У другой палове XIX стагоддзя пачаўся новы этап у развіцці фізікі. Паступова на змену механістычнай карціне Сусвету, гаспадыняй у якой была механіка Айзэка Ньютана, прыходзіць электрамагнітная карціна з прынцыпова новымі ўяўленнямі аб руху, прасторы і часе. Пераход ад класічнай фізікі характарызаваўся не толькі ўзнікненнем новых ідэяў, адкрыццём новых нечаканых фактаў і з’яваў, але і пераўтварэннем яе духу ў цэлым, узнікненнем новага спосабу фізічнага мыслення.