Са старажытных часоў Луна мела свайго “спадарожніка” – Волю. Таму старажытная Луна мае як бы дзьве гісторыі: самой Луны і Волі. У тым, што Луна старажытная, няма ніякага сумневу.

Найбольшы ўзрост надае паселішчу кніга “Памяць, Мастоўскі раен”: “Лічыцца, што гэта паселішча узьнікла не пазьней 12 ст.” Але ж з часоў позьняга неаліту (2-я пал. 3-га тыс. да н.х.) вядомыя так званыя “бурштынавыя шляхі”. Адзін зь іх праходзіў па Нёмне і Заходняму Бугу. Ці не існавала Луна ўжо тады? А ці не мог існаваць “крамянёвы шлях” з Краснасельскага комплексу крамянёвых вырабаў праз Луненскі “порт”? Але напэўна Луна існавала, калі дзейнічаў і на Нёмне шлях з “варагаў у грэкі”  ў 9-13 ст., што адпавядае запісу ў кнізе “Памяць.”

 


                Фота№9. Шлях з”варагаў у грэкі” па Нёмне. Малюнак В. Сташчанюка. Кісялёў У.М. Пуцявінамі Наднямоньня. Мн.: Полымя, 1994. Стар.113

   На жаль пісьмовых крыніц пра гэта пакуль знайсьці не ўдалося. І, як часта здараецца ў жыцьці, пісьмова ўпершыню ўспамінаецца не Луна, а яе “спадарожнік” Воля. Калі ж спасылацца на кнігу “Памяць” Мастоўскага раёна, можна знайсьці наступныя запісы пра Луну: ”У літаратуры канстатуецца такі факт, што вясной 1400 г. крыжакі ішлі ў Ваўкавыск праз Луну.” У 1410 г. адбылася вырашальная бітва пад Грунвальдам у якой удзельнічалі 17 беларускіх харугваў. “Ёсьць меркаваньні, што у іх былі жыхары Мастоўшчыны, бо наш край ўваходзіў у гэтыя (Гарадзенскае і Ваўкавыскае) княствы. А ў гэты час існавалі Масты, Луна, Пескі, Мікелеўшчына, Сьцяпанішкі.” Многія нашы прашчуры загінулі на полі бою, а удзячныя землякі насыпалі ў іх гонар сімвалічныя курганы. Такія курганы захаваліся у ваколіцах Луны ва ўрочышчы, якое называецца Цьвінтар. Старажылы сьцьвярджаюць, што ў мінулым тут была царква.”Відаць курганы былі насыпаны пасьля адпяваньня загінуўшых на ратным полі”, - распавядаецца ў “Памяці”.  І як ня прыкра пра гэта гаварыць, але “з песьні слова ня выкінеш”… Па загадзе калгаснага начальства разгаралі тыя курганы “магутнымі трактарамі” і пасеялі цукровыя буракі. Як успамінае былая калгасьніца  Гэлена  Байкоўская, ёй маладой тады яшчэ дзяўчыне, далі дзялку тых буракоў. Але яна не магла іх абрабляць, бо калі прыходзіла на поле, то яе тут жа пачынала ванітаваць ад выгляду мноства раскіданых чалавечых касьцей…


   Але вернемся ў 16 ст., зь якога пра Луну засталіся канкрэтныя зьвесткі. У артыкуле Вітольда Карпызы “Восемдзесят гадоў пазьней” (“Мagazyn Polski” № 2-3, 1992г.) размешчана “Штабоўка ваколіц Росі”, на якой каля мястэчка Луна знаходзіцца  населены пункт Воля. Так міжволі пачаўся пошук звестак пра Луненскую Волю. На жаль ні ў кнізе “Памяць” Мастоўскага раёна ні ў Беларускіх Энцыклапедыях  (ці не сімвалічна?) Волі няма. Толькі ў Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы “воля” мае аж восем значэньняў. Знайшлося і патрэбнае: воля – свабода, незалежнасьць. Прышлося зьвярнуцца да польскіх крыніц. У выданьні “Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. T. 1, Warszawa : nakł. Filipa Sulimierskiego i Władysława Walewskiego, 1880-1914”  паселішчам з назвай  Воля прысьвечана 46 старонак, на якіх даюцца кароткія зьвесткі пра  больш чым 900 такіх мясьцінаў на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Зь іх толькі 22 размешчаны на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Праўда, кажуць, што ва ўсходняй частцы Беларусі паселішчы такога тыпу называлі “слабада”, але і слабодаў у нас зусім небагата.                  
   Воля (libera villa, libertas). Пачынаючы з 13 ст. каб загаспадараваць незаселеную (пустую, пусташ) землю, уладальнік (князь, рыцар, духавенства) запрашаў вольных людзей, нават іншаземцаў, каб яны сяліліся і гаспадарылі на яго зямлі на льготных умовах. Пасяленцам (каланістам) даваліся надзелы зямлі з звальненьнем да 20 гадоў ад усялякіх чыншаў, аплатаў і падаткаў. Пры гэтым часта давалася права на самакіраваньне ці магдэбургскае права. Чым не свабодная эканамічная зона? Такім мясьцінам давалі назву Воля, часта з дадаткам ад назвы бліжэйшага мястэчка ці іншым дадаткам, прыкладам, Воля Красная, або Воля Вялікая, заложаная Сапегамі на Шчары… Росквіт Воляў прыйшоўся на 14 ст. з паступовым распаўсюдам на ўсход, што дыктавалася палітычным і эканамічным станам у Еўропе.

Vola Warszowiensis

   Сярод шматлікіх “воляў” наўпрост дачыненьне да нашай гісторыі мае Вялікая Воля –вёска і прадмесьце Варшавы (Vola Warszowiensis). Тут на роўным сухім узвышшы, пануючым над Варшавай, адбываліся выбары караля Польшчы (значыць і Вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага) ад Стэфана Баторыя (1575 г.) пачаўшы. Месца выбараў было аточана ровам і валам. У сярэдзіну вялі тры брамы, прызначаныя для ўезду прадстаўнікоў Вялікапольшчы, Малапольшчы і Літвы. Для сенатараў будавалася драўляная павець. Вакол павеці разьмяшчалася кола рыцарскае і паслы. Шляхта, якая прыбывала з добрай волі, мела вызначанае праз маршалка месца ў пэўным аддаленьні і групавалася паводле ваяводстваў. Абоз разьмяшчаўся па-за валам у намётах. Нярэдка падчас выбараў адбываліся бойкі. У 1587 г. падпалілі павець, у 1669 г. стралялі ў сенатараў… Астатнімі былі выбары ў 1764 г. Станіслава Аўгуста. Пазьней тут адбываліся знакавыя бітвы: у час паўстаньня 1794 г. з прусакамі, у 1831 г. з маскалямі. Пашырэньне Варшавы зрабіла з Волі прадмесьце, улюбёнае млынарамі, бо узвышша спрыяла працы ветракоў.
 
 

Сойм элекцыйны ў Вялікай Волі

   У 1831 г. Вялікую Волю абараняла 1200 паўстанцаў пад камандай генерала Іосіфа Савіньскага, ветэрана без нагі, якую ён згубіў у вайну 1812 г. Якраз на Волю рушылі галоўныя сілы  Расейскага войска, На шанцы № 54, калі абаронцаў амаль ня стала, а маскалі радаваліся перамозе, нехта з патрыётаў узарваў парахавы склад і ўсё ўзьляцела ў паветра. Шанец № 57 абараняла каля сотні паўстанцаў. Толькі , калі іх засталося чатыры, вораг сьвяткаваў перамогу. Апошнія абаронцы Волі на чале з генералам І. Савіньскім зачыніліся ў касьцёліку. Генерал без сіл сеў каля алтара і сказаў: ”Жаўнеры, я буду апошнім.” Маскалі варваліся ў касьцёлік і ўсіх закалолі штыкамі. Пасьля ўтраты Волі шансаў утрымаць Варшаву не было. Паўстаньне пала.

Гісторыя ўзьнікненьня Луненскай Волі

 Вернемся да  Волі каля Луны. Час і гісторыя ўзьнікненьня Луненскай Волі вядомы дакладна. У 1487 г. войска вялікага князя Маскоўскага Івана ІІІ захапіла Смаленьскія землі, дзе вотчынамі валодалі князі Крошыньскія герба “Ліхтар.” Адзін з іх князь Канстанцін Крошыньскі акольнічы і казначэй Смаленьскі атрымаў ад Вялікага князя Літоўскага Аляксандра 8 красавіка 1503 г. маёнткі Дубна і Луна ў Гарадзеньскім павеце “на хлебокормленье” князю да “очищеня” вотчыны яго, захопленай “Маскоўскім непрыяцелем”, “съ челядю неволною, и з жытомъ, и с коньми и з жывотиною, и з людми путными и тягълыми, и с конюхи, и з рыболовы, и зъ земълями пашными и бортъными, и с озеры, и з даньми грошовыми и медовыми, и з дяклы, и з бобъры, и со въсимъ с тымъ, какъ тотъ двор былъ на нас держанъ”. Вялікі князь Жыгімонт пацьвердзіў гэтае наданьне 8 сьнежня 1506 г., а затым лістом ад 30 кастрычніка 1509 г., бо “многие люди хотели ся в насъ подъ нимъ того двора и людеи подъпрохивати” , і нарэшце трэцяе пацьверджаньне было ад 5 кастрычніка 1512 г.  Ачышчэньня вотчыны ад “непрыяцеля Маскоўскага” аднак у хуткім часе не адбылося і не прадбачылася. Выдаючы дачку Ганну за пана Яна Багданавіча Сапежыча, Канстанцін Крошыньскі 8 ліпеня 1513 г. запісвае як пасаг палац на рацэ Луннай, які ён справіў на пустоўшчынах двара Дубенскага, 60 службаў і 40 пустоўшчынаў каля двара Луна і за Нёманам на рацэ Чарлёнай, “а сеножатеи дворныхъ Чесноковъскихъ за Новоселцы у Крестовъ на две стирте”, а таксама землі, лясы і трэць вярсты берага бабровага на Сьвіслачы, (які адспрэчваў яшчэ раней сам князь Крошыньскі з Баброўнікамі гарадзеньскімі, каторыя між іншым напэўна і заснавалі сёньняшнюю вёску Баброўнікі на р. Сьвіслачы). Далей у пасазе агаворваліся два стаўкі на р. Луннай і перавоз на Нёмне зь перавозьнікамі Іванцом і Багданцом Карпавічамі, а таксама палі дворныя, сенажаці, луг і лес Хмельнік, што былі з боку двара Лаўнае пана гараднічага (напэўна гарадзенскага гараднічага Федзькі Гаўрылавіча) і паабапал Чарлёнскага рова, гумно на Чарлёнскім полі, “и озеро уступъное з Немъна, и сякли, по которымъ сеножатемъ здавъна к тому озеру бывали на имя Бурносовъская, Ровец, Безовъщина Черленьская, на другои стороне Немъна Волчегребъ, а против Ширневых сяклъ Клепачовская”, а таксама колькі чалавек чэлядзі дубенскай ды смаленскай, якую пасьпелі прывесьці з сабой Крошыньскія, пакідаючы свае смаленьскія ўладаньні. У 1515, а пасьля ў 1523 годзе Януш Багданавіч Сапежыч заручаецца пацьвярджальным лістом Вялікага Князя на гэтыя ўладаньні. Выдаючы другую дачку Мар’ю за пісара вялікакняскай канцылярыі пана Копця Васілевіча, Канстанцін Крошыньскі недзе ў адзін час з Сапежычам запісвае як пасаг 30 службаў-конюхаў Церашкоўскіх “подле церкви Сьвятого Спаса” ў Дубенскай воласьці, на што той неўзабаве ў 1517 годзе атрымлівае вялікакняскі пацьвярджальны ліст. Двор на дубенскіх пустоўшчынах князь Крошыньскі справіў і для дзяржаўцы ўруцкага Міхаіла Міхаілавіча Халецкага, за якога выдаў трэцюю сваю дачку. Княгіня Ганна ўжо пасьля сьмерці мужа князя Канстанціна і двух зяцёў Сапегі і Копця просіць у траўні 1531 г. апекі і абароны ў вялікай княгіні Боны ад наездаў і рабаваньня з боку суседзяў – ад уціску з боку ўладаньняў Волпы, князя, біскупа луцкага і берасьцейскага, Паўла і з боку ўладаньняў, якія меў каля двара Дубна Мікалай Юр’евіч Пацэвіч. Разам з гэтым княгіня Ганна “по своемъ животе” перадала двор Дубна Боне, заручыўшыся аднак аб захаваньні сваім дачкам і ўнукам іх уладаньняў.
 
 “Камень Боны Сфорцы”. Падзел маёмасьці

 

Бона Сфорца на карціне Яна Матэйкі з сынам Жыгімонтам Аўгустам.

   Бона Сфорца, каралева Польская і Вялікая княгіня Літоўская, другая жонка Жыгімонта I Старога, маці Жыгімонта II Аўгуста, імкнулася ўзмацніць уладу караля і Вялікага князя эканамічным шляхам, усяляк павялічвала зямельную ўласнасьць Ягелонаў. У выніку ўзнагародаў, падараваньняў і купляў займела многія воласьці, вярнула многія захопленыя феадаламі землі, у тым ліку Гарадзенскае староства. Намесьнік каралевы Боны Ежы Заляпуха з яе загаду на рацэ Лунянцы заснаваў у 1531 г. месца Луна, дзе Бона Сфорца фундавала драўляны касьцёл. Наведваючы свае ўладаньні, каралева “часта ў гэты касьцёлік заходзіла.” З яе віны сталі нашы продкі карыстацца да гэтага невядомымі ім відэльцамі. Да сёньня ля касьцельнай агароджы ляжыць вялікі камень з чырвонага граніту, які нібыта каралеўскімі ручкамі быў закладзены Бонай у падмурак касьцёла. І цяпер маладыя пары, якія бяруць шлюб без дазволу бацькоў павінны прыйсьці да гэтага каменя, каб папрасіць каралеву ня помсьціць ім, як яна гэта зрабіла сваёй нявестцы – каралеве Барбары Радзівіл. Пасьля пажару апошні кароль Польшчы і Вялікі князь ВКЛ Аўгуст Панятоўскі фундаваў тут у 1782 г. новы касьцёл, мураваны ў строгіх формах класіцызму, які быў перабудаваны на сродкі князя Друцкага-Любецкага і набыў сучасны неакласічны выгляд у 1895 годзе.


   Але Сапегі падалі скаргу на Заляпуху, што ён “на ўласных іх грунтах двара Луненскага” стварыў паселішча. Каралева Бона прызначыла для разгляду гэтай справы спецыяльную камісію. Вывады камісіі былі разгледжаны і зацверджаны 6 сакавіка 1532 г. Вядома, Луна засталося уласнасьцю каралевы Боны. Але ж князь Канстанцін Крошыньскі, як раней успаміналася, запісаў свой маёнтак Волю свайму зяцю Яну Багданавічу Сапезе.  Тады ж была ўстаноўлена граніца паміж уладаньнямі па рацэ Лунянцы (ці Луннай па назве таго часу). Гэта граніца існавала аж да часоў Другой Сусьветнай вайны, падзяляючы паселішча на дзьве часткі: Луна і Волю. З вышэй сказанага можна зрабіць выснову, што маёнтак Луна існаваў да перадачы яго Князю Канстанціну Крошынскаму і дата яго заснаваньня застаецца таямніцаю. Воля ж узьнікла ў выніку дзейнасьці князя.


   Пасьля сьмерці Янухны (1530г.) яго спадкаемцамі становяцца сыны Міхал,  жанаты на Марыне з Быстрыцкіх, Глеб, Дзьмітрый, Сьцяпан, а таксама дачкі Таццяна, якая выйшла замуж за Ждана Словіка, і Настасься, якая была замужам за Гаўрылам Тышкевічам. Паколькі  паміж  братамі  не  было  згоды,  па  ініцыятыве  Глеба  ў 1541  г.  маёнткі  Луна,  Свіслач  і  Вайкелішкі былі падзелены на шэсьць роўных частак. На працягу 40–50-х гадоў XVI ст. Чарлёна паступова вылучаецца ў асобны двор. Гэты працэс суправаджаўся судовымі спрэчкамі і ўзаемнымі нападамі братоў і сваякоў адзін на аднаго. У 1552 г. Андрэй Мацкевіч скардзіцца ад імя маці і айчыма  Сьцяпана Сапегі на Дзьмітрыя, які напаў на іх спадчыну Луне і забраў лісты. У 1554 г. памірае малодшы з братоў Міхал і Сьцяпан бяспраўна займае яго спадчыну. У сувязі з гэтым у яго была судовая справа з Мацвеем Быстрыцкім, каралеўскім каморнікам, родным братам жонкі Міхала Сапегі Марыны Быстрыцкай, якая памянялася з братам завешчанай ёй часткай маёнтка Луна на іншы маёнтак. У 1555 г. Мацвей Быстрыцкі напаў на чарлёнскія валоданьні Сапегаў. У 1556 г. ужо Дзьмітрый і Сьцяпан Сапегі са шваграмі Жданам Словікам і Гаўрылам Тышкевічам, а таксама служылымі  людзьмі і падданымі ў колькасьці каля 300 чалавек нападаюць на ўладаньні Чарлёна Быстрыцкага і рабуюць іх. Пасланыя ў двор Сапегаў гаспадарскі дваранін Ян Васільевіч Клікоўскі, судовыя выканаўцы і служылыя людзі былі абстраляны апошнімі, прычым некалькі чалавек загінула. У 1557 г. за 12 коп грошай Быстрыцкі адмаўляецца ад сваіх прэтэнзій на Чарлёну. Браты дамаўляюцца пра супольнае валоданьне набытымі землямі, але дамоўленасьці не прытрымліваюцца. Спрэчкі заканчваюцца тым, што ў час чарговага нападу ў 1560 г. (паводле іншых дадзеных у 1561 г.) людзі Сьцяпана ў час учыненай перастрэлкі забіваюць Дзьмітрыя. Маёмасьць  атрымаў трэці сын Глеб, які адказваў перад судом за даўгі бацькі і неўзабаве памёр.
   Пасьля гібелі Дзьмітрыя ў 1561 г. стрыечны брат іх бацькі Павел спрачаўся з Глебам за частку Луны і Чарлёны, якую Глеб самавольна захапіў пасьля сьмерці Дзьмітрыя. Павел даказваў, што Дзьмітрый яшчэ ў 1558 г. пазычыў у яго 500 коп. літоўскіх грошай і да моманту іх вяртаньня аддаў Паўлу ў арэнду свае часткі Луна і Чарлёны.
   Удава па  Стэфану Сапегу па першым мужу Мацкевічава запісала трэць маёмасьці свайму сыну ад першага мужа Андрэю. Сваркі за маёмасьць набылі яшчэ большы размах. Анрэй Мацкевіч жаліцца каралю і просіць дапамогі ў спрэчцы з Міхалам Сапегам, ваяводам Падляшскім, сынам Івана Багданавіча, стрыечным братам Паўла Сапегі. Нягледзячы на спрыяньне караля Андрэю, Міхал у 1565 г. насылае сваіх людзей з Чарлёны на ўладаньні суседа. Натоўп напаў на двор Волю, запасы зьнішчыў і разрабаваў, сялян зьбіваў, а некалькі зьвязаных у Чарлёну прывалок. Чым закончылася гэта вайна, невядома, але з маёмасьці каралеўскай эканоміі Гарадзенскай была вылучана прыватная уласнасьць Воля. А Міхал Сапега сам прыехаў у Луну і непадзельна запанаваў над маёнткам.
 
   Сынам Міхала, Мікалаю і гарадзенскаму земскаму судзьдзі Льву, пасьля бацькі і бяздзетных дзядзькаў Глеба, Дзьмітрыя і Стэфана дасталіся часткі зямель маёнткаў Луна (Воля), Чарлёна і Кулёўшчына. Гэта выклікала незадавальненьне сваякоў па жаночай лініі, а менавіта Грыгорыя Войны, ваўкавыскага земскага суддзі, які выступаў ад імя дачок, Настасьсі з Сапегаў Тышкевіч і яе сына Міхала, а таксама трох братоў Словікаў, з якімі абодва браты вымушаны былі судзіцца. Суд прысудзіў Мікалаю і Льву тры часткі маёнткаў Луна і Чарлёна.


   Восеньню 1567 г. Мікалай прыслаў са сваіх уладаньняў у Луну ў каралеўскі лагер для радашковіцкай выправы двух конных і аднаго пешага салдата. У той час ён служыў у падканцлера літоўскага Яўстаха Валовіча. Перад 25 студзеня 1574 г. Мікалай стаў каралеўскім дваранінам. 7 студзеня 1581 г. браты падзялілі маёмасьць. Луна (Воля) адышла Льву. 21 сакавіка 1586 г. суд у Гародні пацьвердзіў іх правы на датыхчасовую маёмасьць. Леў, віцебскі войскі, быў малодшым сынам Міхала. 21 жніўня 1593 г. браты зноў падзялілі маёмасьць. Леў атрымаў аседлую службу Шчэчыцы, якая належала да Луны (Волі) і плошчы з агароднікамі ў Гародні каля замку і над Нёманам.  Такім чынам, канчаткова аддзяліліся маёнткі Луна (Воля) і Чарлёна. Граніцай паміж імі была рака Нёман.


   Луна заставалася уласнасьцю каралевы Боны да 1557 г., да яе сьмерці і ўваходзіла ў склад Гарадзенскага староства, а з 1558 г. стала “уласнасьцямі сталовымі”, значыць даход з Луненскіх земляў быў прызначаны на ўтрыманьне караля, і ўвайшла ў склад “эканоміі Гарадзенскай”, якая дзялілася на воласьці, а тыя на ключы. Для прыкладу, ў 1680 г. ключ Луненскі Гарадзенскай эканоміі прынес 9866 злотых польскіх 26 грошаў гадавога даходу.


   7 лютага 1589 г. Кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт Ваза (у перакладзе з шведскай Ваза значыць «сноп») здаў у арэнду мястэчка Луна разам з вёскамі Марцінаўцы і Петрашоўцы Мікалаю Сапегу. Па некаторых дадзеных Сапегі іх арандавалі па 1680 г. 20 сьнежня 1602 г. Мікалай Сапега пісаў да Льва Сапегі: «У Гародні ў цяперашні час небяспечна (у сувязі з эпідэміяй), а там назначана правядзеньне сойміка, таму я выбраў прыгажэйшае месьца і зусім небяспечнае ў маіх арэндных уладаньнях мястэчка Луна для правядзеньня сойміка ў адпаведнасьці з універсалам 3 лістапада». Соймік ў ВКЛ ў 16-18ст. – сход шляхты павета (зямлі, ваяводства). На сойміках шляхецкая супольнасьць прымала рашэньні і выбірала двух прадстаўнікоў ад павета для ўдзелу ў сойме.
   Тут ужо вельмі цяжка разабрацца, у якім разе размова ідзе пра Волю, а ў якім пра Луну. Кухмайстар у 1593 г. мяняе Луну са сваім братам Львом, суддзём гарадзенскім на выспу з царквою на Возеры Троцкім.

 

Царква ў Чарлёне.


Сапегі ў гісторыі Луна-Волі

Абодва браты Мікалай і Леў былі праваслаўнымі. Дзякуючы стараньням Мікалая ў 80-90 гадах 16 веку ў Чарлёне была пабудавана царква, у якой ён быў пахаваны ў 1611 годзе, а пазьней і яго жонка.
   Леў Сапега (не блытаць з вялякім канцлерам, таксама Львом Сапегам) у завяшчаньні, напісаным у Луне 20 жніўня 1610 г., выказаў жаданьне, каб яго пахавалі ў садзе маёнтку Луне. Хутка пасьля напісаньня тастаманту памёр. Яго астатнюю волю запісалі 20 верасня 1610 г. у кнігі Літоўскага трыбунала. Леў Сапега быў жанаты на Алене, дачцы мінскага кашталяна Міхаіла Гарабурды. Дзяцей у яго не было. Усю сваю маёмасьць завяшчаў сынам брата Мікалая – Яну Дамініку, Мікалаю і Фрыдэрыку, пры ўмове, што яны заплацяць яго жонцы 4 тыс. коп. грошай літоўскіх.
   31 жніўня 1615 г. браты Ян Дамінік і Фрыдэрык падзялілі маёмасьць. Трэці брат Мікалай быў псіхічна хворым. Фрыдэрык атрымаў Чарлёну, а Ян Дамінік стаў гаспадаром Луны. 31.10.1637 г. Фрэдэрык Сапега, стараста Астрынскі і Гарадзенскі, разам са сваёй жонкай Крысьцінай Пацеевай каля свайго двара Чарлёна фундуюць уніяцкі манастыр для 4 манахаў-базыльянаў пры старадаўнім храме Раства Найсьвяцейшай Панны Марыі і сьвятога Мікалая. У гэтым храме, як напісана ў акце, пахаваны целы бацькоў Фрэдэрыка Сапегі – Мікалая Сапегі кухмайстра ВКЛ, Астрынскага, Луненскага старасты і Багданы Масальскай Сапегі, маці Фрэдэрыка; а таксама – манашак Ганны і Еўфрасіньні – сясьцёр-базыльянак; Мікалая Сапегі - брата і Рыгора Валовіча, старасты Рагачоўскага, Дубіцкага, Канеўскага, сына Алены Сапегі і Рамана Рыгоравіча Валовіча.
 
 

 Фрэдэрык Сапега, малюнак праектаваны, 1709 г.: М. Каламайска-Сээд, Генеалогія праз выявы…, с.160

   Сярод вялікай радні Мікалай меў цёзку Мікалая Сапегу, які выкраў ікону Одэньскай Багародзіцы, напісаную Сьв. Аўгусьцінам, у папы Урбана VIII, а ў 1635 г. пасьля пакаяньня прасіў пакінуць сьвятыню ў Кодыні. Кароль Ян Казімір дорыць сьвятыні рубін. З канца 17 ст. ікона мела рызу і кнігу для запісваньня цудаў ад яе. 26 чэрвеня 1723 г. сьвятыня каранавана і з 1927 г. знаходзіцца ў Кодыньскім касьцёле.


   Ян Дамінік памёр пасьля 1622 г. Ні Ян Дамінік ні Фрэдэрык не пакінулі нашчадкаў, таму іх уладаньні перайшлі да іх блізкіх кроўных. Хто стаў наступным уладальнікам Луны, невядома. Але ў 1645–1647 гг. Луна сярод іншых зямель выкупіў ад Ізабэлы Трызьніны і Андрэя Войны Павал Сапега гербу «Ліс» (1609–1665), віцебскі, потым віленскі ваявода і Вялікі гетман Літоўскі. Павал Сапега быў сынам Яна Пятра Сапегі і Соф’і з Вэйгэраў, унукам Паўла Сапегі, які згадваўся вышэй. Постаць Паўла Сапегі апісана ў рамане Генрыка Сянкевіча «Патоп.” Яго дзейнасьць патрабавала вялікіх выдаткаў, таму большасьць уладаньняў была закладзена або абцяжарана даўгамі.


   У 1654-1667 гг. адбылася Маскоўская навала на землі ВКЛ. У Мастах Маскоўскае войска спаліла касьцёл. У Гарадзенскім павеце, у склад якога ўваходзіла Луна, колькасьць насельніцтва скарацілася з 174 398 чал. да 115 323. Маскоўцамі было забіта 59 075 чалавек або 33,9% насельніцтва павету. У 1655 г. ад маскоўскага войска ў Чарлёньскім кляштары хаваліся менскія манахі базыльяне.


   Дакладных звестак няма, але ў 1685 годзе маёнтак Чарлёна адкупляе ад Вільчкаў Казімір Ян Сапега старэйшы сын Сапегі Казіміра Яна Паўла (каля 1642–1720), віленскі ваявода, Вялікі гетман Літоўскі. Яго хрышчоным бацькам быў сын знакамітага канцлера, потым Вялікага гетмана Літоўскага Льва Сапегі –  Казімер Леў (1609–1656), вялікі пісар, потым маршалак надворны, потым Літоўскі падканцлер. Жанаты з Тэадорай Крыстынай Тарноўскай (1626–24.10.1652). Казімер Леў сваіх дзяцей не меў, таму ўсе свае вялікія ўладаньні завяшчаў хроснаму сыну Казімеру Яну, яго бацьку Паўлу Сапегу і Аляксандру Гіляры Палубінскаму.
 


Казімір Ян Павал Сапега, малюнак праектаваны, 1709 г.: М. Каламайска-Сээд, Генеалогія праз выявы…, с.226

   Можна меркаваць, што наступным ўласьнікам двара Луна-Чарлёна  становіцца маршалак Вялікі Літоўскі Аляксандр Павал Сапега (1672-1734) сын Казіміра Яна, полацкі ваявода. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу (Браневе), у 1685-1689 у Парыжы. Чашнік ВКЛ у 1692, маршалак дворны ў 1692-1698, маршалак Вялікі ў 1698-1703, 1705-1708 і з 1713. Удзельнічаў у Алькеніцкай бітве 1700, у час Паўночнай вайны 1700-1721 стаў на бок шведаў і караля Станіслава Ляшчынскага, які таксама даў яму пасаду Вялікага маршалка (1705-1708). Пасьля аднаўленьня ўлады Аўгуста II у 1709 у апазіцыі да яго. Валодаў Друяй, Іказьню, Сапежынам, Дуброўнам і іншымі маёнткамі.
 
 

 

Аляксандр Павал Сапега.Фрагмент акварэлі М. Янушэвіча, 1846: .: М. Каламайска-Сээд, Генеалогія праз выявы…, с.233

   10 сакавіка 1711 г. на  балтыйскім ўзбярэжжы ў Караляўцы нарадзіўся  яшчэ адзін з уладальнікаў Луны (Волі) Міхал Антоні. Атрымаў Еўрапейскую адукацыю, а пасьля сьмерці братоў Казіміра і Язэпа, вялікую спадчыну: Стары і Новы Быхаў, Баўкладава, Даболшча, Багуславічы, Яўсевічы, Сялец, Дзярэчын, Галынка, Вострава, Зэльва, Чарлёна, Луна, Лаўна. Яму належаў палац у Ружанах, маёнткі ў Жмудзі і Польшчы.
   У 1741 г. разам са сваёй жонкай Кацярынай з Сапегаў выдзеліў сродкі на існаваньне Базыльянскага манастыра і царквы ў Чарлёне. Манастыру прыдавалася “вёска Казакоўцы з усімі лясамі, лугамі, агародамі, глебай і падданымі.” Новыя сродкі былі выдзелены 27 жніўня 1751 г., але пры ўмове, што манахаў павінна быць не чатыры, а пяць.
   Міхал Антоні атрымаў тытул падканцлера ВКЛ, у 1744 г. узнагароджаны ордэнам Белага Арла, але расчараваўся ў дзяржаўнай службе і выйшаў у адстаўку. У 1753 г.  надрукаваў кнігу твораў Вальтэра, якую сам пераклаў. У Дзярэчыне застаўся, але перароблены ў царкву, фундаваны князем касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. 11 верасьня 1760 г. Міхал Антоні памёр у Слоніме не пакінуўшы нашчадкаў.
 

 

Міхал Антоні Сапега (1711-1760). Партрэт сярэдзіны 18 ст.Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, Мн., 2006, т.6, с.227

   У завяшчаньні Міхал Антоні распараджаўся Чарлёнай, Лаўнам, Лунай, Сямаскаўшчынай, Воляй і г.д. (цяжка сказаць ці пад Лунай і Воляй разумеюцца розныя маёнткі ці адзін і той жа). Паколькі сваіх дзяцей не меў, спадкаемцам Чарлёны, Лаўна і Луны (Волі) стаў сын брата Казіміра Льва Міхал Ксаверы.


   Гаспадарку Сапегі вялі з пераменным посьпехам, хоць укладалі ў яе шмат таленту  і намаганьняў. Часта прыходзілася закладаць частку ўладаньняў, выкупляць і зноў закладаць...


   Сапега Міхал Ксаверы (1735–1766), які атрымаў у спадчыну валоданьні дзядзькі Міхала Антоні, памёр 24 лістапада 1766 г. у Беластоку. Яго пахавалі ў картузаў у Бярозе. Сваёй сям’і ён не меў і землі перайшлі да брата Аляксандра Міхала, які стаў наступным уладальнікам Луны (Волі).  Аляксандр Міхал Сапега (1730-1793) канцлер ВКЛ, жанаты на Магдалене Агнешцы з роду Любамірскіх. Аляксандр Міхал распачынае актыўную гаспадарчую дзейнасьць у Дзярэчыне. Пры ім з’явілася ў яго уладаньнях бульба, якая з цягам часу стала гаспадыняй стала. На Шчары Аляксандр Міхал Сапега збудаваў паселішча Воля з прыстаньню. Цікава, што і Луненскія ўладаньні Сапегаў называліся Воля, і тут у Луне, Каўшах, Чарлёне былі прыстані. Гандлёвыя флатыліі курсавалі ад Шчары да Караляўца. З Балтыкі прывозілі заморскія тавары: соль, жалеза, французскае віно, ды ангельскае піва, шкло і посуд і, нават “арфы” ці “млыны для ачысткі зерня.” У Каралявец па Нёмне плыло жыта, пшаніца, пянька, пакульля, рагозы, футры, воск, скуры, драўніна, попел...
 

   Аляксандру Міхалу Сапегу належалі многія паселішчы на вялікіх абшарах цяперашняй Беларусі, Польшчы ды Украіны. Але аблюбаваў ён для сваёй рэзідэнцыі на жаль не Луну, а суседні Дзярэчын. Хоць Луненскія мясьціны не саступаюць, а, на мой погляд, прыгажэйшыя за Дзярэчынскія, не кажучы пра тое, што ў Дзярэчыне няма Нёмана. У 1760-1770 гг. Аляксандр Міхал найбольш увагі аддае  Дзярэчыну і будуе тут у 1765 г. тэатр, а ў 1768 г. Вайсковую акадэмію для 30 сыноў вышэйшых дзяржаўцаў ВКЛ. У 1786 г. саксонец Ян Самуэль Бэкер разам з мясцовым архітэктарам Лаўрынам Гуцэвічам будуюць палац, варты рэзідэнцыі Сапегаў. Палац упрыгожваў картуш з гербам роду Сапегаў з выявай сьвятой для ўсіх беларусаў “Пагоні”. Разам з Дзярэчынам у 18 ст. праслаўляецца на ўсю Еўропу сваімі кірмашамі невялікае дагэтуль мястэчка Зэльва. У 1720 г. Антоні Казімер Сапега атрымаў Каралеўскі прывілей на правядзеньне ў мястэчку штогадовых “ярморок ілі торгов” . 

Легендарны Францішак Сапега

   Аляксандр Міхал меў сына Францішка Аляксандра (1772-1829), які стане бацькам  Яўстаха, паўстанца. Францішак стаў ці не самым легендарным уладальнікам нашых ваколіц. Пражыўшы ўсяго 57 год, ён прыняў удзел у паўстаньні Тадэвуша Касьцюшкі, паспеў адбіць каханку ў Напалеона Банапарта, сабраць вялізную колькасьць каштоўнасьцяў, старадрукаў, мастацкіх палотнаў у сваім Дзярэчынскім палацы, што пасьля вызвольнага паўстаньня 1830 г. супраць расейскіх акупантаў быў канфіскаваны. З канфіскаванага  Дзярэчына  адных толькі карцінаў і каштоўных ўпрыгожваньняў было вывезена  303 пуды 25 фунтаў (каля 5 тонаў). У 21 год Францішак ужо атрымлівае званьне генерала артылерыі, а яго мужнасьць і адвагу засьведчыў Ордэн Сьвятога Станіслава. 22 траўня 1794 г. генерал Францішак Сапега сканцантраваў сваё войска ў Дзярэчыне і далажыў у Вільню , што рыхтуецца да баявых дзеяньняў, ахвяраваўшы на паўстаньне 6 тысяч дукатаў, ды яшчэ адпісаў на патрэбы паўстаньня даход з аднаго з маёнткаў у 16 тысяч рублёў.
 

 

 

Францішак Сапега (1772-1829). Партрэт 19 ст.

   Пасьля паразы паўстаньня лёс спрыяў ці схітрыў генерал, каб выратаваць сябе і свае маёнткі, перадаўшы 6 студзеня1795 года пакаянны ліст да Кацярыны II. Вызвалены ад перасьледу  з вялікай ласкі імператрыцы, Францішак едзе ў Пецярбург і дамагаецца вызваленьня Тадэвуша Касьцюшкі, які паранены сядзіць у Петрапаўлаўскай цьвердзі. Але дарэмна. Касьцюшку вызваляе пасьля сьмерці царыцы Павел I, які люта ненавідзеў усё, што рабіла яго маці. А можа гэтаму паспрыяў прыём, наладжаны Паўлу I  у Дзярэчыне, дзе былы паўстанец прымаў яго ў сваім палацы, падносячы каранаванай асобе легендарнага “Івана“ і замовіўшы слова за свайго легендарнага галоўнакамандуючага? Трэба ўспомніць, што Францішку было ў гэты час мала больш за 20 гадоў. А ў 25 ён ўжо трымаў на руках нашчадка – першынца і будучага паўстанца Яўстаха  Каятана. Далей было каханьне з фаварыткай Напалеона Маргарытай Жазэфінай Вальтэр, ноч, у якую, па чутках прайграў у карты 15 мільёнаў золатам, падарожжа ў кратар Везувія, дзе ледзь не задыхнуўся ад вулканічнага дыму, скарэньне горных вяршынь у Пірынэях, дзе двойчы трапіў пад сьнегавыя лавіны, назіраньне за карыдай у Гішпаніі… Венецыю параўнаў з беларускім бабром, што сядзіць у вадзе, высунуўшы галаву на паверхню, ды калекцыянаваў жаночыя пацалункі, за што заслужана атрымаў тытул «ліцьвінскага  Казановы». Гэта ўсё не перашкаджала Францішку Аляксандру дасылаць у Дзярэчын  вазы з заморскімі кнігамі, творамі мастацтва, ды іншыя набыткі на яшчэ не народжаную радасьць расейскіх захопнікаў. У 1809-1810 гадах Францішак Сапега ад таго, што ў Партугаліі горача, у Англіі туманна, у Вільні не хапала сяброў, у Варшаве сумна без картаў, а толькі ў Парыжы і Дзярэчыне – сама тое, праводзіць час у Дзярэчыне. Тут і памёр легендарны Францішак Сапега ў 1829 г. і пахаваны  ў Бярозе-Картузскай. Варта дадаць, што ў кінафільме “Парыжскія таямніцы” па аднайменным рамане Эжэна Сю улюбёнец жанчын Жан Марэ стварае вобраз рамантычнага Рудольфа дэ Геральштайна, прататыпам якога  паслужыў беларускі князь з роду Сапегаў, паўстанец і шукальнік прыгодаў Францішак Аляксандр. Каго зацікавіў гэты князь і Дзярэчын, можа прачытаць пра гэта і пра многае іншае ў цікавай кнізе Міхася Скоблы  “Дзярэчынскі Дыярыюш.”
 

   На жаль да Луны (Волі) Францішак быў не вельмі прыхільны, бо 4 лютага 1799 г. ён прадае свае ўладаньні Чарлёна, Лаўна, Воля і Сямаскаўшчына за 500 тыс. польскіх злотых князю Францішку Друцка-Любецкаму.
 
 

 

Францішак Ксаверы Друцка-Любецкі, мал. Валенты Слівіцкага (1765-1857): www.polona.pl

Scroll to top