Датай заснавання мястэчка прынята лічыць 10 ліпеня 1519 года, калі кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт даў баярыну Сапоцьку Стэцковічу (Сопотку Стецковичу) прывілей на валоданне зямлёй Раманаўшчына ў Гродзенскім павеце.
Аднак ніякіх прамых доказаў таго факта, што дадзеная згадка тычыцца менавіта месца ўзнікнення Сапоцкіна і яго будучага гаспадара, не існуе. Больш дакладную інфармацыю знаходзім у адным з актаў гродзенскага земскага суда за 1634 год. У гэтым дакуменце ўтрымліваецца вытрымка з апісання земляў сялян-падданых гродзенскага барысаглебскага манастыра, якое было складзена каралеўскімі межавымі камісарамі Себасцьянам Дыбоўскім і Лаўрынам Войнам. Паміж іншымі запісамі ў гэтым дакуменце знаходзім згадку аб дарозе “з Городна до местечка Сопоткин.” С.Дыбоўскі і Л.Война займаліся арганізацыяй валочнай памеры ў гродзенскай каралеўскай эканоміі ў пачатку 1560-х гг., таму можна смела меркаваць, што дадзены дакумент з першай згадкай пра Сапоцкін таксама адносіцца менавіта да гэтага часу (некаторыя даследчыкі датуюць яго больш дакладна: паводле С.Александровіча гэтая згадка адносіца да 1552 г., паводле М.Спірыдонава да 1560 г.). Так ці іначай, але менавіта гэтую згадку, датаваную прыкладна 1550-1560 гг., мы сёння можам лічыць найбольш старым запісам пра мястэчка ў пісьмовых крыніцах, хаця, безумоўна, узнікла мястэчка на некалькі дзесяцігоддзяў раней.
Каля 1612 года ў Сапоцкіне была ўтворана уніяцкая парафія. Уніяцкая царква ў Сапоцкіне была спачатку драўлянай а каля 1780 года адзін з прадстаўнікоў шляхецкага рода Гасеўскіх, тагачасных уладальнікаў мястэчка, “зафундаваў” (гэта значыць выдзеліў сродкі на будаўніцтва) каменную царкву і забяспечыў яе ўсім неабходным. Сапоцкінская Успенская царква да 1875 года была уніяцкай, пасля стала праваслаўнай. Ужо ў пачатку ХХ ст. будынак царквы па прызначэнню не выкарыстоўваўся, нейкі час ў ім размяшчаўся склад канторы па нарыхтоўцы тытуню. Каля 1970-га года царква была разбурана, зараз на яе месцы сапоцкінскі дзіцячы садок.
Пасля спусташальнай вайны 1654-1667 гг. гаспадарскае (каралеўскае) мястэчка Сапоцкін рашэннем Сойму Рэчы Паспалітай было перадзена шляхце Смаленскага ваяводства, страчанага Рэччу Паспалітай назаўсёды. Большую частку мястэчка атрымаў Казімір Мінтаўт Чыж. Менавіта яму сапоцкінцы павінны былі сплочваць чынш, падарошчыну, гандлёвую і шынковую арэнду. У 1703 годзе праз Сапоцкін прайшла армія шведскага караля Карла ХІІ, аднак на гаспадарчым становішчы мястэчка гэта адбілася не надта моцна. Паводле інвентара мястэчка, складзенага ў 1704 годзе ў ім было 2 вуліцы (Аўгустоўская і Віленская) і Рынак. У мястэчку было больш сямідзесяці гаспадарак (з іх каля пятнаццаці яўрэйскіх), знаходзіўся абнесены парканам двор гаспадара, на Рынку стаяў вялікі арэндны будынак з двума броварамі ў ім. Да местачковай гаспадаркі адносіўся таксама млын на рацэ Свянціцы ў Пясчанцы.
Мяшчане і яўрэі Сапоцкіна плацілі Чыжу 827 тынфаў і 6 грошай чыншу і падарошчыны, арганізоўвалі дзённую і начную варту ў мястэчку і адбывалі на карысць гаспадара 12 дзён талокаў у год, якія, як правіла, праходзілі падчас уборкі ўраджаю. 1000 злотых Чыж атрымоўваў ад асобных местачкоўцаў за права вырабу гарэлкі і піва, 400 злотых сапоцкінцы штогод плацілі касцёлу ў Гожы, да парафіі якога тады адносіліся ўсе рыма-каталікі Сапоцкіна.
Аналізуючы імёны жыхароў-хрысціян Сапоцкіна лёгка прыйсці да высновы, што большая частка іх належала да уніяцтва і адпаведна, продкі іх да канца XVI ст. былі праваслаўнымі. Гэта імёны Якаў, Сямён, Пракоп, Іван, Даніла, Лаўрын, Максім. Сустракаюцца таксама імёны ўласцівыя для рыма-каталікоў – Самуэль, Ян а таксама імёны уласцівыя і для рыма-каталікоў і для ўніятаў – Андрэй, Мікалай, Стэфан.
У 1706 годзе сын Казіміра Юзэф Мінтаўт Чыж за дваццаць тры тысячы бітых талераў прадаў мястэчка пісару ВКЛ, кантару віленскага пралата Багуславу Корвін Гасеўскаму, прадстаўніку знакамітай шляхецкай дынастыі ВКЛ. Багуслаў Корвін Гасеўскі, які з 1724 г. займаў пасаду Смаленскага біскупа, валодаў Сапоцкінам аж да сваёй смерці ў 1744 годзе. Мястэчка ён здаваў у арэнду ордэну камальдулаў, рэзідэнцыя якіх знаходзілася ў недалёкім гарадку Вігры (зараз у Польшчы). Камальдулы напрыканцы 1720-х штогод сплочвалі Гасеўскаму за мястэчка каля 2000 тынфаў, збіраючы з метачкоўцаў, натуральна, большую суму. Неблагі прыбытак атрымоўваў біскуп перадаючы некаторым сапоцкінскім яўрэям і хрысціянам выключнае права на выраб і продаж гарэлкі і піва ў мястэчку. У 1750 – пачатку 1780-х гг. мястэчка належала Юзафу Корвін Гасеўскаму а пасля смерці яго спадчына перайшла двум сынам Францішку і Базылю. Сапоцкін застаўся за першым сынам. У 1786 годзе Францішак Корвін Гасеўскі прадаў мястэчка за 120 тысяч злотых Станіславу Яленьскаму. Сам Францішак памёр у 1798 годзе, ужо калі Сапоцкін быў у складзе Прусіі, і быў пахаваны у фамільным склепе Гасеўскіх непадалёку ад уніяцкай царквы ў мястэчку. Яго адзінаму сыну Аляксандру дасталіся вёскі Польнае, Пясчаны і Радзівілкі.
Гасеўскія нярэдка канфліктавалі з магнацкай фаміліяй Валовічаў, уладароў Свяцка-Валовічаў (зараз вёска Свяцк). Сем’і былі пародненыя паміж сабою, аднак часта ўзнікалі спрэчкі з-за валодання тымі ці іншымі добрамі (землямі). Менавіта канкурэнцыяй з Гасеўскімі напэўна трэба тлумачыць закладанне Валовічамі мястэчка Тэалін. 6 сакавіка 1789 г. Антоні і Тэафілія Валовічы ўфундавалі у Тэаліне рыма-каталіцкі касцёл. Дэкрэт аб утварэнні новай парафіі быў выданы 27 красавіка 1789 г. віленскім біскупам І. Масальскім. Новая парафія стваралася з заходняй часткі Гожскай парафіі. Гэта былі старадаўнія валоданні Гарадзенскай эканоміі, вігерскіх камальдулаў і часткі Гожскага староства. Спачатку парафія належала да Віленскай дыяцэзіі, а пасля 1795 г. увайшла ў склад Вігерскай дыяцэзіі. Тэалін хутка стаў прадмесцем Сапоцкіна, таму парафія месціцца практычна ў самім мястэчку. Да 1865 г. патронам касцёла быў род Валовічаў, які дапамагаў парафіі грашыма і за свой кошт утрымліваў пробашча. У 1865 г. расійскі ўрад ліквідаваў на землях Каралеўства Польскага калятарскія (патронскія) прывілеі шляхты над касцёламі. Пад час паўстання 1863 г. Габрыэль Дзеконскі, які быў з 1844 г. пробашчам ў Тэаліне, быў абвінавачаны ў антыўрадавай дзейнасці і паўтары гады правёў у турме ў Сувалках. У 1877 г. парафія была зачынена. З 1877 па 1885 гг. касцёл быў філіяй касцёла ў Селіванаўцах, пасля ў яго будынках месціўся Тэалінскі Прэабражэнскі жаночы праваслаўны манастыр. Каталіцкая парафія была адноўленая толькі пасля 1905 г.
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Сапоцкін трапіў у склад тэрыторыяў, якія пад назвай Новай Усходняй Прусіі былі акупаваныя Прускім Каралеўствам. У 1807 годзе Сапоцкін увайшоў у склад Герцагства Варшаўскага, якое было ўтворана Напалеонам пасля перамогі французскіх войскаў над Прусіяй. Пасля 1815 г. Сапоцкін стаў часткай Аўгустоўскага павета, які ўваходзіў спачатку ў Аўгустоўскую, а пасля Сувалкаўскую губерні Царства Польскага.
На працягу ХІХ ст. насельніцтва мястэчка хутка павялічвалася. У 1827 годзе ў ім было ўсяго 98 дамоў і 733 жыхары, ужо ў 1858 – 160 дамоў (з іх 3 мураваных) і 1568 жыхароў, у 1890 – 173 дамы і 2457 жыхароў. Прамысловасць мястэчка складалі шкляная гута, тартак і вадзяны млын. Ужо ў пачатку ХХ ст. уладальнік маёнтка Радзівілкі Пётр Гурскі заснаваў крахмальны завод, які праіснаваў да канца ХХ ст.
Падзеі Першай сусветнай вайны адмоўна адбіліся на гаспадарчым становішчы мястэчка. Насельніцтва Сапоцкіна значна паменшылася. Перапіс 1921 года пакінуў звесткі аб тым, што ў Сапоцкіне было 294 дамы і жыло 1774 чалавекі (з іх 888 яўрэяў). Аднак, нягледзячы на пасляваенныя складанасці, ужо ў 1920-х гг. мястэчка працягвала інтэнсіўна развівацца. У той час у Сапоцкіне было шэсць вуліцаў: Гродзенская, Сінагагальная, Васілевічская, Баляслава Смелага (раней Асочніцкая), Тэалінская, 3-га мая (раней Ерусалімская) а таксама Рынак, на якім кожную пятніцу адбываўся кірмаш.
Цікавую старонку гісторыі Сапоцкіна складае гісторыя яго яўрэйскай абшчыны. Яўрэйскае насельніцтва з’явілася ў Сапоцкіне прыкладна ў XVII ст., аднак асабліва імкліва яўрэйская абшчына мястэчка павялічвалася на працягу ХІХ ст. Калі ў 1822 г. у Сапоцкіне жыло 422 яўрэя, то ў 1864 г. іх колькасць складала каля 1500 чалавек (мяркуема, разам з вёскай Галынка, дзе да Другой сусветнай вайны таксама жыло даволі шмат яўрэйскіх сем’яў і існавала сінагога).
Ужо ў пачатку ХХ ст. у Сапоцкіне існавала некалькі яўрэйскіх навучальных устаноў, пры сінагозе, пабудаванай у XVI-XVIІ ст., аказвалася дапамога беднаму яўрэйскаму насельніцтву. Яўрэі былі таксама заснавальнікамі некалькіх прадпрыемстваў у мястэчку, напрыклад шкляной гуты. Пачынаючы з 1898 г. у Сапоцкіне жыў і працаваў рабі Шмоэль Якаў Рабіновіч (1857-1921 г.), адзін з лідэраў сіянісцкага руху, дэлегат першага сіянісцкага кангрэса ў Базэлі (1898 г.). У сваіх працах Ш. Рабіновіч палымяна заклікаў яўрэяў каланізаваць землі Палесціны з мэтай стварэння ўласнай дзяржавы. Дзякуючы яго працы Сапоцкін пераўтварыўся ў адзін з найбольш важных цэнтраў сіянісцкага руху.
Падзеі Другой сусветнай вайны сталі самай вялікай трагедыяй у жыцці яўрэяў Сапоцкіна. Ужо ў першыя дні свайго гаспадарання ў чэрвені 1941 г. нацысты расстралялі сапоцкінскага равіна і некалькіх іншых местачкоўцаў, абвінаваціўшы іх у супрацоўніцтве з савецкай уладай. Восенню 1941 г. яўрэі Сапоцкіна былі пераселены ў Тэалін, а летам 1942 г. для сапоцкінскага гетта было адведзена некалькі будынкаў на вуліцы Асочніцкай. Дзень 1 лістапада 1942 г. стаў апошнім днём больш чым двухсотгадовай гісторыі яўрэйскай абшчыны Сапоцкіна. Усе яўрэі мястэчка былі пешшу перагнаныя ў лагер у Калбасіно, адкуль у студзені 1943 г. іх вывезлі ў лагер смерці Асвенцым.
Да 1959 года Сапоцкін быў цэнтрам Сапоцкінскага раёна Гродзенскай вобласці. З 1959 года і да сённяшняга дня ён уваходзіць у склад Гродзенскага раёна.
Вашкевіч Андрэй
Больш інфармацыі па гісторыі Сапоцкіна "Паміж Ласоснай і Чорнай Ганчай"
-
Катэгорыя: Вялікае княства і Рэч Паспалітая
-
Апублікавана 12 Сакавік 2015
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической