Баляслаў Грабінскі (1899-1991) – вядомы дзеяч беларускага руху ў Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд. Ён быў намеснікам старшыні Беларускага навуковага таварыства, адным з кіраўнікоў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і належаў да групы заснавальнікаў Беларускага Інстытута гаспадаркі і культуры.
Пры гэтым паспяхова закончыў медыцынскі факультэт Віленскага універсітэту імя Стэфана Баторыя, меў уласную практыку як дантыст. Падчас Другой сусветнай вайны Б.Грабінскі ўваходзіў у склад Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні.
Пасля вайны ён эмігрыраваў у ЗША, дзе спалучаў лекарскую працу з актыўнай грамадскай дзейнасцю ў беларускіх арганізацыях. Уваходзіў у Раду БНР, быў сябрам Беларускага Інстытуту навукi і мастацтва, сябрам Беларуска-Амерыканскага згуртавання.
Ягоны “беларускі шлях” пачынаўся ў Горадні. У 1911 г. Баляслаў Грабінскі стаў вучнем гарадзенскай гімназіі і адразу ж уступіў у Гурток беларускай моладзі (1909-1914), якім, фактычна, і распачыналася беларускае Адраджэнне ў Горадні. Для многіх яго сяброў Гурток стаўся той падзеяй, якая вызначыла ўсё далейшае жыццё.
Пачатак Першай сусветнай вайны прывёў да ліквідацыі Гуртка. Далейшыя ваенныя і палітычныя падзеі, варожае стаўленне савецкіх ідэолагаў да беларускага нацыянальнага руху прывялі за забыцця гэтай цікавай старонкі гарадзенскай гісторыі.
У пэўным сэнсе Гурток вярнулі з небыцця ўспаміны Зоські Верас (Людвікі Сівіцкай) (1892-1991). Менавіта яна на старонках “Беларускага календара” ў Беластоку (1981) упершыню распавяла пра ягоную дзейнасць. Гэтая публікацыя падштурхнула Баляслава Грабінскага да ўласнага аповеду пра Гурток і ягоных сяброў. У лісце да Зоські Верас ад 17 лютага 1988 г. ён прыгадаў, якое моцнае ўражанне зрабіла на яго публікацыя ў беластоцкім беларускім выданні і адзначыў уласнае імкненне распавесці пра Гурток усім “сьведамым беларусам, разсеяным па ўсяму сьвету”. Яго ўспаміны былі апублікаваныя ў газеце “Беларус” (Нью-Ёрк) у 1987 г. (№№ 337 і 338).
На старонках альманаха “Горад святога Губерта” ўжо друкаваліся ўспаміны Зоські Верас (Людвікі Сівіцкай) (1892-1991) пра Гарадзенскі гурток (Горад святога Губерта. Выпуск першы. – Сейны, 2002. С. 87-95). Адчуваючы актуальнасць праблематыкі беларускага Адраджэння для сучаснай Горадні і яе жыхароў, рэдакцыя вырашыла працягнуць гэтую тэму і пазнаёміць чытачоў таксама з успамінамі Баляслава Грабінскага. У адрозненні ад ранейшых публікацый Б.Грабінскі не толькі распавядае пра дзейнасць гурткоўцаў, але таксама дае каштоўную інфармацыю пра тое, як паступова пашыралася беларуская нацыянальная свядомасць, наколькі складаным быў працэс яе пранікнення ў публічную прастору, дзе дамінавалі або “польская”, або “руская” ідэнтычнасці...
У другой палове 80-х гг. падчас апошняй савецкай “адлігі” Зоська Верас і Баляслаў Грабінскі аднавілі кантакты. У адным з лістоў да сваёй віленскай сяброўкі Б.Грабіньскі прыгадаў гарадзенскі перыяд свайго жыцця і постаць выкладчыка гісторыі Гарадзенскай мужчынскай гімназіі Яўстафія Арлоўскага (1863-1913). Я.Арлоўскі па праву лічыцца адным з пачынальнікаў навуковага вывучэння мінулага Горадні. Быў сябрам Гарадзенскага царкоўна-археалагічнага камітэту, а таксама Паўночна-Заходняга аддзелу Рускага імператарскага геаграфічнага таварыства. Менавіта ён насуперак меркаванням класікаў расейскай гістарыяграфіі Мікалая Карамзіна і Уладзіміра Салаўёва даказаў тоеснасць губернскай Горадні з летапісным Гарадзенам (Гародняй). Аўтар кніг “К истории народного образования в Гродненской губернии” (Гродно, 1889), “Исторический очерт Гродненской гимназии” (Гродно, 1901), “Гродненская губерния в 1812 г.: исторический очерк” (Гродно, 1912) ды іншых. Найбольш вядомай ягонай працай застаецца “Гродненская старина” (ч. 1, 1910), якая стала першай спробай храналагічнага прадстаўлення ўсёй мінуўшчыны горада над Нёманам. У працы відавочныя ўплывы канцэпцыі “заходнерусізму”, тым не менш багаццем факталагічнага матэрыялу і аўтарскім замілаваннем гісторыі Горадні яна выгодна адрознівалася ад многіх пазнейшых версій гарадзенскай гісторыі, асабліва пасляваеннага савецкага перыяду.
Увазе чытача прапануецца фрагмент ліста Б.Грабінскага да Зоські Верас ад 17 лютага 1988 г. Ліст быў перададзены аўтару гэтых радкоў Зоськай Верас. Зараз арыгінал знаходзіцца ў фондах гарадзенскага Музея Максіма Багдановіча. Публікацыя адбываецца на падставе ксеракопіі.
Успаміны друкуюцца з захаваннем граматычных асаблівасцяў арыгіналу і з нязначнымі зменамі ў пунктуацыі, якія адпавядаюць патрабаванням беларускай мовы. Купюры ў тэксце ліста пазначаныя [...]. Усе вылучэнні аўтарскія.
Падрыхтоўка да публікацыі і заўвагі Алеся Смаленчука.
Гродзенскі Гурток Беларускай моладзі (1909-1914)
Ініцыятарам заснаваньня гуртка і яго кіраўніком праз пару першых гадоў быў кс. Франьцішак Грынкевіч. У ягоным памешканьні ў Бернардынскіх мурох у кастрычніку 1909 г. (дакладная дата невядомая, бо пратаколы арганізацыйнага сходу і паседжаньняў управы былі зьнішчаныя) адбыўся арганізацыйны сход невялікай групы моладзі, пакліканае ксяндзом з вышэйшых клясаў гродзенскіх школаў. Было там ня больш за восем асобаў, як падае ўдзельніца Людвіка Войцік.
На гэтым першым паседжаньні быў узгоднены назоў арганізацыі – Гродзенскі Гурток Беларускай Моладзі, выбраная ўправа ў складзе: старшыня – Адам Бычкоўскі, вучань 7-й клясы гімназіі, дваюрадны брат Антона Бычкоўскага, рэдактара віленскага “Беларуса”; заступнік старшыні – П.Алексюк; сакратар – Зыгмунт Абрамовіч і бібліятэкар Л.Сівіцкая (цяперашняя Войцік). Там-жа быў абмеркаваны плян працы ды акрэсьленая мэта: самаасьвета сяброў гуртка і шырокая сувязь з вёскай, каб пачаць там нацыянальнае ўсьведамленьне.
Першае маё знаёмства з гуртком адбылося зімою 1910 – 1911 гадоў. Жыў я тады з маім сваяком Янкам Ляўковічам, які быў вучнем 7-ае кл. гімназіі і быў ужо сябрам гуртка. Я асабіста ня мог належаць, бо ўвосень 1910 г. на зданым уступным экзамене не быў прыняты ў гімназію, а запісаны кандыдатам: месцаў у першай клясе было менш, як кандыдатаў на навуку і прыймалі толькі з найлепшымі адзнакамі. Мае бацькі пастанавілі паслаць мяне ў Гродна жыць разам з сваяком і рыхтавацца да экзамену ў наступным годзе. Янка меў пакоік (цэльку) у Франьцішканскім кляштары за рэпэтыцыі з братанкам пробашча тае парафіі.
Жыўшы ў Гродне, я бываў на вечарынках, ладжаных малодшай секцыяй сяброў гуртка ды горача ўспрыймаў усё беларускае, любіў слухаць лекцыі, чытаныя старэйшымі сябрамі на розныя тэмы беларусікі. Прыкладам, Бычкоўскі чытаў на тэму “Адгалосак душы беларускага народу ў ягоных песьнях, казаньнях і легендах”.
Асабліва вялікае ўражаньне зрабіў на мяне паказ “Моднага шляхцюка” Каруся Каганца, на ўсё жыцьцё застаўся ў памяці гэты спэктакль. Пасьля, чытаючы ў “Нашай Ніве” вельмі добрую ацэнку дзейнасьці гуртка, напісаную Іванам Луцкевічам (які быў запрошаны і прыехаў з Вільні на вечарыну-спэктакль), мне вельмі хацелася быць сябрам гуртка, бо-ж быў я там толькі як госьць.
Нарэшце мае жаданьні збыліся. У жніўні 1911 г. прынялі мяне ў гімназію, і я зараз жа запісаўся ў сябры гуртка і пачаў браць актыўны ўдзел: належаў да хору, дэклямаваў вершы на вечарынках і да таго падобнае. Кіраўніком хору быў мой сваяк Ляўковіч, зь якім я жыў разам.
Уся беларуская моладзь вясковага паходжаньня майго часу ніякага нацыянальнага ўсведамленьня не мела. Бацькі былі “рускай” або “польскай” веры, і самыя не ведалі, хто яны. Я паходжу зь вёскі на так званым запушчанскім прасторы з выключна каталіцкім насельніцтвам. Запушчане ведалі, што яны “польскай” веры, але польскага нацыянальнага ўсведамленьня або патрыятызму там ня было, яны за Палякаў сябе не ўважалі. Наадварот, запушчане ўважалі мазуроў за Баброю (якія нас звалі “русінамі”) за горшых, дурнейшых, што адлюстравалася ва ўсялякіх прыказках і жартах. Такім чынам, з дому я ніякага нацыянальнага ўсведамленьня ня меў.
Першы раз пачуў я назову “Беларусы”, быўшы на другім годзе Баброўскае прыходзкае школы. Настаўнікам нашым быў малады памочнік кіраўніка школы Краўцэвіч (імя не памятаю). У нашай клясе было двух праваслаўных – “рускіх”, а ўся рэшта былі каталікі – “польскія”. Аднойчы Краўцэвіч, гаворачы да вучняў у часе перапынку, сказаў: “Вы ня рускія і ня польскія, а ўсе вы – Беларусы”. Быў я тады ў веку 9 гадоў і хоць не зусім зразумеў, але запамятаваў гэтую заўвагу настаўніка.
Два гады пазьней, калі пачаў чытаць “Нашу Ніву”, зразумеў, што Краўцэвіч быў сьведамым Беларусам ды, відавочна, належаў да Згуртаваньня Беларускіх Настаўнікаў і Беларускай Сацыялістычнай Грамады, якія ўжо існавалі ў тым часе, бо ўвосені, калі я вярнуўся на трэйці год школы, Краўцэвіча ўжо не было. Як казалі ягоныя суседзі ў Юрыздыцы: “Улетку прыехала паліцыя з Саколкі і забрала яго, падобна за належаньне да сацыялістаў. Што сталася зь ім пазней, мы нічога ня чулі”.
Сьведамым беларусам я пачуўся як пачаў наведваць гурток. У моладзі, што належала да арганізацыі, быў вялікі энтузіязм, і ён перадаваўся кожнаму новаму сябру. Спрычыніўся да гэтага нязвычайны дар духовага правадыра-заснавальніка й кіраўніка гуртка кс. Грынкевіча.
Грынкевіч быў высака адукаваным чалавекам. Па сканчэньні Духоўнай Акадэміі ў Пецербурзе вучыўся ў Інсбруку ў Аўстрыі. Меў ён дзіўную сілу пераконваньня. Бяз розніцы, дзе і аб чым ён гаварыў, яго заўсёды хацелася слухаць.
Прыслужыліся таксама да энтузіязму гурткоўцаў здольнасьці й адданая праца некаторых старэйшых сяброў. Трох зь іх заслугоўваюць на спэцыяльную ўвагу.
Адам Бычкоўскі, першы старшыня гуртка, здольны арганізатар, ад самага пачатку пастараўся ўцягнуць усіх сяброў у якую-небудзь дзейнасьць: аднаму даручыў зарганізаваць хор; другому сабраць усіх, хто іграе на струнных інструмантах, і заснаваць струнны аркестр; старэйшым сябром даручаў чытаць даклады або вучыць малодшых беларускае мовы. Кожны сябра быў актыўным: хто сьпяваў, хто іграў, а ўсе вучыліся. А.Бычкоўскі пасьля закончыў юрыдычны факультэт у Пецербурзе і, працуючы адвакатам у Варшаве, быў адным з заснавальнікаў Асьветнага Таварыства беларусаў у Варшаве.
Зыгмунт Абрамовіч, таленавіты актор, быў душою арганізаваных сцэнічных спэктакляў. Ён выбіраў п’есу, ён рэжысэраваў, ён грыміраваў артыстаў і быў кіраўніком спэктакляў-вечарынаў. Зыгмунт Абрамовіч быў унукам Франьцішка Багушэвіча і меў сьведамасьць ды моцную беларускую традыцыю з дому. Пазьней ён належаў да аб’язнога тэатру Ігнату Буйніцкага.
Людвіка Сівіцкая, цяперашняя Войцік (паэтка Зоська Верас). Быўшы бібліятэкаркай гуртка, яна не шкадавала ні часу, ні сілаў, каб дастаць усю даступную ў тым часе беларускую літаратуру ды ўсё, што друкавалася ў беларускай мове. Навязала лучнасьць з “Нашай Нівай” і з выдавецкай суполкай “Загляне сонца і ў наша ваконца” ў Пецербурзе, даставала газэту, календары й кніжкі зь вялікай ськідкай, каб сябры, едучы на вёску, бралі прадаваць або проста раздаваць тым, хто мог чытаць.
Дзеля таго, што гурток быў нелегальнай арганізацыя, ён мусіў ужываць нейкі камуфляж. Спачатку сходы адбываліся ў памешканьні кс. Грынквіча, які быў школьным капэлянам і мог кантактавацца з моладзьдзю бяз ніякіх арганізацыяў, а пасьля памешканьне Сівіцкай зрабілася нашым цэнтрам.
Маці Людвікі як удава па ахвіцэры царскае арміі, мела дазвол на кватэраваньне й сталаваньне школьнай моладзі. Мела яна памешканьне на Гараднічанскай вуліцы з адным вялікім пакоем, у якім адбываліся лекцыі й спэктаклі-вечарынкі. У адным канцы пакою была збудаваная сцэна, там таксама шлі рэпэтыцыі хору й аркестру.
Людвіка была вельмі актыўнай у арганізаваньні выездаў на вёску са спэктаклямі, бо ведала людзей у ваколіцах Новага Двара, адкуль паходзілі ейныя дзяды й бацькі.
На апошнюю зіму перад І-й сусьветнай вайной Сівіцкая паехала ў Варшаву на курс агародніцтва й пчалярства. У гадох 1915 – 1918-м яна жыла ў Менску, працавала пры Камітэце помачы ахвярам вайны і ў Беларускай хатцы, дзе спатыкалася з Максімам Багдановічам, Ядвігіным Ш., Галубком, Смолічам ды іншымі ведамымі Беларусамі. Пасьля вярнулася ў Сакольшчыну й жыла ў Альхоўніках, фальварку свайго дзеда. У 1929 г. перабралася ў Вільню, дзе арганізавала Таварыства “Пчала”, выдавала “Беларускую Борць”, часапіс для дзяцей ды вяла карэспандэнцыйны курс пчалярства. Цяпер, у сярэдніх 90-х гадох свайго жыцьця, лістуецца з беларускім сьветам.
У адным з лістоў Сівіцкая піша: “Нашыя Беларусы сьпяшаюцца выцягнуць з маёй памяці ўсё, што магчымае, і то на самыя розныя тэмы”. Да Зоські Верас прыязджаюць з Гродна, Менску ды іншых гарадоў з рознымі пытаньнямі. Адзін з прафэсараў Беларускага ўніверсітэту даў ёй мянушку – “Усіхняя Бабуля”. Мянушка прынялася, і ў Менску так яе й завуць.
Пры ўспамінах аб Гродзенскім Гуртку Беларускай Моладзі пішу шмат пра Л.Сівіцкую, бо была яна асноўнаю асобаю падчас існаваньня гуртка, і толькі дзякуючы ёй засталася памяць аб гуртку.
У 1912 г. сакратаром ГГБМ быў С.Більмін, Беларус з польскімі перакананьнямі, які аказаўся здраднікам, зьнішчыў пратаколы паседжаньняў управы ад самага пачатку. Пазьнейшыя пратаколы, бібліятэка й тэатральны рэквізыт загінулі ў часы Першай сусьветнай вайны, і толькі тое, што Сівіцкая вывезла ў Менск – архіў бібліятэкі, рахункі й запіскі – дало магчымасьць ёй напісаць успаміны больш дакладна. Успаміны былі выдрукаваныя ў беластоцкай “Ніве”. Сп-ня Войцік таксама спрычынілася да тэлевізійнае праграмы аб ГГБМ на гродзенскім тэлебачаньні ў верасьні 1985 году. Перадача была са здымкам й адпаведным тэкстам.
Першых пару гадоў гурток рос і праца ішла шпарка зь вялікім энтузіязмам. У лютым 1910 г. была наладжаная першая вечарына з паказам камедыі Крапіўніцкага “Па рэвізіі”, дэклямаваліся вершы Купалы, выконваліся песьні ды выступаў струнны аркестр. Спэктакль быў паўтораны ў Гродне, а пасьля – ў Крыштапарове каля Новага Двара. Рэгулярна адбываліся лекцыі з беларусікі для малодшых сяброў, а ўвесну гурток рабіў экскурсіі над бераг Нёмана.
На пачатку школьнага 1910-1911 году была прынята шмат новых сяброў, моладзі зь першых школьных клясаў. Гурток падзялўся на тры сэкцыі: старэйшая, сярэдняя й малодшая. У кожнай была свая праграма самаасьветы й асьветы ў беларускай мове. Вывучалі літаратуру, гісторыю й геаграфію Беларусі.
На спэктакль у гэтым годзе выбралі камэдыю Каруся Каганца “Модны шляхцюк”. Рэквізыт на грыміроўкі купілі, а касьцюмы на сцэну, арыгінальную вясковую вопратку сяброўка Сівіцкая дастала ад жанчын зь вёскі Беляны, дзе яна мела добрых знаёмых. Піша яна, што жанчыны далі ёй да выбару нават са старых бабуліных скрыняў аўтэнтычныя вясковыя рэчы, мужчынскія й жаночыя, уключна з ботамі й чаравікамі. Пазычанае вопраткі два вялікія мяхі, пару дзён перад спэктаклем, колькі старэйшых сяброў прывезьлі ў Гродна на Гараднічанскую вуліцу, дзе ў вялікім пакоі была збудаваная сцэна, нават з суфлёрскаю будкаю.
У сярэдзіне лютага быў дадзены спэктакль, які, як ужо ўспамінаў раней, быў мой першы “тэатр”, і на які быў запрошаны з Вільні Іван Луцкевіч, і ён пасьля ў “Нашай Ніве” (№ 9, 1911 г.) пісаў: “Я дзіваваўся, гледзячы на артыстаў, як яны ўмелі падгледзець, падсьцерагчы характар вясковых сватаньняў, умелі наладзіць усё так, яно папраўдзе бывае ў хаце Беларусаў. Вынес я падзяку за прыемны вечар. Веру, што гродзенская беларуская моладзь родную справу пасуне ўперад”.
Спэктакль быў дадзены два разы ў Гродне, а пасьля ў Дубніцы ў паўночна-ўсходняй Сакольшчыне. Вечарына ўдалася вельмі добра. Сялянаў з суседніх вёсак прыйшло шмат, але цяжка было зьмесьціцца ў вялікім пакоі. Шмат хто з іх першы раз пачуў, што яны – Беларусы і пабачыў тэатр у роднай мове. Задаваленьне было вялікае. Але гэтая падзея ледзь ня скончылася вельмі сумна для гуртка ды асабліва для некаторых сяброў.
Арандатар Дубніцы, якая была собскасьцю гродзенскага архірэя, даў ахвотна пакой і параіў папрасіць дошак на сцэну ў манаха з суседняга архірэйскага фальварку Малой Дубніцы. Манах таксама ахвотна дошак даў, але пры нагодзе пахваліўся архірэю, што ў Дубніцу прыехаў тэатр. Архірэй – да губэрнатара: “Хто даў дазвол?” Губэрнатар-жа нічога ня ведаў, сказаў, каб справу дасьледавала паліцыя ў Новым Двары й на станцыі Беляны. Там было ўстаноўлена, што прыяжджала моладзь з Гродна, былі ўстаноўленыя прозвішчы двух сяброў, што паходзілі спад Новага Двара. Гурток-жа быў арганізацыяй нелегальнай, і мог падпасьці пад сьледзтва, а сябры, чые прозьвішчы сталіся ведамыя (вучні апошніх клясаў), маглі бы выкінутыя са школы. На шчасьце, у канцылярыі губэрнатара працаваў бацька аднае зь сябровак гуртка, і ён пастараўся, каб “дзела” загінула.
Увесну 1911 г. па скончанай навуцы развітаўся з гуртком ягоны арганізатар і першы старшыня Адам Бычкоўскі.
Няспрыяльныя для гуртка нутраныя й вонкавыя абставіны склаліся ў школьным годзе 1911-1912-м. Унутры адбыліся няўдалыя выбары. За старшыню выбралі Казюка Калышку, мала энэргічнага, пасыўнага чалавека, а за сакратара – С.Більміна, які ня думаў, каб памагчы, а стараўся пашкодзіць. Калі ён адыйшоў у наступным годзе, выявіліся, што зьнішчыў усе пратаколы паседжаньняў, як ужо было сказана раней. Звонку пачаўся націск з боку вышэйшых касьцельных уладаў на кс. Грынкевіча, каб ён адыйшоў ад кіраўніуцтва ГГБМ і наагул ад беларускіх справаў.
Незважаючы на гэтыя няўдачы, работа ў гуртку пры помачы лепшых старэйшых сяброў працягвалася. Адбываліся лекцыі для сяброў малодшае й сярэдняе секцыяў гуртка. Нават увосені малодшыя сябры паставілі п’есу “Пастушка” (перапрацоўка з польскае Л.Сівіцкай), але старэйшым сябром спэктаклю не ўдалося даць. Праектавалася паказаць “Зімовым вечарам” Э.Ажэшка, пачаліся рэпэтыцыі, але дзеля малое падтрымкі з боку кіраўніцтва гуртка праект не ўдаўся.
Пастанавілі зарганізаваць калядную ёлку для дзяцей у якой-небудзь вёсцы. Выбралі вёску Серуцеўцы на Сакольшчыне, паразумеліся з гаспадаром, які меў большую хату, зрабілі складчыну, купілі цукерак, пернікаў, арэхаў, яблыкаў і сьвечак. Нарабілі цацак на ёлку ды, узяўшы з сабою шмат газэтаў, календароў і кніжак, паехалі ў Бяляны, а адтуль пехатой вёрстаў 7 – у Серуцеўцы.
Гаспадар хаты ўжо прыгатаваў прыгожую ёлку. Прыбралі дзераўца, запалілі сьвечкі. Дзяцей і дарослых прыйшло поўная хата. Дзецям раздалі цукеркі, а дарослым – газэты й кніжкі, ды ўсе яны разам першы раз пабачылі, як Захад абходзіць калядныя сьвяты. Назад на станцыю гаспадар адвёз нас санямі.
На пачатку наступнага школьнага году (1912-1913) ізноў спаткала гурток няўдача: колькі малодшых сяброў пакінула гурток на жаданьне бацькоў.
У 1912 годзе Расія абходзіла юбілей “Отечественной войны”, перамогі над Напалеонам. У сувязі з гэтым паўстала ў Расейцаў шмат новых ідэяў. Прыкладам, перайменавалі гродзенскую гімназію із звычайнае ў гімназію імя графа Тормазава.
Адна з новых ідэяў была знаходка каталікоў-Беларусаў, якіх можна русыфікаваць. Да таго часу расейскі ўрад усіх каталікоў уважаў за Палякаў і пазваляў вучыць у школах рэлігію па-польску. Але ў 1912 годзе нехта, відавочна, у Віленскай навучальнай акрузе, пабачыўшы беларускі адраджэнскі рух, у якім брала ўдзел шмат каталікоў, дадумаўся да спосабу выдзяліць іх, каб русыфікаваць.
Вярнуўшыся зь летніх вакацыяў, мы знайшлі сьпіс прозвішчаў, каля 30 асобаў, і загад, што ня можам хадзіць на лекцыі рэлігіі ў польскай мове (старэйшых клясаў не чапалі, а з 360 вучняў прыгатавальнае й чатырох малодшых набралі іх каля 30). Гімназіяльны капэлян, Паляк выкарыстаў сытуацыю й застрашыў бацькоў некаторых сяброў гуртка, што небяспечна належаць да яго, і яны зажадалі выпісацца.
Я асабіста таксама быў на сьпісе Беларусаў, але мае бацькі ведалі, што я маю добрага апякуна (я жыў з А.Зянюком, які быў старшынём гуртка) і не праймаліся; прытым кс. Халецкаму не ўдалося пагаварыць з маймі бацькамі.
Незважаючы на ўсе няўдачы, работа гуртка працягвалася, бо група старэйшых сяброў падтрымала энтузіязм першых арганізатараў. У 1912-13-м школьным годзе далі спэктакль – ставілі “Міхалку” і “Варажбу цыганкі” (перапрацоўка з польскае Л.Сівіцкай). Праектаваная выстаўка хатніх вырабаў ня зьдзейсьнілася – можа таму, што гурток быў арганізацыяй нелегальнай і дазвол на выстаўку мусіла-б прасіць арганізацыя залегалізаваная, якіх у Гродне не было.
Затое ўвесну 1913 году гурток пастанавіў выдаць аднаднёўку. Вось што піша Зоська Верас: “Рэдакцыйная калегія, у склад якой уваходзілі А.Зянюк, Я.Лявіцкі, Л.Сівіцкая, Ж.Бобрык і Ф.Лабенец, працавала шчыра і заўзята. Я.Лявіцкі (псэўданім “Юрка Снапко”) даў некалькі сваіх вершаў. А.Зянюк і М.Бобрык – апавяданьні. Адно апавяданьне апрацаваў Ф.Лабенец, а я напісала перадавіцу. Пазычылі шапірограф і позна ўвечары, завесіўшы вокны, узяліся за работу. А.Зянюк перапісваў (ён прыгожа пісаў), а Я.Лявіцкі адбіваў. Прасядзелі амаль да раніцы, адбілі 50 экзэмпляраў. Назва аднаднёўкі – “Колас беларускай нівы”. На вокладцы загаловак і рысунак каласоў.
Якая радасьць, можна сказаць, шчасце запанавала ў сэрцах ініцыятараў і рэдактароў, калі ўгледзелі рэзультат сваёй працы. Зьдзейснены праект, вылітыя на паперу думкі ажывілі ўсіх нас, дадалі веры ў свае сілы”.
Я добра памятаю аднаднёўку. Дастаў я пару экзэмпляраў, едучы на вакацыі. Адзін перахоўваў даўжэйшы час і ўжо падчас вайны чытаў зь яго на вуліцы на калодах сваім вясковым хлопцам апавяданьні. Ня думаю, што цяпер па 64-х гадох існуе хоць адзін экзэмпляр дзе-небудзь. Хоць бываюць і неспадзёўкі.
У адным з лістоў з сакавіка 1986 г. Л.Войцік піша: “Ізноў нечакана павеяла старым гурткоўскім духам”. Адзін з менскіх пісьменнікаў, быўшы ў Ленінградзе, у нейкіх архівах натрапіў на кніжку, том працаў Карскага на якой напісаны верш Зоські Верас і стаяць даравальныя подпісы ад сяброў гуртка для першага старшыні Адама Бычкоўскага. Неяк сталася, што Бычкоўскі па скончаным унівэрсітэце не забраў кніжкі, а пакінуў яе ў Пецербурзе.
Была ўжо вайна. Увесну 1913 году амаль уся дзейная група старэйшых сяброў пакідала Гродна па скончаных школах, а ўвосені выяжджае ў Варшаву Л.Сівіцкая Астаецца з нямногіх старэйшых А.Зянюк, які быў старшынём гуртка. Быўшы рэпэтытарам для чатырох пляменьнікаў франьцішканскага пробашча ды рыхтаваўшы сябе да матуры, ня шмат часу меў ён для гуртка. Я жыў зь ім у адным пакоі і памятаю, як ён часта наракаў, што некаторыя сябры ня хочуць прысвяціць больш часу для гуртка. Праграма лекцыяў адбывалася, але радчэй чымся гэта было раней. Вечарыны-спэктаклю апошнім школьным годам не было.
Увесну 1914 году моладзь разьехалася на летнія вакацыі, каб больш не вярнуцца. Пачалася вайна, і гурток сконьчыў сваё існаваньне, стаўся ахвяраю Першай Сусьветнай вайны. Бібліятэка, уся канцылярыі, запіскі й тэатральны рэквізыт загінулі падчас ваенных падзеяў.
Яўстафій Арлоўскі ва ўспамінах Балеслава Грабінскага (1988)
17 лютага 1988 г.
Дарагая сяброўка Людвіка,
Адказваю на два вашыя апошнія лісты.
...Сумна пачуць ад Вас, што так шмат церпіце ад болі галавы і бязсонніцы, можа вясна з лепшаю пагодаю прынясе аблягчэньне ў вашым цяжкім 96 годзе.
Добра, што лісты з выразкамі з газэты дайшлі. Пісаў я ўспаміны, выкарыстоўваючы ваш артыкул з “Нівы”, бо ж з памяці па столькіх гадох немагчыма што-небудзь выціснуць. Памылка, якую зрабіў, ня змяняе сэнсу ўспамінаў, важна, што пра Г.Г.Б.М. прачыталі беларусы ўсюды, дзе даходзіць газэта, і ў Паўдзённай Амерыцы, і ў Аўстраліі, дзе толькі ёсьць разсеяныя па сьвеце сьведамыя беларусы.
Цешуся зьменаю вашага пэсымізму да больш аптымістычнага погляду на справу мовы. Як ужо калісьці пісаў Вам, забіць мову на цяперашняй ступені развіцьця і ведамасьці аб ёй лінгвістамі Захаду ніякая варожая сіла не патрапіць. Адраджэньне пачалося ў дзіцячых садкох, дэманстрацыі жадаюць пакараць тых, хто нішчыў нашую інтэлігенцыю, а гэта паўстрымае цяперашніх верхаводаў перад бязглузным праследам тых, хто жадае праўды. Вядучая беларуская інтэлігенцыя паходзіць з вёсак, і ўсе яны маюць карэньні ў нашай мове, трэба тады мець надзею, што ўсё зьменіцца на лепшае.
[…]
Еўстафій Арлоўскі быў маім вучыцелям гісторыі праз два гады. Старычок нявысокага росту, дабрадушны да касьцей, на яго лекцыях жульё ў клясе на задніх лаўках выраблялі, што толькі хацелі, але ён не натта зьвяртаў увагу, гаварыў да тых, хто яго слухаў. Быў ён закаханым архэалогам, летам зьбіраў на берагох Нёмана артэфакты на старых прадгістарычных селішчах і прыносіў у клясу, паказваў, паясьняў розніцу паміж палеолітік і нэолітік перыадамі. Праафіцыяльнай гісторыі ня відаць было, каб быў надта зацікаўлены, магчыма, сам ня верыў Ілавайскаму, затое вельмі ажыўляўся як пач[ын]аў гаварыць аб селішчах над рэкамі перад прыходам славян “въ Северо-Западный Край”.
Помню адзін эпізод, калі жульё вывяло яго з цярпеньня. Было гэта ў 2-й клясе (1912). Прынёс Арлоўскі ў клясу каменьні, якія найшоў летам над Нёманам. Адзін камень у форме молата меў верчану дзіру, але не навылет, чамусь ня скончаны. Калі камень пайшоў ад парты да парты, каб пабачыць, нехта ў апошніх лаўках напляваў у дзіру. Як камень вярнуўся да кафедры, і А. пабачыў, знэрваваўся, пачаў лаяць клясу: “Хулиганы, уличные мальчишки”. Жаль было глядзець на яго.
Наколькі помню “Гродненская Старіна” была невялікая кніжыца, на якіясь 60 бачын, але нехта казаў мне, што “История Белорусіи” Арлоўскага была яго творам. Калі гэта кніжка была пісана ім, то ясна, што ён ведаў, хто ён нацыянальна.
Ист[орию] Бел[орусіи] Арлоўскага я меў, мушу прызнацца, што прысабечыў яе нелегальна. На рагу Гараднічанскае і Палявое быў дом Фалендорфа. На 2-м паверсе ў гэтым доме была аграмадная куча кніжак, поўны вялікі пакой. Кніжкібылі прывезеныя з Гор. гімназіі немцамі падчас І С[усьветнай] В[айны]. Гімназія адзедзічыла бібліятэку Даміканскага кляштару, і там былі многія вельмі вартасныя рукапісы і старыя друкі, але шмат і навейшых кніжак з гімназіяльнае бібліятэкі.
Па вайне фарны пробашч дастаў дазвол ад польскіх уладаў забраць кніжкі ў фарную бібліятэку. Нас, вучняў польскае гімназіі паслалі памогчы перавезці кніжкі, і вось, носячы гэты цэнны тавар, я ўбачыў Ист[орию] Бел[орусіи]. Сумленьне не пазволіла аддаць гэту кніжку для Фары, і я ўзяў яе пад палу, а пасьля ўпісаў свой аўтаграф на каторуйсь з першых страніцаў.
Едучы на студ’я, забраў кніжку ў Вільню, але па пэўным часе кніжка знікла. Аднойчы, будучы ў памешканьні кс. Адама Станкевіча я аглядаў бібліятэку, усе кніжкі прыгожа апраўлены ў шэрыя палатняныя вокладкі і між імі Ист[ория] Бел[орусіи] Арлоўскага. Адкрыўшы вокладку, я пабачыў мой аўтограф. Пытаўся Адама, як кніжка папала да яго, але ён не хацеў мне сказаць. Магчыма, што Адам купіў кніжку ў Шылы, які прада[ва]ў кніжкі, але не купляў, а прысабечыў, дзе мог. Бедны патрабаваў на кілішак.
Цяпер Ист[ория] Бел[орусіи] дзесь у Вільні. Беларусы пэўна ведаюць, што сталася з біліятэкаю Адама.
Аб адносінах Е.Арлоўскага да беларусаў не магу нічога сказаць. Калі ён і чуўся беларусам, то не прывязваў вялікага значэньня да нацыянальнасьці, бо чуўся міжнародным дасьледчыкам, архэолагам, прытым нічога афіцыльнага беларускага ў Гродне ў тым часе не было.
[...]
Усяго Вам найлепшага, уцішэньня , боляў і добрага сну.
Ваш сардэчна зычлівы сябра Балеслаў.
-
Катэгорыя: Гародня ўчора
-
Апублікавана 10 Верасень 2015
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической