Пачынаючы з другой паловы ХІХ ст. археолагі, гісторыкі і архітэктары стварылі каля дзясятка розных варыянтаў магчымага першапачатковага выгляду старажытнай Барысаглебскай царквы ў Гродне.
Усе гэтыя варыянты маюць некаторыя агульныя рысы, але наогул вельмі моцна адрозніваюцца адзін ад другога. І гэта зразумела – нават першыя выявы царквы на гравюрах другой паловы XVI ст. ужо паказваюць нам храм, які страціў свой пачатковы выгляд за чатыры стагоддзі існавання. У дадатак да ўсяго ў сярэдзіне ХІХ ст. храм настолькі моцна разбурыўся, што мы страцілі магчымасць нават даследаваць гісторыю перабудоваў паўднёвай і часткі заходняй сцяны будынка, а таксама раскапаць ягоныя падмуркі ў гэтым месцы. Ацалела толькі некалькі малюнкаў Каложскай царквы, зробленых незадоўга да разбурэння. Усе яны, калі паглядзець на заходні фасад храма, адлюстроўваюць адну вельмі цікавую акалічнасць – гэты фасад царквы быў не сіметрычны. З правага боку (калі стаць тварам да храма) добра відаць вельмі шырокую, нехарактэрную для царквы лапатку. З левага ж боку лапатка звычайная, вузкая, такая самая як і на іншых сценах Каложы. З даследчыкаў, якія спрабавалі аднавіць выгляд храма, на гэтую акалічнасць звянуў увагу, здаецца, толькі Ул. Бачкоў, які на сваёй рэканструкцыі прадоўжыў гэтую лапатку-плоскаць невялікай плоскай вежачкай, якая “вырастае” са сцяны. Такія “плоскія” званніцы характэрныя для пскоўскай архітэктуры, на такую званніцу нельга было ўзлезці, званар стаяў на зямлі.

Аднак, на наш погляд, канцэпцыю Ул. Бачкова можна істотна дапоўніць. І зрабіць гэта можна з увагі на некалькі фактаў. Прыгледзімся да малюнкаў храма напярэдадні разбурэння. Фасад царквы досыць густа пакрыты маёлікавымі крыжамі, адзін крыж бачны і на захаванай дасюль вузкай лапатцы фасада. А вось на шырокай знішчанай праз нейкі час паводкам частцы сцяны нябачна ніводнага крыжа, толькі камяні, ды і тое нейкія дробныя, размешчаныя зусім хаатычна.
Чаму ж такая вялікая частка галоўнага фасада храма, не была ўпрыгожана крыжамі? Мы, на жаль, ужо ніколі не зможам даследаваць гэтую сцяну, яе будаўнічы матэрыял і гісторыю, аднак цалкам можна дапусціць, што шырокая лапатка ў ХІІ ст. не была знешняй сценкай царквы. Гэта была ўнутраная сцяна чатырохкутнай вежы-званніцы, якая моцна выступала з аб’ёму царквы. Такому дапушчэнню ёсць яшчэ адзін доказ – падмурак храма ў Ваўкавыску, які цалкам справядліва адносяць да гродзенскай архітэктурнай школы. Гэты падмурак акурат быў закладзены з разлікам на тое, што храм будзе мець такую званніцу. Несіметрычнасць галоўнага фасада царквы на Каложы – доказ таму, што і наша гродзенская царква мела такую званніцу, а ваўкавыскі храм з’яўляецца найбліжэйшым “сваяком” Каложы. Можа нават больш блізкім, чым Ніжняя Царква на Замкавай гары.
Андрэй Вашкевіч
-
Катэгорыя: Старажытны Горадзен
-
Апублікавана 11 Красавік 2015
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической
- Бася і Кася ў пяшчоце часу