Кожны горад у сваёй гісторыі мае асоб, якія былі не проста дзеячамі, што жылі і працавалі ў межах пэўнай эпохі горада, але і адыгрываюць важную ролю праз стагоддзі, расквечваючы вобраз мінулага часу. Па-сучаснаму мы б іх назвалі працаўнікамі мінулага на карысць сучаснага і будучага іміджу горада, пры гэтым з перспектывай перарасці ў брэнд горада.

Такой асобай для Гродна з’яўляецца Стэфан Баторый. Асновы яго ролі для будучага турыстычнага патэнцыялу горада былі закладзены ў міжваенны час. Стэфан Баторый быў тады самай адметнай постаццю для палітычна-культурнага жыцця Гродна. Адзіным “канкурэнтам” яму на ніве стварэння вобразавага іміджу горада з’яўлялася Эліза Ажэшка. Але на той час яна была амаль сучасніцай гараджан і не ўспрымалася як постаць далёкай эпохі, а больш як вобраз для карыстання ўнутры гарадскога грамадства.


Баторый быў больш значнай асобай, актыўна прапагандаваўся як мужны ваяр і добры палітык, а значыць вылучаў Гродна сярод іншых мясцін міжваеннай Польшчы. Так, у кнізе “Grodno”, якая выйшла з друку ў 1934 годзе, чытаем: “Лёсы Гродна – гэта падзеі ўсёй Польшчы ў мініяцюры: час магутнасці і звышдзяржаўнага значэння – часы Ягелонаў і Баторыя”, “Ні адзін з польскіх уладароў не прысвяціў столькі ўвагі гораду, не клапаціўся пра развіццё горада, не акружаў такой апекай, як Баторый”, – што сведчыць пра важнае значэнне асобы Баторыя і ў сістэме тагачаснай гістарычнай адукацыі. Калі звярнуцца да іншых прац, напрыклад, да даведніка Мечыслава Арловіча за 1937 г., то адзначым яго меркаванне: “Каралём, імя якога асабліва зраслося з Гродна, быў Стэфан Баторый”. Адной з важных падзей стала заснаванне кніжнай серыі “Гістарычная Бібліятэка г. Гродна”, дзе першай у 1930 г. выйшла праца кіраўніка гарадской публічнай бібліятэкі Тадэвуша Янкоўскага “Смерць Стэфана Баторыя ў Гродне”, што яшчэ раз пацвярджае важнасць постаці караля ў гісторыі горада. Больш таго, трэба дадаць, што ў тагачасных даведніках прыводзілася не толькі інфармацыя пра тое, што можна наведаць у Гродне, але і якія кнігі па гісторыі горада можна набыць (прыводзіўся і іх кошт). Так, адзначаная вышэй праца каштавала 2,5 злотых. Сярод кніг узгадваюцца выданні, непасрэдна звязаныя з каралём, а таксама выданні Ваяводскага Камітэта ўшанавання Стэфана Баторыя ў Гродне – “Каралеўскі Замак у Гродне” 1936 г. (1,2 злотых), “Справаздача аб працах на Старым Замку ў Гродне (1933–1937)” (1 злоты).


Хацелася б звярнуць увагу на ўшанаванне Стэфана Баторыя ва урбаніміцы даваеннага Гродна. На наш погляд, самым важным было перайменаванне галоўнай гарадской плошчы, былога рынка. З 1919 года яна стала насіць імя караля. Лагічна, з улікам вайсковага таленту Баторыя, што у 1925 годзе было прынята рашэнне аб ўзвядзенні на плошчы помніка сынам Гродзенскай зямлі, якія загінулі ў барацьбе за незалежнасць. Але гэтая ідэя не ўсім падабалася. Так, Ю.Ядкоўскі выказваецца, што “плошча Баторыя павінна застацца прадстаўнічай, і яна не месца для помніка напалову могілкавага характару”.


Іншым месцам, якое афіцыйна не насіла імя караля, але мела непасрэдныя адносіны да яго прозвішча, быў будынак, які цвёрда ўсталяваўся ў памяці жыхароў Гродна як “Баторыеўка” (па-польску “Batorówka”). Будынак і сёння лічыцца месцам правядзення анатамічнага ўскрыцця цела Баторыя пасля яго смерці, а не “Домам караля Стэфана Баторыя”, як пазначана на ахоўнай шыльдзе на будынку і не адпавядае гістарычнай праўдзе. У сваёй найбольш вядомай працы па гісторыі Гродна Ю.Ядкоўскі апісвае тагачасную Баторыеўку наступным чынам: “… у цэнтры горада пры Рынку (зараз плошча Баторыя) кароль загадаў паставіць яму палац, якога перайначаныя ці напалову ў руіне парэшткі да сённяшняга дня засталіся, Баторуўкай называюцца зараз. Калі судзіць па захаваных фрагментах з боку двара (уласнасць Шапіры), былыя аркады зараз часткова перароблены на яўрэйскія склады і пакоі. У адным з артыкулаў Ю.Ядкоўскі ўзгадвае легенду пра тое, што калісьці існаваў мост (праход ці галерэя) над вуліцай Брыгіцкай, які звязваў Баторыеўку з касцёлам, дзе хадзіў сам кароль.


Акрамя непасрэднага функцыянавання назваў, звязаных з імем караля, яго постаць у тыя часы абавязкова ўзгадвалася пры расповядзе пра Фарны касцёл (былы езуіцкі), паколькі Баторый адыграў важную ролю ў гісторыі з’яўлення езуіцкага ордэна ў Вялікім Княстве Літоўскім і Гродне. З міжваеннага часу паходзіць і легенда пра жаданне караля быць пахаваным у Гродне. Менавіта Ядкоўскі піша: “Баторый адзначыў, што пабудуе прыгожы касцёл, а ў ім труну сабе падрыхтуе, бо яму гэтае месца і для часовага жыцця і для вечнага спачывання самае мілае”. І сёння гісторыя пра жаданне Баторыя быць пахаваным у Гродне гучыць з вуснаў некаторых экскурсаводаў ды сустракаецца ў даведніках па горадзе.


Наступны і найбольш важны гродзенскі будынак часоў Баторыя – Стары Замак. Будаўніцтва каралеўскай рэзідэнцыі непарыўна звязана з імем Баторыя. У мясцовых газетах міжваеннага часу, і ў першую чаргу ў артыкулах, напісаных Юзафам Ядкоўскім, дырэктарам гродзенскага музея, каралеўскі палац узгадваецца як “месца смерці Стэфана Баторыя”. Гродна фігуруе ў розных тагачасных выданнях як “горад Баторыя” ці “месца смерці караля”, у тым ліку не толькі ў гродзенскіх выданнях. Калі ўзгадываецца Стары Замак, адразу далучаецца імя караля, напрыклад: “…замак у Гродне, сцены якога памятаюць смерць Стэфана Баторыя”, “выстава ў Замку Баторыя”.


Яшчэ адзін будынак у Гродне таксама называлі Баторыеўкай – гэта агульнаадукацыйная школа № 2 імя караля Стэфана Баторыя. Будынак захаваўся, сёння гэта Гродзенскі педагагічны каледж на вуліцы Леніна. Пра адкрыццё памятнай шыльды 25 лістапада 1933 г., якая была зроблена на сродкі грамадскасці, пісала мясцовая газета. У рэпартажы паведамлялася пра ўдзел у мерапрыемстве ксяндзоў і кіраўніка віленскай школьнай акругі, пра выкананне школьным хорам песні пра Баторыя. Захаваліся ўспаміны дачкі дырэктара школы Анны Багуцкай пра ўрачыстую цырымонію адкрыцця памятнай дошкі на фасадзе школы. “Ян Шымчак – малады, здольны і працавіты настаўнік. Яму школа дзякавала за выкананне, за чым асабіста я назірала, ліцця барэльефа Стэфана Баторыя. Гэтае ліццё было выкарыстана падчас працы над выявай караля для шыльды, якая была выканана, паводле інфармацыі майго брата, у Чанстахове ў майстэрні брата Яна Шымчака. Шыльда была змешчана на фасадзе школьнага будынка восенню 1933 года ў 400-тыя ўгодкі нараджэння Стэфана Баторыя. Ва ўрачыстасці асвячэння і адкрыцця шыльды прымала ўдзел не толькі грамадскасць школы, але і прадстаўнікі духавенства, уладаў і жыхары Гродна. З моманту ўрачыстага адкрыцця шыльды афіцыяльным патронам школы № 2 стаў кароль Стэфан Баторый, хаця ўжо даўно школа гутаркова называлася “Батароўка”. Вучні “Батароўкі” насілі адметныя галаўныя ўборы. Была гэта шапка цёмна-сіняга колеру з тоўстым аксамітным абадком”.

 


Праслаўленне Баторыя дасягнула свайго апагея ў 1933 годзе, у год святкавання 400-годдзя з дня нараджэння. Для арганізацыі юбілейных мерапрыемстваў быў створаны Ваяводскі камітэт ушанавання памяці Стэфана Баторыя пад патранатам прэзідэнта Польшчы Ігнацыя Масціцкага. З дзейнасцю гэтага камітэта былі звязаны надзеі на аднаўленне і рэстаўрацыю Старога замка.


Юбілейныя мерапрыемствы знайшлі шырокае адлюстраванне не толькі ў мясцовых газетах, але і віленскім выданні “Słowo”, а таксама ў агульнапольскім “Ziemiа”. Паведамлялася аб візіце прэзідэнта Польшчы Ігнацыя Масціцкага. Сярод падзей вялікую цікавасць выклікала святочная служба ў Фарным касцёле, парад гродзенскіх войск, а таксама адкрыццё памятнай шыльды на Старым замку. Апошняя падзея падрабязна апісана ў газеце: “На замкавым дзядзінцы стаялі ганаровая варта, прадстаўнікі ўлад, афіцэрскі корпус і публіка. Адкрываючы шыльду, прамову ад імя Ваяводскага камітэта ўшанавання памяці караля Стэфана Баторыя сказаў Гедройц, кіраўнік Акруговага Суда. Непасрэдна на замку з удзелам прэзідэнта РП адбылося кароткае пасяджэнне Камітэта аднаўлення замка, на якім было вырашана за трохгадовы перыяд, г.зн. да часу, калі Польшча будзе адзначаць 350-годдзе смерці Вялікага Караля, закончыць рэстаўрацыю замка”.


Другой важнай для горада Баторыя датай стала 350-годдзе смерці Баторыя – 12 снежня 1936 г. Святкаванне гэтай даты прайшло са значна меншым размахам, чым юбілейныя мерапрыемствы, але з належнай урачыстасцю: ва ўсіх храмах званілі званы, каля шыльды на Старым замку быў запалены зніч, у гарнізонным касцёле прайшла служба. На наступны дзень у тэатры адбылася пастаноўка “Стэфан Баторый”.

 

 


Асоба караля слаўнай старонкай увайшла ў вайсковую гісторыю Рэчы Паспалітай, таму лагічна, што яго імя павінна было з’явіцца ў назвах вайсковых адзінак тагачаснага польскага войска. У 1933 г. міністр абароны Юзаф Пілсудскі надаў 81-му палку Гродзенскіх старальцоў імя караля Стэфана Баторыя. Салдаты гэтага палка мелі на пагонах спецыяльную адзнаку – ініцыялы “SB” з каронай. Узор адзнакі быў зацверджаны ў 1936 г. міністрам Тадэвушам Каспшыцкім.
Вельмі цікавай з’явай стала стварэнне Саюза палякаў праваслаўнага веравызнання. У лютым 1938 г. па адрасе Брыгіцкая, 11 саюз адкрыў Дом палякаў праваслаўнага веравызнання імя караля Стэфана Баторыя.

 

 


Асоба караля была папулярнай і найбольш шануемай у міжваенным Гродна, і любы сучаснік мог тады сказаць, што Гродна – горад караля Стэфана Баторыя. Сёння нам важна вярнуць былую памяць, папулярызаваць асобу выбітнага гістарычнага дзеяча не толькі сярод гараджан, але і сярод патэнцыяльных турыстаў, каб зацікавіць іх турам у Гродна. Мяркую, што неабходна як мага хутчэй стварыць свой уласны брэнд горада, якім, безумоўна, можа стаць асоба караля і вялікага князя Стэфана Баторыя.

Scroll to top