Сёння каноплі – некалі вядомая кожнаму беларускаму селяніну культура, сустракаецца толькі на старонках крымінальнай хронікі. Цяпер гэтая расліна пад забаронай. Між тым менавіта каноплі, хіба пасля збожжа і дрэва, некалі былі галоўным экспартным таварам Беларусі.


У пачатку ХІХ ст. тавары вывозіліся з нашага края па рэках, найперш па Нёмане, Заходняй Дзвіне, Дняпры. Напрыклад па Нёмане, калі з ракі сыходзіў лёд, па высокай вадзе ў бок Караляўца вырушалі шматлікія караблі. Віціны, паўвіціны і платы везлі да мора збожжа, крупы, тытунь, гарэлку, поташ, дравесны вугаль, сала, льняны алей і… пяньку. Таямнічая пянька складала вялізную частку экспарта – пянька пасля пярвічнай апрацоўкі, а таксама рагожа (грубая тканіна з пянькі), пяньковыя мяшкі, пяньковая пакля…

Што за пянька, якая пастаянна сустракаецца ў гандлёвай статыстыцы і ў XVIII, і ў ХІХ, і ў XX стагоддзях? Пянька – гэта паўфабрыкат, які атрымліваюць з канопляных сцяблін шляхам часання і трапання, падобна як апрацоўваецца лён. Пянька ўжываецца для вырабу вяровак, канатаў, палавікоў, дарожак, мяшкоў і ў якасці асновы для вырабу тканін з воўны і лёну для верхняй вопраткі.

Сялянкі з канаплянай пянькой у руках. 1950-я гг.

Калі прамысловая магутнасць Англіі грунтавалася на авечках і воўне, то багацці Расійскай Імперыі, у склад якой з канца XVIII ст. ўваходзілі беларускія землі, грунтавалася на пяньцы. У эпоху паруснага мараплавання пянька была стратэгічным таварам – на такелаж (агульная назва ўсіх канатаў і вяровак на караблі) 44-гарматнага фрэгата ішло да 60 тон канатаў і вяровак з пянькі. Дзяржава спачатку мела манаполію на гандаль пянькой, а пасля брала з гандлю вельмі высокія падаткі.
Галоўным спажыўцом канапляных вяровак была Вялікабрытанія і яе флот. Высветлілася, што канапляныя валокны вельмі ўстойлівыя да салёнай вады. Канаты круцілі з беларускіх канопляў ужо на Туманным Альбіёне, дадаючы да іх толькі адну чырвоную нітку з англійскай воўны – каб па ёй адразу было бачна – канат з’яўляецца ўласнасцю брытанскага ваенна-марскога флота, і той хто яго скраў мусіць быць сурова пакараны. З гэтай чырвонай ніткі і пайшоў літаратурны выраз “чырвонай ніткай праходзіць нейкая там ідэя”.

Канаты з беларускай пянькі

Беларусы вырошчвалі каноплі з даўніх часоў, з канаплянага семя ціснулі алей а з канопляў ткалі грубую тканіну для розных гаспадарчых патрэбаў. Вельмі доўгі час пянька была яшчэ і засцерагальным сродкам у вайсковай справе. Гэта быў танны даспех (пяньковая вяроўка шчыльна нашывалася на верхнюю вопратку), які мог абараніць ад удара шаблі і нават стрымаць выпушчаную з далёкай адлегласці кулю. Яшчэ абараняючы Севастопаль у 1855 г. расійскія маракі закрывалі ўмацаванні пяньковымі канатамі, знятымі з караблёў.

 

Рэдут на абароне Севастопаля, часткова зроблены з канатаў

Гандаль пянькой з Расіі, Беларусі і Украіны меў настолькі важнае стратэгічнае значэнне, што нават у Тыльзіцкай дамове паміж Расіяй і Францыяй Напалеон падкрэсліў, што Расія не павінна гандляваць пянькой з Вялікабрытаніяй. Расія за чатыры гады адсутнасці гандлю з брытанцамі сфарміравала дэфіцыт бюджэта ў 150 мільёнаў залатых рублёў. Таму вайна 1812 года станавілася непазбежнай, не атакаваў бы Напалеон, атакаваў бы Аляксандр І. 

Колькі канатаў трэба для парусніка

Яшчэ ў пачатку ХХ ст. канапляводства было важнай сферай сельскай гаспадаркі ў вырошчванні тэхнічных культур. На беларускай этнічнай тэрыторыі ў Клінцах функцыянаваў нават канапляводчы (пяньковы) тэхнікум, ужо ў савецкі час выдатным канапляводам выдавалі спецыяльныя значкі, друкавалі плакаты з іх партрэтамі. Пасля Другой Сусветнай вайны вырошчванне канопляў у прыватных гаспадарках было ўжо дастаткова рэдкай з'явай - мяшкі ды вяроўкі збольшага спраўна пастаўляла калгаснікам савецкая прамысловасць. Цікава, што яшчэ ў 1950-х - пачатку 60-х гг. на Гродзеншчыне вырошчалі каноплі для вырабу... рыбалоўных сетак.

Чытач адразу можа задаць "лагічнае" пытанне, чаму беларусы, у прынцыпе ведаючы пра асаблівыя ўласцівасці канопляў, не выкарыстоўвалі іх, так бы мовіць, па прамому прызначэнню, гэта значыць для ўвядзення сябе ў "стан змененай свядомасці". Адказаў тут некалькі. Па-першае - у традыцыйным грамадстве ў большасці людзей проста не было часу для падобных эксперыментаў, а па-другое звычайная пасяўная канапля ўтрымлівае ў 20 - 30 разоў менш псіхатропных рэчываў, чым тыя канполі, якія па-ціху вырошчываюць сучасныя "мічурыны", трапляючы потым у крымінальную хроніку.

Плакат з прапагандай вырошчання канопляў у калгасах. БССР. 1954 г.


І цяпер прамысловыя каноплі вырошчваюцца ў Расіі і Украіне. Пянька выкарыстоўваецца для вытворчасці цэментнавалакністых пліт, брэзентаў высокай якасці, высокаякаснай паперы і нават грошай. Нават першыя джынсы Levi’s былі зроблены менавіта з канаплянай тканіны. З 31 снежня 2016 г. у Беларусі цалкам забаронена вырошчваць і каноплі і снатворны мак, апрача толькі як у навуковых мэтах. Дадзеныя расліны не павінны расці на зямельных участках, а іх уласнікі павінны сачыць за гэтым.

Scroll to top