Верасень 1939 году пакалечыў лёсы многіх людзей і паўплываў на сьвядомасьць цэлых народаў. Ён стаўся вызначальнай, часам крывавай рысай для пакаленьня нашых бацькоў і дзядоў, бо падзяліў іхняе жыцьцё на дзьве паловы: да і пасьля таго.

Але для цяперашняга маладога пакаленьня, не абцяжаранага гістарычнай памяцьцю, і часы ІІ Рэчы Паспалітай, і нямецкай акупацыі, і пасьляваенных рэпатрыяцый – калі не пусты гук, дык сапраўдная terra incognita.

Сёньня мала хто памятае пра разбураную ў Гродне напярэдадні вайны царкву Аляксандра Неўскага. А старыя гарадзенцы, праваслаўныя вернікі, забіралі з руінаў той царквы па цаглінцы і несьлі дамоў, каб мець кавалачак храма пры сабе, каб засталася памяць. Такая цаглінка працяглы час захоўвалася і ў нашай сям’і. Па іроніі лёсу, зусім побач з месцам, дзе быў фундамант той царквы, цяпер знаходзіцца будынак гарадзенскага гарвыканкаму…

Сёньня слова „Крэсы” ўжо не ўспрымаецца як геаграфічная назва канкрэтных тэрыторыяў. Гэта чыста мэтафізычнае паняцьце, разгорнутая мэтафара, сымбаль прамінулае эпохі. Усе прыкрыя асацыяцыі, зьвязаныя з тэрмінамі „Kresy Wschodnie” ці «Западная Белоруссия», узьнікаюць у шчырых беларусаў па інэрцыі, бо надта ж цяжка нам далася гістарычная спадчына. Для мяне асабіста Крэсы – гэта прывід мілай сэрцу беларускай правінцыі, нашай ускраіны, гэта згадка пра маленькі сусьвет і ягоную непаўторную атмасфэру, згадка пра далёкія часы, якія ўжо ніколі ня вернуцца, але якія адлюстраваліся на старых фотаздымках, паперах ці застыглі ў мурах даваенных будынкаў.

На гарадзкой ускраіне

Вуліца Панятоўскага, на якой жылі мае продкі, зьяўлялася фактычна ўскраінай Гродна. І калі б напрыканцы 1920-х глянуць з боку вайсковага шпіталю, дык забудаваны быў толькі ейны левы бок. Праваруч жа разьлягаліся палі, крыху паводаль – цагельні і кар’еры для здабычы гліны. Была пракладзена таксама вузкакалейная чыгунка да Крэйдавых Гораў, што знаходзіліся непадалёк ад Нёмана (цяпер раён вул.Дамброўскага – лесапарк „Пышкі”). Большасьць тых палёў належала тады ўладальніку маёнтка Станіславова князю Яну Марыі Друцкаму-Любэцкаму, які бавіў час у Варшаве і папраўляў свой бюджэт, між іншым, за кошт продажу зямельных участкаў пад забудову. Паколькі dobra ziemskie Stanisławów лічыліся найлепшымі ў акрузе, дык і зямля адпаведна была вельмі дарагая. Набывалі тыя ўчасткі ў асноўным людзі забясьпечаныя: афіцэры польскага войска, інжынэры-гэадэзісты, інжынэры-чыгуначнікі, зьбяднелыя сваякі былых арыстакратаў або звычайныя мяшчане, што езьдзілі на заробкі ў Амэрыку.

 



Гарадзенская ўскраіна ў межах вуліцаў 11 лістапада, Нарутовіча, Панятоўскага і Віленскай была шматнацыянальная. Так, сярод суседзяў і знаёмых маіх продкаў былі палякі Грабоўскія, Любамірскія, Іваноўскія, Калоўскія, Радзіваноўскія, Рудніцкія, фальксдойчы Вагнэры, Кальхэрты, Кляйшміты, Фалькэндорфы, рускія Беклемішавы і Грыбавы, татары Маслоўскія і Шумскія…

У пачатку 1930-х, калі матар’яльнаяе становішча маіх продкаў збольшага стабілізавалася, яны вырашылі зноў набываць зямлю з маёнтку Станіславова. Надта ж дзеду хацелася збудаваць двухпавярховую камяніцу і мець прыгожы сад. І вось 10 сакавіка 1932 году ён купляе 10 акраў (1000 кв.м.) за 4000 злотых. Праз год, 2 сакавіка 1933 году жонка дзеда Юзэфа Гуменюка Галіна купіла яшчэ 10 акраў зямлі, праўда, ужо за 4500 злотых. Такім чынам атрымалася, што хата, дзе жылі Сарокі і Гуменюкі, стаяла па адзін бок вуліцы Панятоўскага, а агарод знаходзіўся па другі бок. А гэта значна ўскладняла паліўку. Рэч у тым, што вадаправоду на гарадзкой ускраіне тады яшчэ не было (яго праклалі ў пэрыяд нямецкай акупацыі), а ваду бралі (зразумела, не бясплатна) з калодзежа суседа – пана Калоўскага. Тым ня менш, як вынікае зь дзёньнікавых запісаў Івана Людвікавіча Сарокі, 30 кастрычніка і 6 лістапада 1933 году на купленай зямлі было пасаджана 53 дрэвы. Зь іх 22 яблыні, 11 груш, 19 сьліваў і адна вішня. У наступныя гады колькасьць вішняў павялічвалася. Пасадзілі таксама шмат кустоў агрэсту і парэчкі трох гатункаў (белая, чырвоная і чорная). Для ўласнага ўжытку вырошчвалі бульбу, моркву, фасолю, агуркі, капусту ды іншую драбязу. Трымалі таксама дзьвюх сьвінак і звыш 40 курэй пароды „Сусэкс”. Нейкі час нават качак трымалі. Малако куплялі ў малочніцы. Такім чынам сям’я з шасьці чалавек поўнасьцю сябе забясьпечвала харчаваньнем. А рэальныя грошы w Urzędzie Ziemskim зарабляў толькі мой дзед – Юзаф Гумянюк.

 

 



Правінцыйнае шчасьце

Даволі хутка ўтрыманьне саду аплацілася. Бо ўсе дрэвы былі сартавыя, прывезеныя аднекуль звонку, і ўраджай на новай зямлі давалі фантастычны. Для ўласнага ўжытку ня так і шмат патрабавалася тых фруктаў. Мая прабабка і бабка выраблялі цудоўнае віно з парэчак! Большасьць тых фруктаў скуплялі оптам гандляры-жыды – уладальнікі прыватных спажывецкіх крамаў. Прычым самім ня трэба было і пальцам варушыць – жыды наймалі паробкаў для збору ўраджаю. Тыя фрукты пасьля йшлі на перапрацоўку – зь іх выходзілі файныя джэмы, сочывы ды іншыя кансэрванты. Зрэшты, жыды загадзя дамаўляліся з гаспадарамі і плацілі залічку, калі бачылі, што будзе добры ўраджай фруктаў.

Як пазьней распавядаў мой дзед, да жыда можна было хоць ноччу прыйсьці і выцягнуць яго з ложку, але ён заўсёды, каб ня страціць кліента, прадасьць што трэба. А калі няма грошай, дык запіша „на чорную кніжку” і адпусьціць тавар. З той „чорнай кніжкай” у майго дзядзькі Канстанціна Драздоўскага атрымалася прыкрая гісторыя. Будучы ў 1930-я гімназістам, ён ня мог абыякава прайсьці міма крамы жыда Касмандэля, каб не набраць там цукерак ды іншых ласункаў. Зразумела, усё запісвалася „на чорную кніжку”. Неяк пры нагодзе Касмандэль сустрэў бацьку ўвішнага гімназіста – Канстанціна Іванавіча і кажа:
– Panie Drozdowski, a czy pan wie, że pański synek korzysta z moich usług? Pokażę panu rachuneczki…

 

 

 



Ну, а калі малады Кастусь вярнуўся з гімназіі, дык бацька ўжо чакаў яго ў хаце з рамянём ў руках. І са словамі „Ja ci, skurwielu, pokażę, jak u żyda brać bez pieniędzy!” так выхластаў дзягай небараку, што той і дарогу забыў да той крамы!

Зрэшты, і сам Канстанцін Іванавіч Драздоўскі (1898-1981) ў 30-60-я гады мінулага стагодзьдзя праславіўся ў Гродне, як адна з самых экстраардынарных постацяў. Родныя распавядалі, што ён, застаўшыся рана сіратою, выхоўваўся ў манастыры ў Супрасьлі, дзе здабыў першапачатковую адукацыю і разьвіў талент сьпевака. Пасьля вывучыўся на бухгальтара. Сучасьнікаў зьдзіўляла, як ён таленавіта спалучаў рэлігійныя сьпевы, бухгальтарскую дакладнасьць зь цягай да выпіўкі, кабет і азарту. І свой зямельны ўчастак на ўсё той жа вуліцы Панятоўскага ён не набыў, а выйграў у карты ў нейкага польскага капітана! Як вынікае з дзёньнікавага запісу Івана Людвікавіча Сарокі, “Дроздовский поставил дом в 1933 году и 17 сентября перешел туда жить». 

Па ўсім відаць, Канстанцін Іванавіч Драздоўскі быў ня толькі hazardzistą і валодаў адметным голасам (бас) у царкоўным хоры, але й меў inne męskie zalety. Нездарма ж ягоная жонка Марыя Мартынаўна (дзявочае прозьвішча Станкевіч) хадзіла біць вокны кабетам, якія запрашалі яго ў госьці „пасьпяваць”. Пасьля вайны, пры „Другіх Саветах” Драздоўскі працаваў нейкі час галоўным бухгалтарам гарадзенскага пэдінстытуту (цяпер унівэрсытэт імя Я.Купалы) і адначасова быў рэгентам царкоўнага хору Пакроўскага сабору, што па тых „атэістычных часах” было экстраардынарным выпадкам. Сумяшчаючы гэтыя дзьве працы, Канстанцін Іванавіч ня стрымліваў свайго поцягу да азарту – гуляў ў паблізкім Доме афіцэраў ці гарадзкім парку на грошы ў більярд! Толькі такім чынам ён адчуваў паўнату жыцьця і быў па-свойму шчасьлівы. Гэтаксама, як мае дзед з бабуляю бачылі шчасьце ў вырошчваньні кветак і дрэваў…

 

 


Зямельныя рэформы 1920-30-х гадоў, нягледзячы на ўсе праблемы і цяжкасьці, зь якімі яны праводзіліся ў ІІ Рэчы Паспалітай, усё ж палепшылі стан сельскай гаспадаркі Крэсаў. Аднак беларускія сяляне пакутвалі ад малазямельля, вёскі былі страшэнна перанаселеныя, а цэны на прамысловыя тавары шырокага ўжытку (запалкі, соль, газа, тытунь) значна перавышалі цэны на сяльгаспрадукцыю. У дадатку санацыйная ўлада праводзіла палітыку прымусовай палянізацыі і паліцэйскія рэпрэсіі. Гэткімі незайздроснымі ўмовамі жыцьця і тлумачыцца падатлівасьць некаторай часткі сялянства на бальшавіцкую прапаганду з СССР.

Вось што ўспамінаў беларускі дзеяч самадзейнага мастацтва, кампазытар і пэдагог Алесь Шыдлоўскі (1911-2002), зь якім мне даводзілася сустракацца ў пачатку 1990-х. …Наш бацька быў пісьменны, таму хацеў, каб і дзеці былі такія ж. Хаця ў сям’і ўсе дарослыя шмат працавалі, жылі мы дрэнна. Зямлі, да таго ж неўрадлівай, пяшчанай, было мала. Іншых заробкаў, як калісьці да вайны ў Смаргоні, не было. Лепшая зямля належала польскім абшарнікам і магнатам. Каб умацаваць сваю ўладу на землях Заходняй Беларусі, польскі ўрад сяліў тут асаднікаў, даваў ім бясплатна лепшыя кавалкі зямлі…
І гэта была праўда.

Крыўдлівая малпачка

Згадваючы гарадзенскае жыцьцё міжваеннага перыяду, немагчыма абыйсьці яскравую і адначасна трагічную постаць заснавальніка мясцовага заапарку Яна Каханоўскага. Ён быў аднагодкам майго дзеда (нарадзіўся ў 1894 годзе) і працаваў у 1920-30-я гады выкладчыкам прыродазнаўства ў гарадзенскай гімназіі імя Адама Міцкевіча. Яшчэ ў 1926 годзе Каханоўскі пасьля карпатлівай падрыхтоўкі заклаў непадалёк гімназіі на частцы сучаснага гарадзкога парку імя Жылібэра Батанічны сад, які займаў плошчу 0,3 га і пад канец 1920-х у ім налічвалася 830 розных відаў раслін, дрэў і кустоў.

Адначасна Ян Каханоўскі засноўвае ў гімназіі прыродазнаўчы музей і заалягічны аддзел батанічнага саду. Пасьля ў яго зьяўляецца ідэя стварэньня ў Гродне сапраўднага заапарку. Аднак для разьмяшчэньня жывёлаў патрабавалася спэцыяльная тэрыторыя. Ідэю Яна Каханоўскага падтрымалі ў мясцовым Таварыстве аматараў прыроды. Урэшце, пасьля абіваньня парогаў розных уладных ўстановаў і магістрату, Таварыства аматараў прыроды дамагаецца, каб Гарадская Рада сваёй пастановай ад 2 верасьня 1929 году перадала пад заапарк велатрэк па вуліцы Станіслаўскага (цяпер Ціміразева). Больш за тое, на просьбу Яна Каханоўскага, Рада выдаткавала 250 злотых на рамонт агароджы будучага заапарка і 350 злотых на перанясеньне зьвяроў і птушак на новае месца. У 1936 годзе гарадзенскі заапарк налічваў каля 400 экспанатаў, сярод якіх былі такія экзатычныя для Крэсаў драпежнікі як тыгр, леў і леапард.

 

 

 


– Неяк, ці то ў 1937-м ці то ў 1938-м маці мяне павяла ў заапарк, – успамінае мой бацька Ігар Гумянюк. – З правага боку ад галоўнага ўваходу знаходзіліся клеткі з малпамі. Дык вось адна малпачка, якую звалі Коко, гуляла свабодна па-за клеткамі, бо была хворая. Зазвычай дзеці яе клікалі “Koko, chodź na magistracką zupę!” і давалі розныя прысмакі. Паколькі ў мяне ў руках была вялізная маркоўка, дык Коко кінулася да мяне. А калі я не зажадаў дзяліцца з малпай апэтытным ласункам і схаваў маркоўку за сьпіну, яна ўчапілася ў мае буйныя кучаравыя валасы і пачала верашчаць. Я, натуральна, страшэнна перапужаўся і заплакаў. Уратаваў мяне нехта з даглядчыкаў заапарку…

У 1930-я Ян Каханоўскі жыў на вуліцы 11 лістапада (цяпер, па іроніі лёсу, вуліца 17 верасьня), зусім непадалёк ад вуліцы Юзэфа Панятоўскага, дзе знаходзілася хата маіх продкаў. Фактычна, у невялічкім Гродне, у якім на 1931 год пражывала 49932 жыхары, і Батанічны сад, і гімназія імя Адама Міцкевіча, і новаўтвораны заапарк знаходзіліся непадалёк.

Паколькі заапарк разьвіваўся, дык патрабаваліся тэрыторыі для пашырэньня. Таварыству аматараў прыроды не па кішэні было купляць зямлю з маёнтку Станіславова. Тым больш уладальнік маёнтку князь Ян Марыя Друцкі-Любэцкі запрасіў за неабходныя для заапарка 0,4 га ажно 13000 злотых. Нават Рада магістрата вагалася: ці варта выдаткоўваць такую суму грошай. Аднак 23 верасьня 1937 году Рада адзінагалосна дала згоду на набыцьцё тых земляў для заапарка.
У гады фашыстоўскай акупацыі заапарк быў разбураны. Лепшыя экзэмпляры жывёлаў немцы вывезлі ў Кёнінгсбэрг, а заснавальніка заапарку Яна Каханоўскага расстралялі ў 1942 годзе…

Савецкі маскарад

Да канца 1939 году саветы нацыяналізавалі ў Гродне 23 прадпрыемствы. Сярод іх шклозавод, фанерную фабрыку, велазавод, тры лесапільні. Напрыканцы 1940-га ў Гродне ўжо дзейнічалі 33 прадпрыемствы, у тым ліку дзьве тытунёвыя фабрыкі, фанерны завод, хлеба- і мясакамбінаты, два гарбарныя заводы, абутковая фабрыка, піўзавод, на якіх агулам працавала каля 3 500 рабочых. Фактычна, заслуга саветаў тут невялікая, бо большасьць з тых прадпрыемстваў дзейнічала і за польскім часам, хіба што цяпер яны сталі дзяржаўнымі.

 



Уласьцівая для бальшавіцкай улады гігантаманія, паказуха, некампэтэнтнасьць і неадукаванасьць былі навідавоку. Саветаў шакіраваў узровень жыцьця гарадзенцаў.
Натуральна, што савецкія начальнікі імкнуліся пасяліцца ў асабняках «польскіх паноў». Даспадобы партыйным бонзам прыйшлася будыніна па Астроўскага № 11 - Год пабудовы 1936. Дом інжынера-геадэзіста Высоцкага. Пасля 1939 г. – канфіскаваны на карысьць партыйнага кіраўніцтва горада. Пасьля Другой сусветнай вайны ажно да канца 1980-х у ёй жылі высокапастаўленыя партыйныя начальнікі, сярод якіх і найбольш вядомы сакратар гарадзенскага абкама КПБ Леанід Кляцкоў. Пасьля будынак перадалі музычнай школе. А зараз там разьмясціўся Гродзкі цэнтр сацыяльна-псіхалягічнай дапамогі.

Бальшавіцкая „дабразычлівасьць”

Некаторыя пракамуністычныя гісторыкі тлумачаць рэпрэсіі НКВД на Крэсах супраць ні ў чым невінаватых людзей нібыта шырокім „рухам польскага супраціўленьня”, які разгарнуўся ў 1940-1941 гг. Насамрэч, і гэта зараз прызнаецца навукоўцамі ў сучаснай Расеі, праводзілася планамерная палітыка генацыду. Прычым вывозілі ня толькі палякаў. Вось, напрыклад, сусед маіх продкаў з вуліцы Юзафа Панятоўскага доктар Беклемішаў быў чыстакроўным расейцам. І ягоная састарэлая служанка па прозьвішчы Малова таксама была расейкай. І жылі яны ў Гродне яшчэ з царскіх часоў. У несыстэматызаваным дзёньніку майго прадзеда Івана Людвікавіча Сарокі ёсьць кароткі запіс:
“увезли Б.К.Л. (г.зн. Беклемішавых. – аўт.)
Старушка Малова падаравала маёй бабулі Галіне на разьвітаньне ікону Божай Маці ў срэбным акладзе.” 

 

 



Беклемішавых саслалі ў Казахстан і, як пасьля ўдалося даведацца, доктар і там знайшоў прымяненьне саім ведам – згодна клятве Гіпакрата дапамагаў хворым. А пасьля вайны нават стаў прафесарам. Найбольш масавыя дэпартацыі жыхароў Крэсаў бальшавікі праводзілі ў лютым, красавіку, чэрвені 1940-га, а таксама напярэдадні вайны – у чэрвені 1941-га. Агулам за пэрыяд з кастрычніка 1939 г. да 20 чэрвеня 1941 г. з Крэсаў было дэпартавана больш за 120 тысяч чалавек. На 1939-1941 г. (?) начальнікам НКВД у Гродне быў расеец Міхаіл Адзінцоў.

Права на жыцьцё і працу

Як я ўжо пісаў, пасьля верасьня 1939 году ў Гродне панавала атмасфэра панічнага страху перад бальшавіцкімі рэпрэсіямі. Людзі давалі веры ўсялякім прымхам і забабонам. Маўляў, вывозяць толькі тых, у каго ў дакумэнтах ёсьць лічба 3 (у гонар сумнавядомых сталінскіх судоў-троек). Той, хто знаходзіў гэтую лічбу, маліўся ўдзень і ўначы, каб толькі не надарылася бяда. Магчыма, маіх продкаў і выратавала тое, прабабка Алена Сарока ўзяла да сябе на кватэру трох афіцэраў-танкістаў, якія пакінулі з пачаткам вайны свае рэчы, у тым ліку патэфон з наборам кружэлак. Акрамя запісаў папулярных у той час мэлёдый кшталту „Рыё-Рыта”, у тых танкістаў былі таксама і кружэлкі з прамовамі Сталіна. Калі ў чэрвені 1941-га прыйшлі новыя „гаспадары жыцьця” – немцы, мой дзед Юзаф Гумянюк у жаху парубаў сякерай гэтыя кружэлкі за прыбіральняй на дробныя кавалкі…

Пакуль жа савецкая ўлада заангажавала Юзафа Гумянюка, як інжынера-геадэзіста (сваіх спэцыялістаў, якія б так дасканала ведалі рэгіён, у саветаў не было) у райсяльгасуправу, цэнтральная кантора якой знаходзілася ў Беластоку. Вось і даводзілася дзеду часта шыбаваць у Беласток і назад. Каб мець дадатковую карысьць, ён прывозіў у Гродна схаваны ў жаночых панчохах страшэнна дыфіцытны на той час цукар. Нават 72-гадовы Іван Людвікавіч Сарока ня быў пры першых саветах беспрацоўным, як за польскім часам. Як вынікае з ягонай легітымацыі „Прафесіянальнага саюзу рабочых лесу і сплаву цэнтральных і паўднёвых раёнаў” з верасьня 1940-га па чэрвень 1941-га, ён працаваў кур’ерам Гарадзенскай Сплаўканторы.

 

 



Такім чынам цалкам верагодна, што праблема беспрацоўя пры саветах неяк вырашалася. Вырашалася і праблема з адукацыяй. Загадваў гарадзкім аддзелам народнай адукацыі жыд Нохім Гіршавіч Шапіра. Адукацыі надавалася на Крэсах асаблівая роля. І ня толькі ў барацьбе з непісьменнасьцю, а як інструмэнту ідэалягічнай апрацоўкі маладога пакаленьня. У 1940-41 гг. у Гродне дзейнічала 9 сярэдніх, 10 няпоўных сярэдніх і 2 пачатковыя школы, у якіх займалася 11 584 вучні. Гэта было значна больш, чым за польскім часам. У дадатку ў Гродне працавала 27 школ для дарослых, у якіх вучылася 1854 асобы. Колькасьць настаўнікаў у школах узрасла з 220 да 360. Каб рыхтаваць новыя кадры для сыстэмы адукацыі, у 1940-м у Гродне адкрылася першая вышэйшая навучальная ўстанова – настаўніцкі інстытут. Дзейнічалі тут да вайны 2 тэатры, 5 кінатэатраў, з бібліятэкі і 9 дзіцячых садкоў…

«Ратуйся хто можа!»

У Гродне, як і ў дзесятках іншых гарадоў тыдышняй БССР, на якія 22 чэрвеня 1941 году пасыпаліся нямецкія бомбы, была неверагодная паніка, і людзі інстынктыўна дзейнічалі паводле прынцыпу самазахаваньня – «ратуйся хто можа». Навучаныя і загартаваныя досьведам Першай сусветнай і Польска-бальшавіцкай войнаў, гараджане ў першую чаргу імкнуліся назапасіцца прадуктамі харчаваньня ды іншымі рэчамі першай неабходнасьці. Таму й ня дзіва, што найбольш прывабнымі для натоўпу аказаліся «багатыя» вайсковыя харчовыя склады. Кожны браў тое, што мог пацягнуць. Нярэдка ў хаатычнай барацьбе за прадукты ўзьнікалі патасоўкі. Сваякі прыгадвалі красамоўны выпадак, калі састарэлая жанчына каціла па вуліцы бочку таплёнага масла, а маладзейшаму за яе мужчыну дасталася толькі дошка ад расьціснутай натоўпам падобнай бочкі, але толькі з парэшткамі масла. Дык той спрытнюга заляпіў гэнай дошкай з маслам кабеце ў твар, перахапіў бочку ды ўцёк…
За два-тры дні анархіі і безуладзьдзя ў Гродне, гараджане пачысьцілі ўсе дзяржаўныя харчовыя склады і крамы. Зрэшты, аб'ектам іхняга зацікаўленьня былі ня толькі масла, хлеб і кансэрвы. Бралі таксама і сухі сьпірт, а таксама сьпірт у выглядзе жэле, які выкарыстоўвалі для распальваньня прымусаў. Мой дзед Юзаф Гумянюк нават «наведаў» два пакінутыя саветамі танкі.

 

 



– Ён сьпярша праз люк у башні залез у адзін танк, а пасьля ў суседні, – успамінае мой бацька Ігар Гумянюк. – У выніку мы займелі два танкавыя гадзіньнікі з двухтыднёвым заводам. Гадзіньнікі ў танках мацаваліся на чатырох шрубах, таму іх нескладана было адкруціць. Адзін, здаецца, хутка прадалі, а другі працяглы час быў аздобай нашай кватэры. Мая маці абшыла гадзіньнік прыгожай тканінай, і ён натуральна ўпісаўся ў інтэр'ер…

Як і ў выпадку з «першымі саветамі», да немцаў таксама трэба было прыстасоўвацца, каб выжыць, каб перажыць чарговую акупацыю. Нямецкая жандармэрыя ды іншыя дапаможныя службы зьявіліся ў Гродне толькі на трэці дзень пасьля бамбардаваньня і панічных уцёкаў саветаў. Немцы прыехалі на матацыклах і высокіх конных павозках ды спыніліся «перадыхнуць» на рагу ў злучэньні былой вуліцы 11 лістапада і вуліцы Міцкевіча (якраз непадалек цяперашняй сядзібы Саюзу палякаў Беларусі). Тады там узвышаўся вялізны драўляны крыж (адразу пасьля вайны саветы гэты крыж сьпілавалі – аўт.). Прывітаць «вызваліцеляў ад бальшавізму» выйшла фраў Кляйншмітова, якая лічылася фальксдойчамі і яшчэ некалікі ейных каляжанак, што жылі па суседзтву. Яны прынесьлі мядніцы з цёплаю вадою, чыстыя ручнікі, нават прапанавалі нямецкім афіцэрам напарфумавацца «фірмовым адэкалёнам», прыхаваным яшчэ з польскага часу…

У палоне наіўных спадзяваньняў

Натуральна, як і ў выпадку з „першымі саветамі”, мясцовыя жыхары наіўна спадзяваліся, што ў горадзе запануе дэмакратычнае самакіраваньне, а колішнім гаспадарам вернецца прыватная ўласнасьць. Практычныя немцы выкарысталі анітысавецкія настроі польскай грамадзкасьці, і таму сьпярша на чале цывільнай адміністрацыі паставілі палякаў: зь ліпеня па верасень 1941 г. абавязкі гарадзкога камісара Гродна выконваў колішні польскі судзьдзя Завадзкі, пасьля – Зыгмунт Гарбачэўскі. Тое, што галоўныя адміністрацыйныя пасады займаюць адно палякі, незадавальняла беларускіх нацыяналістаў, бо і яны прэтэндавалі на тыя пасады.

 



Урэшце, немцы, праводзячы палітыку „падзяляй і валодай”, разагналі польскую цывільную адміністрацыю, а частку польскай інтэлігенцыі (у тым ліку і судзьдзю Завадзкага) улетку 1942 г. расстралялі. Таму надалей пасаду бургамістра Гродна на працягу ўсяго пэрыяду акупацыі займаў немец Штэйн.
Ідэалягічная прапаганда пры немцах была пастаўленая на найвышэйшую ступень. 15 кастрычніка 1941 г. Гродна перайменавалі на Гартэн. Родная вуліца маіх продкаў – Юзэфа Панятоўскага – стала называцца Блюхерштрасэ, а вуліца Ажэшкі – Гітлерштрасэ. У самым пачатку акупацыі з самалётаў немцы раскідалі рознакаляровыя антысавецкія ўлёткі. Як успамінаў мой бацька, яны, малалетнія хлапчукі, лёталі па вуліцы і зьбіралі гэтыя паперкі. На адной з улётак Сталін быў пэрсаніфікаваны ў асобе двулікага Януса, з аднаго боку твару якога выяўлены хцівы жыд, а з другога – жабрак-селянін. Пад малюнкам знаходзіўся наступны тэкст:

                                    Хаим денежки считает,
                                    А колхозник голодает.
                                    Так у нас заведено
                                    Батькой-Сталиным давно.

Улётак было шмат, і зьбіралі іх збольшага не дзяля таго, каб купіцца на прапаганду, а для распалкі печак.

Некалькі месяцаў ад пачатку акупацыі за цяперашнім хлебакамбінатам у раёне вуліцы Дзяржынскага немцы стварылі лягер для савецкіх ваеннапалонных. Сярод палоных было шмат майстравітых хлопцаў, і яны за хоць якія харчы выразалі з дрэва ці фанэры розныя вырабы – лыжкі, дудачкі і самалёцікі. Таму дзеці, захопленыя гэтымі „цудамі”, усімі праўдамі і няпраўдамі вымольвалі ў бацькоў які кавалак хлеба ці яблык для палонных. Сьпярша нямецкая ахова нават не рэагавала на частыя візыты дзяцей да палонных, а пасьля гэты лягер некуды перанесьлі.

Праца вызваляе?

 



Нягледзячы на ўсе цяжкасьці ваеннага часу, нямецкім акупацыйным ўладам удалося наладзіць у Гродне прамысловую вытворчасьць і гандаль, якія, вядома, працавалі на карысць Рэйху. Паводле распараджэння рэйхсміністра акупаваных тэрыторыяў Альфрэда Розэнбэрга, усё насельніцтва ва ўзросьце ад 18 да 45 гадоў павінна было несьці абазковую працоўную павіннасьць.

Вось і мой дзед Юзаф Гумянюк уладкаваўся амаль паводле спэцыяльнасьці – ва ўстанову Grunstuckgesellschaft, якая займалася геадэзічнымі распрацоўкамі, добраўпарадкаваньнем і азеляненьнем Гродна і ваколіцаў. Балазе дзед валодаў нямецкай мовай і нават гатычнай каліграфіяй, што й дапамагло ў працаўладкаваньні.
Установа Grunstuckgesellschaft знаходзілася ў былым асабняку вядомага ў 1910-1930-я лекара Аляксандра Тальгейма (1873-1937), які працяглы час працаваў галоўным лекарам гарадзенскага гарадзкога шпіталю. Пабудаваны Тальгеймам у 1911 годзе асабняк няблага захаваўся і дагэтуць (цяпер вуліца Леніна, 22).

У пляны ўстановы Grunstuckgesellschaft уваходзіла, між іншым, рэстаўрацыя Швайцарскай даліны. Праз гады дзед успамінаў, што супрацоўнікам канторы немцы ў якасьці службовай пайкі давалі выцяжку з малака – „масьлянку”. Увогуле, нават для прывілеяваных супрацоўнікаў харчовыя і прамысловыя тавары разьмяркоўваліся па картках. Нормы вызначаліся паводле катэгорыяў. Але тыя нормы былі мізэрныя. Каб ня ўласная гаспадарка, дык давялося б зусім цяжка. Хто меў запасы мукі, дык выпякаў хлеб ці булкі сам, у адсутнасьць печыва ратавала бульбяная бабка. Суп у горшым выпадку варылі зь лебяды ці крапівы. Але, нягледзячы на абмежаваньні нямецкіх акупацыйных уладаў, нават пад бокам самога унтэрштурмфюрэра СС Эрыха Шота, які пасяліўся ў колішнім доме былога суседа маіх продкаў – сасланага саветамі доктара Беклемішава – яны трымалі дзьве сьвінкі і больш за сорак курэй. У дадатку сад надалей даваў добры ўраджай, а фрукты можна было прадаваць на базары. Дый нямецкія афіцэры, падначаленыя Эрыха Шота, часценька завітвалі, каб набыць сьвежую гародніну для закусі…

Немцы страшэнна баяліся інфэкцыйных захворваньняў, таму, калі жандары прыходзілі з чарговым вобыскам, ці праводзілася нейкая плянавая „зачыстка”, мая цётка Таіса, згодна рэкамэндацыі бацькоў, тэрмінова клалася ў ложак у якасьці „ахвяры” тыфу ці шкарлятыны. Жандары ў такім выпадку, патыркаўшы багнэтамі ў матрацы, хутка выляталі з хаты. Каб народжаную ў 1929 годзе Таісу ня вывезьлі на прымусовыя працы ў Нямеччыну, ёй падрабілі мэтрыку і на год амаладзілі.

Дзіцячыя свавольствы

Вайна не вайна, а дзецям заўжды хочацца забаўляцца і свавольнічаць. Натуральна, захапленьнем аднагодкаў майго бацькі былі самалёты, якія ў якасьці аэрадрому выкарыстоўвалі поле за агародам майго дзеда і домам інжынэра-чыгуначніка Астроўскага. Гэта былі самалёты дапаможнай авіяцыі, так званыя лёгкія jednopłatowce, ці, як іх называлі ў народзе – bociany. Лётнікі жылі на вуліцы Рэйманта і, нават, калі былі ў добрым гуморы, дазвалялі дзецям дакранацца ці ўлазіць на свае машыны.

 


Натуральна, што ў адсутнасьць жонак, нямецкія афіцэры і жаўнеры карысталіся паслугамі прастытутак. ССман Эрых Шот трымаў у сябе цэлы гарэм „рабыняў каханьня”. Яны ў трывожнай зьнямозе чакалі вяртаньня з працы свайго пана, і калі чулі набліжанае гудзеньне матора ягонага самаходу, дык высоўваліся ў вакно з прывітальнымі сьпевамі. Дык вось мой бацька з сябрамі навучыліс падрабляць з дапамогай адмысловага мэталёвага кола гудзеньне таго самаходу. І часьцяком запускалі гэтую „тарахцёлку”. Пачуўшы знаёмыя гукі, прастытуткі высоўваліся ў вакно і пачыналі сьпяваць. А дзеці заходзіліся ад рогату, бо ніякі самаход не прыязджаў! Урэшце, „рабыні каханьня” выкрылі парушальнікаў іхняга спакою і больш не сьпявалі.

У доме Эрых Шот трымаў мажнага бульдога. Сабака быў добра натрэніраваны і хапаў свае ахвяры мёртвай хваткай. Зазвычай ён любіў сядзець ля дзьвярэй свайго гаспадара. Таму па вуліцы побач з хатай ССмана трэба было праходзіць павольна, бяз рэзкіх рухаў, каб ня выклікаць агрэсію ня менш грознага сабакі. Аднойчы Юрка Сова праігнараваў папярэджаньні сяброў і вырашыў прабегчыся пад носам у бульдога! Сабака ў адным скоку схапіў Юрка за дупу і не адпусьціў. Хлапец заверашчаў на ўсю Блюхерштрасэ, пакуль з дому ня выскачыў афіцэр і са страшнай лаянкай, скіраванай як на бульдога, так і на Юрка Сову, не забраў сабаку дадому…

Нямецкія акупацыйныя ўлады ўдала разыгралі нацыянальную карту, пасварыўшы палякаў зь беларусамі і нацкаваўшы іх разам супраць жыдоў. Зрэшты, так званыя Kresy Wschodnie заўсёды былі вельмі складаным этнакультурным рэгіёнам, бо карэнныя беларусы не любілі польскіх асаднікаў у міжваенны пэрыяд, а жыдоўскія пагромы здараліся яшчэ ў часы царскай Расеі.

 

 



Паводле зьвестак нямецкіх акупацыйных уладаў, на 29 ліпеня 1941 году ў Гродне пражывала 21500 палякаў, 18560 жыдоў, 5200 беларусаў, 2060 рускіх, 122 фальксдойчы, 48 літоўцаў і 320 чалавек іншых нацыянальнасьцяў. Натуральна, што немцы рабілі стаўку ў першую чаргу на фальксдойчаў, якія павінны былі прадастаўляць радаслоўную і даказаць сваю прыналежнасць да нямецкай нацыі. У Гродне акупацыйныя ўлады прадугледжвалі пакінуць толькі 20 тысячаў мясцовых жыхароў і пасяліць 10 тысячаў нямецкіх каляністаў. Жыдоў сагналі ў два геты, якія ў сакавіку 1943 году былі зьліквідаваныя. Паводле справаздачы гарадзенскага павятовага камісара фон Плетца ад 5 сакавіка 1943 году шэфу грамадзянскай ўправы Беластоцкай акругі, у канцэнтрацыйныя лягеры было вывезена 20 577 жыдоў…

Фальксдойчы і Крушэўскі

Мае продкі былі добра знаёмыя зь некаторымі фальксдойчамі – жылі ж у адной дзяльніцы. Сярод фальксдойчаў варта згадаць пра радзіну Вагнэраў, дом якіх няблага захаваўся й дагэтуль. Цяпер у ім разьмясьціўся салён татуіровак, нібы згадка пра скандальнавядомага ў паваенныя савецкія часы актора Гарадзенскага драматычнага тэатра Мікалая Вагнэра. Мікалай Вагнэр шакіраваў зацюканых саветаў сваёй артыстычнай паставай. Ён хадзіў у доўгім чорным плашчы з накінутым паверх і апавітым некалькі разоў вакол шыі доўгім белым шалікам, у дадатку меў яшчэ адзін атрыбут - чорны каўбойскі капялюш. Шпацыраваў актор па горадзе з прыручанай варонай на плячы. Элементам экстраваганцыі былі таксама белыя пальчаткі, якія ён дэманстратыўна доўга, па-тэатральнаму, здымаў, калі купляў нешта на мясцовым рынку. Ягоны малодшы брат Віктар ажаніўся са сваёй настаўніцай і, здаецца, зьехаў у сталіцу. Але ўсё гэта было ўжо пасьля вайны. Згаданы і прыгожы ў архітэктурным сэнсе дом збудаваў іх бацька, які быў яшчэ ў міжваенны час вядомым ў Гродне столярам.

 

 



Мая прабабка Алена Сарока і бабка Галіна сябравалі з радзінай Кальхэртаў. Стары Кальхэрт падчас акупацыі быў кіроўцам у нейкай нямецкай фірме і надта ж любіў, паводле старой нямецкай традыцыі, піць скрынкамі піва. Мой бацька ўспамінаў, што іх, малалетніх хлапчукоў, надта ж забаўляў ягоны трохколавы самаход. Зрэшты, стары Кальхэрт добра разьбіраўся ў мотатэхніцы, і нават пасьля вайны, у пачатку 1960-х дапамог майму бацьку адрэмантаваць сапсаваны ў выніку аварыі матацыкл.

Падчас акупацыі ў маёй прабкі Алены Сарокі на кватэры жыў колішні сяржынт польскага войска Крушэўскі. Ён яшчэ пры паляках меў вялікі поцяг да сьпіртнога, таму й разыйшоўся з жонкай. Саветаў ён страшэнна баяўся, затое пры немцах акрыяў, уладкаваўшыся кіроўцам у кантору Reifaisen. Езьдзіў ён на савецкім грузавіку ЗИС-5 з газагенэратарным рухавіком.

– Дзіўны гэта быў рухавік, – згадвае мой бацька Ігар Гумянюк. - За кабінай былі дзьва бакі, у дадной зь якіх знаходзіліся невялічкія драўляныя цуркі. Яны пры спальваньні выпрацоўвалі газ. Таму машына, як сёньня гэта ня дзіўна, заводзілася з дапамогай запалак!

Крушэўскі развозіў прадукты харчаваньня, а таксама зерне на млын. І, натуральна, заўсёды знаходзіў магчымасьць змахляваць і напіцца. Адметна тое, што ён, нават моцна пьяны, добра вадзіў грузавік, але, калі ставаў на зямлю, дык валіўся з ног. Таму мая прабабка цягнула яго дамоў, каб не валяўся пад плотам і не трапляўся, барані Божа, на вочы ССманам, якія жылі зусім побач. З другога боку, Крушэўскі быў вельмі прыдатны, бо меў мажлівасьць прывезьці дэфіцытнага зерня для кураў.

Найбліжэйшы млын знаходзіўся ў будынку насупраць заапарку. Належаў ён немцам, але й там мелася магчымасьць змалоць тое зерне, чым многія гараджане і сяляне з навакольных вёсак карысталіся. Акрамя таго, непадалёк дому маіх продкаў (цяпер вул. 17 верасьня) знаходзілася прыватная пякарня пана Гарсткі, у якую заўсёды былі вялізныя чэргі па хлеб, бо выдаваўся ён усё ж па нямецкіх картках. Паколькі не заўсёды ўдавалася набыць хлеб у той пякарні, дык часам, калі знаходзіліся нейкія запасы мукі, хлеб пяклі ў хаце. Прычым пяклі не на лісьце капусты, як гэта рабілі на вёсцы, а ў адмысловай мэталёвай процьвені, бы сапраўдны пірог!

Культурная альтэрнатыва

Нягледзячы на ўсе жахі акупацыйнага пэрыяду, людзі ў Гродне жылі „ня хлебам адзіным”. Каб не перарываць працэс адукацыі, многія дзеці (чые бацькі на тое маглі сабе пазволіць) займаліся ў прыватных настаўнікаў. У маёй цёткі Таісы захаваўся альбом (дзяўчаты ў падлеткавым ўзросьце некалі заўсёды рабілі альбомчыкі з прыгожымі карцінкамі) з малюнкам прыватнай настаўніцы, якая жыла на вуліцы Аградовай (цяпер М.Багдановіча). Карысталіся посьпехам прыватныя заняткі ў паняў Будрэвічовай, Барэвічовай, Асканавай.

А вось радзіна Лютэровічаў, якія жылі на вуліцы Рэйманта, арганізавала сямейны тэатар. Прыбралі ў вялікім сараі адну сьцяну, выйшла цалкам неблагая сцэна. У якасьці актораў выступалі зазвычай дзеці. Для іх гульня ў актораў была адначасна і формай адукацыі, бо спэктаклі ставіліся паводле літаратурнае клясыкі. Публіка – суседзі з навакольных вуліц – сядзела на расстаўленых у агародзе лаўках. Агарод у Лютэровічаў быў вялікі, і кожны прадстаўнік радзіны меў у ім сваю дзялку, на якой вырошчваў жыцьцёванеабходныя рэчы. Дзівацтвам (а мо сквапнасьцю?) можна палічыць тое, што прадукты з тых дзялак кожны зь Лютэровічаў хаваў пад сваім ложкам.

 

 

 


У асабняку на скрыжаваньні сучасных вуліц Рэйманта і Астроўскага, які на схіле СССР „прыхватызаваў” сабе забіты ў верасьні 1993 году кілерам мафіі былы дом старшыні гродзенскага аблвыканкаму Дзьмітры Арцыменя, перад вайной жыў настаўнік літаратуры („учитель прекрасной словесности»), які меў багатую бібліятэку. Нямецкія афіцэры, якія пасяліліся на першым паверсе асабняку, загадалі павыкідаць тыя кніжкі на вуліцу.

Сапраўднай сэнсацыяй у культурным жыцьці Гродна падчас нямецкай акупацыі стаўся канцэрт саліста Міланскага опэрнага тэатра і Нацыянальнага тэатра ў Празе Міхася Забэйды-Суміцкага, арганізаваны Беларускім Нацыянальным Камітэтам (БНК) у Беластоку. Філія БНК дзейнічала і ў Гродне. Мая бабуля Галіна пасьля доўга ўспамінала гэты канцэрт, гаворачы, што выступ Міхася Забэйды-Суміцкага быў „промнем сьвятла ў цямрэчы” і нагадваў пра шчасьлівыя 20-30-я гады…


Актыўна дзейнічала ў пэрыяд нямецкай акупацыі і „Рускае таварыства” („Русский комитет»), адным зь дзеячаў якога быў Канстанцін Іванавіч Драздоўскі (пасьля вайны - сьвёкар маёй цёткі Таісы). Пра яго мне ўжо даводзілася распавядаць раней. Удзельнічаў Драздоўскі ў гэтым таварыстве толькі таму, што яно мела моцны праваслаўны ўхіл. А Канстанцін Іванавіч сьпяваў у хоры Пакроўскага сабору і быў набліжаны да архібіскупа Бенядзікта. У той час асабістым кіроўцам архерэя быў Аляксей Рымарчук, які жыў у доме на скрыжаваньні цяперашніх вуліц Славацкага і 17 верасьня. Аляксей таксама прыгожа сьпяваў, а пасьля вайны стаў служыць у царкве дыяканам. Зьбіралася праваслаўная інтэлігенцыя на „пасядзелкі” ў доме хроснай майго бацькі Лідзіі Сямашкі. Яе двухпавярховы дом не захаваўся, ён знаходзіўся на рагу цяперашніх вуліц Дзяржынскага і Першага мая, перад дыхтоўнай камяніцай, якая належала да вядомай ў міжваенны пэрыяд лякаркі-дантысткі Яніны Сыртаўт (Janina Syrtowtt). У адной з кватэраў той камяніцы ў 1944-1951 гг. жыў вядомы беларускі кампазытар і грамадзкі дзеяч Рыгор Шырма. На камяніцы ў ягоны гонар усталявана мемарыяльная шыльда.

 



Чырвоная шуба рабіна

Паколькі таксовак у сёньняшнім разуменьні гэтага слова падчас акупацыі не было, дык нармалёва працавалі dorozki. Dorozkarzami былі ў асноўным беззямельныя мужыкі з паблізкай вёскі Пярэселка (Przesiolka). Акрамя гэтай прафэсіі, многія зь іх былі паробкамі ў багацейшых гаспадароў Кізюкевічаў, Аніськаў і Арановічаў ці наёмнымі музыкамі, што гралі ды сьпявалі на вясельлях ці іншых урачыстых імпрэзах. Адтуль і пайшла прымаўка „Orkiestra gra – Przesiolka tanczy”. Dorozkarzem быў таксама і мой другі дзед (бацька маці) Казімер Друцкі (1903-1977). Ён меў дарожку з шыкоўным скураным капюшонам і вельмі разумнага каня, які заўсёды прывозіў пьянага заснулага гаспадара дадому. Больш за тое, нават грукаў дышлам у вароты, каб гаспадыня адчыніла браму. Нападпітку дзед Казімер сьпяваў характэрныя для жыхароў Пярэселкі прыпеўкі, кшталту:

                                    A mój ojciec furman furman.
                                    Co zarobi – wszystko kurwam.
                                    A jak nic on nie zarobi,
                                    To go pochowają w grobie…
                                    ……………………………….
                                    Jeden tydzień terpentyna.
                                    Drugi tydzień margaryna.
                                    A na trzeci grecznia kasza.
                                    Pierdolone życie nasze…

ССман Эрых Шот, які жыў па суседзтву ў былым доме доктара Беклемішава, па сьвятах таксама замаўляў сабе dorozkaza, хаця й меў службовы самаход. Але ж яму хацелася праехацца з форсам. Прычым „на службе” ў Эрыха Шота быў той самы dorozkaz, які езьдзіў у чырвонай шубе жыдоўскага рабіна, нібыта падараванай яму ССманамі пасьля экзэкуцыі групы мясцовых жыдоў. Людзі пляткарылі, што той dorozkaz быў адмыслова прыстаўленым да Эрыха Шота савецкім шпіёнам і меў сувязі з пракамуністычнай партызанкай. Што б там не пляткарылі, але ён зьнік бяссьледна разам зь немцамі падчас наступленьня саветаў на Гродна.

Выкарыстоўваючы замяшальніцтва падчас адступленьня немцаў, ягоныя калегі-dorozkaze зь Пярэселкі прыехалі, нягледзечы на страляніну, пад дом Эрыха Шота, высадзілі ламамі дзьверы і набралі сабе нямецкага дабра столькі, колькі зьмясьцілася ў павозкі, ды хуценька зьехалі. Мой дзед Юзаф прыцягнуў адтуль прыгожы круглы стол. Яго зрабілі для высокапастаўленага ССмана жыды з гарадзенскага гета. Гэты стол і цяпер упрыгожвае мой пакой. А вось Канстанціна Іванавіча Драздоўскага прывітаў той самы бульдог, што некалі на вуліцы схапіў за дупу хлапчука Юрка Сову. Дый так прывітаў, што не выпускаў Канстанціна Іванавіча з пакою. Як толькі Драздоўскі пасунецца ў бок дзьвярэй – бульдог кідаецца на яго. Ён некалькі гадзінаў прасядзеў пад наглядам бульдога ў крэсьле, пакуль ня сьцяміў, як выбрацца з гэткае пасткі. Выратавала нямецкая каска, што валялася на падлозе. Канстанцін Іванавіч падфудволіў тую каску і, пакуль сабака кінуўся за ёй, выскачыў куляй з пакою!

„Бомба зэгарова”

Падчас наступу саветаў ад бамбардыровак хаваліся ў падвалах дома інжынэра-чыгуначніка Астроўскага.  Гэта былі вялізныя, як для такога асабняка, памяшканьні, у якіх зьмяшчалася больш за сотню людзей. Прыходзілі хавацца сюды людзі з усіх навакольных вуліц. Прабабка Алена Сарока хавалася ў падвале сваёй хаты, бо трэба было пільнаваць маёнтак ад злодзеяў, для якіх бамбёжка – па-шчасьліваму спрыяльная нагода для рабунку.

 

 



– У падвалах дома Астроўскага набівалася столькі людзей, што яблыку не было дзе ўпасьці, – успамінае мой бацька. – Людзі прыцягвалі сюды коўдры і матрацы, самыя неабходныя рэчы. Памятаю, як ноччу мне страшэнна хацелася сікаць, і я ўпоцемку на кагосьці насікаў. Адна жанчына катала каляску зь дзіцем. Так мерна: „Тах-тах, тах-так, тах-тах”, што вельмі нагадвала хаду гучнага будзіка. Дык нехта з панікёраў як закрычыць: „Proszę państwa! Tu podłożona bomba zegarowa!”
Аднаго разу ў падвал прыйшоў зьбеглы з фронту немец, які ўжо не хацеў ваяваць. Людзі страшэнна напалохаліся ўзброенага дэзэртыра, бо падумалі, што іх зараз павядуць на расстрэл. Але немец здаў збою, раздаў людзям свой паёк, стаў паказваць свае дакумэнты, сямейныя фотаздымкі. Ён папрасіў схаваць яго да прыходу саветаў, а пасьля перадаць ім…

Настальгія па „райскім садзе”

Праглядаючы здымкі свайго дзяцінства, я крыху сумую па тых „бесклапотна-ружовых” часах, калі ўсё навокал патанала ў веснавой квецені і водар кветак урываўся ў расчыненае акно. Тады я, пэўна, не разумеў, што сад і агарод быў патрэбны дзеду і бабцы не дзеля раскошы. Ён іх карміў. Савецкая ўлада, адабраўшы ў прыватных ўласьнікаў апошняе, пакінула адно надзею на выжываньне. Утрыманьне саду ў 1960-70-я гады давала нейкі эфэкт. Тады рынкі не былі заваленыя, як сёньня, экзатычнымі бананамі, ківі ці ананасамі. Мандарынкі савецкім хлопчыкам і дзяўчаткам у дзіцячых садках ці ў школках даставаліся адно пад елачку на Новы год ці яшчэ па якіх значных сьвятах. У нас заўсёды было шмат вішняў, яблыкаў, грушаў, сьліваў, грэцкіх арэхаў і мора кветак. Ня кажучы ўжо пра звычайную гародніну. Бабуля штодня сядзела на Грандзіцкім рынку, а дзед падвазіў тавар.

 

 


Наколькі я памятаю, тадышнія бабулькі і дзядулькі адрозьніваліся ад сёньняшніх. Гэта былі парэшткі старой гарадзенскай шляхты ды інтэлігенцыі, што не здолела (ці не схацела) рэпатрыявацца ў Польшчу. І гандлявалі яны садавінай і гароднінай не з атрыманых ад савецкай дзяржавы лецішчаў (як цяпер), а з уласных агародаў, што захаваліся яшчэ з польскага часу. Мне запомніліся іх адухоўленыя твары і своеасаблівыя манэры паводзінаў. Яны істотна адрозьніваліся ад пазьнейшых калгасна-пралетарскіх грымасаў. Даўно няма ўжо тых крэсавякаў. Замест іх гандлююць цяпер інтэлігенты новай генэрацыі – колішнія выкладчыкі, лекары, інжынэры. І стаяць яны на тых рынках не ад няма чаго рабіць. Цяпер іх не называюць, як у часы Брэжнева, спэкулянтамі. Цяпер яны прадпрымальнікі!


І я разумею, чаму мой бацька Ігар Гумянюк у 1970-я не падносіў бабулі на базар вёдры зь вішнямі. Бо той Грандзіцкі рынак знаходзіўся побач з гарадзенскім райвыканкамам, дзе ён працаваў інструктарам.


Scroll to top