На прасторах былога СССР большасць забудовы была абсалютна тыпавой і копіі вядомых гродзенскіх будынкаў можна сустрэць нават у Карагандзе або за Уралам.
Трэба сказаць, што пачынаючы з Новага часу тыпавымі праектамі, або, дакладней сказаць, ідэальнымі прыкладамі будынкаў карысталіся будаўнікі каталіцкіх храмаў. Напрыклад у прынцыпах пабудовы касцёлаў і кляштараў дамініканаў, езуітаў або бернардынаў па ўсім свеце можна адшукаць шмат агульнага, але пасля шматлікіх перабудоваў гэтую агульнасць лёгка адшукаць толькі спецыялістам. І тым не менш - пададзены ніжэй прыклад адшуканы шаноўным спадаром Супронам - касцёл брыгітак у Алыцы на Валыні ва Украіне. Алыка належала Радзівілам і тут таксама быў заснаваны досыць рэдкі кляштар брыгітак. Падабенства з гродзенскім уражвае.
Трапіўшы ў Паставы на Віцебшчыне лёгка здзівіцца будынкам, амаль аналагічным нашаму Дому Майстра на вуліцы Ажэшкі. Толькі гэтыя дамы больш масіўныя. І не дзіўна, бо будаваў іх той самы Антоній Тызенгаўз, што ў Гродне.

Але сапраўдны бум тыпавой забудовы пачаўся ў ХХ ст. І нават яшчэ не ў савецкі час. Калі кагосці з вас занясе ў польскі марскі порт Гдыня, то вы там лёгка знойдзеце будынак, аналагічны паўднёвай частцы гродзенскай тытунёвай фабрыкі. Справа ў тым, што польская тытунёвая манаполія будавала па ўсёй міжваеннай Польшчы тыпавыя будынкі. І так у Гдыні і Гродне паўсталі аднолькавыя махарчарні.

Амаль усе будынкі савецкага часу маюць блізнятаў у іншых гарадах. Напрыклад Гродзенскі ўнівермаг прадубляваны ў Брэсце (крама "Дзіцячы Свет") і Віцебску.


Дом культуры "Цветліт" быў некалі пабудаваны як Дом культуры гродзенскага камбіната будаўнічых матэрыялаў, але пасля таго як камбінат перанеслі, атрымаў іншага ўласніка. Дом культуры пабудаваны па адным з самых папулярных у савецкія час праектаў. Такіх будынкаў па ўсім СССР каля двухсот. Толькі ў Беларусі іх можна пабачыць у Бешанковічах, Міёрах, Ліёзне, Ашмянах, Рудзенску, Клімавічах, Капылі, Лоеве, Віцебску...



Былы палац піянераў таксама існуе ў некалькі дзясятках версій. Нават у далёкай Карагандзе.


Палац культуры тэкстыльшчыкаў у традыцыйным нам аздабленні з карынфскімі калонамі - адзіны, але аналагічных у плане будынкаў - таксама каля дзясятка. Найбольш гэта малыя гарады ў цэнтральнай паласе Расіі. Калі палац пачалі будаваць у Гродне, то такія палацы ўжо існавалі ў Новакузнецку, Данецку, Ліпках, Кунцава.


Гродзенскі Дом Сувязі некалькі разоў прадубляваны ў абласных гарадах братняй Украіны.

А вось гродзенская тэлевежа мае блізняка ў Віцебску. Хаця некаторыя адрозненні заўважыць можна.


-
Катэгорыя: Вобраз горада
-
Апублікавана 03 Май 2015
Апошняе
- Zabytkowe budynki międzywojenne
- Istniejące szkoły przedwojennego Grodna
- Andrej Waszkiewicz. Kilka słów o drewnianych domach międzywojennego Grodna
- Алег Трусаў. Гродзенская кафля з палаца Стэфана Баторыя
- Andrej Waszkiewicz. Jak orientalne słodycze z Grodna wygrywali na wystawach we Francji
- Andrej Waszkiewicz. Historia mostów Grodna. Mosty miejskie w XX stuleciu
- Andrej Waszkiewicz. Mosty w historii Grodna. Od pierwszych drewnianych mostów do mostu kolejowego
- Дзмітрый Матвейчык. Унёсак у даследаванне і папулярызацыю паўстання 1863–1864 гг. дырэктара Дзяржаўнага архіва ў Гродне Яніны Казлоўскай-Студніцкай
- Минченко Юлия. Колокола Гродно как памятники культуры Беларуси