Станіслаў Аўгуст узышоў на трон у нядзелю 25 лістапада 1764 года. Урачыстасці, згодна з тагачасным каранацыйным цырыманіялам, доўжыліся тры дні. Сойм дазволіў, каб яны прайшлі ў Варшаве, а не на Вавелі ў страдаўняй сталіцы Кракаве. Такое адступленне ад традыцыі адбылося ў гісторыі Рэчы Паспалітай двойчы. Абодва каралі мелі імя Станіслаў, і ў абодвух быў трагічны лёс. І Станіслаў Ляшчынскі, і Станіслаў Панятоўскі, у адрозненне ад іншых польскіх манархаў, былі пахаваны па-за межамі краіны.

У Варшаву з’ехалася каля 28 тысяч гасцей з краіны і замежжа. Ужо з пяці гадзін раніцы варшавяне і госці горада пачалі збірацца каля касцёла св. Яна. Каб прывесці караля, а восьмай гадзіне ад храма рушыла ўрачыстая працэсія на Каралеўскі замак. У ёй крочылі лаўнікі і члены магістрату, за імі – духавенства і біскупы двух абрадаў – лацінскага і грэчаскага, – пралаты, канонікі і абаты. З рэлігійнымі спевамі працэсія ўвайшла на замкавы падворак праз Гадзіннікавую браму. У каралеўскія пакоі накіраваліся толькі архібіскупы і біскупы. У троннай зале пад балдахінам іх чакаў Панятоўскі. Львоўскі архібіскуп Вацлаў Серакоўскі ад імя народа запрасіў яго на абрад каранацыі. Будучы кароль шчыра падзякаваў і сеў на крэсла пад тронам для апранання каралеўскага строя.

Пад спевы біскупаў адмыслова прызначаны капелан, будучы вармінскі біскуп і выдатны паэт Ігнат Красіцкі, урачыста падаваў часткі строю дырэктару цырыманіяла вышагродскаму старосту Мацею Шыманоўскаму. Той, у сваю чаргу, перадаваў іх вялікаму маршалку літоўскаму Ігнату Агінскаму, які з дапамогай біскупаў апранаў будучага ўладара Польшчы і Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага.

Каранацыйны строй уладароў Рэчы Паспалітай нагадваў біскупскія пантыфікальныя вопраткі, што павінна было падкрэсліваць сакральнасць урачыстасці. На асобных падносах знаходзіліся каранацыйны ордэн і спецыяльны галаўны ўбор. А з вавэльскай скарбніцы ў акутай жалезам скрыні былі дастаўлены галоўныя сімвалы каралеўскай улады і незалежнасці дзяржавы: карона, жазло і залаты яблык.

Апранутага Панятоўскага вывелі на дзядзінец, і працэсія ў тым жа складзе рушыла назад, да касцёла св. Яна. На памосце, пакрытым чырвоным сукном, у атачэнні пешай каралеўскай гвардыі познаньскі ваявода князь Антон Ябланоўскі ўрачыста нёс каранацыйную залатую карону ўладароў Рэчы Паспалітай, так званую originalis sive privilegiata. Паводле легенды, яна была падаравана цэсарам Атонам ІІІ каралю Баляславу Храбраму і складалася з дзесяці частак, упрыгожаных 474 рубінамі, смарагдамі і пярлінамі. За Ябланоўскім ішлі князі Францішак Любамірскі і Андрэй Агінскі з двума каранацыйнымі мячамі. Трэці меч і каранацыйны каралеўскі плашч нёс каронны захавальнік ксёндз Чэрны. За імі з кароннай харугвай крочыў Адам Мнішэк, а з літоўскай – ФранцішакАлександровіч з Ліды. Працэсію замыкаў Станіслаў Панятоўскі пад каштоўным балдахінам, які трымалі шэсць кашталянаў. Па ўсёй Варшаве званілі званы і гучалі гарматныя стрэлы.

Пасля ўвахода працэсіі ў касцёл сімвалы каралеўскай улады былі пакладзены перад вялікім алтаром, а па баках сталі харужыя з харугвамі. Ніжэй размясціліся біскупы. Вакол – сенатары на лавах. Станіслаў Аўгуст, наблізіўшыся да алтара, нізка пакланіўся кардыналу і зняў шапку. Той традыцыйна запытаў, ці хоча манарх захаваць святую веру, быць апекуном і абаронцам народу, а каралеўства, дадзенае яму Панам Богам, трымаць у справядлівасці і бараніць. “Хачу і з дапамогай міласцівага Пана Бога і з радай адданых мне людзей так ва ўсім дбайна захоўваць абяцаю, як найлепей здолею”, – адказаў Панятоўскі. Усе ўзняліся, калі кароль з непакрытай галавой, стоячы на каленях перад кардыналам, які сядзеў, прысягаў на Евангеллі: “Sic me Deus advinvet et haec santa Dei evangelia” (“Няхай дапаможа мне Бог і гэтае святое Божае Евангелле”).

Пасля прысягі і малітваў карднал выканаў абрад памазання, і кароль, накінуўшы шыкоўны каранацыйны аксамітны плашч, аблямаваны гарнастаямі і вышываны срэбнымі арламі, сеў на сваё крэсла, каб удзельнічаць у імшы. Затым адбылася каранацыя, напрыканцы якой сабраныя ў касцёле і навокал людзі дружна і радасна тройчы паўтарылі словы кардынала: “Vivat rex!” (“Няхай жыве кароль!”).

У гэты ж дзень быў святочны абед у Каралеўскім замку. А ўвечары кароль на кані ў атачэнні шматлікіх паннаў ездзіў па старым горадзе, цудоўна асветленым з нагоды каранацыі.

У наступныя дні прайшлі святкаванні на вуліцах і плошчах сталіцы, урачыстыя сустрэчы з сенатарамі, міністрамі, генераламі, варшаўскім магістратам.

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі меў 32 гады. Ён быў каралём. Дужым і маладым, прыгожым і адукаваным. Наперадзе – трыццацігадовае панаванне ў адной з найвялікшых еўрапейскіх краінаў. Панаванне паспяховае і ганебнае, шчаслівае і трагічнае, радаснае і балючае.

 

Ён паміраў у Пецярбургу ва ўзросце 66 гадоў. Ён не быў каралём ужо больш за два гады і адыходзіў у іншы свет зняважаны і незразуметы.

25 лістапада 1795 года, ва ўгодкі каранацыі, Станіслаў Аўгуст падпісаў у гродзенскім Новым замку акт аб адмове ад кароны. “З уласнага жадання адрокся ад усіх правоў на Польскую карону, Вялікае княства Літоўскае і іншыя краіны, якія да іх належаць”. Ён шчыра верыў, што гэтым “палепшыць жыццё суайчыннікаў альбо, хаця б, зменшыць іхнія пакуты”.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай – з 1795 да пачатку 1797 года – Панятоўскі быў вымушаны жыць у Гродне ў Новым замку. Ён, фактычна, з’яўляўся вязнем сваёй “найласкаўшай пратэктаркі” імператрыцы Кацярыны ІІ. Яна была яго першым сапраўдным каханнем і мела ад Станіслава пазашлюбную дачку Ганну, якая пражыла ўсяго два гады. Менавіта расійская царыца найбольш спрыяла ўзыходжанню Станіслава Аўгуста на трон.

Але непрадказальны лёс стаў цяжкім выпрабаваннем для колішніх закаханых. Па даручэнні імператрыцы шматгадовы расійскі амбасадар у Варшаве князь Мікалай Рэпнін, якому Станіслаў Аўгуст у дзень сваёй каранацыі ўручыў ордэн Белага Арла, перадаў галоўнаму назіральніку за каралём у Гродне графу Іллі Безбародцы інструкцыі для ўтрымання былога манарха з допісам: “Усе распараджэнні аддаюцца тут паводле загаду імператрыцы, і толькі яе ўлада абавязвае”.

У Гродне кароль жыў пад наглядам царскай паліцыі, за ім сачылі, яго падслухоўвалі, цэнзура праглядала каралеўскую пошту. Каб перашкодзіць Станіславу Аўгусту выязджаць у Занёманскі фарштат, адкуль былы кароль глядзеў на дарогу, што вяла ў любімую Варшаву, Рэпнін загадаў разабраць мост праз Нёман. Але нават не гэта прыніжэнне было самым балючым і невыносным для экс-манарха. Ён пакутваў не столькі ад фізічнай, колькі ад маральнай ізаляцыі. Большасць былых падданых лічыла яго бязвольным валадаром, нікчэмным палітыкам, нават здраднікам Радзімы.

З аднаго боку, лёс быў вельмі прыязным да Станіслава Панятоўскага. Але за сваю карону і бліскучую кар’еру ён заплаціў спаўна: пастаянныя кампрамісы з сумленнем былі наступствам барацьбы з уласнымі памкненнямі і са знешнімі сіламі за інтарэсы дзяржавы. Ён быў упэўнены, што толькі еўрапеізацыяй, мадэрнізацыяй, развіццём адукацыі і культуры можна ўратаваць сваю краіну. І менавіта гэтыя рэформы больш за ўсё непакоілі суседнія манархіі. Ён лавіраваў, ішоў наперад і адступаў, але заўсёды быў верны сваёй ідэі пакрокавых зменаў да лепшага. Для адных гэта было вынікам дальнабачнай палітыкі, для другіх – сведчаннем бязвольнасці караля і адлюстраваннем слабасці Рэчы Паспалітай.

На пачатку 1797 года пасля смерці Кацярыны ІІ яе сын Павел І прапаноўвае Станіславу Аўгусту пераехаць з Гродна ў Пецярбург і манаршым жэстам аддае яму Мармуровы палац, найпрыгажэйшы ў сталіцы пасля Зімняга. Панятоўскага ізноў называюць каралём, аддаючы пашану. Аднак кантроль за ягоным жыццём і дзейнасцю ніколі не перапыняўся. Асоба караля ў якасці пастаяннага госця пры царскім двары надавала апошняму бляск і падкрэслівала веліч імперыі. Без права наведаць радзіму, сустрэцца з блізкімі і сябрамі былы манарх пачуваўся высакароднай птушкай у залатой клетцы.

Ад гэтага чарговага прыніжэння яго вызваліла толькі хуткая смерць. У сераду, 11 лютага 1798 года, Яго Каралеўская Вялікасць, як звычайна, устаў рана, выпіў кубак моцнага булёну і перайшоў у свой кабінет, каб папрацаваць. Каля аддзінаццаці пачуўся дрэнна: звон у галаве і ўдушша. Выклікалі асабістага каралеўскага лекара Баклера, пазней – ксяндза Юрэвіча. Хутка прыехаў Павел І з сынамі Аляксандрам і Канстанцінам. Яны засталі Панятоўскага непрытомным. Занепакоеныя сумнай навіной, у Мармуровы палац пачалі з’язджацца вядомыя асобы пецярбургскага свету. Раніцай 12 лютага былога манарха Рэчы Паспалітай не стала.

Пахаванне было каралеўскім. Нябожчыка забальзамавалі, а сэрца і вантробы змясціліў асобных урнах. Станіслава Аўгуста апранулі ў мундзір Польскай кароннай гвардыі, упрыгожаны ордэнам Белага Арла, і накрылі пурпуровым плашчом, аблямаваным гарнастаямі. Дзесяць дзён цела знаходзілася ў каралеўскай спачывальні. Сюды прыходзілі блізкія і прыдворныя. Каля ложка несла варту імператарская гвардыя. Малітвы чытаў архібіскуп Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, мітрапаліт Магілёўскі.

22 лютага труна з целам караля была выстаўлена ў Троннай зале палаца, аздобленай жалобна і надзвычай прыгожа. Павел І асабіста ўсклаў на галаву Панятоўскага бліскучую залатую карону. Тую, што з гэтай самай галавы скінула два гады таму ягоная маці...

За некалькі дзён развітацца з манархам прыйшлі больш за 30 тысяч чалавек. 26 лютага царскі двор абвесціў чатырохдзённую жалобу. 5 сакавіка труну з целам урачыста перанеслі з Мармуровага палаца ў месца вечнага спачыну – касцёл св. Кацярыны на Неўскім праспекце. Працэсію з 18 тысяч вайскоўцаў узначальваў расійскі імператар з сынамі. На працягу трох дзён храм, дзе не сціхалі малітвы і жалобная музыка, наведалі яшчэ каля 40 тысяч расіян і замежных гасцей, каб развітацца з каралём. 8 сакавіка 1798 года абабітую белым шоўкам са срэбнай вышыўкай драўляную труну з целам Станіслава Панятоўскага апусцілі ў другую, пазалочаную, труну і размясцілі ў крыпце ў правай частцы касцёла. Цар планаваў паставіць помнік каралю. На камені, што закрываў крыпту, зрабілі надпіс па-лацінску:

Станіслаў Аўгуст

Кароль Польскі

Князь Літоўскі

яскравы прыклад зменлівасці лёсу,

які ён паспяхова, разумна, мужна прымаў,

памёр у Пецярбургу 1 лютага 1798 на 66-м

годзе жыцця

Павел І Самадзержац і Імператар

Усёй Расіі прыяцелю і госцю палажыў.

Такія жалобныя ўрачыстасці ў сталіцы імперыі адбываліся толькі падчас пахавання рускіх цароў. Толькі гэтым разам мерапрыемствы прайшлі без аніводнага развітальнага слова. Імператар не дазволіў...

Парафіяльны касцёл св. Кацярыны быў пабудаваны ў 1763-84 гады палякамі, французамі, немцамі ды італьянцамі, якія жылі ў Пецярбургу. Спраектаваў будынак модны ў Расіі тых часоў французскі архітэктар Жан Баптыст Валэн дэ ля Мот. Даглядалі храм манахі-капуцыны. Гэта была рэнесансная крыжова-купальная пабудова.

Лёс дзіўна звязаў з касцёлам пасмяротныя шляхі двух Станіславаў, каралёў-выгнаннікаў Рэчы Паспалітай. 15 траўня 1857 года ў крыпту, дзе знаходзілася труна з целам Станіслава Аўгуста, была спушчана ўрна з часткай праху іншага манарха той жа краіны Станіслава Ляшчынскага. Гісторыя гэта настолькі незвычайная, што варта хаця б коратка распавесці яе.

Ажно двойчы абраны каралём Рэчы Паспалітай Станіслаў Ляшчынскі ўсё ж быў вымушаны адмовіцца ад кароны. Памёр ён у французскім Нансі ў 1766 годзе. Пасля паразы Напалеона, польскі генерал Міхал Сакальніцкі, едучы на радзіму, спыніўся ў гэтым горадзе разам з рэштай свайго палка, які ваяваў на баку французскага імператара. Сакальніцкі хацеў пакланіцца праху свайго далёкага сваяка Ляшчынскага. Генерал ведаў сумную гісторыю з пахаваннем нябожчыка, якое ў 1793 годзе было разбурана паўстаўшым народам і выкінута з мясцовага касцёла Бон-Скур. Карона і скіпетр зніклі. Але нечыя добрыя рукі сабралі каралеўскі прах назад у труну, а ў 1806 годзе вярнулі ў храм.

Даведаўся генерал і пра тое, што нейкі садоўнік Леапольд ля Марш захоўвае частку каралеўскіх касцей. Сакальніцкаму ўдалося выкупіць гэтыя рэліквіі, а гарадскія ўлады яшчэ і ахвяравалі яму харугву Станіслава Ляшчынскага.

Срэбны саркафаг з прахам караля везлі з Францыі ў катафалку, запражоным шасцёркай коней. Яго не ўдалося змясціць, як хацеў генерал, ані ў Вавэльскім замку ў Кракаве, ані ў Пулавах. У 1828 годзе ўжо ягоны пляменнік, Пётр Сакальніцкі, перадае саркафаг Таварыству Прыяцеляў Навук у Варшаве. У 1834 годзе пасля паразы лістападаўскага паўстання адбылася канфіскацыя культурнай спадчыны бунтуючага народа. Паводле ўказа Мікалая І, зборы таварыства былі перададзены Імператарскай Публічнай Бібліятэцы, дзе імі мала хто цікавіўся. У 1857 годзе імператарскі бібліятэкар Антон Іваноўскі выпадкова знайшоў саркафаг Ляшчынскага і адкрыў яго ў прысутнасці ксяндза Адама Красіньскага, выкладчыка Каталіцкага Калегіума ў Пецярбургу, і Адама Кіркора, гісторыка і ганаровага карэспандэнта гэтай бібліятэкі.

Дырэктар бібліятэкі барон Мадэст Корф звярнуўся да Аляксандра ІІ з просьбай пахаваць рэліквіі ў Вільні. Але імператар палічыў палітычнай памылкай зноў нагадваць насельнікам “Северо-Западного края” пра іх каралёў ды вялікіх князёў і распарадзіўся пахаваць прах Станіслава Ляшчынскага побач са Станіславам Панятоўскім...

Да І Сусветнай вайны каралеўскую крыпту касцёла св. Кацярыны наведвалі тройчы. У 1857 годзе першую інфармацыю аб стане праха Станіслава Аўгуста пакінуў граф Яўстах Тышкевіч, які запісаў: “Пецярбургскі клімат на працягу шасцідзесяці гадоў да такой ступені знішчыў парэшткі караля, што нават слядоў касцей не засталося. Сярод малой кучкі спарахнелых астанкаў блішчэла толькі карона, зробленная на пахаванне і ўпрыгожаная фальшывымі камянямі”.

Гэты дзіўны факт поўнага разлажэння забальзамаванага цела ў прах на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў вельмі важны для тлумачэння безпаспяховых пошукаў парэшткаў Панятоўскага напрыканцы ХХ стагоддзя. Але аб гэтым далей.

У 1861 годзе крыпту аглядаў біскуп з Сэгінаў – ксёндз Канстанцін Ірынэуш Лубеньскі, колішні вікары касцёла св. Кацярыны. А ў 1905 разам з тагачасным пробашчам парафіі св. Кацярыны Канстанцінам Будкевічам і ксяндзом Міхалам Гадлеўскім яе наведалі навукоўцы з Кракава – дактары Станіслаў Тамковіч і Адам Хмель. Апошні ў 1938 годзе напісаў у “Варшаўскім кур’еры” аб стане пахавання. Ён адзначае, што парэшткі Станіслава Аўгуста захоўваліся ў патройнай труне. Першая, “парадная”, добра вядомая з апісанняў пахавальнай цырымоніі, знаходзілася яшчэ не ў найгоршым стане. Шырокая, зробленая з дубу і аздобленая срэбным крыжам, яна была абабіта аксамітам з вышытымі срэбрам арламі са знакам Цяльца Панятоўскіх. Другая дубовая труна таксама захавалася нядрэнна. І, нарэшце, трэцяя была абабіта белым атласам, які, адчапіўшыся ад накрыўкі, апусціўся на прах караля. Узняўшы атлас, даследчыкі былі ўражаны: ад галавы засталася толькі тыльная частка чэрапу... Усё ператварылася ў пыл. М. Гадлеўскі ўзгадвае і карону з пазалочанай бронзы, урну з сэрцам і вантробамі Станіслава Аўгуста, а таксама жалезную скрыню з прахам Станіслава Ляшчынскага.

Пасля аднаўлення незалежнасці Польшчы асоба Станіслава Панятоўскага была непапулярнай у гэтай краіне. Апошняга караля зрабілі сімвалам той улады, што ў XVIII стагоддзі страціла дзяржаўнасць з-за слабасці і недарэчнасці. Паводле Рыжскай дамовы 1921 года, у Польшчу павінны былі вярнуцца шматлікія культурныя і гістарычныя каштоўнасці, вывезеныя ў Расію ў часы няволі. Была абмеркавана магчымасць эксгумацыі пахаваных на чужыне і перавоз іх на радзіму. Але пра апошняга караля афіцыйна ніхто не ўзгадваў.

 

Сабраў і напісаў гісторыю, навочным сведкам якой быў Аляксандр Мілінкевіч

 

Scroll to top