахам варачнага аддзялення паміж 1880 і 1900 гг. (12, 13).
Летам 2007 года піўзавод быў зачынены. Пасля ліквідацыі прадпрымества ў 2012 годзе будынак быў прададзены і да 2017 г. змяніў некалькі ўласнікаў. Гэта былі кампаніі, адзінай мэтай якіх, верагодна, была ў першую чаргу вывазка металалому з тэрыторыі бровара. У рэшце рэшт, дзяржава вярнула бровар у судовым парадку сабе. Па стане на 2022 г. бровар ізноў знаходзіцца ў прыватных руках. Кампанія ўласнік плануе пераўтварыць бровар у салідны гатэль, забудаваўшы і тэрыторыю квартала побач.
Без грунтоўных археалагчных даследаванняў, напрыклад падмуркаў неіснуючых вежаў былога палаца, нам складана вельмі дакладна высветліць дату пабудовы палаца Сапегаў. Пакуль мы можам вызначыць асноўны часовы дыяпазон, у якім мог быць пабудаваны палац - 1601 - 1706 гг. Палац не раз перабудоўваўся ўжо ў XVIII ст. і сёння ўяўляе сабой унікальнае змяшэнне эпох. Вядома, што яго рэстаўрацыя будзе адбывацца менавіта на выгляд пачатку ХХ ст. аднак падкрэсліць яго некаторыя асаблівасці як палаца было б варта.
А. Вашкевіч
-
Катэгорыя: Content - Belarusian
-
Апублікавана 23 Кастрычнік 2025
Апошняе
- Палацы XVII – XVIII стст. на гродзенскім Падоле
- Августовский канал. История и современность. Часть 5. Объекты историко-культурного наследия и туризма в белорусской части Августовского канала.
- Августовский канал. История и современность. Часть 4. Животный мир белорусской части Августовского канала.
- Августовский канал. История и современность. Часть 3. Природа белорусской части Августовского канала и окрестностей.
- Августовский канал. История и современность. Часть 2. Белорусская часть канала
- Августовский канал. История и современность. Часть 1. Августовская пуща
- Вольга Сабалеўская. Спрадвечныя іншаземцы. Частка 7. ГАРАДЗЕНСКІЯ ДАБРАЧЫНЦЫ
- Вольга Сабалеўская. Спрадвечныя іншаземцы. Частка 6. ШЛЯХ ДА ВЕДАЎ
- Вольга Сабалеўская. Спрадвечныя іншаземцы. Частка 5. РЭЛІГІЙНАЕ ЖЫЦЦЁ ГАРАДЗЕНСКІХ ЯЎРЭЯЎ