Калі пайсці на поўнач па грунтоўцы ад парафіяльнай вёскі Селіванаўцы ў Гродзенскім раёне, то праз два кіламетры, на ўзвышшы пад назвай Міхалова, перад вамі адкрыецца адзін з самых прыгожых краявідаў Гродзеншчыны. На поўначы і ўсходзе лясныя прасторы Гродзенскай і Аўгустоўскай пушчаў? сярод якіх бачныя вежы касцёла ў Гожы, а на поўдні лінія высокіх пагоркаў Гродзенскага ўзвышша з вёскай Селіванаўцы і парафіяльным касцёлам. З канца XVIII ст. рыма-каталіцкія парафіі ў Гожы і Селіванаўцах існуюць асобна, але на працягу больш чым трохсот гадоў усе гэтыя абшары належалі да парафіі ў Гожы, якая разам з Гожскім (Ожскім, Пераломскім) паветам цягнулася аж да прускай мяжы далёка на захадзе.


Вёска Гожа адносіцца да ліку найбольш старадаўніх населеных пунктаў на тэрыторыі сучаснага Гродзенскага раёна. Першая дакладная згадка аб Гожы адносіцца да 1385 года. У “Апісаннях літоўскіх дарог”, якія складаліся крыжакамі з мэтай пракладвання найбольш зручных маршрутаў для паходаў на тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага, згадваецца населены пункт “Ussa” або “Vsa”, каля якога крыжацкія атрады бродам перапраўляліся праз Нёман і правым берагам ракі ішлі да Гродна.


Рыма-каталіцкая парафія была створана згодна з прывілеем вялікага князя літоўскага Казіміра ў 1492 годзе, дзеля духоўных патрэб жыхароў вялікіх абшараў па абодвух берагах Нёмана. Па яго загадзе ў Гожы быў пабудаваны касцёл св. апостала Паўла. Гэты прывілей у 1494 годзе падцвердзіў вялікі князь Аляксандр. Тэрыторыя парафіі ахоплівала землі, населеныя пераважна балтамі або іх славянізаванымі нашчадкамі. Назву мястэчка Ожа некаторыя даследчыкі выводзяць ад літоўскага “оžys” – дзікі казёл, касуля, а некаторыя – ад балцкага слова “ąžuolas” – дуб. Парафія ў Ожы была вельмі вялікая па памерах і мела значныя ўладанні на левым беразе Нёмана. На левым беразе ракі, там, дзе сёння ляжыць вёска з аднаіменнай назваю, знаходзіўся надзел Монькавічы, або Монькаўцы. У пушчы парафіі былі нададзены 7 рыбных азёр каля цяперашняй вёскі Калеты, якія мелі назвы Кавеня, Яндрэня, Чорнае, Доўгае, Круглячак, Вензовец і Ночвідак. Прыкладна ў гэты час Ожа атрымала статус мястэчка і пераўтварылася ў цэнтр Ожскага павета. Павет размяшчаўся па абодва бакі Нёмана, вузкай паласой цягнуўся на паўночны захад ажно да прускай мяжы, на поўдні межаваў з Гродзенскім паветам. Межы павета ў цэлым супадалі з межамі Ожскай Рымска-каталіцкай парафіі.


У 1655 годзе, падчас вайны паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскім царствам, Ожа была спалена маскоўскім войскам. Тады згарэў і старадаўні касцёл. Адбудоўваць мястэчка пачалі не на першапачатковым месцы – на ўзвышшы на поўдзень ад Гажанкі, а крыху на поўнач. Гожа стала прыватнаўласніцкай вёскай, але працягвала заставацца рэлігійным цэнтрам ваколіцы. У 1715 годзе пры плябаніі касцёла існавала школа, дзе навучаліся некалькі дзяцей. Паводле інвентара 1838 года, Гожскай парафіі належала 210 дзесяцін зямлі, некалькі сялянскіх двароў у вёсцы Барбарычы і фальварак Плябанішкі з млыном на рэчцы Лешніцы і сукнавальняй. 8 чалавек служылі пры касцёле (прачкі, кучар, кухар), 3 – пры касцёльнай багадзельні. Касцёл свсв. Пятра і Паўла быў пабудаваны ў пачатку 1860-х гадоў па праекце гродзенскага архітэктара Якуба Фардона – бацькі Слугі Божага а. Мельхіёра Фардона. Гэты касцёл, які захаваўся да сённяшняга дня, – ужо трэцяя святыня ў Гожы. На месцы другога касцёла, які існаваў у XVII–XIX стагоддзях, цяпер гожскае лясніцтва. Там знаходзяцца надмагіллі роду Сільвестровічаў – шматгадовых уладальнікаў Гожы.


Аднак Гожа на правым беразе Нёмана мела сваю маленечкую праекцыю на левым беразе – мясцовасць Гожка, якая некалькі стагоддзяў выконвала функцыю занёманскага фальварка парафіі ў Гожы. Цяпер тут, каля вёскі Лінкі, толькі густы лес, у якім захаваліся парэшткі могілак. Тут адпраўлялі рэлігійныя патрэбы і хавалі людзей, якія жылі ў той частцы парафіі ў Гожы, што знаходзілася на левым беразе Нёмана. Бо перабрацца праз Нёман да парафіяльнага касцёла было часам – асабліва вясной і восенню – вельмі няпроста.


У 1771 годзе ўладальнік маёнтка Белыя Балоты Ян Марос ахвяраваў 6 000 тынфаў касцёлу езуітаў. Калі ж праз паўтары гады ордэн езуітаў быў скасаваны, Марос вырашыў на гэтыя грошы заснаваць каталіцкі касцёл ва ўласнай вёсцы Селіванаўцы на левым беразе Нёмана. 31 сакавіка 1775 года, атрымаўшы дазвол ад віленскага біскупа Ігнацыя Масальскага, ён пабудаваў святыню “са старога дрэва”. Згодна з фундушам 1775 года, мясцоваму касцёлу надавалася тры валокі зямлі, а Гожская парафія атрымлівала, дадаткова да фундацыі 1494 года, яшчэ 6 000 тынфаў на ўтрыманне новага прыхода. Першапачаткова ён з’яўляўся філіяй старажытнага касцёла ў Гожы, што размяшчаўся на другім баку Нёмана. Але фундатары Маросы не заўсёды заставаліся задаволенымі тымі вікарнымі ксяндзамі, якіх зацвярджаў гожскі пробашч, і хацелі вызначаць святароў згодна сваёй волі. У той жа час ксёндз з Гожы не жадаў пазбаўляцца права карыстацца сродкамі з фундуша Мароса, таму справа ішла марудна. У 1792 годзе, разам са сваімі суседзямі-землеўладальнікамі, Маросы падалі прашэнне на імя біскупа Масальскага з прапановай утварыць асобную незалежную парафію ў Селіванаўцах. Утрыманне парафіяльны пробашч павінен быў мець або грашыма, за кошт працэнтаў са сродкаў, укладзеных Маросамі, або за кошт дзесяціны, якую мясцовыя паны павінны былі выплочваць Гожскай парафіі. Згода біскупа была атрымана, і фактычна ў 1793 годзе касцёл у Селіванаўцах стаў парафіяльным. Але афіцыйна падпісаць дакумент не паспелі, бо пачалося паўстанне, а біскуп Масальскі, удзельнік Таргавіцкай канфедэрацыі, быў у 1794 годзе павешаны ў Варшаве.


Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай новая мяжа Прусіі і Расіі падзяліла парафію ў Гожы. Частка на правым беразе Нёмана ад гэтага моманту складала парафію Гожа ў Расійскай Імперыі, а на левым – аказалася пад уладай прусакаў.
Яе цэнтрам акурат і стала Гожка. Парафія была зацверджана прускімі ўладамі ў 1798 годзе. Калятарам прызначылі Яна Мароса. Калятары апекаваліся парафіяй, дапамагалі вырашаць яе матэрыяльныя праблемы, але за гэта мелі вялікі ўплыў на мясцовых пробашчаў. Марос надалей вельмі хацеў перанесці цэнтр парафіі ў Селіванаўцы, дзе выдзеліў зямлю пад новыя могілкі, таму на наступныя некалькі дзесяцігоддзяў парафія атрымала назву Гожска-Селіванаўскай.
Першы касцёл у Селіванаўцах праіснаваў нядоўга. Набажэнствы адбываліся там толькі да 1795 года. Дакладна невядома, што стала прычынай знікнення храма. Рэлігійнае жыццё новага прыхода зноў вярнулася ў капліцу на тэрыторыі фальварка Гожка. Была гэта даволі вялікая пабудова і ў часы панавання Прусіі на сродкі сям’і Маросаў тут праводзіліся рамонтныя працы.


Крытая саломай драўляная капліца была добраўпарадкаванай і выглядала, згодна тагачасным інвентарам, даволі салідна. Званіцы каля капліцы не было, і званы часова размяшчаліся на соснах, што раслі недалёка на старых могілках. Побач знаходзіліся гаспадарчыя пабудовы, у тым ліку бровар і новы будынак плябаніі. У старой плябаніі была школа на 30 вучняў. Парафіі належала таксама карчма каля вёскі Плябанскія. У касцёльнай уласнасці знаходзіліся вёскі Плябанскія і Лінкі, агульнай колькасцю 12 гаспадароў, якія павінны былі выконваць 1250 дзён коннай ды пешай паншчыны.


Бацька аўтара гэтага артыкула згадваў мясцовае паданне, што першым на новых могілак павінны былі пахаваць старога паважанага чалавека, сем’яніна і добрага католіка, які сваёй прысутнасцю павінен быў як бы асвяціць могілкі. І менавіта так і адбылося, каля 1815 г. такі чалавек на могілках быў пахаваны.
Новы храм у Селіванаўцах быў дабудаваны з бутавага каменю і цэглы ўнукам Я. Мароса Войцехам Сабалеўскім у 1840-ых гадах.
Вядома, што прынамсі часткай маёнтка Гожка няпярэдадні Першай Сусветнай вайны валодаў вайсковы інжынер Іван Яўграфавіч Савельеў, які жыў у Гродне да 1950-х гг. і на пачатку 1920-х гг. прадаў сваю зямлю сялянам навакольных вёсак у тым ліку і Адаму Вашкевічу, прадзеду аўтара гэтага тэкста. Па стане на 1944 г., як сведчыць фотаздымак нямецкай аэраразведкі, могілкі на Гожцы былі парослыя кустамі і невялікімі дрэўцамі, а навокал размяшчаліся сялянскія палі. Цікава, што прыкладна да пачатку 1950-х гг. на тэрыторыі былога маёнтка, зусім блізка ад могілак размяшчаліся жылыя будынкі двух “паноў” – Эйсманта і Струпінскага. Эйсмант, відавочна, быў нашчадкам вядомага ў Гродзенскім павеце рода Эйсмантаў (Эйсымонтаў), і нейкі час правёў у сталінскім лагеры. Іх будынкі былі разабраны, на цяперашні момант любая забудова на Гожцы адсутнічае.


У жніўні 1999 і чэрвені 2000 гг. аўтар артыкула разам з сябрамі-студэнтамі Зміцерам Люцікам, Дзянісам Нарэлем і Янам Лялевічам абследавалі рэшкі могілак на Гожцы. Размешчаныя на высокай наднёманскай тэрасе могілкі па форме нагадвалі ўсечаны з аднаго боку прамавугольны трохвугольнік памерамі прыкладна 100х70х25х115 метраў. Бок даўжынёй 100 м абсаджаны некалькімі дубамі, якія ўзвышаліся над сасновым лесам і былі бачныя нават з правага боку Нёмана з боку Гожы. Па знешняму віду дубоў можна было меркаваць, што ім па стане на 2000 г. было каля двухсот гадоў.


Могілкі з ўсіх бакоў былі акружаныя дарогамі, якія фактычна, нікуды не вялі і пераўтварыліся ў лясныя сцяжынкі. Самыя могілкі і навакольныя палі парослыя пасляваенным сасновым лесам, таму адшукаць могілкі можна было толькі выпадкова, або ведаючы аб існаванні заранёў. Уздоўж гэтых сцежак былі бачныя рэшткі невялікага раўчука і абвалоўкі, якія амаль расплыліся за два стагоддзі.


На тэрыторыі самых могілак слядоў надмагілляў ужо не было. Захаваўся адзін вялікі драўляны крыж, які быў прыхілены да дрэва. У месцы, дзе знаходзілся капліца, захавалася невялікая ўзвышэнне з якога тырчалі пакрытыя дзёрнам і апалым лісцем камяні – рэшткі падмурка. Проста на месцы капліцы былі знойдзены некалькі манет ??? . Найбольш важнай знаходкай былі два пахавальныя скляпы. Адзін з іх, відавочна, быў разбураны выварачаным дрэвам і амаль цалкам разабраны вяскоўцамі на цэглу для ўласных патрэб. Ніякіх чалавечых рэштак на тым месцы ўжо не было. Другі склеп захаваўся намнога лепш, хаця людзі пранікалі ў яго ўжо на працягу некалькіх дзесяцігоддяў. Над паверхняй нікога не сведчыла пра яго існаванне, аднак праз вывачанае дрэва ўтварылася адтуліна ў столі памерам прыкладна 40 на 50 см. Гэта цалкам схаванае пад зямлёй цаглянае памяшканне памерам прыкладна 2,45х1,65 см, з паўкруглым скляпеннем вышынёй ад 0,85 да 1,35 м. Склеп збудаваны з цэглы чырвонага колеру памерам 30х16х7 см. Склеп знутры быў атынкаваны цалкам, апрача закладзенага цэглай месца для праноса трунаў. Падлога была глінабітная, пакрытая слоем пяску.


Відавочна, што ў склепе знаходзілася тры пахаванні, гэта пацвярджалася ўспамінамі мясцовых жыхароў аб тым, што са склепа падлеткі выцягнулі тры чарапы. На той момант у склепе захоўваліся рэшткі трунаў, чалавечых касцей, а таксама вопраткі: падошвы ад жаночага абутку, бот, гузікі, часткі верхняй вопраткі. Найбольш цікавай знаходкай былі сатлелыя рэшкі ручак ад трунай, абкручаныя таканай стужкай з кутасамі. Відавочна, што пахаванне было зроблена ў XVIII ці пачатку ХІХ ст.
Дадатковы агляд рэштак могілак на Гожцы ў красавіку 2025 г. паказаў, што сітуацыя на іх змянілася не вельмі моцна. Амаль цалкам разбурыліся дубы, але абрысы могілак захаваліся вельмі добра.

Шукаюць

Scroll to top