Беларусь не марская дзяржава, таму мы рэдка ўзгадваем сваіх маракоў. Як беларусы траплялі на флот? Праз агульнавайскавы прызыў. Па меры неабходнасці менавіта з яго вылучаліся крэпкія і здаровыя хлопцы, якія да таго ж мелі пэўную тэхнічную адукацыю.

Пачатак:

Гродна ў руска-японскай вайне. Частка 1

Гродна ў руска-японскай вайне. Частка 2

Патрэба была, бо Расійскі імператарскі флот у пачатку ХХ ст. імкліва рос і патрабаваў усё больш маракоў. Прызваныя хлопцы ішлі згодна заказам флоцкіх экіпажаў служыць на сем гадоў. Асаблівыя марскія наборы закранулі Гродзенскую губерню ў 1900–1904 гг.

Прабіцца ў флоцкія афіцэры з нашых мясцін было вельмі складана, бо ў Марскі кадэцкі корпус (флоцкае ВНУ таго часу) прыймалі ў асноўным тых, хто ці жыў ля мора, ці меў дваранства, ці «па спадчыне» – каб працягваць сталую марскую дынастыю. Тым не менш, прыкладаў такіх людзей у нашым даследванні будзе прыведзена шмат.

Таксама 2-га красавіка 1904 г. выйшла распараджэнне па Расійскай імперыі аб тэрміновым прызыве на флот усіх запасных афіцэраў. Такім чынам, некалькі нашых землякоў, якія калісьці служылі ў ВМФ, а цяпер перайшлі на грамадзянскі флот (напрыклад, рачны) ці ўвогуле змянілі сферу занятасці, вымушаны былі ісці на вайну.


У баях за Порт-Артур


Перамога ў руска-японскай вайне цалкам залежыла толькі ад таго, хто з супраціўнікаў будзе кантраляваць марскі тэатр. Японцы маглі ажыццявіць пэўныя тэрытарыяльныя захопы толькі высадзіўшы вялікі дэсант і арганізаваўшы добрае забеспячэнне яго ўсім неабходным. Таму выключная роля ў стрыманні ворага выпала на долю Эскадры Ціхага акіяна (пазней яна будзе называцца Першай ціхаакіянскай эскадрай).

Вайна пачалася ў ноч на 27-га студзеня 1904 г. з атакі японскіх мінаносцаў на караблі рускай эскадры, якія стаялі на знешнім рэйдзе Порт-Артура. Спачатку былі ўзарваны тры караблі, і адразу няўдачы пачалі праследаваць рускіх.

 

Пагібель


Хутка былі страчаны крэйсер «Вараг» і кананерская лодка «Карэец». Усім вядома гісторыя іх боя супраць атрада японскіх крэйсераў 27-га студзеня 1904 г. Страты экіпажа склалі 13 забітых і 62 параненых. З-за няўдалай канструкцыі крэйсера на верхняй палубе тым ці іншым чынам пацярпела больш за 90% маракоў. Сярод іх забітымі значыліся і два беларусы (з Віцебскай і Магілёўскай губерняў). Сярод параненых таксама быў адзін беларус з віцебшчыны. У ліку герояў Чамульпа Гродна мае свайго прадстаўніка – мешчаніна Антона Дубоўскага. Ён быў матросам, у баі не пастрадаў, і разам з іншымі варажцамі ваправіўся ў Севастопаль, дзе прыняў удзел у ганаровым царскім аглядзе. Такім чынам, і беларусы ўнеслі сваю лепту ў подзвіг крэйсера.

Але вернемся ў Порт-Артур. У баях з японцамі на крэйсеры «Палада» загінуў матрос 1-й ступені Амвросій Фёдараў Селіванаў з Кобрынскага павета Гродзенскай губерні і ягоны зямляк машыніст 2-й ступені Сянкевіч з Бабруйскага павета Мінскай губерні.

29-га студзеня на сваіх жа мінах загінуў рускі мінны транспарт «Енісей». Яго паслалі загарадзіць порт Дальні, але ў час пастаноўкі мін адна з іх ненарокам усплыла. Камандзір пачаў манеўрыраваць каб яе расстраляць, і тут адбыўся выбух. Загінулі 95 чалавек. Дарэчы, вылавіць і пахаваць удалося толькі дзевяцярых. З ліку нашых суайчыннікаў не стала чатырох чалавек (двух – з Віцебскай, па аднаму з Мінскай і Магілёўскай губерняў). На выратаванне транспарта быў накіраваны крэйсер «Баярын». Яму не далі карты мінных пастановак і таму ён таксама загінуў. Беларусаў на ім не было.

26-га лютага ў баі з японскімі мінаносцамі загінуў мінаносец «Сцерагушчы». У Кранштадце ў гонар яго герояў паставілі помнік. Відавочна, ён датычыцца і качагара першай ступені Кобелева са Слуцкага павета Мінскай губерні, якому не пашанцавала ўратавацца.

 

Берагавая артылерыя


Апошнія надзеі Эскадры Ціхага акіяна былі звязаны з актыўнай дзейнасцю адмірала Сцяпана Осіпавіча Макарава. Пад ягоным кіраўніцтвам рускія ўжо амаль перахапілі ініцыятыву. Але наступіла 31 сакавіка. У гэты дзень загінуў мінаносец «Страшны». На ім, дарэчы, былі забіты камендор (гэта чалавек, які адказвае за навядзенне гарматы) Еўцыховіч з г. Мсціслаўля,  матросы Прыстаўкін з Магілёўскай губерні і Лемешоў з Віцебскай. На дапамогу «Страшнаму» пайшоў крэйсер «Баян», але яго адагнаў атрад японскіх крэйсераў. Макараў з эскадрай выйшаў з Порт-Артура ў пагоню за японцамі, убачыў на пэўнай адлегласці браняносцы праціўніка і павярнуў назад. У 10 гадзін 16 хвілін пад «Петрапаўлаўскам» адбыўся выбух і за дзве–тры хвіліны патануў, унёсшы жыцці амаль 700 маракам, знакамітаму мастаку Верашчагіну і самому Макараву.

Сярод тых, хто загінуў, быў старэйшы ўрач браняносца Андрэй Мікалаевіч Валковіч, ураджэнец Мінска.

Мічман Петр Цітавіч Ляпёшкін, вахцены афіцэр «Петрапаўлаўска», з’яўляўся пляменнікам адмірала Сенявіна. Усё ягонае дзяцінства і юнацтва прайшло ў Віцебску.

Яшчэ не стала дваіх выхадцаў з Гродзенскай губерні: камендора Шэршэневіча з Ваўкавыскага павета Баярскай воласці і матроса 2-й ступені Мікалая Максімовіча з Гродзенскага павета Бездзежскай воласці.

 

Рускі карабель


На шчасце, 76 чалавек удалося выратаваць. Сярод іх таксама былі беларусы. Міхей Іванавіч Кавальчук нарадзіўся 8-га жніўня 1878 г. у вёсцы Бельск Кобрынскага павета Гродзенскай губерні, скончыў Кобрынскае вучылішча і быў прызваны на флот. Пасля Рыжскага унтэр-афіцэрскага вучылішча ён у 1899 г. трапіў на ціхаакіянскую эскадру, на «Петрапаўлаўск». За мужнасць атрымаў Георгіеўскі крыж. Давялося яму паўдзельнічаць і ў Першай сусветнай вайне. Два разы Кавальчук трапляў у плен да немцаў і абодва разы ўцякаў. У Грамадзянскай вайне стаяў на баку «белых» і з 1924 г. жыў ва Францыі, а потым у Аўстрыі. Пасля заканчэння Другой сусветнай Кавальчук вярнуўся ў СССР. У 1946 г. Разанскі ваенны трыбунал прыгаварыў яго да 10 гадоў зняволення за «контррэвалюцыйную дзейнасць». У 1956 г. рэабілітаваны і да смерці (1961 г.) жыў у Львове.

Нажаль аб іншых шчасліўцах нам не ўдалося сабраць шмат дадзеных.

Матрос Кутнеўскі з Гродзенскай губерні выратаваўся, трымаючыся за адну дошку з матросам Нядоскіным з-пад Варонежа. Яны «дамовіліся між сабою аб роўным карыстанні сродка ратавання». Акрамя яго выратаваўся і матрос Ермашкевіч з Магілёўскай губерні.

Афіцэр з нашых мясцін быў і на браняносцы «Рэтвізан». Гэта Уладзімір Аляксандравіч Свіньін. Ён нарадзіўся ў Мінскай губерні. 

На тым жа «Рэтвізане» загінуў у адным з баёў матрос Міхаіл Ігнацьевіч Лядскі з Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні.

На браняносцы «Пабеда» служыў Аляксей Аркадзевіч Нішчынкоў, які нарадзіўся ў Гродзенскай губерні 19-га чэрвеня 1882 г., таксама, як і Свіньін у 1901 г. скончыў Марскі корпус, меў узнагароды за абарону Порт-Артура, а пасля вайны камандаваў падлодкамі «Платва», «Асётр», мінаносцам № 206, зноў падлодкай «Фельдмаршал граф Шарамецьеў» да чэрвеня 1908 г., калі яго звольнілі ў запас. Але ўжо праз тры месяцы Нішчынкоў вярнуўся і быў прыкамандзіраваны да Марскога генеральнага штаба. У час Першай сусветнай займаў пасаду памочніка флаг-капітана па аператыўнай частцы Штаба камандуючага флотам Чорнага мора. Быў узнагароджаны Георгіеўскай зброяй. Пасля Грамадзянскай вайны ў эміграцыі. Памёр у 1934 г. у Белградзе.

 

Рамонт


Тым часам актыўную дзейнасць разгарнуў Уладзівастоцкі атрад крэйсераў, аб якім так шмат пісаў пісьменнік В. Пікуль. Ягоныя чатыры (а пасля – тры, бо 1-га жніўня 1904 г. у баі загінуў славуты крэйсер «Рурык») крэйсера добра патурбавалі японцаў. У баі 1-га жніўня 1904 г. на крэйсеры «Грамабой» былі забіты: з Віцебскай губерні – барабаншчык Архіноўскі і матрос 1-й ступені Кузьменка, з Мінскай – матрос 2-й ступені Новікаў, а з Гродзенскай – Леў Фёдараў Лаўрэнчык з в. Сянкевічы Слонімскага павета. На крэйсеры «Расія» загінуў матрос 2-й ступені Адольф Іваноў Гадлеўскі – мяшчанін г. Васількова Гродзенскай губерні. Крэйсер «Рурык» бою не вытрымаў і патануў, унёсшы жыцці камендора Макарэвіча Паўла Якаўлева з Брэсцкага павета Меднянскай воласці і матроса 1-й ступені Паўлійчука Палікарпа Іванава з Кобрынскага павета Звігароўскай воласці.

6-га чэрвеня 1904 г. у афiцыйным аддзеле «Гродзенскiх епархiяльных ведамасцей» з’явiлася падзяка селянiну вёскi Пыры Азёрскай воласцi Iллю Чаплюку, якi ахвяраваў у Азёрскую царкву 100 рублёў на набыццё абразу Ўспення Маці Божай. Справа ў тым, што Чаплюк у гэты час знаходзiўся на крэйсеры «Грамабой» ва Уладзiвастоку. Вельмi цiкава было б сёння знайсцi iнфармацыю наконт лёсу царквы i абраза.

 

Крэйсеры


У той жа самай газеце – у нумары за 26-га чэрвеня 1905 г. ёсць падзяка прапаршчыку флота Дзмітрыю Іосіфавічу Главінскаму, удзельніку абароны Порт-Артура, таксама за ахвяраванні. Увогуле, па меры наступлення японцаў, усё больш і больш маракоў адпраўляліся на сухапутны фронт. Шмат іх там палягло. Загінула і некалькі гродзенцаў.

У канцы снежаня Першая ціхаакіянская эскадра была знішчана, Порт-Артур здадзены, некалькі тысяч салдат, матросаў і афіцэраў трапілі ў палон. Толькі ў 1906 г. яны здолелі вярнуцца дамой. Вядома, і гродзенцы прыехалі на радзіму. Але, на жаль, не ўсе. Так, камендор крэйсера «Баян» Рыгор Кульніц з Слонімскага павета памёр у плену ад раненняў і хвароб.

Усё сваё жыццё беларусы распавядалі дзецям і ўнукам аб цяжкасцях асады.

Сцяпан Стурэйка. З кнігі "Беларускія губерні ў руска-японскай вайне 1904-1905 гг."

 

Японскі адмірал

Рускі адмірал

Працяг тут: Гродзенцы ў марскіх бітвах руска-японскай вайны. Частка 2

Гродзенцы ў сухапутных бітвах руска-японскай вайны

Scroll to top