Ваколіцы Гродна, дзе з 1904 г. я вяду археалагічныя даследаванні, знаходзяцца на правым беразе Нёмана ў яго сярэднім цячэнні. Рэльеф няроўны, складаецца пераважна з пясчаных пагоркаў, якія дасягаюць 220 метраў, асабліва ў паўднёва-ўсходнім напрамку.

Над узроўнем пясчанай раўніны ўзвышаюцца дзе-нідзе невялікія дэлювіяльныя пагоркі, якія ўяўляюць сабой плямы больш урадлівай глебы, тут таксама здабываюць гліну для вырабу цэглы і збіраюць вапняковыя глыбы для выпальвання з іх вапны.

У многіх месцах пад дэлювіяльнымі ўтварэннямі змяшчаюцца трацічныя адкладанні, якія выступаюць у выглядзе белых і зеленаватых (глаўканітавых) пяскоў, у іншых адкладаннях шмат крэйды.

У нізінах, дзе азёр зараз няма, калісьці яны мусілі існаваць, паколькі на гэта ўказвае наяўнасць тарфяных балот і слаістых адкладаў пад самым Гродна.

Аб значна большых памерах азёр у даўнейшыя часы сведчаць гліністыя і глініста-пясчаныя ўтварэнні, шырока распаўсюджаныя ў некаторых мясцінах. Сувязь гэтых утварэнняў з фарміраваннем сучасных азёр з’яўляецца відавочнай. Такіх мясцін мы знаходзім шмат на ўсход ад Гродна, каля Скідзеля.

Адносна нядаўна, у 1836 годзе, досыць значнае возера Салацце выцекла ў Нёман, а з вялікага возера пад мястэчкам Азёры (на ўсход ад Гродна) няшмат бы засталося, калі б была знесена грэбля каля мясцовай паперні, бо найвялікшая глыбіня таго возера – 7 метраў, аднак увогуле яна не перавышае 2-5 метраў.

Гідраграфічныя ўмовы, а таксама пераважна бязводны, прыўзняты рэльеф спрыялі засяленню гэтай мясцовасці ў дагістарычныя часы. Ішло засяленне, верагодней за ўсё, ад Нёмана, дзе існавалі найбуйнейшыя і, бадай, найстарэйшыя ў тых краях стаянкі.

Тым не менш раён вельмі мала даследаваны.

Тое ж самае можна сказаць і аб найбліжэйшых ваколіцах Гродна.

Хаця здаўна меркавалася, што Гродна існуе як пасяленне з часоў дагістарычных, ніхто, аднак, ажно да сённяшняга часу не адкрыў якіх-небудзь слядоў існавання тут чалавека ў старажытную эпоху.

Каля трыццаці гадоў таму В. Гразноў знайшоў крамянёвыя прылады ля падножжа Каложскай гары, на якой захаваліся руіны царквы, закладзенай, верагодна, у ХІІІ стагоддзі. Гэтыя знаходкі былі паказаны падчас археалагічнага з’езду ў Вільні, аднак аўтэнтычнымі іх не прызналі.

 

З. Глогер падчас кароткатэрміновага знаходжання ў Гродна таксама не знайшоў дагістарычных помнікаў паблізу самога горада.

Аднак зарослыя травой берагі Нёмана, на маю думку, утойваюць бясцэнныя скарбы для навукі. Толькі дзякуючы шанцаванню тут можна знайсці лязо, ножык альбо іншую прыладу з крэменю ці каменю, якая створана рукамі чалавека.

Так, праходзячы ў 1904 г. па беразе Нёмана, за некалькі дзясяткаў крокаў ад Каложы я знайшоў вельмі прыгожы крамянёвы нож, які падаецца на малюнку. Гэта найвялікшая крамянёвая прылада, знойдзеная пад Гродна. Даўжыня – 104 мм. Захоўваецца ў калекцыі аўтара.

На левым беразе Нёмана, на адлегласці пары соцень крокаў ад апошняга дома на Фарштаце, у кірунку да Ласосны, існуе старажытная стаянка. Выяўлена яна таксама выпадкова ў 1909 годзе. Даследаванне яе, аднак, ускладнена, таму што гэтае месца засейваецца. Тут знойдзены абломкі крамянёвых нажоў, аскепкі і фрагмент глінянага посуду, добра абпаленага, зробленага на ганчарным крузе, з арнаментам, які складаецца з пяці прамых гарызантальных ліній пад крыху пашыраным венчыкам.

Адна з крамянёвых прылад заслугоўвае асобнай увагі, таму што сваім выглядам набліжана да прадаўгаватых наканечнікаў стрэл, але надта тоўстая. Я лічу, што гэта скрабок з групы т. зв. геаметрычных прылад.

Іншыя стаянкі, крыху далей ад Гродна, апісаны ніжэй у алфавітным парадку мясцовасцей, паблізу якіх яны знаходзяцца.

 

ЦІДОВІЧЫ

Пясчаныя выдмы над Нёманам завуцца “Цідовіцкімі гарамі”.

Тут існавала стражытнае пасяленне, майстэрня прылад, а таксама могільнік. Сярод вялікай колькасці прылад, сабраных мною ў 1910 г., вылучаюцца нуклеусы, ножыкі, шылы, скрабкі і іншыя крамянёвыя прыстасаванні невядомага прызначэння, мноства крамянёвых аскепкаў і каменьчыкаў. 

На адным з пагоркаў паблізу Нёмана знойдзены фрагмент глінянага посуду, добра абпаленага, зробленага са светлай чырвона-жоўтай гліны з пяском, на ганчарным крузе, з арнаментам, які складаецца з гарызантальных хвалістых ліній.

 

ГРАНДЗІЧЫ

Паблізу “шведскіх” акопаў на полі знойдзена некалькі крамянёвых адшчэпаў і скрабок.

 

ГОЖА

На шматлікіх пясчаных выдмах, якія знаходзяцца на поўнач і поўдзень ад мястэчка, ёсць сляды старажытных пасяленняў. Тут існавала старажытная майстэрня прыладаў. У маім зборы знаходзяцца знойдзеныя там прыгожа выкананыя крамянёвыя нажы, даўжынёй да 108 мм, шылы, скрабкі і іншыя інструменты невядомага прызначэння, досыць груба адшчэпленыя.

Паблізу мястэчка на пясчанай выдме знойдзены рэшткі шклянога посуду, які падаецца на малюнку. Шкло зеленаватае з чырвоным адценнем, мала празрыстае.

 

ГОЖКА

На пагорку, званым “Магілеўская гара”, знаходзіцца магільнае пахаванне. Не даследавана.

 

КАПЛІЦА

Паблізу вёскі, за палатном Палескай (Мікалаеўскай) чыгункі, у ляску, на зямлі, што належыць Ю. Андрукевічу, ёсць сляды магільных пахаванняў, прыкрытых палявымі камянямі. Навуковых даследаванняў не праводзілася. Магчыма, гэта магілы каменнага веку.

 

 

КОХАНАВА

На пясчаным пагорку на правым беразе Нёмана маюцца сляды пасялення і грунтовага целапальнага могільніка.

Сярод крамянёвых прылад большасць складаюць абломкі ножыкаў, скрабкі і іншыя інструменты нявыяўленага прызначэння.

Шмат дробных абломкаў глінянага посуду, з арнаментам з прамых і хвалістых ліній. Гліна жоўта-чырвоная, са слюдой, добра абпаленая. Я наведваў стаянку ў 1908 г.

 

ЛАСОСНА

Каля падножжа гары Крыжовай у 1904 годзе знойдзена палова каменнага малатка (зараз яна знаходзіцца ў музеі пана Е. Маеўскага (пад № 16448)) і некалькі крамянёвых адшчэпаў.

 

ЛУКАВІЦА, ПАЛЬНІЦА І ПЕРАЛОМ

Уся прастора паміж гэтымі вёскамі ў старажытныя часы была густа заселена, аб чым сведчаць шматлікія, найбагацейшыя ў ваколіцах Гродна старажытныя стаянкі з перыяду па меншай меры ранняга неаліту. Тут былі майстэрні прыладаў. Знаходзім тут вельмі прыгожыя нуклеусы, большыя камяні, падрыхтаваныя да апрацоўкі, і мноства дробных крамянёвых прылад.

Знаходзім тут адбітыя крамянёвыя сякеркі, разцы, ножыкі, скрабкі, іголкі, лістападобныя (выключна) наканечнікі стрэл і іншыя прылады часта невядомага прызначэння.

Я наведаў гэтыя стаянкі ў чэрвені 1910 года і знайшоў, акрамя адзначаных тыпаў прыладаў, адзін прадаўгаваты наканечнік стралы.

 

ЛУННА

(не змяшчаецца на карце)

На паўднёвы ўсход ад мястэчка, за некалькі дзясяткаў крокаў ад прыстані, існуюць сляды старажытнай стаянкі. Знайшоў тут у 1907 годзе некалькі абломкаў крамянёвых нажэй, нуклеусы, ножападобныя пласцінкі і не скончаны лістападобны наканечнік.

 

САЛАЎІ

На зямлі п. Конрада Прушынскага на плошчы 480 кв. сажаняў, знаходзяцца т. зв. “крыжацкія” могілкі з мноствам палявых камянёў вялікіх памераў, пакрытых мохам.

Да сённяшняга дня ніхто могілак не раскопваў. 

ЗАРЫЦА

На пясчанай выдме паблізу Нёмана знойдзены абломак пласціны і пашкоджаны лістападобны наканечнік.

 

ЖЫДАЎШЧЫЗНА

Пан Я. Арлоўскі, настаўнік гродзенскай гімназіі, знайшоў тут разец і некалькі пласцінак.

 

Ваколіцы Гродна, размешчаныя на ўсход і поўдзень, да сённяшняга часу цалкам не даследаваны, як і прытокі Нёмана ў межах Гродзенскага павета.

Сабраныя ў паўночных ваколіцах Гродна крамянёвыя прылады дакладна паходзяць з каменнага веку. Ці ўсе яны з’яўляюцца помнікамі неаліту, зараз сказаць складана, таму што не маем дастаткова пэўных крытэрыяў.

Найбольш верагодна, некаторыя інструменты належаць да ранняга неаліту, гэтыя ўзоры таксама нічым не адрозніваюцца ад сабраных у іншых месцах палеалітычных прылад. У любым выпадку дакладных палеалітычных стаянак у Гродзенскім павеце не выяўлена.

Гродзенскі крэмень паходзіць перш за ўсё з адкладаў крэйды, якія знаходзяцца крыху ніжэй Грандзіч над Нёманам. Па колеры знаходзім толькі адценні белага, шэрага і чорнага. Жоўтага крэменю амаль не сустракалася.

Што да характару саміх інструментаў, мушу адзначыць, што шліфаваных прыладаў знаходзім толькі некалькі асобна ляжачых, з якіх адзін – крамянёвая сякерка, у вельмі добрым стане, даўжыня каля 120 мм. Яна знойдзена ў ваколіцах Ласосны і аддадзена ў калекцыю нядаўна памерлага шаноўнага Зыгмунта Глогера.

Інструменты, сабраныя з ваколіц Пералому, Пальніцы і Лукавіцы, вельмі грубыя, адзначаюцца прымітыўнасцю расшчаплення і апрацоўкі.

Свёрлы знаходзяць тут сапраўды рэдка, найбольш тыповым я лічу свярло з Гожы, зробленае з пласціны. Яно мае адзін, апрацаваны з дапамогай рэтушавання, канец.

 

 

Разцы, будучы характэрнымі для эпохі палеаліту прыладамі, служылі для выразання малюнкаў на дрэве і косці. Іх мы сустракаем у ваколіцах Пальніцы і Лукавіцы.

Шмат скрабкоў, літаральна тузін, знаходзім у ваколіцах Пальніцы. Яны шырокія, з больш-менш затупленай паўакруглай вярхушкай, перапрацаваныя са сколатых адшчэпаў.

Наканечнікі стрэл сустракаюцца тут сапраўды рэдка. Я маю вельмі добры, зграбны лістападобны экзэмпляр з ваколіц Пальніцы, без чарашка.

Плоскія трохгранныя іголкі, зробленыя з крамянёвых пласцін, у вялікай колькасці былі знойдзены ў ваколіцах Пальніцы.

Прадаўгаваты наканечнік з затупленымі краямі, зроблены з адшчэпа, знойдзены ў ваколіцах Пералому.

Прыгожы прыклад ножыка, знойдзены ў ваколіцах Пальніцы і Пералому, з дзівосна адламанымі краямі. Адшчэпы, якія служаць ножыкамі, маюць да 110 мм даўжыні.

Нуклеусы або крамянёвыя канкрэцыі, ад якіх аддзяляліся пласцінкі і адшчэпы, складаюць, за выключэннем Пальніцы, Лукавіцы і Пералому, у ваколіцах Гродна сапраўдную рэдкасць. Маю некалькі ўзораў канічнай формы са слядамі адколаў з усіх бакоў.

Бронзавых і жалезных прадметаў паблізу Гродна да гэтага часу не знойдзена.

 

Пераклад Яўгена Махнача і Андрэя Вашкевіча 

 

Scroll to top