У гісторыкаў, якія займаюцца соцыятапаграфіяй Гродна эпохі новага часу, нярэдка можна прачытаць сцверджанне, што ў другой палове XVII – XVIII ст. на тэрыторыі нашага горада вельмі моцна павялічваецца колькасць зямельных участкаў, якія належалі шляхце. Войны гэтага часу не спрыялі развіццю гарадоў, рамяства і пераўтварэнню мяшчанства Вялікага княства Літоўскага ў моцную супольнасць. У выпадку Гродна такая сітуацыя дапаўнялася таксама і тым, што наш горад стаў сеймавым і да гарадскіх пляцаў рэзка вырасла цікавасць магнатаў і буйной шляхты, якія хацелі мець уласную нерухомасць на перыяд сеймавых пасяджэнняў.