Жалудок – адзін з самых старых населеных пунктаў Гродзеншчыны. Крыніца, дзе ўтрымліваецца першая згадка пра яго – даволі незвычайная. Крыжакі, якія бесперапынна ваявалі з Вялікім княствам Літоўскім, пасылалі ў Прынямонне сваіх шпіёнаў, якія пад выглядам купцоў разведвалі дарогі да вялікіх гарадоў княства – Гродна, Вільні, Навагрудка, Коўна. Вярнуўшыся ў Ордэн шпіёны спісвалі маршруты, згадваючы ўсе меншыя населеныя пункты, праз якія трэба было ісці да вялікіх гарадоў.

І вось тады ў канцы XIV ст. у адным з маршрутаў крыжацкі шпіён па дарозе да Ваўкавыска згадвае Стегевілендорф Салудка – вёску Сцегевілы Жалудок у перакладзе на сучасную беларускую мову. Сцегевіла быў нейкім літоўскім баярынам і ў пазнейшыя гады ў ваколіцах Жалудка жыло адразу некалькі дзясяткаў баяр, абавязкам якіх была ахова вялікакняскага замка ў Троках. Баяры якія ходзяць на старожу ў Троцкі замак: Бенька Рамашковіч, Балтрамей Рамашковіч, Грыгор Рамашковіч, Стас Моцевіч, Петка Даўтаровіч, Мацей Юрэвіч, Хршчон Даўтаровіч, Юхна Сцевідовіч, Перташка Монкавіч, Бернарт Вайташэвіч, Сцецка Бернатовіч, Хршчон Сцецкаў брат, Янка Матыясавіч, Моцка Бівойнавіч, Петка Бівойнавіч, Мацей Дмішэвіч, Бітык Бейценевіч, Якуб Мацковіч, Ян Бабковіч, Мацей Маіхновіч, Пецька Бабковіч.

Касцёл у Жалудку, тут пахаваны Антоній Тызенгаўз

Да другой паловы XV ст. Жалудок становіцца настолькі важным адміністрацыйным цэнтрам, што пераўтвараецца ў цэнтр павета. Уладу ў павеце ў 1480-х – 90-х гг. ажыццяўляў княжацкі баярын Юрый (Ушка) Сцірнель, гледзячы па прозвішчы – баярын меў балцкае паходжанне і быў католікам. Ужо тады Жалудок і ваколіцы былі дастаткова шчыльна заселены, паколькі былі пастаяннай крыніцай даходаў для скарба вялікага князя. Напрыклад даходы ад жалудоцкіях корчмаў вялікі князь прызначаў таму самаму Сцернелю (20 коп грошай), Алехну Малышкавічу (8 коп), татарыну Юхну Асанчуковічу (7 коп грошай)… З іншых жалудоцкіх валоданняў вялікі князь прызначаў грашовыя і натуральныя выплаты для сваіх падданых: віленскаму мяшчаніну Мацею (10 бочак пшаніцы, 2 бочкі гароху, пазней яму ж была прызнчана “сцірта жыта”), конюху Ваську (15 бочак жыта), Крыўцу (палціна грошай), Канюшку Сычу, Літвінцу і іншым.

Недзе ў самым пачатку XVI стагоддзя Жалудок дастаецца князям Палубенскім. Палубенскія (Палубінскія) былі княжацкім родам з Вялікага княства Літоўскага. Гэтае прозвішча паходзіць або ад мясцовасці Лубны ва Украіне або ад вёсак Палубнікі (пад Лідай) ці Палубічы (каля Брэста). Даследчыкі выводзяць Палубенскіх ад Андрэя Альгердавіча з дынастыі Гедымінавічаў. Першым прадстаўніком рода Палубенскіх, які згадваецца ў дакументах, быў Андрэй Фёдаравіч Палубенскі. Ягоныя сыны Васіль і Іван акурат і валодалі Жалудком як мінімум у 1512–1522 гг. Васіль Палубенскі быў маршалкам Вялікага княства Літоўскага і мсціслаўскім старастам,а Іван – маршалкам гаспадарскім. У дакументах браты згадваюцца як жалудоцкія “намеснікі” або “дзяржаўцы”. Гэта значыць, што яны не валодалі Жалудком на правах спадчыны, а атрымалі яго ад вялікага князя на час.

Табліца ў гонар Канстанціна Тызенгаўза, вядомага арнітолага і пляменніка Антонія Тызенгаўза. Ён нарадзіўся ў Жалудку

Жалудок неаднаразова трапляў на старонкі старадаўняй “крымінальнай хронікі”. Прывядзем некалькі прыкладаў. Недзе ў 1514 г. навядомыя захапілі і разрабавалі жалудоцкую “спіжу” (так раней называлі харчовы склад, дзе раней захоўваліся самыя разнастайныя прадукты: каўбасы, яйкі, сушоныя ягады і грыбы, гародніна і іншае). На пошук рабаўнікоў быў адпраўлены баярын Юшка Веневіч, які прыехаў у Эйшышкі (цяперашні літоўскі Эйшышкес) і там ад баярына Стоціка даведаўся, што спіжа была разрабавана мясцовымі баярамі Тацькам і Мацеем. Следчы загадаў гэтых баяр схапіць, звязаць і дапытаць. У працэсе “допыту” абодва памерлі. Тады за княжацкай справядлівасцю ўжо звярнуліся сваякі загінуўшых, просячы пакараць Юшку за смерць прадстаўнікоў прывілеяванага саслоўя. Быў пакліканы Стоцік, які на судзе заведчыў, што ніколі не гаварыў нічога супраць забітых а ў момант візіту Юшкі Веневіча ў Эйшышкі яго навогул не было дома. Болей за тое – ён прысягнуў у судзе, што менавіта так і было. Паколькі прысяга сведкі была ў тыя часы жалезным аргументам, то суд прыгаварыў самога Юшку Веневіча пакараць смерцю публічна (выдаць на ратушу), яго ж жонцы і дзецям пакінуць ягоны маёнтак. Мы не ведаем, ці сапраўды вынікам сярэднявечных разборак стала яшчэ і смерць следчага, але факт, што вялікакняжацкія запасы сельскагаспадарчай прадукцыі ў Жалудку былі настолькі багатыя, што прыцягвалі ўвагу злодзеяў і рабоўнікоў.

У 1530-х гг. вялікі князь Жыгімонт Стары ленным правам перадаў Жалудок Івану Васільевічу Лядскаму – маскоўскаму баярыну, які ўцёк у Вялікае княства ад гнева сваіх уладароў. Да ўцёкаў у Беларусь Лядскія былі блізкімі сваякамі баяр Захар’іных і Раманавых, з якіх выводзіліся будучыя расійскія імператары, і належалі да першага эшалону маскоўскага прывілеяванага саслоўя. Цікава, што па расказах Івана Васільевіча Лядскага ў сярэдзіне XVI ст. была надрукавана першая карта Масковіі, якую больш ста гадоў перадрукоўвалі шматлікія еўрапейскія выдаўцы.

Яўрэйская лазня з міквай у Жалудку. 2018 г.

Свае вайсковыя таленты Лядскія прымянялі супраць многіх ворагаў Вялікага княства Літоўскага – у тым ліку і маскавітаў. Сын Івана Васільевіча Іван Іванавіч Лядскі ў адрозненні ад большасці шляхты Вялікага княства дысцыплінавана выстаўляў ваяроў на попісы войска. У попісах войска Вялікага княства Літоўскага паведамляецца, што пан Іван Іванавіч Ляцкі, ляснічы Падляскі, з маёнткаў сваіх – з Жалудка ў павеце Лідскім, і з Высокага Двара ў павеце Троцкім, і з Чэмераў і з Носава ў павеце Берасцейскім, і з сёл на Русі – Балоча і Ожыча, с прыселкамі і з прыкупленіны Міцькаўшчыны, Стамброўшчыны, з таго ўсяго з павіннасці ставіў коней сорак, а цяпер дадаў для ласкі гаспадарскай, паставіў усіх коней шэсьцьдзесят адзін збройна ў панцырах, прылбіцах, сагайдаках з саблямі і рагацінамі. Ён жа ставіў драбаў усіх трыццаць з ручніцамі і сякерамі. У 1567 г. ад сваіх уладанняў замест 40 коннікаў ён выставіў аж 61 добра ўзброенага вершніка і 30 пешых драбаў з рушніцамі. Сам Іван Лядскі вызначыўся падчас Лівонскай вайны, а вось ягоны сын Тэадор назаўсёды ўвайшоў у летапіс вайсковай славы Рэчы Паспалітай. Сфарміраваная ім рота з двухсот крылатых гусараў, сярод якіх былі і шляхцічы з ваколіц Жалудка, паставіла рашучую кропку ў бітве са шведамі пад Кірхгольмам. У XVII ст. Лядскія страцілі Жалудок, аднак памяць пра іх засталася на Шчучыншчыне ў выглядзе вёсак Лядск і Высокі Лядск.

 

Былая вінакурня Чацвярцінскіх, 2018 г.

Недзе ў пачатку XVIII ст. Жалудок стаў уласнасцю Тызенгаўзаў. Самым вядомым уласнікам Жалудка сярод прадстаўнікоў гэтага курляндскага рода быў Антоній Тызенгаўз – адміністратар, рэфарматар і палітык. Антоній Тызенгаўз кіраваў вялізарнымі абшарамі вялікакняжацкіх эканомій, але не забываўся і пра свае прыватныя валоданні. Менавіта ён надаў Жалудку ўнікальную для Беларусі радыяльную планіроўку – ад круглай плошчы ў цэнтры мястэчка ў розныя бакі як промні ад сонейка разбягаліся вуліцы, адна з якіх заканчвалася брамай гаспадарскага маёнтка. Калі Тызенгаўз страціў ласку караля і быў зняты з усіх пасадаў то менавіта ў Жалудок ён перавёз большую частку сваёй маёмасці, якая пасля ягонай смерці была апісана за даўгі.

У Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве захоўваецца інвентару маёнтка Жалудок. Складзены ён быў 30 лістапада 1796 г. і мае назву: “Inwentarze dworu Żołudzkiego w zabudowaniu pałacowym, meblow w pokojach, trunkow w sklepie, kredensu, kaftejerni y kuchni oraz w skarbcu murowany, w magazynie obok skarbcu towarow róźnych sukiennych, bławatnych, norymberszczyzny, garderoby panskiey y różnych sprzętow tudzież ogrodu Żołudzkiego y stayni z wozownią. R(ok)u 1796. Xbra 30 dnia przez szczeguł sporządzone”. Гэта быў вопіс рэчаў, якія знаходзіліся ў палацы, стайневым флігелі, скрабе, склепе, стайні і вазоўні, а таксама апісанне агароду. Гэты інвентар упершыню выяўлены і апрацаваны гродзенскім гісторыкам Наталляй Сліж.

 

Кузня на тэрыторыі былога Жалудоцкага двара, цяпер "Зара Камунізма"

У палацы пералічваліся наступныя пакоі: адпачывальня (сцены абабіты кардонымі шпалерамі), сярэдні пакой (сцены абабіты папяровымі шпалерамі), блакітны пакой (сцены абабіты папяровымі шпалерамі), жоўты (сцены абабіты папяровымі шпалерамі), сені, зала, гасцінныя пакоі (ружовы, папялісты, жоўты пакоі), панскі пакой, канцавы пакой, малая зала над ганкам, гардэроб, склад палацёра.

У асноўным у пакоях знаходзіліся крэслы, столікі, бюро, канапы, люстэркі, ліхтары, жалезныя ложкі, а каля комінаў – жалезныя козлы для дроў і рыдлёўкі. У якасці дэкору былі гіпсавыя ці алебастравыя фігуркі, гадзіннікі на камінах ці насценныя, а ў сярэднім пакоі – барометр, у жоўтым пакоі, гасцінных пакоях, зале і малой зале над ганкам – карціны. Більярдны стол згадваецца толькі ў адпачывальні. На вокнах віселі фіранкі. Для пажарнай бяспекі ў сенях трымалі 4 помпы і 6 скураных вёдзер. У памяшканні палацёра трымалі рэчы для прыборкі.

 

Былы Жалудоцкі двор, 2018 г.

У стайневым флігелі апісана ўнутранае ўбранне ў пакоях Дыбоўскага, маршалка, падкаморыя, будаўнічага і малой залы на версе над ганкам. Крыніца не згадвае прозвішчы маршалка, падкаморыя і будаўнічага таму ідэнтыфікаваць іх не падаецца магчымым. Але інтэр’ер тут быў больш сціплы ў параўнанні з палацам: дубовыя і сасновыя сталы, драўляныя ложкі, крэслы абабітыя тканінай, канапы, люстэркі.

Асобны быў складзены інвентар алкагольных напояў, якія знаходзіліся ў піўніцах пад палацам. У ім згадваліся розныя віна, англійскае піва, лікёры, гарэлка, сіропы, канфіцюры, аліўкі, праванскія алівы, мёд і іншае.
Наступны вопіс прысвечаны рэчам, якія захоўваліся ў буфеце, гэта значыць мелі дачыненне да сталовай. У ім пералічваўся посуд, які быў зроблены са срэбра (лыжкі, нажы, відэльцы), волава (талеркі, лыжкі, паўміскі і інш.), фаянсу (вазы, паўміскі, талеркі), шкла (флягі, бутэлькі, шклянкі, келішкі і інш.), “кампазіцыя” (ліхтары для стала і камфорка на спірце для награвання страў), прылады з бляхі (паднос і накрыўкі для паўміскаў) і жалеза (шчыпцы і трынога для катла), сталовая бялізна (абрус і сурвэткі) і мэбля (сталы і шафа).

 

Былы Жалудоцкі двор, пабудовы 19 ст. 2018 г.

Асобнае было дадзена апісанне рэчаў у “кавярні”, прызначаныя для піцця і прыгатавання кавы. У ім згадваліся вырабы з фарфору (кубачкі са сподкамі і кубачкі без сподкаў), срэбра (малая лыжачка), каменя (імбрыкі для кавы), медзі (кацялок для гарбаты), бляхі (імбрыкі, шакаладніца, цукерніца, паднос, бляшанка для гарбаты), фаянсу (імбрыкі для кавы і гарбаты), жалеза (печка для смажання кавы, млын, каб малоць каву). Акрамя таго, у “кавярні” былі шафа, сталы, крэсла. У кухні знаходзіліся прылады з медзі (саган, рондалі, бляха і інш.), жалеза (патэльня, пожаг, козлы, дужая лыжка, сякера і інш.) і дрэва (шафы, сталы, тапчаны, дзежкі, вёдры і інш.).
Вельмі шмат розных рэчаў захоўвалася ў скарбу. У рэестры пералічваліся ў асноўным розныя тканіны (шоўк, атлас, аксаміт, бавоўна, камлот і інш.), большасць была замежнага паходжання. Згадваліся “польская паясы”. Іх было восем і рознага колеру: адзін быў з золатам, а 6 – са срэбрам. Асобна былі апісаны тавары, зробленыя ў Норымбергу (norymberszczyzna). Гэты былі рэчы рознага прызначэння: гузікі, тасьмы, іглы, падносы, мармуровыя таблічкі, замкі, гадзіннік, машынка для помпы, карціны на паперы, фігуркі, нажы, імбрыкі і інш.

Цікавасць уяўляе пералік музычных інструментаў. У ім былі пазначаны квінтаёла без струн, арфа без струн, кантрабас без струн, дзве скрыпкі са струнамі, два старых фагота, труба (пуза), чатыры каленцы ад вальторны, ноты. Найбольш верагодна, што гэтыя інструменты засталіся пасля музычнай капэлы, якая была на Гарадніцы.

У частцы “бакалея” згадваліся наступныя прадукты харчавання: рыс, міндаль, перац, разынкі, кава, цукар, імбір, цынамон. Акрамя таго, яшчэ захоўваліся фарбы, срэбра (келіх, салатніцы, паўміскі і інш.), фарфор (сподак, філіжанкі, імбрык для гарбаты, збаны да кавы, цукерніца, талерка і інш.), тагачаснае шкло (кілішкі, чаркі для вады, шклянкі і інш.), старасвецкае шкло (дужыя і сярэднія келіхі, кілішкі, лямпы, чаркі, фляшкі і інш.), фаянс (кошыкі, талеркі, паўміскі, салатніцы і інш.), варшаўскі фаянс (ваза, паўміскі, талеркі), сталовая бялізна (абрусы, сурветкі). Вялікі спіс складалі рэчы, якая адносіліся да гардэроба. Тут пералічвалася мэбля, тканіны, зброя, вопратка. З апошняй згадваліся панчохі, мундзіры (чырвоны навагарадскі з зоркай арла, чырвоны гарадзенскі з зоркай арла, чырвоны гарадзенскі без зоркі, сіні берасцейскі без зоркі, гранатавы віленскі і інш.), фракі, сукня, венгерка, нагавіцы, камізэлькі, дэлія, рукавічкі, гузікі, восем ордэнаў Св. Станіслава і інш.

 

Былы палац Тызенгаўзаў пачатку 19 ст. 2018 г.

Недалёка ад скарбу знаходзіўся склад. У ім таксама былі апісаны рэчы. У асноўным яны былі гаспадарчага прызначэнне з жалеза, волава, бляхі, латуні: вілы, ключы, каромысла, ліхтары, нажы, долата, малаткі і інш. Там жа захоўваліся дакументы. Архіў складаўся з 11 куфраў, скрынкі, шкатулкі і 3-х пакункаў. Напрыканцы адзначалася, што з гардэробы, буфету, кухні і кавярні былі ўзяты рэчы для патрэбы пана ў Вільню і пані ў Варшаву, але яны не былі ўнесены ў дадзены рэестр.

Варта ўвагі апісанне сада. У ім знаходзілася дзве аранжарэі. У вялікай аранжарэі раслі фігі, персікі, абрыкосы, вішня, ружы, суніцы, белы вінаград, у малой – апельсіны, размарын, вітэкс святы ці прутняк звычайны, вязель валенсійскі, алоэ, лаўровыя дрэвы, каралавае дрэва, кіпарысавыя дрэвы, фіялкі, ляўконіі, герані, дуброўнік, пасіфлора, прымула, ружы, гваздзікі, лаванда, гіяцынты, цюльпаны, капеечнік, ірысы, суніцы. Каля цяпліц былі пасеяны ў грунт пралескі, беладонна, меліса.

У старым садзе былі старыя дрэвы: яблыні, грушы, вішня, абрыкосы, арэхі. У 1796 г. у пітомніку былі прышчэплены новыя грушы, яблыні і слівы. У новым агародзе пералічваліся наступныя дрэвы: яблыні, грушы, звычайныя слівы і венгерка, вішні, чарэшня, тутавыя дрэвы, чырвоны вінаград, а таксама рознага колеру ружы ў аранжарэі. Для працы ў садзе выкарыстоўваліся інструменты: вілы, рыдлёўкі, нажы, пілы і інш. Асобна была нататка аб маладых дрэвах, якія прышчапілі ў 1796 г. Яны не былі зінвентарызаваны цалкам перад надыходзячай зімой. Планавалася гэта зрабіць летам.

Заканчваўся інвентар апісаннем стайні і вазоўні. З яго вынікае, што ў гаспадарцы было 60 коней, 15 экіпажаў (карэты, брычкі, дрожкі, вазы і інш.), а таксама захоўваліся рэчы для верхавой язды, для карэт і інш.
Такім чынам, дадзеная крыніца з’яўляецца вельмі важнай па гісторыі маёнтка Жалудок. Яна паказвае як ён выглядаў у канцы XVIII стст. У ёй добра прадстаўлена інфармацыя пра штодзённае жыццё шляхты. З яе можна даведацца пра посуд, ежу, мэблю, вопратку і іншыя рэчы. Уражвае апісанне сада. Вырошчваліся не толькі звычайныя для нашага клімату расліны і дрэвы, але і экзатычныя. Варта адзначыць, што гэта было ўласціва тагачаснай модзе. Падобныя апісанні садоў згадваюцца ў маёнтках Дзярэчын, Беласток і інш.

 

Былы палац Тызенгаўзаў пачатку 19 ст. 2018 г.

Тызенгаўз не меў дзяцей і Жалудок па спадчыне перайшоў да ягоных пляменнікаў. Яны і іх нашчадкі па мужчынскай а пасля па жаночай лініі валодалі Жалудком аж да 1939 г. Напрыклад у Жалудку ў 1786 г. нарадзіўся ўнучаты пляменнік Антонія Тызенгаўза Канстанцін – адзін з першых прафесійных даследчыкаў птушак на нашых землях і досыць таленавіты мастак. Большая частка жыцця Канстанціна Тызенгаўза звязана з Рокішкамі ў Літве, аднак у Жалудку прайшлі ягоныя маладыя гады. Паміж беларускім Жалудком і літоўскімі Рокішкамі (цяпер Рокішкіс) вельмі шмат агульнага, як у уладкаванні мястэчка, так і ў знешнім выглядзе некаторых пабудоваў гаспадарскага двара. Менавіта ў Двары Жалудок ў снежні 1836 г. у сям’і ўпраўляючага гаспадаркай Тызенгаўзаў Антона Урублеўскага нарадзіўся адзін з правадыроў паўстання 1863 г. Валерый Урублеўскі.

Пасля смерці Германцыі Тызенгаўз (па мужу Урускай) Жалудок перашоў да яе дачкі Марыі, якая была замужам за Уладзімірам Чацвярцінскім. Святаполк-Чацвярцінскія належалі да старажытнага княжацкага рода і вялі сваё паходжанне ад турава-пінскай галіны Рурыкавічаў. Сыны Уладзіміра Севярын і Людвік, апошняму застаўся Жалудок, прымалі актыўны ўдзел у палітычным жыцці Расіі а пасля міжваеннай Польшчы, цікавіліся тэхнічнымі навінкамі, напрыклад, бралі ўдзел у стварэнні трамвайнай сеткі ў Варшаве.

 

Былы палац Тызенгаўзаў пачатку 19 ст. 2018 г.

Асноўным жылым будынкам на тэрыторыі панскага давара ў Жалудку быў змураваны яшчэ на пачатку ХІХ ст. з цэглы і бутавага камяню ў неагатычным стылі аднапавярховы палацык з вежай, якая завяршалася металічным флюгерам у выглядзе сцяга з гербам Тызенгаўзаў. Людвік Чацвярцінскі ў пачатку ХХ ст. вырашыў узвесці ў парку шыкоўны двухпавярховы палац, які зрабіў бы гонар не толькі беларускай правінцыі, але і Варшаве з Кракавам. Па адных звестках аўтарам праекта палаца стаў знакаміты варшаўскі архітэктар Уладзіслаў Марконі, аўтар праекта вядомага гатэля “Брыстоль” на Кракаўскім прадмесці ў Варшаве. Па другіх звестках Марконі толькі дапрацаваў праект іншага не менш знакамітага архітэктара Тадэвуша Раствароўскага, аўтара некалькіх вялікіх будынкаў у Вільні, напрыклад галоўнага офіса Палескай чыгункі на Пагулянцы.

Не паспелі Чацвярцінскія скончыць свой палац, як пачалася Першая Сусветная вайна. Нямецкія тылавікі, якія любілі фатаграфаваць хаты бедных беларускіх сялян, былі моцна здзіўленыя шыкоўным палацам Чацвярцінскіх і таксама фатаграфаваліся на яго фоне дзясяткі разоў.

 

Былы палац Тызенгаўзаў пачатку 19 ст. 2018 г.

Пасля вайны Чацвярцінскія ў палацы больш так і не пасяліліся. Князь Людвік і яго жонка Разалія (Ружа) жылі ў афіцыне на тэрыторыі парка. Тут былі сабраныя старая мэбля і нашматлікія творы мастацтва. Палац толькі зрэдку прыстасоўвалі пад гасцінныя пакоі для моладзі, якая летам з’язджалася ў Жалудок. Затое Чацвярцінскі засяродзіўся на развіцці гаспадаркі ў сваіх валоданнях, якія па памерах значна пераўзыходзілі некаторыя еўрапейскія міні-дзяржавы.
Праз пушчу былі пакладзены некалькі дзясяткаў кіламетраў бітай дарогі. Усе фальваркі Чацвярцінскіх былі злучаныя тэлефоннай сувязю і працавалі па адным гаспадарчым плане, за рэалізацыю якога адказвалі ўваўнаважаны князя Юзаф Славінскі і галоўны ляснічы Францішак Пясецкі. У Орлі, Зачэпічах, Багданаўцы і самым Жалудку функцыянавалі лесапілкі, спіртзаводы, фермы, рыбныя і паляўнічыя гаспадаркі. Забяспечваючы недалёкі Мастоўскі фанерны завод дрэвам, Чацвярцінскі хутка зрабіў свае валоданні аднымі з самых прыбытковых у Заходняй Беларусі. У Лідзе па вул. Сувалкаўскай 40 функцыянаваў гандлёвы дом Людвіка Чацвярцінскага. Тут прадавалі будаўнічыя матэрыялы а таксама разнастайную сельскагаспадарчую прадукцыю. Аптовыя гандляры збожжам маглі скарыстацца складамі Чацвярцінскага ў Лідзе па вул. Вакзальнай. Вялізная гаспадарка Чацвярцінскіх размяшчался на васемнаццаці тысячах гектараў наднёманскіх пушчаў, палёў і рыбных тоняў. Некалькі тартакаў (лесапілак), гарэльні, фермы па гадоўлі галандскіх кароваў, конезаводы… Уласнікі не проста эксплуатавалі прыродныя багацці сваіх валоданняў, але намагаліся інвеставаць у новыя прыбытковыя галіны гаспадаркі, даючы пры гэтым добра зарабіць мясцовым сялянам і местачкоўцам.

 

Былы палац Чацвярцінскіх пачатку 20 ст. 2018 г.

Не забываўся князь і пра сваіх падуладных. Для работнікаў была наладжана медыцынская служба, функцыянавалі некалькі школак і нават дзіцячы садок, а захварэўшага работніка гаёвага Петрука нават аднойчы коштам князя паслалі на лячэнне ў Закапанае. Усяго князь выплочваў сваім работнікам, сярод якіх было шмат мясцовых сялян-падпрацоўшчыкаў, больш за 700 тысяч злотых у год. Гэта істотна падтрымлівала сялян, у наваколлі Жалудка рэдка з’яўляліся дзяржаўныя секвестатары, якія канфіскоўвалі ў людзей маёмасць за няўплату падаткаў.

Сам Людвік Чацвярцінскі, як і належала “крэсоваму зубру”, вельмі любіў коней і паляванні. Асабіста застрэліў больш сотні ваўкоў. Рабіў захады, каб у наднёманскія лясы вярнуліся вынішчаныя ласі і мядзведзі.

У верасні 1939 г. уся маёмасць Чацвярцінскіх была нацыяналізавана. Людвіка і яго жонку арыштавалі, яны на сем месяцаў трапілі ў турму. Былыя ўладальнікі Жалудка былі вызвалены дзякуючы заступніцтву італьянскага караля Віторыё Эмануіла. Яны выехалі з СССР на тэрыторыю, акупаваную немцамі, і жылі ў роднага брата Людвіка Севярына Чацвярцінскага. Вясной 1941 г. Людвіка Чацвярцінскага арыштавалі ўжо немцы і праз некалькі месяцаў ён загінуў у Аўшвіцы. А праз некалькі месяцаў у чэрвені 1941 г. падчас нямецкай бамбардзіроўкі стары Жалудок згарэў амаль цалкам. Некалькі соцен жалудоцкіх яўрэяў растралялі ва ўрочышчы недалёка ад мястэчка ў маі 1942 года.

Scroll to top