ДА ЧЫТАЧА

Героямі гэтай кніжкі з'яўляюцца прадстаўнікі знікшай і многімі забытай цывілізацыі — яўрэі мяжы аселасці. Яна ўкладзена з невялікіх нарысаў, якія распавядаюць пра лад жыцця гарадзенскіх яўрэяў у канцы XVIII пачатку ХХ стагоддзя. І хаця на яе старонках шаноўнаму чытачу сустрэнуцца дакладныя лічбы і цікавыя факты, няхай ён не шукае тут поўнай характарыстыкі побыту яўрэйскай суполкі ў Гародні.

Праца па даследаванню функцыянавання яўрэйскай культуры мяжы аселасці толькі пачынаецца. З кожным днём яўрэяў на нашай зямлі становіцца ўсё менш. Ведаеце, што толькі за 11 месяцаў 1999 года з Беларусі назаўжды выехала 20 000 яўряэў? А былі часы, калі яны складалі да 50-80 % гарадскога насельніцтва нашага краю! Разам з імі знікае жывая гісторыя памяць пра падзеі даўніны. Яны плялі канву гісторыі разам з Вашымі продкамі, яны будавалі дамы, у якіх Вы сёння жывяце, яны малявалі палотны, дзякуючы якім увесь свет ведае цяпер, што ёсць такая краіна - Беларусь, радзіма Марка Шагала. Іх энергія і вопыт стваралі прамысловасць і гандаль краю, яны абслугоўвалі гараджан у сотнях крам, дастаўлялі харчаванне, апраналі і весялілі музыкай сваіх скрыпак. Мэта гэтай кніжкі — звярнуць Вашу ўвагу на тое, што гісторыя яўрэяў з'яўляецца неад'емнай і важнай часткай гісторыі Беларусі. І калі Вы гэта зразумееце, ці проста перапыніце брудную лаянку антысеміта - я сваю працу выканала добра.

КАРОТКАЯ ПЕРАДГІСТОРЫЯ

Калі Гародня стала месцам сталага пасялення яўрэйскай суполкі, дакладна невядома. Аўтар артыкула "Гародня" у "Яўрэйскай энцыклапедыі” П.Марэк адносіць гэтую падзею да XII стагоддзя, не спасылаючыся ні на дакументы, ні на вынікі раскопак. Між тым дакладна вядома, што на тэрыторыі суседняй Польшчы, праз якую з Германіі рухаліся на ўсход ашкеназскія яўрэі, у XI стагоддзі ўжо былі сталыя яўрэйскія пасяленні. Яны ўзнікалі паабапал гандлёвых шляхоў з Паўночнай Еўропы на Русь, іх насельнікамі былі перш за ўсё людзі, звязаныя з гандлем, купцы і ліхвяры. Пазней з'яўляліся рамеснікі і прадстаўнікі вольных прафесій, з іх у першую чаргу ўрачы, якія вельмі цаніліся пры дварах еўрапейскіх манархаў.

Першае дакументальнае сведчанне пра існаванне ў Гародні яўрэйскай суполкі адносіца да 1389 года. Гэта прывілей вялікага князя Літоўскага Вітаўта, сапраўднасць якога некаторымі навукоўцамі падвяргаецца сёння сумненню. Дакумент дазваляе гарадзенскім яўрэям весці вольны гандаль, а таксама рамесніцкую дзейнасць на тэрыторыі горада. Несумненна, яўрэйскае насельніцтва Гародні было ў гэты час значным і паступова папаўнялася вымушанымі перасяленцамі з Заходняй Еўропы, якія адчувалі праследаванні з боку ўлад Іспаніі, Францыі і Германіі.

Далейшая гісторыя суполкі - гэта гісторыя быцця людзей, якія стварылі асаблівы сусвет, прасякнуты аскетычнымі і містычнымі элементамі, падпарадкаваны вышэйшым панадчасовым каштоўнасцям. У сваім штодзённым пошуку заробку яны браліся за многія справы, але адсутнасць вялікіх грашовых зберажэнняў найчасцей штурхала іх да дробнага гандлю, ліхвярства ды пасрэдніцтва ў справах, якое ў Еўропе звычайна называюць маклерствам. Ім, выхадцам з Заходняй Еўропы, самім лёсам было наканавана стаць на беларускіх землях рухаючай сілай прагрэсу, таму што яны былі носьбітамі перадавой рамеснай тэхналогіі і садзейнічалі развіццю таварна-грошавых адносін.

Праходзілі гады, стагоддзі. Знешняе аблічча культуры не мянялася, захоўвалася традыцыйная прафесійная структура, Перыядычна ўзнікала напружанасць паміж хрысціянамі і яўрэямі, яна была заснавана на глебе эканамічнай канкурэнцыі і ў асабліва вострыя моманты (напрыклад, у 1495 годзе) прыводзіла да часовага выдалення яўрэяў. Але праходзіў час, яны вярталіся, атрымлівалі назад сваю нерухомасць, і жыццё працягвалася далей. Не пераязджаючы нікуды са сваіх дамоў, гарадзенскія яўрэі некалькі разоў мянялі падданства: яны станавіліся жыхарамі Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай. І вось у 1795 годзе пачаўся новы этап жыцця гарадзенскіх яўрэяў. З гэтага часу яно было асенена крыламі двухгаловага расійскага арла.

“НЕАБХОДНЫ ПАРАЗІТ” ЦІ РУХАЮЧАЯ СІЛА МЯСЦОВАЙ ЭКАНОМІКІ?

З часоў сярэднявечча Гародня была радзімай для вялікай колькасці яўрэяў. На жаль, афіцыйныя звесткі пра колькасны склад яўрэйскай суполкі няпоўныя па прычыне мэтанакіраванага ўхілення прадстаўнікоў гэтага народа ад усіх магчымых перапісаў насельніцтва. На гэта была значная прычына. Царскі ўрад увёў для яўрэяў “кругавую паруку", што азначала для яўрэяў-зборшчыкаў падаткаў неабходнасць уносіць грошы за ўсю абшчыну адразу. Між тым, у кожнай суполцы было шмат немаёмасных, падаткі за іх мусілі выплочваць заможныя суседзі, якіх гэтая акалічнасць радаваць ніяк не магла. Ім было карысна зменшыць у справаздачах сапраўдную колькасць сваіх аднаверцаў.

Але калі мы ўсё ж-такі звернемся да гэтай недасканалай губернскай статыстыкі, то атрымаем наступныя лічбы. У 1807 годзе тут жыло 2538 яўрэяў, у 1848 - 8375, у 1897 - 46919. У адносінах да хрысціянскага насельніцтва горада гэта складала: на 1816 год - 85%, на 1859 - 53%, на 1887 - 68,7%, на 1898 - 50%. Наяўнасць у Гародні такой вялікай колькасці яўрэяў уплывала на фарміраванне выгляду гарадской эканомікі і аблічча горада наогул. Таму падарожнік, які пабываў тут у канцы XIX стагоддзя, заўважыў: "Гародня — горад ціхі, калі б не яўрэі і ваенныя, яго можна было б назваць сонным. Гародня мае характэрны выгляд літоўска-яўрэйскага горада".

Гарадзенскія яўрэі самым актыўным чынам удзельнічалі ў эканамічным жыцці горада. Асабліва прывабліваў іх гандаль. Яны пастаўлялі памешчыкам з гарадскога рынку соль, жалезныя вырабы, з-за мяжы французскае віно, селядцоў, табаку. Перакупшчыкі з яўрэяў наладзілі сувязі з адміністрацыяй дзяржаўных маёнткаў. Гэта дало ім магчымасць набываць тавары з казённых складоў. Так, гандлярка Гершына і яе сын сведчылі, што атрымалі ў 1781 годзе тавараў на суму 190 злотых, а ў 1782 - на 2148 злотых 20 грошаў. Іосіф Рабіновіч набраў на складах Гарадзенскай эканоміі, якой кіраваў Антоній Тызенгаўз, тавараў на суму 15315 злотых.

Звычайна гандляры заводзілі ўласныя лаўкі альбо арэндавалі іх у магістрата. Напрыклад, у 1834 годзе яўрэі арэндавалі 83 гарадскія лаўкі і ўносілі за гэта ад 10 да 38 рублёў платы. Пра тое, што гарадзенскія яўрэі-гандляры не цешыліся вялікімі прыбыткамі, сведчыць невысокі памер капіталаў, якімі валодалі лавачнікі. Згодна з дакументамі, 17 з 22 уласнікаў крам у 1819 годзе мелі не больш за 50 рублёў абаротнага капіталу. Ім даводзілася прапаноўваць пакупнікам драбязу ўсялякага кшталту: галантэрэю, спажывецкія тавары, металічныя прылады, старызну.

Гандляры са значным абаротным капіталам мелі больш прастору для дзейнасці. Сярод іх былі тыя, хто займаўся футроўствам, як Шэвах Яшунскі і Лейзэр Собаль. Яны маглі, напрыклад, як І. і Л.Коганы, А.Вісцінецкі, Метэн альбо Гінзбург займацца сплавам хлеба па Нёману.

Гэта была вельмі прыбытковая справа: трэба было толькі своечасова паспець закупіць зерне ў сялян, для чаго яўрэі прыязджалі на вёску на сваіх фурманках. Часта закупка жыта праводзілася адразу "на караню", калі ў галодны год сяляне бралі ў мясцовага карчмара грошы ў доўг, абяцаючы вярнуць восенню хлебам. Далей сельскагаспадарчую прадукцыю сплаўлялі ўніз па Нёману і прадавалі на кірмашах Кёнігсберга ці Рыгі. Гарадзенскія купцы падтрымлівалі гандлёвыя кантакты з Царствам Польскім, Аўстра-Венгрыяй, Прусіяй.

Гэтыя гандлёвыя аперацыі служылі падставай для абвінавачванняў антысемітаў, якія ставілі ў віну яўрэям абагачэнне за кошт галоднай вёскі. Я хаця і прызнаю той факт, што яўрэйскія гандляры рухаліся на вёску з мэтай атрымання прыбытку, але хачу заўважыць, што гандаль ёсць гандаль, гэта не дабрачыннасць, і атрыманне прыбытку ў ім рэч натуральная. Акрамя таго, яўрэйскія пасрэднікі, якія прывозілі зерне з вёскі на гарадскі кірмаш, абагачалі вёску наяўнымі грашыма, недахоп якіх яна востра адчувала. Калі сяляне самі не маглі прайсці шлях ад ўласнай гаспадаркі да кірамша, то гэта павінен быў зрабіць за іх нехта іншы, інакш эканоміка і надалей заставалася б натуральнай. Наогул, распаўсюджанасць сярод прадстаўнікоў яўрэйскай супольнасці гандлю тлумачыцца няразвітасцю таварна-грошавых адносін і рынку: рамеснікі і прадстаўнікі "вольных прафесій", якіх сярод яўрэяў было асабліва шмат, нярэдка атрымлівалі заробак натуральным прадуктам і мусілі яго пазней прадаваць.

У свядомасці многіх хрысціян таго часу вобраз яўрэя быў звязаны перш за ўсё з вырабам алкагольных напояў. Сапраўды, яўрэйскія шынкі і корчмы запаланілі вуліцы гарадскога цэнтра і Занёманскага фарштата. Карчма была не толькі пунктам вырабу і продажу гарэлкі, але і месцам, дзе можна было атрымаць пазыку. Яна была цэнтрам адпачынку для гараджан нізкага паходжання, гасцініцай, крамай, месцам для сходаў. Тут спыняліся падарожнікі і гучалі іх апавяданні пра далёкія краіны. Карчму, "мясцовы храм асветы", апісаў нават А.Міцкевіч у сваім бессмяротным "Пане Тадэвушу”:

З фасаду - як каўчэг, а з тылу - дом-стадола,
Падобны на прытвор царквы або касцёла
Той Ноеў карабель з гармідарам і крыкам
I свойскае жывёлы мэканнем і рыкам.
...крыецца трысцём, па рэках назбіраным.
Старым яўрэйскім картузом, нашчэнт падраным,
Глядзелася яна, прагніўшая па латы,
Сваім каньком з саломы кулявой, кудлатым.

Шынкарства са старажытнейшых часоў было асноўным заняткам многіх гарадзенскіх яўрэяў. Як мы можам меркаваць па няпоўнасцю ацалелых рэвізскіх казках 1795 года, 33 са 127 гаспадароў-яўрэяў, якія жылі на вуліцах Роў Гарадніцкай, Рыбакі, Віленскай, Скаліманаўскай, Падвале, Польнай, былі шынкарамі. Некаторыя адчынялі харчэўні і піцейныя дамы, дзе акрамя алкаголю падавалі халодныя закускі (селядцоў, яйкі, сыр). Грамадская думка, а таксама ўлады адмоўна ставіліся да яўрэйскага шынкарства, таму што лічылі іх вінаватымі ў "спаіванні народа". Супраць карчмароў ды шынкароў з яўрэяў былі здзейснены жорсткія захады. Вясковыя яўрэі былі прымусова пераселены ў гарады і мястэчкі, ім забаранілі займацца вырабам спіртнога. Але яўрэі не жадалі мірыцца са стратай крыніцы заробку. Яны завялі палпольныя пункты па вытворчасці алкаголю. Напрыклад, І. Л. Маф у сваім падвальчыку наладзіў выраб "Французскіх він".

У 1856 годзе ў Гародні яўрэйскія пункты продажу алкаголю размеркаваліся наступным чынам. На Брыгідскай вуліцы было 5 пастаялых двароў і 2 пітных дома, на Баніфратэрскай - 4 пастаялых
двары і 9 пітных дамоў, на Маставой - 18, на Бернардзінскай - 5, на Падольнай - 14 пітных дамоў. Занёманскі фарштат прапанаваў паслугі 4 пастаялых двароў, 19 пітных дамоў, 1 тракціра з гатэлем і 4 вінных склепаў, якія належылі яўрэям. Пасля канчатковага дазволу яўрэйскага вінакурэння ў Гародні ўзніклі прадпрыемствы Хаі Фішэлеўны Яфэ, Льва Рубінавіча Веллера і іншых. Вялікія прадпрымальніцкія здольнасці праявіла купчыха Малка Зыскіндаўна
Кауфман. У 1874 годзе яна пабудавала ў занёманскай частцы горада мукамольны млын, які гарэў ў 1889 і ў наступным годзе быў праданы купцам Ландау і Ашкеназі. На атрыманыя ў выніку здзелкі грошы ёй удалося пабудаваць на фарштаце дрожжава-вінакураны завод, на якім нішто не прападала дарам: з ячмяню, жыта і соладу выраблялі гарэлку, а адходы адпраўлялі на корм быдлу.

Цікава, што на 1886 год яўрэі валодалі 95.3% усіх пунктаў па вытворчасці і продажу алкаголю ў Гародні. 17 Лепшы гатэль горада, "Еўрапейскі", які падарожнікі асабліва хвалілі за чысціню і камфартабельнасць, таксама належаў яўрэю. Калі лічыць па статыстыцы, то "яўрэйская прысутнасць" у вінакурэнні працягвала павялічвацца з года ў год. Так, перапіс насельніцтва 1897 года адзначыў наяўнасць у Гародні 176 вінакурняў, гаспадарамі якіх былі нашы героі. У 1898 годзе да ранейадчыненых далучыліся півавараны завод на Занёманскім фарштаце, 1 лаўка і 1 аптовы склад.

Да распаўсюджаных сярод яўрэйскага насельніцтва заняткаў адносілася таксама арэнда збораў. Гэта былі гарадскія падаткі, якія мусілі ўносіць прыбываўшыя ў горад гандляры з адзінкі тавару (сосавы, чопавы, кансумацыйны, вагавы, брукавы), піцейны (з продажу алкаголю) і спецыяльныя яўрэйскія зборы (скрыначны, свечкавы). Такі род дзейнасці не толькі забяспечваў сталы прыбытак, але і даваў зборшчыку вялікую ўладу ў абшчыне. Аднак пры гэтым ён падвяргаў рызыцы ўласную маёмасць, якая пры неўнясенні ім ў азначаны тэрмін поўнай сумы падатку пераходзіла ў казну. Яўрэі арэндавалі гарадскія вагі і меры, паштовыя станцыі, масты і пераправы. У гэтым таксама існавала рызыка паломкі і неабходнасці рамонту за ўласны кошт, што магло прывесці да накаплення нядоімкі.

Рызыка спалучалася з магчымасцю атрымання незаконнай пажывы, чым таксама калі-нікалі карысталіся яўрэйскія зборшчыкі. Вялікі скандал узнік, напрыклад, у 1820 годзе, калі гарадзенскія адкупшчыкі піцейнага збора, спагнаўшы з лідскага памешчыка Ф.Тхаржэцкага 10 рублёў асігнацыямі штрафу, спакойна паклалі яго не ў казну, а сабе ў кішэню. Якім чынам гэтая вестка дайшла да ўлад, сёння мы ўжо не даведаемся, але распачалося расследаванне, у час
якога з падобнымі скаргамі звярнуліся ажно 103 ісцы!

Сярод яўрэяў Гародні былі буйныя пастаўшчыкі харчовых прадуктаў для патрэб арміі. Так, у 1830 годзе купец Броўда даставіў у правіянцкія магазіны Гарадзенскай губерні 24795 асміны мукі і 2324 асмін круп. У 1830-1836 гадах кантракты на пастаўку дроў, свечак, канаплянага масла, саломы па Гарадзенскай губерні атрымалі: М.Андрэс, Т.Левінсон, Г.Лімоніі, Я.Розэнблюм, Г.Лапідос, М.Собаль, Л.Леў. Хаця ў прэсе перыядычна ўзнікалі пагалоскі пра нізкую якасць пастаўленай яўрэямі прадукцыі, у 1853 годзе ім зноў было прапанавана даставіць у запасныя магазіны Гарадзенскай губерні9350 асмін мукі і 830 асмін круп.

Вялікі ўклад унеслі яўрэі ў развіццё рамяства на Беларусі. Згодна з ацалеўшымі рэвізскімі казкамі Гародні за 1795 год, другое месца сярод яўрэяў-уласнікаў дамоў пасля шынкароў (33 чалавекі) падзялілі рамеснікі і людзі, занятыя ў сферы абслугоўвання (па 22 чалавекі).
Адной з галоўных крыніц занятасці яўрэйскіх рамеснікаў была швейная вытворчасць: у 1795 г 10 з 22 рамеснікаў у горадзе краўцы. Пераважанне краўцоў звязана з неабходнасцю задавальнення попыту яўрэйскай абшчыны на вопратку, пашытую ў адпаведнасці з патрабаваннямі шаатнэза (забароны спажывання ў адной вопратцы нітак расліннага і жывёльнага паходжання).

Дакумент ад 1822 года ўтрымлівае пералік наступных рамесных спецыяльнасцей яўрэяў: "Існуюць у гарадской прамысловасці 6 павароў, 3 медавары, 10 булачнікаў, 15 рамізнікаў, да 100 падзёншчыкаў". На жаль, губернская статыстыка не ведала колькасці няцэхавых рамеснікаў, якіх сярод яўрэяў была большасць. На 1835 год у Гародні налічвалася цэхавых рамеснікаў-неяўрэяў 488, няцэхавых - 68; акрамя іх у рамястве былі заняты 1269 яўрэяў. Аўтары “Яўрэйскай энцыклапедыі" сцвярджаюць, што напрыканцы XIX стагоддзя менавіта ў яўрэйскіх руках сканцэнтравалася рамесная вытворчасць Гародні, а ў 1859 годзе з 575 рамеснікаў нашага горада
70% былі яўрэямі. Паміж хрысціянамі і яўрэямі існавала канкурэнцыя. Гэтая з'ява знайшла сваё выяўленне ў скаргах цэхавых хрысціянскіх рамеснікаў у дзяржаўныя інстанцыі. Напрыклад, у 1826 годзе цэхавыя рыбакі, спасылаючыся на старажытныя прывілеі, патрабавалі выдаліць са свайго цэха яўрэяў.

Царскі ўрад вельмі турбавала "спрадвечная ўхілістасць яўрэяў ад вытворчай працы". Яму хацелася бачыць сваіх яўрэйскіх падданых не фактарамі, вінакурамі, карчмарамі ды ліхвярамі, а рабочымі, сялянамі, рамеснікамі. Таму адным з асноўных напрамкаў расійскай палітыкі адносна яўрэйскай супольнасці было далучэнне іх да больш актыўнага ўдзелу ў прамысловай вытворчасці. "Усталяванні адносна яўрэяў” 1804 і 1835 гадоў, якія адпаведна іх ролі ў вызначэнні статуса яўрэяў у Расійскай імперыі даследчыкі называюць "яўрэйскімі канстытуцыямі”, прапаноўвалі яўрэям, якія "заводзяць фабрыкі і заводы" падаткавыя ільготы і пазыкі. Мясцовыя ўлады таксама ўсяляк імкнуліся паўплываць на змяненне традыцыйнага яўрэйскага ладу жыцця і заахвоціць іх да сельскагаспадарчай і рамесніцка-фабрычнай працы. Прыкладам гэтаму можа паслужыць ініцыятыва гарадзенскага павятовага прадвадзіцеля дваранства, які прапаноўваў у 1835 годзе вызваліць мануфактурных рабочых і заснавальнікаў мануфактураных таварыстваў ад рэкруцкай павіннасці.

Намаганні гэтыя не праходзілі марна. На працягу канца XVIII - XIX стагоддзяў некаторыя гарадзенскія яўрэі сталі ўласнікамі альбо рабочымі на прадпрыемствах розных галін
вытворчасці. Аднак адразу трэба заўважыць, што хаця і называліся яны "Фабрыкамі і заводамі", але на самой справе большасць з іх была самымі звычайнымі кустарнымі майстэрнямі. Адным з самых старых прадпрыемстваў, якія належылі яўрэям у нашым горадзе, была капелюшовая фабрыка Міхеля Янкелевіча Бурды. Яна была заснавана ў 1795 годзе. У 1813 годзе тут было выраблена 530 капелюшоў. Асартымент небагаты: дакумент пералічвае "звычайныя яўрэйскія, простыя ваўняныя, пуховыя, малыя круглыя капелюшы". Яны былі зроблены для продажу на месцы; матэрыялы, патрэбныя для вытворчасці, таксама набываліся ў Гародні. На фабрыцы, і гэта тыпова для яўрэйскіх кустарных прадпрыемстваў, майстрам працаваў сам гаспадар. Ён наймаў сабе памочніка з яўрэяў па прозвішчу Палтовіч. Часта ў майстэрні акрамя гаспадара працавалі яго сваякі ці хто-небудзь з суседзяў.

У 1805 годзе было заснавана прадпрыемства Беньяміна Лейбавіча Ізабелінскага. Гэта майстэрня працавала на заказ: кліенты прыносілі скуры кароў, коней, цялят, а майстар апрацоўваў іх за папярэдне вызначаны кошт. У 1813 годзе майстар (Б.Л.Ізабелінскі) з дапамогай двух чаляднікаў вырабіў 120 скур. Матэрыялы (вапну, рыбін тлушч, дубовую кару, лазу) майстар знаходзіў у Гародні. Для працы яму патрэбна было нескладанае абсталяванне: 10 драўляных чопаў, 1 медны кацёл. У некаторыя гады, напрыклад, 1814, вытворчасць павялічвалася да 230 скур, аднак усё роўна гэта быў невялікі абарот капітала, які прыносіў невысокія карысці. Такога ж тыпу прадпрыемствамі былі скураны завод гарадзенскага мешчаніна Вульфа Лейбавіча Лейпуньскага (яго існаванне атрымліваецца прасачыць на працягу 1838-1846 гадоў) і завод Хаі Іонасаўны Фінавай.

3 1818 года пачалася гісторыя панчошна-фланэлевай фабрыкі яўрэяў А.Г.Монеса і Г.М. Фарбера. Абсталяванне гэтага прадпрыемства таксама не было складаным, яно нават не мела ўласнага сукнавальнага млына, што прымушала гаспадароў праводзіць аперацыю валяння на іншых фабрыках. Прадукцыя, аб'ём якой у 1818 годзе складаў 120 аршын тканіны, была выпрацавана з мясцовай сыравіны і распрадана таксама ў Гародні. 36 Цагляныя заводы, якія належалі сярод іншых Берцы Андрэсу, Нохіму Баткоўскаму, Арону Бадылькесу і Мендэлю Собалю, знаходзіліся за горадам, у раёне скатабойні. Сярод яўрэяў, якія займаліся мылаварэннем, былі Самуіл Ізраілевіч Лямперт, Ізраіль Мордкавіч Гіршгорн, Лейба Міхелевіч Кур'янскі і іншыя.

Наш горад быў асабліва вядомы сваёй тытунёвай прамысловасцю. У 1862 годзе ў Гародні было адчынена самае буйное на Беларусі прадпрыемства гэтай галіны - фабрыка, якая належала камерсантам Іоселю Лейбавічу Шэрэшэўскаму і Файвелю Шэбшэлевічу Русоце.

Прадпрыемства знаходзілася на вуліцы Маставой, у двары гарадзенскага яўрэйскага дабрачыннага таварыства. Гэта было няўдалае суседства, таму што на фабрыцы пастаянна здараліся выкіды шкодных рэчываў у атмасферу. Асабліва шкодзіў жыхарам квартала пыл з млына для прыгатавання нюхальнай табакі, які "спіраў дыханне і Будынак тытунёвай фабрыкі выклікаў удушлівы кашаль Шэрэшэўскага на вул. Маставой Скаргі суседзяў і перыядычныя
(сёння - пальчатачная фабрыка) праверкі санітарнай камісіі прымушалі гаспадароў час ад часу паляпшаць умовы працы і надбудоўваць трубы фабрыкі. У 1887 годзе 688 рабочых вырабілі на прадпрыемстве 4864 пудоў курыльнай табакі, 22416 пудоў махоркі, 9316 тысяч штук цыгарэт і 48202 тысяч штук папірос.

Т. Нікіціна наступным чынам апісвае дзейнасць гаспадароў знакамітай гарадзенскай тытунёвай фабрыкі: "Тытунёвая фабрыка акцыянернай кампані Шэрэшэўскага перапрацоўвала сыравіну з Расіі, Крыма, з Украіны і табаку вышэйшых гатункаў з Амерыкі. Склады гатовай прадукцыі кампанія ўтрымлівала ў Дзвінску, Лодзі, Варшаве. На усерасійскай выставе 1882 года ў Маскве прадукцыя гарадзенскіх тытунёўшчыкаў была ўзнагароджана срэбраным медалём". Але гэта была далёка не адзіная фабрыка тытунёвых вырабаў у Гародні. Меншыя прадпрыемствы належалі яўрэям Беньяміну Гадасу і Берцы Вольфавічу Фінкльштэйну.

Ад апошняга гаспадара Фартуна хутка адвярнулася. Сваё прадпрыемства ён адчыніў у 1895 годзе на Замкавай вуліцы, пасярод густанаселенага яўрэйскага квартала, жыхарам якога перашкаджаў несупынны шум ад машын фабрыкі. Ім удалося пераканаць "губернскае начальства" у тым, што знаходжанне гэтай фабрыкі ў цэнтры горада, сярод драўлянай забудовы, небяспечна на вынікі. Улады прынялі рашэнне абавязаць гаспадара перанесці яе на іншае месца. Хутчэй за ўсё, у Б. Фінкельштэйна грошай на гэта не аказалася, таму што ён, кінуўшы сваё прадпрыемства на волю лёсу, паехаў за мяжу.

Патрэбы квітнеўшай ў Гародні тытунёвай вытворчасці абслугоўвалі гільзавыя заводы, на якіх выраблялі папяровыя абалонкі для цыгарэт і папірос. Прыкладам такой фабрыкі можа паслужыць створанае на пачатку 80-х гадоў XIX стагоддзя на Замкавай вуліцы прадпрыемства Ісаака Харына. Звесткі пра яго дайшлі да нашага часу дзякуючы інспекцыі санітарнага кантроля, які пакінуў вельмі крытычную рэляцыю. Чыноўнікі адзначылі антысанітарыю, наяўнасць драўлянай лесвіцы на другі паверх, што рабіла будынак пажаранебяспечным, сырасць, спёртае паветра, бруд, адсутнасць вентыляцыі. Усё гэта пагражала як здароўю рабочых, так і бяспецы суседніх драўляных будынкаў. Было вынесена пастанаўленне: заўважаныя недахопы ліквідаваць, што і было выканана гаспадаром да 12 студзеня 1892 года.

Гародню канца XIX пачатку ХХ стагоддзя немагчыма ўявіць сабе без мноства маленькіх майстэрань, якія прапаноўвалі разнастайныя паслугі прадпрыемствам, канторам і прыватным асобам. Значную частку іх складалі пераплётні. Сярод уласнікаў гэтых майстэрняў былі яўрэі Р.О. Іонас, I.B. i М.В. Харыны, Э.Лейзер. Некаторыя з гэтых прадпрыемстваў дасягалі значных памераў, напрыклад, на пераплётні братоў Ісаака і Міхеля Харыных, якая знаходзілася на Паліцэйскай вуліцы, у 1900 годзе працавала больш за 100 рабочых. Яна размяшчалася ў трохпавярховым каменным будынку і была аснашчана керасінавым рухавіком, які прыводзіў у рух "фабрычны механізм".

У канцы XIX - пачатку ХХ стагоддзя распаўсюдзілася мода на фотаздымкі. Дзякуючы ёй у нашым горадзе з'явілася вялікая колькасць фатаграфічных майстэрняў, уласнікамі якіх былі і яўрэі.
Адной з першых фатаграфій лічыцца атэлье Якава Ісаакавіча Салавейчыка, якое было адчынена на Купецкай вуліцы 30 ліпеня 1881 года. Калі праз сем год гаспадар пераехаў на пастаяннае жыхарства ў Амерыку, ён перадаў сваю справу мужу сястры Ліпе Эліавічу Блоху. Гэта каштавала апошняму 200 рублёў срэбрам. У 1884 годзе пасведчанне на права адкрыцця ўласнай фотамайстэрні атрымалі Абрам-Шмуйла Аўсеевіч Стамер і Мордух Шоламавіч Памеранцаў.

Праз год у іх з'явіўся канкурэнт, пінскі мешчанін Мордух Шоламавіч Папірны, які быў членам Рускага фатаграфічнага грамадства ў Маскве. Хутка ён перанёс сваё атэлье ў Брэст-Літоўск, але пасля пажара 1896 года вярнуўся ў Гародню. У 1894 годзе ўласную майстэрню адчыніла Ента (Яўгенія) Аўсееўна Райхштэйн, якая была вучаніцай свайго бацькі. У сярэдзіне 90-х гадоў XIX стагоддзя вялікай папулярнасцю карысталіся фатаграфіі Зундэля Янкелевіча Карасіка на Калажанскай вуліцы і купца 2 гільдзіі Хаіма Эліавіча Бінковіча ў Хлебным завулку.

На рубяжы XIX - XX стагоддзяў у нашым горадзе з'явілася шмат фінансавых устаноў. У сярэдзіне 80-х гадоў узнікла прыватнае Таварыства ўзаемнага крэдыта. Яўрэі мелі ў ім значны ўплыў, пра што сведчыць анкетны ліст членаў яго праўлення, які ўтрымлівае прозвішчы 291 яўрэя, 112 каталікоў, 52 праваслаўных, 13 лютэран і 1 магаметаніна. Асаблівую пазіцыю ў Таварыстве займалі спадчынны ганаровы грамадзянін Беньямін Гешэлевіч Ашкеназі, купцы Шолам Беркавіч Салавейчык, Маісей Лазаравіч Кнаразоўскі і Ошэр Ільіч Вільнер. У 1896 годзе купец першай гільдзіі М.М.Эльяшаў адчыніў у Гародні банкірскую кантору, якая вяла “...улік рускіх векселяў, чыгуначных накладных і квітанцый транспартных таварыстваў, пазыкі пад працэнтныя паперы і тавары, прыём сум па ўкладах і на цякучы рахунак, набыццё і продаж працэнтных папер і г.д.". Некаторыя жыхары Гародні адчынялі ламбарды. Так, з 1893 па 1896 год працавала такая ўстанова, якая належала купцу другой гільдыі Лейбе Беркавічу Смажановічу.

Такім чынам, прафесійная структура гарадзенскіх яўрэяў у апошняй трэці ХVІІІ — пачатку ХХ стагоддзя характарызуецца вялікай разнастайнасцю сфер прыкладання працы. Але калі ў канцы XVIII пачатку XIX стагоддзя асноўным спосабам заработку для іх з'яўлялася эксплуатацыя даходных крыніц памешчыцкай гаспадаркі і звязаны з ёю пасрэдніцкі гандаль, што дало юдафобам падставу назваць іх "неабходнымі паразітамі", то ў першым дзесяцігоддзі XIX
стагоддзя асноўны акцэнт эканамічнага жыцця яўрэяў пераносіцца ў горад. Значнае месца ў ім займаў гандаль і арэнда, узрастала роля вытворчых відаў дзейнасці - рамяства і прамысловай вытворчасці. Між тым прывіванне яўрэям нетрадыцыйнага для іх віда дзейнасці заняцця сельскай гаспадаркай — скончылася няўдачай, і ён хутка знік з прафесійнай структуры гарадзенскіх яўрэяў. Пра гэта між іншым сведчыць статыстыка: у 1807 годзе для вядзення сельскай гаспадаркі з Гародні пажадала выехаць толькі 10 яўрэяў-гаспадароў (!).

Scroll to top