У канцы лета 1778 года ў Гродна прыехаў англійскі вандроўнік Уільям Кокс. Ён прайшоўся па сярэднявечным вуліцам навокал гарадскога рынка, пастаяў на Замкавай гары, а на наступны дзень завітаў на абед да “віцэ-канцлера Літвы” гродзенскага старасты графа Антонія Тызенгаўза. За сталом было восемдзесят шляхціцаў, якія з’ехаліся на павятовы соймік. Гэтыя ганарыстыя нашчадкі сарматаў у кунтушах і з шаблямі цалавалі ніз вопраткі старасты, а некаторыя проста падалі яму ў ногі.

Было бачна, што ў Гродне Тызенгаўз – не толькі падскарбі літоўскі ды мясцовы стараста. Ён – дыктатар, якому тут безумоўна падпарадкоўваюцца ўсе – і прыгонны селянін, і майстар-немец, і французскі лекар і нават прадстаўнік “шляхецкага народу”, прадзед якога граміў туркаў пад Венай.

Кокс быў уражаны пераўтварэннямі Тызенгаўза. На месцы даўняй дзяржаўнай вёскі Гарадніца паўстаў адміністрацыйны цэнтр эканоміі з дзясяткамі новых будынкаў. Стайні, склады, казармы, дамы для майстроў, шматлікія навучальныя ўстановы, батанічны сад і нават першая ў сучаснай Беларусі кавярня… Англічаніну паказалі вялізарныя будынкі манфактураў, дзе сотні прыгонных сялян пад кіраўніцтвам майстроў-іншаземцаў ды наглядам паліцэйскіх-баснякоў выраблялі паясы “па тыпу слуцкіх”, шаўковыя панчохі, карункі, ігральныя карты, агнястрэльную зброю, шыкоўныя экіпажы… Усе памкненні Тызенгаўза пераўтварыць Гродна ў “квітнеючую Галандыю на Нёмане” выглядалі ўдалымі і вельмі перспектыўнымі. Аднак назіральны падарожнік падслухаў і занатаваў у сваім дзённіку словы прыгоннага хлопца, вучня на мануфактуры, якія прагучалі прысудам для ўсёй тызенгаўзай справы: “Якую карысць я атрымаю з таго, што зраблю ўсё, як вы жадаеце? Нават калі я стану майстрам ў гэтай прафэсіі, то застануся рабом, і праца будзе маёй, але прыбытак – ваш”.

 

Герб рода Тызенгаўзаў

Зорка нашчадка лівонскіх рыцараў Тызенгаўзенаў Антонія пачала ўзыходзіць у пачатку 60-х гг. XVIII cт. і дасягнула зеніту пасля таго, як у 1764 г. каралём Рэчы Паспалітай стаў Станіслаў Аўгуст Панятоўскі – равеснік ды, фактычна, зямляк Тызенгаўза. Панятоўскі стаў каралём на расійскіх штыках, але не быў звычайнай марыянеткай імператрыцы Кацярыны ІІ. Кароль меў план выратавання Рэчы Паспалітай і для яго рэлізацыі шукаў людзей маладых, ініцыятыўных, адным словам адзінадумцаў. Антоній Тызенгаўз акурат падыйшоў на гэтую ролю і цягам аднаго года атрымаў пасады гродзенскага старасты, падскарбія літоўскага і ўпраўляючага дзяржаўных валоданняў ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім. З’явіўся шанец перарабіць жыццё ў Рэчы Паспалітай так, каб пазбавіць краіну ганебнай мянушкі “заезная карчма”, куды кожны можа ўвайсці, выпіць, пад’есці і пайсці нічога не заплаціўшы. Праўда ні кароль, ні яго набліжаныя ні сам Антоній Тызенгаўз не ведалі – колькі ў іх пачынаннях і справах будзе шчырага жадання адрадзіць Айчыну, а колькі асабістых амбіцый, славалюбства ды прагі ўлады.

 

Дом майстра часоў Антонія Тызенгаўза на Гарадніцы

Пачынаць эканамічныя пераўтварэнні вырашана было з вяліканяжацкіх эканомій у Літве і на Беларусі. Тое былі вялізныя абшары зямлі з тысячамі вёсак, пушчамі, рыбнымі азёрамі і сплаўнымі рэкамі. Усе гэтыя расцярушанныя валоданні трэба было адабраць у шматлікіх арэндатараў, сістэматызаваць павіннасці насельніцтва і навучыцца правільна карыстацца багаццямі лясоў і рэк. Тызенгаўз загадвае чысціць ад камянёў і меляў рэчышча Нёмана – галоўнай гандлёвай артэрыі Заходняй Беларусі, складаюцца падрабязныя карты і апісанні эканомій, у лясах ствараюцца прадпрыемствы для вытворчасці поташу, дзёгцю, вапны, дравеснага вугалю.

 

Бакалы з фабрыкі Антонія Тызенгаўза

Самай складанай справай аказалася ўпарадкаванне павіннасцей сялян. У некаторых эканоміях сяляне даўно плацілі галоўным чынам грашовыя падаткі, а такія формы павіннасцей як паншчына або гвалты, былі зведзены да мінімума. Ды і пачуваліся эканамічныя (чытай, дзяржаўныя) сяляне досыць свабодна. Напрыклад халупнікі або кутнікі маглі змяняць месца жыхарства, была маса сялян (асочнікаў, бортнікаў, буднікаў і іншых) якія ніякай паншчыны не адбывалі. Антоній Тызенгаўз рашуча становіцца на шлях узмацнення прыгону. Сялянам масава вызначаюць вельмі цяжкія адпрацовачныя павіннасці і натуральныя падаткі – найперш збожжам.

З пункту гледжання сучаснасці такія крокі выглядалі нелагічна. Ды і многія эканамісты і філосафы ўжо тады лічылі што прыгон трэба пакрысе адмяняць. Але стараста меў уласнае меркаванне пра ўсё. Ён нават казаў, што не чытае кніжак, бо ў кнігах аўтары выказваюць свае ідэі, а яму дастаткова ўласных ідэй і планаў.

 

Узмацненне павіннасцей для прыгонных сялян пазбаўляла іх шансаў на хуткае ўзбагачэнне і скасоўвала тыя пачаткі таварна-грашовых адносін, якія пачалі фарміравацца на вёсцы ў мірныя гады кіравання Сасаў (1720-60-я гг.). Але пачатковы эфект пераўтварэнняў быў відавочны – у скарб пацёк струменьчык выціснутых з сялян грошай. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі быў каралём-гуманістам аднак траціў на свой двор аж сем мільёнаў злотых у год. Таму некалькі мільёнаў злотых ад літоўскіх ды беларускіх сялян прымусілі каралеўскае сумленне надоўга змоўкнуць.

 

Фабрыкі Гарадніцы на плане 18 ст.

У 1766 годзе пачаліся хваляванні сялян у Шавельскай эканоміі. Мясцовыя гаспадары плацілі грашовы чынш пачынаючы з сярэдзіны XVII ст. і ўзмацненне прыгону стала для іх сапраўднай катастрофай. Шматлікія скаргі сялян на непасільныя павіннасці ды злоўжыванні перасылаліся з Варашавы на стол самога Тызенгаўза і не мелі ніякага эфекту. У выніку даведзеныя да адчаю сяляне паўсталі. І тое не быў бунт вясковай бядоты, а свядомы пратэст гаспадароў на чале са сваімі войтамі і найбольш аўтарытэтнымі гаспадарамі. Паўстанне жорстка падавілі бароны з недалёкай Курляндыі, якім Тызенгаўз пасля аддаў ваколіцы Шаўляў у арэнду. Войтаў, якія ачольвалі пратэст, калесавалі і чацвертавалі.

 

Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі

На Гродзеншчыне такога адкрытага пратэсту не было, хаця беларусы пачалі банальна ўцякаць з эканоміі, падпальваючы “на дарожку” свірны з дзяржаўным збожжам. Аднак атрыманыя ад сельскай гаспадаркі грошы папаўнялі скарб і іх можна было пусціць не толькі на каралеўскі двор, але і на развіццё прамысловасці. Пачынаючы з другой паловы 60-х гг. XVIII ст. Тызенгаўз будуе ў ваколіцах Гродна больш за дваццаць мануфактур. На рэчках Гараднічанцы і Ласасянцы, а вада – галоўны рухавік фабрык той эпохі, апрацоўваюць скуры, ткуць і выпрамляюць (фалююць – адсюль назва сучаснага гродзенскага мікрараёна Фолюш) палатно, робяць патрэбныя ў будаўніцтве цвікі і іншыя рэчы. Але Антоній Тызенгаўз не асабліва ганарыўся гэтымі сапраўды прыбытковымі прадпрыемствамі а пачынае адну за другой будаваць фабрыкі, дзе вырабляюцца прадметы раскошы. Тут фабрыка карэт коштам у чатыры тысячы злотых, тут круцяць галуны і пазументы, тут ткуць слуцкія паясы з сапраўднымі залатымі ніткамі… Попыту на гэтыя тавары мала, склады хутка запаўняюцца прадукцыяй, свайго пакупніка чакаюць вырабы агульным коштам у сотні тысяч злотых. Між тым сыравіна для вырабу гэтых дарагіх забавак для магнатаў прывозяцца з Заходняй Еўропы, заробленыя крывавым мазалём сялян злотыя цякуць за мяжу. Антоній Тызенгаўз рэалізоўваў усё новыя і новыя праекты – напрыклад пасадзіў на Гарадніцы шаўкавіцы, каб праз дзесяць-пятнаццаць гадоў забяспечыць шляхцянак шаўковымі панчохамі з айчыннай сыравіны.

На фабрыках працуюць паўтары тысячы прыгонных з ваколіц Гродна. Сюды забіраюць маладых хлопцаў і дзяўчат, а іх бацькоў з навакольных вёсак нават не вызваляюць ад сялянскіх павіннасцей за забраных у горад юнакоў. Эфектыўнасць працы на мануфактурах нізкая, былы селянін, стоячы па трынаццаць гадзін за ткацкім варштатам, працягвае марыць пра цяжкую, але куды больш вольную работу ў полі.

 

Адміністрацыйны цэнтр Гарадніцы. 1968 г.

Няўхільна набліжаўся час вялізарных выплат па замежных пазыках, трэба было сплочваць грошы ў казну, але прыбыткаў і ад мануфактур і ад сельскай гаспадаркі паступала ўсё менш. Фабрыкі толькі забіралі грошы, а насельніцтва гродзенскай эканоміі ў гэтыя мірныя годы пачало нават скарачацца. Вясной 1780 г. становіцца зразумелым, што Антоній Тызенгаўз – банкрот. Над абмітным старастам збіраюцца хмары, а ён быццам нічога не адбываецца, шукае ў Варшаве новага балетмайстра для сваёй танцавальнай школы…

Развязка наступае хутка. Тызенгаўз даведваецца, што ў Гродна едзе новы кіраўнік эканоміі і загадвае вывесці ў адзін са сваіх маёнткаў архіў і частку рухомай маёмасці. Праўда самыя важныя дакументы служачыя эканоміі нядаўна яшчэ ўсёўладнаму старасту не аддаюць. У ноч з 25 на 26 ліпеня 1780 г. абоз з чатырох дзясяткаў вазоў на чале з Тызенгаўзам выехаў з Гродна.

 

Кантора Тызенгаўза на Гарадніцы. 1950 г.

Да канца гісторыі Рэчы Паспалітай заставалася яшчэ пятнаццаць доўгіх гадоў, але адзін з самых амбітных мадэрнізацыйных праектаў дзяржавы ўжо скончыўся няўдачай. Тызенгаўзу ніхто больш не давяраў, кароль не хацеў з ім нават спатыкацца і граф памёр у стане блізкім да псіхчнай хваробы ў 1785 годзе.
Да канца XVIII ст. з дваццаці з нечым тызенгаўзавых мануфактур “дажылі” толькі шэсць. Гэта акурат былі тыя першыя палатняныя фабрыкі і гарбарня. У 1795 г. землі Гродзенскай эканоміі былі падзелены паміж Прусіяй і Расіяй, па Ласасянцы прайшла мяжа а вялікія будынкі навучальных установаў і фабрык на Гарадніцы былі прыстасаваны пад казармы для расійскіх салдат. У палацы Антонія Тызенгаўза пасяліўся расійскі генерал-губернатар. І менавіта тут 25 лістапада 1795 г. фактычны расійскі вязень Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падпісвае акт адрачэння ад трону, чым ставіць кропку ў гісторыі Рэчы Паспалітай.

 

Помнік Антонію Тызенгаўзу ў Фарным касцёле ў Гродне

 

Scroll to top