Перыяд уваходжання Заходняй Беларусі ў склад Польскай дзяржавы (Другой Рэчы Паспалітай) у 1921–1939 гг. з’яўляўся чарговым этапам развіцця айчыннай архіўнай справы. Пасля адступлення расійскай арміі і паспешлівай эвакуацыі органаў дзяржаўнай адміністрацыі ў 1915 г. на месцах засталася вялікая колькасць архіваў розных дзяржаўных устаноў павятовага і губернскага ўзроўню.

У далейшым яны, перажыўшы акупацыю нямецкімі войскамі і польска-савецкую вайну 1919–1921 гг., былі прыняты ўрадам Польскай дзяржавы на захаванне як частка гісторыка-культурнай спадчыны. На іх падставе было створана некалькі архіўных устаноў, найбольш значнымі з якіх з’яўляліся Дзяржаўны архіў у Гродне і Дзяржаўны архіў у Вільні.

Архіўныя матэрыялы, якія заставаліся ў г. Гродна, з лютага 1921 г., калі Гродзенскі павет увайшоў у Беластоцкае ваяводства, планавалася перавезці ў Беласток і ўключыць у склад Дзяржаўнага архіва ў Беластоку, утворанага яшчэ ў лютым 1920 г. Аднак гэты праект цяжка было рэалізаваць, бо ў цэнтры новастворанага ваяводства не мелася належнага будынка. Таму было прынята рашэнне, што архіў будзе мець часовае знаходжанне ў Гродне. І ўжо ў хуткім часе было прызнана мэтазгодным пакіданне матэрыялаў на месцы, а ў 1922 г. быў створаны асобны Дзяржаўны архіў у Гродне. Яго першым і адзіным у міжваенны перыяд дырэктарам стала Яніна Казлоўская-Студніцкая [8, s. 80].


Пра жыццё і дзейнасць гэтай архівісткі на сённяшні дзень вядома дастаткова мала. Некалькі даведак у біяграфічных слоўніках [1; 12, s. 54; 13; 15, с. 237–238], біяграфічны нарыс на чатыры старонкі [8], невялікі падраздзел у кнізе, прысвечаны яе эпісталярыі [16, с. 273–286], згадка ў біяграме яе мужа ў «Польскім біяграфічным слоўніку» [9, s. 124] і некалькі згадак у іншых артыкулах – вось, бадай, і ўсё, што напісана пра яе да цяперашняга часу. І гэта прытым, што значэнне яе постаці для міжваеннага Гродна было неверагодна большым. Пасля выезду ў 1930-я гг. дырэктара Дзяржаўнага музея ў Гродне Юзафа Ядкоўскага яна прэтэндавала на тое, каб называцца першым гісторыкам у горадзе, а яе сучаснік – прэфект гродзенскіх школ ксёндз Людвік Саванеўскі – прысвяціў ёй асобны вершаваны панегірык, у якім сярод іншага называў яе «другой Ажэшкай» і «асобай надзвычай выключнай, чалавекам вялікай культуры, уладальніцай творчай сілы» [8, s. 83].


Яніна Казлоўская нарадзілася 18 кастрычніка 1890 г. у г. Любліне ў сям’і чыноўніка Юльяна і Ружы Бароўскай. Пачатковую адукацыю атрымала там жа. У 1902 г. сям’я пераехала ў г. Санкт-Пецярбург, куды яе бацька быў пераведзены на службу. У сталіцы імперыі будучая архівістка актыўна займалася самаадукацыяй у галіне гуманітарных навук, карыстаючыся зборамі сталічных бібліятэк, і пачала апрацоўваць архіўныя матэрыялы. У 1914 г. пасля смерці бацькі разам з маці пераехала ў г. Вільню, дзе стала супрацоўніцай рэдакцыі польскамоўнай газеты краёўцаў-дэмакратаў «Віленскі агляд» («Przegląd Wileński»). У хуткім часе выйшла замуж за віленскага архівіста Вацлава Гізбэрт-Студніцкага. Падчас нямецкай акупацыі апекавалася багатымі архіўнымі зборамі ў Вільні. У гэты ж час вядома пра яе знаходжанне на пасадзе кіраўніцы Лігі жанчын у Вільні. У 1917 г. яна трапіла на некалькі месяцаў у турму, будучы арыштаванай нямецкімі ўладамі (прычына арышту невядомая). Пасля выхаду на волю вярнулася ў Люблін, дзе ў 1918–1919 гг. працавала ў архіве былой Канцылярыі люблінскага губернатара. У 1919 г. яна вярнулася ў Вільню, і з гэтага часу для яе пачаўся новы этап жыцця, шчыльна звязаны з захаваннем архіўнай спадчыны. На працягу некалькіх наступных гадоў яна атрымала шэраг прызначэнняў на кіраўнічыя пасады: 1 жніўня 1919 г. на пасаду кіраўніка архіва ў Гродне, 19 красавіка 1920 г. – намесніка захавальніка Дзяржаўнага архіва ў Вільні, 1 студзеня 1921 г. і 1 ліпеня 1924 г. – ізноў кіраўніка архіва ў Гродне [1; 8, s. 80; 9, s. 125]. Такая частая зменлівасць можа тлумачыцца структурнай арганізацыяй і рэарганізацыяй архіўных устаноў на землях Заходняй Беларусі ва ўмовах польска-савецкай вайны і першых гадоў станаўлення Польскай дзяржавы. Аднак са снежня 1920 г. Яніна Казлоўская-Студніцкая стала жыла ў Гродне і кіравала Дзяржаўным архівам. На той час яе шлюб ужо быў разладжаны, а ў хуткім часе скончыўся разводам. З 1923 г. Вацлаў Гізбэрт-Студніцкі ўжо быў жанаты з настаўніцай Анеляй Ратаевіч [9, s. 125]. Хаця да канца жыцця гродзенская архівістка захоўвала прозвішча мужа ў якасці другой часткі свайго, а некаторыя свае публікацыі падпісвала толькі адным – яго – прозвішчам.


Перыяд з 1921 па 1939 г. з’яўляецца часам найбольш плённай працы Казлоўскай-Студніцкай у кірунку збору, захавання і выкарыстання гістарычнай спадчыны. Дзякуючы яе намаганням, Дзяржаўны архіў у Гродне перажываў перыяд свайго бурнага развіцця, у першую чаргу, у плане папаўнення фондаў. У 1922 г. у яго склад былі перададзены зборы Дзяржаўнага архіва ў Навагрудку, а ў 1925 г. – Дзяржаўнага архіва ў Сувалках. У 1926 г. архіў налічваў каля 500 тыс. адзінак захоўвання, і новыя матэрыялы працягвалі прыбываць. У 1930 г. у архіў паступілі справы ўстаноў першай інстанцыі былой Гродзенскай губерні, перададзеныя з СССР паводле дамовы аб рэстытуцыі культурных каштоўнасцей, у 1935 г. з Вільні прыбылі гродзенскія архіваліі за першую палову ХІХ ст., працягвалі паступаць новавыяўленыя матэрыялы і інш. У выніку да канца 1930-х гг. зборы архіва павялічыліся прыкладна да 750 тыс. адзінак захоўвання.


Аднак Я. Казлоўская-Студніцкая рэалізоўвала свой патэнцыял не толькі ў архіўнай галіне. У 1935 г. да яе звярнулася кіраўніцтва Польскага гістарычнага таварыства (далей – ПГТ) з прапановай арганізаваць яго аддзел у Гродне. У выніку яна выступіла галоўным стваральнікам гэтага аддзела і яго першым віцэ-старшынёй. Да VI Усеагульнага з’езду польскіх гісторыкаў, які ў 1935 г. праводзіўся ў Вільні і ўдзельнікі якога прыбывалі ў Гродна з візітам, яна арганізавала выставу самых каштоўных дакументаў архіва, якая затым працавала яшчэ некалькі тыдняў. У далейшым менавіта яна задавала галоўны тон дзейнасці аддзела, якая канцэнтравалася ў асноўным вакол архіва (там знаходзілася нават яго сядзіба), сама арганізоўвала, а часта і зачытвала рэфераты на яго пасяджэннях.
Яшчэ адной важнай ініцыятывай Я. Казлоўскай-Студніцкай стала арганізацыя Гістарычнай бібліятэкі горада Гродна, якая была адкрыта ў 1936 г. на базе кнігазбору архіва. Хаця пры гэтым яна сутыкнулася з супрацьдзеяннем іншага вядомага гродзенскага гісторыка – вышэйзгаданага Юзафа Ядкоўскага. У складзе Дзяржаўнага музея ў Гродне ўжо знаходзіўся вялікі кнігазбор (каля 12 тыс. адзінак) імя Вандаліна Пуслоўскага і Марты Красінскай, таму Ядкоўскі разглядаў новую пляцоўку як канкурэнцыю сваёй. Аднак, дзякуючы высокапастаўленым пратэктарам, бібліятэка не толькі адкрылася, але і паспяхова дзейнічала да канца 1930-х гг.
Апрача згаданага, Я. Казлоўская-Студніцкая была прыкметнай постаццю на публічнай арэне ў Гродне. Яна ўваходзіла ў склад Галоўнай рады Саюзу польскіх засценкаў, чытала лекцыі па гісторыі ў школах і ва Усеагульным універсітэце, які дзейнічаў на грамадскіх пачатках, выкладала на курсах падхаружых, удзельнічала ў кангрэсах і канферэнцыях і да т. п. У палітычным плане яна знаходзілася ў добрых адносінах з кіруючым лагерам, супрацоўнічала з цывільнай і вайсковай адміністрацыяй у горадзе, што ў значнай ступені аблягчала ёй рэалізацыю сваіх праектаў. Хаця яе рэпутацыя ў горадзе была супярэчлівай. Напрыклад, Аляксандр Снежка, блізкі знаёмы Ю. Ядкоўскага, у сваіх успамінах пра апошняга ацэньваў яе вельмі крытычна і пісаў, што яе «“дзейнасць” на тэрыторыі гэтага горада нашкодзіла шматлікім асобам і нават арганізацыям» [11, s. 39].


Пасля захопу СССР тэрыторыі Заходняй Беларусі і яе далучэння да БССР Я. Казлоўская-Студніцкая яшчэ прабыла некалькі месяцаў на сваёй пасадзе, але неўзабаве трапіла пад рэпрэсіі новых улад. 20 снежня 1939 г. яна была звольнена, а ў красавіку 1940 г. дэпартавана ў Сібір. У 1941 г. пераведзена ў Казахстан і змагла выбрацца са ссылкі толькі ў 1946 г. Аднак у Гродна яна больш не вярнулася, а праз Люблін перабралася ў Польскую Народную Рэспубліку, дзе паступіла на працу ў Курніцкую бібліятэку недалёка ад г. Познані. Тут яна жыла і працавала да канца свайго жыцця, хаця з 1951 г. фармальна знаходзілася на пенсіі. Памерла 7 жніўня 1972 г. (больш падрабязна пра біяграфію Я. Казлоўскай-Студніцкай гл. вышэйзгаданыя публікацыі; шматлікія дакументы пра гродзенскі перыяд яе жыцця, у тым ліку эпісталярыя, захоўваюцца ў фондах Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці).


Асобным кірункам дзейнасці Я. Казлоўскай-Студніцкай з’яўляюцца навуковыя распрацоўкі. Варта адзначыць, што яна не мела прафесійнай гістарычнай адукацыі, а таму правядзенне маштабных даследаванняў з выданнем аб’ёмных аналітычных прац для яе было б складаным. Апрача таго, вялікую колькасць яе часу паглынала работа непасрэдна ў архіве, бо яна з’яўлялася фактычна адзіным яго супрацоўнікам-архівістам (у штаце мелася толькі яшчэ два месцы для канцылярыстаў і адзін вазніца). Таму пераважная большасць яе публікацый – гэта артыкулы ў газетах і навуковых часопісах і тэксты дакладаў на канферэнцыях (бібліяграфію прац Я. Казлоўскай-Студніцкай гл.: [1, s. 115–116]). Пры гэтым у яе вымалёўваецца выразны ўхіл у пэўны тэматычны накірунак – развіццё руху за адраджэнне Рэчы Паспалітай на землях Беларусі, Літвы і Польшчы. Яе працы, значная колькасць якіх затым была выдадзена асобнымі адбіткамі, маюць самую шчыльную прывязку да архіўных матэрыялаў. Напрыклад, у 1921 г. ёю апублікаваны тэксты некалькіх цыркулярных распараджэнняў віленскіх генерал-губернатараў за 1860–1890-я гг. пра забарону ў Беларусі і Літве ўжывання польскай мовы ў публічнай прасторы [6], у 1923 г. – падборка дакументаў з фонду віленскага генерал-губернатара па гісторыі спробы ўзнаўлення паўстання ў Слонімскім павеце ў 1833 г. пад кіраўніцтвам Міхала Валовіча [4], у 1930 г. – агляд матэрыялаў Дзяржаўнага архіва ў Гродне па гісторыі паўстання 1830–1831 гг. (лістападаўскага) [2] і (асобнай кнігай) каталог рукапісаў польскамоўнай паэзіі, вывезеных у розныя часы ў Імператарскую публічную бібліятэку ў Санкт-Пецярбургу, затым вернутых у Польскую дзяржаву і змешчаных у бібліятэцы Варшаўскага ўніверсітэта (прычым складзены яшчэ ў 1913 г.) [3].


Менавіта ў гэтым шэрагу стаіць яе асобны артыкул пра матэрыялы Дзяржаўнага архіва ў Гродне па гісторыі паўстання 1863–1864 гг. і папярэдняга «маніфестацыйнага» перыяду [10]. Гэта – храналагічна першы з вядомых аглядаў архіўных крыніц па тэматыцы паўстання, якія захоўваюцца на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У ім Казлоўская-Студніцкая ўказвае на асноўныя фонды, у складзе якіх захоўваюцца справы адпаведнай тэматыкі. Праўда, яна выйшла за межы храналагічных межаў уласна паўстання і ўключыла ў свой агляд таксама матэрыялы, звязаныя з рэалізацыяй на практыцы сялянскай рэформы 1861 г., пераважна, з адлюстраваннем сялянскіх бунтаў у Гродзенскай губерні. Верхняй храналагічнай мяжой яна абрала 1873 год, калі адбылася адмена ваеннага стану і спыніліся працэсы канфіскацыі маёнткаў. Паводле яе падлікаў, у трох асноўных фондах (Канцылярыі гродзенскага губернатара, Гродзенскага губернскага праўлення і Гродзенскай губернскай па сялянскіх справах прысутнасці), а таксама ў некаторых меншых фондах і матэрыялах былой Аўгустоўскай (затым – Сувалкаўскай) губерні налічвалася 19600 неабходных спраў, «без якіх ніхто не павінен сур’ёзна працаваць над нашай гісторыяй 1863 году» [10, s. 365].
Асобна Казлоўская-Студніцкая ўказвала на страты, якія панеслі ў пачатку ХХ ст. гродзенскія матэрыялы па гісторыі паўстання. Паводле яе вызначэння, «лёс гродзенскіх архівалій за 1861–1873 гады не быў паспяховым» [10, s. 364]. У прыватнасці, яна згадвала пра некалькі тысяч спраў, «вырваных з архіва, але арганічна з ім звязаных», якія былі вывезены ў Вільню ў 1901 г. архівістам Аляксандрам Жыркевічам пры арганізацыі Мураўёўскага музея і захоўваліся там у міжваенны перыяд . Таксама яна ацэньвала негатыўныя наступствы эвакуацый архіўных матэрыялаў з Гродна, праведзеных у 1915 г. расійскімі ўладамі і ў 1920 г. польскімі, а таксама страты падчас Першай сусветнай вайны.


Што тычыцца кола асноўных тэматычных напрамкаў, якія найлепей асвятлялі справы архіва, то Казлоўская-Студніцкая пісала на гэтую тэму наступнае: «Ваенныя падзеі, развіццё паўстанцкага руху, арганізацыя ўлад паўстання могуць быць даследаваны ў Гродне, з абавязковым дапаўненнем гродзенскімі матэрыяламі Мураўёўскага музея. Заслугоўваюць увагі ў 1863 г. тамы афіцыйных паведамленняў, якія тычацца дыверсійных і партызанскіх дзеянняў паўстання. <…> Пасляпаўстанскія рэпрэсіі, расійскае асадніцтва, русіфікатарскія мерапрыемствы наш архіў асвятляе шматбакова і дакладна» [10, s. 366].
Агульная ацэнка Казлоўскай-Студніцкай стану разгляданых матэрыялаў дастаткова аптымістычная – «Нягледзячы на балючыя страты, на бязладдзе, уведзенае чужынцамі, мы маем сёння ў Гродне гістарычныя крыніцы па справе нашай барацьбы на ўсходніх абшарах Рэчы Паспалітай і чэрпаць з іх можам глыбока» [10, s. 366]. І яна сама садзейнічала ўвядзенню згаданых гістарычных крыніц у навуковы ўжытак. Напрыклад, дапаможны біскуп сандамірскі і гісторык Павел-Фердынанд Кубіцкі карыстаўся яе дапамогай пры стварэнні сваёй шматтомнай фундаментальнай (хоць і моцна тэндэнцыйнай) працы «Святары – змагары за справу Касцёла і айчыны ў 1861–1915 гадах», якая выйшла ў 1930-я гг. Яе другая частка (у трох тамах) «Старадаўняя Літва і Беларусь» грунтуецца ў значнай ступені на матэрыялах Дзяржаўнага архіва ў Гродне. Менавіта пры іх падборы і апрацоўцы дапамагала Я. Казлоўская-Студніцкая, якая заслужыла згадку пра сябе ва ўступе да кнігі з характарыстыкай «з глыбокай культурай польская жанчына» [7, s. XVIII].


Як ужо было згадана вышэй, асобным кірункам дзейнасці Я. Казлоўскай-Студніцкай з’яўлялася выкладанне і папулярызацыя гістарычных ведаў. Адной з форм гэтага былі публікацыі ў мясцовай гродзенскай прэсе да юбілейных дат. Вялікая колькасць такіх артыкулаў друкавалася ў штодзённай гродзенскай газеце «Echo Grodzieńskie» («Гродзенскае рэха») – органе мясцовай арганізацыі праўрадавага Таварыства варты ўскраін («Towarzystwa straży kresowej»). Напрыклад, адзін з іх меў назву «Маральная рэвалюцыя» і быў прымеркаваны да 60-годдзя дэманстрацыі ў Варшаве 15(27) лютага 1861 г., адной з першых, ад якіх пачаўся адлік «маніфестацыйнага перыяду» падрыхтоўкі паўстання [5]. У цэлым, у такіх артыкулах Я. Казлоўская-Студніцкая імкнулася не столькі да падачы гістарычных фактаў, колькі да праслаўлення і гераізацыі паўстанцаў, для чаго багата выкарыстоўвалася эмацыянальная рыторыка. У 1923 г. у тым жа «Гродзенскім рэху» выйшла некалькі яе аналагічных артыкулаў да 60-гадовага юбілею ўжо ўласна паўстання.


Яшчэ адной формай папулярызацыі гісторыі паўстання былі публічныя выступленні. Так, адна з тэм рэфератаў на пасяджэннях гродзенскага аддзела Польскага гістарычнага таварыства, якія былі ёю падрыхтаваны ў 1937 г., гучала наступным чынам – «Гродна падчас студзеньскага паўстання» [8, s. 82], аднак тэкст гэтага выступлення да цяперашняга часу не выяўлены.
Пасля сваёй высылкі з Гродна ў 1940 г. даследаваннем паўстання 1863–1864 гг. Я. Казлоўская-Студніцкая не займалася. І ў гэтым моманце яе лёс падобны на лёс вышэйзгаданага Ю. Ядкоўскага, які зрабіў значны ўнёсак у распрацоўку і ўвядзенне ў навуковы ўжытак матэрыялаў Дзяржаўнага архіва ў Гродне па гісторыі паўстання 1863–1864 гг. У 1920–1930-я гг. ён выдаў цэлы шэраг артыкулаў па адпаведнай тэматыцы, сярод якіх нават адзін з першых біяграфічных слоўнікаў, але пасля свайго выезду з горада ў сярэдзіне 1930-х гг. да сваіх ранейшых даследаванняў больш ніколі не вярнуўся (больш падрабязна пра ўнёсак Ю. Ядкоўскага ў даследаванне паўстання гл.: [14]). І ў адным, і ў другім выпадках адрыў даследчыка ад крыніцавай базы (у дадзеным выпадку, ад матэрыялаў гродзенскага архіва) радыкальна паўплываў на тэматыку навуковых распрацовак.


Такім чынам, Яніна Казлоўская-Студніцкая з’яўлялася значнай постаццю на навуковай і публічнай арэне Гродна ў міжваенны перыяд. Пэўная частка яе дзейнасці была прысвечана даследаванню гісторыі паўстання 1863–1864 гг. Гэтаму прысвечаны шэраг яе публікацый, асноўная з якіх – агляд матэрыялаў Дзяржаўнага архіва ў Гродне за 1861–1873 гг. па адпаведнай тэматыцы. Ёй належыць таксама заслуга ў папулярызацыі гісторыі паўстання, што здзяйснялася праз друк артыкулаў у перыядычных выданнях і публічныя выступленні.

Крыніцы і літаратура:


1. Karwasińska J. Kozłowska-Studnicka Janina // Słownik biograficzny archiwistów polskich. – T. 1: 1918–1984 / red. nauk.: M. Bielińska i I. Janosz-Biskupowa. – Warszawa–Łodź : PWN, 1988. – S. 114–116.
2. Kozłowska-Studnicka J. Archiwum Państwowe w Grodnie: rzut oka na grodzieńskie materiały o powstaniu listopadowem // Archeion: czasopismo naukowe poświęcone sprawom archiwalnym. – 1930. – № 8. – S. 147–161. (адбітак: Kozłowska-Studnicka J. Rzut oka na grodzieńskie materjały o powstaniu listopadowem. – Warszawa : s. n., 1930. – 15 s.).
3. Kozłowska-Studnicka J. Katalog rękopisów polskich (poezyi) wywiezionych niegdyś do Cesarskiej Biblioteki Publicznej w Petersburgu znajdujących się obecnie w Bibliotece Uniwersyteckiej w Warszawie. – Karków : nakładem Polskiej Akademii Umiejętności, 1929. – [4], 132 s.
4. Kozłowska-Studnicka J. Materiały do sprawy Michała Wołłowicza 1833 roku // Ateneum Wileńskie. – 1923. – № 3/4. – S. 540–568. (адбітак: Kozłowska-Studnicka J. Materiały do sprawy Michała Wołłowicza 1833 roku. – S. l. [Grodno ?] : s. n., 1923. – 29 s.).
5. Kozłowska-Studnicka J. Rewolucja moralna (W sześćdziesiątą rocznicę) // Echo Grodzieńskie. – № 47. – 27 lutego 1921 r. – S. 3.
6. Kozłowska-Studnicka J. Z dziejów rusyfikacji Litwy // Wschód Polski. – R. 2. – 1921. – S. 594–598.
7. Kubicki P. Bojownicy kapłani za sprawę Kościoła i ojczyzny w latach 1861–1915 : materiały z urzędowych świadectw władz rosyjskich, archiwów konsystorskich, zakonnych i prywatnych. – Cz. 2: Dawna Litwa i Białoruś. T. 1: Przedmowa, źródła i pomoce, wstęp zawierający okólniki rządu rosyjskiego krępujące wolność Kościola i uciemiężające ducha narodowego i bojownicy za sprawę Kościoła, kler świecki i zakonny. – Sandomierz : nakł. aut., 1936. – CXVI, 976 s.
8. Milewski J. J. Janina Kozłowska-Studnicka – kierownik Archiwum Państwowego w Grodnie w okresie międzywojennym // Białostocczyzna. – 1998. – № 1. – S. 80–84.
9. Ryńca M., Suleja W. Studnicki Wacław // Polski Słownik Biograficzny. – T. XLV. – Warszawa–Kraków : Wydawnictwo Towarzystwa Naukowego SOCIETAS VISTULANA, 2007–2008. – S. 121–125.
10. Studnicka J. Archiwum Państwowe w Grodnie jako zbiór akt o powstaniu styczniowym // Przegląd Historyczny. – T. 34. – № 2 (1937–1938). – S. 363–366.
11. Śnieżko A. Wydobył z ziemi gród, o którym nikt nie wiedział: Wspomnienie o Józefie Jodkowskim / oprac. J. Maroszek. – Białystok : Białostockie Towarzystwo Naukowe, 2000. – 156 s. (Prace Białostockiego Towarzystwa Naukowego. – № 45).
12. Życiorysy polskich archiwistów poznańskich i skład osobowy z dnia 8 III 1969 r. / pod red. S. Nawrockiego. – Poznań : Archiwum Państwowe Miasta Poznania i Województwa Poznańskiego, 1969. – 112, [5] s.
13. Жумар С. У. Казлоўска-Студніцка Яніна Юліянаўна // Архівісты Беларусі: Бібліяграфічны даведнік / склад. С. У. Жумар, М. Ф. Шумейка. – Мінск : БелНДІДАС, 2006. – С. 114–115.
14. Матвейчык Д. Ч. Дзейнасць Юзафа Ядкоўскага па даследаванні і папулярызацыі гісторыі паўстання 1863–1864 гадоў // Архіварыус: зб. навук. паведамл. і арт.; вып. 13 / рэд.: Ю. М. Бохан [і інш.]. – Мінск : НГАБ, 2015. – С. 174–188.
15. Чарнякевіч А. Памяць пра Гродна. Матэрыялы да біяграфічнага слоўніка постацей міжваеннага горада. 1919–1939 гг. – Гродна : ЮрСаПрынт, 2015. – 306 с.
16. Черепица В. Н. Гродненский исторический калейдоскоп: очерки истории, историографии и источниковедения: монография. – Гродно : ГрГУ, 2014. – 599 с. : портр., факсим.

Scroll to top