Калі выбіраць у Гродне квартал, які можна назваць яўрэйскім, то нават у сітуацыі, калі іўдзейскае насельніцтва жыло больш-менш раўнамерна па ўсяму гораду, то без ваганняў можна вызначыць раён за галоўнай сінагогай, уздоўж вуліцы Вялікая Траецкая.

Менавіта тут зарадзілася першае яўрэйскае паселішча нашага горада, менавіта тут была сканцэнтравана большасць малітоўных дамоў, школ, іншых сацыяльных інстытуцый яўрэйскай абшчыны горада, тут разыгралася найбольшая трагедыя часоў фашыскай акупацыі. І гэты раён амаль што цалкам страчаны, таксама як і Падол, Сенны і Занёманскі рынкі, Пагулянка. Усяго семьдзесят год прайшло, а нават памяці засталося так мала...

 

Від на раён Школьнага двара з самалёта, 1915 г.
Від на раён Школьнага двара з самалёта, 1915 г.


"Адбудаваць" яўрэйскі квартал Гродна будзе вельмі цікава. На гэтай вялікай і амаль пустой пляцоўцы некалі было аж 25 вуліц (на 1939 г.) і шчыльнасць забудовы была хіба самая вялікая ў горадзе. І па нешматлікіх захаваных здымках бачна, што месціліся тут не толькі трушчобы гарадской беднаты. Вялікая сінагога, мінімум пяць вялікіх малітоўных дамоў, каля дзесяці прафесійных школаў для розных яўрэйскіх цэхаў горада (хеўраў). А крыху далей ад сінагогі размяшчаліся два рынкі - Рыбны і Мясны, яўрэйскі прытулак і самыя старажытныя ў Гродне яўрэйскія могілкі. Адным словам увесь неіснуючы яўрэйскі Гродна, сабраны разам.


Разам са студэнтамі Гродзенскага палітэхнічнага каледжа праведзена работа па стварэнню макета гэтага раёна, дакладней пакуль толькі часткі ад вялікай сінагогі да Мяснога рынка. Макет створаны ў маштабе 1:70 і адлюстоўвае стан рэчаў на 1939 г.


Матэрыялы, выкарыстаныя ў працы рэканструкцыі яурэйскага квартала можна падзяліць на наступныя катэгорыі:
•    праекты будаўніцтва, якія зберагліся ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Гродне. Праўда, не заўсёды праекты рэалізоўваліся такімі якімі прамалёўваліся.


•    панарамныя фота. Раён рэдка фатаграфалі і большасць фота зроблены з вышыні нейкіх дамінант, крыніца інфармацыі вельмі прыдатная, праглядаецца канфігурацыя не толькі будынкаў, але і структура ўсяго двара, вельмі проста арыетуешся у прасторы, а пры якасных фота праглядаецца нават дэкор будынкаў.


•    сюжэтныя фота, зробленыя ў раёне, на якіх відаць фрагменты будынкаў з дэкорам, прыдатны таксама фота савецкага часу 1950 - 1960-х гг., бо у той час існавала яшчэ шмат будынкаў, якія зараз страчаны. 


•    аналагі, стэрэатыпы ў будаўніцтве пачатку 20ст., рацыянальнасць ва ўладкаванні планіровачных рашэнняў – метад дапушчальны пры рэканструкцыі гаспадарчых пабудоў, шэраговых драўляных без асаблівага дэкора дамоў, якія не праглядаюцца ў іншых крыніцах даследвання.

 

Макет раёна вялікай харальнай сінагогі на 1939 г.
Макет раёна вялікай харальнай сінагогі на 1939 г.


Такім чынам пры стварэнні макета праведзена аб'ёмная навуковая работа па пошуку іканаграфічных і апісацельных матэрыялаў. Праца будзе працягвацца ў накірунку стварэння як мага больш дакладнага макета ўсяго абшару над Гараднічанкай ад вялікай сінагогі аж да былога Рыбнага рынка.

 

Scroll to top