З часоў сярэднявечча яўрэі сяліліся ў Гародні ў асобным раёне. Пра яго старажытнасць сведчыць прывілей Уладзіслава IV ад 1619 года, які называе і "вуліцу Жыдоўскую, што ляжыць пасярод Замкавай". Тут знаходзіўся грамадскі цэнтр суполкі з галоўнай каменнай сінагогай, якую яўрэі "са старажытных часоў мелі тут”, малітоўнымі дамамі ІІ і ІІІ разрадаў, рэзідэнцыі заможных. Нават у другой палове ХІХ стагоддзя тут захоўваўся дух замкнёнасці і ізаляванасці. Вось як апісвае яго сучаснік: "Апынуўшыся ў гэтым гета, вы адчуваеце сябе нібыта адрэзаным ад астатняга свету.

Тут іншы свет, жыццё, правы і звычаі. Квартал гэты займае даволі значную прастору". Каля галоўнай сінагогі знаходзіліся старажытныя могілкі. Ужо на пачатку XIX стагоддзя яны былі зачынены, а пахаванні ажыццяўляліся на таксама знішчаных сёння могілках у раёне стадыёна "Нёман”.

Цікава, што ў XIX стагоддзі назіраецца выхад больш заможных яўрэяў за межы "гета" ў звычайныя кварталы горада. Яўрэйскай буржуазіі належала значная частка забудовы Гародні: ў 1862 яна валодала 576 дамамі (51.42%), а ў 1884 - 1 067 дамамі (65.16% гарадской нерухомасці). Складаючы 3/4 насельніцтва, яны былі ўладальнікамі 2/3 дамоў. У 1887 годзе з 1 202 тыс. руб., у якія ацэненая гарадская нерухомасць, на маёмасць яўрэяў прыпадае 842 тыс. (70%).

Другі буйны раён яўрэйскага рассялення - гарадзенскі Занёманскі фарштат. Тут сялілася яўрэйская бедната. Хаціны, абмазаныя звонку пацямнелай ад часу вапнай, выглядалі мізэрна. Невялікія цёмныя вокны глядзелі на брудныя, скапаныя прамывінамі вуліцы, на якіх практычна адсутнічала зяленіва. Драўляныя дамы цесна ляпіліся адзін да другога, што спрыяла хуткаму распаўсюджанню пажараў. Неверагодная скучанасць і антысанітарыя выклікалі эпідэміі воспы, халеры, тыфу.

Што тычыцца апісання ўнутранага стану яўрэйскага жытла, то тут мы можам сустрэць супрацьлеглыя сведчанні. Пэўна, таму, што ён залежаў не толькі ад заможнасці, але і ад дбайнасці гаспадыні. "Зазірніце ў адну з гэтых скучаных, брудных хацінаў, здольных на вашых вачах ператварыцца ў груду руінаў, і вас уразіць спёртае, злаякаснае паветра, - піша чыноўнік з Гародні. - Натоўп напаўапранутай дзятвы ледзь месціцца ў змрочна-цёмнай хаціне, 3/4 якой займаюць печ, стол і ложак". 127 Пра зусім іншае сведчыць А.П. Субоцін: "Унутры хаты яўрэі захоўваюць больш чысціні, чым вакол сябе: пакоі пабеленыя і чыстыя. У трохі заможных даволі культурная абстаноўка, асабліва ў параўнанні з сялянамі ці рускімі мяшчанамі".

Кватэра складалася з некалькіх пакояў: спальні, сталовай, кухні. Цэнтрам хатняга жыцця была сталовая. Яна з'яўлялася зборным пунктам для ўсёй сям'і: тут заключаў пагадненні бацька, сын і зяць вучылі Талмуд, дочкі займаліся рукадзеллем. Тут прымалі гасцей, сустракалі святы і сямейныя ўрачыстасці. Асаблівасці інтэр'еру абумоўлены старажытнымі рэлігійнымі традыцыямі. Над кожным дзвярным праёмам прыладжваўся, напрыклад, світак пергамента з малітвай Шма Ісраэль, да якой іўдзей дакранаўся, ідучы ў пакой, пасля чаго руку падносіў да вуснаў.

Сцены ўпрыгожвалі малюнкамі з выявамі гістарычных сцэнаў, продкаў, асобаў царскай фаміліі ці вядомых яўрэяў. На ўсходняй сцяне многія вешалі ў рамцы пад шклом ліст паперы, на якім напісаны Святыя тэксты. Яго ўпрыгожвалі выявай шчыта Давіда, намаляванымі ільвамі, каронамі і слупамі. Гэта служыла ўказаннем, што менавіта да гэтай сцяны трэба станавіцца тварам у час малітвы. Некаторыя асабліва набожныя яўрэі ў час рамонту пакідалі непафарбаваным прыкладна мятровы кавалак усходняй сцяны. Ён павінен быў нагадваць пра разбурэнне Храма.

Нават у бедных захоўваліся і старанна перадаваліся з пакалення ў пакаленне медныя падсвечнікі і люстры на 7-9 свечак. Прадметам гонару гаспадара звычайна была кніжная паліца з рэлігійнымі тэкстамі і вучонымі каментарыямі да ix. Гаспадыні ганарыліся вышыванымі пасцелямі і калекцыямі выцінаных папяровых фіранак. У кожнай яўрэйскай хаце было Польскія яўрэі ў нацыянальных некалькі набораў посуду. Гэта строях (XIX ст.) было звязана з рэлігійнай традыцыяй, якая забараняла гатаваць у адным начынні малочнае і мясное (запавет "Не вары цяля ў малацэ маці яго"). Заможныя мелі асобны посуд для гатавання ежы ў час Песаху, калі забаронена спажываць "кваснае" (дрожджавае цеста).

Меню вернікаў-іўдзеяў таксама вызначалі запаветы рэлігіі: ў ежу выкарыстоўваліся толькі кашэрныя (дазволеныя) стравы. Сярод іх мяса буйной рагатай жвачнай жывёлы, "якая мае раздвоеныя капыты", з птушкі - толькі хатняя, з рыб - лускаватыя. Трэфным (забароненым) лічылася мяса з крывёю і ўсе земнаводныя. Усе жывёлы павінны быць забіты імгненна і з выкананнем асаблівых абрадаў, таму кожная суполка мела рэзніка-прафесіянала. Неабходнасць дадатковай аплаты яго паслуг, а таксама існаванне асаблівага "каробачнага збору" з кашэрнага мяса ўздымала яго кошт у некалькі разоў.

Гаспадыні ўжывалі шмат вострых прыправаў, сярод папулярных - страва цымес (тушаная ялавічына з агароднінай), фаршаваная рыба, розныя ласункі - пірожаныя кугель, пернікі, варэнні. Спецыяльная ежа гатавалася да асобных святаў (напрыклад, маца да Песаха) і ў пост. Звычайнае меню было больш сціплым. Раніцай - селядзец з чорным хлебам і гарбата альбо кава з цыкорыя, на абед - пусты суп з крупамі, гусіным тлушчам і хлебам, вячэра - той жа суп, калі-нікалі ялавічына, селядзец. Бедныя перабіваліся чорным хлебам з часнаком і селядцамі.
На святы куплялася ізюмнае віно ці трошкі гарэлкі, пры чым сярод яўрэяў адсутнічала такая мярзотная з'ява, як п'янства. Да сярэдзіны XIX стагоддзя яўрэі захоўвалі нацыянальную вопратку і традыцыйныя прычоскі, а таму вельмі адрозніваліся вонкава ад іншых жыхароў горада.

Мужчыны апраналі тунікападобную кашулю, наверх - доўгі чорны лапсердак (накшталт кафтана), запазычаны ў сярэднявечнай польскай шляхты. Ён быў абвіты чорным пасам. Галаўныя ўборы - гэта шапкі, пераважна футраныя, ці ярмолкі - маленькія шапачкі, якія не здымалі ў памяшканні (бо прамаўляць да Бога з голай галавой непрыстойна). Абутак - чаравікі. Прычоска - пейсы (доўгія валасы на скронях) і бароды. Асаблівыя прадметы накідкі, каробачкі тфілін і талесы - дапаўнялі адзенне падчас набажэнства ў сінагозе.

Жанчыны апраналіся менш экзатычна. У святочныя дні яны аддавалі перавагу сукням з шоўку і аксаміту. Рэлігійная традыцыя загадвала замужнім яўрэйкам галіць валасы на галаве і насіць галаўны ўбор: хустку, парык, спецыяльную павязку накшталт чалмы альбо капялюш. Забаранялася спалучаць ў адным касцюме лён і воўну.

Менавіта супраць асаблівага знешняга выгляду яўрэяў адміністрацыя павяла бескампрамісную вайну. Разгортвалася яна па наступных этапах: 1804 - дазволена апранаць нацыянальнае адзенне ўсюды, акрамя агульных навучальных установаў; 1840 магістратчыкам з яўрэяў прадпісана ўжываць еўрапейскую вопратку; 1840-я гады - уведзнены падатак на пашыў і апрананне нацыянльнага адзення; 1850 - забаронена яго ўжыванне з 1 студзеня 1851 года; красавік 1851 - не дазваляецца жанчынам насіць парыкі; 1856 - забароны мінулых гадоў падцверджаны яшчэ раз, бо яўрэі ігнаравалі распараджэнні ўрада. "Этнаграфічныя нарысы" М.Мастоўскага захавалі для нас апісанне знешнасці яўрэя мяжы аселасці сярэдзіны XIX стагоддзя: "Знешнасць яўрэя рэзка кідаецца ў вочы: правільныя рысы твару, выразныя вялікія вочы, чорныя кучаравыя альбо рудыя валасы, закручаныя пейсы на скронях, даўгаполы сурдут, капялюш альбо картуз на патыліцы і трысціна ў руках вось знешнасць яўрэя”.

Scroll to top