У панядзелак 21 сакавіка 1496 г. ў дзень Святога Бенядзікта ў сваім гаспадарскім дворы ў Берштах „[…] Аляксандр з ласкі Божай вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі” дараваў Гародні права на самакіраванне . Паводле прывілея горад пераходзіў „з права літоўскага або рускага […] на права нямецкае, магдэбурскім званае” і ягоным жыхарам дазвалялася ўзвесці „нават ратушу на месцы гаднейшым”.

 

 

 

 

 

Гарадзенская гарадская пячатка 1540 года. Кераміка, Уладзімір Кіслы, 1999.

 

У Гародні уводзілася пасада войта, жыхары вызваляліся з-пад юрысдыкцыі земскіх і іншых судоў, ім дазвалялася збудаваць „млын на рацэ Нёмане” і „супольную […] лазню”, мець тры карчмы без падаткаў, васкабойню, важніцу, арганізоўваць тры кірмашы штогод.


Відавочна, што першая гарадзенская ратуша з гарадскім гадзіннікам на яе вялікай вежы паўсталі паміж 1496 і 1540 гадамі. Хто вырабіў гэты хранаметр -невядома. Хутчэй за ўсё гэта быў майстр, запрошаны з Гданьска, або з Каралеўца - найбліжэйшых гарадоў, дзе на той час ўжо існавалі цэхі такіх рамёстваў. Стваральнік ратушнага гадзінніка паставіў на левай, верхняй частцы клеці ягонага механізма сваё таўро, падобнае на перавёрнутую лацінскую літару „G”, якое пакуль расшыфраваць не ўдалося.

 

 

Таўро майстра на ратушным гадзінніку. Фота Аляксандр Мілінкевіч, 1987 г.

Першым вядомым нам гадзіншчыкам у Вялікім Княстве Літоўскім быў Ян, які згадваецца ў рахунках каралеўскага двара Жыгімонта Аўгуста: „Joannes horologiorum magister” (1549?) ці „Ioannes horologiorum magister”. Большую частку свайго жыцця „зекгармайстр” Ян працаваў у Вільні . Нельга выключыць, што ён мог суправаджаць караля падчас яго падарожжаў у Вільню і Гародню.

 

 У ХVI - XVII ст. гадзіншчыкі ў Вільні былі пераважна нямецкага паходжання. Адным з іх быў Аляксандр Хельман (1663) . Прадстаўнікі гэтага рамяства ўваходзілі ў супольны цэх разам з кавалямі, слесарамі і майстрамі зброі. Але пабудову новых вежавых гадзіннікаў у Вялікім Княстве Літоўскім да сярэдзіны XVII ст. даручалі не віленчукам, а замежным майстрам, пераважна з Гданьска.


Гарадзенскі ратушны гадзіннік упершыню згадваецца 25 ліпеня 1541 г., калі ў сваім прывілеі Гародні адносна гарадскога добраўпарадкавання каралева Бона Сфорца загадала гарадзенскаму магістрату: „Майстра гадзіннікавага („horologiorum magister”) няхай возьмуць, які б гадзіннік мог абслугоўваць і аднавіць умеў, каб не псаваўся” .


Выява першай гарадзенскай ратушы захавалася дзякуючы мастаку Ёгану Адэльгаўзеру (Johann Adelhauser), які ў 1567 г. намаляваў панараму горада ў момант прыбыцця маскоўскага пасольства на перамовы з каралём Жыгімонтам Аўгустам, што праходзілі у Старым Замку. Гэты абраз на наступны год гравіраваў Маціяс Цюндт (Matthias Zündt) з Нюрнберга пад назвай „Сапраўдная выява горада Гродна ў Літве” . На панараме ратуша – галоўная ахітэктурная дамінанта Гародні, двухпавярховы мураваны будынак з галерэяй, вялікай і малой вежамі, які знаходзіўся на галоўнай гарадской плошчы – Рынку.

 

 

Гарадзенская Ратуша (паводле гравюры Ёгана Адэльгаўзера і Маціяса Цюндта). Уладзімір Кіслы, 1998 г.

Далей вядомыя нам звесткі пра гарадзенскі ратушны гадзіннік перапыняюцца да апошняй чвэрці ХVII ст. Аднак няма сумневаў, што мясцовыя ўлады старанна дбалі, каб ён спраўна адмяраў гарадскі час. Гадзіннік быў не толькі гонарам і адным з сімвалаў горада, але і арганізатарам жыцця „места”. Па яго званах пачыналіся набажэнствы, адчыняліся і зачыняліся гарадскія брамы, майстэрні і крамы. У тыя часы, калі вежавыя гадзіннікі чамусьці спыняліся, месцічы, каб горад не быў „нямы і глухі”, звычайна наймалі званароў, якія цэлыя суткі ўручную молатам адбівалі час у гадзіннікавыя або касцёльныя званы. Здаралася, гэта прыходзілася рабіць гадамі, бо рамонты былі працяглымі і каштоўнымі.


Першая гарадзенская ратуша праіснавала паўтара стагоддзя і была разбурана ў час нашэсця на Вялікае княства Літоўскае цара Аляксея Міхайлавіча, бацькі Пятра І. Маскоўскія войскі двойчы бралі і палілі горад над Нёманам: у жніўні 1655 г. і ў снежні 1659 г. А ў 1669 годзе на працягу аднаго месяца яе моцна знішчылі яшчэ і чатыры пажары.


З гэтай прычыны сойм у 1673 г. вызваліў горад ад падаткаў на тры гады з абавязкам, „каб гэтыя гады будаваліся, так мяшчане, як і габрэі, для выгоды на соймы будучыя прыязжаючых” . Яшчэ ў 1676 годзе чэскі падарожнік Бернард Леапольд Танэр пісаў, што гэта не горад, а „руіны горада”. Але ўжо ў снежні 1678 года, калі ён вярнуўся, тут праходзіў дзяржаўны cойм .


Няпростым быў лёс і сімвала гарадскога самакіравання – ратушы. У рэвізіі Гарадзенскай эканоміі 1680 г. адзначаецца, што для „ўсіх гарадоў і мястэчак, якія магдэбурскімі ганарацца правамі і прэрагатывамі, патрэбным ёсць упрыгожванне ратушай, дзе кансіліумы і суды свае праводзіць павінны”. А „ў даўно зруйнаванай і спаленай” Гародні свае паседжанні магістрат праводзіць „па прыватных месцах”, у дамах ураднікаў і ў замку.


На пабудову ратушы магістрат меўся сабраць 4800 злотых, але ў збяднелым горадзе сродкаў катастрафічна не хапала. Тая ж рэвізія адзначае, што мясцовыя габрэі павінны былі яшчэ ў 1676 г. зрабіць першую „складку на гадзіннік злотых трыста, цэглы дзесяць тысячаў і вапны пяцьдзесят салянак на будоўлю”, хаця „дэ факта выдалі толькі злотых трыста, хоць ведалі, што значна большых выдаткаў гадзіннік з вежай патрабуюць”.


Знішчаная войнамі, пажарамі і эпідэміямі Гародня зможа адбудаваць сваю ратушу ў класіцыстычным стылі толькі ў 1784 г. прычым ужо без вежы і гадзінніка .
Але старадаўні гадзіннік адрадзіўся значна хутчэй. Да справы яго аднаўлення далучыліся езуіты, якія ў 1623 г., выконваючы колішнюю волю караля Стэфана Баторыя, заснавалі ў Гародні сваю рэзідэнцыю . З розных дараванняў манахі атрымалі пляцы - цэлы квартал старога горада - для пабудовы калегіума і касцёла на ўсходнім баку Рынка насупраць Фары Вітаўта. Большасць першапачатковых драўляных езуіцкіх будынкаў у час нашэсця маскоўскага войска была дашчэнту спалены і заняткі ў кляштарнай школе аднавіліся толькі ў 1662 г.


У 1677 г. езуіты ўзвялі трохпавярховы мураваны калегіум, які пазней будуць называць „старым” . Яго праект прадугледжваў пабудову бурсы, трапезнай, друкарні, аптэкі, бібліятэкі, тэатра, майстэрні, стайні, вазоўні і разбіўку вялікага сада . 1678-1700 гадамі датуецца будова касцёла, які быў асвечаны хэлмскім біскупам Тэадорам Патоцкім ў імя Святога Францішка Ксаверыя 6 снежня 1705 года ў прысутнасці двух манархаў - Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі - Аўгуста ІІ і Пятра І .
У Навуковай бібліятэцы ксяндзоў езуітаў у Кракаве захоўваюцца копіі хронікі гарадзенскага калегіума 1673-1769 гг., якая складалася на месцы. Раз на тры гады яна адсылалася ў Рымскі архіў езуітаў. Запіс 1725 г. дазваляе прасачыць далейшы лёс гарадзенскага гадзінніка: „Разладжаны і стаўшы непрыдатным з-за старажытнасці сваёй гадзіннік у гэтым годзе трохмесячнай працай быў адроджаны і змешчаны ў вежы храма. Зусім гнілая высокая драўляная вежа калегіума – старая аснова гадзінніка – была сваечасова скінута, каб не пагражала сваім падзеннем даху калегіума” .


Дэмантаваная гадзіннікавая вежа не магла знаходзіцца на драўляным калегіуме, бо ён быў разабраны годам раней. Значыцца, гадзіннік быў перанесены з вежы мураванага калегіума, які скончылі будаваць ў 1684 г. на поўнач ад сёняшняга Фарнага касцёла. Узгаданая ў хроніцы гадзіннікавая вежа калегіума магла з’явіцца ў езуітаў не раней за 1683 г., калі той накрылі дахам . Прыкладна з гэтага часу гарадзенскі гадзіннік ізноў пачаў адмяраць гарадскі час у ХVІІ ст.


Словы хронікі 1725 г. пра аднаўленне гадзінніка („de novo fabricatum”) могуць навесці на думку, што езуітамі быў збудаваны новы механізм. Аднак вежавыя гадзіннікі тады ствараліся за некалькі гадоў, а не за тры месяцы. Так, у сталічнай Вільні ў гэты ж час пасля той маскоўскай навалы „зэкгармістр” Аляксандр Хельман змайстраваў новы гарадскі гадзіннік паміж 1670 і 1674 гг. Да таго ж гарадзенскі гадзіннік прастаяў на вежы калегіума толькі каля 40 гадоў перад пераносам ў новазбудаваны касцёл, таму ў такім узросце ніяк не мог лічыцца „старажытным”, як пішацца ў хроніцы.


Не выклікае сумнення, што ў 1725 г. з вежы калегіума на вежу касцёла быў перанесены былы ратушны гадзіннік, якому на той момант было ўжо каля двух стагоддзяў. Відавочна, што на пачатку 80-х гадоў XVII ст. магістрат на грошы, сабраныя гарадзенскімі габрэямі, адрамантаваў стары механізм. Еезуіты ж спецыяльна для яго збудавалі ў сваім калегіуме высокую вежу, якая знаходзілася паблізу ад Рынка і была бачнай для значнай часткі горада.


Пяцісотгадовую гісторыю гарадзенскага гадзінніка пацвярджае і вывучэнне яго ўнікальнага механізма, канструкцыя і шматлікія дэталі якога адпавядаюць вежавым гадзіннікам ХV - ХVІ ст. Гэта вялікія памеры клеці з характэрнымі вяршкамі (шышакамі) калонак ў чатырох вуглах, колы механізма ходу і бою, падвойнае клінавае злучэнне апоры раздатачнага вала, стабілізатар кручэння - „вятранка”, першапачатковыя арыгінальная гадзіннікавая стрэлка і дзве каменныя гіры механізма. Эксперты Дзяржаўнага Эрмітажа з Санкт-Пецярбурга, які вывучалі помнік у 1992 г., пацвердзілі такую датыроўку часу стварэння механізма.

 

Клець механізма з характэрнымі вяршкамі (шышакамі) калонак. Фота Святлана Васіленка, 1992 г.

 


Подвойнае клінавое злучэнне апоры раздатачнага вала. Фота Святлана Васіленка, 1992 г.

 


Колы механізма бою гадзінаў і стабілізатар кручэння – „вятранка”. Фота Аляксандр Мілінкевіч, 1987.

 


Колы механізма хода. Фота Аляксандр Мілінкевіч, 1987 г.

 


 Сярэднявечная гадзіннікавая стрэлка. Фота Аляксандр Мілінкевіч, 1987.

 


Былы молат боя з пружынай. Фота Аляксандр Мілінкевіч, 1987 г.

Апошняе ўзгадванне пра гарадзенскі гадзіннік у Рымскім архіве езуітаў 1743 г. паведамляе, што „вялікі гадзіннік на вежы касцёла быў адрамантаваны і адноўлены” .
Падчас аднаго з рамонтаў 1725 ці 1743 гг. павінна была адбыцца частковая пераробка механізма ходу: замена сярэднявечнага шпіндэльнага ходу, зубчатае кола якога захавалася да сёння, на больш дакладны анкерны ход з інсталяцыяй доўгага маятніка. Гэта рабілася ў тую эпоху паўсюдна і адпавядала тагачаснаму эпахальнаму дасягненню ў хранаметрыі. Згодна з распрацовакі Галілеа Галілея з сынам і Хрысціяна Гюйгенса ў еўрапейскіх вежавых гадзінніках з другой паловы ХVІІ ст. пачалі выкарыстоўваць маятнікі, што дазволіла павялічыць дакладнасць ходу у некалькі дзясяткаў разоў.

 

 Анкерны механізм: хадавое кола і кручковы якар. Фота Аляксандр Мілінкевіч, 1987 г.

Каштоўную іканаграфічную інфармацыю аб гісторыі гадзінніка ўтрымліваюць „сталі”, лавы Кангрэгацкай капліцы Маці Божай Студэнцкай гарадзенскага кафедральнага касцёла Св. Францішка Ксаверыя. На цэнтральным роспісу 1734 г. (такая дата была бачна на абразе да пажара 2006 г.), на левай вежы гэтага храма бачны круглы цыферблат гадзінніка з двума стрэлкамі.

 

Гарадзенскі езуіцкі касцёл на роспісе лавы Кангрэгацкай (Студэнцкай) капліцы. Невядомы мастак XVIII ст. Фота Аляксандр Мілінкевіч, 1987 г.

Ягонае перамяшчэнне на адзін ярус вышэй з вырабам новых цыферблатаў было здзейснена падчас перабудовы вежаў касцёла у 1750-1752 гг. У Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў у Маскве захаваўся кантракт гарадзенскага калегіума з Крысціянам Бурманам (Krystyan Burman), на выкананне гэтых прац: „[…] на вежы ад Аптэкі скляпенні павінны быць дадзеныя, першае пад Гадзіннікам… Цыферблат не інакш як з лічбамі касцельнымі гадзіннымі, чвэрці і хвіліны з бляхі латуннай выразаныя папрыбіваць” . У той жа час на адзін ярус вышэй, на другое скляпенне, былі падняты і званы, найбольшы з якіх з’яўляўся гадзіннікавым , а найменшы адбіваў чвэрці.


Першае вядомае нам імя гарадзенскага гадзіншчыка паходзіць з „Актавых Кніг Магдэбургіі горада Яго Каралеўскай Мосьці Гродна”, у якіх „Ягомасць Пан Людвік Франсуа” (Ludvicus Francois) 29 ліпеня 1772 г. склаў свае сведчанні на судзе: „Я ніжэй падпісаны, Людвік Франсуа, майстар гадзіннікаў Яго Каралеўскай Мосці, мешчанін гарадзенскі, які там стала прабываю, сведчу [...]” .


На жаль, у нас няма інфармацыі аб тым, якімі былі абавязкі гэтага майстра. Тое, што ён называецца каралеўскім гадзіншчыкам, хутчэй сведчыць, што пад яго апекай былі гадзіннікі каралеўскіх палацаў. Аднак паколькі Людвік Франсуа быў гарадзенцам і пастаянна тут пражываў, не выключана, што гэты „зэкгармістр” па дамове з магістратам даглядаў і за гарадскім вежавым гадзіннікам ў Касцёле Св. Францішка Ксаверыя.


У інвентары гарадзенскага паезуіцкага касцёла, складзеным 24 кастрычніка 1798 г., гаворыцца: „У вежы левай маецца лесвіца на хары і да гадзінніка, той гадзіннік – жалезны вялікі, гадзіннік, што і чвэрці б’е, з гірамі каменнымі на тоўстых вяроўках, з чатырма цыферблатамі на чатырох баках башні змешчанымі, са стрэлкамі да іх, машынай для завода гэтага ж гадзінніка” . Трэба заўважыць, што складальнік дакумента памыліўся: цыферблатаў было ад пачатку заўсёды толькі тры.


Інвентары і акты рэвізій гарадзенскага касцёла Св. Францішка Ксаверыя ХІХ ст. утрымліваюць наступныя звесткі пра гадзіннік. Згодна з дадзенымі 1824 г.: „у левай вежы змешчаны чатыры званы і гадзіннік” . У дакуменце 1844-1845 гг. гаворыцца, што „на правай вежы гэтага касцёла ёсць гадзіннік, што выбівае толькі гадзіны без чвэрцяў, жалезны, стары і, акрамя таго, нерэгулярны, не маючы асобнага звана і выбіваючы гадзіны ў вялікі звон касцельны”. У крыніцах 1851 і 1856 гг. паўтараецца папярэдняя інфармацыя, але слова „нерэгулярны” было заменена на „сапсаваны” . У 1863 і 1870 гг. згадваецца, што „на правай вежы касцёла знаходзіцца гадзіннік жалезны, строй якога злучаецца з вялікім званом, бо асобнага звана для боя гадзінаў не маецца” , а ў 1899 г. - „на правай вежы касцёла знаходзіцца жалезны гадзіннік, злучаны з вялікім званом” . (Гадзіннік і званы заўсёды знаходзіліся ў левай паўночнай вежы касцёла).


Змест дакументаў сведчыць, што гарадзенскі ратушны гадзіннік, нягледзячы на яго перанос на вежы калегіума, а пазней у касцёл езуітаў, знаходзіўся па старадаўняй традыцыі пад даглядам гарадзенскіх уладаў. У журнале прысутнасці Гарадзенскага губернскага праўлення захаваўся запіс ад 20 студзеня 1864 г. аб тым, што ў адпаведнасці з рапартам майстра гадзіннікавых справаў Карла Шчансновіча, якому Дума даручала старанна ўтрымліваць гарадскі гадзіннік, „Гарадзенскаму гарадскому магістрату прадпісаць пабудову дашчатай абшыўкі гарадскога гадзінніка на вежы паезуіцкага касцёла гаспадарчым чынам”, паколькі „ён не можа хадзіць спраўна, бо ўсялякая перамена ў паветры дзейнічае на ход таго гадзінніка, тым больш, што ён змешчаны высока” .


У тым жа Журнале 31 снежня 1874 г. было занатавана, што згодна з данясеннем гарадской думы ад 15 мая таго ж года „французскі падданы П’ер Касею, аглядзеўшы гарадскі гадзіннік, які знаходзіцца на вежы Фарнага касцёла, […] абавязаўся цалкам адрамантаваць той за 150 рублёў”. Акрамя таго, „дума дамовіла шляхціча Мечыслава Праневіча за плацёж па 5 рублёў у месяц […] спраўна штодзень заводзіць гарадскі гадзіннік, што знаходзіцца на вежы Фарнага касцёла, са змазкай таго за свой кошт; у выпадку няспраўнай заводкі, у выніку чаго гадзіннік не дзейнічаў бы, Праневіч будзе падвержаны штрафу на карысць горада па 20 капеек за кожны дзень […]” .


У час акупацыі Гародні кайзераўскай арміяй (1915-1919 гады) былі вывезены ў Германію тры з чатырох старажытных званоў Фарнага касцёла, у тым ліку і вялікі гадзіннікавы .

Падчас рамонту касцёла 1921-1922 гг. былі дэмантаваны цыферблаты гадзінніка, якія вярнуліся на свае месцы толькі праз больш, чым дваццаць гадоў.
19 лістапада 1932 г. пры Фарным касцёле быў утвораны грамадскі камітэт па фундацыі званоў і гадзінніка на чале з інжынерам Станіславам Шынкевічам. У адным з лістоў Камітэта ад 1 красавіка 1935 года, знаходзім чарговае пацвярджэнне абсугоўвання гадзінніка гарадскімі уладамі: ” […] Магістрат заўсёды рамантаваў, а служачы гарадскі стала заводзіў гэты гадзіннік” .


Вынікам дзейнасці грамадскай ініцыятывы стала аднаўленне двух званоў: Св. Казіміра вагой 300 кг (танальнасць c-l) і Св. Францішка Ксаверыя вагой 714 кг (танальнасць f-l), вырабленых з 80% медзі і 20% ангельскага волава ў ліцейні Якуба Крушэўскага ў Венгрове (Сядлецкая зямля). Яны былі багата арнамэнтаваныя раслінным узорам і мелі падобны высокарэльефны надпіс: „Імя маё Св. Казімір (на другім адпаведна - Св. Францішак). Фундаваны ў 1938 г., калі касцёлам кіраваў Пій ХІ, Прэзідэнтам Рэчы Паспалітай быў Ігнат Масціцкі, а архібіскупам мітрапалітам віленскім Рамуальд Ялбжыкоўскі. Адліты Я(кубам) Крушэўскім у Венгрове”.
Трэці звон Св. Станіслава, які важыць 500 кг, паходзіў з першага драўлянага езуіцкага касцёла Св. Апосталаў Пятра і Паўла ў Гародні. Ён меў трагічны лёс. Першапачаткова адліты ў 1637 г., у час вайны „ў 1655 годзе маскавітамі спалены” , а ў 1667 г. „загучаў ізноў” адноўлены людвісарам Гансам фон Охрумам з Каралеўца. Аб гэтым сведчыць надпіс на на лацінскай мове на зване: „DEO. OPT. MAX. VIRG. MATRI. MARIAE. B. STANISLAO KOSTKA. ANNO 1637 FUSA SONUI. ANNO 1655 PER MOSCHOS EXUSTA TAGUI. ANNO1667 REGIOMONTI REFUSA RESONARE COEPI. HANS VON OHRUM”.

 

 

Звон Св. Станіслава боя чвэрцяў 1667 года. Майстар Ганс фон Охрум з Каралеўца. Фота Аляксандр Мілінкевіч, 1987 г.

Гэтыя тры званы і сёння знаходзяцца на адзін ярус вышэй за механізм гадзінніка ў той самай вежы гарадзенскага фарнага касцёла. Сярэдні звон Св. Станіслава выкарыстоўваецца для боя чвэрцяў, а бой гадзінаў адбываецца ў найвялікшы звон Св. Францішка Ксаверыя.


У лютым 1935 г. грамадскім камітэтам была атрымана прапанова ад Першай фабрыкі вежавых гадзіннікаў Міхала Менсовіча, што ў Кросна на поўдні Польшчы, на выраб сучаснага хранометра. Аднак з прычыны недахопу сродкаў гарадзенцам прышлося адмовіцца ад закупкі новага гадзінніка і дэмантажа старадаўняга механізма, і ў 1937 г. камітэт прыпыніў сваю дзейнасць.


Квадратныя цыферблаты вярнуліся на свае месцы і гадзіннік пачаў дзейнічаць на пачатку 40-х гадоў XX ст. Вызваленне Гародні ў ліпені 1944 г. скончылася трагічна для архітэктурнай спадчыны старога горада. Гістарычны цэнтр, у першую чаргу забудова заходняга боку Рынкавай плошчы, быў значна разбураны. Храмы цудам захаваліся.

 

Пачынаючы з 1944 г. за станам гадзіннік сачыла наглядчыца Фары Марыя Гратулевіч і яе муж, касцельны сталяр Іосіф, што прыехалі ў Гародню пасля вайны з Полацку. Марыя Гратулевіч (1912 – 2011) на працягу больш шасці дзясяткаў гадоў запар абіралася сябрам Рады Гарадзенскага фарнага касцёла . Гратулевічы кожны дзень а 14-й гадзіне ўздымаліся па вежу на вышыню 10-ці паверхавага дома і ўручную заводзілі стары механізм, падымаючы дзве каменныя гіры вагой больш за 60 кілаграмаў, што вяселі на 15-ці метровых канатах. У 50-я гады XX ст. савецкія ўлады забаранілі прыводзіць у дзеянне механізм гадзінніка, спасылаючыся на тое, што „бой гадзінніка перашкаджае гарадскому транспарту на Савецкай плошчы” . Да таго ж, як распавядала спадарыня Марыя, „людзі ў цывільным” папракалі Гратулевічаў, што яны „з вежы пасылаюць сігналы зняволеным Гарадзенскай турмы”, што ўжо два стагоддзі месціцца ў будынках былога езуіцкага калегіума. Гадзіннік спыніў адлік гарадзенскага часу на чвэрць стагоддзя.


У 1980 г. майстры Гарадзенскага прадпрыемства „Рамбыттэхніка” Аляксандр Пузей і Рыгор Сямернік адрамантавалі прывод стрэлак, вырабілі маятнік і зноў запусцілі гадзіннік. Пры правядзенні гэтых прац да механізма былі дабаўлены два электрарухавіка, якія аўтаматычна ажыццяўлялі завод ходу і бою, а таксама гідраўлічны пад’ёмнік, што прыводзіў у дзеянне механізм бою.

 

Электрарухавік аўтаматычнай заводкі хода Гадзінніка, існаваў у 1980 – 87 гг.). Фота Аляксандра Мілінкевіча, 1987.

У той жа час старадаўні домік гадзінніка быў дадаткова абшаляваны дошкамі і абабіты бляхай. Але хадзіў ён нядоўга. Хаця „электрамадэрнізацыя” і дазваляла не праводзіць штодзённую заводку ўручную, усё ж такі кожны раз у час свайго аўтаматычнага ўключэння рухавікі ўсё больш расхіствалі клеці механізму і значна парушалі дакладнасць ходу. Стары ратушны гадзіннік не ўспрыняў навадзелаў і праз паўгады ў чарговы раз спыніўся.


У сакавіку 1987 г. даглядальніца Фарнага касцёла Марыя Гратулевіч, звярнулася да аўтара с просьбай паспрабаваць аднавіць гадзіннік, падкрсліваючы, што „ гэта такая прыгажосць Гародні, а ты – фізік, любіш гісторыю. Можа дасі рады?”.

 

Мы з маім старэйшым сынам Аляксандрам у той жа дзень узялі ў яе старадаўнія ключы і падняліся на вежу. Механізм гадзінніка быў амаль нябачны, увесь у птушыным памёце. На вокнах не было нават сетак, якія б перашкаджалі птушкам залятаць на паддашша і вежы храмаў. Ачыстка старажытных колаў, валоў, клеці заняла каля тыдня.


У той час аўтару нічога не было вядома аб механізмах вежавых гадзіннікаў, тым больш старажытных. Разам з тым адчувалася, што перад намі штосьці таямнічае і, магчыма, унікальнае. Першымі кансультантамі былі мае гарадзенскія сябры, археолаг тагачасны дацэнт Гарадзенскага ўніверсітэта Міхась Ткачоў і мастак-рэстаўратар Гарадзенскага музея гісторыі рэлігіі Уладзімір Кіслы, а таксама віленскі гісторык навукі і тэхнікі, дацэнт Лібертас Клімка.


Гадзіннік нам удалося запусціць праз тры месяцы 23 чэрвеня 1987 г. Гучанне ходу і бой званоў ажыўшага старадаўняга механізма рабілі містычнае ўражанне. Усвядамленне значнасці падзеі перахоплівала дыханне.


Аднак дакладнасць ходу механізма аказалася зусім благой. Было відавочна, што ён моцна зношаны і патрабуе рэстаўрацыі падшыпнікаў, шэсцерняў, колаў, а таксама вяртання да ручной заводкі і вырабу адпаведнага маятніка.


Вялікую ролю ў правядзенні чарговага этапа прац па аднаўленні ратушнага гадзінніка на Фарным касцёле ў 1987-1989 гг. адыграў Аляксандр Алёшын, першы сакратар Гродзенскага гаркама КПБ, да якога мы звярнуліся па дапамогу. Ён моцна захапіўся ідэяй аднаўлення помніка гарадзенскай гісторыі, таму асабіста каардынаваў тэхнічную і фінансавую дапамогу шматлікіх арганізацый і прадпрыемстваў горада і нават падараваў аўтару выдатную манаграфію па сусветнай гісторыі тэхнікі. Напэўна, сказалася і тое, што Аляксандр Алёшын скончыў шырока вядомы „палітэх” – Ленінградскі палітэхнічны інстытут, які выпускаў не толькі прафесійных, але і інтэлігентных „тэхнароў”.


Асноўныя работы выконваліся на Гарадзенскім заводзе карданных валоў майстрамі Іосіфам Ясюкевічам, Вячаславам Дарашкевічам і Рыгорам Мельнікам. Дапамогу ў працах аказвалі таксама Гродзенскае абласное аддзяленне Беларускага Фонда культуры і гарадзенскі кааператыў „Металіст”.


Крок за крокам, найчасцей вечарамі пасля работы, яны нарошчвалі зубы шэсцярняў і колаў, выраблялі інварны маятнік і апорныя падшыпнікі, аднавілі першапачатковы прывад, што яднаў механізмы ходу і бою.


Нашай мэтай з’яўлялася максімальна поўнае захаванне старадаўніх арыгінальных дэталяў. Механізму была вернута ручная заводка, зроблены новы круглы цыферблат з дзюралюмінія і стрэлкі з нержавеючай сталі па эскізу Уладзіміра Кіслага ў адпаведнасці з выявай на абразе студэнцкіх лаваў з Кангрэгацкай капліцы Фарнага касцёла.

 

 

 Праект аднаўлення гістарычнага круглага цыферблата Гадзінніка. Уладзімір Кіслы, 1988.

Урэшце Уладзімірам Гутнікам былі зроблены ліхтары падсветкі цыферблатаў з аўтаматычным уключэннем у начны час.


Вывучэнне гісторыі гадзінніка, над якой аўтару давялося працаваць у тыя гады ў архівах Гародні, Мінска, Вільні, Кракава, Масквы, было не простым. Асноўная праблема заключалася ў тым, што актавыя кнігі гарадзенскага магістрата часоў Рэчы Паспалітай, як і дакументы гарадзенскага езуіцкага калегіума ў значнай ступені згублены. Яны паліліся ў час войнаў, вывозілася ў Пецярбург пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі.


Першапачаткова нам выдавалася, што гадзіннік Фарнага касцёла можна датаваць апошняй чвэрцю ХVII ст. - часам яго з’яўлення ў калегіуме езутаў, аб чым аўтар пісаў у сваёй першай публікацыі .

 

 

 

Рэцэнзія Міхася Ткачова на артыкул Аляксандра Мілінкевіча аб Гарадзенскім Гадзінніку, 1987

Аднак у выніку працы з дакументамі Рымскага Архіву Езуітаў, а таксама далейшага паслядоўнага вывучэння разам з экспертамі Эрмітажа дэталяў і канструкцыі яго механізма ўдалося устанавіць, што ён паходзіць з дамаятнікавай эпохі і створаны пяць стагоддзяў таму.


У абсалютнай большасці вядомых дзеючых старажытных гадзіннікаў, што захаваліся ў свеце, стаяць механізмы ХVIII - ХІХ ст. Так, першы механізм славатуга страсбургскага гадзінніка разам з папулярным пеўнем, збудаваны ў 1352-54 гг., не функцыянуе і знаходзіцца ў гарадскім музеі дэкаратыўнага мастацтва. А цудоўны галоўны гадзіннік гэтага горада, якім сёння захапляюцца турысты ёсць насамрэч удасканаленая копія першаўзору, пабудаваная ў 1842 г.
Другі прыклад - славуты пражскі гадзіннік 1410 г. - на працягу сваёй гісторыі пастаянна перарабляўся, напрыклад, цалкам напрыканцы ХV cт. з дабаўленнем астранамічнага каляндара, потым у XVII – XIX ст. у ім дадаваліся ўсё новыя рухомыя фігуры. І хоць механізм і захаваў значную частку старых дэталяў, але мадэрнізацыя паважна змяніла першатвор.


Гарадзенскі гадзіннік не вылучаецца звыш складанасцю вышэй названых хранометраў, ён прасцейшы, але абсалютна унікальны, бо з’яўляецца выдатна захаваным помнікам навуковай думкі сярэднявечча і пачатку Новага часу, які дайшоў да нас амаль без зменаў і на працягу многіх стагоддзяў спраўна адмярае час па сёняшні дзень. Гэта найстарэйшы з функцыянуючых аўтэнтычных вежавых гадзіннікаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.


У сакавіку 1988 г. адбыўся мантаж адноўленых круглых цыферблатаў, а 5 ліпеня пасля рэстаўрацыйных прац і гадзіннік вярнуўся на сваё месца.

 

 

Да вясны ішла яго наладка. У поўдзень 14 красавіка 1989 г. ён зноў спраўна пайшоў, агучыўшы гарадзенскі час і прастору. Сімвалічна і невыпадкова гэта быў дзень нараджэння маці аўтара Марыі, якая нарадзілася ў тых самых Берштах, дзе вялікі князь Аляксандр пяць стагоддзяў таму дазволіў гарадзенцам мець ратушу з існуючым да сёння гадзіннікам.


Пазней у гадзінніка з’явіўся і свой выдатны сталы апякун - гадзіннікавы майстар Аляксандр Налівайка, які адпаведна шматвекавой традыцыі стаў служачым гарадской адмістрацыі. У гарадзенскай камунальнай гаспадарцы была ўведзена ўнікальная для сёняшняй Беларусі прафесія - механік вежавага гадзінніка.
У сакавіку 1992 г. гісторыя вяртання гадзінніка да першапачатковага стану мела свой працяг. У Гародню прыехала група расійскіх рэстаўратараў старажытных вежавых гадзіннікаў на чале з выдатным майстрам Юрыям Платонавым. У склад групы ўваходзілі супрацоўнікі Санкт-Пецярбургскага Інстытута ядзернай фізікі РАН, якіх у свой час аб’яднала ідэя аднаўлення страчанага вежавага гадзінніка Гатчынскага палаца, дзе і месціўся іх акадэмічны інстытут. Пра гарадзенскі гадзіннік яны даведаліся з артыкула аўтара, што пабачыў свет у 1989 г. у сборніку Акадэміі Навук CCCР „Помнікі навукі і тэхнікі”. Госці былі ў захапленні ад убачанага ратушнага гадзінніка і казалі, што для іх вялікі гонар спрычыніцца да рэстаўрацыі 500-гадовага механізма.


У гэты ж час Платонаў атрымаў запрашэнне адрэстаўраваць вежавы гадзіннік Зімовага палаца ў Санкт-Пецярбургу, а праз два гады ён ўзначаліць Лабараторыю навуковай рэстаўрацыі гадзінікаў і музычных механізмаў Эрмітажа.


Юры Платонаў быў абсалютна апантаным рэстаўрацыйнай працай майстрам, які казаў такія словы: „Для мяне гадзіннікі – гэта нават не любоў, а стан. Любоў, як правіла, мае пачатак і канец, гадзіннікі ж для мяне – стан душы, а душа мая заўсёды жыла ў іх […] Гадзіннікі абавязваюць вельмі востра думаць і тонка адчуваць”.
Мы дамовіліся, што правядзем атрыбуцыю помніка, адновім механізм бою чвэрцяў, які знік напрыканцы першай паловы ХІХ ст. і многія часткі якога захаваліся, вырабім іншыя дэталі, адпавядаючыя часу паходжання гадзінніка, г.зн. пачатку ХVІ ст., у тым ліку вонкавага афармлення – стрэлак і лічбаў цыферблата. Расійскія спецыялісты ўзялі на сябе абавязак дабрачынна правесці навуковае суправаджэнне рэстаўрацыйных прац, падрыхтоўку эскізаў дэталяў, чарцяжоў і канструктыўных схемаў. Гарадзенцы павінны былі арганізаваць кавальска-механічны выраб неабходных частак механізма ў адпаведнасці са старадаўнімі тэхналогіямі.
У аўтара з Юрыям Платонавым тады адбылася прынцыповая дыскусія. Ці не вярнуцца да аднаўлення першапачатковага сярэднявечнага шпіндэльнага ходу дамаятнікавай эпохі, каб механізм гадзінніка цалкам адпавядаў таму, што стаяў на вежы гарадзенскай ратушы на пачатку ХVІ ст.? Для гэтага былі ўсе магчымасці: захаваныя месцы мацавання, неабходныя кінематычныя схемы і нават арыгінальнае шпіндэльнае кола. Але на той час прыйшлося адмовіцца ад гэтай вялікай спакусы, таму што гадзіннік не музейны экспанат. Ён рабочы, а пры такіх пераробках значна знізілася б дакладнасць ходу, і сур’ёзна б ўскладніўся догляд за ім. Таму вырашылі, што хай гэта будзе тэмай дыскусій пры наступных рэстаўрацыях.


Праца па навуковай рэстаўрацыі гарадзенскага вежавага гадзінніка доўжылася з верасня 1992 г. па ліпень 1997 г. Яна запатрабавала высокага прафесіяналізму, глыбокіх тэарэтычных ведаў і практычнага досведу. Куратарам работ у Гародні быў прызначаны гадзіншчык Аляксандр Налівайка, навуковым кіраўніком праекта з’яўляўся Юры Платонаў. Рэстаўрацыйныя работы на Гарадзенскім заводзе „Белкард” правялі галоўны інжэнер Леанард Дзерачэнік, начальнік Рамонтна-механічнага цэха Анатоль Карыцкі, канструктар Андрэй Сідаравец, тэхнолаг Міхаіл Літвін, слесар-рэстаўратар Сяргей Барташэвіч, зваршчык Іван Асіпкін, токары Вячаслаў Буценец, Аляксандр Сівераў, Уладзімір Давыдаў і Віталь Фамянкоў, слесары Сяргей Кляпач і Андрэй Каровін.


Ход працы і вынікі кожнага з этапаў з 1994 г. абмяркоўваліся ў Лабараторыі навуковай рэстаўрацыі гадзіннікаў і музычных механізмаў Дзяржаўнага Эрмітажа ў Санкт-Пецярбурзе.


У афіцыйным водгуку дырэкцыі гэтага сусветна вядомага музея пасля ўвядзення гадзінніка ў эксплуатацыю адзначаецца, што ”несумненнай перавагай праведзенай працы з’яўляецца строга навуковы падыход Аляксандра Налівайкі да методыкі работ, дасканалае вывучэнне ім гістарычных матэрыялаў і азнаямленне з досведам рэстаўрацыі падобных складаных старадаўніх механізмаў” . У гэтым лісце на імя Адміністрацыі горада Гродна падкрэсліваўся таксама „высокі ўзровень практычных работ”, выкананых гарадзенскімі майстрамі.

Іл. 26. Водгук дырэкцыі Дзяржаўнага Эрмітажа на правядзенне навуковай рэстаўрацыі Вежавага Гадзінніка XVI стагоддзя Кафедральнага сабора Св. Францішка Ксаверыя ў Гародне ад 18 жніўня 1997 года

У 1996 г. Гарадзенскі вежавы гадзіннік быў унесены ў Рэестр помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь з наданнем першай катэгорыі каштоўнасці.

 

Апошнія дзесяць гадоў галоўным гарадзенскім гадзіншчыкам з’яўляўся Іосіф Ясюкевіч, адзін з тых, хто напрыканцы 80-х мінулага стагоддзя вяртаў гадзіннік да жыцця. Па спецыяльнасцях сваіх ён быў слесар-інструментальшчык і гадзіннікавы майстар, і абедзве прафесіі спатрэбіліся яму пры аднаўленні ўнікальнага помніка гісторыі нашага горада і для догляду за ім. А яшчэ ён быў захопленым экскурсаводам для тых, хто прыходзіў падзівіцца цудам сярэднявечнай думкі і тэхнікі.
Амаль кожны дзень, як калісьці ягоныя вядомыя і невядомыя папярэднікі на працягу стагоддзяў, ён падымаўся па 132-м прыступкам вежы кафедральнага касцёла Св. Францішка Ксаверыя да старога ратушнага гадзінніка, заводзіў яго, старанна змазваў і рэгуляваў. Зусім нядаўна ён падняўся ў апошні раз, каб там на вышыні, бліз славутых анёлаў Фары, вывярыць гарадзенскі час, што праз стагоддзі злучае нашае мінулае з будучым, і адышоў у вечнасць. Праз суткі механізм спыніўся.
Сёння ізноў па-ранейшаму ідзе стары гадзіннік, б’ецца сэрца каралеўскай Гародні, гучаць званы па-над Нёманам, нагадваючы аб хуткацечнасці Жыцця і вечнасці Часу.

Scroll to top