У кастрычніку 1862 г. кіраўніком Літоўскага правінцыяльнага камітэту стаў Кастусь Каліноўскі. У канцы сакавіка 1863 г. ён зноў прыязджае ў Гародню з усімі паўнамоцтвам і як рэвалюцыйны камісар ваяводства.

              
Дзяцюкі,-зьвяртаецца Кастусь Каліноўскі да сялян - Жывучы пад рондам маскоўскім, кожны ведае, што ён нас абдзірае і глуміць, но мала хто добра падумаў, чы можна ад яго спадзяваціся чаго-лень для нас альбо для дзяцей нашых?” І ў канцы пісьма: “Так з гэтага пісьма і відна: што няма чаго ждаці ад нікога, бо той толькі жне, хто пасее. Дык сейце ж, Дзяцюкі, як прыйдзе пара, поўнаю рукою, не шкадуйце працы – каб і мужык быў чалавекам вольным, як е на цалюткім сьвеце. Бог нам дапаможа!!!
Яська-гаспадар з-пад Вільні.
Каштуе грошы 5.

Кастусь Каліноўскі і Валеры Урублеўскі ствараюць рэвалюцыйны камітэт партыі “чырвоных”, аб’ядноўваюць пяць паветаў. Сябрамі камітэта сталі Баляслаў Заблоцкі, Аляксандр Гінтаўт, Ян Ваньковіч, Станіслаў Сонгін, Ігнат Казлоўскі, Фелікс Ражаньскі, Ян Заржыцкі. Камісію апекі ў складзе жаночага камітэта ачольвае Эліза Ажэшка. Гродзенская губерня дзеліцца на два ваяводства—Гродзенскае і Берасцейская.

Цывільным начальнікам Гродзенскага павету быў прызначаны Ян Каменьскі  ўладальнік Мінявіч з Луненскай воласьці.

Ян Каменьскі названы Элізай Ажэшка “рыцарам з брыліянтавай душой” паслужыў ёй прататыпам Андрэя Карчыньскага ў рамане “Над Нёмнам”, а маёнтак Мінявічы названы ў рамане Карчынам, у 1862 г. зьвярнуўся да люду: “Маці Бацькаўшчына прыгавораная да сьмерці, як жа дзецям яе не плакаць… Павер у Міласердзе Божае, большае за грахі народу, малю братоў сваіх у поўным з’яднаньні выйсьці на адно поле, поле бітвы, са штандарам са знакам Арла і Пагоні і Міхала Анёла, да адной мэты, якой ёсьць вызваленьне Бацькаўшчыны.”

Вядома пра Яна Каменьскага, што ён нарадзіўся 16 сьнежня 1827 г. у фальварку Камянец пад Заблудавым. Пасьля заканчэньня вядомай гімназіі ў Сьвіслачы і атрымаўшы дадатковую навуку ў Маскве, загаспадарыў  уласнасьць у Мінявічах, якая належыла яго роду з ХVІІ ст. Яго бацька Язэп Каменьскі, прыстойны бландзін, быў маршалкам шляхты Гарадзенскай. Маці Разалія ў дзявоцтве Мразоўская. Абое пахаваныя ў Луне каля касьцёла.

Двор у Мінявічах стаў месцам кантактаў, складам і кузьняй зброі для паўстанцаў.

Эліза Ажэшка так апісвае паўстанцаў, з каторымі мела непасрэдны кантакт у Кобрыньскім павеце: “Мноства постацей і твараў, вялікая разнастайнасьць іх афарбоўкі і выразу. Ёсьць тут сыны дамоў заможных, дзеці дастатку і элеганцыі, з несьцёртаў плямай іх у рухах і адзеньні. Ёсьць маладыя вучоныя, дзеці думкі і ведаў, з непазбытым іх сьвятлом на чолах і ў вачах. Ёсьць усе амаль лясьнічыя з плячамі шырокімі, позіркамі крыху панурымі, але хуткімі, для пранікненьня скрозь гушчы і змрокі прыстасаванымі. Ёсьць уся моладзь двароў дробнашляхецкіх, шпаркая, сьмелая, з усьмехамі лёгкімі размашыстымі рухамі. І ёсьць яшчэ некалькі постацяў кволых, найменш выразных, прыдатныя быць ценямі, каторыя ідуць за тымі. Гэтых з мястэчак, дзе-нідзе з вёсак халопскіх, якіхсьці можа дарог памылковых і несчасьлівых прывялі сюды заклікі, каторыя сонныя душы страсянулі надзеяй будучыні лепшай, каторыя шаром сплылі на злую сучаснасьць.”
 

 

 

Ян Каменьскі



Гарачы абаронца народнай справы Ян Каменьскі братаўся з засцянковай (дробнай) шляхтай і быў у добрых адносінах з сялянамі ў сваіх уладаньнях. Але менавіта адзін з халопаў, нейкі Глэмбоцкі, злакоміўся на юдавыя срэбраньнікі і данёс царскім жандармам, што ў Мінявіцкім двары хаваюць зброю ды адліваюць кулі.

Гэта быў вынік дзейнасьці акупацыйных уладаў. “Новы губернатар, прызначаны замест Назімава, стары бульдог Мураўёў, не абцяжарваў сябе развагамі пра высакароднасьць сродкаў. Што такое катаваньні і шыбеніцы, калі імперыя можа страціць сілкаваньне для аднаго са сваіх бясконца вырастаючых прагных клешняў?

“Але найбольшая подласьць была – стварэньне атрадаў самааховы. Сялянам раздавалі зброю, каб яны “бараніліся” – змагаліся супраць паўстанцаў. Ім казалі, што гэта гонар, гэта давер цара, які робіць іх роўнымі з панамі, нават вышэй за бязбожных паноў. Давалі тры дзесяціны зямлі на сям’ю, за схопленага паўстанца – узнагарода. Прыгонныя інсургента вызваляліся ад паншчыны, панская маёмасьць мела стаць іхняй…”- Людміла Рублеўская.

Сьмяротны прысуд

Ян Каменьскі “посредник для дел владельцев” нёс службу, як абраная асоба. Віленьскі генерал-губернатар Мураўёў-вешальнік выкарыстаў дадзеныя яму царом надзвычайныя правы адносна дзяржаўных службоўцаў і выдаў Яну Каменьскаму сьмяротны прысуд, якога ня меў права рабіць для чыноўнікаў цывільнай службы.
 
“Бацька, прысуджаны да расстрэлу, стаяў ужо прывязаны да слупа, чакаючы на экзекуцыю, калі ў астатнюю хвіліну надышоў царскі маніфест, каб што дзясятага асуджанага (была гэта экзекуцыя вялікай колькасьці паўстанцаў) ад кары сьмерці вызваліць, а выслаць у Сібір на пажыцьцёвую катаргу. Бацька быў тым дзясятым” – пераказвае ўспаміны дачкі Яна Каменьскага Марыі яе дачка ўнучка Яна.

“Бачыла напад пераможцаў, распіхваючых усіх ва ўсіх месцах, таптаўшых усё, што было нашым: на рэшткі людзей, застаўшыхся на зямлі, на мову, рэлігію, звычаі.
(…) Ня толькі не перабольшваю, але на чвэрць не магу заключыць тысячнага зместу той трагедыі, каторая полымем і мячом ударыла ў мае дваццацігадовыя вочы і сэрца”- пісала ў пісьмах Эліза Ажэшка.

22 ліпеня 1863 года гарадзенскі губернатар Уладзімір Бобрыньскі па прапанове віленскага генерал – губернатара Міхаіла Мураўёва распараджаецца “о строжайшем запрещении женщинам носить траур, а мужчинам польские национальные костюмы или же другие революционные знаки.” Аб’ява пра гэта была надрукавана ў “Гродненских губернских ведомостях” і асобнымі публікацыямі.

У 1864 г. паўстаньне было задушана, а Кастусь Каліноўскі 22 сакавіка 1864 г. павешаны на Лукішскім пляцы ў Вільні і тайна пахаваны, каб і магілы яго не было. У “Лісьце з-пад шыбеніцы” ён пісаў для свайго народу: “…Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, — но не жаль згінуць за тваю праўду… Няма ш, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек у галаве мае розум і науку… Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам наука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай наукі, — адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу… Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе.
                                                                                                          Твой слуга
                                                                                                          Яська-гаспадар з-пад Вільні.

 
Быў тады Ян Каменьскі мужам і бацькам. З Лявоніяй Станіславай з Судзінаў меў дзьве маленькія дачкі: 8-гадовую Янку і 6-гадовую Станіславу. З цяжкім сумам пакідаў Мінявічы, астаўляючы, па іх канфіскацыі, сям’ю на волю лёсу.

Чалавек гэты, такім, якім быў у маладосьці, паслужыў мне як вобраз Андрэя Карчыньскага з той розьніцай, што той загінуў, а гэты многа гадоў на катарзе, а затым,  там дзесьці ў стэпе”,--пісала Э. Ажэшка.

Аб далейшым лёсе Яна захаваў зьвесткі яго ўнук Станіслаў Дмахоўскі, які жыве ў Варшаве, сын наймалодшай дачкі Яна і Лявоніі Каменьскіх, Марыі. Яна прыйшла на сьвет у Омску, і потым многа расказала сыну аб сібірскім жыцьці дзеда. Захавалася шмат розных лістоў і фатаграфій. На адной з іх на адваротным баку надрукаана: “Фотография при С-Петербургской тюремной крепости.” Значыць праз Пецярбург везьлі ссыльных у Сібір. Ян Каменьскі—кропля ў пятай самай крывавай хвалі рэпрэсій 1863—64 гадоў. Яна ўражвае сваімі маштабамі—128 чалавек былі пакараны сьмерцю, 12 483 адпраўлены на катаргу і пасяленьне ў Сібір, арыштанцкія роты.
 
Захаваліся фатаграфіі Яна Каменьскага ў вопратцы ссыльнага. Дарога была доўгай. “Адпачывалі ў этапавых турмах у цеснаце, духаце і гразі. Слабыя паміралі ад тыфу ці ад страты сіл, а выжыўшыя былі этапаваныя далей аж да Омска. Сьнежныя завеі і бураны перашкаджалі руху. Трэба было цягнуцца па глыбокім па калена сьнезе, ледзьве выцягваючы з гурбаноў закутыя ў кайданы ногі.

Кайданы!  Колькім беларусам дастаўся такі падарунак ад расейскіх братоў! Насілі іх над халявамі абутку, прымацаваныя рамянём да пояса. Невідочныя для вока, пры кожным руху выдавалі востры, хоць ціхі, звон. Трэба было купіць за свае грошы спецыяльныя скураныя падкладкі, бо без іх жалезныя абручы да крыві ранілі ногі. Канструктары кайданоў добра папрацавалі. Кайданы давалі магчымасьць працаваць, таму іх ніколі не здымалі.

Ян Каменьскі прыйшоў да высновы, што толькі праца, хоць самая цяжкая, адзіны спосаб выжыць. Бо ўмовы жыцьця ў Омскай цьвердзі вялі да згубы здароўя. Таму накіраваньне на цяжкую працу ў саляварню было сустрэта з задавальненьнем. Ранкам усіх, хто працаваў выстройвалі перад кардэгардай на дзядзінцу турмы. Там “кандуктар” дзяліў катаржан на партыі і разьмяркоўваў на розныя работы. І гэта былі найлепшыя хвіліны дня.

Калі цямнела і канваір зачыняў на засаўку цяжкія дзьверы камеры, калі было ўжо вядома, што ніхто з “начальства” не прыйдзе, камера пачынала жыць сваім жыцьцём. Вязьні запальвалі свае сьвечкі і кожны пачынаў займацца сваёй справай: латалі адзеньне, плялі кошыкі на продаж, ігралі ў карты.

Паўстанцы ўспаміналі родных, сяброў, Радзіму.

Сярод фатаграфій, якія зберагае ўнучка Яна ёсьць адна з паблёклым лесам крыжоў. На другім баку дата 4 чэрвеня 1865 г. Тлумачэньне: ”Пагост ссыльных у Кунгуры Пермскай губерніі ” і два вершаваныя радкі:
1864 год гэты ясна выкажа                 
 Іх думкі і жарсьці.
Таму ўдзячнасьць Ім братняя,               
 хвала Іх памяці.

Так пражыў Ян Каменьскі цэлыя 7 гадоў. У 1871 годзе кайданы з яго былі зьнятыя і праца катаржніка зьменена на “пасяленьне.” Мог цяпер жыць пад Омскам, дазволены быў прыезд сям’і.

 

 


 
Лявонія з Судзінаў Каменьская, жонка Яна Каменьскага


“Кіргізскі кароль”

Скора Лявонія з Судзінаў Каменьская, далікатны профіль з цяжкім вузлом валасоў на фота, зробленым перад выездам, з 13-гадовай дачкой Стасяй прыехала ў 1872 г. да мужа. Старэйшая дачка Яна засталася ў Варшаве, каб не перарываць вучобу.

Яе лёс быў больш ласкавы, ніж гераіні Андрэевай Карчыньскай. Былі разам. Спрабавалі будаваць жыцьцё аднова. Каменьскі—як бараніў сваіх сяльчан у Мінявічах—цяпер у Омску станавіўся на абарону ашукваных праз расейскіх жулікаў кіргізаў.

 


 
Дачка Марыя, якая нарадзілася ў Сібіры

 



Тут у Сібіры ў сьнежні 1877 г. нарадзілася дачка Марыя, пазьней Андрэева Дмахоўская. Дзякуючы пазьнейшым запісам Марыі, засталіся ўспаміны аб жыцьці сярод кіргізскіх стэпаў. А яшчэ быў сын, але гэта дзіцё было заслабае, каб перажыць марозную сібірскую зіму. Марыя перажыла некалькі  такіх зімаў. Помніла аулы ў кіргізскіх стэпах з некалькіх кібітак і юрт ці палатак з шэрага лямцу. Цёмнарудыя кіргіскія дзеці да 7 гадоў амаль голыя шукалі цяпла ў попеле вогнішча. Вогнішча гарэла ўвесь час на плоскім камяні, размешчаным пасярод юрты, напаўняючы яе едкім дымам, нягледзячы на дзірку ў даху.

Помніла  старога Кіргіза, аб якім гаварылі, што ён сьвяты, бо зьдзіўляў ня толькі ссыльных паўстанцаў, але і усё племя тым, што спаў голы на сьнезе ў любы мароз.

Ян Каменьскі распавядаў пра кіргізаў, што яны былі шчырыя, ўдзячныя і ўчцівыя. Калі кіргіз знаходзіў у стэпе сярэбраную падкову, то не падымаў яе гаворачы: “Няхай яе забярэ той, хто згубіў.” Займаліся паляваньнем, земляробствам, пасьвілі жывёлу і бессаромна эксплуатаваліся царскімі чыноўнікамі і купцамі. “Чыноўнікам” павінны былі плаціць “ясак”—даніну, а купцы з Омска, прывозячы да аулаў соль і другія тавары першай патрэбы, выкарыстоўвалі  прастадушнасьць сваіх вузкавокіх кліентаў і абманвалі іх неміласэрна.  Таму кіргізы былі глыбока ўдзячны Яну Каменьскаму, які бараніў іх, таргаваўся, лічыў і ўступаў у спрэчку з неўчцівымі купцамі.

Малая Маня бачыла, як гасьцінна віталі бацьку ва ўбогіх юртах, садзілі ля вогнішча на лямцавым дыване і частавалі кумысам, які налівалі са скураной торбы ў драўляныя кубкі, як частавалі варанай без солі канінай, якую выймалі з катла рукамі. Гаспадар юрты разрываў мяса на кавалкі і падаваў гасцям адразу ў рот. Трэба было мець многа добрай волі, каб прыняць такі, выплываючы з глыбіні сэрца, пачастунак. Помніла ўжо іншыя сцэны з вуліц Омска. “Калі кіргіз прыязджаў у горад, а падыходзіў час малітвы, то злазіў з каня, расьсьцілаў пасярод вуліцы свой лямец і сядаў на яго для выкананьня малітвы з падкручанымі пад сябе нагамі.. Тым часам расейскія хлопцы, а, нават, і дарослыя штурхалі яго, цягнулі за лямец, смяючыся, каб пакаціць кіргіза.. Калі на такую сцэну трапляў Каменьскі, то разганяў “жартаўнікоў”, заслугоўваючы ўсё большую павагу кіргізаў. Расейскія чыноўнікі незадаволена ўспрымалі папулярнасьць паўстанца і іранічна называлі яго “кіргізскім каралём”, але перашкодаў яму не чынілі.

Праз некалькі гадоў Ян Каменьскі атрымаў дазвол на жыцьцё ў самым Омску. Быў гэта ў тыя часы адзін з буйнейшых гарадоў Сібіры, дзе разьмяшчалася рэзідэнцыя генерал-губернатара Заходняй Сібіры. Але дамы ў Омску былі ўсе драўляныя, а вуліцы без бруку. Не было кнігарні, бібліятэкі, нават газэты, яшчэ не было чыгункі, якая б злучала Омск з еўрапейскай часткаю Расеі.

“Кіргізскі кароль” стаў працаваць у краме, якая належала паляку Паўлоўскаму, таксама ссыльнаму. Калі Паўлоўскі атрымаў дазвол на вяртаньне на Радзіму, Ян Каменьскі адкупіў краму, вёў справу разам з жонкай і страрэйшай дачкой аж да таго часу, калі пасьля 20 гадоў ссылкі, дзякуючы Маніфесту цара Аляксандра ІІІ, змог вярнуцца на Радзіму, сардэчна развітваючыся з кіргізскімі прыяцелямі. Захаваліся аб’явы аб продажы тавараў “складу Варнаўскага” у Омску. Прадавалася абсталяваньне крамы, вазы і коні, а нават партыя французскіх він. Аб’ява ад 14 лістапада 1886 г. Але толькі 14 ліпеня 1887 г. падарожнікі прыбылі ў Гродна.

Вяртаньне на Радзіму

Падарожжа было цяжкім і доўгім. З Омска вырушылі суднам, праз Уральскія горы перапраўляліся на конях, потым зноў на караблі да Ніжняга Ноўгарада. Адтуль чыгункай да Масквы і далей ўжо да роднага краю. Э. Ажэшка радасна вітала вяртаньне “кіргізкага караля” да Мінявіч.

“Гурточак наш пабольшваецца праз пасяленьне паньства Каменьскіх, якія ўжо ад арэнды свае землі атрымалі і стала на ёй пасяляюцца”,--пісала ў пісьме да Карловіча.

Ян Каменьскі адваяваў частку канфіскаванай маёмасьці для двух дачок, народжаных перад паўстаньнем.

“А зямля! Божа! (…) Я кожную расліну, кожную кроплю вады, кожны яе камень любіў”,--гаворыць яго словы герой рамана “Над Нёмнам.” Калі ў 1888 г.—перадапошняе лета ў Менявічах—прыехала спадарыня Эліза Ажэшка над Нёман, астанавілася “100 крокаў” ад дому Каменьскіх “што нам спраўляе вялікую прыемнасьць, бо ёсьць высакародныя, мілыя і шчыра з намі пасябраваныя, засмуткавала, бачачы, як далёка жыцьцё зноў паўтарыла дзеі яе рамана, як Каменьскі,  так як Бенекдыкт, з трудом ратаваў менавіта “Корчын.” “Ён па дваццаці колькі гадох выгнаньня першы год на сваім кавалку зямлі гаспадарыць, але што скажу? Адразу паразу неўраджаю мець будзе, бо на палях ад агромнай сушы ўсё жаўцее і чарнее.  Так вось лёсы спрыяюць сваім выбранцам.” 8 гадоў бітвы былі яшчэ перад Янам Каменьскім.

 


 
Франтон дому Яна Каменьскага яшчэ можна было ўбачыць у 2000 г.

 Вясною 1896 г. ужо горка пісала Э. Ажэшка: ”Мы ў гэтыя дні глыбока засмучаныя цяжкаю хваробаю многагадавога сябра нашага і многазаслужанага патрыёта спадара Яна Каменьскага. Яшчэ жыве, але на думцы лекара, не толькі дні, але гадзіны яго палічаны. Меншае нас тут меншае, а нашчадкі—на жаль—пад Волгай і Амурам.”


Памёр 31 сакавіка. “…Знаходзімся пад смутным цёмным ураджаньнем сьмерці Яна Каменьскага. Амаль не хочацца верыць, што яго больш не ўбачым.

Знаходзяцца ў нас дзьве яго дачкі, любёнае бядацтва ў жалобе, сплаканае і прыгнечанае.

А ў лісьце да свайго прыяцеля  Леапольда Мае (Leopold Mйyet) пані Эліза пісала: “Уладальнік Мінявіч пан Ян Каменьскі  разам з жонкай і дочкамі гэтым летам з Сібіры вярнуўся. Знала гэтых людзей ад нараньнейшай маладосьці, з радасьцю іх сустрэла, але сапраўдную раскошу спраўляе багаты вобраз гэтага дзельнага і ўчцівага чалавека, праўдзівага мучаніка ідэі і любові, вітаючага па дваццаці некалькілетняй адсутнасьці роднае месца, адпачываючага ад кайданоў і падзямельляў катаржніка, ад лягчэйшых, але таксама цяжкіх пакутаў пасяленца, роднае паветра, родныя гукі і выгляды.

Быў гэта ў часах рэвалюцыйных адзін з найгарачых і найуплывовых паплечнікаў справы люду на Літве, таму халопы віталі яго грамадою з узрушваючымі да глыбіні праявамі памяці і ўдзячнасьці.

“У глыбіні, над цёмнай каланадай пераплеценых гольлем елак, ахінуты іхнім ценем, узвышаўся невялікі пагорак, даўгаваты і з такімі схіламі, падобны не то на вал, не то на курган, відаць, калісьці насыпаны рукамі людзей, і як уся гэта паляна, зарослы няроўнымі гарбатымі кусьцікамі травы.

Ян моўчкі пагорак гэты Юстыне паказаў, яна таксама моўчкі кіўнула галавой; знала, што гэта сумесная магіла.
-Колькі? – ціха запытала.
-Сорак – адказаў…”- так апісвае Эліза Ажэшка месца пахаваньня 40 паўстанцаў у лесе ля Мінявіч. Тут па яе версіі пахаваны і Андрэй Карчыньскі—прататыпам якога стаў Ян Каменьскі. Але Ян Каменьскі выжыў і пахаваны ён на парафіяльных могілках у Луне. Сьціплы помнік з надпісам: “Grób rodziny Kameńskich” патрабуе рамоту і дагляду. 

 


 
Помнік на магіле Яна і Лявоніі Каменьскіх на могілках у Луне


На жаль не прыходзяць на магілу паўстанца 1863 г. ні школьнікі, ні беларускія патрыёты. Варта было б стварыць такую традыцыю. А на магіле-кургане 40 паўстанцам,  тымі, хто помніць і ганарыцца, пастаўлены памятны крыж. Сюды прыязджаюць патрыёты з Польшчы, каб ушанаваць памяць змагароў за Свабоду і Вольнасьць. Заўсёды тут ёсьць кветкі і бела-чырвоныя стужкі. Але няма бел-чырвона-белых, ні чырвона-зялёных… Яшчэ не прыйшла пара, яшчэ не прачнулія беларускія патрыёты…

 


 
Крыж на магіле 40 паўстанцаў у Мінявічах

Scroll to top