Палацава-паркавы комплекс у Свяцку з'яўляецца найбольш важным матэрыяльным сведчаннем дзейнасці рода Валовічаў на Гродзеншчыне. Нельга таксама ўявіць сабе развіццё гістарычнага турызму ў Гродзенскім раёне без аднаўлення гэтага каштоўнейшага помніка архітэктуры, аналагічнага якому няма на абшары ўсёй вобласці. Менавіта таму вывучэнне гісторыі Свяцка Валовічаў, пошук новых крыніц, з'яўляюцца актуальнай задачай не толькі для гісторыкаў і мастацтвазнаўцаў, але і для ўсіх тых асобаў і інстытуцый, якія плануюць прыняць удзел у адраджэнні палаца.
Захавалася вельмі мала канкрэтных фактаў, звязаных з гісторыяй будаўніцтва палаца ў Свяцку. Лічыцца, што будаўніцтва палаца пачалося каля 1779 г., калі Антоній Валовіч атрымаў землі Свяцка ад свайго бацькі Юзафа Валовіча. Палац быў запраектаваны каралеўскім архітэктарам Джузэпэ (Юзафам) Сака, хаця адзіным пісьмовым доказам гэтаму з'яўляюцца некалькі эскізаў архітэктара, фотакопіі якіх былі апублікаваны ў 1930-х гг. Сам палац быў узведзены пад кіраўніцтвам Дж. Сака каля 1780 г., але вядомы архітэктар працягваў сачыць за аздабленнем палаца аж да сваёй смерці ў 1798 г. – напрыклад, запраектаваў уязную браму. З вялікай доляй верагоднасці можна сказаць, што аўтарамі фрэсак у палацы былі вядомыя мастакі Антоній Смуглевіч і італьянец Тамбары (апошні маляваў антычныя сюжэты і фігуры жывёл).
Эскіз брамы палаца ў Свяцку, намаляваны Дж. Сака. Tatarkiewicz Władysław. Świack. Zabytek dekoracji malarskiej z epoki Stanislawowskiej // Studia do dziejów sztuki
w Polsce. T. 4. Z. 2. Warszawa, 1937.
Аб архітэктурных асаблівасцях палаца напісана даволі шмат. Адзначым толькі, што палац спалучыў стылістыку адразу трох эпох: прыёмы пабудовы палаца тыпова барочныя, аднак адчуваецца моцны ўплыў класіцызма. Што ж да ўнутранага аздаблення, то фрэскі характэрныя хутчэй для эпохі ранняга рамантызма.
Палац неаднаразова перабудоўваўся. У сярэдзіне ХІХ ст. паўсталі афіцыны, злучаныя з палацам каланадамі. Прыкладна ў той час быў закладзены парк і ўзведзены некалькі гаспадарчых пабудоў.
Пасля смерці Антонія Валовіча палацам валодалі ягоныя сын і ўнук Іахім Юзаф Валовіч (1783-1842) і Міхал Валовіч (1812-1882). У самым канцы ХІХ ст. (1899 або 1900 гг.) маёнткам валодала дачка Міхала Валовіча Ядвіга Міхайлаўна Міончынская (Мончынская), якая пражывала ў палацы (яна ж валодала суседнім маёнткам Васілевічы). Маёнтак складаўся з 1750 моргаў ворнай зямлі. У ім было 38 коней, 108 галоў буйной рагатай і 30 дробнай жывёлы.
Фрэскі і ўнтранае аздабленне палаца. Tatarkiewicz Władysław. Świack. Zabytek dekoracji malarskiej z epoki Stanislawowskiej // Studia do dziejów sztuki w Polsce. T.
4. Z. 2. Warszawa, 1937.
Па стане на 1909 г. маёнткам Свяцк-Валовіча, у які ўваходзілі мясцовасці Барысаўшчына, Ясудава і Дамброўка, валодаў мешчанін Абрам Маркусавіч Мерацкі, які ў маёнтку не жыў. Маёнтак складаўся з 3143 моргаў ворнай зямлі. Яго апрацоўвала 10 пастаянных рабочых. У маёнтку быў 31 конь і 58 галоў буйнай рагатай жывёлы. Напярэдадні Першай сусветнай вайны маёнтак стаў уласнасцю Гумніцкіх, шляхецкага рода з Любліншчыны. Невядома, якія планы Гумніцкія звязвалі з палацам, аднак вайна перашкодзіла іх рэалізаваць. Па стане на пачатак 1926 г. палацам у Свяцку (Свяцк Вялікі Валовічаў) і прыкладна 200 гектарамі зямлі валодаў Ігнацы Гумніцкі. Паколькі зямля не апрацоўвалася, то падлягала прымусоваму выкупу ў сувязі з зямельнай рэформай. Цікава, але ў наступным, 1927 г. ужо значылася, што землі маёнтка Свяцк належаць не толькі І. Гумніцкаму але яшчэ тром асобам (Абраму Юдэлю Мерацкаму, Берку Мендалю Мерацкаму і Янкелю Бенякобі). Аднак да 1928 г. маёнтак быў разпарцэляваны а палац стаў дзяржаўнай уласнасцю.
Спецыялісты, якія браліся за аднаўленне палаца, спачатку не мелі пэўнасці ў тым, што яго наогул удасца захаваць. Таму была праведзена маштабная работа па фіксацыі ўсіх фрэсак, ляпніны і іншага аздаблення палаца. Аднак работы ўсё такі пачаліся і праходзілі цягам 1930–1933 гг. Палац быў грунтоўна адрэстаўраваны, яму вярнулі страчаны ў ХІХ ст. мансардны дах, зашклілі галерэі-каланады. Рэстаўрацыяй займаліся спецыялісты Інстытута Польскай архітэктуры Варшаўскай палітэхнікі. 24 мая 1932 г. у Свяцку адбыўся з’езд спецыялістаў, на якім падводзіліся вынікі рэстаўрацыі палаца, быў намечаны далейшы аб’ём работы. Кіраўніком праекта быў Оскар Сасноўскі, вялі работы Ю. Рачынскі і С. Даўкша.
Палац у 1928 г. Aftanazy Roman. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. T. 3. Wrocław, 1992.
Трэба сказаць, што поўнасцю ў Свяцку работы да пачатку Другой сусветнай вайны так і не скончыліся. Яшчэ ў кастрычніку 1936 г. Юзаф Ядкоўскі займаўся справай выдзялення суммы ў 8 000 злотых на рэстаўрацыю “паліхраміі” (фрэсак) у палацы. Работы ў гэтым накірунку павінны былі пачацца яшчэ ў 1934–1935 гг. але адсутнасць сродкаў не дала іх правезці. Таму насценныя роспісы палаца датрывалі да вайны толькі ў выглядзе часткова закансерваваных. У кастрычніку 1933 г. у палацы адкрылася мужчынская лячэбніца-санаторый “Свяцк” для наркаманаў, алкаголікаў і нярвова хворых людзей. У той час гэта была адзіная ўстанова такога тыпу ў міжваеннай Польшчы. Лячылі людзей самымі сучаснымі на той момант сродкамі – ад псіхааналізу да гідратэрапіі, сонечных ваннаў і тэрапіі працай.
Хворыя жылі ў 1, 2, і 3-х асабовых пакоях, кошт пражывання і лячэння складаў ад 5 да 10 злотых у суткі. Плату трэба было ўносіць за месяц наперад.
У савецкі час рэстаўрацыйныя работы ў Свяцку праводзіліся, але шырока яны не разгарнуліся. У 1960-х–1980-х гг. быў адноўлены дах палаца (пасля пажару), было адноўлена аздабленне трох залаў. Амаль усе роспісы інтэр’ераў палаца былі ў гэтыя гады страчаны.
Палац у Свяцку пасля рэстаўрацыі. Каля 1933 г. Państwowy zakład leczniczy dla nerwowowyczerpanych „Świack”. B.r.w. B. m.w.
Да 2005 г. у палацы знаходзіўся палац, для хворых на сухоты. Пасля высялення санаторыя палац на працягу чатырох гадоў стаяў пусты. Разбурэнне сістэмы водасцёкаў прывяло да таго, што ў сценах з’явіліся глыбокія прамоіны, знутры сцены палаца пакрыліся плесенню. Асабліва пацярпелі галерэі і эркер. Гродзенскія гісторыкі некалькі разоў звярталі ўвагу на стан палаца, прасілі хаця б мінімальнымі сродкамі аднавіць водасцёкі, аднак яны былі адноўлены толькі ў 2010 г., пасля перадачы палаца санаторыю “Азёрны”.
Інтэр’ер палаца ў 1930-х гг. Бачныя фрэскі, замацаваныя хутчэй за ўсё гіпсам. Фота з прыватнага архіва.
На працягу 2012–2013 гг. ішлі работы па асушэнні і ачышчэнні сажалак вакол палаца і толькі ў пачатку жніўня 2013 г. у газеце “Гродзенская праўда” з’явіўся артыкул, дзе апісваліся будучыя перспектывы палаца і ход работ па распрацоўцы праекта рэканструкцыі: “Галереи с колоннами превратятся в зимний сад. Там, где в санатории был актовый зал, разместится ресторан. В добротных хозпостройках, возведенных в 1841 году, откроются пивоварня и небольшое кафе, разместится конюшня (предполагается, что лошади будут для верховой езды и упряжки в каретах). Будет восстановлен рыбный цех. У гостей появится возможность понаблюдать за работой кузнеца и увезти подкову на счастье. Огромные валуны с территории оздоровительного комплекса переместят в… музей камней, который появится неподалеку на открытой площадке. Для отдыхающих запланировано поле для крикета и мини-гольфа, пешеходные и велосипедные прогулочные дорожки”.
Пазітыўны раказ аб планах рэканструкцыі палаца перарываўся дзіўным сцверджаннем аб тым, што “планируется освободить основное здание от мансарды – надстройки третьего этажа советских лет”. Да артыкула ў газеце дадавалася выява палаца з паніжаным дахам. Адразу пасля публікацыі ў “Гродзенскай праўдзе” з’явіўся шэраг артыкулаў, у якіх падкрэслівалася недарэчнасць ідэі ліквідацыі мансарднага трэцяга паверха палаца ў Свяцку. Сцвярджалася, што ламаны (французскі, мансардны) дах – гэта характэрная рыса ўсіх будынкаў, узведзеных Дж. Сака. Такі дах перапачаткова мелі так званая “крывая
афіцына” на плошчы Тызенгаўза ў Гродне, гродзенскі Новы Замак. Да сённяшняга дня такі дах захаваўся ў былога палаца Сангушак у Гродне і у палацы познаньскіх біскупаў у Цёнжне (Польшча). Апошні згаданы палац, дакладна запраектаваны Дж. Сака і вельмі нагадвае галоўны будынак палаца ў Свяцку, толькі вышэйшы на адзін паверх.
Від на палац з бакавой галерэі. 1933 г. Państwowy zakład leczniczy dla nerwowowyczerpanych „Świack”. B.r.w. B. m.w.
Шэзлонгі для сонечных ваннаў на даху бакавой галерэі палаца. 1933 г. Państwowy zakład leczniczy dla nerwowowyczerpanych „Świack”. B.r.w. B. m.w.
Пошук адказу на пытанне аб форме даха палаца прымусіў звярнуцца да невялікай манаграфіі-артыкула Уладзіслава Татаркевіча пра Свяцк, надрукаванай у 1937 г. Гэтае даследаванне ўнікальнае таксама тым, што ў ім размешчаны рэпрадукцыі некалькіх малюнкаў Дж. Сака з ягонага асaбістага сшытка, які сёння недаступны даследчыкам. Да Другой Сусветнай вайны гэты сшытак знаходзіўся ў прыватнай бібліятэцы роду Касцельскіх, якія жылі ў Міласлаўі пад Познаню. Сшытак быў набыты Уладыславам Касцельскім і менавіта з гэтага рукапісу стала вядома, што палац быў запраектаваны Дж. Сака. Рэпрадукцыі з сшытка былі размешчаны ў кнізе У. Татаркевіча і адсюль “перавандравалі” ў шматлікія пасляваенныя манаграфіі беларускіх даследчыкаў, напрыклад Ул. Чантурыі. Сшытак малюнкаў Дж. Сака мог бы ўяўляць вялікую цікавасць для даследчыкаў, паколькі ў ім змешчаны выявы палацаў у Станіславове, Панямуні, Шчорсах, Лагойску, забудовы Гарадніцы ў Гродне. Знаходка сшытка магла б адназначна пацвердзіць факт, што ў палаца ў Свяцку першапачаткова быў мансардны дах.
Палата для хворых у палацы. 1933 г. Państwowy zakład leczniczy dla nerwowowyczerpanych „Świack”. B.r.w. B. m.w.
Пошукі сшытка Дж. Сака прывялі ў Жэневу, дзе сёння знаходзіцца Фонд Касцельскіх і куды пад канец Другой Сусветнай вайны быў часткова вывезены іх кнігазбор. Аўтар гэтага артыкула звярнуўся да прафесара Францыска Разэта, які курыруе справы надання прэміі Касцельскіх, якая штогод выдаецца за літатарурныя дасягненні польскім пісьменнікам і паэтам. Прафесар Ф. Разэт адаслаў аўтара да супрацоўніка Польскай бібліятэкі ў Лондане, найбольшага знаўцы гісторыі рода Касцельскіх Войцеха Класа. Ніжэй фрагмент ліста В. Класа, прысланы аўтару артыкула ў красавіку 2014 г. “Бібліятэка і архіў Касцельскіх знаходзіліся ў Міласлаўі ў 1895-1939 гг. на жаль Другая Сусветная вайна прыняла да вялікага спусташэння. Зборы бібліятэкі былі вывезены ў Познань у адзін са складоў. Туды трапілі кнігі з многіх шляхецкіх маёнткаў з-пад Познані. Далей у выніку ваенных дзеянняў частка згарэла або была рассеяна далей. Рэшткі архіва трапілі ў зборы бібліятэкі ўніверсітэта Адама Міцкевіча ў Познані. Фрагменты архіва ёсць у бібліятэцы Рачынскіх у Познані. Нешта з Касцельскіх мае бібліятэка ў Курніку пад Познаню.
Палац у Міласлаўі ператрываў да 1945 г., калі быў абрабаваны немцамі і падпалены. Мясцовыя жыхары ратавалі з яго рэшткі кнігазбораў, каб пасля перадаць уласнікам, але з часам рэчы сталі іх уласнасцю. Так напрыклад ёсць з кнігазборам Дамініка Пагладзінскага, які цяпер знаходзіцца ў ягоных нашчадкаў. Ён недаступны і неапрацаваны… Фонд Касцельскіх у Швейцарыі не мае ніякіх матэрыялаў, няма іх і ў зборы Яніны з Рушкоўскіх-Касцельскіх, якая была апошняй прадстаўніцай сям’і. Я ўпарадкаваў абодва гэтыя архівы, таму ведаю, што ёсць, а чаго няма.”
У сваім лісце В. Клас выказаў меркванне, што сшытак малюнкаў Дж. Сака не захваўся да нашых дзён, альбо захоўваецца ў дасюль неапрацаваных матэрыялах.
Застаецца толькі дадаць, што магчыма сшытак яшчэ да 1939 г. быў цалкам адфаграфаваны супрацоўнікамі Варшаўскай палітэхнікі і ў яе фондах некалі можна будзе адшукаць фотакопіі гэтай ўнікальнай крыніцы па гісторыі архітэктуры Беларусі і Гродзеншчыны ў прыватнасці.
Вашкевіч Андрэй
-
Катэгорыя: Content - Belarusian
-
Апублікавана 06 Жнівень 2023
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической