Ужо ў верасні месяцы пачаліся працы па перабудове пажарнага дэпо каля каланчы на вул. Давыда Гарадзенскага. Аб гісторыі незаконна пачатых там земляных работ мы ўжо пісалі на сваім сайце (Глядзіце Вайну з гісторыяй пачалі пажарнікі, Земляныя работы ў пажарным дэпо спынены) Атрымалася так, што гарадзенскія праектныя ўстановы (у прыватнасці “Гроднаграмадзянпраект”) ігнаруюць закон аб ахове археалагічнай спадчыны, не закладваючы ў кошт праекта будоўлі ў цэнтры горада кошт археалагічных раскопак і тым самым фактычна “падстаўляюць” сваіх заказчыкаў (у дадзеным выпадку Міністэрства па надзвычайных сітуацыях РБ).
Ігнаруюць свае прамыя абавязкі і гарадскія інстанцыі па ахове помнікаў гісторыі і архітэктуры. Спыніўшы працы пры дапамозе міліцыі археолагі дамагліся змены праекту пажарнай часткі. Цяпер там не будзе падземнага паверха, а падмурак будзе ляжаць на бетонных слупах, ямы для якіх выкапалі археолагі.
Самыя раскопкі на тэрыторыі пажарнай часткі скончыліся яшчэ колькі дзён таму. Каб атрымаць інфармацыю аб выніках археалагічных работ, мы звярнуліся да кіраўніка раскопак, маладога гарадзенскага археолага Юлі Юркавец. Ніжэй прапануем запісанае нашым карэспандэнтам інтэрв’ю.
Карэспандэнт. Добры дзень
Юлія Юркавец. Прывітанне
К. Раскажыце калі ласка, чым у археалагічным сэнсе каштоўная тая мясцовасць, дзе зараз размешчана пажарная частка разам з каланчой?
Ю. Ю. Каштоўнасць для археолагаў у’яўляе ўвесь гістарычны цэнтр нашага горада, паколькі на ўсёй яго прасторы ў зямных нетрах можна выявіць розныя па сваёй даўнасці рэшткі жыццядзейнасці старажытных гарадзенцаў. Напрыклад, на Замкавай гары людзі жылі прыкладна з канца XI ст., на Рынку (цяперашняй Савецкай плошчы) – недзе з XV ст., у іншых месцах з XVII ці XVIII стагоддзяў, але нават матэрыялы канца XIX – пач. XX ст. могуць быць вельмі цікавыя. Усё гэта наша гісторыя, і любыя земляныя і будаўнічыя працы ў гістарычным цэнтры Горадні павінны весціся пад археалагічным наглядам, а праекціроўшчыкі новых пабудоваў адразу павінны закладваць у свае праекты кошт археалагічных раскопак на месцы будаўніцтва.
Калі ж гаварыць пра каштоўнасць тэрыторыі пажарнай часткі, то, па-першае, як мяркуецца, на гэтай тэрыторыі яшчэ ў XI–XII ст. размяшчаўся пасад Горадзена. Па-другое, нават і ў пазнейшыя часы жыццё тут было вельмі інтэнсіўным: размяшчаўся праваслаўны манастыр, пазней каралеўскія канюшні. Гэта пацвярджаецца даволі вялікай магутнасцю культурнага слою – каля 3 метраў.
К. Ці праводзіліся раней раскопкі на гэтым месцы?
Ю. Ю. Фактычна не, у канцы 1980-х гг. праводзілася шурфоўка на процілеглым баку вуліцы Давыда Гарадзенскага.
К. Калі, кім і якімі сіламі праводзіліся вашыя раскопкі?
Ю. Ю. Раскопкі праводзіліся ў верасні-кастрычніку гэтага года Інстытутам гісторыі НАНБ пад кіраўніцтвам маім і археолага Мядзведзева Аляксандра Міхайлавіча. Капалі студэнты гродзенскага гістфака, а пасля супрацоўнікі МНС, якія ўзяліся дапамагаць на раскопках.
К. Якія вынікі прынеслі раскопкі?
Ю. Ю. Было выкапана 9 шурфоў розных памераў. Ва ўсіх шурфах знойдзены чалавечыя парэшткі (каля 4 дзясяткаў касцякоў), што, безумоўна, сведчыць аб тым, што мы капалі на тэрыторыі старых гарадскіх могілак. Было знойдзена шмат керамікі ў вельмі шырокім часавым дыяпазоне (ад XI да XX стагоддзяў). Аднак самыя могілкі хутчэй за ўсё познесярэднявечныя (класічныя хрысціянскія – у трунах, у ямах). Так ці іначай, але гэтыя матэрыялы трэба яшчэ грунтоўна апрацаваць.
К. Ці пацвердзілася інфармацыя аб тым, што апроч асобных магілаў былі выяўлены вялікія калектыўныя пахаванні – сведчанні нейкай сярэднявечнай эпідэміі або знішчэння беларусаў, што ажыццяўлялі ў 1650-х маскоўскія войскі, якія ў гэты час акупавалі Горадню?
Ю. Ю. Хутчэй не, бо сапраўды, некаторыя шкілеты ляжалі няроўна і былі парушаны. Але найбольш верагодна – гэта рэзультат пазнейшых земляных работ на гэтым месцы. Тым больш, што пры папярэднім разглядзе відавочных слядоў гвалтоўнай смерці (праломленыя чарапы, кулі і стрэлы ў чарапах, характэрныя зломы) на касцях выяўлена не было.
К. Як вы ацэньваеце вынікі раскопак і каму вы хацелі б падзякаваць?
Ю. Ю. Самае галоўнае, што ўдалося стварыць прэцэдэнт і дамагчыся спынення будаўнічых работ дзеля правядзення археалагічных раскопак. Спадзяюся, так будзе ў будучыні. Падзякаваць хачу археолагам Наталлі Ляўсік, Алесю Пілецкаму, Генадзю Семянчуку а таксама пажарным, у прыватнасці начальніку часткі Ю.Г. Лоску, якія з разуменнем паставіліся да нашай агульнай справы захавання нацыянальнай гістарычнай і культурнай спадчыны.
К. Вялікі дзякуй за размову, да пабачэння.
Ю. Ю. Да пабачэння.
-
Катэгорыя: Праблемы захавання спадчыны
-
Апублікавана 01 Лістапад 2006
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической