У многіх гродзенскіх сем’ях захаваліся ўспаміны пра сваякоў, якія сто і болей гадоў таму з’ехалі ў Амерыку. Часцей за ўсё тое былі маладзейшыя браты і сёстры нашых прабабуляў і прадзядуляў, якім у перанаселенай беларускай вёсцы ў спадчыну зусім не засталося зямлі і трэба было шукаць нейкі іншы шлях, чым лёс земляроба.

Большасць ехала за акіян, каб назбіраць грошай і вярнуцца. І многія сапраўды вярталіся. Шчымлівую гісторыю расказваў пра свайго дзеда беларускі паэт Леанід Пранчак. Той назбіраў грошай у Амерыцы і выслаў іх, каб яго нарачоная, што жыла ў Беларусі, купіла сабе білет і ехала да будучага мужа ў штаты. Але бацькі паставілі ўмову – дзяўчыну адпусцім у Амерыку толькі з мужам. Хлопец прыехаў, справілі вяселле, а праз некалькі дзён пачалася Першая сусветная вайна… Войны і рэвалюцыі ўжо не далі ніякай магчымасці паехаць з Беларусі, а ў памяць пра дзеда Леанід Пранчак напісаў добра вядомую песню.

Такіх гісторый можна расказаць сотні. Напрыклад, на сайце familysearch.org па пошукавым запыце GRODNO выдаюцца запісы пра 12 тысяч чалавек, якія прыехалі ў ЗША паміж 1892 і 1924 гадамі. І гэта толькі з аднаго горада і толькі ў адну краіну!

Гэта галоўным чынам яўрэі, таму калі вы захапляецеся “Аднойчы ў Амерыцы” з класікі сусветнага кінематографа, то можаце сабе ўявіць, што ўсе галоўныя героі фільма нарадзіліся ў Гродне, паколькі прозвішчы Арансан, Гольдберг і Беркавіч сустракаюцца ў спісах эмігрантаў з нашага горада. Ну і нагадаем, што галоўны герой Роберта дэ Ніра выпісаны па ўзоры самага вядомага гродзенскага эмігранта – аднаго з аўтарытэтаў амерыканскай мафіі, стваральніка Лас-Вегаса Меіра Ланскі.

Калі гаварыць пра славянскіх мігрантаў, то можаце пашукаць сваіх сваякоў на гэтым сайце, створаным амерыканскімі мармонамі. Гэта будзе няпроста, паколькі запыт на звычайнае беларускае прозвішча накшталт Міцкевіч выдае тысячы імёнаў. Гэта зразумела, паколькі толькі праз маленькі Эліс Айлэнд каля Манхэтана прайшло за 50 першых гадоў ХХ ст. каля 12 мільёнаў чалавек. Колькі з іх паходзіла з Гродзеншчыны – ніхто не ведае, але лік ідзе на многія дзясяткі тысяч людзей.

На выезд рашаліся не самыя бедныя, а тыя, хто меў пару соцень рублёў на набыццё білетаў і элементарную арганізацыю выезду. Білеты прадаваліся спецыяльнымі агенцтвамі і агентамі, якія прадстаўлялі фірмы з офісамі ў Гамбургу, Брэмене, Ротэрдаме і Амстэрдаме. У Гродне было некалькі такіх офісаў на сучасных вуліцах Савецкай і Паўлоўскага.

Набыццё білета і ад’езд былі звязаны з праблемамі. Найперш трэба было здабыць дазвол на выезд, і хаця тое не было фармальна забаронена, улады часта чынілі таму перашкоды, не выдаючы людзям адпаведныя дакументы. Таму ўжо аселыя ў Амерыцы гродзенцы нярэдка высылалі сваякам свае, ужо непатрэбныя дазволы, каб тыя па іх маглі таксама пакінуць Расійскую Імперыю. Хлопцы прызыўнога ўзросту пераходзілі мяжу з Нямеччынай нелегальна.

Бывалі дні, калі ў Гамбург прыбывалі па 700 чалавек, якія рыхтаваліся адплыць у Амерыку. Дзясяткі параходаў везлі тысячы людзей за акіян у няпэўную будучыню, але падарожжа ў смуродзе, без добрай вады і харчавання падавалася людзям апошняй пакутай. Так сапраўды і было, але толькі не з тымі, хто сабраўся ў вільготную ды поўную трапічных хваробаў Бразілію. І сёння ў джунглях гэтай далёкай краіны захавалася некалькі населеных пунктаў, дзе жывуць выхадцы “з Польшчы”. Адна з іх носіць назву Ягода ў гонар дачкі Пілсудскага.

Яшчэ адным месцам эміграцыі была Аргенціна. У гэтай краіне з прымальным для беларусаў кліматам можна было добра зарабіць на звычайных сельскагаспадарчых работах. Можна было працаваць грузчыкам у порце, а можна было паехаць касіць сена або пасвіць шматлікіх аргенцінскіх кароў.

Менавіта з Аргенціны досыць шматлікія беларусы вярталіся ўжо ў БССР у другой палове 1950-х гг. Напрыклад, паселеным у Гродне “аргенцінцам” давалі кватэры ў новабудах па вуліцы Дарвіна, праўда, усе яны праз пару гадоў ізноў вярнуліся ў Аргенціну.

Гродзенцы далі пачатак беларускаму нацынальнаму руху ў ЗША. Адным з першых свядомых беларусаў Амерыкі быў Сцяпан Бубешка з мястэчка Лунна, які рэгулярна выпісваў “Нашу Ніву” і прапагандаваў беларушчыну пачынаючы яшчэ з 1910-х гг. Памёр ён у 1928 г. маючы 54 гады і пахаваны ў горадзе Флашынг.

З ваколіц Гродна паходзілі знакавыя дзеячы міжваеннай беларускай эміграцыі Язэп Варонка, Янка Чарапук (абодва з ваколіц Саколкі), ксёндз Ян Тарасевіч са Шчучыншчыны.

Аднак большасць эмігрантаў не звязвала сябе з нейкай нацыянальнасцю. Пісаліся або рускімі (бо з Расійскай Імперыі) або палякамі (бо католікі). Перапісваліся са сваімі сваякамі, пакуль жылі іх браты і сёстры, спачатку ў Польшчы, а пасля ў Савецкай Беларусі. Пасля смерці тых, хто яшчэ бачыў і чуў адзін аднаго, дваюрадныя ўжо браты і сёстры абменьваліся яшчэ некалькімі лістамі – і перапіска перарывалася.

Яўрэйскім сваякам у Амерыку з Гродна пісаць ужо не было каму. Але, як напісалі Чарльз Энгоф і Меер Левін у кнізе “Уздым амерыканскай яўрэйскай літаратуры”, “цывілізацыя ніколі не памірае, яна толькі мяняе адрас. У першыя дзесяцігоддзі дваццатага стагоддзя цэнтры яўрэйскай цывілізацыі пераехалі ў Амерыку. Вільня пераехала ў Нью-Ёрк, Гродна ў Філадэльфію, а Мінск у Бостан”…

Scroll to top