У лістападзе 1939 г. у лагеры НКУС пад Казельскам у Калужскай вобласці вырашаліся лёсы тысяч польскіх салдат і афіцэраў. На адным з допытаў камісар спытаў у палоннага польскага генерала: “А ці не сваяк вы таму Вілкавіцкаму, які ў час Цусімскай бітвы адмовіўся капітуляваць перад японцамі?”. “Гэта быў я”, – сказаў стары генерал. Так, патрапіўшы на старонкі рамана “Цусіма” расійскага пісьменніка Аляксея Новікава-Прыбоя, выпускнік гродзенскай гімназіі змог пазбегнуць смяротнага прысуду.

Пра гродзенскі перыяд жыцця Ежы Вілкавіцкага мы ведаем мала. Ён нарадзіўся ў сям’і шляхціча з Гродзенскай губерні Тадэвуша Вілкавіцкага. Скончыўшы ў 1901 г. гродзенскую класічную гімназію, малады чалавек вырашыў звязаць свой лёс з морам і паступіў у Марскі кадэцкі корпус у Санкт-Пецярбургу.

27 студзеня 1904 г. пачалася руска-японская вайна, а ўжо 28 студзеня Мікалай ІІ асабіста пераводзіць у афіцэры выпуск кадэтаў марскога корпуса. Далейшы лёс маракоў вызначаўся жэрабем, але самым жаданым месцам службы быў Далёкі Усход. Туды накіравалі толькі дзесяць лепшых выпускнікоў, а Вілкавіцкі быў ажно 27-м у спісе паспяховасці. Але ўжо праз паўгода мічман Вілкавіцкі на браняносцы “Імператар Мікалай І” выходзіць у васьмімесячны рэйд на дапамогу Порт-Артуру ў складзе Другой Ціхаакіянскай эскадры.

Цусімская бітва была вырашальнай у вайне. Другая Ціхаакіянская эскадра пад камандаваннем віцэ-адмірала Ражэственскага была цалкам разгромлена. Большасць караблёў была патоплена японцамі або капітулявала.

Адмірал Мікалай Небагатаў 15 мая 1905 г. на браняносцы “Імператар Мікалай І” сабраў на капітанскім мосціку афіцэраў і звярнуўся да іх: “Я хачу, спадарства афіцэры, здаць браняносец. У гэтым я бачу адзіны сродак выратаваць вас і каманду. Як вы думаеце?”. Згодна з ваенна-марскім статутам, Небагатаў звярнуўся з пытаннем адносна здачы да самых малодшых афіцэраў, і яны аказаліся больш мужнымі за сваё камандаванне. “Біцца да канца, а пасля падарваць браняносец і ратавацца”, – сціпла адказаў мічман Вілкавіцкі. Прыкладна так адказалі яшчэ некалькі чалавек, але стары мудры контр-адмірал Небагатаў вырашыў капітуляваць, выратаваўшы тым самым жыцці тысячам людзей.

У палоне малады афіцэр-паляк стаў легендай і сімвалам нязломнасці. Нават японцы, якія вышэй за ўсё цанілі гонар і адданасць службе, ставіліся яго з павагай.

Ежы Вілкавіцкі аказаўся чалавекам авантурным і нават спрабаваў збегчы з палону, схаваўшыся ў адным з партоў на караблі, які ішоў на Аўстралію. Спроба была няўдалай, падчас арышту ён спрабаваў выдаць сябе за сына нейкай англічанкі, не ведаючы пры гэтым аніводнага слова па-англійску.

Вілкавіцкі быў асуджаны на два гады зняволення, але праз два тыдні яго перадалі расійскім дыпламатам. У Расіі падчас правядзення следства па справе ганебнага паражэння імператарскага флоту ён быў абвешчаны нацыянальным героем. Мікалай ІІ узнагародзіў яго ордэнам Святога Георгія.

У дзень Цусімскай бітвы быў патоплены флагманскі браняносец “Князь Сувораў”. На ім знаходзіўся адмірал Ражэственскі, якога, цяжка параненага, разам са штабам перанеслі на мінаносец з сімвалічнай назвай “Бядовы”.

Тут служыў яшчэ адзін наш зямляк – Цярэнцій О’Брыен дэ Ласі. Ягоны продак, прадстаўнік старажытнага ірландскага роду, Маўрыцый дэ Ласі быў генералам расійскага войска і за службу атрымаў у валоданне маёнтак Аўгустова, дзе і пусціў свае карані.

Цярэнцій нарадзіўся ў 1885 г. і з дзяцінства цікавіўся ваенна-марской справай, марыў аб подзвігах. На год раней за Вілкавіцкага ён закончыў Гродзенскую мужчынскую гімназію, а пасля і Марскі кадэцкі корпус.

Калі мінаносец “Бядовы” прарываўся да Уладзівастока з цяжка параненым адміралам Ражэственскім, на гарызонце паказаліся японскія караблі і прагучалі першыя залпы. Снарады яшчэ не даляталі да адзінокага мінаносца, а камандаванне штаба ўжо даўно прыняло рашэнне капітуляваць, каб захаваць жыцці адмірала і вышэйшых чыноў.

Невядома, хто першы з афіцэраў спытаў: “Ці ёсць на мінаносцы белы сцяг?”. Белага сцяга не аказалася. На палубе знаходзіўся і Цярэнцій О’Брыен дэ Ласі, юнак гадоў дваццаці, зграбна складзены, з дзявочым пяшчотным тварам і арыстакратычнымі манерамі. У гэту хвіліну мічман праявіў кемлівасць. Ён прынёс са стала кают-кампаніі белы абрус, якім замянілі Андрэеўскі сцяг на мачце. Хутка наблізіўся японскі крэйсер “Сазанамі”, пачуліся крыкі: “Банзай!”. “Бядовы” быў здадзены.

Па вяртанні палонных у Расію над маракамі адбыўся суд, Цярэнцій дэ Ласі быў апраўданы і вярнуўся ў роднае Аўгустова.

Гэтыя падзеі адлюстраваў Аляксей Новікаў-Прыбой у рамане “Цусіма”, які стаў бестсэлерам у СССР і быў прачытаны асабіста Сталіным. Імаверна, кнігу чытаў і афіцэр НКУС, які ў Казельску дапытваў польскага генерала Вілкавіцкага. Быць можа, менавіта гэтая акалічнасць выратавала ягонае жыццё.

Пасля Цусімы Ежы Вілкавіцкі будаваў вайсковую кар’еру. Калі ў Расіі пачаўся рэвалюцыйны тэрор, ён пакінуў службу і, дабраўшыся да Францыі, змагаўся ў шэрагах войска генерала Галера за незалежнасць Польшчы.

У 1920 г. Вілкавіцкі быў адным з камандзіраў і стваральнікаў Пінскай флатыліі. Па хадайніцтве міністра абароны Юзафа Пілсудскага ў 1927 г. Вілкавіцкі атрымлівае генеральскія пагоны і неўзабаве сыходзіць у адстаўку.

Пачалася Другая сусветная вайна, і старога генерала мабілізавалі. Пасля зацятых баёў з немцамі ён збірае групу з 300 салдат і прарываецца на ўсход. Вілкавіцкі не мог не разумець, што там ён патрапіць у рукі бальшавікоў, але, магчыма, бачыў у гэтым шанец калі-небудзь працягнуць барацьбу за вызваленне Польшчы. Так і адбылося.

Адзін з нямногіх польскіх афіцэраў, генерал пазбег расстрэлу ў Катыні, перажыў зняволенне ў лагеры для ваеннапалонных (дзе Вілкавіцкага, дарэчы, называлі нязломным генералам) і ў 1941 г. займае адну з камандных пасад у арміі генерала Андэрса.

Пасля вайны Ежы Вілкавіцкі эмігруе ў Англію, дзе і сустракае старасць. Апошнія дні генерала прайшлі ў польскім доме састарэлых “Antokol” у графстве Кент. Ён не дажыў літаральна два тыдні да свайго 100-годдзя і памёр у 1983 г.

Вядомы і лёс Цярэнція О’Брыена дэ Ласі. Вярнуўшыся ў Аўгустова, ён актыўна займаўся сельскай гаспадаркай, у чым дасягнуў пэўных поспехаў. Быў вядомай асобай у грамадска-палітычным жыцці Гродна, карыстаўся павагай з боку гараджан, і, як згадвалі сучаснікі, быў проста добрым чалавекам. У Першую сусветную вайну Цярэнцій служыў у складзе “Дзікай дывізіі”, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі вярнуўся ў Гродна і ў складзе Войска Польскага ваяваў супраць бальшавікоў.

Памёр Цярэнцій дэ Ласі 9 лістапада 1932 г. і быў пахаваны ў фамільнай капліцы, якая і сёння стаіць на вуліцы Рэпіна. У памяць аб ім потым прайшлі памінальныя набажэнствы ў саборы і сінагозе.

Вось так склаліся лёсы двух герояў рамана “Цусіма”, якія так ніколі яго і не прачыталі.

Scroll to top