Магчыма, нехта задумваецца над паходжаннем назвы сваёй вёскі і пачне дашуквацца нейкай дадатковай інфармацыі. Зрабіць гэта няпроста, бо некаторыя назвы з часам перарабіліся да непазнавальнасці, а вакол некаторых паўстала маса фантастычных “легенд”.
Напрыклад, назва вёскі Каўбаскі быццам паходзіць ад смачных кілбасаў, што там “круцілі”, а Гожа вядзецца ад словаў цара Пятра І, які ў свой час папіў тут вады і сказаў пра яе: “Гожа!”. І вось пасля такіх фантазій ужо мала каго цікавіць, што спачатку Каўбаскі называліся Келбашчычы (ад рыбы келба альбо старога імя Келб), а Гожа старэйшая за Пятра І на чатырыста гадоў, і старажытная назва Ожа паходзіць ад літоўскага “озіс” – дзікі казёл.
Пачынаючы высвятляць паходжанне назвы свайго населенага пункта, трэба звярнуцца да першакрыніц. Гэта ў першую чаргу шматлікія ўжо надрукаваныя і прысутныя ў інтэрнэце кнігі Літоўскай метрыкі, попісы эканомій, выданні прывілеяў і актавых дакументаў. Трэба знайсці першую згадку пра населены пункт, якая ў большасці выпадкаў не будзе старэйшай за XV–XVI стст., і высветліць арыгінальную назву, тады і адгадка стане значна бліжэй.
Самыя старыя назвы населеных пунктаў на Гродзеншчыне – гэта назвы вялікіх гарадоў – Гродна, Слонім, Ваўкавыск, Турэйск, Навагрудак, – якія паўсталі ў працэсе засялення Панёмання славянамі на мяжы першага і другога тысячагоддзяў нашай эры. Але такіх назваў няшмат, і яны збольшага патлумачаныя.
З XIII–XV стст. паходзіць значная колькасць меншых у тыя гады населеных пунктаў, назвы якіх патлумачыць таксама цяпер няпроста, бо яны маюць балцкае паходжанне – Ліда, Баля, Бершты, Індура, Воўпа і іншыя. З гэтай балцкасці шматлікіх назваў вёсак часам атрымліваліся кур’ёзы. Насельніцтва ваколіц Гродна з часам славянізавалася і так перарабляла назвы, што яны атрымлівалі зусім іншы, часам нават супрацьлеглы сэнс.
У XVI ст. каля Гродна згадваецца вёска Гівеневічы, значэнне назвы якой патлумачыць проста – ад літоўскага “гівенці”, што азначае “жыць”. Бліжэй да XIX ст. назва вёскі атрымала сучаснае гучанне – Гінавічы, і філолагі пачалі выводзіць паходжанне назвы ад некага, хто загінуў на гэтым месцы.
Пераважная большасць нашых вёсак паўстала ў другой палове XVI ст., калі праводзілася ў жыццё “Устава на валокі” – усе каралеўскія землі былі падзелены на фальваркі, а сяляне сселены ў вёскі з хатамі ў радок уздоўж дарогі. Таму назвы пераважна ўжо славянскія і паходзяць ад уласных імёнаў жыхароў або мянушак-прозвішчаў (тады гэта было амаль тое самае, бо трывалыя прозвішчы таксама паўставалі ў той час).
Міцкевічы (ад Міцькі), Навумавічы (ад Навума), Селіванаўцы (ад Селівона), Монькаўцы (ад Монькі) і сотні і тысячы іншых. І хай не здзіўляюць назвы вёсак накшталт Тарусіч або Гасцілаўцаў, бо для XVI ст. Таруса і Гасціла – гэта абсалютна нармальныя імёны.
Паколькі нямала насельніцтва ў тыя часы гаварыла па-літоўску, дык аналагам славянскіх назваў, утвораных ад асабістых імёнаў, сталі і літоўскія назвы з канчаткам на -ішкі: Даўгердзішкі, Сурвілішкі, Вайдацішкі і многія іншыя.
Ёсць некаторыя назвы, звязаныя зусім не з простымі сялянамі. Да прыкладу, падгродзенскія Адамавічы паўсталі ад прозвішча Адамовіч. У XVI ст. тут знаходзіліся прыгарадныя валоданні гродзенскіх нобіляў Адамовічаў, якія некаторы час нават былі бурмістрамі нашага горада.
Дарэчы, вёскі з назвамі, што паходзяць ад уласных імёнаў або прозвішчаў, працягвалі паўставаць і ў пачатку ХХ ст. Маленькая вёска Брузгі каля аднайменнага пагранічнага перахода паўстала толькі крыху больш за сто гадоў таму. Яе заснавалі сяляне з Навагрудчыны і Міншчыны, якія выкупілі кавалак зямлі ў мясцовага пана. Большасць з іх мела прозвішча Брузго, таму і вёска атрымала такую назву.
Другая пасля ўласных імёнаў па папулярнасці катэгорыя назваў паходзіць ад заняткаў або сацыяльнага становішча жыхароў. Асочнікі ахоўвалі ўваходы ў каралеўскую пушчу, Багатыры ды Баяры былі прамежкавым звяном паміж шляхтай і сялянамі, бо былі асабіста вольныя і хадзілі на вайну, але не мелі ўласнай зямлі і прыгонных. А яшчэ Баброўнікі (ахоўвалі каралеўскіх баброў), Бортнікі (ахоўвалі борці), Буднікі (выпальвалі дравесны вугаль і поташ), Стэльмахі (рабілі колы да вазоў), Рыбакі, Кавалі, Бондары, Руднікі і многія іншыя! Аднак тут трэба быць асцярожным, бо вёска магла атрымаць назву ад чалавека з прозвішчам, якое дасталася яму ад продкаў і ўжо магло не абазначаць занятку.
Зразумела, што большасць жыхароў нашых вёсак у тыя далёкія часы былі прыгоннымі сялянамі, і часта назва населенага пункта паходзіла ад уласніка. Напрыклад вельмі шмат у нашым краі вёсак з коранем “плябан”: Плябанаўцы, Плябанішкі, Плябанскія. Гэтая назва адназначна паказвае, што вёска і яе жыхары некалі належалі рымска-каталіцкаму касцёлу, а дакладна плябану – настаяцелю той ці іншай парафіі, былі не проста прыхаджанамі, але і ўласнасцю ксяндза.
Але і тут трэба быць асцярожным. Напрыклад, назва вёскі Радзівілкі паходзіць не ад магнатаў Радзівілаў, якія быццам бы валодалі вёскай, а ад прадстаўнікоў незаможнага шляхецкага роду Радзівілкаў, што і пацвердзілі гродзенскія гісторыкі.
Сёе-тое могуць сказаць нам тапонімы і пра пачатковы нацыянальны склад жыхароў той ці іншай вёскі. І зрабіць такую выснову можна не толькі грунтуючыся на мове, з якой паходзіць назва. Ёсць і наўпроставыя ўказанні. Напрыклад, Чэхаўшчызна, якая ўжо знаходзіцца амаль у межах Гродна. Гэтую мясцовасць яшчэ ў 1558 г. купіў за 15 коп грошаў шляхіц “Абрам Духна Яновіч Хрышчановіч, чэх”, а паколькі чэхі і ў тыя часы нячаста набывалі ў нашых ваколіцах зямлю, то за яго ўласнасцю хутка замацавалася назва Чэхаўшчызна.
Або вёска Машталеры – так гучала назва каралеўскіх конюхаў Стэфана Баторыя, якія па паходжанні былі ўсе венграмі, бо толькі ім ён давяраў сваіх любімых коней. Вось імёны венграў-машталераў з вопісу рэчаў караля, якія засталіся пасля яго смерці ў Гродне ў снежні 1586 г.: Петэр, Крыштаф Таргашы, Кішаміш, Стойка, Секель Лорчус… Можа, хто з карэнных жыхароў вёскі Машталеры і сёння мае падобныя прозвішчы!?
Татары пакінулі па сабе след не толькі ў назвах накшалт Татаршчызны, але і ў назвах ад уласных імёнаў – напрыклад, вёска Кадыш. Прычым і следу ад татараў у Кадышы не засталося, бо яны асіміляваліся яшчэ ў XVII ст., а імя татарскага шляхіца Кадыша жыве дасюль, таксама як і імя яўрэйскага прадпрымальніка Чартка засталося ў выглядзе назвы вёскі Чарток на Аўгустоўскім канале. Чарток – мянушка-прозвішча сапоцкінскіх яўрэяў (ад цёмнай скуры і валасоў – чорны як чорт, але без злосці – Чарток), якія мелі на Чорнай Ганчы млын. Адсюль пайшла і назва мясцовасці Чарток.
Шматгадовае знаходжанне нашых зямель у складзе Рэчы Паспалітай пакінула свой след у выглядзе лацінскіх назваў. Гэта звязана з вялікай колькасцю тэрмінаў з рымскага права, якія выкарыстоўваліся і ў нас.
Усе ведаюць Аульс (або Авульс), дзе размешчаны гарадскія могілкі і чыгуначная станцыя. Тэрмінам “аульс” пазначаўся такі непаўнавартасны фальварак, у якім была зямля, але не было прыгонных сялян для працы. Аульсам таксама магла быць прызнана частка фальварка, бяспраўна адарваная ад асноўных земляў.
Хапае, дарэчы, і лацінскіх імёнаў. Напрыклад Тэалін, якіх толькі на Гродзеншчыне некалькі. Тэалінам называлі маёнткі або мясціны ў гонар жонак буйных землеўласнікаў, якіх звалі Тэафілія. Паколькі “Тэас” з лацінскай мовы перакладаецца як “Бог”, дык назва Тэалін была адначасова і ўвекавечаннем асобы шляхцянкі і пакліканнем да Божай міласці.
На шчасце, у савецкіх чыноўнікаў проста не хапіла адукацыі, каб вылучыць рэлігійны змест гэтай назвы, іначай усе Тэаліны пераўтварыліся ў якія-небудзь Заполлі, як стала ў 1964 г. Зарачанкай старажытная Баля Касцельная – слава “баля” з літоўскай мовы, дарэчы, перакладаецца як “балоцістае месца”.
У выніку ад шматлікіх Баляў у ваколіцах Гродна засталася толькі Баля Сольная на беразе Нёмана. Сольная яна называлася таму, што ў ХІХ ст. каля яе знаходзіўся дзаржаўны склад солі, якую на продаж сюды прывозілі з Вялічкі каля Кракава.
Дзе-нідзе прытаіліся і перажылі савецкі час і польскія ідэалагічныя назвы міжваеннай пары. Напрыклад, недалёка ад Ласасянкі стаіць па лесе некалькі хутароў, адзін з якіх мае назву Юзафова. Гэта была асада, месца, дзе пасяліліся ў 1920-х гг. асаднікі, што прыехалі з карэннай Польшчы, і названа яна ў гонар маршала Юзафа Пілсудскага. А вось назву недалёкай асады Пілсуды чыноўнікі раскусілі, і яе даўно няма на карце Гродзеншчыны. Дарэчы, назвы, звязаныя з Пілсудскім, можна сустрэць нават… у Бразіліі. Сярод джунгляў там ёсць вёсачка Ягода, названая ў гонар дачкі маршала. Там дасюль жывуць нашчадкі польскіх перасяленцаў.
Такім чынам, яшчэ раз параім тым, хто хоча даведацца праўдзівую інфармацыю аб паходжанні назвы сваёй вёскі: звярніцеся да першакрыніц, заглыбцеся як мага далей у папярэднія стагоддзі – і вас напэўна чакаюць адкрыцці, бо можа аказацца так, што ваша вёска чатырыста гадоў таму мела зусім іншую назву.
-
Катэгорыя: Content - Belarusian
-
Апублікавана 14 Май 2026