1874 год стаўся пачаткам новай старонкі ў жыцці Жыгімонта Урублеўскага. Ён накіроўваецца ў Страсбург, ва універсітэт, і становіцца адным з першых вучняў А.Кундта. У гісторыю сусветнай фізікі імя гэтага чалавека ўвайшло не толькі як бліскучага эксперыментатара, але і як выдатнага настаўніка. Акрамя фундаментальных навуковых вынікаў, якія прынеслі вучонаму сусветную вядомасць, велізарнай заслугай А.Кундта было стварэнне магутнай навуковай школы — першай у свеце школы эксперыментальнай фізікі.

Яна дала такіх першакласных вучоных, як В.Ронтген, К.Браўн, О.Вінэр, П.Лебедзеў, Б.Галіцын і іншых. Але гэта адбудзецца пазней, калі А.Кундт узначаліць у 1877 годзе адну з першых навукова-даследчых устаноў па фізіцы — Фізічны інстытут у Страсбургу, які на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў служыў прыкладам для многіх краінаў свету.
А.Кундт імкнуўся зрабіць з сваіх вучняў не толькі прафесійна падрыхтаваных навукоўцаў, якія б валодалі майстэрствам эксперымента і арыентаваліся ў сучаснай ім фізіцы і фізічнай літаратуры. Ён даваў магчымасць развівацца іх лектарскім здольнасцям. Вялікую ролю ў гэтым адыгралі штотыднёвыя калёквіюмы, якія праводзіліся ў сценах Страсбургскага універсітэта. Іх удзельнікамі былі не толькі асістэнты Кундта, але і прафесары сумежных з фізікаю навук, студэнты, якія праводзілі самастойныя даследванні. “Пад уплывам такіх гутарак, — пісаў у сваіх успамінах расейскі фізік-эксперыментатар, заснавальнік першай у Расеі фізічнай школы Пётр Лебедзеў, — у кожнага з удзельнікаў паступова выкрышталізоўвалася ўяўленне пра сучасны стан фізікі, пра бесперапыннае яе развіццё і пра тую велізарную працу, у якой кожны мог браць удзел. Калі заняткі ў інстытуце вучылі, як трэба фізічна думаць і працаваць, то калёквіюм захопліваў у самую сярэдзіну сучаснай навуковай плыні, рабіў навуку блізкай і роднай, адкрываючы новыя далягляды, якія раней былі нябачныя.”
Менавіта ў сценах фізічнай лабараторыі Страсбургскага універсітэта, якой прафесар фізікі А.Кундт загадваў з 1873 года, Ж.Урублеўскі навучыўся “фізічна думаць” і “фізічна працаваць”. Тут, у глыбока навуковай атмасферы, ён сфармаваўся як фізік-даследнік, a ягонае імя сталі з павагаю вымаўляць у навуковых колах свету.
А.Кундт, якому імпанаваў творчы імпэт маладога навукоўца, прапанаваў Ж.Урублеўскаму такую цікавую праблему, як вывучэнне ўласцівасцяў газаў. Гэты кірунак
здаўна вабіў вучоных. Рэчыву, часцінкі якога не звязаныя ці вельмі слаба звязаныя сіламі ўзаемадзеяння, прысвячалі свае даследванні Р.Бойль і Э.Марыёт, Ж.Гей-Люсак і Б.Кляпэйрон, Дж.Джоўль і В.Томсан. Ужо ў першых працах Ж.Урублеўскага па дыфузіі газаў праявіліся яго вынаходлівы розум, выдатныя здольнасці эксперыментаваць, строгая логіка высноваў.
Жыгімонт Урублеўскі пераняў ад свайго настаўніка ўменне ясна і дакладна фармуляваць задачы даследвання. Ягоная вынаходлівасць у пастаноўцы навуковых пьгганняў не мела межаў. Але ў тых выпадках, дзе яна не магла дапамагчы і з’яўлялася неабходнасць ісці навобмацак, ён браў карпатлівай працаздольнасцю і ўпартасцю, часам месяцамі працуючы безвынікова. I шмат якія з ягоных навуковых артыкулаў — a іх было надрукавана больш за трыццаць у такіх прэстыжных навуковых выданнях, як французскі часопіс “Compte Rendu”, нямецкія “Annalen der Physik”, “Annalen der Physik und Chemie”, “Verzeichnis der von der Kaiserlichen Akademie dér Wissenschaften in Wien” i іншых, — пад сваёю вонкавай прастатой хавалі вялікую працу.
Пад кіраўніцтвам А.Кундта Ж.Урублеўскі выканаў габілітацыйнае даследванне пад назовам “Аб дыфузіі газаў праз абсарбавальныя субстанцыі”, надрукаванае спачатку асобным выданнем, a потым у “Annalen der Physik. І ... нечаканы сюрпрыз, пра які малады навуковец нават і не марыў. Ha дысертацыю звярнулі ўвагу многія фізікі, a нa старонках аўтарытэтнага ангельскага выдання “Nature” з’явіўся станоўчы водгук Дж.Максўэла’”.

 

 

Ж.Урублеўскі, вобразна кажучы, быў адрадасці “на святой гары”. Але гэта не закружыла яму галавы. Яшчэ больш настойлівымі і ўпартымі станавіліся яго навуковыя даследванні. У лютым 1876 года ён абараніў дысертацыю і стаў дацэнтам фізікі Страсбургскага універсітэта.
У наступных гадах даследнік праводзіць цікавыя эксперыменты па дыфузіі рашчынаў солі, якія значна пашырылі фізічныя веды ў гэтым кірунку. Пры вывучэнні распаўсюджвання газаў у вадкасцях ён звярнуў увагу на залежнасць ад глейкасці. Вынікі гэтых даследванняў, якія друкавалі на сваіх старонках аўтарытэтныя навуковыя выданні, знайшлі пэўны рэзананс у навуковым свеце. Адно з пацверджанняў таго — прапанова кіраўніцтва Нямецкай медычнай акадэміі ў Эдо" ўзначаліць кафедру фізікі.
Але лёс распарадзіўся іначай. Жыгімонт Урублеўскі пераязджае ў Кракаў, у Ягелонскі універсітэт, якому было наканавана лёсам стаць сведкам значных падзеяў.
Постаць навукоўца Урублеўскага, распачатая ім актыўная і паспяховая навуковая дзейнасць па вывучэнні ўласцівасцяў рэчываў ў газавым стане прываблівала да сябе не толькі кіраўніцтва вышэйшых навучальных установаў Нямеччыны. Уважліва сачылі за даследваннямі нашага земляка і з Кракава — аднаго са старадаўніх гарадоў Еўропы. Горада, дзе кожны крок па гістарычных камянях выбівае іскру легенды мінуўшчыны.
Развіццё капіталістычных дачыненняў выклікала пэўныя змены ў жыцці горада. Кракаў як асяродак польскай культуры паступова пераўтвараецца і ў навуковы цэнтр. Пэўную ролю ў гэтым адыгрываў адкрыты тут яшчэ ў 1364 годзе Казімірам Вялікім універсітэт. “Мы, Божаю міласцю кароль Польшчы Казімір ... пастанавілі ў нашым горадзе Кракаве прызначыць, абраць, усталяваць і ўладкаваць месца, у якім усеагульная школа ў любым дазволеным кірунку развівалася б, a гэтым актам будучае існаванне яе на ўсе часы забяспечыць жадаем. Хай будзе яна пярлінай высокіх навук, хай выпускае мужоў, слушнай парадаю знакамітых, дабрадзейнасцю прыўкрасных і адукаваных у розных галінах ведаў... У горад Кракаў хай прыязжаюць вольна і без усялякага страху ўсе жыхары каралеўства нашага і краінаў суседніх, і з усіх бакоў свету, хто пажадае набыць пярліну каштоўную”.
Так пачыналася гісторыя універсітэта, які за стагоддзі свайго існавання змяніў некалькі найменняў: напачатку — Галоўная школа, потым Кракаўская акадэмія, Галоўная каронная школа, і нарэшце, у 1818 годзе, — Ягелонскі універсітэт. Апошняе замацавалася за ім, відаць, назаўсёды. Ha пачатку XV стагодцзя да філасофскага, юрыдычнага, медычнага і тэалагічнага факультэтаў былі дададзеныя яшчэ два — матэматыкі і астраноміі. Таму невыпадкова, што менавіта ў Кракаве і менавіта на базе Навуковага таварыства, якое з 1813 года дзейнічала ў Ягелонскім універсітэце, у 1873 годзе была утвораная Польская Акадэмія ведаў.
У 1880 годзе кафедру фізікі Ягелонскага універсітэта збіраўся пакінуць прафесар С.Кучынскі. Гэтую пасаду прапанавалі заняць Ж.Урублеўскаму. I ён без асаблівых ваганняў даў згоду.
Для заахвочвання навукоўца, Польская Акадэмія ведаў прысудзіла ўраджэнцу Горадні стыпендыю імя братоў Снядэцкіх фундацыі Севярына Галянзоўскага. Яна адкрывала перад даследнікам новыя перспектывы. Для дацэнтаў стыпендыя складала пяць тысяч франкаў на год і прадугледжвала наведванне вядучых навуковых цэнтраў па-за межамі Польшчы.
Парыж, Оксфард, Кембрыдж ... і зноў Парыж. Тут ён працаваў амаль год у навуковай лабараторыі Ecole Normalle Superieure. Асноўную ўвагу Ж.Урублеўскі засяродзіў на пытаннях, звязаных з уласцівасцямі газаў пры высокім ціску, пазнаёміўся з прынцыпамі дзеяння прыладаў для іх звадкавання.
Настойлівыя і карпатлівыя эксперыменты з прыла- дай Кайетэ не вымусілі доўга чакаць. “Ён <Кайетэ> нічога не ўтоіў ад сваіх калегаў, многія з якіх будуць імкнуцца паўтарыць і пашырыць яго даследванні”, — скажа Ж.Урублеўскі пад час першых эксперыментаў. Пры даследванні распаўсюджвання вугальнай кісліны ў вадзе пры высокім ціску ён атрымаў іх спалучэнне — гідрат вугальнай кісліны.
I паступова навуковец пачынае разумець, якія вялікія перспектывы адкрывае перад фізікамі, дый і перад усёй навукай, вывучэнне фізікі нізкіх тэмператураў.

Шукаюць

Scroll to top