Прапануем чытачу пазнаёміцца з двума зваротамі гродзенцаў, занепакоеных г.зв. “рэканструкцыяй” горада да кіраўніцва. Пад зваротамі падпісалася больш 200 чалавек. Афіцыйны адказ атрыманы не быў, улады абмежаваліся двума публікацыямі ў “Вячорцы” ВОЗЛЕ ЗАМКА - МАГИСТРАЛЬ? і КАКОЙ БУДЕТ СОВЕТСКАЯ ПЛОЩАДЬ?, якія іх ні да чога не абавязваюць. Вельмі хочацца пачуць вашую думку наконт гэтага.
Старшыні Гродзенскага гарвыканкама
Антоненка Аляксандру Ільічу, у гродзенскі
гарадскі савет дэпутатаў.
Мы, жыхары горада Гродна, выступаем за ахову Рынка старога горада (цяпер Савецкая плошча) і просім надаць ёй статус помніка архітэктуры, а таксама пераглядзець і змяніць планы яе рэстаўрацыі, бо лічым, што павялічэнне плошчы аўтамабільных і пешых дарог у раёне Савецкай плошчы разбурае тапаграфічную ідэю старога Рынка, пераўтвараючы яго ў бульвар уздоўж дарогі.
Гродна – адзіны з абласных цэнтраў Беларусі, які захаваў у магчымым для рэканструкцыі выглядзе стары гарадскі Рынак, цэнтральнае месца любога беларускага горада ад моманту надання яму магдэбурскага права. Такі прывілей наш горад атрымаў у 1496 г., і з таго часу вядзецца гісторыя гэтай плошчы, фармаванай будынкамі Ратушы, касцёлаў: Фары Вітаўта і Езуіцкага, езуіцкай калегіі, палацаў і дамоў гродзенскіх мяшчанаў і шляхты, уласна рынкам. Частка гэтых будынкаў была разбурана ў розныя часы, але многія з іх захаваліся і агульная рэканструкцыя плошчы здаецца магчымай.
Гродна – горад славуты помнікамі архітэктуры, вузкімі вуліцамі і невялікімі плошчамі, будаванне вялікай колькасці аўтамагістралей і прасторных плошчаў у гістарычным цэнтры горада нішчыць яго адметны характар і тоеснасць.
Звяртаем Вашу пільную ўвагу, што на тэрыторыі Рынку ніколі не праводзіліся археалагічныя раскопкі (вядома, не ўлічваючы тыдня працы на абмежаванай тэрыторыі гэтым летам), што недапушчальна для горада з такой гістарычнай традыцыяй. Забудова гэтай тэрыторыі азначае знішчэнне культурных слаёў важнейшых плошчаў горада.
Патрабуем, каб рэстаўрацыя цэнтральнай плошчы горада адпавядала яе гістарычнаму выгляду і пакідала магчымасць для адбудовы знішчаных будынкаў у будучыні. Просім спыніць працы па пабудове транспартных дарог і стварыць умовы для грунтоўнай працы археолагаў і выпрацавання новага праекта рэканструкцыі плошчы гродзенскімі інжынерамі. Спадзяемся, што Вам не абыякавы лёс цэнтральнай плошчы нашага горада.
________________________________________________________________________
Старшыні Гродзенскага гарвыканкама
Антоненка Аляксандру Ільічу, у гродзенскі
гарадскі савет дэпутатаў.
Мы, жыхары горада Гродна, выказваем сваю заклапочанасць лёсам Гродзенскіх каралеўскіх замкаў і выступаем з прапановай змянення планаў перабудовы транспартнай развязкі ў раёне Савецкай плошчы, а менавіта абмежавання руху па вул. Д.Гарадзенскага.
Паводле словаў Аляксандра Захарчука, гал. інжынера праекту перабудовы плошчы, у інтэрв’ю “Вячэрняму Гродна” ад 04 мая 2005 года, рух па вул. Д.Гарадзенскага будзе павялічаны ў два разы, дзеля вырашэння праблемы транспартнай перанасычанасці. Патрабуем звярнуць Вашу ўвагу, што транспартны рух па вул. Д.Гарадзенскага прыводзіць да рэзаніравання і сутрасення сценаў Гродзенскіх каралеўскіх замкаў 16 і 18 ст. і Свята-Раства-Багародзіцкай царквы і манастыра (збудаваных у 1633, перабудаваных у 1720-51 г.), што немінуча прывядзе да разбурэння сцен замкаў і манастыра. Трэба памятаць таксама, што замкі знаходзяцца на вяршыне берагавога схіла Нёману і рэзананс можа прывесці да нішчэння і абсыпання гары пад замкамі, што выклікае поўнае разбурэнне іх.
Замкі – гэта найвялікшая гістарычная каштоўнасць і гонар нашага горада, рэзідэнцыі вялікіх князёў літоўскіх і каралёў Рэчы Паспалітай, месца правядзення дзяржаўных сеймаў у 17 і 18 ст., сядзіба ЦК КПБ у часы БССР. Патрабуем не быць абыякавымі да лёсу нашай гістарычнай спадчыны і прыняць хуткія і дзейсныя меры па выратаванню нашых Гродзенскіх каралеўскіх замкаў.
-
Катэгорыя: Грамадская актыўнасць
-
Апублікавана 05 Лістапад 2005
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической