Самая знакамітая сямейная пара ў свеце ў лістападзе 2017 адзначыла 70-годдзе супольнага жыцця. Брытанская каралева Лізавета ІІ і яе муж прынц Філіп Маўнтбэтан адсвяткавалі тады юбілей у коле шматлікіх нашчадкаў. 

Сам Філіп увайшоў у гісторыю не толькі як бацька будучага брытанскага караля прынца Чарльза, але і як аўтар шматлікіх непаліткарэктных выказванняў. Напрыклад, жонцы нігерыйскага прэзідэнта, якая на сустрэчу з брытанскай каралевай апранула нацыянальны касцюм, ён сказаў: “Вы апрануліся так, быццам збіраецеся ісці спаць”.

Але ж якая сувязь у мужа брытанскай каралевы з Гродзеншчынай, а дакладней кажучы, з Аўгустоўскім каналам?

Калі ў 1815 г. паўстала аўтаномнае ў складзе Расійскай Імперыі Царства Польскае, уладу ў ім атрымалі былыя напалеонаўскія генералы, якія прысягнулі на вернасць імператару Аляксандру І. Сярод іх быў і Маўрыцый Гаўке, спольшчаны саксонец, які калісьці гераічна змагаўся ў шэрагах арміі Тадэвуша Касцюшкі і цэлы 1813 г. абараняў ад рускіх крэпасць Замасць. У Царстве Польскім Гаўке кіраваў корпусам інжынераў і артылерыяй, а калі паўстаў план пабудовы Аўгустоўскага канала, то арганізаваць будаўніцтва даручылі менавіта яму. Гаўке спыніў свой выбар на маладым афіцэры Ігнацыі Прандзінскім, якога прызначыў праекціроўшчыкам канала.

Прандзінскі быццам нават сказаў Гаўке: “Я фартыфікатар і не ўмею будаваць каналы”, – на што атрымаў адказ ад Гаўке: “Я не магу ўстаць перад расійскім імператарам і сказаць, што ў Польшчы няма ніводнага афіцэра, які б мог спраектаваць нейкі канал”.

У выніку канал пабудавалі, некаторыя будаўнічыя матэрыялы дастаўлялі нават з асабістага маёнтка генерала Гаўке. Аднак лёс генерала склаўся трагічна.

У лістападзе 1830 г. у Варшаве пачалося антырасійскае паўстанне. Гаўке, які тады ўжо быў вайсковым міністрам, добра ўведамляў, на што ідуць паўстанцы, і паехаў іх супакойваць. На заклікі салдат: “Генерал, вядзі нас у бой” – ён прапанаваў ім вярнуцца ў казармы. Салдаты далі ў генерала залп, пацэліўшы ў яго аж 19 разоў. Гаўке сканаў на месцы.

Пасля разгрому паўстання, у якім, дарэчы, прынялі ўдзел тры сыны Гаўке, Мікалай І распарадзіўся паставіць у Варшаве помнік генералам, забітым паўстанцамі. Адзін з львоў на помніку сімвалізаваў акурат Маўрыцыя Гаўке, які быў не столькі прыхільнікам расійскага імператара, колькі не хацеў, каб любімая ім Польшча была разбурана чарговай вайной.

 

 

 

Дзвюх асірацелых дачок генерала (а жонку Гаўке паўстанцы таксама забілі) узяла на выхаванне жонка Мікалая І Аляксандра. Дзяўчынкі выраслі сімпатычныя і ўвесць час былі пры двары ў якасці фрэйлін.

Адна з сясцёр, Юлія Гаўке, трапіла на вочы Аляксандру Гесэн-Дармштацкаму, роднаму брату жонкі будучага расійскага імператара Аляксандра ІІ. Праз нейкі час Юлія зацяжарыла. У такіх выпадках фрэйліну, як правіла, выдавалі замуж за якога-небудзь афіцэра, але князь Аляксандр Гесэн-Дармштацкі вырашыў ажаніцца са сваёй каханай, што было абсалютна незвычайна і ў Расіі бадай што немагчыма.

Яны разам уцякаюць з Расіі ў Аўстрыю, дзе доўга жывуць у горадзе Батэнбергу і нараджаюць пяцярых дзяцей. Ад іх, Аляксандра і Юліі, пачалася дынастыя Батэнбергаў, адзін з прадстаўнікоў якой нават стаў князем Балгарыі.

Напярэдадні Першай сусветнай вайны некаторыя з Батэнбергаў перабраліся ў Вялікабрытанію, дзе краінай кіравалі іх сваякі з Гесэнскай дынастыі. У 1917 г. Батэнбергі перайменаваліся ў Маўнтбатэнаў, таксама як і Гесэны сталі Віндзарамі. Не да гонару было насіць англійскім дынастыям нямецкія прозвішчы.

Адзін з унукаў Юліі і Аляксандра Луіс Маўнтбатэн стаў брытанскім адміралам і апошнім віцэ-каралём Індыі, пры якім гэтая краіна атрымала незалежнасць. Луіс Маўнтбатэн, праўнук генерала Гаўке, загінуў ад рук байцоў Ірландскай рэспубліканскай арміі ў 1979 г.

Кажуць, што менавіта Луіс Маўнтбатэн пазнаёміў брытанскую прынцэсу Лізавету са сваім пляменнікам Філіпам, прапраўнукам будаўніка Аўгустоўскага канала, польска-саксонска-французска-расійскага генерала Маўрыцыя Гаўке.

Філіп і Лізавета пажаніліся ў 1947 г., праўда, на вянчанне не былі запрошаны цёткі Філіпа, паколькі іх мужы змагаліся ў гады Другой сусветнай вайны на баку Германіі. Ды і Філіпу прыйшлося ўзяць дзявочае празвішча сваёй маці – Маўнтбатэн.

Менавіта таму цяпер спадкаемцы брытанскага трона носяць падвойнае прозвішча Віндзар-Маўнтбатэн, хаця ў іх венах таксама цячэ кроў генерала Маўрыцыя Гаўке.

 

Scroll to top