На працягу канца XVIII - XIX стагоддзяў расійскія яўрэі заставаліся ў непаўнапраўным становішчы "паўграмадзян", якое перашкаджала актыўнаму ўдзелу ў грамадскім жыцці краіны. Для іх існаваў толькі адзін варыянт палітычнай дзейнасці — праца ў органах мясцовага самакіравання. Прыём падданых іўдзейскага веравызнання ў склад магістратаў і мясцовых дум дазволіла яшчэ Кацярына II, знізіўшы, праўда, іх долю да 1/3 незалежна ад колькасці яўрэяў у населеным пункце. Нягледзячы на ўсе абмежаванні, яўрэі пакінулі свой след у палітычнай гісторыі Гародні.
Першы раз суб'ектамі “высокай палітыкі" гарадзенскія яўрэі становяцца ў драматычным 1812 годзе, калі па беларускай зямлі вогненнай віхурай пранеслася руска-французская вайна. Нашых герояў не было ў шэрагах расійскай арміі — у гэты час яны выконвалі свой патрыятычны абавязак, калі плацілі спецыяльныя "рэкруцкія грошы”. Тым не менш яны ўнеслі сваю лепту ў перамогу над праціўнікам, бо па асабістаму жаданню, не зважаючы на рэпрэсіі ворага, станавіліся разведчыкамі і праваднікамі. Многія яўрэі хавалі адстаўшых ад арміі параненых рускіх афіцэраў і салдат, ажыццяўлялі пастаўкі вопраткі, абутку, правіянту і фуражу ў рускую армію.
Пры заняцці Гародні партызанскім атрадам Дзяніса Давыдава ў ходзе вызвалення Беларусі ад французаў адбыўся цікавы выпадак, які сучаснікі назвалі скандалам. Польская адміністрацыя скампраментавала сябе супрацоўніцтвам з захопнікамі, таму ўлада ў горадзе да падыхода асноўных сіл была перадана яўрэйскаму кагалу. “Ведаючы адданасць яўрэяў рускім, я абіраю кагальнага ў кіраўнікі вышэйшай паліцыі і ўскладаю на яго адказнасць за ўсялякага кшталту беспарадкі, якія могуць узнікнуць у горадзе, а таксама за ўсе тайныя нарады, пра якія кіраўніку горада не будзе паведамлена," - пісаў у сваім дзённіку славуты партызан.
Д.Давыдаў даручыў кагальнаму абраць сабе памочніка-яўрэя, які павінен быў назіраць за польскім насельніцтвам Гародні. Затым былі рашуча выдалены апошнія прыкметы “французскага духу”. У цэнтры горада партызаны ссеклі слуп, пастаўлены ў гонар заняцця Масквы. Наступнай ахвярай сталі "празрыстыя карціны", што былі выстаўлены ў многіх вокнах і на балконах. Яны былі тут жа спалены ў вогнішчах на плошчы. Мясцовы аптэкар, які ўпрыгожыў сваё вакно самай дзёрзкай карцінай (французскі і польскі арлы, якія трэплюць расійскага двухгаловага арла) атрымаў у пакаранне задачу ў найкарацейшы час змяніць яе малюнкам іншага зместу. На ім французскі, польскі і яшчэ два невядомых арла павінны былі ўцякаць ад пераможцы - расійскага арла. Але зазначым, што так слаўна пачатае кагалам кіраванне працягвалася нядоўга. 22 студзеня ў Гародню прыбыў губернатар князь Ф.-К.Друцкі-Любецкі, добра вядомы як юдафоб, які ліквідаваў "яўрэйскую вольніцу”.
Калі скончылася вайна, многія яўрэі марылі пра паляпшэнне свайго становішча як узнагароду за шматлікія ахвяры, панесеныя супольнасцю. Яны былі падмануты таксама, як і сялянства. Але абяцанні, якія былі дадзены "вышэйшай уладай" у ходзе баявых дзеянняў, усё-такі трэба было выконваць. Была захавана спецыфічная структура, узнікшая ў час замежнага пахода рускай арміі 1813-1815 гг. дэпутацыя яўрэйскага народа пры імператарскай Галоўнай кватэры. Прадстаўнікамі яўрэйскага народа сталі Зундэль Зонэберг і Лейзэр Дзілон (першы - з Гародні). Як пастаўшчыкі, якія аказалі шматлікія паслугі рускай арміі, яны былі запрошаны на аўдыенцыю 29 чэрвеня 1814 года ў Бруселі. Аляскандр І выказаў ім сваё задавальненне павоздінамі яўрэяў у час вайны і загадаў абодвум яўряэм пасля вайны з'явіцца ў сталіцу для перадачы кагалам указаў урада. I вось нарэшце ў 1817 годзе Зонэберг і Дзілон прыступілі да выканання сваіх абавязкаў у Санкт-Пецярбурзе.
Дэпутаты разумелі хісткасць свайго становішча: хаця яны і былі названы дэпутатамі яўрэйскага народа, але на самой справе былі назначаны, а не абраны аднаверцамі. Таму па іх ініцыятыве восенню 1817 года ў мяжы аселасці пачалася падрыхтоўка да выбараў. У жніўні 1818 года 22 выбаршчыкі ад 11 губерняў, у якіх мелі права жыхарства яўрэі, сабраліся ў Вільні, каб абраць трох прадстаўнікоў пры Вярхоўнай уладзе. Для фінансавання мерапрыемства быў сабраны спецыяльны “пазументны збор": з вопраткі заможных зрываліся срэбраныя і залатыя пазументы, за кошт продажу якіх і здабываліся грошы. У выніку выбараў у Санкт-Пецярбурзе была ўтворана “канцэлярыя дэпутацыі яўрэйскага народа", на яе чале стаяў наш зямляк Зундэль Зонэберг.
Структура праіснавала да 1825 года. Па волі лёсу дзейнасць яўрэйскіх дэпутатаў звялася да хадайніцтва і спроб змякчэння асабліва жорсткіх мер урада адносна іх яўрэйскіх падданых. Яе прыклады нам вядомы з дакументаў гарадзенскага архіва. У 1817 годзе 3. Зонэберг звяртаўся са скаргай на Гарадзенскую казённую палату за несправядлівае спагнанне з яўрэяў пені. У 1819 годзе ён зноў вымушаны быў заступіцца за сваіх землякоў у спрэчцы з мясцовай казённай палатай у сувязі са злоўжываннямі, якія чыніліся пры раскладцы падаткаў і запісам у рэвізскія казкі. Гарадзенскі дэпутат імкнуўся да ўлады. Вельмі хутка ён здзейснііў "палацавы пераварот", у выніку якога Л.Дзілон аказаўся змешчаным са сваёй пасады.
Дзейнасць яўрэйскага дэпутата была не толькі складанай, але і небяспечнай: што можа быць больш нетрывалым, чым прыхільнасць “вышэйшага кіраўніцтва”? Якімі дыпламатычнымі талентамі не ззяў наш дэпутат, і ён адзін раз быў-такі пазбаўлены на нейкі час свайго звання за “дзёрзкасць перад кіраўніцтвам". З часам іншыя дэпутаты раз'ехаліся па сваіх гарадах, і толькі 3.Зонэберг заставаўся ў сталіцы хадатаем па яўрэйскіх справах. Пры гэтым яму трэба было забяспечыць уласную сям'ю. Сям'я гэта была не маленькай, таму што Зонэберг забраў да сябе чатырох пляменнікаў, якія засталіся сіратамі пасля смерці брата і дзевера. Не апраўдала надзей бацькі і прыгажуня дачка Хая-Эстэр. Бацьку турбаваў упарты і неўтаймаваны характар дачкі, і, каб яго палепшыць, ён абраў просты сродак - у 15 год аддаў Хаю-Эстэр замуж. Але не прабыла яна жонкай і 4 месяцаў, як свёкар стаў патрабаваць развода маладых. На гэтым прыгоды дзяўчыны не скончыліся: ў красавіку. 1820 года яна разам з жанатым шляхцічам М.Болтучам уцякла ў манастыр.
У 1825 годзе наступіў канец дэпутацкай дзейнасці Зундэля Зонзберга. Новы міністр народнай адукацыі С.А.Шышакоў зрабіў прадстаўленне на імя цара пра неабходнасць ліквідацыі яўрэйскага прадстаўніцтва. "Шматлікія выпадкі даказалі, што знаходжанне іх тут не толькі непатрэбна і марна, але і шкодна, таму што яны на падставе хадайніцтва па грамадскіх справах збіраюць толькі з яўряэў дарэмна грошы і заўчасна разносяць чуткі аб прапановах ўрада".
На працягу канца XVIII - XIX стагоддзяў Беларусь неаднойчы станавілася арэнай ваенных дзеянняў. Насельніцтва краю выказвала сваё незадавальненне прымусовай ліквідацыяй суверэннай Рэчы Паспалітай, самавольнымі дзеяннямі царскай адміністрацыі па выкараненню вальнадумства і "польскага духу”. Адносіны яўрэяў да паўстанняў 1830-1831 і 1863-1864 гг былі неадназначнымі. Таксама неадназначнымі былі і дзеянні паўстанцаў-хрысціян да мясцовага яўрэйскага насельніцтва. Многія з іх былі рабамі шматвекавога стэрэатыпа, згодна з якім яўрэй прызнаваўся несумленным, карыслівым чалавекам, здраднікам і хабарнікам. Яго лічылі шпіёнам і імкнуліся забраць "яўрэйскія мільёны" на карысць паўстанню. Багацеямі лічыліся ўсе яўрэі без выключэння, а калі яўрэйская сям'я хадзіла ў лахманах і галадала, то гэта трактавалася як праяўленне нечуванай скупасці: "Гатовы з голаду памерці, толькі б не чапаць свае грошы!".
Нам вядома нямала выпадкаў, калі гэтыя ўяўленні кіравалі ўчынкамі паўстанцаў-хрысціян. Архіўныя дакументы даносяць жудасныя падрабязнасці, апісаныя ацалелым сведкам катаванняў, які вяртаўся ў Гародню з мястэчка Поразава 10 жніўня 1831 года. "Мееравіч сустрэў у лесе мяцежнікаў.... Яны патрабавалі нейкія квіткі, якіх ён пры сабе не меў. Затым спыталіся, колькі грошаў мае, і калі бацька адказаў, што мае 127 [рублёў] срэбрам і больш не мае, то яны прывялі яго ў карчму і грошы забралі. Але яны патрабавалі больш грошай і тры разы вешалі бацьку. Пазбавіўшы жыцця бацьку, мяцежнікі патрабавалі ў настаўніка Файвеля, каб той паказаў, дзе схаваны грошы, але калі ён паказаў, што іх наогул не было, то яны яго ў некалькіх кроках ад дома расстралялі”.
Некаторая частка яўрэйства шчыра падтрымала арганізатара паўстання 1863-1864 гг на Беларусі К.Каліноўскага і яго паплечнікаў, якія змагаліся за звяржэнне самаўладдзя, ліквідацыю памешчыцкага землеўладання, перадачу сродкаў вытворчасці народу і ўсталяванне народнай ўлады са свабодным нацыянальна-палітычным самавызначэннем народаў. Многія лозунгі Варшаўскага Цэнтральнага камітэта, прама накіраваныя да "братоў-іўдзеяў", былі вельмі прывабнымі. "У першы Дзень адркытага выступлення... Цэнтральны камітэт аб'яўляе ўсіх сыноў Польшчы без розніцы ў веры, паходжанні і стане свабоднымі і роўнымі грамадзянамі. Адозва народнага ўраду ад 22 чэрвеня 1863 года падцвярджала, што у польскіх землях з гэтага часу не будуць пытацца, іўдзей ты ці храсціянін — усе завуцца палякамі [грамадзянамі Польшчы], а абяцаная яўрэям рэалізацыя эмансіпацыйных мер затрымліваецца толькі прысутнасцю на польскіх землях ворага.
Частка яўрэяў стала на бок паўстанцаў, жадаючы паскорыць наступленне вольнага і шчаслівага заўтра. Несумненна, сярод гарадзенскіх яўрэяў былі і такія, якія па прыкладу іх варшаўскіх братоў, што стварылі ўласную вайскавую адзінку, змагаліся са зборяй у руках. Але дакументы, якія трапілі ў мае рукі, сведчаць пра тое, што ўдзел большасці гарадзенскіх яўрэяў у паўстанні 1863-1864 гадоў абмежаваўся камерцыйнай дзейнасцю. Жыхары Гародні іўдзейскага веравызнання Хая Марголісава (40 год) і Рыўка Сасава (47 год) пасля падаўлення збройнага чыну былі пакараны штрафамі за продаж паўстанцам куль. Як слушна заўважыў С.М.Дубноў, "мяцеж, падняты пры вельмі дрэннай арганізацыі, здаваўся яўрэям безразважным, асуджаным на няўдачу, а таму шкодным для ўсяго краю і асабліва для яўрэйскіх інтарэсаў."
У 80-я гг. XIX стагоддзя па Расійскай імерыі пракацілася хваля антыяўрэйскіх выступленняў. Беларусь па праву ганарыцца адсутнасцю пагромаў, але дзеля праўды трэба прызнаць, што антыяўрэйскія настроі праявіліся таксама і тут. Газета "Рускі яўрэй" змясціла на сваіх старонках у 1881 годзе артыкул, у якім была апісана сцэнка з гарадзенскага жыцця. 6 чэрвеня, калі ў горадзе пачаўся пажар, "памочнік прыстава, які фігураваў у якасці ахоўніка парадку на месцы пажара і, жадаючы скарыстаць момант, каб выказаць сваю непрыхільнасць да яўрэяў, усклікнуў: "Бі жыдоў!”. Выканаўцам волі паліцэйскага чыноўніка з'явіўся ўраднік, які схапіў першага яўрэя, які яму трапіўся, і да таго змалаціў апошняга, што нават зламаў на яго спіне сваю шаблю. Быў пабіты пан Э., які ўступіўся за яўрэя.". Такія ж адносіны да яўрэяў мы назіраем і ў асяроддзі начальнікаў больш высокага рангу. У канцы таго ж года губернатарам Гарадзенскай губерні было аддана распараджэнне аб звальненні ўсіх служыўшых у паліцыі асоб іўдзейскага веравызнання як нядобранадзейных.
Палітычны ўціск яўрэяў, які асабліва ўзмацніўся ў Расійскай імперыі ў 80-я гады XIX стагоддзя, прымусіў вялікую колькасць прадстаўнікоў гэтай супольнасці шукаць шчасця за межамі сваёй краіны. У нашым горадзе сталі з'яўляцца агенты замежных кампаній, напрыклад, яўрэй Каас, які вербаваў яўрэяў для пераезду ў Амерыку на параходах гамбургскай кампаніі. Няўдалыя гарадзенскія эмігранты скардзіліся, што ён падманным шляхам забіраў у іх грошы і, перавёўшы праз мяжу, пакідаў на волю лёсу. 102 Згодна з дадзенымі архіва, за 1887-1897 гады наш горад назаўжды пакінулі 1330 яўрэяў, якія накіраваліся ў ЗША, Аргенціну, Англію, Палесціну і іншыя
краіны.
Канец ХІХ пачатак ХХ стагоддзя адзначыўся бурным ростам палітычнай свядомасці, павялічэннем цікаўнасці да грамадскага жыцця і ўзнікненнем першых яўрэйскіх партый. Сярод гарадзенцаў аказалася нямала актыўных членаў Бунда, сіяністаў і прыхільнікаў іншых партый. Асабліва жорсткая барацьба разгарнулася ў час выбараў у Дзяржаўную думу 1907 года. У нашым горадзе сярод выбаршчыкаў яўрэйскай нацыянальнасці змагаліся прадстаўнікі сіяністаў, бундаўцаў і Яўрэйскай народнай групы. Прадстаўнікі апошняга згуртавання цешыліся падтрымкай вярхоў абшчыны, дзякуючы гэтаму за іх прапаганда вялася служкамі і рабінамі прама ў сінагозе. На чале кандыдатаў Яўрэйскай народнай групы ў Гародні стаяў М.Я.Астрагорскі, акрамя яго былі вылучаны Крамароў, Яноўскі, Роўтштэйн, Замкоўскі і Вольф. Сіяністы крытыкавалі яго за ўмеранасць і згодніцтва, якое праяўлялася ў тым, што ён вёў перамовы з польскімі памешчыкамі і прапанаваў ім ад імя мясцовых яўрэяў саюз, што скончылася б для апошніх стратай месцаў у Думе.
Не задавальняў сіяністаў і наступны пункт праграмы Астрагорскага - "нацыяналізм". Па словах самога кандыдата, ён збіраўся адстойваць для яўрэяў "рэлігійную аўтаномію"... у сінагогах. Яўрэйская газета "Рассвет" здзеквалася над гэтым тэзісам і пісала: "атрымліваецца, што яўрэі маюць права будаваць сінагогі асобна ад цэркваў і абіраць самастойна, без удзелу хрысціян, свайго рабіна і шамеса". Акрамя азначанай рэлігійнай аўтаноміі кандыдат Народнай групы прапанаваў незалежнасць яўрэйскай школы. Дзякуючы ўмеранасці гэтай праграмы за М.Я.Астрагорскага выказвалася большасць гарадзенскіх яўрэяў — асіміляваная інтэлігенцыя і бядняцкая маса, якая слепа выконвала распараджэнні гарадской вярхушкі.
У сваёй барацьбе супраць сіяністаў на саюз з Яўрэйскай народнай групай пайшлі бундаўцы. Прадстаўнікі гэтай сацыялістычнай партыі карысталіся ў Гародні матэрыяльнай і маральнай падтрымкай некаторых заможных прадстаўнікоў яўрэйскай буржуазіі. Час паказаў, што Бунд нездарма шукаў у Гародні падтрымкі Астрагорскага. На пробных выбарах, якія адбыліся ў сінагозе 6 студзеня 1907 года пры ўдзеле каля 1500 чалавек, цалкам прайшоў спіс Народнай групы, бундаўцы і сіяністы засталіся ў меншасці. Але прыхільнікі Бунда ў Гародні не збіраліся здаваць пазіцыі без бою. 9 студзеня яны правялі сход, на які з'явіліся каля 600 чалавек. Выступаў Г.Лану, што збіраўся выстаўляць сваю кандыдатуру на выбарах. 107 Крытычнай была прамова сіяніста Л.Б.Яфэ, ён расказаў пра нацыянальна-палітычныя патрабаванні сваёй партыі.
Асоба Льва Барысавіча Яфэ (1876-1948), паэта і палітычнага дзеяча, перарасла маштабы палітычнага жыцця правінцыйнага губернскага горада. Ён нарадзіўся ў Гародні ў рэлігійнай традыцыйнай сям'і, быў унукам вядомага рабіна. Усё жыццё гэтага чалавека было прысвечана прапагандзе сіянісцкай ідэі. Л.Б. Яфэ зрабіў бліскучую палітычную кар'еру. Спачатку былі ўдзелы ў сіянісцкіх кангрэсах і членства ў дэмакратычнай фракцыі сіянісцкага руху, з 1906 года праца ў Цэнтральны камітэце Расійскай сіянісцкай арганізацыі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі наш славуты зямляк адправіўся ў эміграцыю. Спачатку гэта была Літва, дзе ён зноў-такі займае вядучыя пазіцыі ў мясцовым сіянісцкім руху і друку. У 20-я гг. шмат падарожнічаў па ўсёй Еўропе, прапагандуючы сіянісцкія ідэі. Л.Б.Яфэ загінуў на Святой зямлі, у горадзе Тэль-Авіве ў выніку тэрарыстычнага акта.
Вельмі актыўна вялі сябе ў Гародні прадстаўнікі радыкальнай партыі сіяністаў. Яны хаця і скардзіліся, што палітчыныя праціўнікі ўсяляк ганьбілі іх кандыдата Н.Сакалова, але і самі распаўсюждвалі сярод сваіх прыхільнікаў крытычную інфармацыю, напрыклад, пра бундаўцаў. 20 лістапада сіяністы правялі ў Гародні губернскі з'езд, на які прыбылі 2 прадстаўнікі Цэнтральнага камітэта, 25 дэлегатаў ад 12 населеных пунктаў і 15 гасцей. Былі прыняты наступныя рашэнні: створаны губернскі камітэт партыі з бюджэтам 1200 рублёў, які сярод іншага павінен быў арганізоўваць літаратурныя бюро па распаўсюджванню партыйнай прэсы.
У буйных пунктах абіраліся спецыяльныя камісіі, а ў дробных — камісары для палесцінскай працы, у задачу якіх ўваходзіла заахвочванне яўрэяў да пераезду ў Палесціну. Для гэтага яны мусілі праводзіць чытанні, раздаваць кнігі і брашуры, рабіць выставы вырабаў палесцінскіх каланістаў, продаж акцый Ангельска-Палесцінскай кампаніі і арганізоўваць экскурсіі на Святую зямлю. Улады непрыхільна ставіліся да прапаганды сіяністаў, якія заклікалі яўрэяў пераязджаць на радзіму іх продкаў - Палесціну. З газетнага артыкула мы ведаем, напрыклад, што гарадзенскі губернатар забараніў мясцоваму паэту А.Б.Яфэ у чэрвені 1813 года чытанне лекцыі пра Палесціну.
З тагачасных газетных нататкаў мы ведаем, што ў Гародні былі і прадстаўнікі іншых, у тым ліку леварадыкальных партый. У лістападзе 1907 года адбыўся суд над мешчанінам Давідам Гольдманам, які быў абвінавачаны ў прыналежнасці да партыі анархістаў-камуністаў і ва ўдзеле ў замаху на гарадзенскага купца Франка. Апошняму анархісты вынеслі смяротны прысуд за яго адмову "пасадзейнічаць" партыі 500 рублямі. Змоўшчыкам не ўдалося дасягнуць сваёй мэты: рэвальверныя кулі трапілі не ў купца, а ў выпадковых прахожых: шэраговага Венедыктава і 12-гадовага Ляйпунскага. 15 лістапада ў зале віленскага суда адбылося слуханне справы гарадзенца Алтэра Рабейкава, які быў абвінавачаны ў прыналежнасці да партыі "Паалей-Цыён". Доказамі паслужылі знойдзеныя пры вобыску пракламацыі і сцяг гэтай палітычнай арганізацыі, вынесены прысуд пра пакаранне А.Рабейкава 1 годам турмы.
Але нядоўга цешыліся нашы землякі палітычнымі гульнямі. Ля заходняй мяжы збіраліся цёмныя хмары новай вайны. Гарадзеншчына першай прыняла на сябе ўдар войскаў германскага кайзера. Многія гарадзенскія яўрэі праславілі сябе ў шэрагах рускай арміі ўжо на пачатку вайны. Газета паведамляе нам пра чарговую ўзнагароду, якую атрымаў ураджэнец Гародні, унцер-афіцэр Іосіф Хаймавіч Ф.: за мужнасць ён атрымаў Георгіеўскі крыж трэцяй ступені. Да гэтага герой меў ужо два Георгіеўскіх крыжы за Японскую вайну, у час якой ён быў двойчы паранены.
Але не толькі зброяй дапамагалі гарадзенскія яўрэі сваёй радзіме ў цяжкі для яе час. Наш зямляк па прозвішчу Рабінзон за некалькі год да вайны вынайшаў "апарат для ўзрывання судоў на вялікай адлегласці". Кур'ёзным у гэтай гісторыі з'яўляецца тое, што сваё адкрыццё Рабінзон яшчэ ў час руска-японскай вайны прапаноўваў Ваеннаму міністэрству, але тады чыноўніцтва адмовілася ўступіць у перамовы з ім. Толькі цяпер, калі рускія войскі цярпелі паражэнне, і прайшло паведамленне пра аналагічнае вынаходніцтва, зробленае італьянскім інжынерам Уліві, міністэрства зацікавілася яго айчынным аналагам.
Бежанцы з Гародні накіраваліся ў Менск, Бабруйск, іншыя гарады. Абшчынныя ўстановы ўтварылі спецыяльныя камісіі, якія былі заняты арагнізацыяй побыту прыбыўшых і пошукам працы для іх. Нямногія грамадскія дзеячы, якія засталіся ў Гародні ў кастрычніку 1914 года, шмат зрабілі для паляпшэння гаротнага становішча яўрэйскай беднаты. Апошнія сродкі абшчыны пайшлі на дадатковую дапамогу жонкам салдат. Танная яўрэйская сталоўка дарма карміла бежанцаў з Сувалак, Аўгустова і іншых пунктаў. Члены добраахвотнай санітарнай дружыны, якая складалася выключна з яўрэяў, дапамагалі выселеным пры пагрузцы ў вагоны. Больш за 500 бежанцаў было адпраўлена ў Менск.
І ў гэты суровы час не змяншалася энергія антысемітаў. З Санкт-Пецярбурга быў выдалены і аштрафаваны гарадзенец І.Раўтэнштэйн, сын стацкага саветніка, інжынер, які працаваў ва ўніверсітэце за мяжой. Ён з'явіўся ў сталіцы пасля таго, як грамадзянскаму насельніцтву Гародні было прапанавана пакінуць горад. Гэты факт выклікаў асаблівае абурэнне ў яўрэйскай грамадскасці, бо бацька выгнанніка, вядомы ў Беларусі ўрач І.І.Раўтэнштэйн, дабраахвотна прыняў удзел у руска-японскай вайне, быў старэйшым урачом палявога шпіталя ў Харбіне і з'яўляўся старэйшым урачом гарадзенскага дабраахвотнага шпіталя.
Сумным быў лёс яўрэйских студэнтаў, якія вучыліся ў Бельгіі і з-за хуткай акупацыі гэтай краіны немцамі аказаліся на тэрыторыі праціўніка. Адны з іх былі ў якасці ваеннапалонных перавезены ў Германію, другія хаваліся ў Бельгіі і літаральна сталі жабракамі. Ніхто з іх не меў магчымасці скантактавацца з сям'ёй, што засталася на радзіме. Таму ў Лондане пад кіраўніцтвам генеральнага консульства было адчынена бюро, супрацоўнікі якога шукалі згубіўшыхся студэнтаў. Іх намаганнямі сярод іншых былі знойдзены браты Ато і Лейб Гіршгорны з Гародні.
У лістападзе 1914 года Гародню наведаў Мікалай ІІ. Яго вітала таксама і яўрэйская дэпутацыя, якая складалася з грамадскага рабіна І.І.Гальперна, вучонага-яўрэя Г.М.Кацэнэльсана, купца С.Х.Ландау, дактароў І.І.Раўтэнштэйна, Г.Т.Занеўскага і С.Ю.Хазана. Імператар задаў звычайныя пытанні пра службу і склад дэлегацыі, а пасля "ашчаслівіў яўрэйскае насельніцтва высокаміласцівымі словамі: "Перадайце яўрэям Гародні маю ўдзячнасць за іх хлеб-соль, і што ў іх адданасці я не сумняваўся". Як звычайна, "вышэйшая ўлада" знайшла некалькі цёплых слоў для сваіх яўрэйскіх падданых толькі ў час выпрабаванняў. А што на гэта самі яўрэі? "Уніжаным і абражаным" трэба няшмат, хопіць і аднаго ласкавага панскага слоўца. "У гонар гэтай вялікай падзеі яўрэйскае насельніцтва Гародні вырашыла заснаваць ад сябе ў мясцовых лазарэтах 25 ложкаў для параненых, калі не лічыць яўрэйскіх ложкаў прыватных асоб, якія ўжо маюцца ў гарадзенскім шпіталі”.
-
Катэгорыя: Content - Belarusian
-
Апублікавана 18 Чэрвень 2025
Апошняе
- Вольга Сабалеўская. Спрадвечныя іншаземцы. Частка 3. У ВІХУРЫ ПАЛІТЫЧНЫХ ПАДЗЕЙ
- Вольга Сабалеўская. Спрадвечныя іншаземцы. Частка 2. ГАРАДЗЕНСКАЯ “ТАЛМУДЫЧНАЯ РЭСПУБЛІКА” І ЯЕ НАСЕЛЬНІЦТВА
- Вольга Сабалеўская. Спрадвечныя іншаземцы. Частка 1.
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы