У фондах Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея захоўваецца даволі шмат цікавых матэрыялаў, якія тычацца нерэалізаваных праектаў храмаў у Гродне. Усе яны дастаткова цікавыя, не ўведзены ў навуковы зварот. Гэтыя матэрыялы датычацца асноўным чынам ХІХ – пачатку ХХ ст.


Адным з самых малавядомых каталіцкіх ордэнаў, якія мелі свае рэзідэнцыі ў Гродне, быў ордэн баніфратраў. З 1725 г. яны мелі ў раёне так званага Кургана і вуліцы Дзям’янаўскай кавалак зямлі, на якім узвялі шпіталь і драўляны “кляштарык”. У кляштары жылі ўсяго два браты, адзін з якіх апекаваўся хворымі, а другі меў задачу збіраць у горадзе ахвяраванні на шпіталь. Архіўная спадчына баніфратраў захавалася вельмі слаба, але нам вядома, што па стане на 1830 г. на іх зямлі стаяў ваcьміпакаёвы драўляны дом, на першым паверсе якога знаходзілася капліца Найсвяцейшай Маці Божай і Святога Яна Божага. За домам былі яшчэ меншы будынак, кухня, гумно і адрына .


У жніўні 1839 г. гродзенскі святар баніфратар Любавіцкі звярнуўся да ўлад за дазволам на пабудову на гэтым месцы мураванай каталіцкай капліцы з “пещерями”. Праект быў зроблены Якубам Фардонам – памочнікам гродзенскага губернскага архітэктара. Капліца павінна была паўстаць на валоданнях гродзенскіх баніфратраў прыкладна на месцы скрыжавання сучасных вуліц Маладзёжнай і Свярдлова. Яна ўяўляла сабой храм-ратонду (была круглай формы) з аформленым у антычным стылі ўваходам. Святыня павінна была мець толькі адно акно насупраць увахода над алтаром. Вонкавыя сцены планавалася аздобіць барэльефамі з антычнымі сюжэтамі. Навокал храма была запланавана агароджа з каменных слупоў і ланцугоў . Невядома, на што разлічвалі баніфратры, просячы ва ўлад дазвол на будаўніцтва, але яны яго так і не атрымалі. Ужо праз некалькі гадоў баніфратарскі кляштар у Гродне быў ліквідаваны, а яго маёмасць дасталася гораду.

 

 


Пачынаючы з другой паловы ХІХ ст. размовы пра пабудову новых каталіцкіх храмаў ужо не было. Русіфікатарская палітыка царскага ўрада ўключала кампанент пабудовы новых праваслаўных храмаў або пераробку пад іх каталіцкіх святыняў. У занёманскай частцы Гродна не было ніводнага праваслаўнага храма, таму на складзеным у 1882 г. генеральным плане была намалявана вялікая праваслаўная царква, якая размяшчалася ў некалькіх сотнях метраў на захад ад францысканскага касцёла. Месца было выбрана вельмі ўдала, акурат насупраць Старога замка, і яўна павінна было дапаўняць каталіцкі вобраз горада праваслаўным сімвалам. Аднак вялікі пажар у Гродне ў 1885 г. перакрэсліў планы гродзенскіх улад па сістэматычнай забудове горада, і праваслаўная царква на гэтым месцы так ніколі і не з’явілася. Праз некалькі гадоў быў пабудаваны храм Святога Уладзіміра на Занёманскім фарштаце, які знаходзіўся на аднайменнай плошчы.


Яшчэ адзін праваслаўны храм Гродна быў запланаваны ў сувязі са з’яўленнем Гродзенскай крэпасці, рашэнне аб будаўніцтве якой было прынята ў канцы 1912 года. Праваслаўнае духавенства адыгрывала вялікую ролю ў жыцці расійскага войска, таму на самых відных месцах крэпасцей узводзіліся саборы. Так было, напрыклад, у Коўне ці Новагеоргіеўску (сучасны Модлін). І хаця будаўніцтва крапасных храмаў павінна было весціся ў другую чаргу (у Гродне аж з 1917 г.), але праектаванне крапаснога сабора пачалося яшчэ вясной 1914 г. і было звязана з лістом вялікага князя Аляксандра Міхайлавіча да каменданта крэпасці М. Кайгародава. Вялікі князь досыць ідэалагічна і, адпаведна, штучна прывязаў старэйшую праваслаўную святыню Гродна – Барысаглебскую царкву на Каложы – да новай Гродзенскай крэпасці – цвярдыню праваслаўя да вайсковай цвярдыні імперыі. Ён прапаноўваў пераўтварыць Каложу ў крапасны сабор. Гродзенскае крапасное начальства было, відавочна, не ў захапленні ад гэтай ідэі, але стварыла спецыяльную камісію, якая 8 мая 1914 г. прадаставіла свае высновы па пытанні. Камісія выказалася аб немагчымасці пераўтварэння Каложы ў вайсковы сабор, паставіўшы ў гэтым пытанні кропку .


Аднак яшчэ да пачатку Першай сусветнай вайны ўжо было вызначана месца пад новы сабор і распісаны яго асноўныя характарыстыкі. Храм павінен быў паўстаць на высокім правым беразе Нёмана ў раёне Карэтнага завулка, там, дзе цяпер знаходзіцца Гродзенская гарадская гімназія па вуліцы Парыжскай Камуны. У непасрэднай блізкасці ад сабора планавалася размясціць усе адміністрацыйныя будынкі крэпасці, у тым ліку яе штаб. Сабор павінен быў змяшчаць 2000 чалавек, на яго пабудову планавалася патраціць 663 тысячы рублёў. Пачатак вайны не даў рэалізаваць гэты праект .


Пасля ўваходжання Гродна ў склад Польшчы ў новых гарадскіх улад з’яўляецца некалькі ініцыятыў па мемарыялізацыі месцаў, дзе раней знаходзіліся каталіцкія храмы, знішчаныя ў гады Расійскай Імперыі. Яшчэ ў першай палове 1920 г. улады прынялі да рэалізацыі праект каталіцкай капліцы на вуліцы Дамініканскай (сучасная вуліца Савецкая). Капліца павінна была з’явіцца на месцы былога дамініканскага касцёла, разабранага царскімі ўладамі яшчэ ў 1870-х гг. Па сутнасці праектаў было два – у класіцыстычным і барочным стылях. Аўтарам праектаў быў варшаўскі архітэктар Тамашэўскі. Праекты былі выстаўлены для агляду ў будынку магістрата Гродна, які знаходзіўся зусім побач з месцам запланаванай будоўлі .

 

 


Супраць капліцы ў такім выглядзе актыўна выступілі члены Камісіі па ахове спадчыны Гродзенскай зямлі, якую ўзначальваў Юзаф Ядкоўскі. Камсія запатрабавала ад улад узгаднення будоўлі і абмеркавання яе “неадпаведнага” выгляду на больш сур’ёзным узроўні. У выніку да заняцця Гродна Чырвонай Арміяй гэтае пытанне зусім не прасунулася наперад, а восенню 1920 г. і ў пазнейшы час да яго ўжо не вярталіся.


Апошні даваенны праект храма ў Гродне паўстаў у сувязі з наступнымі акалічнасцямі. У 1938 г. польскія ўлады прынялі рашэнне пра разборку царквы Святога Аляксандра Неўскага на сучаснай плошчы Тызенгаўза. На карысць дэмантажу ўзведзенай у 1860-х гг. святыні прыводзіліся разнастайныя аргументы: царква з’яўляецца “сімвалам няволі”, бо была пабудавана пасля паўстання 1863 г.; храм дысануе з забудовай Гарадніцы; выкарыстоўваўся нават традыцыйны для гродзенскіх улад аргумент – будынак перашкаджае дарожнаму руху .


Разборка гэтай царквы аднак не павінна была стаць актам непавагі да праваслаўнага насельніцтва Гродна, таму было вырашана на іншым месцы збудаваць новую царкву, куды хросным ходам перанеслі галоўныя царкоўныя святыні. Вуглавы камень новай царквы быў закладзены ў раёне сучаснай вуліцы Шчорса, прыкладна там, дзе цяпер знаходзіцца корпус факультэта фізічнага выхавання Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Гэтая ўрачыстасць з хрэсным ходам і закладкай вуглавога каменя адбылася 3 мая 1938 года.


Усё, што нам сёння вядома пра аўтара праекта Расціслава Румянцава, – дык гэта тое, што ў 1930-х гг. ён выкладаў у Варшаўскай палітэхніцы. Царква павінна была стаць унікальным узорам новай архітэктуры, спалучаючы ў сабе рысы канструктывізму і традыцыйных візантыйскіх узораў. Святыня павінна была атрымаць цалкам празрысты шкляны купал, а таксама тры высокія вокны амаль ад падлогі да самай столі. Храм планавалася аздобіць шматлікімі вітражамі, якія павінен быў запланаваць і выканаць мастак Здзіслаў Глогер. Напрыклад, акно за алтаром планавалася цалкам заняць вітражом з сюжэтам Уваскрэсення Ісуса Хрыста. Ужо да 1 лістапада 1938 г. планавалася распрацаваць больш дэтальны праект храма і яго аздаблення, майстэрня па распрацоўцы чарцяжоў размяшчалася ў Старым замку.
Ці дайшло будаўніцтва храма хаця б да стадыі заліцця падмурка да 1 верасня 1939 г. – невядома. У любым выпадку, на сённяшні дзень ад гэтай святыні не засталося ніякіх матэрыяльных слядоў.

 

 

 


Геапалітычныя перамены сярэдзіны ХХ ст. на доўгія гады зрабілі справу пабудовы новых хрысціянскіх святынь у Гродне неактуальнай. Сёння можна было б паспрабаваць вярнуцца да цікавага вопыту мінулага, асабліва гэта тычыцца адметных храмаў, якія не былі пабудаваны, але маглі б стаць аздабленнем нашага горада.

Scroll to top