Аўтар дадзенага артыкула - гісторык архітэктуры, а таму доўгі час у яго не было такой нагоды, каб пацікавіцца, куды знікла ў 1944 г. палова насельніцтва Гродна згодна з перапісам 1939 г. Нам неаднаразова даводзілася праводзіць гісторыка-архіўныя і бібліяграфічныя даследаванні помнікаў архітэктуры Гродна, якія звязаны з імёнамі знакамітых гродзенскіх яўрэяў - Фрумкіным, Браўдэ, Відгочыкам, Шэрашэўскімі і г.д. Цалкам натуральна, што цікавасць наша пашыралася, паколькі ў рэшце рэшт ўдалося прасачыць лёсы галоўных гродзенскіх яўрэйскіх сем'яў да 1943 г.
Наогул напісана аб гродзенскім гета шмат, праўда не ўсё даступна, паколькі не перакладзена з іўрыта. Тым не менш англамоўныя выданні накшталт “Documents concerning the Murder of 29000 Jews of Grodno... Tel-Aviv 1989“, “Grodno, edited by Dov Rabin. Jurusałem 1973” i іншыя даюць дастаткова інфармацыі па гісторыі гродзенскага гета.
Пасля захопу Гродна нямецкімі войскамі летам 1941 г. большая частка гродзенскіх яўрэйскіх сем'яў засталася на месцы (ад’ехалі толькі партыйныя і савецкія работнікі). У верасні 1941 г. а на захопленых тэрыторыях адбылася адміністратыўная рэформа і Гродна ўключылі ў Беластоцкі округ нямецкага Рэйха. Напачатку шэфам гродзенскага СД быў маёр Gross, затым, напрыканцы 1941 г. - палкоўнік Errelis. Нам вядомы прозвішчы супрацоўнікаў гродзенскага СД напачатку вайны: Gross, Schott, Wiese, Streblow, Sandhop, Schulz.
Гета было арганізавана ў Гродне ў верасні 1941 г. а дакладней гэта былі два гета. Адно з іх вядома гродзенцам па шыльдзе на вуліцы Замкавай. Яно займала тэрыторыю так званага "Школьнага Двара", ахоплівала раён вуліцаў Вялікай і Малой Траецкіх уключаючы тэрыторыю старых яўрэйскіх могілак. Другое гета было арганізавана ў раёне цяперашняга аўтавакзала (тады Скідальскі рынак). Да 1 лістапада 1941 г. практычна ўсе гродзенскія яўрэі былі сагнаны ў два гэтыя гета. Сюды ж пазганялі яўрэяў і з навакольных вёсак. Тэрыторыя абодвух гета была агароджана высокім драўляным плотам паверсе якога цягнуўся калючы дрот. У свой час аўтару не ўдалося набыць даволі рэдкі здымак вуліцы Замкавай 1942 г. на якім відаць, што агароджа гета стаяла паміж тратуарам і праезджай часткай вуліцы.
У гета немцы арганізоўвалі самакіраванне: паліцыю, узброеную палкамі, управу, санітарна-медыцынскую службу і г.д. Старшынёй самакіравання гета быў гродзенскі доктар Бравер. Вядомы таксама імёны некалькіх членаў праўлення: адвакат Шулькес і купец Бас. Абодва засталіся жывыя. Функцыю начальніка паліцыі выконваў вядомы гродзенскі каліталіст Ноах Срэбрнік. Гэта была найбольш складаная фігура ў сістэме самакіравання гродзенскага гета. Яго дзейнасць часта выходзіла за межы дапусцімага супрацоўніцтва з фашыстамі. Ноах Срэбрнік у рэшце рэшт загінуў у канцэнтрацыйным лагеры. Дарэчы, яго ненавідзелі практычна ўсе вязні гродзенскага гета.
Жыхары гета працавалі як на сваёй тэрыторыі, так і па за яе межамі. Іх выводзілі асобнымі брыгадамі ў горад, дзе часцей за ўсе яны выконвалі будаўнічыя работы, шылі абутак для нямецкіх салдатаў, збівалі яшчыкі для патронаў і снарадаў. Пабегаў з гета практычна не было нават у 1943 г., калі ўжо шмат хто разумеў чым усё павінна скончыцца.
Яўрэйская паліцыя ў гета праіснавала нядоўга. 2 лістапада 1942 г. гестапа яе ліквідавала. З гэтага часу на тэрыторыі гета ўжо нельга было сустрэць чалавека ў спецыяльнай шапцы, з павязкай на руцэ і палкай. З самага пачатку знешнюю ахову гета несла гарадская паліцыя. Некаторы час гродзенскай гарадской паліцыяй кіраваў капітан Osterode. У функцыі паліцыі ўваходзіла выдача прапускоў, знешняя ахова, транспартыроўка грузаў у гета і адтуль. Паліцэйскія, за магчымасць пранесці ў гета харчы, бралі ў яўрэяў залатыя і сярэбраныя рэчы. Гестапа такі варыянт не задавальняў і з лістапада 1942 г. ахову гета сталі несці нямецкія салдаты. Пасля гэтага практычна цалкам знікла магчымасць мець нейкія стасункі з жыхарамі горада. Сярод вязняў гродзенскага гета не назіралася спробаў актыўнага супрацоўніцтва, стварэння падполля і г.д. Сітуацыя яўна рознілася ад таго, што назіралася ў Варшаве, Беластоку, Навагрудку. А калі быць зусім аб'ектыўным. невялікая падпольная арганізацыя ў гродзенскім гета ўсё ж узнікла напачатку 1942 г. У яе ўваходзілі Шая Хмельнік, Эліяш Танкус, Мірыям Папко і іншыя. Сябры гэтай грулы займаліся зборам інфармацыі, кантактамі з гета ў Беластоку, але спробаў актыўнага супрацоўніцтва не прадпрыймалі. Нават добра арганізаваная ў перадваенныя гады яўрэйская моладзь – харцэры з Хашамер Хацаіра ніяк не праявілі сябе ў адрозненні ад беластоцкіх аднагодак.
2 лістапада 1942 г. пачалася першая дэпартацыя яўрэяў з гродзенскага гета ў канцэнтрацыйныя лагеры. Каля двух тысяч чалавек з гродзенскіх гета і лагера Калбасіно былі вывезены ў Асвенцым. Да канца 1942 г. яўрэяў з Гродзенскага гета №2 і канцлагера ў Калбасіно цалкам вывезлі ў Асвенцым і Трэблінку, дзе практычна ўсіх знічтожылі. Праўда, прыкладна 1000 вязняў гета №2 перавялі ў гэты перыяд у гета №1, а прыкладна каля тысячы старых людзей, жанчын і дзяцей з гета №1 перавялі ва ўжо апусцеўшы лагер у Калбасіно, а затым вывезлі ў Трэблінку.
У студзені 1943 г. пачалася масавая дэпартацыя ў канцлагеры жыхароў гета №1 Спісы першай партыі складалі сумесна начальнік – СД Wiese і член самакіравання гета Шулькес. Адабраных для адпраўкі яўрэяў замыкалі ў галоўнай сінагозе, дзе любімым заняткам немцаў было практыкаванне ў стральбе ў жывыя мішэні. Вязні Мотэль Капельман, Нахум Кравец, Каплан і Гурэвіч раздабылі пісталет і спрабавалі напасці на Streblowa, але спроба аказалася няўдалай – усе яны былі забіты аховай гестапаўца. Падчас лютаўскай дэпартацыі вязні гета, якіх сабралі ў галоўнай сінагозе, збунтаваліся і спрабавалі ўцячы, але большасць іх усе ж не падтрымала. Праўда, некаторым бунтаўшчыкам усе ж удалося ўцячы.
Напрыканцы студзеня 1943 г. у беластоцкае гета прыбыў доктар Браўдэ, які ўцёк з Трэблінкі і распавядаў праўду аб канцлагерах. Інфармацыя дайшла і да Гродна. Праўда, кіраўніцтва яўрзйскага самакіравання і былы кіраўнік яўрэйскай паліцыі Н.Стрэльнік спрабавалі абмануць вязняў, маўляў, вязняў гета вывозяць толькі на новыя месцы працы, і што пры гэтым ніхто не пацярпеў. Урэшце рэшт доктар Бравер, быў немцамі забіты.
Алошні транспарт з гродзенскага гета – прыкладна тысяча вязняў. перш за ўсё работнікаў высокай кваліфікацыі – вывезлі з Гродна ў Трэблінку ў другой палове лютага 1943 г. У той самы час два члены Арміі Краёвай - капітан "Лось" і падхаружы "Страла" адбілі, пераалрануўшыся ў нямецкую форму, трох спецыялістаў па радыётэхніцы якраз падчас іх пагрузкі. У сярэдзіне сакавіка ў гета засталося трохі больш тысячы чалавек, у асноўным членаў яўрэйскага самакіравання. Іх вывезлі ў Трэблінку апошнімі. Праўда, з гэтай групы ўдалося збегчы 15 вязням. Вясной 1943 г. у Гродне засталося не больш за 20 яўрэяў.
Вось такая страшная гісторыя нашых гродзенскіх яўрэяў. У Гродна яўрэі пасяліліся вельмі даўно, хутчэй за ўсё яшчэ ў часы Гедэміна. Пачынаючы з 16 ст. яны складалі лалову насельніцтва горада. Аб укладзе яўрэйскага насельніцтва ў нашу культуру размова асобная. Навукоўцы. медыкі, купцы. выдатнейшыя краўцы, хавалі, ганчары і г.д. – усе яны стагоддзямі жылі разам з беларусамі і прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў у нашым горадзе. Фашызм практычна беззваротна сцер з зямлі каштоўнейшы пласт культуры і гістарычнай спадчыны.
Газета “Біржа Інфармацыі” 1999 г.
-
Катэгорыя: Content - Belarusian
-
Апублікавана 11 Май 2026