Нёман карміў, бараніў, гартаваў целы і душу. Таму так многія паселішчы ад сівых часоў размяшчаліся на яго берагах.
Калі мяне маладога настаўніка поўнага камуністычных амбіцый накіравалі дырэктарам Ябланоўскай школы, я не змог нідзе знайсці адказаў на пытанні: чаму вёскі называюцца Шчэчыцы, Кучыцы, Улазы, а школа—Ябланоўская, руіны якога храма не змаглі знішчыць непагода і войны, не разабралі сяляне ці калгасы на цэглу, таму што збудаваны так якасна, што тынкоўка захавалася да гэтай пары. Што мяне яшчэ вельмі здзівіла, дык гэта тое, што капліца ў Ябланове амаль копія воўчынскай святыні, дзе быў пахаваны апошні кароль Рэчы Паспалітай і Вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Аўгуст Панятоўскі.
Яна пабудавана ў тым жа стылі, мае цалкам такі ж цэнтрычны квадратны план і будаўнічы аб’ём, тыя ж аб’ёмы-лоджыі па вуглах, тую ж яруснасць ваконных праёмаў на аднолькавых фасадах, тую ж таўшчыню сценаў і такія самыя прыёмы цаглянай кладкі. Адрозненні заўважныя значна менш, чым падабенства і толькі спецыялісту-архітэктару. Асабліва цікавы прыём дэкаравання тынкоўкі фасадаў: плоскасці паміж пілястрамі запоўненыя маленькімі ямачкамі-кропачкамі, што стварае цікавы эфект вылучэння пілястраў пры іх адносна невялікай таўшчыні.
Вякі акупацыі разарвалі повязь пакаленняў, людзі згубілі сваё мінулае. Ці не таму такі нешчаслівы іх лёс сёння? Лёс выміраючых вёсак, занядбанага наваколля, беднага жыцця.
Дык надайма мінуламу будучыню.
Вельмі ўдзячны ксяндзу Люцыяну Радомскаму, які даў мне магчымасць пазнаёміцца з машынапісам Вітольда Kaрпызы, у якім я знайшоў шмат адказаў на пытанні аб Ябланове. Сярод стосу лістоў, надрукаваных на машынцы, знайшлася адна ксеракопія. Не ведаю, адкуль ліст быў скапіяваны. Існуе толькі нумар старонкі 48. У ім гаворыцца:
"У васемнаццатым стагоддзі Наднёманскае Ябланова належала Ябланоўскаму гербу Прус ІІІ. Факт гэты пацвярджае між іншым вельмі лаканічная нататка, змешчаная ў Слоўніку геаграфічным, якая гэту вёску апісвае як "памятную побытам знанага ў гісторыі навукі польскай Аляксандра Ябланоўскага, ваяводы Навагародскага". Ваявода меў там адну з яго шматлікіх рэзідэнцый, але аб ёй няма ніякіх паведамленняў.
Таксама пазнейшы лёс Ябланова зусім не ёсць ясны. Няма сумненняў толькі тое, што ў сярэдзіне дзевятнаццатага стагоддзя маёмасць гэта належала Актавіану Эйсманту г. Кораб, жанатаму на Алене з Солтанаў, старасцянцы Слонімскай. Іх, верагодна, адзіная дачка Соф’я (нар. 1/22/1845), выйшаўшы замуж ў 1870г. за Генрыка Лубеньскага (1844/01/20 - 1925/04/08 ў Ломжы), старэйшага сына Томаша Вентворта (імя абрана па хросным бацьку Шведзе) і Адэлі з Лэмпіцкіх, атрымала Ябланова ў пасаг або ў спадчыну.
Там існаваў вялікі двор, пабудаваны верагодна, Эйсмантамі , вядомы толькі па малюнку Напалеона Орды з ак. 1860г. Па ўсёй верагоднасці рысунак гэты паказвае заднюю фасаду будынка. Такім чынам, на яго паставе можна зрабіць толькі выснову, што сядзіба Эйсмантаў, а затым Лубеньскіх, была аднапавярховым будынкам, можа быць з калонным порціках ад фронту, і, напэўна, з двума кароткімі крыламі па баках ад стараны садовай. Цэнтральная частка дома была пакрытая гладкім дахам чатырох схільным, крылы ж двухсхільным дахам. Паводле таго ж пераказу па абодвух баках крылаў яшчэ меліся якіясці павільёны, адзін з якіх мог быць прыбудовай, іншы аранжэрэяй і зімовым садам. Асабняк стаяў пры дарозе, якая ішла ўздоўж высокага берага ракі Нёман. Быў знішчаны ў час Першай сусветнай вайны, бо аб ім адсутнічаюць звесткі у даведніках аб землях Гродзенскіх ў міжваенны перыяд. "
І ў канцы тэксту быў чорна- белы малюнак і часткова скапіяваны (абсечаны)надпіс, якія можна расшыфраваць так: "Ябланова. Агульны выгляд. Мал. Н. Орда "
Пошук малюнку ў Інтэрнэце прывёў да поспеху. Вось ён:
Цяпер паглядзець, як выглядаў палац у Ябланове, ад якога не засталося і следу, мы можам дзякуючы Напалеону Ордзе.
Напалеон Орда (1807-1883) -паўстанец, жывапісец, кампазітар і піяніст. Ён аўтар больш за тысячу акварэляў і малюнкаў гістарычных месцаў на тэрыторыях польскіх, беларускіх, украінскіх, створаных у гады 1860-1880, якія часта з’яўляюцца адзінай крыніцай дакументавання выгляду сотняў рэзідэнцый і іншых збудаванняў. Нарадзіўся Напалеон Орда ў Варацэвічах - вёска ў Беларусі, Брэсцкая вобласць, Янаўскі раён.У 2007 годзе ў вёсцы адкрыты музей мастака.
Больш аб тым, як выглядаў палац, як пачыналася ў ім жыццё даведваемся з успамінаў Эміліі з Салтанаў Карсаковай, маці У. Карсака, знатнага польскага пісьменніка.
“З тых маіх гадоў дзіцячых,--успамінае Карсакова.—успомню яшчэ некаторыя асобы, часцей спатыканыя і мясцовасці болей вядомыя. Найперш Ябланова. Тая цудоўная, прыгожая і сімпатычная рэзідэнцыя цёткі Гэлены (Гэлена з Солтанаў, выхаванка графіні Несялоўскай з Росі), найперш як Эйсмантавай, пазней Пілецкай. Не быў гэта стройны палац, але незвычайна арыгінальны. Гэта быў дом з дзіўна заламанымі крыламі. Вялізныя, складзеныя з цэглаў, змрочныя і поўныя келляў калідоры, тоўстыя сцены, падзямеллі пад цэлым домам, некалькі велькіх пустых залаў надавалі яму хутчэй выгляд старога манастыра, калі б не вясёлы і мілы выгляд той часткі дому, якая была жылой. З астатняга зрабілі склады, лямус. Дзядзінец вялізны з найпрыгажэйшымі групамі вялізных ліп, а ў адным з кутоў капліцы з боку затокі Нёмана стаялі бэрлінкі, возячыя збожжа і вельмі ажыўляючы ваколіцу, над крутым берагам ракі пышнеў англійскі сад з пастрыжанымі шпалерамі, выкапанымі ставамі, альтанкамі, сцяжынкамі алеяў. Выгляд з вокнаў, а так званай галярэі, быў захапляючы.
Жыццё там сапраўды ішло высокапанскае: поўна службы мужчынскай і жаночай, дасканала трэнаванай, кухня вытанчаная, мноства гасцей. Арыгінальнымі і праўдзіва тыповымі былі некаторыя асобы з гэтага дому. Так дзядзька Зосі і яе апякун пан Люцыян Эйсмант усімі шанаваны і любімы, дзіўна брыдкая маленькая фігура, ходзячая па качынаму, на бедных, калісьці зломаных і дрэнна складзеных ды крыва зросшыхся ножках, у парыку, старасвецкім гальштуку, з каўнерыкамі, якія яму да вачэй даходзілі. Вельмі мудры і здольны вучоны, трохі паэт, а такі ціхі і сціплы, што ніхто не падумаў бы, па-анельску добры, маларазмоўны, але вясёлы і знаходлівы. А далей панна паважаная Хрыстына Чудоўская, якую называлі Яцыся, кіруючы цэлым домам, вечна дробненька тулячая а такая скупая, што цудам лічылася, калі каму з нас ўдавалася штосьці выпрасіць з яе аптэчкі. Але з вялікай аказіі на збор гасцей, асабліва на імяніны цёткі, а па смерці цёткі Неслухоўскай, на свята Божага Нараджэння і Новы год, Яцыся для гонару дома выступала са сваімі дэлікатэсамі. Незабыўнымі былі ў Ябланова елкі для дзяцей, а таксама неспадзяванкі на імяніны цёткі, аматарскія канцэрты, букеты з жывых кветак, ілюмінацыя, жывыя карціны. Таму кожны пабыт у Ябланове ўспамінаўся ў нас, дзецях, як нешта чарадзейнае з асоб там сустракаемых, перад усім князёў Любецкіх з Чарлёны”.
Мінулае Ябланова сягае часоў ранейшых. Маёмасць гэта належала калісьці да ўладанняў ваўпянскіх, а значыць да Сапегаў. Ганна Караліна удава па Каралю Казіміру Сапезе ўнучка канцлера ВКЛ К. С. Радзівіла (1669-1719) выйшла замуж за Ябланоўскага Юзара Аляксандра.(4.02.1711, в. Ціхомль Валынскага ваяводства—1.03.1777) у 1740 г. і перадала яму свае вялікія ўладанні, а менавіта Ябланова і Воўпу. Фактам ёсць, што ён з’яўляецца фундатарам капліцы, муры якой захаваліся да нашых дзён.
А.Ю. Ябланоўскі - дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, гісторык, мецэнат. З польскага магнацкага роду. Атрымаў хатнюю адукацыю, падарожнічаў па Францыі, Італіі, Германіі, Галандыі, Англіі. Жаніцьба на Ганне Радзівіл дала яму магчымасць набыць маёнтак і пасады ў ВКЛ. Стольнік ВКЛ у 1744-55 гг., ваявода Навагрудскі ў 1755-73 гг. У 1773 г. ад імператара КарлаVІІ атрымаў княжацкі тытул. Выступаў супраць акупацыі ВКЛ Расіяй і ўступіў у Барскую канфедэрацыю, адмовіўся ад пасады Навагрудскага ваяводы, каб не падпісваць умовы першага падзелу Рэчы Паспалітай, паехаў у Лейпцыг і стварыў там таварыства “Сацыястас Ябланавіяна”. Аўтар прац па старажытнай гісторыі славян і Польшчы: “Сармацкая імперыя, сёння Польскае каралеўства”, “Карты Польшчы”… Займаўся астраноміяй, матэматыкай, эканомікай. Сябра шматлікіх еўрапейскіх акадэмій і навуковых таварыстваў. Навагрудскі краязнаўчы музей мае копію кнігі Юзафа Аляксандра Ябланоўскага "Novogrodecum" на лацінскай мове (225 стар.), якая апісвае горад і з’яўляецца першай кнігай такога тыпу.
Па ўспамінах знаёмых А. Ябланоўскі быў чалавек добры, добры муж і бацька, але незвычайна думны і нявольнік аж да дуру даведзенага дваровага этыкету. Гучна сябе тытулаваў: “Князь з Прусаў на Ляхавічах і Ябланове, граф на Лясянцы і Завалаве, барон на Падгорцах, стольнік ВКЛ, суддзя зямлі Прускай, Ваўпянскі, Карсунскі, Анішчанскі, Дзвінаградскі і Загайскі і г. д.
“Гуляючы ў асаблівую рэпрэзентацыю манархічную—чытаем ( І. Д. Карвіцкі. “Падарожжа ад вытокаў да вусця Гарыні”, с. 35)—даходзіў да сапраўднага дзівацтва. Кожную нядзелю ўбраны па-параднаму з зоркамі і ордэнскімі стужкамі, засядаў на троне, даючы аўдыенцыю сваім дваровым, васалам і падданым, якія набліжаючыся павінны былі ўкленчыць”.
Па смерці сваёй жонкі Ганны, Ябланоўскі, маючы ўжо 50 г., ажаніўся паўторна з выхаванкай Браніцкіх. 15-гадовай Францішкай Вікторыяй князёўнай Варанецкай, беднай, праўда, але прыгожай. Паводле радаводу Браніцкага шлюб адбыўся 5 жніўня 1766 г. у Ябланове над Нёмнам. Павінна было гэта адбыцца ва ўспамінаемай капліцы, бо касцёла ў Ябланове не было. Варанецкая памерла ў 1816 г. Ад гэтага шлюбу застаўся Аўгуст Дабрагост Ябланоўскі, які Ябланова, Славікаўшчыну, Стары Дворац і Намейкі прадаў князю Варанецкаму. Ад яго Ябланоў перайшоў да Эйсманта Актавіана, жанатага на Гэлене з Солтанаў, старасцянцы Слонімскай. Іх, верагодна, адзіная дачка Соф’я выйшла замуж у 1870 г. за Генрыка Лубеньскага старшага сына Тамаша Вэнтфорта (прозвішча атрымана ад хроснага бацькі шатландца) і Адэлі Лэмпіцкіх, атрымаўшы Ябланова ў прыданае ці спадчыну.
Знайшліся звесткі пра далейшы лёс капліцы.
“Па просьбе дэкан луненскай курыі, ксёндз Радзішэўскі, дэканату якога належала Ябланова, "зарэентаваўся ў справе капліцы". У лісце ад 18 ліпеня 1928 піша:
"Дакументы аб капліцы поўнасцю адсутнічаюць. Згодна з інфармацыяй мясцовых жыхароў, не гледзячы на поўнае завяршэнне будаўніцтва і заканчэння абсталявання ўнутры, з-за рэпрэсій ўраду захопнікаў , не адна служба не была праведзеная. Паміж 1875-1880 гадамі капліца. Была забраная ўладаю захопнікаў і ператвораная ў царкву. Там яны знайшлі толькі пустыя сцены, таму што паведамленыя загадзя канфідэнцыйна аб захопе капліцы, ноччу вывезена было ўсё, што маглівывезці. Гэтыя рэчы пазней былі змешчаныя ў касцёле ў Луна. Зрэшты, і праваслаўнае богаслужэнне а ні адно ў ім не было праведзеная, і нават абсталявання ўнутры ніякага не зроблена. Абмежаваліся толькі выдаленнем алтароў і Крыжа каталіцкага на версе капліцы, які быў заменены праваслаўным. Затым пераходзіла яна шляхам куплі з рук у рукі, на працягу доўгага часу служыла складам сена, пакуль за некалькі гадоў да Першай сусветнай вайны, з-за маланкі, быў спалены дах і столь. Потым архірэй Гродзенскі асігнаваў на яе адбудову 2 000 рублёў, дзякуючы чаму былі пабудаваныя новыя дах і столь. Далейшы рамонт спыніла вайна. Калі завіруха вайны змяла навакольныя вёскі, шмат сем'яў жылі ў капліцы. (...) Капліца зараз знаходзіцца ў плачэўным стане. Ўнутры тынкоўка абарваная, столь драўляная месцамі прагніла, з-за дзірак ў бляшаным даху замест паркетнай падлогі падлогай -выбоіны. З надворку тынкоўка адпадае, а вада сцякаючая з даху расцярушвае голую цэглу. Сёння гэта зноў вазоўня і склад сена."
Да лёсу капліцы далучыўся і Мураўёў-вешацель. У сваім лісце ад 17 сакавіку 1929 года Томаш Лубеньскі піша:
"Усе мае канікулы з 1872 па 1883 я правёў у Ябланова. Але я ніколі не чуў, што мясцовая капліца, пабудаваная ў стылі Людовіка XVIабслугоўвалася духавенствам уніяцкага абраду. Дакладна ведаю, што адразу ж пасля Паўстання 1863г. Мураўёў прыказаў капліцу зачыніць і пазнейшыя ўлады не толькі не дазвалялі там праводзіць рэлігійныяслужбы, але наватніякія рэпарацыі не дазваляліся.”
Томаш граф Лубеньскі, стрыечны брат былых уладальнікаў маёмасці, у лісце да архіепіскапу Вільні 21 сакавіку 1928 г. піша ў гэтакіх словах: ". ... я зрабіў апошні год паломніцтва ў Ябланова. Знайшоў там велізарнае былы палац, у якім так шмат гучных забаў адбылася, ў руінах рассыпаны. Засталася, аднак, на палацавым дзядзінцу капліца (...).Ёсць яна праўдзіваю цацкаю архітэктуры. Капліца гэтая памерам касцёла мае найчысцейшы стыль Людовіка XVI і магла бы быць упрыгожаннем галоўных вуліц Парыжа. Дах, па праўдзе ёсць нікчэмным і пасля пажару няма прыгожага ліхтара, які быў каронай над ранейшым дахам. Але сцены, тынкоўка і стыльныя карнізы знаходзяцца ў выдатным стане. Звонку капліца мае форму васьмікутніка, знутры ж форму грэчаскага крыжа, таму што ў чатырох кутах ёсць ложы з балконамі на двух паверхах. Капліца вельмі высокая і стройная (...) ".
На дзіва, амаль такой яна застаецца і сёння…
Але існавала ў Ябланове і другое жыццё. Пасля захопу ў 1795 г. земляў Беларусі Расеяй на акупаваныя тэрыторыі прыйшлі расейскія парадкі. Ліквідавана было магдэбургскае права, вольныя мяшчане станавіліся прыгоннымі і павінны былі выконваць усе павіннасці на карысць новых гаспадароў, якім імператрыца Кацярына ІІ дарыла маёнткі з сялянамі на вечнае і патомнае карыстанне. (Памяць, Мн. 2002г. с.52). Быў праведзены новы адміністрацыйны падзел паводле расейскага ўзору—губерні, паветы, воласці. Акупанты і іх прыслужнікі прымусілі да гэтага часу лічыць гэты падзел адным з важнейшых элементаў сваёй палітыкі і святкаваць юбілеі стварэння губерняў, малююць, ушаноўваюць партрэты расейскіх губернатараў.
У першай палове ХІХ ст. была праведзеная інвентарызацыя памешчыцкіх маёнткаў. На Мастоўшчыне было каля 30 такіх уладанняў. Трэцім па велічыні з 3432 дзесяцінамі зямлі ( 1 дз. каля 1,1 га ) быў маёнтак Ябланова, якім у гэты час валодаў Актавіян Эйсмант, старшыня Гродзенскага межавога суда. Большую частку насельніцтва складалі цяглавыя сяляне, надзеленыя зямлёй для свайго утрымання і за гэта выконвалі на карысць эканоміі розныя павіннасці ў залежнасці ад велічыні надзелу зямлі. Зямля размяркоўвалася наступным чынам: пад сядзібу і агароды—ад 864, 5 сажняў (в. Шчэчыцы) да 1 дзесяціны і 800 сажняў (в. Гапусаўшчына), ворная зямля—у сярэднім 10 дзесяцін, сенажаць—ад 1 дзесяціны (в. Дубляны) да 1 дзесяціны 1935 сажняў ( в. Кучыцы)., паша—ад 1927,6 сажняў (в. Шчэчыцы) да 2 дзесяцін і 1600 сажняў (в. Ляткі). ( 1 сажань каля 4,2 кв.м., 25 сажняў каля адной соткі). На сваіх палетках сяляне вырошчвалі да 10 культур: жыта, пшаніца, ячмень, авёс, гарох, грыку, бульбу, лён, а таксама гародніну: капусту і буракі. Яшчэ не вырошчваліся гуркі і памідоры. Яны з’явіліся толькі ў 20 ст. У Ябланове на кожны двор прыходзілася 4 галавы рознай жывёлы: 1-2 каровы, 1-2 валы, да 5 цялушак, 10 авечак, 3 свінні. Каб атрымаць добры ўраджай клалі да 100 фур (павозак) гною га 1 дзесяціну. Гэта было складана, бо мала было лесу і на ацяпленне выкарыстоўвалі тарпу і салому. Таму саломы не хапала на подсціл жывёлы і гною было мала.
Галоўнаю павіннасцю сялян была паншчына. Кожны павінен быў адпрацаваць: мужчыны—3 дні з вупражжу, жанчыны—3 дні пешшу. Рабочы дзень лічыўся з красавіка да верасня з 5 гадзін раніцы да 8 вечара, а ў астатні час года—ад світання да цямна.
Здольнымі да працы лічыліся ад 16 да 60 гадоў. Праца залічвалася па нормам. Заараў 1 дзесяціну зямлі—залічваліся тры цяглавыя дні, забаранаваў 1 дзес.—1, 125 дня, пасее хлеб на гэтай плошчы—1/3 дня, сажне дзесяціну—ад 5 за 9 дзён, абмалоціць азімага 30 ці яравога 60 снапоў—1 дзень, растрасе гной на дзесяціне—3 дні.
Звыш паншчыны было ўстаноўленая 12 гвалтаў ці згонаў, і 6 шарварак у год. Гвалты выконваліся ўсім сямействам, акрамя адной асобы, якая заставалася для нагляду за домам і гаспадаркай. Шарваркі прызначаліся для рамонту пабудоў эканоміі, мастоў, дарог на тэрыторыі маёнтка. У Ябланова кожны двор служыў 4 дні ў год з вупражжу і па 6 пешы дзён. Магла быць яшчэ абвешчана талака.
Акрамя таго з кожнага двара ў год патрабавалася аддаць 2 курыцы, 10 курыных яек. Для патрэб эканоміі сяляне пралі, ткалі ў большасці з матэрыялаў панскіх. Здавалі пражу палатно, простае сукно, канапляную пражу. У маёнтку быў завод (ферма) танкарунных авечак 2000 галоў, конны завод 20 галоў, паравая вінакурня (бровар) з сутачным запарам 20 пудоў мукі і 40 чвэрцей бульбы. Завод працаваў 6 месяцаў у год. Сялянам дазвалялі наймацца на сплавы і выплачваць чынш. На сплавы звычайна наймаліся бабылі—беззямельныя сяляне. З 6 месяцаў на сплавах атрымлівалі ад 10 да 21 рубля. Але самі па сабе гэтыя лікі нічога не гавораць. Таму важна ведаць цэны (1835-1845 гг.): за чвэрць пшаніцы—4 руб. срэбрам, жыта—2 руб. 60 кап., ячменю—1 руб.80 кап., аўса—1 руб. 20 кап., гароху—2руб.60 кап., грыкі—1 руб.80 кап., за пуд сметанковага масла—3 руб., за пуд танкаруннай воўны—10 руб. 50 кап., за вядро гарэлкі—20 кап. срэбрам. (чвэрць—каля 141 кг жыта). Улічым яшчэ, што араты за дзень мог зарабіць 30 капеек (15 кг жыта або 1,5 масла ці паўвядра гарэлкі), касец—25 кап., перавозчык на 20 вёрстаў меў 50 кап.
У свой час ў гаспадарлівых памешчыкаў ствараліся лішкі прадукцыі, якую яны прадавалі. За 1845 год па маёнтку Ябланова: даход ад земляробства—2046 руб. 50кап., ад жывёлагадоўлі і валоў—800 руб., продажу воўны—1000 руб., продажу пітва—895 руб., вінакурэння—2157 руб. 60 кап., усяго—6899 руб. 10 кап.
Трэба выключыць: плату падаткаў—403 руб. 67 кап, на апрацоўку царкоўнай зямлі 7 руб. 47 руб., за білеты на продаж пітва—90 руб., на ўтрыманне прыслугі і дваровых людзей—773 руб. 20 кап., на наём рабочай сілы да ўборкі—500 руб. Усяго 1774 руб. 34 кап.
Чысты прыбытак склаў 5 124 руб. 76 кап.
Гэта давала магчымасць пашырыць гаспадарку, набываць пародзістую жывёлу, развіваць гандаль. Прадавалі свае пажыткі на кірмашах у мястэчках Луна, Зельвяны, Пескі, Дзярэчын, Воўпа, Індура, Шчучын і інш.
Сяляне займаліся рамёствамі. У Ябланова рабілі вазы, сані, сохі, дугт, бораны. Наперадзе былі адмена прыгоннага права, рэкруцкая служба, паўстанні ды войны, войны, войны... Новая гісторыя Ябланова яшчэ не даследаваная. Вядома толькі, што ў 1912 годзе у маёнтку стаў працаваць паравы млын памешчыка Н. Азнабішына.
Згодна з інфармацыяй, атрыманай ад ксяндза Люцыяна Радомскага, пробашча Луненскага, у міжваенны перыяд маёмасць належала двум братам па прозвішчу Цвет. Яны былі праваслаўнага абраду, але вельмі прыхільна настроеныя да Польшчы. Напэўна, падчас акупацыі належалі да Арміі Краёвай. Ксёндз сцвярджае, што няма інфармацыі, калі была разбураная капліца, вядома толькі, што ў міжваенны перыяд ужо была зруйнаваная. У цяперашні час ад сядзібе нагадваюць толькі разбураныя сцены капліцы на ўездзе ў вёску Шчэчыцы, алея з старымі каштанамі і некалькі разбураных каменных пабудоў.
Разам з камуністычнай уладаў у Ябланова прыйшлі новыя парадкі. Зямлю адабралі, праца—кожны дзень, заробак—ніякі, на пражыццё—тое што украдзеш. Спачатку зніклі ўладальнікі палаца, потым знік палац, цяпер знікаюць рэшткі сялян. Толькі руіны капліцы моўчкі назіраюць за ўсім у задуменні…
Палац верагодна зрарэў падчас Першай сусветнай вайны. Пры савецкай уладзе ў затоцы Нёмна рамантавалі баржы, якія служылі для перавозкі пяску па Нёмне. Праз дарогу была школа. Школа была зачыненая з-за адсутнасці дзяцей дзесь ў гадах 80-х і ў яе будынку “лячылі” алкаголікаў. Алкаголікаў з часам стала меней, чым зачыненых школ і школьны будынак ў Ябланова асірацеў.
Баржы больш не возяць пясок. Нават фермы для кароў знесены з-за адсутнасці рабочых. Асталіся руіны.
-
Катэгорыя: Вялікае княства і Рэч Паспалітая
-
Апублікавана 06 Сакавік 2015
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической