Ha берагах Нёмана — адной з маляўнічых рэкаў Еўропы — стаіць старажытнае места Горадня. Яе гісторыя пачалася блізу дзесяці стагоддзяў таму з драўлянага дзядзінца, пабудаванага як фарпост на паўночна-заходніх межах Беларусі. Ад словаў “гарадзіць”, “гарадзьба” і паходзіць назоў “Горадня”. У сярэдзіне мінулага стагоддзя гэта ўжо быў даволі вялікі горад з 18 тысячамі жыхароў. Тут дзейнічала каля 40 заводаў, у тым ліку цагельны, шоўкавы і піваварны, мужчынская гімназія і некалькі пачатковых школаў, тэатр, губернская друкарня.

Значную ролю ў эканамічным жыцці горада працягвалі адыгрываць шматлікія рамесніцкія майстэрні. Гарадзенская прыстань пасля рэканструкцыі канала Агінскага, які злучаў Дняпро і Нёман, была найбуйнейшая на Нёмане. Шпілі касцёлаў і купалы цэркваў на фоне зеляніны паркаў разам з блакітнай стужкай ракі стваралі ўражанне гармоніі і асаблівага спакою. Ад цэнтральнай плошчы горада, на якой у XVII стагоддзі езуітамі быў пабудаваны касцёл, уздоўж Дамініканскага кляштара пралегла брукаванка з адпаведным найменнем — Дамініканская. Тут у адным з дамоў жыла сям’я Урублеўскіх — Антона і Караліны з Манькоўскіх. 

У восеньскі дзень 16(28) кастрычніка 1845 года ў іх нарадзілася другое дзіця, таксама хлопчык, як і першынец, шасцігадовы Вітаўт. Пры хрышчэнні ў Фарным касцёле, прыхаджанамі якога былі Урублеўскія, яму было нададзена падвойнае імя Жыгімонт Флярэнт. Запіс аб гэтым захаваўся ў метрычнай касцёльнай кнізе ад 8 лістапада 1845 года. 10 ліпеня 1858 года указам урадавага Сената Дэпартамента Герольдыі за № 4725 Жыгімонт Урублеўскі быў прылічаны да дваранскага роду.


У Беларусі вядома некалькі шляхоцкіх родаў Урублеўскіх. Герой нашай кнігі належаў да Урублеўскіх герба Слепаўрон. Менавіта так была занесеная сям’я Урублеўскіх у Радаводную кнігу дваранаў Гарадзенскай губерні 1875 года. Сваім родапачынальнікам нашчадкі гэтага герба лічылі Станіслава Урублеўскага, якому кароль і вялікі князь Ян III дараваў маёнтак Падліпкі на Берасцейшчыне, у ваколіцах Драгічына. Паводле тастамента 1648 года маёнтак перайшоў у спадчыну да яго сына Пятра. Аднак праз паўстагоддзя ўнук заснавальніка дынастыі Міхал прадаў Падліпкі Івану Аліеўскаму. Як пасаг сваёй жонкі Барбары з роду Навагонскіх Міхал Урублеўскі атрымаў ад яе маці Уршулі трэцюю частку маёнтка Крамары разам з сялянамі. Аднак і ён у 1792 годзе быў прададзены.
Мяркуючы па ўсім, у Антона Анастаса Урублеўскага свайго маёнтка ўжо не было. Быў дом у Горадні, які ў архіўных матэрыялах значыцца як “дом Урублеўскіх”, было трое слугаў, аднак для таго часу асаблівай заможнасцю гэта не назавеш. Можа таму дзеці ў сям’і з маленства звыкаліся з думкаю, што дасягнуць чаго-небудзь у жыцці можна толькі ўпартай працаю. Дзякуй Богу, дваранскае паходжанне здымала саслоўныя абмежаванні і адкрывала бесперашкодны шлях да навукі і кар’еры.
Акрамя старэйшага брата Вітаўта Адольфа, у Жыгімонта былі браты Эдвард Вінцэнт і Станіслаў Тодар, сёстры Аліна Марыяна і Марыя Антаніна. Вялікая сям’я давала нямала клопатаў маладой маці. Але для кожнага з шасцярых дзяцей у яе заўсёды была ўсмешка і добрыя словы. 3 маленства дзяцей ахінала атмасфера любові да музыкі і мастацтва. У доме Урублеўскіх ціхімі вечарамі гучалі мелодыі Баха і Бэтховена, Моцарта і Шапэна. Жыгімонта захапляла мастацтва эпохі Адраджэння, і пад гукі музыкі разам з Эдвардам ён марыў аб падарожжы ў Венецыю.
Як сын небагатых бацькоў хлопчык не мог мець настаўнікаў для развіцця сваіх мастацкіх схільнасцяў. Пачатковую адукацыю ён атрымаў дома ад маці. У родзе Урублеўскіх спраўдзіўся добра вядомы закон: маці людзей знакамітых — жанчыны інтэлігентныя. Ёй было даравана лёсам дачакацца той хвіліны ў жыцці, калі імёны яе сыноў засвяціліся ў навуковым свеце. Аднаго — як выдатнага хіміка, другога — як добрага настаўніка, a трэцяга — як таленавітага фізіка.
Калі Жыгімонту споўнілася адзінаццаць гадоў, асаблівых ваганняў у выбары месца вучобы, верагодна, не было. Зусім побач, у сценах былога Дамініканскага кляштара размясцілася Гарадзенская гімназія для хлопчыкаў. Яна была адкрытая 6 красавіка 1834 года замест ліквідаванай у 1833 годзе дамініканскай навучальні. Ha адкрыцці прысутнічаў гарадзенскі губернатар М.Мураўёў. Праз трыццаць гадоў лёс звядзе М.Мураўёва, цяпер ужо віленскага генерал-губернатара, з вязнем віленскай турмы, выпускніком Гарадзенскай гімназіі Жыгімонтам Урублеўскім. Аднак пра гэта — пазней.
Напачатку ў гімназійных класах былі толькі 64 вучні. Гімназія атрымала ў спадчыну бібліятэку і навучальныя дапаможнікі дамініканскай навучальні і размясцілася ў памяшканні кляштара. Гімназійны курс складаў сем гадоў: 4 ніжэйшыя класы і 3 вышэйшыя. У 1839 годзе была ўведзеная плата на навучанне, якая складала 7 рублёў на год. Акрамя мовы, закона Божага, гісторыі, геаграфіі, матэматыкі і правазнаўства, з 1853 года ў гімназіі пачалося выкладанне прыродазнаўчых навук. Цікава адзначыць, што ў гімназіі вяліся сістэматычныя метэаралагічныя назіранні, дадзеныя якіх паведамляліся ў Пецярбургскую акадэмію навук. Фізіка выкладалася “ў фізічным кабінеце з практычным тлумачэннем на машынах”. Хто ведае, магчыма, менавіта так адбылося першае знаёмства юнага гімназіста з дзівосным светам навукі?
Без сумневу, у памяці Жыгімонта застаўся візіт у Гарадзенскую гімназію імператара Аляксандра II. Гэтая падзея вымусіла нямала пахвалявацца гімназійнае кіраўніцтва. Фасад гімназіі быў упрыгожаны 120 ліхтарыкамі, вялікі (172 аршыны даўжынёю) дыван пакрыў парадную лесвіцу і калідор. 4 кастрычніка 1860 года стройныя рады гімназістаў, апранутых у цёмна-зялёныя мундзірчыкі з гузікамі, на якіх была выява герба губерні — зубра, віталі цара“.
Улада была расейская, аднак у гімназіі панаваў польскі дух. A гэта царызм лічыў небяспечным. Цікава, як мянялася стаўленне да польскай мовы. Спачатку яна была ўключаная ў лік прадметаў, аднак з 1839 года яе выкладанне было забароненае. У 1857 годзе яна зноў з’яўляецца ў навучальных планах, пакуль нарэшце 7 ліпеня 1864 года пасля хадайніцтва М.Мураўёва не выйшаў “высочайший указ” аб спыненні выкладання польскай мовы ў навучальных установах Беларусі (“Северо-Западнога края”).
Неўзабаве пасля адмены ў 1861 годзе прыгоннага права беларускія, a таксама польскія і жамойцкія землі ахапіў грамадскі рух. Не засталіся ў баку ад яго і гарадзенскія гімназісты. Памяць аб вызвольных паўстаннях і шляхоцкіх вольнасцях жыла і ў касцёлах. Пад час службы нярэдка гучалі тут рэвалюцыйныя гімны і заклікі. У кастрычніку 1861 года забаронены гімн гучаў і ў гімназійным Дамініканскім касцёле. Кіраўніцтва гімназіі пастанавіла строга пакараць завадатараў гэтага выступу. Двух гімназістаў выключылі з гімназіі, a астатнім cтрогa забаранілі наведваць іншыя касцёлы, акрамя гімназійнага, і прыгразілі выключэннем з гімназіі ўсіх тых, “каго не заспеюць дома пасля 6 гадзінаў вечара”. У адказ пачаліся хваляванні моладзі, у кватэры інспектара гімназіі былі выбітыя шыбы. Толькі змяніўшы ўсё кіраўніцгва гімназіі і прыгразіўшы яшчэ больш жорсткімі мерамі, удалося супакоіць гімназістаў.
Хваляванні былі ўсеагульныя, і Жыгімонт, безумоўна, браў у іх удзел. Аднак сярод “падбухторшчыкаў” ягонае прозвішча не прыгадвалася. Скончыўшы ў 1862 годзе гімназію з сярэбраным медалём, Жыгімонт Урублеўскі паступіў на фізічна-матэматычны факультэт Універсітэта Святога Уладзіміра ў Кіеве.

Scroll to top